epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Вольны

Два

повесьць

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32


 

 

 

У. ІГНАТОЎСКАМУ

 

1

Чуткі, легэнды, нават байкі, якімі сяляне славілі яго імя, даляталі і да нас. Усе мы чулі аб маладым вядомым партызане, рабіўшым сапраўды казачна-сьмелыя напады па палякоў. У кожнай вёсцы толькі й гутарак было, што аб ім.

Адзеты ён быў у зрэбную белую кашулю, падпяразаную саматканым паяском, у салдацкія зялёныя і шмат залатаныя нагавіцы на ваце, у белым саламяным капялюшы і ў лапцёх.

Ужо вечарэла, калі ён падышоў да камандзіра палка і са строгім выглядам сказаў:

— Дайце мне адну гармату і чалавек дзесяць чырвонаармейцаў. 3 імі я разаб'ю польскую заставу пры Дняпры.

Камандзір палка, Пятроў, з рабочых, малады чырвоназнамёнец, падазрона аглядзеў яго і праз вусы ціха ўсьміхнуўся.

Незнаёмец, мусіць, заўважыў гэта, бо зараз-жа выняў нейкія замусьляныя паперы, разгарнуў іх і паказаў камандзіру.

Ніхто, апроч камандзіра, ня ведаў, што было напісана ў гэтых паперах. але, як толькі Пятроў іх прачытаў, адразу-ж загадаў выканаць просьбу незнаёмца.

Хутка, шушукаючай маланкай, перарэзала лягер вестка: сярод нас вядомы Муха — малады паўстанец, і граза паноў, вызваліцель сялянства.

Гурткамі пазьбіраліся чырвонаармейцы, бо ўсе жадалі пабачыць гэтага маладога селяніна-віцязя, аб якім так шмат па вёсках хадзіла апавяданьняў.

Раніцаю, калі неба во толькі ўбралася ў сінюю хустку, і неабдымныя сасоньнікі толькі-толькі яшчэ спрасоньня пачыналі церабіць свае лахматыя галовы, невялічкі атрад адкалоўся ад палка і хутка за курганамі зьнік.

Сонца пачало ўжо на поўначы пырскаць чырвонымі кроплямі крыві і сьцякаць у дняпроўскія воды, а ніякіх вестак ад пашоўшых ня было.

Непакоіліся хлопцы. Непакоіўся і камандзір. Бо вядома было ўсім, што цяжкае не паводлуг сіл заданьне ўзяў на сябе малады паўстанец.

Кожныя дзесяць хвілін выходзіў камандзір за вёску і глядзеў у бінокль.

Але-ж дарэмна. Аж да самага таго месца, дзе неба сіняю коўдрай захіліла зямлю, нікога ня было відаць.

2

Праз курганы, праз раўчакі і лясы прабіраўся невялічкі атрад. Наперадзе на кані без сядла ехаў хлопец у саламяным капялюшы. Дзіка неяк выглядаў на лясной сьцежцы гэты атрад. Адна гармата, дванаццаць чырвонаармейцаў і трынаццаты камандзір, нават самы малодшы ад усіх і горш за ўсіх адзеты.

Але нічога, што малады: ён пільна глядзеў наперад і на кожнай рытвінцы спыняўся і сачыў за тым, як калёсы перавозілі гармату.

Падзьмухала ўжо сьвежым дняпроўскім ветрыкам, калі малалы камандзір кінуў слова:

— Хто ў вас наводчык?..

З атраду чырвонаармейцаў вызначылася фігура і пад'ехала к хлопцу ў капялюшы.

— Ці можаце вы на чатырыста крокаў зьбіць гармату ворага? — запытаўся незнаёмец.

— Магу, — проста адказаў наводчык.

Назнаёмец абярнуўся, глянуў з нявыразным каханьнем на сваю гармату і запытаўся:

— Як яна завецца?

— Хуткастрэльная. Палявая. 3-ох дзюймовая, 1902-га году, — павайсковаму коратка адказаў наводчык.

— Колькі людзей патрэбна пакінуць вам пры гармаце?

— З двума ўпраўлюся...

Атрад ішоў далей, затулены шырокімі плячыма лесу. Уехалі ў лагчыну.

— Стой! — загадаў ехаўшы на чале атраду. — Наводчык і яшчэ двое — за мною! А вы, хлопцы, крыху пачакайце!

І чэцьвера зьвярнулі па нейкай лясной сьцежцы, на якой упэўнена вёў незнаёмец, і пачалі спускацца ўніз. Было відаць, што гэта ўжо прыдняпроўскі спуск к берагу.

— Цяпер — ціха! Ні слова! — шопатам скамандаваў правадыр.

— Наводчык, на дрэва! Хлопцы, умацуйце гармату! Толькі, прашу, бяз шуму!

— Ну, што? бачыш польскую заставу? — запытаўся незнаёмец.

— Дык яна-ж тут, як рукой падаць! Як на далоні, — адказаў наводчык.

— Зьбі яе. Адразу. Казаў, што можаш! Замацуй гармату. Добра навядзі і не раней, як праз гадзіну — агонь!

І сказаўшы гэта, незнаёмец зьнік.

А праз некалькі хвілін ён ужо быў сярод чакаўшых яго чырвонаармейцаў.

— Хлопцы, за мною! — загадаў малады паўстанец, — к Дняпру!

Ціха-ціха прабіраўся атрад сярод лесу. Нават бяздомны валацуга, вецер, якому ўсё роўна ня было чаго траціць, і той змоўк. Лес нахіліўся над Дняпром — задумаўся. Мусіць і яму ахвота з чырвонаармейцамі — на паноў. Ды дзе-ж сасоньнікам крануцца!

Прырасьлі аднэю нагою к зямлі і — ні з месца!

Задумаўся лес. Нахіліўся... А Дняпро бурчыць сінімі хвалямі. Яму весела... Бяжыць сабе ўніз па плыні, цалуецца з берагамі, усё бачыць ды й пазмагацца можа. Толькі здарыўся-б такі выпадак, а ўжо ён пана на дно пацягне...

— Зараз выйдзем да маста. За ім польская застава. Як толькі гармата саб'е кулямёты з таго боку — за мной. І каб ніводнага жывым ня выпусьціць!!! — скамандаваў паўстанец.

I толькі, калі ноч чорнаю вятровай шальлю нахілілася над вёскай, здалёку пачулася лязганьне капыт.

А яшчэ праз пару хвілін на ўсьпененым кані да хаткі камандзіра палка прыляцеў нехта вярхом.

Крыху парадзіўшыся з ім, камандзір аддаў загад — выступаць.

Ноччу бяз шуму, нават бяз сьпеваў, полк крануўся ў паход.

Вышлі колёнаю, а потым расьцягнуліся на поўвярсты, нібы вялікі хвалюючы па ветру штандар.

Вакол камандзіра ўзводу — любімца чырвонаармейцаў, уральскага казака Ільлюшкі — згрудзілася шмат вайсковага маладнака.

— Ну, дык як-жа далей будзе? Як мы праз Дняпро пераправімся? пыталіся хлопцы.

— Выганем палякоў, а самі за імі так і пярэйдзем, — адказваў Ільлюшка.

— А калі на тым баку яны напусьцяць на нас кавалерыю? Што тады? — не адставалі, нібы чмялі, хлопцы ад Ільлюшкі.

— Кавалерыя для пяхоты — глупства, — адказаў Ільлюшка і для большай сілы плюнуў. — Толькі не паддавайцеся страху, бо на конях усё роўна дагоняць, — вучыў стары казак.

— А дзе наш атрад? — пыталіся далей хлопцы.

Але на гэта нават і Ільлюшка нічога ня мог адказаць.

Пачало ўжо сьвітаць, калі першыя шэрагі астанавіліся, і параскіданая колёна шчыльней выстраілася.

— У цэп! — скамандаваў камандзір, і хутка па абодвых бакох шляху распусьціла сваё крыльле чырвоная раць.

— Кладзіся, — пранеслася па цэпу.

Адначасова конная разьведка панеслася наперад.

Разьведка хутка вярнулася.

— На тым баку Дняпра замест польскай заставы мільгаціць чырвоны штандар, — адрапартавала разьведка.

Калі-ж на тым беразе Дняпра полк сустрэўся з атрадам, заняўшым заставу, сярод атраду незнаёмца ня было.

Сяброў з заставы кольцамі паабступілі чырвонаармейцы і распытвалі ў іх, як яны выбілі адгэтуль палякоў.

— Зашлі гэта мы ім у тыл, — апавядаў таварышам адзін з комсамольцаў, — а гармату пакінулі на тым баку. Заляглі гэта мы паўздоўж шляху і чакаем. Раптам чуем "кашлянула" наша "старушка". А ўсьлед за ёй бачым бягуць на конях паны. Ну, мы пачакалі, пакуль яны бліжэй пад'едуць, ды як тарарахнулі, дык, браткі, каб вы бачылі, што тут было! Хто кубарам скінуўся, хто ўбок, а афіцэр іх кінуў каня ды ўцякаць!!..

— Пачакай, пачакай, — спынялі яго хлопцы, — дзе-ж той малады хлопец у лапцёх, што быў вашым правадыром?

— Сьціхнеце, усё раскажу. Ну, дык вось, як убачыў наш гэты малады камандзір, што афіцэр уцякае ды як кінецца за ім, ажно дым закурыўся. Пабег, а з гарачкі вінтоўку тут сярод нас кінуў. Бяжыць гэта ён, падняў кій ды й крычыць: "Стой! Ні з месца, бо заб‘ю!" — Ну, афіцэр і стаў. Камандзір падбег да яго і выхваціў з кобуры афіцэра рэвольвэр.

— Ну, а сам камандзір куды дзеўся? — непакоіліся армейцы.

Адразу было відаць, што малады незнаёмец усім дужа спадабаўся.

— Ды пачакайце!.. Дайце-ж сказаць.. — прасіўся комсамолец і апавядаў далей, — Ну, а потым прывёў ён афіцэра і прымусіў яго разьдзецца. Саўсім разьдзецца. Потым сам скінуў сваю адзежу, адзеў яе на сябе, а сваю — яму аддаў. Пасьля гэтага саўсім другім хлопцам стаў. Малады такі ды прыгожы. Ну, саўсім не пазнаць. "Перадайце, кажа, прывітаньне камандзіру. А я вось у гэтай вопратцы ды з паперамі вось гэтага пана пайду пагуляю крыху на польскай арміі. Мусіць, кажа, хутка зноў угледзімся..." сказаў гэтак ён, сеў на каня і толькі мы яго й бачылі!!.

<picture>

— А дзе гэты палонны афіцэр? — пыталася грамада.

— Ды вунь, стаіць каля камандзіра.

— Мусіць ён дапрос з яго здымае...

3

Поўнач. Змораны цяжкім пераходам уздрамнуў штаб. Сьпяць адзетыя, усякую хвіліну гатовыя к бою. У вясковай хатцы сьпіць палонны польскі афіцэр. Каля яго вартаўнік чырвонаармеец, змораны, як і ўсе. Соннымі вачыма глядзіць чырвонаармеец на палоннага. А ў галаве думкі цяжкія, цяжкія, нібы сьвінцом наліліся. Хочацца спаць... Зьліпаюцца вочы. Уздрамне крыху чырвонаармеец і зноў усхопіцца. Адчыніць вочы, не... усё спакойна. Палонны сьпіць. Засыпае і чырвонаармеец.

Ды палонны ня спаў... Ён пільна глядзеў за чырвонаармейцам. Яго ўвесь час непакоіла думка аб тым, што ў яго вопратцы, з яго паперамі пашоў у польскую армію яе вораг. Трэба як хутчэй перасьцерагчы дэфэнзыву. Трэба схапіць яго — гэтага лютага ворага польскай арміі. Афіцэр пазнаў незнаёмца. Не дарма-ж яго здымкі былі ў кожнага польскага афіцэра. Здымкі гэтага шалёнага селяніна, паўстанца, чыніўшага над панамі помсту за тое, што яны спалілі яго вёску. Афіцэр ведаў ужо, колькі соцень "жолнежаў“ і колькі гармат было адбіта ў палякоў, дзякуючы гэтаму партызану. Ён ведаў таксама, што дэфэнзыва ацаніла галаву гэтага паўстанца ў 10.000 залатых марак. Афіцэр ня спаў...

Заснуў чырвонаармеец. А прачнуўся — крык застыў у глотцы... Палоннага ня было.

4

Вартаўнік не адважыўся нават запытаць "пшэпусткі“ у маладога прыгожа адзетага афіцэра, які цьвёрдым крокам увашоў у штаб.

— Паведамце пана гэнэрала, што яго па сьпешнай справе хоча бачыць паручнік Ластоўскі.

Дзяжурны зазьвінеў шпорамі і, пастукаўшыся ў дзьверы гэнэрала — камандзіра баявога вучастку, увашоў.

Праз хвіліну ён вышаў і ласкава адказаў:

— Гэнэрал чакае.

Афіцэр нават поглядам не падзякаваў і ўвашоў у габінэт гэнэрала.

— Паручнік, гэ... гэ... як ваша прозьвішча?.. Выбачайце, паручнік, запамятаў...

— Паручнік Ластоўскі, — цьвёрда адказаў увашоўшы.

— Чуў, чуў... та-ак! Вы, паручнік, гэ... з якой часьці?.. Нешта ніяк у памяць ня прыходзіць.

— З прыдняпроўскай заставы IV-га баявога даверанага вам вучастку.

Гэнэрал нахмурыўся. Маршчынкі на лбу сабраліся ў печанае яблыка.

— Як гэта здарылася, паручнік, што вы здалі заставу гэтым хлопам? Ведаеце ці не, што вы за гэта будзеце адпавядаць перад рэспублікай?

— Пан гэнэрал! Я згодзен пайсьці пад суд. Я згодзен панесьці кару. Але-ж я павінен к сваім словам перад вамі, пан гэнэрал, дадаць тое, што і ўсякі другі на маім месцы нічога другога ня быў-бы ў сілах зрабіць.

— Раскажэце, як гэта здарылася!

— У гэты дзень мы не чакалі налёту, — адказаў паручнік, — бо мы атрымалі праз сваіх людзей весткі аб тым, што бальшавіцкае войска ў ліку аднаго палка ў дваццацёх пяцёх вёрстах ад нас. Я патрэбаваў дапамогі і, вылічыўшы, што бальшавікі падыйдуць не раней, як раніцай, чакаў сваіх сіл. У горшым выпадку я лічыў, што я пратрымаю заставу, ня гледзячы на няроўныя сілы, да поўдня. І за гэты час некалькі соцень іх выб'ю са строю. Бо перайсьці Дняпро — гэта-ж ня гэтак-то лёгка. Але тут здарылася такая рэч, якой і я ніяк не магу даць тлумачэньня. Разарваўшымся снарадам, з якога хтосьці біў проста ва ўпор, была зьбіта наша гармата і побач яе стаяўшыя кулямёты. У гэты-ж час з лесу выбег нейкі атрад. Ну, нас засталася жменя, якая ўжо ня ў сілах была змагацца. Гэтым выбегшым з лесу атрадам камандаваў Муха...

<picture>

— Зноў Муха?! — аж завыў, сядзеўшы да гэтага часу моўчкі, гэнэрал.

— Так, пан гэнэрал, зноў.

— Дакуль-жа гэта будзе, — схапіўся за галаву гэнэрал. — Шмат і бяз гэтага ўжо пабіў ён нашых „жолнежаў". Досыць ужо! і чаго глядзіць дэфэнзыва, ня ведаю. Толькі грошы марнуе...

— Пан гэнэрал, але-ж вы не далі мне дакончыць. Мухі ўжо больш ня будзе.

— Што?..— запытаўся гэнэрал і аж прыўстаў з крэсла

— Кажу, ня будзе больш Мухі, бо я, пан гэнэрал, вось гэтым самым наганам забіў яго.

— Паручнік, тут жартам няма месца!

— Пан гэнэрал, даю слова афіцэра польскай арміі. Спадзяюся, пан гэнэрал, што гэтага будзе досыць.

— Сядайце, паручнік, — саўсім іначай загаварыў гэнэрал. — Дык кажэце-ж, кажэце!..

— Справа простая, пан гэнэрал. На чале іх атраду быў Муха. У сваёй звычайнай вопратцы... Белы саламяны капялюш, лапці, зрэбная кашуля. Я яго пазнаў па здымку. Ну, а апошняе — гэта ўжо абавязак афіцэра польскай арміі. Я кончыў пан гэнэрал. Цяпер я гатоў пайсьці пад суд!..

— О, не! Што вы, што вы, пан паручнік, — ледзьве не ўзмаліўся гэнэрал. — Выбачайце. Вашы заслугі перад айчынай вельмі каштоўныя. Вы зрабілі справу, за якую вам "Жэч посполіта" скажа сваё "дзякуй".

І, сказаўшы гэта, гэнэрал узяў у рукі трубку тэлефона.

— Дайце штаб арміі.

— Штаб арміі?..

— У тэлефона Доўбар-Мусьніцкі. Так. З вамі, пан гэнэрал, гаворыць камандзір IV баявога вучастку. Сам паведамляю вас, пан гэнэрал, аб тым, што паручнікам Ластоўскім, камандзірам прыдняпроўскай заставы, забіты атаман Муха. Так, так... Не, не, пан гэнэрал, гэта правілова. Паручнік Ластоўскі, забіўшы Муху, цяпер сядзіць у маім габінэце... Ці можна даць аб гэтым офіцыяльнае паведамленьне. Бязумоўна пад маю адпаведнасьць. Ваша — падзяка паручніку

— Слухаюся, пан гэнэрал! Довідзэньня!..

— Ад гэнэрала Доўбар-Мусьніцкага вам, паручнік, падзяка... А зараз вось што... Вам патрэбен адпачынак, паручнік. Зараз, зараз я сам загадаю. Адну хвіліну, пачакайце, паручнік, — і гэнэрал вышаў.

Паручнік хутка глянуў ці шчыльна зачынены дзьверы і падыйшоў к сталу, на якім ляжалі паперы і карты. Крануў скрынку стала. Яна была адчынена. Разгарнуўшы паперы, паручнік здаволена ўсьміхнуўся і, паклаўшы частку з іх сабе ў кішэню, зачыніў стол. Пасьля гэтага пашоў і стаў на старое месца.

Праз некалькі хвілін увашоў гэнэрал.

— Зьвярнецеся да майго ад'ютанта. Ен вас завядзе ў пакой, а вечарам, калі ласка, забяжэце да мяне ў хату на шклянку віна.

— Слухаюся, пан гэнерал, — адказаў афіцэр і вышаў.

Пакой, у які завялі паручніка, меў прыгожы выгляд. Сінія абоі, кветкі, вокны ў сад супакойвалі думкі... Сапраўды хацелася адпачыць.

Астаўшыся адзін, паручнік падышоў да вакна і глянуў у сад. Але ня сад цікавіў паручніка. Яго цікавіла вышыня ад вакна да зямлі. Вышыня, мусіць, была ня дужа вялікая, бо паручнік застаўся здаволены "выглядам саду". Пастаяўшы крыху каля вакна, паручнік зачыніў на ключ дзьверы і лёг у ботах і ў вопратцы на чыстую засьцеленую белай капай пасьцель.

5

Вечар. Са ўсіх бакоў да гэнэрала — начальніка баявога вучастку — сходзяцца афіцэры...

Ня гледзячы на тое, што горад быў распаложан у прыфронтавай паласе, што за вёрст пяцьдзесят ад яго грымелі гарматы, жыцьцё ў горадзе цякло "памірнаму“. Польская буржуазія гуляла ва ўсю, нібы баючыся, што хутка пройдуць яе залатыя дні.

Усё больш і больш гасьцей прыбывае ў пакоі гэнэрала.

Мамашы цягнуць у залю сваіх кволых, падмалёваных дачок, спадзяючыся, як і пяцьдзесят год назад, знайсьці на гэткіх балях добрых "жаніхоў“.

Усе ўжо ведалі, што зараз к гэнэралу павінен прыйсьці малады афіцэр, які гэтак харобра забіў Муху. Усе жадалі хутчэй яго пабачыць... Але афіцэр нешта ня прыходзіў. Сам гэнэрал хоць і не паказваў выглядам, што ён чакае паручніка, але-ж сапраўды адцягваў вячэру, каб дачакацца дарагога госьця.

Час праходзіў. Афіцэра ня было... Чакаць далей было-б няўважліва к гасьцям і таму гэнэрал запрасіў усіх на вячэру. Селі за стол. Зазьвінелі шклянкі і бокалы.

— Прапаную выпіць за паручніка польскай арміі Ластоўскага, пакончыўшага раз і назаўсёды з непакоіўшай нас Мухай, — жартаваў гэнэрал.

Усе ўважліва падняліся і выпілі.

У гэты час па вуліцы сьпяшыў, ледзьве ня бег, малады паручнік.

І як гэта здарылася са мною гэтак заспацца, — думаў ён. — Гэта-ж ні да чога ня варта! Яны-ж маглі мяне схапіць, а я-бы нават і не прачнуўся...

Будынак гэнэрала быў заліты сьветам. Каля будынку па вуліцы праходзілі і праяжджалі на ізвозчыках людзі. Калі паручнік усходзіў на ганак, ён заўважыў, як ішэўшыя з таго боку двое рабочых злосна глядзелі ў вокны гэнэральскіх палацаў.

— Што яны думаюць? — мігацела ў галаве „паручніка". — Ды што думаюць? Вядома што: каб вам хутчэй прапасьці.

Ды і сам паручнік гэтак задумаўся, што чуць ня голасна сказаў апошнія словы...

— А вось, панове, і той афіцэр, за якога мы сягоньня падымалі шклянкі, — сказаў гэнэрал.

— О, які душка! — шапнула на вуха сваёй падрузе старая паненка.

А „душка" ня ведаў, як стаць, што рабіць. Гэнэрал гэта заўважыў і, каб падбадзёрыць паручніка, сказаў:

— Вып'ем, панове, за пана паручніка, у якім столькі-ж саромлівасьці, колькі і харобрасьці!

— Пані Бжазінская! — крыкнуў гэнэрал жонцы прэзаса мясцовай управы, — вазьмеце пад сваю апеку аднаго з самых харобрых маіх афіцэраў.

Пані Бжазінская захацела прыгожа ўсьміхнуцца, ад чаго яе твар стаў дужа падобным да твару малпы, і сказала:

— Пане паручнік! Слухайцеся загаду вашага камандзіра!

— Чорт яе ведае, чаго яна вяжацца да мяне, — думаў паручнік, — і што ёй адказваць трэба.

— Які прыгожы, які орыгінальны, — казала старая дзева сваёй суседцы. — Нікому, ніводнай паненцы „рэнчак" не пацалаваў...

Прабраўшыся сярод гасьцей, паручнік падышоў да Бжазінскай і сеў.

— Пан паручнік, калі ласка, скажэце нам, як гэта вы Муху ўздужалі? Нас усіх гэта дужа цікавіць.

— Ды так, узяў ды й забіў! — адказаў паручнік, які ня ведаў з няпрывычкі, як тут трэба трымацца.

— Ох, які душка! — шапнула паненка сваёй колежанцы. — „Узяў, кажа, ды й забіў“. Мілы. Гэткая наіўная прастата і гэткая харобрасьць.

— Мы вітаем вас, пан паручнік! Афіцэру, які забіў гэтага бандыта, мы гатовы ўсё аддаць, — прашаптала на вуха афіцэру нейкая дзева.

— Сволач! — падумаў паручнік, але прамаўчаў.

Паручнік дужа хацеў есьці. Але каля яго талеркі наклалі столькі відэльцаў, нажоў і нейкіх лыжачак, што ён ня ведаў, чым і за што трэба брацца, дзеля чаго сядзеў, нічога не бяручы ў рот.

Усё ішло добра. Вячэра была ў разгары. Цэнтрам агульнай увагі быў гэрой „паручнік", калі ў пакой увашоў веставы і прашаптаў на вуха гэнэралу некалькі слоў. Усе змоўклі, бо ведалі, што гэта весткі з фронту. І мусіць важныя, калі к гэнэралу зьвяртаюцца пры вячэры.

Выслухаўшы веставога, гэнэрал сказаў:

— Заві яго ў мой габінэт. Няхай крыху пачакае.

Веставы зазьвінеў шпорамі і вышаў. Усе глядзелі на гэнэрала, чакаючы яго слоў.

— Выбачайце, — сказаў гэнэрал, — я на хвілінку павінен буду вас пакінуць. Мяне па нейкай сьпешнай справе патрабуе якісьці чалавек, — і, зьвярнуўшыся к паручніку, гэнэрал дадаў: — кажа, што з дужа важнымі весткамі ад прыдняпроўскай заставы, тэй самай, якой вы камандавалі.

— Дык тады дазвольце, пан гэнэрал, мне пайсьці пагаварыць з ім і далажыць вам, у чым справа, — няўздрыгануўшы ні адным мускулам, сказаў паручнік.

— Калі пан паручнік хоча збавіць мяне ад гэтай працы, дык проша. Ідзеце.

— Я спадзяюся, панове, — зьвярнуўся камандзір да ўсіх, — што выкажу наша агульнае жаданьне, калі запрашу пана паручніка і другога яго таварыша з прыдняпроўскай заставы сюды на вячэру — хто-б ён ні быў.

— Калі ласка, калі ласка... — адказалі „панове".

Паручнік падняўся з-за стала і пашоў у габінэт. Увашоўшы ў габінэт, паручнік адразу-ж зачыніў за сабою дзьверы.

У габінэце, адзін аднаго зараз-жа пазналі.

— На якой падставе ты ўцёк з палону? — сярдзіта запытаўся той, што быў у вопратцы афіцэра.

Стаўшы насупроць паручніка, чалавек не на жарты струсіў. Губы яго затрасьліся і ён маўчаў.

— Ну, ты весялей паглядывай. Не саром маёй вопраткі, — загадаў паручнік. — Зрабіў табе гэткую пашану, адзеў сваю вопратку, дык умей-жа насіць яе! Але няма часу з табой доўга гутарыць. Слухай! Ну, ды падраўняйся-ж ты хоць крыху. Сьмялей! Але-ж памятуй. Калі ты ня будзеш гаварыць усё тое, што я буду гаварыць, дык я цябе, як і твайго гэнэрала, прыстрэлю. Во, бачыш бомбу? Як толькі ты якую бязглузьдзіцу пачнеш гарадзіць, дык гэтай бомбай табе па лбу і запушчу. Зразумеў?

— Зразумеў, — адказаў той, убачыўшы, што паручнік не жартуе.

— Дык памятуй-жа! Толькі слова — і ніводнага ў жывых не астанецца. Ну, а пакуль-што садзіся і пішы ліст, бо я папольску пісаць ня ўмею. Гаварыць магу а наконт граматы, дык усё роўна, як ты наконт вайны. Ну, садзіся-ж, альбо... — і паручнік замахнуўся бомбай... Чалавек у зрэбнай вопратцы, схіліўшы галаву, падышоў к сталу.

— Садзіся! Ну, вось так! Бачу, ты не такі ўжо і дурны, як здаешся. Ну, бяз спрэчак! Бо гэта ўжо мне не падабаецца. Пачынай!

.. Гэнэралу Доўбар-Мусьніцкаму

ад Мухі.

РАПАРТ № 17.

Гэтага дню я знаходжуся ў раёне IV баявога вучастку. Сягоньня ты па тэлефону перадаваў мне падзяку".

— Ну, чаго стаў? Пішы далей, скамандаваў "паручнік".

І пяро зноў заскрыпела:

..За гэта зараз з камандзірам IV баявога вучастку і яго гасьцямі вып'ю за тваё здароўе. Але-ж сяброўства-сяброўствам, а суд — па форме. Як пабачу цябе, дык абавязкова заб'ю. Бо ты варт гэтага. А газэты ты гэта дарэмна паведаміў, што я забіты. Ты не сярдуй на гэтага камандзіра ІV-га вучастку. Ён ня дурней за цябе. Спадзяюся, што з табою таксама пабачымся. А пакуль — бывай!

Муха".

Муха заўсёды меў звычай пасылаць рапарты „па начальсту" аб сваім прыбыцьці. Гэтак ён і цяпер зрабіў. Ліст быў напісаны...

— Стаў кропку і пішы адрас, — сказаў ён. — Ну, вось і ўсё. А цяпер пойдзем вячэраць, бо там нас чакаюць. Толькі глядзі — адно слова — і... ніводнага не астанецца.

І ўзяўшы прыбегшага пад руку, ён пашоў з ім у салю.

— А мы хацелі ўжо пасылаць за вамі, — сказала пані Бжазінская. — Ну, як-жа ня сорамна вам на такі доўгі час пакідаць нас адных?

— Выбачайце, — адказаў паручнік. — Гэта мой, як яго...дзяншчык прыбег. Ён думаў, што я згінуў...

Той, каго паручнік назваў дзяншчыком, рвануўся ў бок афіцэра. Але "афіцэр" доўга і ўважліва глянуў на яго і "дзяншчык“ сеў. Паручнік казаў далей:

— Ён, бачыце, думаў, што я згінуў, змагаючыся з Мухай, ну і прыбег з пераляку да самога гэнэрала.

Заўважыўшы, што ўсе з прыкрасьцю адварачваліся ад дзяншчыка, паручнік дадаў:

— Я-б яго ня прывёў сюды. Але-ж калі гэтакае было жаданьне ўсіх — я яго выканаў...

А ў "дзяншчыка" мігацелі думкі. Не, не, ён ужо больш ня можа цярпець гэткіх зьдзекаў. Ён рашыў вось зараз-жа ўстаць і ўголас сказаць грамадзе, што тут сярод іх сядзіць Муха, а ён зусім не дзяншчык, а сапраўды польскі афіцэр — дваранін Ластоўскі.

Але "паручнік" усё гаварыў:

— Бальшавікі схапілі ў часе налёту майго дзяншчыка. Аграбілі. Зьнялі яго вопратку. Зьдзекваліся над ім. Катавалі. І ўрэшце гэта крыху адбілася на яго мазгох. Ен, я заўважыў, пачынае крыху загаварвацца.

— Ты брэшаш, Муха! — крыкнуў ва ўвесь голас „дзяншчык“.

— Ну, вось, самі бачыце! — сказаў паручнік і адначасова так сьціснуў руку "дзяншчыка", што той зноў схіліў галаву і змоўк.

Але госьці досыць напалохаліся. Сядзець разам з „вар‘ятам“ ды яшчэ простага роду, з дзяншчыком — не, гэта-ж ні на вошта ня варта.

Дый сам паручнік убачыў, што далей заставацца тут нельга.

Вось чаму ў самым разгары балю ён падышоў да гэнэрала і папрасіў яго ў габінэт на пару слоў.

— З вялікай прыемнасьцю, — згадзіўся гэнэрал.

— Стась, пойдзем разам, — зьвярнуўся да свайго ,,дзяншчыка“ паручнік.

Але Стась не падымаўся. Тады паручнік падышоў да яго і зноў сказаў:

— Ты што-ж? не пазнаеш майго голасу ці што?..

Пасьля гэтага "дзяншчык" устаў і разам з гэнэралам і паручнікам вышлі.

— Божа, якія зьверы бальшавікі, да таго катавалі чалавека, што ён розум згубіў, — шкадавалі дзяншчыка застаўшыяся госьці.

— Але які харобры паручнік! Як сьмела ён прымушаў змоўкнуць нават няпрытомнага.

— Якая моцная воля, якая воля! — шамкалі імянітыя старычкі.

У гэты час гэнэрал у сваім габінэце запрашаў пана паручніка сесьці.

— Не, дзякую, — адмовіўся паручнік і, падышоўшы хуткімі крокамі к дзьвярам, зачыніў іх на ключ.

— Што вы робіце? — закрычаў гэнэрал.

— Ціха! Ні слова! Абодва „рэнкі до гуры!“ Ну!..— і, выхапіўшы з кішэні наган, паручнік накіраваў яго дула на гэнэрала.

Гэнэрал падняў дрыжачыя рукі ўверх і адвісшай чэлюсьцю запытаўся:

— Паручнік! Што гэта азначае?..

— Гэта азначае толькі тое, што перад вамі стаіць Муха, той самы, галаву якога прадае ваша дэфэнзыва. Але дорага яна вам, вяльможным паном, будзе каштаваць! — і з гэтымі словамі Муха падышоў ла печкі, адчыніў дзьверцы і загадаў:

— Пане гэнэрале, а ну, лезь у печку. Ну, хутка!

Гэнэрал дужа не хацеў лезьці ў печку, але-ж страх і неспадзяванасьць прымусілі яго выканаць загад Мухі. Ён няцьвёрдымі крокамі падышоў да печкі і ўсунуў галаву ў печку. Муха хутка зьвязаў яму ззаду рукі.

— На шыю табе я кладу бомбу з устаўленым капсулем. Як толькі ты кранешся, каб выняць галаву з печкі, бомба скінецца з галавы і ўзарвецца. Тады ад цябе і пяску не застанецца. Дык сядзі-ж тут, калі хочаш жывым застацца, і ня рухніся ні ў адзін бок!

— Ну, "дзяншчык", пойдзем! Ды паварачвайся-ж весялей! Я табе пакажу, як уцякаць з лягеру чырвоных, — сказаў Муха і, зачыніўшы з другога боку на ключ габінэт гэнэрала і паклаўшы ключ у кішэню, разам з "дзяншчыком“ вышаў, нават не разьвітаўшыся з гасьцьмі.

Позна ноччу разыходзіліся афіцэры і госьці з будынку гэнэрала. Яны так і не дачакаліся, пакуль скончыцца парада паміж гэнэралам і паручнікам. Не жадаючы перашкаджаць ім, ціха разышліся.

Толькі раніцаю дзяншчык гэнэрала адважыўся ціха пастукаць яму ў габінэт. Адказу ня было. Тады дзяншчык папрабаваў адчыніць дзьверы. Яны былі зачынены. Напалохаўшыся дзяншчык пачаў яшчэ мацней стукаць. Адказу зноў ня было. Напалоханы дзяншчык пабег у штаб і дрыжачым голасам паведаміў:

— Хутчэй на дапамогу! У габінэце гэнэрала нешта здарылася. Учора ноччу ён зачыніўся ў габінэце разам з панам паручнікам, ды да гэтага часу габінэт чамусьці зачынен. Як я ні стукаўся — ніхто нічога не адказваў. Толькі чуцен адтуль нібы хрып.

Разам з гэнэральскім дзяншчыком пабеглі штабныя афіцэры ў будыніну гэнэрала.

Дзьверы былі ўзломаны. У пакоі, сагнуўшыся крукам, з галавою ў печцы, стаяў гэнэрал.

Калі ў габінэт уварвалася грамада, гэнэрал ціха папрасіў:

— Асьцярожна, асьцярожна здымеце ў мяне з шыі бомбу, я не магу крануцца, бо бомба ўсіх узарве. І хутчэй, хутчэй пагоню к фронту, у мяне быў Муха!!!

Афіцэры падбеглі к гэнэралу. Замест бомбы ў яго на шыі ляжала звычайнае яйка.

Зазьвінелі палявыя тэлефоны. Узбударажылася дэфэнзыва. Загад па ўсіх вайсковых частках, па ўсіх аддзяленьнях дэфэнзывы быў кароткі:

Абавязкова схапіць Муху!

Загад быў дадзены начальнікам баявога вучастку ў парадку баявога заданьня.

6

З часу гэнэральскага балю прашоў дзень і зноў ужо наступіў змрок. Поле прыфрантовай паласы ціха ўздыхнула.

Вецер абдымаў травы і яны ажно гнуліся ад яго абдымаў. Стаптаны за дзень луг залечваў сваю лахматую параненую капытамі галаву. Чорнакудры вечар жартаўліва насоўваў цёмную павязку на яшчэ чырвоны кавалачак неба. Ноч усё болей і болей агортвала зямлю. На неба ўспоўз месяц і разьлёгся па зямлі сваймі зялёнымі праменямі. Гэта былі тыя зялёныя прамені, якія здалёку куст зварачваюць у стройнага юнака, дрэва ў чалавека з курчаваю забубёнаю галавой, а чалавека — у паўзучы куст.

Непакойная была ў гэты раз ноч у прыфрантоваіі паласе. Па палёх ваўкамі рыскалі людзі.

Вось сярод цемры на зялёным лугавым полі замігцелі дзьве нейкія цені. Каб бліжэй прыгледзіцца да іх, можна было-б убачыць у цені стройнага, высокага, маладога хлопца ў афіцэрскай вопратцы і невялічкага чалавека ў звычайнай сялянскай сьвітцы. А яшчэ ўгледзіўшыся бліжэй, мы-бы ўбачылі ў ценях паўстанца Муху і ўцёкшага з палону афіцэра, якога паўстанец, разам з здабытымі важнымі паперамі, цягнуў зноў у лягер чырвоных...

А ў гэты час дэфэнзыва працавала ва ўсю... Яна па ўсіх куткох пагранічнай паласы паслала надзейныя двойкі, папростаму — шпіёнаў дэфэнзывы, з мэтаю абавязкова злавіць Муху.

Двойкі былі расьцягнуты і захованы ў кустох па ўсіх тых абшарах, па якіх мог толькі прайсьці Муха.

Адна з гэткіх двоек і заўважыла здалёку дзьве цені.

Двое шпіёнаў прытуліліся яшчэ шчыльней да кустоў і чакалі.

Муха, не спадзяючыся тут сустрэць апаскі, ішоў далей...

7

Добра навучыўся паўстанец Муха ўладаць зброяй.

Хоць, вядома, лягчэй было яму трымаць сякеру — гэты звычайны меч вызваленьня беларускага сялянства. Сялянская зброя — сякера раз, два ў стагодзьдзе з надрывам падымалася і з іскрамі пажарышчаў апускалася на галовы паноў.

Беларусь — краіна сярмяг і лясоў. За шмат цяжкіх гадоў навучылася яна ўладаць, з журбою на атмаш, аднэю зброяй — сякерай.

Сякера — наша матка. У лесе яна гарачай вастрынёй упіваецца ў хвоі і сасоньнікі і п'е са стогнам смаляністыя сокі з шурпатых дрэў.

У палацах сякера — правадыр, які цярэбіць шляхі да свабоды... Але ў 1920 годзе сякера — слабое аружжа.

Вось чаму па вёсках Заходняе Беларусі, па падлаўкамі, з журбою на атмаш, моўчкі ляжаць сякеры. І толькі адзіночкі, непакорлівыя маладыя адзіночкі, выўчыліся ўладаць зброяй, ды так, каб ніводнай кулі дарэмна. А сярод гэтых адзіночак быў і Муха.

Ён — нібы той гістарычны Вілгэльм Тэль, які здалёку мог прастрэліць яблык на галаве ў таварыша.

Трэба, трэба, хлопцы, умёць уладаць зброяй, каб ніводнай кулі дарэмна...

Задумаўся Муха і не заўважыў, што з-за дрэў два дулы рэвольвэраў халоднымі жалезнымі вачыма глядзяць на яго. Толькі крык узварухнуў яго думы. Голасны крык.

— Ні з месца!.. Рэнцы до гуры!..

Нібы дзікае ваўчанё кінуўся ў бок Муха і ў сваю чаргу скамандаваў:

— Наперад! Кратайцеся!

Хвіліну ўсе прастаялі моўчкі... Толькі дрэвы пакачалі ціха галовамі, нібы кажучы: н...ну й людзі!

Тра...ра...ра...рах! - празьвінела куля

— Кажу вам — рэнцы до гуры! Бо яшчэ буду стшэляць! — крыкнуў адзін з працаўнікоў дыфэнзывы

Муха, бачачы, што кожная хвіліна можа каштаваць жыцьця — спусьціў курок.

Кляп! — кашлем дзіцяці ўпау курок. Асечка.

З друго боку таксама празьвінелі два выстралы.

Зноў спусьціў курок Муха.

Зноў асечка.

Не спадзяючыся больш на свой рэвольвэр, лясны атаман адным скокам кінуўся ў бок, схапіў паручніка і ўскінуў яго, нібы невялічкую торбачку, к сабе на плечы.

Усё гэта ён зрабіў так раптоўна, што калі празьвінеў зноў выстрал, ён ужо далёка адбег ад таго месца, дзе ў засадзе стаялі шпіёны. Але кулі з ухарскім просьвістам усё яшчэ ляцелі каля вушэй уцякаўшых...

Толькі адбегшы, Муха пачаў адчуваць, як у яго каля правага пляча нешта пячэ, і як гарачыя й ліпкія кроплі сьцякаюць на рукі

— Паручнік ад неспадзяванасьці сядзеў моўчкі на плячох нічога ня кажучы і, нават, зусім не жадаючы зрабіць хоць крок для свайго вызваленьня. Але калі ў часе бегу вецер прыдаў яму бадзёрасьці, ён пачаў варушыцца. Хутка зразумеў паручнік, што калі куля будзе накірована ў Муху, дык яна заб‘е яго, бо ён-жа ззаду.

І, зусім губляючы ад страху розум, ён закрычаў:

— Ня стшэляць! Я - естэм паручнік Ластоўскі! Вы бэндзеце адпаведны перад законам.

Але ніхто ніякай увагі не зьвярнуў на яго словы.

Кулі ўсё сьвісьцелі, ды сьвісцелі. І, ня бачачы ніякага выхаду, баючыся за сваё жыцьцё, паручнік узмаліўся:

— Ну навошта біць сябар сябра... І што я вам дрэннага зрабіў, пане-атамане?.. Завошта вы мяне мучаеце... і раптам, саўсім нечакана, пан паручнік заплакаў.

— Кінь плакаць, ты-ж вайсковы! Кінь кажу, а то па носе дам! — уцяшаў, як мог, Муха.

Але „паручнік" у вадказ яшчэ больш заплакаў.

— Ну, што мне з табою зрабіць? Забіць, ці што?

— Не чапаць... — як дзіцё ўзмаліўся афіцэр.

— Не чапаць, а сам, каб табе папаўся чырвоны, дык і ня думаючы застрэліў-бы...

— Не, пан, не чапаў бы... І ні... ко...лі больш чапаць ня...бу...ду...— плакаў паручнік.

Нахмурыўся Муха, нібы сэрца сваё ў ціскі ўзяў.

— Эх, ня веру я ніводному твайму слову. Пан і мужык заўсёды — ворагі. Але навошта ты, такі нікчэмны, патрэбен чырвоным? Скажуць, што дзяцей прыводжу. Ну, бывай, калі так... — і, кінуўшы афіцэра на зямлю. Муха пашоў. Але, прашоўшы некалькі крокаў, зноў застанавіўся і чагосьці палез у кішэню.

Перепалоханы паручнік, у якога душа зноў увашла ў пяткі, яшчэ галасьней заплакаў і, зусім поўзаючы на каленях, пачаў прасіць:

— Не чапай мяне...

— Ды чаго ты? — крыкнуў Муха... — Ніхто цябе не чапае. На вось табе з тваёй-жа кішэні хустачку, яна мне не патрэбна. — Сказаўшы гэта, Муха хуткімі крокамі крануўся ў дарогу.

Паручнік, агледзіўшыся ва ўсе бакі і ўбачыўшы, што навакол Мухі ўжо сапраўды няма, пакрыху пачаў супакойвацца, хустачкай выціраючы сьлёзы. Нарэшце зусім супакоіўся і пачаў падымацца, але заўважыў, што з розных бакоў на яго глядзяць ствалы рэвольвэраў.

— Рэнцы до гуры, ні з месца! — загадаў голас.

Паручнік спачатку сеў на сваё месца і зноў узяў хустку ў рукі, але, заўважыўшы, што гэта-ж свае родныя жандары — горда закрычаў:

— Я паручнік польскай арміі! Мяне не чапаць! Хутчэй страляйце вунь у той бок, туды толькі што ўцёк Муха. Я ўвесь час трымаў яго за глотку, але-ж аднаму нічога не зрабіць...

Жандары хоць і не паверылі словам абарванца, што ён паручнік польскай арміі, але, на ўсякі выпадак, па ўказанаму напрамку адкрылі страшную страляніну...

А Муха гэтым часам здалёку ўжо заўважыў хаткі нейкай вёскі, але сілы пакідаюць яго. Яго вайсковы мундзір быў увесь у крыві. Зноў, бачыць, некалькі шальных куль заселі ў яго грудзі.

Толькі-бы стрымацца, думаў Муха.

Толькі-бы дайсьці ла вёскі... Але разам з крывёй выцякалі і сілы з гэтага магутнага чалавека.

Не, не, не данесьці яму ў гэты раз папер, што каля сэрца засачыліся крывёю.

Сілы пакідаюць, апошнія сілы...

А вёска во, во ўжо зусім блізка... Але й на некалькі крокаў не хапіла сіл.

Муха бяз сіл, сьцякаючы крывёю, зваліўся...

8

У додніку прасыпалася вёска. Прасыпалася палахліва, трывожна ўздрыгваючы сівенькімі валасамі саламяных стрэх.

Вось ужо і коміны — люлькі вялізныя — закурылі ў паветра круцёлкамі дыму. А ясакары са сну ўсё яшчэ церабілі свае зялёныя галовы і з леньню пацягваліся. Толькі вераб'і з надзвычайна паважным відам, нібы камісары ў абдзёртых кожкуртах, пачалі выходзіць на працу. У хатцы на канцы валасной вёскі жыла невялікая сям'я паштовага чыноўніка, сям'я з трох чалавек: старога чыноўніка, яго жонкі і дачкі Настулі. Стары чыноўнік, увесь свой век ня згібаўшы карка ад працы, дрэнна разьбіраўся ў тым, што навокал яго дзеецца. Ён бачыў толькі адно, што "палякі" нападаюць на „Расію" і быў дужа рад, што іх пачалі сьціскаць "расійскія войскі".

Маладая-ж Наста ўжо досыць разьбіралася ў тым, што гэта — барацьба клясаў. Яна была дзяўчынай сьвядомай. Усёю душою яна жадала, каб чырвоныя ўзялі верх; апрача таго Наста была шчыраю беларускай. Наста ня цуралася сваёй мовы і заўсёды гаварыла выключна пабеларуску, што вельмі абражала бацьку, які жадаў, каб яго дачка была „паненкаю", а яна — на табе, усё роўна як "простая мужычка".

<picture>

Гэткія маленькія нязгоды жылі ў сям'і паштовага чьноўніка, гэтымі нязгодамі было запоўнена духоўнае жыцьцё гэтай сямейкі. Але, ня гледзячы на ўсё гэта, сям'я жыла вельмі дружна і спакойна: учора, як сягоньня, сягоньня, як учора.

Вось і цяпер бацька канчащ ужо трэцюю шклянку гарбаты, калі Наста, якая сядзела каля вакна, сказала:

— Тата! глядзі, вось каля нашага току нехта йдзе.

— Ну дык што! Няхай сабе йдзе. Ці мала цяпер тут ходзіць рознага народу!

— Але гэты неяк дзіўна йдзе. Пройдзе некалькі крокаў, а потым, нібы падаючы, хапаецца за плот... Тата, тата, ён паваліўся!.. — ускрыкнула дзяўчынка і, выскачыўшы з хаты, пабегла да таго месца, дзе паваліўся гэты дзіўны падарожнік.

9

Праз хвілін дваццаць спынілі жандары страляніну. Дый навошта-ж страляць, калі ў іх руках Муха.

— Што, Муха, далятаўся? — са сьмехам запытаўся адзін з жандараў і пад нос палоннага паднёс нагайку.

— Усып, усып крыху яму, каб пазнанцаў памятаў! — гагатала раць жандараў.

— Двадзесьце пеньць! на месцы! — загадаў стаяўшы на чале атраду камандзір.

І, ня гледзячы на крыкі і пагрозы палоннага, яго разьдзелі й пачалі катаваць.

— Я — паручнік Ластоўскі! Я — паручнік польскай арміі! Вы будзеце адказваць перад законам! — задыхаючыся крычаў няшчасны палонны.

Голас яго быў такі жаласны, што нават жаўнер, які адлічваў удары, спыніўся.

— Ну, чаго-ж стаў? — запытаўся афіцэр.

— Бі!

— Досыць ён ужо хлусіў нам. Біць — за тое, што адважыўся назвацца паручнікам польскай арміі. А назавецца гэнэралам — яшчэ дваццаць пяць. Ну, пачынай адлічваць зноў дваццаць пяць, бо там, здаецца, зьбіўся.

І зноў засекла нагайка. Кроплі чырвонай крыві істужкамі паляглі па целе паручніка, але ён ужо маўчаў, лежачы бяспрытомна. Пад вечар, зьбіты да шчэнту, паручнік ляжаў у шпіталі.

І зноў крычалі вялікімі літарамі польскія газэты.

МУХА ЗЛОЎЛЕНЫ.

Учора, пасьля перастрэлкі з жандарамі. схоплен вядомы атаман Муха. У хуткім часе над ім адбудзецца вайскова- палявы суд. Лягчэй цяпер уздыхне войска на ўсходніх крэсах. Мухі ўжо больш няма. Уладай прыняты крокі да зьнішчэньня яго атрадаў...

А „Муха" — няшчасны паручнік Ластоўскі — ляжаў у шпіталі. Толькі раніцою ён прышоў у сябе. І як толькі ён адчыніў вочы, яго ўзялі на дапрос.

Дарэмна кляўся на дапросе "Муха", што ён — ня ён. Яму ня верылі. Але ўсё-ж згадзіліся даць вочную стаўку з яго таварышамі па арміі, якіх ён пералічваў. Таварышы паручніка былі вызваны і ні адзін з іх ня прызнаў у гэтым затрыманым Муху. Усе яны пазналі свайго быўшага таварыша, паручніка Ластоўскага. Памылка была відавочная.

Паручніка перавялі ў другі шпіталь, а аб гэтай гісторыі было прыказана пад страхам вялікай карнасьці маўчаць. А яшчэ праз дзень паручнік, хоць і ледзьве перасуваўшы ногі, але ўжо быў на волі.

Атрымаўшы патрэбны лік жандараў, ён, яшчэ па гарачых сьлядох запекшайся крыві, кінуўся шукаць Муху.

Паручнік Ластоўскі моцна, моцна імкнецца адплаціць Муху за ўсе тыя крыўды, якія, дзякуючы яму, ён цярпеў...

10

Наста, дзяўчынка з прамяністаю павалокаю вачэй, з чорнымі кудзеркамі, з адкрытым тонкім, нібы вытачаным тварам, увесь час сядзела над ложкам, дзе ляжаў хворы паранены вайсковы. Яе вочы, як падаючыя зоркі, сьцякалі іскрыстымі сьлязамі, калі яна бачыла мучэньні гэтага бледнага русакудрага юнака. У сэрцы Насты, нібы ў рабінавай ночы, неяк неспадзявана нават для яе, пачалі папыхіваць зарніцы каханьня да гэтага маладога параненага.

Шалёнае сэрца дзяўчыны, нібы ня бачыць яго, яго вопратак, вопратак вайсковага, вопратак польскага афіцэра, вопратак ворага рабочых і сялян.

Сьціснула зубы дзяўчына. Патускнелі вочы. Не, не, яе вочы нічога ня скажуць іх ворагу.

А ў сэрцы сапраўды мора, бурлівае мора. Запела дзікую хвалёвую песьню сэрца дзяўчыны, запела, як ні разу, як ніколі...

А вораг, малады ды статны, ляжыць, зачыніўшы вочы. А боль мусіць вялікі, ой вялікі. Сэрца дзяўчыны гэта ведае.

У гэты час стары чыноўнік зусім зьбіўся з панталыку. Што рабіць? Параненага, чуць жывога, бяз сіл, ён бязумоўна павінен быў прытуліць. Ну, а далей? Што цяпер з ім рабіць? Чакаць пакуль прыдзе ў сябе? А можа яму стане горш. Што тады? Будзе тады адпаведным за сьмерць польскага афіцэра. І, нарэшцэ, рашыў: пайсьці ў гміну і давесьці аб гэтым польскай уладзе. Іх афіцэр,— няхай яны яго й лечаць.

Чыноўнік пашоў у гміну.

Прашло з поўгадзіны. У хаце — Наста ды хворы вайсковы, бо маці пашла ў поле.

А хворы ляжыць, нават галавой не кране. Толькі калі-ні-калі задрыжаць у яго скроні, нібы жадае ён іх адчыніць, ды ніяк ня здужае. А калі і прыадчыніць іх крыху, дык здаецца яму нешта гэтакае дзіўнае: замест палёў — глядзяць вочы, вочы расістыя, а замест пылу, які яго душыў, — ложак, чысты, белы ложак.

Не, гэта мусіць здаецца так. Вось-бы добра было-б вады папіць, але хто дасьць? І вусны хворага ціха, ціха, як вецер у паперах, зашапацелі— "піць". І дзіва-вочы глянулі на яго, потым вышэй падняліся, і нейкія рукі далі піць. Выпіў ваду. Добра, прыемна стала, і зноў зачыняюцца вочы. Эх, каб адчыніць іх, бо можа гэта ім — хворым, гарачым, — толькі злалося ўсё, але адчыніць няма сіл...

11

Па вёсках і мястэчках імчаў карацельны атрад, пад кіраўніцтвам паручніка Ластоўскага, упаўнаважнага дэфэнзывай ІV-ай баявой акругі.

Гора таму селяніну беларускай вёскі, які пападаўся на шляху гэтаму атраду. Жаўнеры, жартуючы, на хаду, у той час, калі ён зьнімаў ім шапку, секлі яго непакрытую галаву нагайкай. Гэта былі толькі панскія жарты.

— Так, так. О то-ж добра! — рагатала арда.

— Усе яны — Мухі, пся крэў, — шыпеў Ластоускі.

Імчаўся атрад. Толькі пыл курэў, ды я разам з пляўкамі селянскай крыві, ляцелі праклёны.

Дзікая татарская арда няслася, заносячы па-над сівымі вёскамі бізун. Ня дарам-жа вясковыя хаткі, як жабракі, шэрыя, палатаныя, лахматыя, яшчэ ніжэй нахілілі свае саламяныя галовы. Са сьвістам і песьняй занасіў карацельны атрад пятлю па-над худымі вёскамі, у якіх раскідаючыяся броўны, як косьці тырчаць.

Ластоўскі прыпамінаў шляхі, якімі вёў яго Муха.

Так...так...тут недалёка павінны быць яго сьляды. А вось зараз яны ўедуць у мястэчка, тое самае, якое Муха збоку абышоў. О, Ластоўскі знойдзе Муху. З гэткім атрадам няма чаго палохацца. Грэба ў мястэчку будзе толькі спыніцца ды добра абмацаць суседнія вёскі. Муха далёка-ж ня мог адгэтуль адыйсьці. Сам- жа Ластоўскі бачыў яго раны. О, Муха будзе злоўлены.

Вось ужо і паказаліся першыя хаткі мястэчка. Спалоханыя жыхары пахаваліся. А ніводнага чалавека навокал. Толькі адзін чалавек паказаўся здалёку. Дый што гэта ён адважыўся махаць капялюшом?

— Прыцягнуць яго сюды! — загадаў Ластоўскі.

Два жаўнера аддзяліліся ад атраду і праз некалькі хвілін, падштурхваючы нагамі, прывялі да паручніка чалавека. Адзеты ён быў у пацёртую паштовую тужурку, у сінія выліняўшыя суконныя штаны і старую шапку з какардай.

— Шапку скінь! — загадаў афіцэр. — Чыноўнік увесь згорбіўся, увашоў у сябе, але шапкі ня зьняў.

— Пся крэў! — закрычаў афіцэр. Бунтаваць! Бальшавік! — і з гэтымі словамі засьвісьцела нагайка, і чырвоны, заліўшыся крывёю рубец лёг на твар чыноўніка

— Які я бальшавік, — са стогнам адказаў стары. Ішоў я сюды сказаць, што каля нашай вёскі падабраў параненага польскага афіцэра. А жыву я ў вёсцы Вясёлка, — і стары пальцам паказаў па таму напрамку, дзе яго вёска.

— Што? Калі? Кажы прэндзэй!

— Ды было гэта ўчора!

Ластоўскі ніколі нават і не спадзяваўся, што яму гэтак пашанцуе. Думаў — шукаць прыдзецца, усё ператрэсьці, а вось — на табе, усё адразу гатова.

— Вазьмеце старца на фурманку з кулямётам ды назірайце за ім, і да мястэчка!

Уехалі ў мястэчка!

На ганак аднэй з хат выскачыў жыдоўскі хлапчук, заўважыўшы войска, ён хацеў кінуцца назад, але было ўжо позна. Адзін з жаўнераў спыніў яго і запытаўся:

— Дзе тут гміна? Ну, кажы-ж хутчэй, шчанё! Напалоханы хлапчук, у якога з пераляку закамянеў у глотцы язык, маўчаў.

— Эх, ты, жыдзюга! — крыкнуў жаўнер і, не зьлязаючы з каня, ткнуў сваім ботам хлапчука ў твар. Хлапчук завярцеўся і ўпаў. Жаўнеры са сьмехам паехалі далей.

У мястэчку па загаду Ластоускага наладзілі прывал. Распалажыліся па кватэрах. — "Потшэбуе масла і яек". Але дазоры усё-ж паставілі... — Няпэўны час, можа хто й напасьці на атрад. Атрады Мухі заўсёды гэта могуць зрабіць.

Падгуляўшыя жаўнеры ўзяліся за жыхароў, а галоўнае — за дзяўчат.

Крыкі, стогны, сьмех і сьвіст дымам плылі па-над мястэчкам.

Тут-жа ў пастарунку паны афіцэры, на чале з Ластоўскім, дапрашвалі старога чыноўніка.

— Ну так, так... я не памыліўся! Усе адзнакі на далоні, гэта бязумоўна ён. Траціць часу нельга. Трэба пачынаць.

І, зьвярнуўшыся да сваіх, Ластоўскі дадаў:

— Адвядзеце яго ў другі пакой, няхай крыху пачакае.

Чыноўніка ўзялі пад рукі, адвялі ў другі пакой і пасадзілі на лаўку.

Афіцэрства радзілася. Як зрабіць, каб напэўна схапіць Муху. З аднаго боку трэба быць дужа асьцярожнымі, бо з Мухай-жа дрэнныя жарты, а па другому, наогул, ці праўда ўсё тое, што гаварыў чыноўнік. Хоць Ластоўскі й верыў, што гэта праўда, але-ж ня ўсе з ім згаджаліся.

— А можа гэта агэнт Мухі, — яшчэ з самага пачатку пасяджэньня сказаў адзін з афіцэраў, і гэтыя словы чорнай хмарай павісьлі ва ўсіх ў думках.

Але Ластоўскі нарэшце знашоў выйсьце:

— Старога катаваць, пакуль ня скажа ўсё. З глоткі яго вырваць праўду, а ўночы акружыць вёску і злавіць альбо Муху, альбо разьлічыцца з сялянамі. Усе яны дапамагаюць Муху... Цяпер-жа можна й павесяліцца, а ноччу — за справу...

— Дзяўчат і віна на стол! — загадаў Ластоўскі.

Кіпцюры вечару абдымалі зямлю. Ноч надыходзіла.

12

Ноч надыходзіла... Ужо на комінку Наста зацяпліла корч, які забрызгаў прамяністымі сокамі сьвету. А на вуліцы, па сялянскіх задворках няпуцёвым жабраком пасьвістываў вецер. Дзе-ні-дзе, з-пад хмар, зажмурыўшы бровы, паглядвалі зоркі. Прытуліўшыяся хаткі невялічкай вёскі, здаецца, ад холаду яшчэ болей прытуляліся адна к аднэй. Толькі вокны — вочы хат, гэтак па- добраму, цяпер, як і заўсёды, лучынілі...

Сумежна з хатай Насты была хата дзеда Пахома Адойчыка, самага беднага ў вёсцы селяніна. Праўду кажучы, Пахом Адойчык ня быў ужо дужа старым па гадох, але-ж 58 год гэтакай цяжкасьці ляглі на яго плечы, што ён ужо выглядаў зусім старым, старым настолькі, што яго ўсе ўжо звалі дзядком.

У Пахома Адойчыка зямлі сваёй ня было. Невялічкі кавалак, які ён арандаваў, ледзьве, ледзьве даваў яму магчымасьць перабівацца з квасу на хлеб. Пахом Адойчык быў мужык працавіты. Працаваў ён, як вол, працаваў да ўпаду, але-ж за усё сваё жыцьцё так і ня здолеў купіць кароўкі. Аб здабыцьці яе ён думаў усё сваё жыцьцё.

Былі калісьці ў Пахома дзеці. Чацьвёра было, ды не патрапіў Пахом іх выгадаваць. Нездаволеныя хлебам ды квасам сінія пахілыя дзеці, як тыя кветкі на сухой глебе, згінулі. З гора тады запіў Пахом, запіў працяжна. П‘яны ён біў жонку й крычаў, каб яна зноў радзіла яму сына. І вось раз зімою прышоў Пахом п'яны ноччу да хаты. Ні завошта, а так проста сп'яна хватануў Пахом жонку паленам. Жонка жалобна завыла і пабегла з хаты. Моўчкі, бяз крыку, у хляве, без пары яна й радзіла Васіля. Ледзьве жывая прыпаўзла жонка Пахома да хаты і ў прыгоршні пасінеўшымі рукамі, каля змучанага, хворага сэрца, прыцягнула дзіцянё.

На другі дзень зразумеў Пахом, што ён зрабіў. Падышоў ён да ложка жонкі і ласкава, як мог, дакрануўся да яе галавы. Хацеў пагладзіць, ды так нічога ня вышла.

На Васілі бацька згуртаваў усё сваё каханьне — і ён выжыў. Дзеля яго бацька кінуў піць і працаваў, працаваў, не разгібаючы сьпіны. I не дарэмна, бо здольным хлапцом урадзіўся Васіль. Здольны да кнігі, працавіты ў гаспадарцы. Не дарма-ж вясковая моладзь дужа любіла Васіля. Нават старыя й тыя ня лічылі яго за блазноту, а, наадварот, паважалі, як пісьменнага, працавітага й разумнага хлапчука. Як падрос Васіль зьявіўся ў яго брат Сьцёпка. Дружыў Васіль больш за ўсіх з Янкай Пятруковым і сваім малым братам Сьцёпкай. Янка Пятрукоў, сусед Васіля, быў усё роўна, як ужо сапраўдны, дарослы мужык, ня гледзячы на тое, што яму было ня болей 16 год. Маладыя хлопцы, аднагодкі Васіля й Янкі, толькі дзівіліся таму, як старыя сяляне радзяцца з імі. Няма чаго й казаць

што матка свайго Янку-кармільца шанавала і кахала ня меней, як і старога, ледзьве перасоўваўшага ногі, сябра сям'і — 28 гадовага каня Сіўку.

Брат Васіля, 10 гадовы Сьцёпка, быў хлапец — зух. Думкі заўсёды іскрамі мігацелі ў яго кучаравай галоўцы, і ён ніколі ня мог стрымацца, каб да слова ня выказаць свае думкі. Праўда, за гэта яму часта й пападала, але Сьцёпка ня журыўся.

Вось і ў гэты вечар Сьцёпка разам з старымі сялянамі. Ня гледзячы на тое, што пагода сёньня дрэнная, сяляне ўсё-ж сабраліся на прызьбе, каб пагутарыць, бо справы ёсьць важныя. Пачынаецца адыход палякаў. Трэба, значыцца, дагаварыцца, каб захаваць жывёлу, каб ня ўгналі яе паны з сабою.

Нарэшце дагаварыліся: раніцою пагнаць жывёлу ў лагчыну за Крывым Рогам, што каля балот і лясоў пана Патоцкага. Потым гутарка зашла аб тым, аб чым усе думалі — аб Муху.

— Кажуць, што ў яго ёсьць шмат бальшавікоў, кажуць, што ён сам бальшавік, — гаварыў быўшы салдат Мацей.

— Мы — таксама бальшавікі, і мы ў яго будзем — крыкнуў Сьцёпка.

— Ты яшчэ не дарос да бальшавікоў, табе спачатку трэба добра соску ў зубах патрымаць, — вучыў Мацей.

Крыўдна стала Сьцёпку: тут дзяўчаты і ўсе, а Мацей гэткае кажа. Крыўдна, аж сьлёзы выцяклі з вачэй, і Сьцёпка сказаў:

— Ну, хаця-ж мы і не бальшавікі, дык за тое максамольцы... Вось калі ня верыце, запытайцеся ў Базыля альбо ў Янкі, — гарачыўся Сьцёпка. І толькі заўважыўшы погляд Васіля, Сьцёпка спыніўся.

А як толькі пачалася гутарка аб Муху, старыя сяляне ўважна слухалі. Ужо калі зусім сьцямнела, па чарзе пачалі разыходзіцца сяляне. На прызьбе засталася толькі моладзь.

— Хлопцы, сюды! — загадаў Васіль. І як толькі моладзь сабралася ў круг каля яго, ён шэптам запытаўся:

— Усе тут?

— Усе! — адказаў за грамаду Сьцёпка.

— Ну, дык вось што, хлопцы, зараз-жа трэба паведаміць атрад Мухі, што ў нашай вёсцы, у хаце загадчыка паштовага аддзяленьня, ляжыць нейкі паранены

польскі афіцэр. Як-бы там ні было, а трэба як хутчэй паведаміць аб гэтым атрад, можа ў яго ёсьць якія паперы, можа й сам будзе патрэбен. Хто, хлопцы, гэта выканае?

— Усе, усе згодны! усе пойдзем! — загудзелі хлопцы.

— Ну добра, дык вось што... Ідзеце ўдвох, Янка і Сьцёпка. Ен хоць малы, але ўжо ня раз быў у Мухі. А вы, хлопцы, па хатах, каб ня было ніякай падазроннасьці!..

Хутка на прызьбе нікога не засталося. Змоўклі хаткі, прытуліліся, пачалі драмаць.

13

Ноч. Сьпіць вёска. Ня чуе, што вакол яе ланцугом сьціскаецца польскі карацельны атрад.

А ў цёмнай ночы ледзьве, ледзьве відаць цені кавалерыйскага налёту... Каля самых азяродаў атрад, па загаду Ластоўскага. спыніўся.

Чалавек 18 узброеных, з Ластоўскім наперадзе, паехалі ў вёску, а застаўшыяся падазронна сьвярлілі вачыма цямнеючыя хаткі вёскі.

Ззаду Ластоўскага ехаў вярхом на кані, трымаючыся дзвюма рукамі за сядло, стары паштовы чыноўнік, а побач яго ехала двое жаўнераў. І толькі ззаду гэтых трох фігур — апошнія кавалерыстыя.

— Дзе твая хата? — запытаўся Ластоўскі ў чыноўніка.

— Ды вось — першая з самага пачатку вёскі.

— Глядзі, пся крэў, калі толькі ты рыхтуеш здраду — згінеш, як подлая погань.

Чыноўнік маўчаў.

Пад'ехалі да хаты. Сталі. Жаўнеры зьлезлі з коняй і, акружыўшы хату, пачалі з апаскаю падходзіць.

— Старык — наперад! — загадалі жаўнеры і з рэвольвэрамі ў руках, хаваючыся за яго плечы, пачалі падходзіць да дзьвярэй хаткі.

Стары пастучаўся ў дзьверы. Адказу ніякага. Усе яшчэ больш настаражыліся. Мацней пастучаўся стары. Зноў ціха.

Тады, па загаду Ластоўскага, з чатырох бакоў разам выбілі вокны ў хатцы чыноўніка і, наставіўшы дулы рэвольвэраў, чакалі.

Ластоўскі пісклівым голасам загадаў:

— Вылазь, ня то стшэляць бэндзем!

Адказу зноў няма.

— Вылазь, ня то запалім хату! — не супакойваўся Ластоўскі.

Хатка зноў маўчыць.

— Агледзіць хатку! — закрычаў Ластоўскі.

Чацьвёра жаўнераў кінуліся выконваць загад афіцэра.

Улезшы ў хату, у пакоі на ложку яны ўбачылі сьпячую фігуру.

— Ён тут! — клікнулі жаўнеры і крыху пасунуліся назад.

— Узяць яго жывым ці мёртвым! — загадаў паручнік.

— Здавайся!.. — нібы хто іх рэзаў, крыкнулі жаўнеры. Надышла жудасная цішыня. Адказу й цяпер ня было. Нарэшце адзін жаўнер рашыўся. Падбегшы к ложку ён адкінуў коўдру. Крык вырваўся з яго грудзей, такі крык, што стаяўшыя навакол яго пачалі ўцякаць. А жаўнер закрычаў таму, што замест чалавека на ложку пад коўдрай ляжаў куль саломы. А калі добра разгледзілі куль саломы, дык заўважылі запіску.

— „Адгэтуль — выбраўся. Прашу прабачэньня, што не дачакаўся вашага прыбыцьця, але можа яшчэ пабачымся. Перадайце маю падзяку начальніку IV баявога вучастку за вячэру! Муха“.

На некалькі хвілін зрабілася ціха. Усё змоўкла. Стары чыноўнік дрыжаў.

Вядзеце яго за мною! — насупіўшыся сказаў Ластоўскі, ткнуўшы пальцам у бок чыноўніка.

Чыноўніка схапілі за каўнер і пацягнулі ў пакой за паручнікам.

— Ну-у... — замычаў Ластоўскі.

Зусім зьбіты з панталыку бацька Насты ня ведае, што тут здарылася і дзе яго дачка й жонка.

— Ну-у? — яшчэ раз запытаўся Ластоўскі. Дык ты вось як, старая карга, і з усяго размаху Ластоўскі ўдарыў старога рукаяткаю рэвольвэра ў галаву.

Абліўшыся крывёю стары зваліўся на падлогу.

— Стаць! — загадаў паручнік. — Стаць, хамская скура, здраднік, ня то — пшэстшэлю, як сабаку!

Стары аднэю рукою трымаў разьбітую галаву, а другою спрабаваў падняцца, але сілы не дазволілі гэтага зрабіць і ён са стогнам ізноў упаў на падлогу.

— Стаць! — яшчэ з большай злосьцю закрычаў паручнік.

Сабраўшы апошнія сілы стары крыху прыпадняўся, але ў гэты час добра накірованы бот Ластоўскага разьбіў яму твар.

— Стаць! — ізноў крычаў Ластоўскі, але стары ўжо ня меў сілы крануцца, б'ючыся аб падлогу падстрэленай птушкай.

— Ад хаты да хаты вобыск! — загадаў Ластоўскі. — І не сароміцца з гэтым быдлам.

Праз некалькі хвілін ужо крыкі й страляніна мітульгою павісьлі над вёскаю...

Стары Пахом, пачуўшы гвалт, што стаяў над вёскаю, выбег у сені, потым, як ашалелы, зноў вярнуўся ў пакой, потым зноў у сені, потым закруціўся, як верацяно, на адным месцы. Толькі Васіль ды Сьцёпка былі спакойны. Сьцёпка схапіў з-за лаўкі сякеру й чакаў. Заўважыўшы ў руках малога сына сякеру, Пахом яшчэ больш напалохаўся і пачаў крычаць на Сьцёпу кінуць на месца сякеру.

— Не зьвяры-ж яны, — казаў ён, — завошта-ж душу губіць яны будуць? Не душагубы-ж яны, не крывапійцы, — і старык сваймі ўжо аслабеўшымі рукамі выхваціў з рук сына сякеру і кінуў яе зноў пад лаўку.

У гэты-ж час у сенцы нехта пастукаў. Пахом прытуліўся к кутку і стаяў.

— Адчыняй, — даляцелі з вуліцы крыкі й адначасова нехта так загрукацеў прыкладамі па дзьвярох, што яны, як жывыя, са стогнам разьляцеліся. Заўважыўшы ў вугле старога Пахома, жаўнеры закрычалі:

— Ах ты, пся-маць, дык ты яшчэ надумаў супроць нас выхадзіць!

— Паночкі, я...я, — барматаў стары. Ды далей нічога ня выходзіла ў Пахома. Словы косьцю застывалі ў глотцы. У сенцы увашоў Ластоўскі.

— Чаго глядзіцё? — крыкнуў ён.

Жаўнеры засароміліся, і адзін з іх у сваё апраўданьне сказаў:

— Дык вось гэты...не жадаў хаты адчыняць нам.

— А вось як! — крыкнуў Ластоўскі і адначасова рукаятка яго рэвольвэра апусьцілася ў голаву старога.

— Пан... — крыкнуў Пахом, ды не пасьпеў. І змоўк...

Іскры паплылі ў вачох Васіля, усё памуцілася. Агледзіўшыся ўва ўсе бакі, ён шалёным ваўчанём кінуўся на забіўшага бацьку афіцэра.

Запрымеціўшы нейкага, напалову шалёнага хлапца, кінуўшагася ў яго бок, паручнік, ня даўшы сабе адчоту ў тым, што ён робіць, кінуўся ўцякаць; толькі на дварэ жаўнеры выхапілі з рук маладога хлапчука свайго камандзіра.

Камандзір увесь дрыжаў і з пачатку нічога ня мог сказаць. Але праз некалькі хвілін камандзір загадаў:

— Растшэляць, вёску запаліць...

Ужо пачынала ўставаць рань, калі Васіля жаўнеры пацгянулі да бравёнчатай сьцяны — расстрэльваць.

Тра-ра-рах! — рэхам пакацілася водгульле...

<picture>

„Ва імя ойца й сына!“ захрысьцілася старая вёска! А малады Сьцёпка, брат Васіля, на якога нават і увагі не зьвярнулі, упаў на зямлю й сударажна пачаў паўзьці да лесу.

Умірала падстрэленай і запаленай птушкай вёска. Нібы сваімі крыльлямі трапятала на вогнішчы. Нібы з глоткі яе нясьліся крыкі й выцьцё сялян, не жадаўшых пакідаць свой падпалены скарб, нібы зьбітымі з птушкі пер'ямі падалі забітыя сяляне. Умірала вёска...

Адпоўзшы вярсты тры, Сьцёпка падняўся і глядзеў на сьмерць сваёй вёскі. У вачох Сьцёпкі былі сьлёзы. Пасур'ёзьнеў за гэту ноч Сьцёпка.

14

Сьцёпка хутка ўзяў сябе ў рукі. Распускаць сябе ня было часу. Трэба было як хутчэй папярэдзіць атрад Мухі аб тым, што панскі атрад зрабіў з яго вёскай. Сьцёпка ўжо ведаў шлях да атраду: Васіль, як быў жывы, ня раз пасылаў яго туды з даручэньнямі. Ды вось у апошні раз хоць і ненарокам, а Сьцёпка зрабіўся гэроем. Сьцёпка ніколі не забудзе гэтых хвілін.

Па загаду свайго брата Базыля, організатара комсамольскага раёну ў падпольлі, ён пашоў тады ў гэты апошні раз паведаміць атрад Мухі аб польскім афіцэру. А назад Сьцёпка ўжо з 5 паўстанцамі ішоў схапіць ворага паўстанцаў.

А „вораг" быў правадыром паўстаньня — іх камандзірам і братам. У параненым, якога хацелі схапіць, паўстанцы адразу пазналі Муху. Чы-ж ім яго не пазнаць?

Як пабачыў Сьцёпка ўсё, што потым было, дык аж мурашкі пабеглі па целе. Ну, вось Сьцёпка й стаў гэроем.

Ноччу вывезьлі паўстанцы Муху, а каня даў і запрог Янка.

Гэтакая пашана яму выпала. І Насту Муха павёз і маці яе. Гэтак трэба было зрабіць, бо йначай паны забілі-б іх.

Хто яе ведае, чаго так радавалася Наста... ну, баба. Потым ноч, пажарышча і Базыля ўжо няма... Зноў смуткам занылі думы... Не зьвярнуў увагі Сьцёпка на сонца, што гэтак цёпла ліло свае срабрыстыя, як бубёнцы, праменьні. Хутка ішоў па купінах Сьцёпка. Толькі сосны, як зялёныя лямпадкі, заставаліся ззаду. Зноў думкі Сьцёпкі перабеглі да атраду... а ў атрадзе Наста. Ай маладзец, дзяўчына! Ужо ў партызанах. Сапраўды трэба ёй падарунак за гэта, але які? Вось каб сіняга неба кавалак ды Насьце на хустку.

Вось ужо й гушча лесу. Ой, які сёньня добры лес! Так і суне свае рукі-хвоі да Сьцёпкі прывітацца. Бачыш, чаго захацеў лахматы — і Сьцёпка сьвіснуў. Пакаціўся сьвіст па лесе і здалёку прынёс Сьцёпцы адказ. Тады толькі агледзіўся Сьцёпка і заўважыў, што ён ужо недалёка ад атраду Мухі. Зноў сьвіснуў Сьцёпка. Два разы коратка, адзін доўга — й пачаў перасьвіствацца, сыгналізаваць лес. Раптам ззаду сябе Сьцёпка пачуў голасны крык:

"Стой!“

Напалохаўся ад неспадзяванасьці Сьцёпка. Аглянуўся. Бачыць — дзьве вінтоўкі нацэлены на яго. Толькі раптам голас трымаўшага вінтоўку стаў нежны і просты.

— А, гэта ты, Сьцёпка, што з даручэньнямі ад Базыля ці што?

Дробненькія маршчынкі ляглі на твар Сьцёпкі. Ён увесь зжаўся ад болю й, моргаючы вачыма, каб стрымаць сьлёзы, сказаў:

— Няма ўжо больш Базыля.

Сьпяшаючы й блутаючыся, Сьцёпка апавядаў паўстанцам аб тым, што чынілася ў яго вёсцы. Абветраныя, загарэлыя хлопцы слухалі, слухалі, і ў іх пад вопраткамі пачыналі моцна біцца сэрцы.

... Запалілі адразу з 4-х бакоў. Білі большасьцю прыкладамі ды рукаяткамі ад рэвольвэраў. Майго тату рукаяткай. Мацьвея, які выбег з сваёй хаты і ўва весь голас закрычаў: ,.У цэп...забойства“, нейкі штыком парнуў...

Нахіліўся лес, слухаў гэта апавяданьне і толькі калі-ні-калі круціў сваёю галавою, нібы ня мог зразумець гэтай дзікасьці людзкой.

Паранены атаман таксама слухаў словы Сьцёпкі. І толькі калі Сьцёпка сваім звонкім голасам сказаў аб маці Янкі, што кінулася ў вогнішча сваёй хаты, лясны атаман застагнаў.

Нешта жудаснае было ў стогне чалавека, які наагул стагнаць ня ўмеў.

Сьцёпка сваім апавяданьнем дакрануўся да самага сэрца Мухі.

Сьцёпка не хацеў гэтага. Ён-жа увесь час стрымваўся, каб не заплакаць. Ён ведаў, што калі хто-небудзь плакаў, дык і яму хацелася плакаць. Па сабе Сьцёпка думаў і аб гэтых людзях. Яму здавалася, калі ён заплача, дык і яны таксама ня стрымаюцца, і Сьцёпка крапіўся. А да гэтага яшчэ гэты Мацьвей, які казаў, што Сьцёпка павінен яшчэ соску трымаць у зубох. Не, не: Сьцёпка ні за што не заплача...

Сударгі маланкай прабягалі па твары Сьцёпкі, але ён маўчаў. „Няхай усе ведаюць", думаў ён. Сьцёпка-ж заплакаў...

— Па якому шляху ішоў гэты атрад? — запытаўся Муха ў Сьцёпкі.

— Ня ведаю, — сказаў Сьцёпка, і пачуў, як ён пачырванеў. Сам атаман зьвяруўся да яго, а ён ня ведаў.

— Атрад разьбіць папалам. На чале аднэй часткі паедзе Падлесны, з другою — я сам. Шлях трымаць праз балоты нацянькі. Зрабіць заставу.

Ніхто не спрачаўся з Мухай, бо ведалі, што яго словы — жалеза. Рашыў — зробіць! Толькі як-жа ўсё-ж яму, такому хвораму, ехаць — радзіліся паўстанцы.

А Сьцёпка падумаў і сказаў:

— І я з табою паеду. Удвох — не адзін. Разумееш?

— А на каго-ж мы тут пакінем Насту і яе маці? Не, браце, ты ўжо, будзь ласкаў, вазьмі іх пад сваю апеку, — усьміхнуўшыся, сказаў Муха.

— Ну, добра, — згадзіўся Сьцёпка, — ты сьмела можаш іх пры мне пакінуць. Ты-ж бачыш, які я... Я не заплакаў, — раптам выпаліў Сьцёпка і зноў пачырванеў. Яму стала сорамна за тое, што ён хваліцца.

— Добра, — сказаў Муха, — толькі я ў дапамогу табе яшчэ двух хлопцаў пакіну. Можна?

Бачачы, што Сьцёпка пакрыўдзіўся, Муха, засьмяяўшыся, дадаў.

— Яны-ж таксама не заплакалі...

На гэта Сьцёпка не адказаў і маўчаў.

15

Каля Ластоўскага згуртаваліся афіцэры і ўпаўнаважныя дэфэнзывы.

— Панове афіцэры, — пачаў Ластоўскі, — трэба зьмяніць тактыку барацьбы з Мухай. З атрадам нічога ня зробіш. Гэтак і небясьпечна і карысьці ніякай, як бачыце, няма... Тут трэба прыдумаць нешта іншае... І вось, каб прыдумаць гэта іншае, я і заклікаў вас сюды.

— Мне здаецца, трэба было-б нам сьпешыцца, рассыпацца цэп'ю й прайсьці па сумежных лясох. Далёка-ж Чуха ня можа адгэтуль пайсьці, — парадзіў намесьнік Ластоўскага па атраду— Пшэцкі.

Ластоўскі ў адказ толькі паморшчыўся. Гэта яму пе спадабалася.

— А я прапанаваў-бы, — сказаў Сарачынскі, агэнт дэфэнзывы, запатрабаваць сюды больш працаўнікоў дэфэнзывы і зрабіць з іх "партызан". Разумееце? Яны павінны будуць увайсьці ў атрады Мухі, як партызаны, а потым і... Муха будзе ў нашых руках.

— Так, так, тысячу раз так! Пан Сарачынскі кажа справу. Гэта і будзе самы правіловы шлях да Мухі.

Пан Сарачынскі, падбадзёрыўшыся, дадаў:

— Болей скажу, панове, часу траціць нельга. Трэба ісьці па гарачых сьлядох. Прапаную яшчэ зараз-жа тром альбо чатыром з нас пераадзецца ў сялянскія вопраткі і пайсьці ў глыб лесу, каго-небудзь ды спаткаем з людзей Мухі. Скажам, што мы — сяляне, словам, прыдумаем ужо што сказаць, пацярпелі ад паноў і г. д. Папросім дапамогі і абароны... А там будзем бачыць.

Ластоўскі гэтым плянам быў зусім здаволены.

— Згодзен! — сказаў ён. — Толькі хто, панове, пойдзе на гэту справу? Справа, вядома, небясьпечная, але памятайце — "Жэч Паспаліта!"

— Я іду! — горда сказаў Сарачынскі... — І я, і я, і я, — неахвотна падтрымлівалі другія.

Хутка былі пасланы два жаўнеры ў бліжэйшую вёску за сялянскімі вопраткамі, а яшчэ праз некалькі хвілін тры фігуры аддзяліліся ад атраду і пашлі ў глыб лесу.

16

Сьцёпка трымаўся вельмі паважна. Ён надзвычайна глыбока адчуваў, што ён адпаведны перад самім атаманам за цэльнасьць яго лягеру. Расхаджваючы каля лягеру, ён праз кожныя тры хвіліны заходзіў у зямлянку да Насты і супакойваючым голасам казаў:

— Ты можаш адпачыць. Я-ж на варце, усё будзе добра...

Наста сьмяялася. Сьмяяліся і вартаўнікі, якіх пакінуў сачыць за лягерам Муха. Нарэшце адзін з вартаўнікоў, сьмяючыся, сказаў:

— Ты-бы, Сьцёпка, схадзіў у разьведку, а то, ведаеш, браце, могуць на нас напасьці...

Сьцёпка падумаў і запытаўся:

— А атаман пасылаў хлопцаў у разьведку ці не? Сьцёпка наўмысьне рабіў націск на слова „атаман", каб давесьці аб тым, што ён добра ведае лясны этыкет.

— А як-жа, бязумоўна, посылаў... заўсёды, браце, хадзілі ў разьведку.

— І гэта справа! — адказаў Сьцёпка і сплюнуў. Гэта ён таксама зрабіў таму, што так рабілі дарослыя партызаны, калі яны курылі. Сьцёпка ня курыў, але сплюнуць яму трэба было дзеля саліднасьці. Прыняўшы хлапатлівы від, Сьцёпка сказаў:

— Ну, дык я пайду. Вы ўжо тут у гэты час, калі ласка, даглядайце як сьлед за Настай.

Сьцёпка зрабіў некалькі крокаў наперад.

— Эй, Сьцёпка! — крыкнуў паўстанец, — я-ж пажартаваў. Кінь, ня трэба хадзіць у разьведку.

Сьцёпка спыніўся, паморшчыўся крыху, сплюнуў і пашоў далей.

Радасна было Сьцёпцы... У яго на душы жаваранкі сьпявалі, калі лесам ён ішоў у разьведку.

І не заўважыў Сьцёпка, што прашоў ужо далей, як трэба, і не заўважыў, што крокі яго былі накірованы па шляху да роднай спаленай вёскі.

Ужо падышоў Сьцёпка да шляху, як запрымеціў, што ў глыб лесу ідуць нейкія тры фігуры.

Сьцёпка хацеў схавацца, але сорамна яму стала. Як гэта так: партызану — ды хавацца і ад каго — ад сялян Рашучымі крокамі Сьцёпка накіраваўся да трох сялян, якія, заўважыўшы Сьцёпку, таксама пашлі яму насустрэчу.

Падыходзячы да іх, Сьцёпка насунуў шапку ніжэй на вочы. Ён рашыў, што гэтак у яго будзе больш таёмны выгляд.

— Што, адкуль і куды? — пачаў чыніць дапрос Сьцёпка.

— Ды мы, хлопчык, вясковыя... Аграбілі нас палякі, спалілі вёску, вось і ўцякаем, куды вочы глядзяць...

— Так... так. А бацьку ў цябе забілі?... запытаўся ў гаварыўшага Сьцёпка.

— Адкуль, хлапчук, бацьку? Бацька раней памёр. Мне-ж самому бадай ужо пад сорак будзе.

— Ці-ж ня ведаеш сколькі? — запытаўся хлапчук.

— Ды дзе там...

<picture>

— А мне дзесяць! — горда сказаў Сьцёпка.

— Дзесяці гадоў! — нібы зьдзівіўся селянін, — а ўжо гэткі адважны. Адзін па лесе ходзіць.

Для большай сурёзнасьці Сьцёпка дадаў:

— І да дзяўчат адзін хаджу.

— Во малайчына, — аж вохнуў ад радасьці селянін.

— Але-ж куды нам ісьці цяпер і што рабіць? — прытварыўшыся, што ўздыхае, запытаўся адзін з сялян.

— Куды, вядома куды — да Мухі. Ён прытуліць. Ён браце, ого-го-го за сялян! — сказаў Сьцёпка.

Сяляне пераглянуліся, і адзін з іх хутка дадаў:

— Ды і мы чулі, што Муха заўсёды дапамагае сялянам...

— Заўсёды! — дадаў Сьцёпка.

— Так, так. Толькі ня ведаеш ты, хлопчык, як да яго прайсьці?

— Яго хаця-ж цяпер няма, але... — разважаў Сьцёпка.

— А дзе-ж ён?... разам запыталі сяляне.

— Гэтага так я вам і сказаў. Дудкі! Ваенны сакрэт. Разумееце? А калі хочаце ў паўстанцы ісьці, дык адвяду.

— Хочам, — сказаў адзін з сялян, — толькі адкуль-жа ты ведаеш, як прайсьці да яго?

— Я сам — партызан. Майго бацьку і Базыля палякі забілі. А я ў партызаны!..

— Пойдзем-жа...

Ня ведаў Сьцёпка, якіх лютых ворагаў ён вёў у лягэр да Мухі.

17

Са сьпевамі ехаў атрад жаўнераў. Ён сёньня сьвяткаваў пабеду. Вёска была ў яго руках. Ехаў атрад спакойна. Толькі коні пужліва фыркалі, з трывогаю паглядаючы на лес. Ціха ў лесе. Лес прытуліўся, замахнуўшы над атрадам нож.

Кеды наша кампанія ў Бялорусі стаяла

Мы пісалі Пілсудзкему, же мы небоялысе,—

<picture>

сьпяваў атрад. Ды раптам абарваўся сьпеў. З канавы, што шла водаль шляху, грукнуў выстрал. Не пасьпелі жаўнеры ўцяміць, у чым справа, як раздаўся залп і затараторыў кулямёт. Метка быў накірован першы залп, метка гутарыў кулямёт. Усякае слова — сьмерць. Та-та-та-та! — зьвінеў ён. Абарваўся сьпеў. Нейкімі асколкамі рэха песьні зьвянела па лесе, а ўжо большай паловы атраду ня было...

Спуджаныя коні спачатку зьбіліся ў кучу, а потым пачалі несьці коньнікаў у розныя бакі. Ды шмат коньнікаў ужо ня было. Хто паспоўз на шыю каню і сударажнымі ахаладзеўшымі пальцамі трымаўся за грыву, хто разам з канём ляжаў на зямлі, а каго, упутаўшагася ў страмёны валаклі па зямлі коні. Хутка ўжо й ня было у каго страляць! Толькі некалькі, застаўшыхся цудам у жывых, уцякалі, ды два кані, як ашалеўшыя, кружыліся на адным месцы, нейкім чынам павадком вузды зачапіўшыся за сваіх быўшых гаспадароў.

Заўважыўшы, што па напрамку ў глыб польскага тылу выпадкова ўцякалі непадстрэленымі нейкія два польскія афіцэры, Муха выбег на шлях і, схапіўшы каня, па хаду ўскочыў на яго і паімчаў у дагонку.

— Эх, гарачая галава, ці можна гэтак?..

І адзін з старых таварышоў Мухі кінуўся бягом яму ў дапамогу. Пачалася бешаная пагоня аднаго супроць тых, хто здолеў уцячы з вялікага атраду... А Муха ўсё мацней падбірае павады. Ён рашыў дагнаць — ён і дагоніць...

Некалькі вёрст імчаўся Муха за коньнікам і вось, вось насьцігае яго. Коньнік, шчыльна тулячыся да каня, уцякаў ва ўсю. Вось, вось дагоніць...

Але конь пад Мухай пачаў усхрапываць і спатыкацца. З дасады Муха рэвольвэрам ударыў каня. Конь яшчэ мацней спаткнуўся, прабег некалькі крокаў і паваліўся.

Муха пацягнуў каня за вузду, — нічога. Тады Муха уставіў у вуха каню дула рэвольвэра. Конь ціха ляжаў, і толькі вочы яго мутныя і вялікія былі сьлізістымі, — нібы сьлёзы на іх набеглі.

Глянуў на каня Муха і адышоў ад яго ў бок. Сорамна стала Муху...

18

Сьцёпка, ня ведаючы, што людзі могуць гэтак маніць, вёў у штаб да Мухі "сялян".

Ён горача спачуваў ім, гэтак шмат пацярпеўшым ад паноў.

— Вашу вёску таксама спалілі? — запытаўся Сьцёпка.

— Так, так, спалілі, родненькі, спалілі, — адказвалі сяляне.

— Ваша моладзь таксама ў максамольцах? — не супакойваўся Сьцёпка.

— Усе, усе... так, гм... так, — прамычалі сяляне.

— Есьці мусіць здорава хочаце? — ізноў запытаўся Сьцёпка. I, не дачакаўшыся адказу, дадаў:

— Ну, ну, нічога, пацярпеце, — зараз прыдзем, дык накормім.

— Хлопчык, — ціха запытаўся адзін з сялян, — а нас адтуль ня выганяць?

— Не, Муха сялян ніколі не прагоніць. Гэта, каб вы былі паны, ну дык тады вядома, мы тады ого... го... го... — з запалам сказаў Сьцёпка.

— Дык ты вядзеш нас да самога Мухі? — нібы ня верылі сяляне.

— Да самога — з пагардай адказаў Сьцёпка і пачаў шырока расстаўляць крокі, каб выглядаць сталым.

— А ці-ж Муха цяпер у лесе? — запыталіся сяляне.

Сьцёпка глянуў на сялян поглядам апякуна й сказаў:

— Гэта сэкрат, дзе Муха. Адным словам, ён мяне ўпаўнаважыў пільнаваць за штабам.

І для большай да сябе павагі Сьцёпка зноў сплюнуў.

— Зараз мы ўжо і прыдзем.

— А шмат-жа мусіць цяпер народу ў Мухі? — запыталіся сяляне.

— Ды шмат, але толькі цяпер усяго нас трох чалавек засталося, ды Наста з маткай.

Сяляне пераглянуліся.

Лягер Мухі ўжо саўсім блізка

— Зараз за гэтым балотцам і наша хата, — сказаў Сьцёпка.

Сяляне чамусьці зноў пераглянуліся, і адзін з іх нешта прашаптаў на вуха другому.

— Эй, таварышы! — крыкнуў Сьцёпка, — давайце паесьці вось гэтым сялянам, іх вёску палякі спалілі. Яны ўцяклі ў лес; вось я і прывёў іх сюды.

Партызаны, якіх Муха пакінуў на варце, падазронна аглядалі прышоўшых.

— Вы з якой вёскі? — запытаўся адзін з партызан у прышоўшых.

— Ды мы Янкаўскія, панок...

— З Янкавіч. Спалілі нас паны.

— Мы ўцяклі... білі нас палякі...во, паглядзеце на цела, якія рубцы пакінулі! — З гэтымі словамі адзін з сялян адшпіліў каўнер свае кашулі й паказаў на свае грудзі.

І сапраўды, на грудзёх селяніна красавіліся крывавыя палосы.

Партызаны пачалі супакойвацца.

— Настулька! Дай-жа паесьці падарожным людзям, — загадваў Сьцёпка.

Настулька выбегла з зямлянкі.

Доўгім поглядам карых вачэй глянула яна на прышоўшых. "Ды што гэта я, — кіўнула галоўкаю Наста, — ня ворагі-ж нам сяляне".

Пад словамі "нам" Наста думала ўжо аб партызанах.

— Зараз, Сьцёпка, дам ім паесьці, — адказала Настулька і зноў зьнікла ў зямлянцы. Падышлі паўстанцы да сялян. Што-ж, паўстанцы — таксама саляне.

Бывае гэтак: хочацца, ой як хочацца пагутарыць аб жыцьці вёскі... Бывае гэтак: агрубеўшае сэрца хоча ціхіх слоў аб родных вёсках, у якіх жыцьцё, як раўчачок, спакойна бяжыць.

Падышлі паўстанцы ўсім наліччам сваіх сіл — удвох і Сьцёпка. Падышлі і з ласкаю глядзелі на вясковыя лахмоцьці.

Што бачылі яны ў гэтых вопратках?

Мусіць кожны сваё, — роднае, дарагое...

Прыбегла Наста. Прынесла хлеба, сала, малака.

— Ежце, калі ласка, — запрашала яна. І, саромліва ўхмыляючыся, дадала:

— Чым хата багата, тым і рада.

— Дзякуем, адказаў адзін з сялян і гэтак пільна паглядзеў на дзяўчыну, што яна засаромілася зусім і зноў пабегла ў зямлянку.

Сяляне пачалі сьнедаць. Каб не перашкаджаць ім, паўстанцы крыху адышлі.

— Дзе-ж ты знашоў іх? — запытаўся паўстанец у Сьцёпкі.

— Ды каля лесу.

— Ня трэба было-б усё-ж, Сьцёпка, прыводзіць іх сюды, у лягер.

— Слухай, братка, ты, я бачу, хочаш са мною пасварыцца, — сказаў Сьцёпка. — Ужо-ж усё роўна прывёў іх, дык нічога ня зробіш.

— І гэта праўда, Сьцёпка...

А сяляне елі і ціха між сабою гутарылі.

— Вы ўдвох — на таго, што сядзіць з таго боку, а мы ўдвох — на таго, што бліжэй сюды да нас стаіць.

— Ды глядзеце, каб гэта шчанё не ўцякло адгэтуль...

— Ну, пачынайма, толькі глядзеце, хлопцы, каб разам.

19

Сядзеў Муха каля каня на карчы, сядзеў і чагосьці панахмурыўся, як тая хмара. Часта ўглядаўся Муха ў вочы каню. Вочы каня для добрага паўстанца болей кажуць, чымсьці вочы дзяўчыны.

Паміраў конь, і Муха, як добры яго таварыш, не пакідаў яго ў апошнія хвіліны.

Ён ужо ня думаў аб тым, каб даганяць афіцэраў, якія ўцяклі. Ён так проста, спакойна сядзеў, а потым раптам, нібы нейкая думка захапіла яго ўсяго, ён усьміхаючыся пачаў пакрыху зьяжджаць з карча на зямлю, нібы мускулы адмовіліся яму служыць. І нарэшце зусім зваліўся.

<picture>

Мусіць заўважылі польскія афіцэры, што няма за імі пагоні, бо пачалі ўжо супыняць коняй. Нарэшце адважыліся аглянуцца... нікога... Тады афіцэры спынілі сваіх коняіі.

Спынілі і пачалі ў бінокль глядзець назад.

Дзіўны малюнак стаяў перад іх вачыма: ледзьве відны, на шляху ляжыць конь, а побач з ім гнаўшыся за імі вайсковы.

Няўжо-ж гэта яны, калі адстрэльваліся — папалі?

— Забілі! — сказаў адзін з афіцэраў.

— Так, так... бязумоўна. Бачыце, я з пачатку думаў, што іх дужа многа і потым...ніяк каня ня мог спыніць. А потым, як агледзіўся, што гоніцца за намі адзін толькі, дык спыніў каня і, добра прыцэліўшыся, забіў яго.

— А мне здаецца, пане Заблоцкі, што я яго застрэліў яшчэ да таго часу, як вы спынілі свайго каня, захіхікаў другі афіцэр.

— Але як бы там ні было, а трэба зараз пад'ехаць да яго й агледзіць паперы.

Толькі што ўцякаўшыя цяпер з гордым выглядам ехалі назад. Хто іх бачыў дзьве хвіліны таму назад, дык цяпер-бы не спазнаў.

Коні нясуцца; во бліжэй і бліжэй іх вораг. Зараз яны ўжо ўбачаць забітага імі.

Пад'ехалі. Нават усякай прадасьцярогі забыліся, — гэтак упэўнены былі ў тым, што забілі коньніка, які гнаўся за імі.

Спрытна саскочылі з коняй і рашучымі крокамі накіраваліся да ляжачага на зямлі чалавека.

Падышлі...

20

Настулька сядзела ў зямлянцы, каля мацеры і прыслухоўвалася, ці не варочаюцца паўстанцы.

Слухала, слухала з трывогаю любячае сэрца.

Вось нешта і зашумела ў лесе.

Узрадавалася Настулька — вярнуліся, мусіць.

Пабегла да выхаду — сустракаць, ды нехта моцна схапіў яе за рукі.

— Пачакай, галубка, — не сьпяшайся. Нікуды не ўцячэш.

Наста спынілася і ад неспадзяванасьці толькі вачыма моргала... Перад ёю стаялі тыя самыя сяляне якіх яна толькі што запрашала сьнедаць.

— Што вы хочаце? У чым справа? Ды скажэце-ж! — закрычала Наста.

— Няма аб чым гаварыць.

— Толькі, галубіца ясная, ня думай уцякаць, бо задарма толькі боты будзеш псаваць.

— А ты, старая карга, чаго насупілася? — зьвярнуўся адзін з сялян да маці Настулі.

Наста нічога яшчэ не разумела, але адчуваючы, што здарылася нешта вельмі жудаснае, імпэтна кінулася ў бок да выхаду.

Не пасьпела яна зрабіць і некалькі крокаў, як яе ухапіў за косы адзін з увашоўшых сялян.

— Ратуйце! — крыкнула Наста.

— Ня крычы дарэмна. Няма каму ратаваць. Усіх ужо павязалі.

Настулька дзіка ўскрыкнула. Яна чула нібы думкі яе пачыналі блутацца.

— А пекная паненка, — сказаў адзін з сялян, — мабыць палюбоўніца Мухі...

— А, ну дык дай-жа пацалуемся.

І, схапіўшы дзяўчыну за вопратку, ён пачаў рваць усё, што было на ёй.

Сьцёпка, які ляжаў зьвязаны каля зямлянкі, разам з другімі двума таварышамі, думаў, што „сяляне“ ў гэты час рэжуць Настульку. Яго маленькую галаву гарачымі вугольлямі пяклі гэтыя думкі. Пачуўшы крык Насты, Сьцёпка ня ўстрымаўся. Што было ў яго сілы ён закрычаў:

— Муха, сюды! Вось яны! Ату... ату іх!...

Пачуўшы слова "Муха“, "сяляне", як шалёныя, выбеглі з зямлянкі і з пераляку пусьціліся ўцякаць. Але перапалох адразу-ж і прашоў. Яны ўбачылі, што нікога ня было, што гэта мана.

— Ы-ых, шчанё! — крынуў адзін з уцякаўшых на Сьцёпку. Пачакай! Я цябе за гэта застрэлю, як сабаку!

... тваю маць! — крыкнуў Сьцёпка.

Ён наўмысьне вылаяўся так моцна, як толькі мог. Ды іншых слоў да гэтых людзей ён і не знаходзіў.

Сьцёпка лічыў, што ён ва ўсім вінават. Яму было сорамна перад Мухай. Ён хацеў, каб яго застрэлілі.

21

— Аглядай яго паперы, — з паважным відам сказаў адзін з афіцэраў другому.

Выконваючы гэты загад, афіцэр падышоў да Мухі і крануў яго плячо, каб павярнуць яго кішэнямі дагары.

Гэта ўдалося афіцэру. Ён павярнуў ляжачага партызана. Павярнуў — і ад жудасьці ў афіцэра валасы пачалі падымацца. Перад ім ляжаў саўсім не забіты, а нават наадварот — сьмяючыся, з рэвольвэрам, накірованым на афіцэра, малады хлапец.

Афіцэр, згубіўшы ад неспадзяванасьці розум, неяк жаласна аглядаўся ва ўсе бакі, шукаючы дапамогі. Толькі дарэмна ён яе шукаў, бо яго „колега“ быў заняты агляданьнем падсумкаў у сядле і нічога ня бачыў.

Трымаючы аднэй рукою рэвольвэр, Муха другую паклаў сабе на рот, паказваючы гэтым, каб афіцэр маўчаў.

І гэта нібы сыгналам было афіцэру. Выхваціўшы рэвольвэр з кобуры, ён закрычаў ва ўвесь голас:

— Здавайся! — і тут-жа зваліўся ад кулі Мухі.

Другі афіцэр, які аглядваў у гэты час сядло, пачуўшы выстрал і крык, хутка абярнуўся.

Заўважыўшы, што рэвольвэр сваім халодным вокам глядзіць на яго, афіцэр рашыў, што гэта ў яго стралялі, што гэта ён забіты і, конвульсыўна перадзёрнуўшыся, зваліўся.

Муха спачатку зьдзівіўся, а потым, зразумеўшы ў чым справа, весела засьмяяўся.

— Гэй, ты! — крыкнуў ён сьмяючыся афіцэру. — Ты-ж жыў, сапраўды жыў. Самае найвялікшае, што зрабіў я табе выстралам, дык гэта расстройства жывата. Ну, ну, падымайся!

Афіцэр чуў словы, чуў сьмех і ня ведаў, дзе ён іх чуе, ці на зямлі, ці мо' ўжо на небе. І толькі, калі да яго падышоў Муха і, крануўшы за плячо, крыкнуў: — „Уставай!“ — ён пакрыху пачаў падымацца.

— Хто кіраваў налётам на вёску? — запытаўся Муха.

Афіцэр маўчаў.

— Слухай, я дужа ня люблю болей двух раз задаваць адно і тое пытаньне. Хто кіраваў налётам на вёску?

Афіцэр перадзёрнуў плячыма, нібы кажучы, як можна задаваць гэтакія пытаньні яму — афіцэру польскае арміі.

— Ды ты не саромся. Мне не аб гэтакіх справах апавядалі вашы гэнэралы, а ты толькі паручнік. Мне ня сорам сказаць; я — Муха...

Пачуўшы слова „Муха“, афіцэр адразу асеў, зьбег з яго ўвесь гонар афіцэра польскай арміі і застаўся ўсяго-на-ўсяго, напалоханы гэтым моцным імем, просты чалавек...

— Дык кажы!

— А...Ластоўскі! — хутчэй рухам вуснаў, чым словамі, працадзіў афіцэр.

— Ластоўскі?! — перапытаўся Муха, нібы нешта ўспамінаючы...

— Дзе-ж ён цяпер? Уцёк з атрадам ці мо‘ забілі яго там?

— Яго з атрадам ня было, — адказаў афіцэр ужо больш рашучым голасам.

Афіцэру цяжка спачатку было згубіць сумленьне і пачаць здраднічаць, а раз ужо пачаўшы, ён нічога ўжо не губляў.

— А дзе-ж ён быў? — запытаўся Муха.

— Ластоўскі з гуртком афіцэраў, адзеўшыся ў вопратку сялян, пашоў шукаць ваш лягер, шукаць вас....

Нібы маланкамі, перадзёрнуўся лоб Мухі маршчынамі....

— Дык вось як... і гэта той самы пашоў, што даваў слова ніколі ня выступаць супроць паўстанцаў... Так, н...ну...добра, аддай сюды сваю зброю! — загадаў Муха.

Афіцэр выканаў загад.

— Цяпер за мною! — сказаў Муха, накіроўваючыся ў гашчар.

22

Зьвязаны Сьцёпка ляжаў. Крычаць ён ужо ня мог. Брудную анучу ўсадзілі яму ў рот.

Чуў Сьцёпка, як з зямлянкі несьліся крыкі; хацеў, о, як ён хацеў дапамагчы Настульцы і яе маці. Але-ж што зробіш, калі скруцілі яго.

А ў зямлянцы гаспадарыў Ластоўскі. Вярнуўшыся пасьля крыку Сьцёпкі, ён яшчэ болей азьвярэў.

— А, нічога сабе любоўніца ў Мухі, — зарагатаў ён...

— Так, так, пекная дзяўчына, — паддакнулі яго таварышы.

— Ну, прытулі-ж мяне, польскага афіцэра, — рагочучы, казаў Ластоўскі. — Чаго-ж ты засмуцілася? Чым- жа я горшы за гэтага мужыка?

Наста забілася ў кут зямлянкі і стаяла нярухома. З вачэй яе маці ліліся сьлёзы.

Між тым Ластоўскі ўсё болей зьвярэў.

Прыгожая ў сьлёзах Настуля дужа яму падабалася. Парваны на плячы кавалак яе кофты прымушаў бурліць яго кроў.

Падбегшы да Настулі, Ластоўскі крыкнуў:

— Дык абнімі-ж мяне! — і схапіў яе рукамі за плечы.

Афіцэры лёкайскі адвярнуліся ў другія бакі, нібы занятыя былі другой справай, нібы нічога ня бачылі.

Наста закрычала.

Маці Насты, ня маючы болей сілы стрымацца, кінулася на падмогу і, схапіўшы за руку Ластоўскага й цалуючы яе, пачала прасіць не чапаць яе дачкі.

Ашалеўшы Ластоўскі, няпрытомны ад гневу за тое, што яму перашкаджаюць, выхапіў рэвольвэр і рукаяткаю стукнуў па галаве старухі.

Старая ўпала на зямлю.

— Ня люблю, калі хто становіцца папярок маёй дарогі! — з пагардай сказаў Ластоўскі.

У вачох Насты закружыліся зялёныя йстужкі, і яна, губляючы сілы, звалілася.

— Нічога, будзе жыва галубка, — і, зьвярнуўшыся да сваіх, Ластоўскі дадаў:

— Выйдзем на хвіліну адгэтуль, трэба парадзіцца... Афіцэры на чале з Ластоўскім вышлі.

— Зараз мы адгэтуль павінны будзем уцякаць, бо яшчэ могуць вярнуцца гэтыя бандыты... Як выйдзем на шлях, дык вы, пане Сарачынскі, паедзьце ў бліжэйшую вёску, вазьмеце там лепшага каня і ляцеце ў горад! Вазьмеце там сілы і, ацапіўшы лес кальцом, пачнеце наступ. Адгэтуль Муху ўжо не ўцячы... Але не, гэтак ня трэба рабіць. Я ўжо лепей прыдумаў. Вы, Сарачынскі, зараз-жа бяжэце ў вёску, дарогу як-колечы знойдзеце. Патрабуйце сабе надзейных жаўнераў і з імі наладзьце вось тут, каля зямлянкі, засаду. Гэтак будзе правіловей. Толькі глядзеце, каб да вечару засада была на месцы.

<picture>

— Слухаю, пан паручнік, — адказаў афіцэр.

— Ну, дык і ў дарогу. А мы зараз-жа таксама. Паведамце там, што я крыху рашыў адпачыць — дзён 6-7. Я лічу, што я заслужыў сабе права правесьці некалькі дзён з вось гэтай вайсковай здабычай. — І Ластоўскі паказаў на зямлянку, у якой ляжала Наста.

— Бязумоўна, пан паручнік,— згадзіўся Сарачынскі.

Апошнія словы афіцэра чуў Сьцёпка, зразумеў ён усім сваім сэрцам, што вялікая небясьпека пагражае Муху. Абавязкова трэба папярэдзіць Муху. Сьцёпка не пашкадуе жыцьця, абы толькі перасьцерагчы Муху. Што жыцьцё яго, Сьцёпкі, гэтакае маленькае жыцьцё, у параўнаньні з жыцьцём таго, каго Сьцёпка так любіць.

23

Надыходзіў час змроку — час, у які сяляне зьбіраліся па вёсках на прызбах пагутарыць аб розных справах, а галоўнае — аб паўстанцах, ды аб іх кіраўніку — Муху. У вёсках цяпер ціхая гадзіна.

А лес, са сваёю лахматай, шумлівай душою, жыве... Нейкія цені ўзброеных людзей, накірованыя чыёйсьці моцнай рукою, са ўсіх бакоў ахаплялі лес. Нехта некаму па-за соснамі рыхтуе сьмерць.

Нахіляюць адна да другой сосны галовы, шапацяць адна аднэй апошнія навіны аб паўстанцах і іх барацьбе.

І мусіць шмат падманьваюць адна адну, бо, зьдзівіўшыся сваім-жа байкам, сосны паважна ківаюць сваймі галовамі.

Цёмна, хоць вока выкалі.

А вось сунуцца людзі. Няма таго, каб паспаць. Сунуцца. А лес жартуе з людзьмі: то лапай-хвойкай пэцне ім па носе, то падножку карчом падставіць. Людзі тады кідаюцца, стогнуць.

А лес рагоча.

Сунуцца людзі, спатыкаюцца.

Адзін аднаго напалохаўшыся, адскочаць, шчолкнуць са страху затворамі, крыкнуць „хто тут?“ і, пазнаўшы сваіх, ізноў ідуць.

Далёка ў глыб лесу зашлі людзі.

Падышлі да таго месца, дзе днём зямлянка Мухі была, а ўночы — лес ды карчы, і нічога болей ня ўбачыш.

Але нехта, мусіць ведаючы гэта месца, загадаў спыніцца.

І праз хвіліну заляглі на гэтым месцы, прытуліліся, нібы карчы.

А лес аж вушы-хвоі к верху падцягнуў.

Слухае стары уважна. А потым будзе шопатам усім апавядаць аб тым, што тутака здарылася.

Паляглі людзі — і нібы няма іх.

А з другога боку, па напрамку да зямлянкі, з адрэзамі ды гарматамі ідзе другая грамада.

Гэтыя хлопцы не спатыкаюцца ў лесе, бо яны лес добра ведаюць.

Ідуць хлопцы грамадою, вясёлыя, сьмелыя.

Ідуць хутка, як варочаючыся пасьля вялікай дарогі перад сваёю хатай.

Ідуць...

Недалёка ўжо зямлянка. Толькі раптам сьвіст пракаціўся па лесе.

Можа хто і падумаў, што гэта пугач засьвістаў, але хлопцы адразу ўсе, як адзін, насьцеражыліся.

Зноў пранёсься сьвіст...

— Ну, гэтак і ёсьць — трывога...

І ноччу ў лесе чорнаю маланкаю разьвярнулася грамада ў ланцуг, бліснуўшы адрэзамі.

Блізка, блізка адзін ад аднаго, гуськом крануўся ланцуг па напрамку да таго месца, адкуль зьвінеў бязупынна сьвіст.

Нарэшце правафланговы, стаяўшы на чале атраду, дашоў да таго месца, адкуль чуўся сьвіст.

— Муха! — з вуснаў у вусны пабегла па ланцугу.

І не пасьпела да канца прабегчы гэтае слова, як неслася ўжо другая вестка:

— У зямлянцы — панская застава.

Панеслася вестка па ланцугу, б'ючы словамі, як шротам, па сэрцы паўстанцаў.

— Наперад! Да зямлянкі! — зноў перадавалі адзін аднаму загад.

Чым бліжэй падыходзілі да зямлянкі, тым цішэй ішлі хлопцы.

У іх сэрцах гарэла помста.

Як адважыліся паны падыйсьці да іх штаб-кватэры?

Ішлі хлопцы ўпэўнена. Яны ведалі — яны перамогуць!

Хлопцы падрыхтавалі сябе да бойкі. Але калі ўжо зусім можна было адкрыць стральбу і нагнаць на паноў страх, Муха загадаў спыніцца.

Хлопцы ня ведалі, у чым справа. Няўжо-ж іх атаман не рашыўся прыняць бой?

Але не, яны хутка зразумелі, у чым справа. Муха павёў ланцуг вакол зямлянкі, па адным расстаўляючы хлапцоў.

Муха акружыў зямлянку, каб ніводны, пасьмеўшы зайсьці сюды ня вышаў.

Муха сам абышоў хлапцоў.

— Раніцою разаб'ем іх... каб ніводнай кулі дарэмна!

24

Сьцёпку і двух паўстанцаў, што былі разам з ім, зьвязанымі па руках і адзін да аднаго, прывялі ў вёску.

З вёскі, на сялянскім возе, з нарадам жаўнераў накіравалі ў горад.

Сьцёпка аб сабе не клапаціўся. Яго болей усяго непакоіла думка аб тым, што разам з ім няма Насты. Ён чуў, як Ластоўскі казаў, што Насту ня будзе здаваць дэфэнзыве, што ён возьме яе з сабою.

Сьцёпка моцна ўзьненавідзеў гэтага „чалавека", які так абдурыў яго і гэтак зьдзекваўся над усімі.

Сьцёпка думаў: „Лепей ужо ў турме быць, чым у яго руках“...

У горадзе ўсіх трох пасадзілі ў адну камэру. Апрача іх, там сядзеў яшчэ адзін хлапец.

— Ну, ты чаго зажурыўся? — зьвярнуўся да яго Сьцёпка.

— Калі тут б‘юцца, — адказаў плачучы хлапец, — Ні за вошта пасадзілі ды б'юцца!.. А за вошта вас?..

Сьцёпка нахмурыўся. Ён рашыў цяпер нікому нічога не гаварыць, апрача, як у лесе, сваім партызанам.

— За вошта-ж вас? — плакаў хлапец.

— Вось за тое самае... Зразумеў? — І Сьцёпка пад самы нос хлапчука паднёс кулак.

Той з агідаю паглядзеў на Сьцёпку. Паўстанцы засьмяяліся.

Праз некалькі хвілін замок камэры глуха зьвякнуў. У камэру ўвашлі турэмнікі і разьвязалі паўстанцаў.

— Што, галубчыкі, папаліся? — запытаўся адзін з турэмшчыкаў у паўстанцаў.

Крыўдна стала Сьцёпцы, хоць у вуха бі, — крыўдна.

Самымі брыдкімі словамі рашыў Сьцёпка вылаяць турэмшчыка:

— Эх, капіталізма, сволач! Антанта!

— Маўчы, шчанок! — злосна крыкнуў турэмшчык і замахнуўся рукою на Сьцёпку.

Паўстанцы падскочылі з лавак і кінуліся да турэмшчыка.

Той грозна абвёў іх поглядам, але крануць Сьцёпку не рашыўся.

Турэмшчыкі вышлі. Паўстанцы зноў зарагаталі.

Прашло гадзіны дзьве...

Сьцёпка ніколі ня быў у турме. Усё яму было цікава — і лаўкі, на якіх чамусьці днём не дазвалялі сядзець, і краты на вокнах, і турэмная сьцяна за вакном і даўгі калідор за дзьвярыма, па якім хадзіў турэмшчык.

Сьцёпка падыходзіў да вакна і паціху кратаў сваёю рукой рашоткі, каб зразумець, чаму іх ня выламваюць і не ўцякаюць. Рашоткі былі моцныя і саўсім ня гнуліся. Гэта злавала Сьцёпку.

Прашло яшчэ некалькі гадзін; зноў зарыпелі засовы, і дзьверы адчыніліся. Да Сьцёпкі падышлі двое жаўнераў і скамандвалі:

— Выходзь наперад! Дапрос!..

Сьцёпку ўсё гэта вельмі забаўляла, і ён з вялікай ахвотаю вышаў.

Яго правялі па турэмным дварэ і ўвялі ў нейкае памяшканьне. Гэта была канцэлярыя турмы. У ёй супрацоўнікі дэфэнзывы чынілі дапрос.

Сьцёпку прывялі ў пакой. За сталом сядзелі тры чалавекі. На стале ляжалі паперы і бізун. У вадным з сядзеўшых Сьцёпка спазнаў таго самага селяніна, які яго, даверчывага Сьцёпку, гэтак абдурыў.

— Куды дзеў Насту?! — горача крыкнуў на яго Сьцёпка.

Але, замест адказу, Сьпёпка пабачыў, як рука чалавека, у якога ён пытаўся, паднялася.

Сьцёпка пачуў моцны ўдар па галаве, заківаўся, але сабраў сілы і ўстаяў на нагах.

— Пан Ластоўскі! — прашапталі другія на вуха біўшаму Сьцёпку чалавеку, — пачакайце, ён яшчэ нам патрэбен.

І, зьвярнуўшыся да Сьцёпкі, яны ласкава запыталіся:

— Скажы, хлапчук, дзе быў атрад Мухі ў той час, калі цябе схапілі ў зямлянцы.

Сьцёпка маўчаў.

Скажы-ж, мілы!..— нежна зьвярнуўся да Сьцёпкі адзін з чыноўнікаў дэфэнзывы.

Сьцёпка маўчаў.

— Скажы, хлапчук, — не супакойваўся ён, — бо гэты дзядзька будзе моцна біць цябе, калі ня скажаш, — і чыноўнік паказаў на Ластоўскага.

Сьцёпка маўчаў.

— Гавары, халера праклятая! Шчанё бальшавіцкае!

— Гавары, бо скуру з цябе зьдзяром. Глядзі, вунь кроў ужо льлецца з галавы. Гавары, бо жывога месца на табе не пакінем...

Сьцёпка рашыў не вымаўляць ні слова. Дарма, што Сьцёпка малы, ён — ня здраднік.

— Э, дык ты вось як! — крыкнуў Ластоўскі і стукнуў Сьцёпку ў твар.

Крыўдна стала Сьцёпцы, так крыўдна, што аж у горле каменем нешта стала. А з вуснаў, заместа слоў, засачылася кроў.

— Адвесьці яго назад у камэру!

Сьцёпку павялі.

— Я лічу, — са злосьцю сказаў Ластоўскі, — што дапрашваць гэты зброд — толькі час траціць.

— Гэта нейкія фанатыкі. Бачыце, вось гэткае дзіцянё і ад яго ані слова ня вырвеш.

Дайце шыфрованую тэлеграму начальніку баявога вучастку з запытаньнем, што з імі рабіць. І, сказаўшы гэтыя словы, Ластоўскі забраў свае паперы й вышаў.

Ноччу прышоў шыфрованы тэлеграфны адказ ад начальніка баявога вучастку:

— Злоўленых у ноч з 16 на 17 бандытаў — расстраляць кропка Наогул не шкадуйце куль для зьнішчэньня бандытызму кропка Не загружайце тэлеграф гэтакім глупствам кропка Рабіце па свайму погляду.

25

Здавольненай паходкаю варочаўся ў сваю хату Ластоўскі.

Як-жа яму ня радавацца, — ад улады ўвесь час атрымлівае падзякі і надбаўкі пэнсіі. Дый так, чым- жа Ластоўскі ня гэрой. Варваўся ў штаб Мухі і, захапіўшы палонных, уцёк...

„А ўперадзе", разважаў Ластоўскі, „зноў падзякі, чыны, пэнсія... Жэч Паспаліта яго не забудзе. Добра жыць на гэтым сьвеце", думаў Ластоўскі, і ад гэтых думак твар яго зьзяў.

З гэткім тварам увашоў ён у хату.

— А, мілая дзяўчынка! ну, як-жа ты жывеш? — зьвярнуўся Ластоўскі да беднае дзяўчыны, з вялікімі карымі вачыма, якая моўчкі сядзела ў куце, у пакоі.

Дзяўчына нічога не адказала, толькі буйныя сьлёзы засачыліся з яе вачэй.

— Ня плач! Сьцерпіцца — зьлюбіцца, — сказаў Ластоўскі. Вось, бачыш-жа, сама спачатку ненавідзела мяне, а цяпер ужо спакойна слухаеш.

— Падлец! — прашаптала дзяўчына і, як разьяранае ваўчанё, кінулася на Ластоўскага.

Ластоўскі спачатку папяціўся назад, а потым, бачачы, што дзяўчына зноў бяз сілы апусьціла рукі, горда падышоў да яе.

— Навошта-ж гэткія высокія словы: „падлец", "забойца", „здраднік", якімі ўвесь час ты абзываеш мяне? Усё роўна з гэтых слоў табе карысьці ніякай ня будзе. А твой гэты любімы Сьцёпка за іх будзе расстрэлены!

Дзяўчына з мальбою паглядзела на Ластоўскага сваймі прыгожымі вачыма.

— Ну вось, так будзе лепей! — сказаў Ластоўскі і пасунуўся да Насты.

— Не падыходзь! — крыкнула Наста, — не падыходзь, лепей будзе!

У словах дзяўчыны прагрымела такая пагроза і боль, што Ластоўскі рашыў лепей не чапаць яе.

— Што зрабіў ты з маёю маткаю?! — крыкнула Наста.

— Ну, супакойся, прашу цябе, — сказаў Ластоўскі: — Супакойся, бо зараз-жа пайду і аддам загад, каб расстралялі твайго 10-гадовага палюбоўніка і ўсіх тых бандытаў, што захапіў разам з табою.

Сказаўшы гэтыя словы, Ластоўскі падняўся і вышаў у другі пакой, робячы выгляд, што ён ідзе аддаваць загад аб расстрэле Сьцёпкі і другіх партызанаў.

Пашоў. Вось ён, Сьцёпка, проста хлапчук... во, во падымае наган і рукаяткаю б‘е Сьцёпку па галаве... зваліўся Сьцёпка...

— Вярніся! — што было сілы крыкнула дзяўчына.

— Ну вось, гэтак саўсім добра, — сказаў, уваходзячы, Ластоўскі. — Я-ж табе й раней казаў: сьцерпіцца — зьлюбіцца...

Дзяўчына ціха, ціха плакала, каб ня чуў ён, каб не аддаў загаду расстраляць Сьцёпку, толькі плечы яе дрыжалі.

— Ты крыху супакойся, а я па справе пайду. Спадзяюся, што нікуды не ўцячэш, што пільнаваць цябе ня трэба. Бо, помні, я табе ўжо казаў: адзін твой крок з гэтай хаты, і... Сьцёпка, а разам з ім усе твае тыя таварышы пойдуць да бога на споведзь... Бывай-жа, ды ня сумуй!.. Я хутка прыду... сёньня ўжо рашыся... бо калі ня згодзішся... заўтра яны будуць расстрэлены. Даю табе слова. Слова афіцэра польскае арміі. Можаш паверыць. Выбірай-жа...

Ластоўскі вышаў.

26

За некалькі соцень крокаў адзін ад аднаго ляжалі атрады. Адзін і другі чакаў тых, хто побач з імі ляжаў.

А на ўсходзе чырвонымі ніткамі зарніца вышывала на блакіце свае ўзоры.

Трава прымала ў расе ранічную ванну.

Як крыху разьвіднела, Муха пачаў дзейнічаць. Па яго загаду група хлопцаў аддзялілася і з гранатамі папаўзла па напрамку да сядзеўшых у засадзе войск.

Надышлі хвіліны напружанага чаканьня.

І раптам страшэнны выбух разбудзіў і лес і чакаючае войска заставы.

Ня зусім разумеючае, у чым справа, войска заставы, бачачы навакол сябе трупы сваіх таварышоў, падняло паніку.

Пакуль афіцэры пасьпелі наладзіць парадак, жаўнеры кінуліся ўцякаць. Толькі — дарэмна! Куды ня сунуцца жаўнеры — адусюль іх сустракае залп.

„Здрада! Акружаны! Муха!“ насіліся страшэнныя словы ў заспаных жаўнерскіх галовах.

Сілы заставы ўсё памяншаліся і памяншаліся. Ужо жаўнеры кінулі адстрэльвацца, кінулі й вінтоўкі і напалоханым табуном бегалі ў розныя бакі.

Некаторыя, бачачы, што ніадкуль няма выйсьця, яшчэ жывыя падалі на зямлю, думаючы хаця гэтым ратавацца.

Усё цясьней і цясьней зжымаў сваё кальцо Муха. Ужо няма чым дыхаць астаткам войск.

Разгневаныя паўстанцы страшна расплачваюцца з тымі, хто пасьмеў зайсьці ў іх лягер...

І ўсё гэта прашло гураганам. Некалькі хвілін шалёнага „ур-ра‘:, і ўсё сьціхла.

Толькі трупы забітых, ды стогны параненых гаварылі аб толькі што мінуўшых хвілінах.

— Муха! Дзе Муха? — шукалі хлопцы. — Няўжо-ж забілі, ці зноў ранены?

— Ён мусіць у зямлянцы, — дагадаўся нехта.

Кінуліся ў зямлянку. Так і ёсьць. На карчу пасярэдзіне сядзеў атаман, схіліўшы галаву, а побач яго — труп старухі, маткі Настулі. Ні Сьцёпкі, ні Настулькі няма.

Забілі... Не пасароміліся з кабетамі ваяваць.

Схілілі галовы паўстанцы...

— Прывесьці сюды палонных! — загадаў Муха.

Праз некалькі хвілін перад Мухай стаяў палонны вайсковы ў афіцэрскай вопратцы.

— Хто забіў яе? — зрываючымся голасам запытаўся Муха.

<picture>

Ад гэтага голасу халадок прабег па целе афіцэра...

— Пане... не вем...

— Ты ня ведаеш? Маніш, злодзей! — крыкнуў адзін з паўстанцаў і замахнуўся на афіцэра прыкладам.

— Спыніся! — крыкнуў Муха, — абязброенага сорам чапаць! — і, зьвярнуўшыся да афіцэра, ён зноў запытаўся:

— Хто забіў гэтую старуху? Кажы!

— Тут раней быў паручнік Ластоўскі, але калі мы прышлі сюды, тут ужо нікога ня было.

— Значыць і Наста, і Сьцёпка, і Дзьмітра, і Янка ў руках яго...

— Ад палонных жаўнераў адняць зброю і адпусьціць! Афіцэраў — расстраляць! — загадаў Муха.

— Хутчэй стройся у паход, хлопцы, выручаць таварышоў... А зямлянку — узарваць!..

27

Раніцою павялі трох паўстанцаў расстрэльваць.

Па абодвых бакох шляху стаялі жаўнеры. Са скручанымі рукамі йшлі хлопцы.

Твары іх былі бледныя, але йшлі яны цьвёрдым крокам.

Нібы скованыя, заляглі думкі ў галаве Сьцёпкі. Як загнаныя ваўчаняты, біліся яны і царапалі галаву. На лобе яго выступілі кроплі поту, ён увесь час пазіраў па бакох, думаючы аб тым, каб уцячы.

Дзікае дзіцянё лесу — Сьцёпка — ніяк ня мог згадзіцца з тым, што праз якіх паўгадзіны ўсіх гэтых маладых сялян ня будзе...

Сьцёпка ўспомніў, як ён уцякаў ад польскіх афіцэраў, калі яны расстралялі яго бацьку й брата.

Няўжо-ж сёньня Сьцёпка не ўцячэ? Няўжо-ж павінны яны ўсе загінуць...

Дзіўны звычай... расстрэльваць на додніку, калі зарніца сваймі бледнымі пальцамі карабкаецца на неба, калі вецер жартаўлівым хлапчуком цярэбіць і балуецца ў валасох.

Павялі паўстанцаў на край гораду, у поле... Поле вядзе да канавы, дзе сяляне капаюць пясок.

А Сьцёнка ваўчанёткам косіць ва ўсе бакі. Ен яшчэ жыў, але праз хвіліну, калі сонца па стагу зары пачне ўзлазіць на неба, — яго ўжо ня будзе. Ня будзе й яго таварышоў, ня ўбачаць яны зноў Муху.

„Эх! ды лес рубяць — трэскі лятуць!“ уцяшае сябе Сьцёпка прыказкай, якую ён часта чуў ад свайго брата.

„Муха адплоціць“...

Зьвязаных паставілі да канавы, якая землянымі глыбамі падымалася вышэй іхняй галавы, — нібы жывых у гроб паклалі.

Шэрагам доўгай вяроўкі выстраіліся насупроць жаўнеры, гатовыя накінуць пятлю на гэтых хлапчукоў.

Чакалі.

Пачулі — затарахцеў фаэтон. На ім прыехаў доктар, ксёндз і яшчэ нейкі вайсковы, у якім Сьцёпка адразу пазнаў таго, каго называлі панам Ластоўскім.

Хутка саскочыўшы на зямлю, вайсковы стаў між жаўнерамі і паўстанцамі і пачаў чытаць:

..Па прыгавару палявога суду дэфэнзывы N-ай арміі, тры бандыты, адмовіўшыя назваць сваё імя, працаваўшыя ў атрадзе Мухі, прыгаварваюцца да вышэйшай кары — расстрэлу. “

Ксёндз са сьмірэнным тварам падышоў да хлапцоў угаварваць іх, каб прад сьмерцю пакаяліся.

Узьняўшы рукі дагары, ён салодкім галаском шаптаў:

— Дзеці мае, пакайцеся, і айцец ваш нябесны зьлітуецца над вамі.

— Пашоў к . . . незгаворчыва вымавіў адзін з паўстанцаў.

<picture>

— Э... пся крэў! — прашаптаў ксёндз, — так вам і трэба — бэндзеце ў пекле пшэклентыя.

— Да пабачэньня там! — крыкнуў Сьцёпка.

Ксёндз скрывіўся і адышоў.

— Капітан Вайцахоўскі, ад імя дэфэнзывы N-ай арміі, прапаную зьдзейсьніць прыгавар, — сказаў прыехаўшы вайсковы.

Наступіла жудасная ціша. У жаўнераў, набіўшых на гэтай справе руку, ходарам захадзілі вінтоўкі...

28

Хуткім крокам, без адпачыну імчаўся атрад Мухі па лесе, кіруючыся к гораду.

Замарыліся хлопцы за апошні час. Але-ж і адпачыць няма часу.

Ідуць хлопцы грамадою, перамаўляюцца:

— Няўжо-ж мы не пасьпеем выручыць хлапцоў? Быць ня можа!

— Прыбаўляй шагу, дык пасьпеем!

На гэтым і спыняецца гутарка.

Лясное жыцьцё зрабіла з гэтых люлзей ня дужа разгаворчывых.

А сёньня хлопцы так сьпяшаюцца, што нават запамяталі ўсякую прадасьцярогу. Ідуць вялікаю гурбою, усе разам, чаго амаль ніколі з імі ня было.

Крыху пааддаль атраду, з двума сваймі памочнікамі, ідзе Муха.

Ён радзіцца з імі...

— Так, так, таварышы! Я іду наперад. Якім-бы ні было чынам, а турму я адчыню. Пасьля першага выстралу ляціце на падмогу!

Таварышы Мухі з ім не спрачаліся. На тое яны былі яго таварышамі, каб добра яго ведаць. Калі ён рашыў — волі яго ня спыніць.

І, аддзяліўшыся ад атраду хуткім крокам, Муха зьнік...

Вакольнымі невялічкімі вуліцамі ўвашоў Муха ў горад.

Ніхто нават і увагі не зьвярнуў на высокага статнага селяніна, увашоўшага ў горад.

Рашучымі крокамі накіраваўся Муха па напрамку да турмы.

Калі ён вышаў на галоўную вуліцу, на яго падазрэнна глянуў паставы поліцыянт.

Муха заўсёды ішоў па галіне найвялікшага сапраціўленьня; вось чаму, заўважыўшы на сабе пільны погляд поліцыянта, ён пашоў проста на яго.

— Дзе тут жыве начальнік турмы? — запытаўся Муха.

— Ды вунь, ідзеце проста па гэнай вуліцы, самы апошні дом насупроць турмы і будзе яго памяшканьне.

Выслухаўшы поліцыянта, Муха пашоў па паказанаму ім напрамку.

Поліцыянт, моргаючы вачыма, зьдзіўлена глядзеў на адыходзіўшага селяніна.

— Трэба было-б у яго паперы паглядзець, — думаў ён, да так і ня прыняў ніякага рашэньня да таго часу, пакуль Муха зусім ня зьнік.

І гэтак заўсёды рабіў Муха. Там, дзе ёсьць небясьпечнасьць, ён ішоў напралом. Гэткая сьмеласьць ня раз яго выручала.

На краі гораду, насупроць турмы стаяла досыць вялікая будыніна. Муха ўзышоў на ганак і энэргічна загрукатаў у дзьверы.

— Хто там? — раздаўся голас з будыніны.

— Адчынеце, да вас ліст ад начальніка дэфэнзывы. Уласьціваручна самому начальніку.

— Зараз адчынім... — і нехта, крэкчучы і вохаючы падышоў да дзьвярэй. Дзьверы крыху адчыніліся і голас загадаў: — Давай сюды ліст!

— Не магу!.. Мне трэба, я ўжо казаў, уласьціваручна самому хазяіну.

— Ды нічога, гэта заўсёды так пішацца, але заўжды і перадаюцца пакеты мне. Я — жонка начальніка...

— Не! — спрачаўся другі голас, — уласьціваручна самому начальніку.

— Дык калі ён яшчэ сьпіць. Ні сьвет ні зара прыцягнуўся, ды яшчэ шуміш тут.

— Іначай не магу!

— Ну добра, уваходзьце, калі так... пачакайце вось тут, у сенцах. І старая, якая называла сябе жонкай начальніка, пашла ў другі пакой.

Аглянуўшыся навакол, Муха зачыніў дзьверы на ключ і паклаў яго сабе ў кішэню.

— Ідзеце сюды! — загадаў голас з пакояў. Ня будзе-ж начальнік дзеля вашага глупства ўставаць.

Муха увашоў у пакой...

На ложку ў адпачывальне ляжаў начальнік.

— І пасылаюць-жа нейкіх вар'ятаў, — варчаў начальнік.

— Ну, давай сюды, што там у цябе ёсьць!

— Атрымай! — спакойна сказаў Муха і падставіў пад нос начальніка наган.

Блізарукі начальнік працягнуў рукі, думаючы ўзяць пакет, але схапіўся за наган.

— Ай! ай! ай! Зося, ратуй! ратуй! — закрычаў ён і змоўк, бо Муха сьціснуў яму глотку.

А Зося, якая вышла ў другі пакой, мабыць нічога не пачула.

— Слухай — няма часу! Давай сюды пропуск у турму!

— Што?

— Не размаўляй доўга, давай! — і Муха ўзьвёў курок. — Чытай адходную! — загадаў ён.

Зьмяртвелымі губам начальнік пачаў прасіць не страляць яго.

— Давай пропуск! — упарта настойваў Муха.

— Вунь там... у стале.. ляжыць. У папцы... вазьмеце... толькі ня трэба страляць!..

— Сьціхні! — крыкнуў Муха і выхапіў з-пад ляжачага начальніка пасьцілку. Начальнік пакаціўся на падлогу.

Муха падраў пасьцілку на йстужкі і, склаўшы ў некалькі раз, зьвязаў начальніка. Потым пашоў у другі пакой і схапіў начальніцу Зосю.

Абодвых начальнікаў Муха прывязаў адзін да аднаго і паклаў на ложак.

Потым узяў пярыны з другога ложка і накрыў імі.

Нарэшце, адшукаўшы вяроўкі, прывязаў увесь гэты куль да ложка.

Праз хвіліну Муха, з пропускам у турму, вышаў з хаты начальніка і зачыніў, як добры дбалы гаспадар, за сабою дзьверы.

29

Позна ноччу вярнуўся ў хату Ластоўскі.

Наста сядзела на лаўцы ў куце пакою.

Яна ўжо ня плакала. У яе нібы ўсё анямела. Нібы і болю ўжо ня было.

— Слухай, няўжо-ж ты доўга будзеш гэткай? Ну, пасумавала крыху і годзе...

Наста падняла свой бледны твар і бязудзельна паглядзела на Ластоўскага.

— Слухай, другая-б дзяўчына рада была-б, што ёй выпадае гэтакая пашана... Ну, падыйдзі-ж да мяне... — і Ластоўскі працягнуў да Насты свае рукі.

Наста глянула на яго рукі і задрыжала.

— Слухай, ну ўсё роўна ты-ж ад мяне нікуды не ўцячэш. Дык вырашай-жа хутчэй, бо йначай праз якіх паўгадзіны твае знаёмыя будуць расстрэлены. І першым будзе расстрэлена гэта малое шчанё.

Наста ўздрыгнула.

— Вы не пасьмееце яго расстраляць!.. Вам ніхто дазволу ня дасьць на гэта... ён зусім дзіцянё!

Ластоўскі зарагатаў.

— А думаеш, ад каго мне трэба дазвол. Ды хто й даведаецца, што ён дзіцянё? Прозьвішча сваё адмовіўся назваць, — значыць паведамлю, што трох бандытаў, захопленых у лягеры Мухі, расстраляў. А колькі год каму было, гэтага пытацца ніхто й ня будзе... Бандытам быў — і гэтага досыць!..

— Вы яго не расстраляеце... — напалову просячы, напалову падцьвярджаючы, казала Наста. — Не рашыцеся гэтага зрабіць.

— Хто? Я не рашуся? — узбурыўся Ластоўскі. — О, як мала вы мяне ведаеце! Ды калі хочаце ведаць, я ўжо аддаў загад, каб іх усіх расстралялі... трыма сабакам будзе меней. А ты... і так будзеш маёю.

— Што... што?! — закрычала ўстаючы Наста. Вочы яе неяк дзіка расшырыліся, сама яна нібы ў сударзе затраслася.

— Не, не, я пажартаваў! — напалохаўшыся, крыкнуў Ластоўскі.

Але было ўжо позна. Наста, як ашалелае ваўчанё, кінулася на афіцэра і, схапіўшы яго за валасы, пачала кусаць яму твар.

Не памятаючы сябе ад пераляку, Ластоўскі выхапіў рэвольвэр і, улічыўшы хвіліну, ударыў рукаяткай па галаве Насты. Наста закачалася і павалілася на падлогу... хлынула кроў і заліла яе чорныя валасы.

— Пся крэў! Сьцерва! — лаяўся Ластоўскі, круцячыся каля люстэркі і аглядаючы свой твар.

— Сьцёпку расстраляў... маці, маці, дзе ты?.. Рукаяткаю ў галаву. Сьцёпка, не чапай мяне... мае рукі ў крыві... не чапай... і Наста, лязгаючы зубамі, зарагатала.

— З глузду зьехала!.. сабацы сабачы шлях, — падумаў Ластоўскі і выбег на вуліцу.

30

Між тым Муха па пропуску спакойна падышоў да турмы.

Па звычаі, як і заўсёды перад небясьпечнасьцю, ён агледзеўся ва ўсе бакі і тады толькі пазваніў.

Праз хваліну ваконца ў браме адчынілася і паказаўся твар турэмшчыка.

— Што трэба? — сярдзіта запытаўся ён, пабачыўшы, што з таго боку стаіць звычайны селянін.

Муха паказаў пропуск. Брама адчынілася, і ён вольна ўвашоў у двор турмы.

— У вас павінны быць тры арыштанты, якіх учора прывялі да вас?

— Гэта, што з малым хлапчуком? — запытаўся турэмшчык.

— Але, але, яны самыя.

— А ўжо будзе хвілін сорак, як іх павялі на расстрэл.

— Што? — запытаўся Муха.

— Расстрэльваць, кажу, павялі...

— Ага... ну тады мне тут няма чаго рабіць, — сказаў Муха, — адчыні мне браму!

Вартаўнік пажаў плячыма, але шчылкануў замком, адчыняючы браму.

Муха стаў у адчыненай браме, падумаў крыху і запытаўся:

— Слухай, дружа, дзе тут жыве... вой, вой, вой, — запамятаваў яго прозьвішча. Ну, ды я зараз дастану.

Муха палез у кішэню.

Вартаўнік чакаў.

І раптам, не пасьпеў яшчэ зразумець турэмшчык, у чым справа, як пабачыў, замест паперы, у руках прышоўшага рэвольвэр.

Празьвінеў выстрал.

Вартаўнік зваліўся.... Вароты засталіся адчыненымі.

І не пасьпела яшчэ змоўкнуць рэха ад выстралу, як з-за хат, з розных бакоў, імчаліся да турмы сялянскія хлопцы з гранатамі і абразанкамі.

Большасьць атраду, на чале з самым Мухай, кінулася ў адчыненыя вароты.

Астатнія заляглі ланцугом наўкола турмы, каб на ўсякі выпадак быць падрыхтаванымі да адбіцьця войска.

Зьвінела стральба ў памяшканьні турмы. Біліся вакеніцы... зьвінелі засовы... адчыняліся камэры.

Выпушчаныя арыштанты разьлічваліся самі з сваймі турэмшчыкамі.

Частка арыштаваных, узрадаваўшыся волі і нібы ня верачы ёй, не чакаючы канца бойкі, праз адчыненую браму ўцяклі ў лес, нібы баяліся, што йзноў загоняць у сьцены гэтай турмы.

Некаторыя-ж з агідаю грамілі турму, каб нічога ад яе не асталося, каб ня было куды саджаць.

Пачуўшы рэха выстралаў, прачнуўся гарадок. Пачалася звычайная паніка. Поліцэйскія, адстрэльваючыся, хоць і ня ведаючы ад каго, першымі пачалі ўцякаць ад таго месца, адкуль чулася стральба.

Прашло некалькі хвілін. І толькі дзівіцца трэба было, як без дапамогі вулькана здолелі людзі гэтак зруйнаваць турму.

Партызаны абмежаваліся толькі тым, што паадчынялі камэры і аберагалі арыштаваных ад нападу войск.

А гэта ўжо самі арыштанты з гэтакай любасьцю руйнавалі свае жалезныя краты.

Выпусьціўшы арыштаваных, Муха аддаў загад ацапіць і заўладаць горадам, а сам, з невялічкім атрадам, бягом пабег да таго месца, куды павялі расстрэльваць партызан.

Наперадзе яго атраду беглі ў турэмных белых вопратках арыштанты, паказваючы яму шлях.

— Вось ужо блізка, блізка — з вярсту засталося! — крычалі арыштаваныя.

Партызаны беглі, што было моцы.

31

— Можа хто хоча перад сьмерцю пакаяцца? — запытаўся зноў Ластоўскі ў чакаўшых сьмерці партызан.

Ніхто нічога яму не адказаў.

— Можа страшнавата, дык паставім тварам убок да канавы, — клапаціўся Ластоўскі.

— Партызаны маўчалі.

<picture>

Ну што, тады пачынайце! — загадаў Ластоўскі.

Капітан нешта скамандваў.

Неяк машынальна падняліся ў жаўнераў стрэльбы.

„Толькі-б Муха не падумаў, што я здраднік, што прывёў наўмысьне гэтых людзей у яго лягер", мучыцельна думаў Сьцёпка.

Гэта апошняя думка з больлю ныла ў яго галаве.

Капітан падняў шпагу і апусьціў... Няроўны залп азбудзіў раніцу.

— Кругом! Направа! замкніся!.. Шагам арш!

Груганом сярод трупаў пачаў рыцца доктар, каб выпадкова хто-небудзь не застаўся ў жывых.

Прыгавар "суду" быў выкананы. А сонца пазвычайнаму ліло свае праменьні, а жаўранкі паранейшаму круціліся верацяном.

Здаволены выкананьнем справы, ужо садзіўся Ластоўскі ў фаэтон, калі голаснае, дрыжачае болем і злабою "ура" і страляніна зайцам успуганулі яго душу.

Не памятаючы сябе ад страху, Ластоўскі выскачыў з фаэтона і, хаваючыся па канавах, пабег "да лясу".

Усё мацней і мацней зьвінела страляніна, жудасьцю напаўняючы сэрца Ластоўскага.

Страхацьцё дадавала сілы нагам Ластоўскага.

Цяжкім здалося яму афіцэрскае паліто. І ён на хаду зьняў яго і кінуў.

Цяжкім паказаўся і рэвольвэр — выкінуў і яго Ластоўскі, і ўсё бег, бег і бег без аглядкі.

32

Вецер жартліва сьпяваў.

Сінявокі дзень рассыпаў срэбныя праменьні.

Дрэвы нібы й самі сьпявалі ад птушынай шчабятні

І шчабятаньнем насіліся кулі...

Атрад, расстраляўшы паўстанцаў, быў разьбіты.

Партызаны ўварваліся на тое месца, дзе ляжалі трупы іх таварышоў.

З сіня-белымі тварамі ляжалі маладыя хлопцы.

Не хацелася верыць, што ім ужо не падняцца, каб у лясы...

Зьнялі шапкі партызаны. Прыціхлі. Расступіліся крыху... прапусьцілі Муху.

Са сьціснутымі губамі глянуў Муха на забітых.

Хто ведае, колькі болю было ў гэты час у грудзёх ляснога атамана, але з выгляду ён быў нібы спакойны.

— Выкапаць ім магілку і пахаваць! — загадаў ён.

Хлопцы ўзяліся за працу.

Трох разам і пахавалі.

— Цяпер у горад. Шукайце афіцэраў і нікога не шкадаваць! Жыхароў не чапаць! Хто кране жыхара — адказвае сваёй галавою! Атрады Мухі — ня панская армія! Помніце, таварышы.

З непакрытымі галовамі пашлі партызаны ад магілкі сваіх таварышоў у горад.

А калі ўваходзілі ў горад, заўважылі — насустрач ім бяжыць у парванай вопратцы з дзікімі крыкамі жанчына.

— Настулька! — разгледзіўшы яе, крычалі партызаны.

Настулька нікого не пазнавала.

Яна кідалася ва ўсе бакі, уцякаючы ад людзей, і ўвесь час крычала:

— Дзе Сьцёпка? душагубы!.. Дзе?..

Потым пачынала рагатаць, пасьля зноў рабілася сур'ёзнай і зноў крычала:

— Дзе Сьцёпка? Аддайцё!.. — і зноў залівалася рогатам.

— Настулька! — крыкнуў Муха і закусіў сабе губы так, што з іх пацяклі кроплі крыві.

Настулька заблудзіўшымся поглядам глянула на Муху і раптам зноў зарагатала.

— Дайце сыгнал да збору! — крыкнуў Муха, — ды ў лясы, хлопцы. хутчэй! Хутчэй у лясы! — нібы задыхаючыся ад гэтага паветра, крыкнуў Муха.

<picture>



Тэкст падаецца паводле выдання: № 3. БІБЛІОТЭКА „ЧЫРВОНАЯ ЗЬМЕНА“ № 3. - ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ, МЕНСК 1925. - 68 с.