Анатоль Вялюгін

Хараство жыцця і слова

 

 

І моўчкі мы гарэлі самі

Вялікай радасцю зямлі,

І над шчаслівымі над намі

Аблокі вечнасці ішлі.

Пятро Глебка

 

Часам на самоце, бывае, пачую ягоны голас, спакойны, напеўны — так шчыра і выразна лепіцца, акругляючыся, кожнае слова:

 

У нас было шмат

для гаворкі прычын:

Над садам вясна

рассыпала пялёсткі,

Чарэмшынай пахкай

цвіла далячынь,

Заходзіла сонца

ў ружовых усплёсках.

 

Быццам толькі табе, седзячы побач, чытае паэт, а голас — дзіва дзіўнае! — даходзіць здалёк, аж з даваеннага часу, калі гучаў ён з трыбуны ў актавай зале педінстытута. Мы тады захапляліся вясёлай, адкрыта-сардэчнай Глебкавай кніжкай «Чатыры вятры».

Яшчэ адна згадка з нагоды, што паэзія не памірае. Верш «Канкордыя» — вынік дыпламатычнай місіі за мяжой. Выдатны, быццам нядаўна напісаны, верш пра сённяшні неспакойны, трывожны свет, калі лямантна каркаюць з Белага дома, віхтаючыся, як цыркачы на каркаломным канаце: у адной руцэ евангелле, у другой — тэрмаядзерная свечка.

У гэтым вершы глыбокая чалавечнасць і вельмі ж шчымлівая разнасцежанасць душы. Ноч у Парыжы. Канкордыя — маўклівая плошча. «Стаю і думаю, чаму ж на свеце, калі ўсе бесклапотна гэтак спяць, не спяць малыя дзеці?» Паэт чуе плач дзяцей. Адкуль? З далёкага В’етнама? Ці з Лаоса?

 

Укрый мяне

ад смерці і бяды,

Укрый ад страху, мама...

 

Душа дзіцяці — душа прарока — трывожыцца, што недзе ходзіць страшная вайна, і ходзіць непадалёк.

 

Канкордыя!

Багіня добрых спраў!

Багіня згоды

старажытных рымлян,

Чаму ж маўчыш?

Чаго чакаеш ты?

Пакуль вайна бліжэй не грымне?

 

Ён заўсёды быў такі — адкрыты, спагадлівы, чулы. Да вайны, помню, сустрэліся на сцежцы ў блакітным лёне. Адзін на адзін сустрэліся ўпершыню, сышоўшы з цягніка на станцыі Бабёр. Я адразу пазнаў яго, павітаўся.

— А куды вы, даруйце...

— У камандзіроўку. Нарыс буду пісаць.

— І я па нарыс. Для «Звязды».

— Ну, тады адна дарожанька.

Габардзінавы макінтош. Светлы фетравы капялюш. Лёгкая хада. Уважлівасць і далікатнасць.

Мы спыніліся на мосце каля млына. Белачубыя, апаленыя сонцам хлопчыкі вудзілі рыбу. Пятро Фёдаравіч уздыхнуў і, калі падаліся далей, загаварыў пра рэчку свайго маленства. Завецца яна Усой, кіламетраў праз дваццаць — трыццаць ад вёскі ўпадае ў Нёман — зімою коўзаліся на лядзянках, вясною глядзелі, як гоняць плыты, а летам купаліся і рыбачылі.

— На жаль, вольнага часу ў тыя гады было небагата. Ужо з самых малых гадоў станавіліся пастушкамі, затым баранавалокамі, а потым аратымі і касцамі. Гэты шлях прайшоў і я...

Як ляціш ты, няўмольны, непадуладны час! У пяцьдзесят пятым святкавалася пяцідзесяцігоддзе Пятра Глебкі. У тэатры імя Янкі Купалы я чытаў даклад. Пасля ўрачыстага вечара Якуб Колас паціснуў руку, хітра пазіраючы на юбіляра:

— А прамоўца, трэба сказаць, хват. Хапіў такія цытаты, што куды ні глянеш, дык Глебка класік,— патрыярх на хвіліну задумаўся, шукаючы ў глыбіні душы патрэбныя словы.— Прастата, свежасць, шчырасць — лепшыя якасці твайго таленту, Петрусёк. Сапраўднае хваляванне не патрабуе ўпрыгожвання, яно ідзе ад душы, і ў гэтым сіла паэзіі...

Паэзія, як і кожнае мастацтва, павінна караніцца ў народных нетрах. У Пятра Глебкі на пачатку шляху — і праца ў полі, і перапіска з арміяй ад імя добрай палавіны вёскі (паводле старога пісьмоўніка), і «дарэктарства» ў першай камуне — вучыў грамаце парабчанскіх дзяцей, а потым сакратарства ў сельсавеце. «Яшчэ ў 1918 годзе я запісаў ад нашага вясковага настаўніка некалькі беларускіх вершаў, сярод якіх, як пасля высветлілася, было і пару вершаў Я. Купалы. Затым мне трапіліся «Песні-жальбы» і зборнік апавяданняў (здаецца, «Родныя з’явы») Я. Коласа і «Шляхам жыцця» Я. Купалы. Спачатку я быў здзіўлены тым, што, аказваецца, кнігі пішуць і на той мове, на якой гавораць у нас у вёсцы, а затым быў ашаломлены хараством і блізкімі, роднымі мне вобразамі гэтых кніг. Я чытаў іх па некалькі разоў — чытаў сам сабе, чытаў сваім дамашнім, чытаў суседзям...»

У 1927 годзе, калі Пятро Глебка вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, была выдадзена яго першая кніжка «Шыпшына». У ёй сабраны юнацкія вершы пра вёску, камсамол, «правады ў саломе». Гэта зборнік лірыкі. Багата ў ім твораў пра ціхія засмужаныя лясы, палеткі, прысады, дзе юнак збірае ў «пасаг Беларусі залатую над клёнамі россып». Праз квяцістыя, часам сузіральныя радкі прабіваўся жывы голас, сведчачы пра тое, што малады паэт задумваўся наконт кірунку творчага шляху і правільна вызначаў гэты шлях. Помніцца верш пра яблыню, якая вясной, наліваючыся крамяным сокам, строіцца ў зялёныя шаты:

 

А не збярэ яна апалых лісцяў,

Не зацвіце ў старых пялёстках зноў,

Бо толькі зоры — тыя, што й калісьці,

Ды неба сінь з дымкамі аблакоў.

 

Як маладзік, навокал гляну вокам —

Я разгадаць наступны дзень прыйшоў:

Гадае той аб прышласці далёкай,

Хто верыць у сучаснае душой.

 

Паэт жыў жаданнем сустрэць новую радасць, бо «быльняговыя межы агорклі», прагнуў пабачыць зямлю без палосак і межаў. Народныя песняры, майстры мастацкага слова спагадна, уважліва ставіліся да выхавання маладой змены. Цікавы адзін прыпамін Пятра Глебкі аб адной яго размове з Янкам Купалам. Ён падзяліўся з Іванам Дамінікавічам сваімі ўражаннямі ад толькі што прачытаных паэм у прозе С. Пшыбышэўскага. Купала параіў яму чытаць не паэмы, а прозу або драмы Пшыбышэўскага, згадаўшы словы Пляханава пра сімвалістаў: «Сімвалізм — гэта нешта накшталт пасведчання аб беднасці». Затым народны паэт, разважаючы аб рамантызме, разгарнуў том Бялінскага: «Рамантызм, без жывой повязі і жывога дачынення да іншых праяў жыцця, ёсць найвялікшая аднабаковасць» — і яшчэ дадаў: галоўнае — сувязь з жыццём...

Актыўны, дзейсны ўдзел у жыцці жывіў паэзію Глебкі ў віхурныя гады разгорнутага сацыялістычнага будаўніцтва і ўсталявання калгаснага ладу. Пашырэлі далягляды паэзіі, акрылялася, набывала гарт слова, прасякнутае грамадзянскім пафасам:

 

І скрозь —

На ўсіх пясках пустыні,

На стромах рэк,

На скалах гор —

Паўсталі крэпасці ў краіне:

Турксіб,

Кузнецк,

Магнітагорск.

І гэтай велічы не зрушыць

Ні вораг злы,

Ні люты час:

Мы палажылі ў сцены дужасць,

Якой валодае наш клас.

 

Уладзімір Маякоўскі ніколі не лічыў сябе мэтрам, «жывым класікам», нястомна працаваў, вершамі адказваў на ўсе надзённыя пытанні. Ён без аглядкі на веліч сваёй работы зрабіў такія вылічэнні: «У мяне з дзесяці вершаў — пяць добрых, тры сярэднія і два дрэнныя. У Блока з дзесяці вершаў — восем дрэнных і два добрыя, але такіх добрых мне, мусіць, не напісаць». Значыць, не кожны верш, хоць і былі душэўная патрэба і грамадзянская неабходнасць напісаць яго, можа выжыць, бывае, можа памерці, забыцца. Але, калі паэт, паставіўшы вялікую задачу, вырашыў яе сродкамі сапраўднай паэзіі — твор застаецца ў ягоным актыве.

У трыццаць трэцім Пятро Глебка напісаў «Пачатак вясны». У вершы пададзены малюнак прадвесня ў старой вёсцы. Знойдзены такія жывыя фарбы, што хіба спаткаеш у жывапісцаў-перасоўнікаў.

 

Вясна прыходзіла звычайна:

На берагі глухіх нізін

Сачыліся з узгоркаў тайна

Крывыя вены ручаін.

 

Пасля з грымотамі і звонам

Вада шчапала крохкі лёд;

Складалі кайстры плытагоны

І шыхаваліся ў паход.

 

Тады ішоў за сонцам сівер

Быльнёг праветрыць на мяжы;

Са стрэх,

Бядою даўняй сівых,

Плылі да долу капяжы.

 

Галодныя каровы гвалтам

Будзілі вусціш веснавы,

Ламалі дзверы на кавалкі

І ў поле йшлі шукаць травы.

 

Чародамі хадзілі дзеці

Бацькоў сваіх заўважыць след,

Што дзесьці там,

На белым свеце,

Рупліва здабывалі хлеб.

 

1928—1933 — гады напружанай працы, набору вышыні. За гэты час Пятро Глебка надрукаваў дванаццаць паэм: «Матчыны казкі», «У дарогу», «Трывожны сігнал», «Хада падзей», «Арка над акіянам», «Арлянка», «Эма», «Ноч у вайсковых лагерах», «Дваццаты год», «Апошняя стрэча», «Карменсіта», «Кара». Апрача паэм выдадзены зборнік вершаў «Урачыстыя дні» і кніга нарысаў «Ураджай», напісаная сумесна з Петрусём Броўкам.

 

А мае маладыя равеснікі —

Я пазнаў —

Не скупыя на сэрцы,

І яны завалодаюць песнямі,

Недаступнымі нават і смерці,—

 

прызнаўся паэт у паэме «Карменсіта».

У творах Глебкі загучала тэма мужнасці народа. «Трывожны сігнал», «Ноч у вайсковых лагерах», «Дваццаты год», «Арлянка» — песні пра герояў грамадзянскай вайны. Паэма «Кара» прысвечана памяці члена ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі таварыша Рэдыка. Камісары і чырвонаармейцы, вязні Лукішак, пагранічнікі і чэкісты паўстаюць перад намі як жывыя з усхваляваных, імклівых і суровых, як той час, радкоў, сагрэтых подыхам вясны і рэвалюцыі.

 

Дзе ж тут занізі

вашай рамантыкі кволай,

Дзе ж тут ваш,

маладая,

шалёны алюр?!

Мы на нервах сваіх

перавешалі сволач,

У каторай забралі

ваду і зямлю.

І здабыткі свае

баранілі не крыкам:

Калі куль не было

і клінок быў тупы —

Пад варожымі кулямі

клаліся крыжам,

А ніхто не хацеў

і не мог адступіць.

 

Яскрава бачны традыцыі Маякоўскага, калі чытаеш даваенныя творы Глебкі, асабліва паэмы «У тыя дні» і «Мужнасць». Яны з’яўляюцца першай і трэцяй часткамі задуманай трылогіі. Адна з іх прысвечана векапомным дням Кастрычніцкай рэвалюцыі, другая — памяці Леніна. Усім вядомыя цудоўныя паэтычныя помнікі эпохі — «Уладзімір Ільіч Ленін» і «Добра!». Пятро Глебка напісаў свае рэчы пазней за Маякоўскага, але, не паўтараючы вялікага папярэдніка, знайшоў цікавыя паэтычныя сродкі для вырашэння гэтых грандыёзных тэм. «Патрэбен незвычайны талент, смелая думка, непадробленае пачуццё, каб справіцца з такой адказнай і складанай задачай,— адзначаў Якуб Колас.— З-пад яго пяра выйшлі натхнёныя карціны, якія будуць доўга жыць у мастацтве».

Разнастайнасць, гібкасць рытму, дакладнасць і свежасць рыфмы, шырыня ахопу падзей — усім гэтым вызначаецца паэма пра тыя дні, калі «мы вельмі мала мелі: вінтоўку, шаблю, кулямёт ды шэрыя шынелі». Суровая аповесць аб рэвалюцыйным народзе, правадырах рэвалюцыі, славе Кастрычніка.

У другой частцы паэмы «Мужнасць» паэт звяртаецца да мужнасці класа, каб яна дала яму слова наймоцнага гарту:

 

Падымі мяне,

Мужнасць класа,

Над галовамі паўшых ніц,

Правядзі над імклівым часам,

Над палётам планет і зарніц.

 

Драматычная паэма «Над Бярозай-ракой» — рэч зусім іншага ладу паводле свайго жанру. Гераічная драма. Герой яе — народ, што ўзняўся на барацьбу з акупантамі. Яскравыя ў драме народныя характары, з любасцю вылеплены вобраз вернага ленінца Сярго Арджанікідзе. Чытач і глядач захапляліся багаццем мовы, добрым глебкаўскім вершам. Да месца будзе, калі ўспомнім, як у час вайны ў пісьмах з партызанскага краю трапляўся перапісаны маналог Таццяны Марыч:

 

Вось і адзінокая... Дзе ж вы, хлопцы, дзе?

Труднымі дарогамі доля вас вядзе.

З кім я прывітаюся, як не будзе вас?

Дзе я з вамі стрэнуся ў гэты цяжкі час?

 

Ані смеху ветлага, ані ветлых слоў

Я ад вас увечары не пачую зноў.

Ціхая, самотная буду скрозь блукаць,

Пра майго каханага стану ўспамінаць.

 

Перад вайной Пятро Глебка напісаў верш «Прысяга». Прысяга воіна і паэта. Здарылася так, што пераклад верша на рускую мову змясціла газета «Красноармейская правда» ў першы дзень вайны. У тым навальнічным чэрвені гэта быў першы ваенны твор у савецкай паэзіі.

 

І я сваю прысягу

Ніколі не парушу:

Калі і мёртвы лягу —

Прыкрыю целам сушу.

 

У час Вялікай Айчыннай паэт працаваў спачатку на Заходнім фронце ў рэдакцыі газеты «За Савецкую Беларусь», затым на Калінінскім фронце ў рэдакцыі «За свабодную Беларусь». Рэдакцыйны калектыў узначальваў Ілья Гурскі. У склад яго ўваходзілі Пімен Панчанка і Алесь Кучар. «Я лічу, што франтавыя вершы Пятра Глебкі — адна з ярчэйшых старонак яго творчасці,— згадвае Пімен Панчанка.— Зрэдку выпадала зацішная гадзіна. Тады мы з Пятром ішлі ў бліжэйшы лясок, ляжалі на траве і ўспаміналі родную зямлю, перабіралі імёны знаёмых людзей, назвы гарадоў і вёсак, дзе мы бывалі, назвы траў, кветак, птушак. Аднойчы мы напапісвалі на кавалачках паперы словы «кнігаўка», «зязюля», «салавей», «дрозд», «журавель» і іншыя. Скінулі ўсё ў пілотку і дамовіліся: якую хто птушку выцягне — пра тое і верш напіша. Неадкладна, на лясной палянцы. Пятру дастаўся салавей, мне — зязюля. Так з’явіліся вершы «Аб чым спяваюць салаўі...» і «Ты скажы мне, зязюля...»

Анталагічным стаўся і верш «Сны хлапчука» — пра нейкую прыфрантавую станцыю, дзе ўсе чакалі цягніка і дзе ў шэрай зале, «як нізкарослы васілёк сярод высокага калосся», хлопчык- бесхацінец загубіўся.

Добры верш, як і музыку, не перакажаш. От пешшу з-пад самай Гродні, з варожага тылу, прабіраецца ў Маскву партызанскі пасланец, затомлены і галодны.

 

І толькі выйшаўшы з няволі,

З сябрамі сеўшы за сталом,

Успомніць хлеб, што на вуголлі

Пячэцца з кменам і дымком.

 

І так, як след па-беларуску

Прынесці ў хату лепшы дар,

Ён выме з кайстры на закуску

Скарынку чэрствую — сухар.

 

Разломіць ён яе як трэба

І скажа: — Покуль не пілі,

Закусім, хлопцы, родным хлебам

З далёкай бацькаўскай зямлі.

 

І — божа мой! — якім духмяным

Павее водарам яна!

Адразу кожны стане п’яным,

Але не з горкага віна.

 

Ён будзе п’яны з успамінаў

Аб пашай роднай старане,

Аб той калысцы і краіне,

Дзе маці песціла мяне,

 

Дзе кожны вечар ля зямлянкі

Сумуюць нашы землякі,

Дзе маладыя партызанкі

Пякуць і сушаць праснакі.

 

Амаль поўнасцю «Родны хлеб» прыводзіцца не дзеля таго, каб яшчэ раз пазнаёміць усіх з выдатным вершам — твор і так ведаюць, вучаць у школе. «Родны хлеб» — не толькі ўдача паэта, гэта поспех паэзіі. І ў ім, мне здаецца,— ключ да разумення глебкаўскай лірыкі. Жыццёвы факт, асэнсаваны і ўзважаны на сэрцы, добрае разуменне асаблівасцей нацыянальнай формы — вось аснова лірыкі Пятра Глебкі.

Ёсць у паэта верш пра трактарыстку, і мы яго адразу пазнаём між сотні іншых вершаў на гэтую тэму, бо ў Глебкі трактарыстка — жывая (чытаючы, здаецца, блізкая табе) дзяўчына, у якой «нават ямачкі на шчоках поўны радаснага смеху». І калі яна, вяртаючыся дахаты, узбягае на ганак, без яе «ранак праменісты адразу смутнее».

Паэт прайшоў няпросты шлях, удасканальваючы майстэрства, гартуючы сваё слова. У гэтым сэнсе паказальны верш «Радасць», верш, на першы погляд, пейзажны, лісток асенняй лірыкі. Мы ведаем першую кнігу «Шыпшына», помнім: «збіраю ў пасаг Беларусі залатую пад клёнамі россып». Але як жа розняцца гэтыя вершы! Там, у «Шыпшыне»,— умоўнасць, сузіральнасць, тут — жыццё, роздум, сталасць думкі.

 

Канчаўся дзень

Над зжатай нівай

Ішлі ключамі журавы.

Ты іх праводзіла маўклівым

Узмахам русай галавы.

 

На момант у вачах самотных

Успалыхнуў асенні сум,

І лёгкі ветрык бестурботна

Развіў завітую касу.

 

Асенні сум? Не. Гэта гаспадар арцельнага поля, гаспадар зямлі, паканаўшы цяжкую працу, задумаўся над сэнсам жыцця. Гэта мудрая стома, радасць і прага новай работы.

 

Ад ярыны трашчалі гумны,

Раслі высокія стагі,

І малатарні хорам шумным

Будзілі рэчак берагі.

 

Там ціхія рачныя тоні

Гулі ад рыб, як вір круты,

Там спелі познія антоны,

Гарэлі сонцам залатым.

 

І моўчкі мы гарэлі самі

Вялікай радасцю зямлі.

І над шчаслівымі над намі

Аблокі вечнасці ішлі.

 

Вядомы паэт, акадэмік, знаны вучоны-лінгвіст, Пятро Глебка быў жыццялюбам, харошым чалавекам, верным таварышам. З ім лёгка і мудра чулася і ў далёкай камандзіроўцы, і дома ў застоллі, у грыбах ці на рыбалцы — была пара, калі ён нават у Стайках на Свіслачы падсякаў ладнага шчупачка.

У кнізе «Пясняр мужнасці» мяне ўразіў прыпамін Івана Кудраўцава: «Мая дысертацыя была закончана, галоўны апанент — акадэмік Акадэміі навук БССР П. Ф. Глебка. Высветліўся час абароны, а мой галоўны апанент — у санаторыі. Газета надрукавала аб'яву пра абарону. Давялося пахвалявацца. Вернецца галоўны апанент праз два тыдні пасля прызначанага тэрміну, значыць — у чарговую абарону трапіш праз год, а то і праз два. Выбару не было: набіраюся нахабства, канвертую дысертацыю, прыкладаю выразку са «Звязды» з аб’явай і пасылаю ў Кіславодск. Выбухам — тэлеграма: «Прыязджаю». Ён не дабыў палову курса лячэння, чытаў у цягніку дысертацыю, дома скончыў, напісаў водгук і вечарам выступіў на абароне».

І я помню — неяк выступалі ў Горацкай акадэміі. Пасля літаратурнага вечара запрасіў да сябе рэктар Шэмпель Віктар Іванавіч. За сталом прагаманілі да раніцы. Толькі сабраліся паспаць, а па Глебку прыехалі з калгаса — у яго яшчэ была лектарская пуцёўка ЦК КПБ. Пятру Фёдаравічу давялося сесці ў санкі (машынай не праехаць — цэлую ноч мяло) і падацца ў няблізкую дарогу. Вярнуўся такі ж бадзёры, пагодна ўсмешлівы — даклад, кажа, удаўся, мне ж, хлопцы, толькі вуські растуліць...

Што праўда — то праўда, з ходу мог рассцілаць дываны красамоўства.

У сёмым нумары часопіса «Полымя» за 1980 год апублікаваны яго верш з незакончанай кнігі «Дасэні». У адным з іх паэт разважае аб грунце, на якім вырастае і трымаецца Яе Вялікасць Паэзія:

 

Усёй паэзіі аснова —

Пульс няўрымслівы радка і пачуцця,

Не хараство нямога слова,

А хараство твайго жыцця.

 

Хораша выглядала яго жыццё. Хораша гучыць пявучае слова Пятра Глебкі.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com