epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Гатэль «Танатос Палац»

— Як акцыі «Стыл»? — запытаў Жан Манье.

— Пяцьдзесят дзевяць з чвэрткай, — адказала адна з дваццаці машыністак.

У стракатанні пішучых машынак было нешта ад джазавага рытму. За акном вырысоўваліся гіганцкія будынкі Манхэтэна. Хрыпелі тэлефоны, і папяровыя стужкі, раскручваючыся з неймавернай хуткасцю, напаўнялі кантору злавесным дажджом серпантыну, спярэшчанага літарамі і лічбамі.

— Ну як «Стыл»? — ізноў запытаў Жан Манье.

— Пяцьдзесят дзевяць, — адказала Гертруда Оўэн.

На хвіліну яна перастала друкаваць і глянула на маладога француза. Ён сядзеў нерухома ў крэсле, абхапіўшы галаву рукамі, сам не свой.

«Яшчэ аднаму не пашанцавала, — падумала яна. — Тым горш для яго... І тым горш для Фані...»

Бо Жан Манье, прадстаўнік ню-ёркскай канторы банка Хольмана, гады два назад ажаніўся са сваёй сакратаркай, амерыканкай.

— А «Кэнікот»? — ізноў запытаў Жан Манье.

— Дваццаць восем, — адказала Гертруда Оўэн.

За дзвярамі пачуўся гучны голас. Увайшоў Гары Купер. Жан Манье падняўся.

— Справы — дрэнь! — паведаміў Гары Купер. — Курс акцый упаў на дваццаць працэнтаў. І знаходзяцца ж дурні, якія не вераць, сцвярджаюць, што гэта не крызіс!

— Гэта крызіс! — прашаптаў Жан Манье і выйшаў.

— Пагарэў, небарака! — сказаў Гары Купер.

— Так, — згадзілася Гертруда Оўэн. — Абанкруціўся. Мне пра гэта гаварыла Фані. Яна сёння ж кіне яго.

— Нічога не зробіш, — прабурчаў Гары Купер. — Крызіс.

 

* * *

 

Прыгожыя бронзавыя дзверы ліфта бясшумна зачыніліся.

— Уніз! — загадаў Жан Манье.

— Ну як «Стыл»?—пацікавіўся хлопчык-ліфцёр.

— Пяцьдзесят дзевяць, — адказаў Манье.

Ён купляў гэтыя акцыі па сто дванаццаць даляраў. Пяцьдзесят тры даляры страты на кожнай. І з другімі яго акцыямі не лепш. Ён уклаў у іх усю сваю невялікую маёмасць, набытую ў Арызоне. У Фані ж ніколі не было і цэнта. Так, гэта канец... Апынуўшыся на вуліцы, ён шпарка пайшоў да метро, прабуючы ўявіць сабе будучыню. Пачынаць усё спачатку? Гэта магчыма, калі б Фані праявіла цярпенне і мужнасць. Ён успомніў, як ён змагаўся, як пасвіў жывёлу ў стэпах Арызоны і даволі скора разбагацеў. Зрэшты, яму ўсяго толькі трыццаць год. Але ён ведаў, што ў Фані літасці няма.

Так яно і здарылася.

Калі назаўтра раніцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзіноце, ён адчуў, што сілы яго пакідаюць. Хоць Фані была і бяздушная жанчына, але ён яе любіў. Негрыцянка прынесла яму снеданне — рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дыні, і папрасіла грошай.

— Дзе гаспадыня, містэр?

— Паехала.

Ён даў ёй пятнаццаць даляраў і падлічыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры... А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнім часам, амаль кожны дзень, у газетах пісалася пра самагубствы. Банкіры, служачыя, біржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбіралі смерць як адзіны ратунак. Скінуцца з дваццатага паверха? Колькі секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце і раструшчанае цела... А калі не памрэш адразу? І ён уявіў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косці, садранае мяса... Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету і пайшоў у рэстаран. І вельмі здзівіўся, што з апетытам з'еў блінцы, палітыя кляновым сіропам.

 

* * *

 

— «Гатэль «Танатос* Палац», Нью-Мексіка...» Дзіўны адрас... Хто мне можа адтуль пісаць?

* Танатос — бог смерці ў старажытных грэкаў.

Было і яшчэ адно пісьмо, ад Гары Купера. Ён прачытаў яго першым. Шэф пытаўся, чаму ён не з'явіўся ў кантору. Ён павінен вярнуць у касу восемсот дзевяноста тры даляры (893)... І якія яго меркаванні на гэты конт?.. Пытанне жорсткае альбо наіўнае. Але ж наіўнасць не была адною з заган Гары Купера.

Ён распячатаў другое пісьмо. Наверсе з густам зробленая гравюрка — тры кіпарысы, а ніжэй тэкст.

ГАТЭЛЬ «ТАНАТОС ПАЛАЦ»

Дырэктар — Генры Берстэкер

Дарагі пан Манье!

Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткі аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугі могуць Вам спатрэбіцца.

Вы не маглі, вядома, не заўважыць, што ў жыцці нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такія фатальныя акалічнасці, з якімі нельга змагацца, і тады прыходзіць думка аб смерці, як аб жаданым ратунку.

Заплюшчыць вочы, заснуць, каб ніколі больш не прачынацца, не чуць ні пытанняў, ні папрокаў... Многія з нас мелі такое жаданне, марылі аб гэтым... Аднак, за вельмі рэдкім выключэннем, людзі не адважваюцца вызваліцца ад сваіх пакут, і гэта зусім зразумела, калі ўспамінаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабіць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзін хацеў пусціць сабе кулю ў лоб, а зачапіў зрокавы нерв і аслеп. Другі, жадаючы навекі заснуць, выпіў снатворнага, але памыліўся дозай і прачнуўся дні праз тры паралізаваны, без памяці, з хваробай мозгу. Самагубства — гэта мастацтва, якое патрабуе культуры і не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.

Маючы гэтакі вопыт, дарагі пан Манье, і, спадзеючыся, што закранутая намі праблема Вас цікавіць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугі. З'яўляючыся ўладальнікамі гатэля, які знаходзіцца на граніцы Злучаных Штатаў і Мексікі і, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасці, пазбаўлены афіцыйнага кантролю і дакучлівых прыватных візітаў, мы прыйшлі да пераканання, што наш абавязак — дапамагаць чалавецтву і тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных і няўхільных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут і, асмелімся сцвярджаць, без усякай рызыкі.

У гатэлі «Танатос Палац» смерць спаткае Вас у сне далікатна і без болю. Тэхнічная спрактыкаванасць, набытая намі за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькі за апошні год мы абслужылі больш за дзве тысячы кліентаў), дазваляе нам гарантаваць і надзейнасць дазіроўкі і хуткі рэзультат. Дададзім таксама, што кліентаў, якіх мучаць сумленне альбо перакананні рэлігійнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намі адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасці.

Мы вельмі добра ведаем, што большасць нашых кліентаў абмежавана ў сродках, бо схільнасць да самагубства, як правіла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскім рахунку. А таму, ніколькі не ахвяруючы камфортам, мы давялі расцэнкі «Танатоса» да мінімуму. Каб пасяліцца ў нас, даволі трохсот даляраў, якія ўносяцца адразу. Гэты невялікі ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмін Вашага знаходжання ў нашым гатэлі — тэрмін, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце — і пакрые выдаткі па самой аперацыі, па пахаванню і па нагляду за магілай.

Таксама важна дадаць, што «Танатос» знаходзіцца на ўлонні прыроды ў цудоўнай мясцовасці, мае чатыры тэнісныя корты, пляцоўку для гульні ў гольф і вялізны басейн для плавання. Кліентура гатэля складаецца з асоб мужчынскага і жаночага полу і амаль уся належыць да высокіх і вытанчаных пластоў грамадства. Сацыяльная згода, якая пануе ў нашым гатэлі, памножаная на незвычайнасць сітуацыі, надае адпачынку ў ім ні з чым не параўнаную прывабнасць. Пасажыраў, што едуць да нас, просім выходзіць на станцыі Дымінг, дзе іх чакае спецыяльны аўтобус гатэля. Аб прыездзе просім паведаміць загадзя, за два дні наперад, пісьмом альбо тэлеграфна. Наш тэлеграфны адрас: «Танатос», Каранада, Нью-Мексіка.

 

Жан Манье ўзяў калоду карт і расклаў іх так, як навучыла яго Фані. Яму выпала ўдача.

 

* * *

 

Падарожжа цягнулася доўга. Поезд шпарка імчаўся міма баваўняных палёў, дзе працавалі негры — чорныя кропкі сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць — так прайшлі два дні і дзве ночы. Нарэшце яны ўехалі ў горы, гіганцкія, фантастычныя, казачныя. Цягнік з гулам ішоў у цясніне паміж высачэнных скал, перасечаных упоперак фіялетавымі, жоўтымі і чырвонымі палосамі. Паміж скал, на палове іх вышыні, доўгаю белаю стужкай віселі аблокі. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексіканцаў у шырокіх капелюшах і вышываных скураных куртках.

— Наступная станцыя — Дымінг, — папярэдзіў Жана Манье негр, праваднік спальнага вагона. — Пачысціць вам чаравікі, містэр?

Француз сабраў свае кніжкі і зачыніў чамадан. Звычайнасць гэтага, што ні кажы, апошняга падарожжа здзіўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталі тармазы. Цягнік спыніўся.

— У «Танатос», сэр? — аклікнуў Жана Манье насільшчык-індзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузіў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькіх бландзінак, якія тупалі за ім услед.

«Няўжо гэтыя дзве мілыя дзяўчыны прыехалі сюды паміраць?» — падумаў Жан Манье.

Яны зірнулі на яго засмучанымі вачамі і прашапталі нейкія словы, якіх ён не разабраў.

Аўтобус гатэля «Танатос» зусім не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглі сабе ўявіць. Пафарбаваны ў ярка-сіні колер, блакітны і жоўценькі ўнутры, ён зіхацеў на сонцы сярод абшарпаных і разбітых аўтамашын, якія надавалі прывакзальнаму двару, дзе не сціхала гішпанская і індзейская лаянка, выгляд рынка, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалі дарогу, абраслі лішайнікам, былі пакрыты блакітна-шэрай смугой, а вышэй выблісквалі металічныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымі вачамі, быў у шэрым форменным адзенні. Жан Манье з далікатнасці сеў побач з ім, каб не дакучаць сваім спадарожніцам. Потым, калі машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваім маўклівым суседам:

— Вы даўно працуеце шафёрам «Танатоса»?

— Тры гады, — прабурчаў шафёр.

— Дзіўная, відаць, работа.

— Дзіўная? — паціснуў плячамі шафёр. — Чаму дзіўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзіўнага?

— Скажыце, вашы пасажыры калі-небудзь вяртаюцца?

— Не часта, — крыху збянтэжаца адказаў той. — Не часта... Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.

— Вы? Сапраўды? Вы прыехалі сюды як... кліент?

— Вось што, містэр, — сказаў шафёр, — я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталіся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас і гэтых дзяўчынак.

— Вядома, не хачу, — згадзіўся Жан Манье і, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усміхнуўся.

Гадзіны праз дзве шафёр моўчкі паказаў яму пальцам на сілуэт «Танатоса», які вырысоўваўся на пласкагор'і.

 

* * *

 

Гатэль быў пабудаваны ў гішпана-індзейскім стылі: нізкі, са ступеньчатым дахам і чырвонымі мураванымі сценамі — грубая імітацыя пад гліну. Пакоі выходзілі на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцье-італіец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краіну, вуліцы вялікага горада, бульвары ў кветках.

— Чорт вазьмі, дзе я вас бачыў? — запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.

— У Барселоне, сэр, у гатэлі «Рыц»... Прозвішча маё — Сарконі... Я выехаў адтуль, калі пачалася рэвалюцыя...

— З Барселоны ў Новую Мексіку! Нішто сабе махнуў!

— О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькі карткі, якія я папрашу вас запоўніць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калі ласка, даруйце, сэр.

Ён падаў гасцям друкаваныя бланкі, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў і падрабязных тлумачэнняў. Кліентам прапаноўвалася дакладна запісаць дату і месца свайго нараджэння, а таксама прозвішчы асоб, якіх трэба апавясціць у выпадку няшчаснага здарэння.

 

«Просьба прыкласці адрасы сваякоў ці сяброў (самае меншае — два) і абавязкова перапісаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма А):

Я, ніжэйпадпісаны, ......, будучы пры сваім розуме і ў цвёрдай памяці, сцвярджаю і сведчу, што сам добраахвотна расстаюся з жыццём, а таму здымаю цалкам з дырэкцыі ўсякую адказнасць, калі са мною што здарыцца...»

 

Седзячы за суседнім столікам адна адной насупраць, дзве прыгожанькія спадарожніцы Жана Манье старанна перапісвалі форму. Ён заўважыў, што яны выбралі нямецкі тэкст.

 

* * *

 

Дырэктар гатэля Генры Берстэкер, спакойны чалавек у акулярах з залатой аправай, вельмі ганарыўся сваім адмысловым пансіянатам.

— Гэта ваш гатэль? — запытаў яго Жан Манье.

— Не, сэр, — гэта ўласнасць акцыянернага таварыства, але ідэя сапраўды мая, і я прызначаны яго дырэктарам пажыццёва.

— А як вам удаецца пазбегнуць непрыемнасцей з боку мясцовых улад?

— Непрыемнасцей! — здзівіўся Генры Берстэкер, страшэнна шакіраваны. — Але ж мы не робім нічога, што супярэчыла б звычайным абавязкам гаспадароў гатэля. Мы даём нашым кліентам тое, чаго яны хочуць, і толькі... Зрэшты, пан Манье, ніякіх мясцовых улад тут няма. Гэта тэрыторыя так дрэнна размешчана, што ніхто дакладна не ведае, каму яна належыць — Мексіцы ці Злучаным Штатам. Доўгі час гэта плато лічылася недаступным. Існуе легенда, што некалькі стагоддзяў таму назад сюды ўцяклі рэшткі аднаго індзейскага племені, каб памерці разам, ратуючыся ад эўрапейцаў, і тутэйшыя жыхары кажуць, што душы іх вартавалі калісьці гару, не дазваляючы нікому падняцца. З гэтай прычыны нам і ўдалося купіць тут зямлю па сходнай цане, каб жыць вольна і незалежна.

— А сем'і вашых кліентаў ніколі не падавалі на вас у суд?

— Падаваць на нас у суд? — абразіўся Берстэкер — Божа праведны, а за што? Хто нас можа судзіць? Наадварот, сэр, сем'і нашых кліентаў рады, што нам без усякага скандалу ўдаецца вызваліць іх ад праблем далікатных і, часта, вельмі пакутлівых. Не, не, сэр, мы ўсё гэта робім хораша, карэктна, нашы кліенты — нашы лепшыя сябры... Можа, вы жадаеце паглядзець свой пакой? Калі вы не супраць, мы вас змесцім у нумар сто трынаццаты. Спадзяюся, вы не верыце ў прыкметы?

— Ніколькі, —адказаў Жан Манье. —Але я выхаваны ў строгіх рэлігійных правілах, і, шчыра прызнаюся, думка аб самагубстве мяне трывожыць.

— Што вы, сэр! Якое самагубства! Аб гэтым і размовы не можа быць, — сказаў Берстэкер такім безапеляцыйным тонам, што яго субяседнік адразу сціх. — Сарконі, праводзьце пана Манье ў нумар сто трынаццаты. А што датычыцца трохсот даляраў, калі ласка, сэр, аддайце іх па дарозе нашаму касіру, кабінет якога знаходзіцца побач з маім.

Дарэмна шукаў Жан Манье ў нумары 113, цудоўна асветленым аранжавым захадам сонца, слядоў якіх-небудзь смертаносных прылад.

 

* * *

 

— Калі ў вас вячэра?

— У восем трыццаць, сэр, — адказаў слуга.

— Пераадзявацца трэба?

— Большасць джэнтльменаў трымаецца гэтага правіла, сэр.

— Добра. Я пераадзенуся. Падрыхтуйце мне чорны гальштук і белую сарочку.

Увайшоўшы ў салон, Манье сапраўды ўбачыў дэкальтаваных дам і мужчын у смокінгах.

Да яго адразу ж падышоў пан Берстэкер, прыветлівы і пачцівы.

— О, пан Манье... Вы з'явіліся... А я вас шукаў... Паколькі вы адзін, я падумаў, ці не будзе вам прыемней павячэраць у кампаніі з адной нашай кліенткай, місіс Кірбі-Шоў.

Манье з незадавальненнем паморшчыўся:

— Я прыехаў сюды не затым, каб весці свецкае жыццё... Але ўсё роўна... Вы можаце паказаць мне гэтую даму, не знаёмячы з ёю?

— Вядома, пан Манье... Місіс Кірбі-Шоў — вунь тая маладая жанчына ў белым крэп-сацінавым плацці, што сядзіць каля піяніна і гартае часопіс. Мне не верыцца, каб яе фізічны выгляд каму-небудзь не спадабаўся... Хутчэй наадварот... Гэта — на рэдкасць прыемная дама, добра выхаваная, інтэлігентная, з артыстычнай душой...

Сапраўды місіс Кірбі-Шоў была вельмі прыгожая жанчына. Цёмныя валасы ў дробных буклях звісалі аж да патыліцы, адкрываючы высокі лоб. Вочы разумныя, цёплыя, мяккія. На якога чорта гэта мілая істота надумалася шукаць сабе смерці?

— Няўжо і місіс Кірбі-Шоў?.. Што, хіба і гэтая дама прыехала да вас, як і я, з той жа мэтай?

— Напэўна, — адказаў пан Берстэкер і шматзначна падкрэсліў: — На-пэў-на.

— Калі так, пазнаёмце мяне.

Пад канец вячэры, простай, але выдатнай і цудоўна сервіраванай, Жан Манье ўжо ведаў амаль усё галоўнае з біяграфіі Клары Кірбі-Шоў. Яна выйшла замуж за чалавека багатага, добрага па натуры, якога не любіла. Пакінуўшы яго паўгода назад, яна выехала ў Эўропу з адным вельмі прывабным і цынічным маладым пісьменнікам, з якім сустрэлася ў Ню-Ёрку. Яна думала, што гэты малады чалавек ажэніцца з ёю, як толькі яна атрымае развод, але, апынуўшыся ў Ангельшчыне, ён даў ёй зразумець, што яна яму надакучыла і не патрэбна. Абражаная і пакрыўджаная яго жорсткасцю, яна паспрабавала растлумачыць яму, што дзеля яго ахвяравала ўсім і становішча яе жудаснае. Ён нахабна рассмяяўся:

— Клара, вы сапраўды жанчына мінулага стагоддзя, — сказаў ён, здзекуючыся. — Калі б я падазраваў, што вы так нашпігаваны віктарыянскімі поглядамі, я б не звязваўся з вамі, не забіраў бы вас ад мужа і дзяцей. Мілая мая, вам трэба вярнуцца. Ваша прызванне — мець кучу дзяцей і няньчыць іх.

Тады яна ўхапілася за апошнюю надзею — угаварыць свайго мужа, Нормана Кірбі-Шоў, каб той узяў яе назад. Яна была ўпэўнена, што, спаткаўшыся з ім вока на вока, здолее крануць яго сэрца і дабіцца свайго. Аднак Норман, абкружаны зграяй сваякоў і кампаньёнаў, варожа настроеных супраць Клары, якія сачылі за кожным яго крокам, быў няўмольны. Пасля некалькіх дарэмных спроб, зняважаная, даведзеная да адчаю, аднойчы раніцай яна знайшла ў сваёй паштовай скрынцы праспект гатэля «Танатос» і зразумела, што гэта адзіны спосаб, хуткі і лёгкі, вырвацца з той страшнай пасткі, у якую яна трапіла.

— А вы не баіцеся смерці? — запытаў Жан Манье.

— Вядома, баюся... Але яшчэ больш мяне пужае жыццё.

— Дасціпны адказ, — заўважыў Манье.

— Гора навучыць, — уздыхнула Клара. — А цяпер раскажыце мне, як вы тут апынуліся.

Выслухаўшы расказ Жана Манье, яна яго строга адчытала.

— Не магу паверыць! — сказала яна. — Як?.. Вы хочаце памерці толькі таму, што панізілася цана вашых акцый? Няўжо вы не разумееце, што праз год, праз два, самае большае праз тры, калі ў вас хопіць мужнасці жыць, вы ўсё гэта забудзеце і, можа, нават вернеце свае страты?..

— Мае страты — не галоўная прычына. Гэта сапраўды не мела б значэння, каб у маім жыцці захаваўся які-небудзь сэнс... Але я ўжо казаў вам, што ад мяне адмовілася жонка... У Францыі ў мяне няма ні блізкай радні, ці сябровак. І яшчэ, каб ужо да канца быць шчырым, скажу, — я калісьці пакінуў сваю бацькаўшчыну праз адну вялікую няўдачу ў каханні. За каго ж мне цяпер змагацца?

— Як за каго? За самога сябе... За тых, хто вас пакахае, а ўсё гэта яшчэ будзе на вашым шляху... Калі вы пераканаліся, што некаторыя жанчыны ў цяжкую для вас хвіліну паводзілі сябе агідна, не судзіце несправядліва аб усіх іншых.

— Вы сур'ёзна думаеце, што на свеце ёсць жанчына... Я хачу сказаць, жанчыны, якіх я мог бы пакахаць... і якія згадзіліся б некалькі гадоў жыць у галечы, у беднасці, у пастаянным змаганні?..

— Я ў гэтым упэўнена, — сказала яна. — Ёсць жанчыны, якія любяць барацьбу, а ў беднасці знаходзяць для сябе нават нейкую рамантычную асалоду... Напрыклад, я.

— Вы?

— О, я толькі хацела сказаць, што...

Засаромеўшыся, яна абарвала размову, потым дадала:

— Мне здаецца, нам пара вярнуцца ў салон. У сталовай мы засталіся адны, і метрдатэль ходзіць вакол нас, як на іголках.

— А вы не думаеце, — запытаў Жан Манье, накідваючы на плечы Клары Кірбі-Шоў гарнастаевы паланцін, — вы не думаеце... што ў гэтую ноч?..

— О не, —сказала яна. —Вы ж толькі што прыехалі...

— А вы?

— А я ўжо тут два дні.

Развітваючыся, яны дамовіліся заўтра раніцай зрабіць невялічкую прагулку ў горы.

 

* * *

 

Ранішняе сонца паклала наўскос на веранду свой прамяністы абрус. Жан Манье, асвяжыўшыся пад ледзяным душам, злавіў сябе на думцы: «Да чаго ўсё ж такі добра жыць на свеце!..» Але тут ён успомніў, што ў яго засталося ўсяго некалькі даляраў і некалькі дзён жыцця. Ён уздыхнуў:

«Ужо дзесяць гадзін!.. Клара, напэўна, мяне чакае...»

Ён паспешна адзеўся і ў белым палатняным касцюме адчуваў сябе бадзёра і лёгка. Ён знайшоў Клару Кірбі-Шоў каля тэніснай пляцоўкі, яна таксама была ў белым і гуляла ў суправаджэнні дзвюх маладзенькіх аўстрыек, якія ў момант разбегліся, убачыўшы француза.

— Я іх напалохаў?

— Дзяўчаткі вельмі баязлівыя... Яны мне расказалі сваю гісторыю.

— Цікава!.. Спадзяюся, вы мне яе перакажаце... Вы хоць трошкі спалі ўночы?

— О так, і даволі моцна. Мне здаецца, гэты хітры Берстэкер нам чагосьці падсыпае на сон.

— Не думаю, — сказаў ён. — Спаў я нармальна і прачнуўся зусім здаровы.

Праз хвіліну ён дадаў:

— І вельмі шчаслівы.

Яна зірнула на яго з усмешкай і прамаўчала.

— Давайце пойдзем гэтаю сцежкай, — параіў Манье, — і вы мне раскажаце пра маладзенькіх аўстрыек... Вы будзеце маёй Шэхеразадай...

— Але ў нас не будзе тысячы і адной ночы.

— У нас?.. Вы кажаце... у нас?.. Эх!..

Яна спыніла яго:

— Дзяўчынкі гэтыя — блізняты, дзве сястры. Яны разам выхоўваліся, спачатку ў Вене, потым у Будапешце, і не было ў іх ніякіх блізкіх сяброў. У васемнаццаць год ім папаўся нейкі венгерац, арыстакрат, са знатнай фаміліі, прыгожы, як анёл, і музыкальны, як цыган, і абедзве адразу страшэнна закахаліся ў яго. Праз некалькі месяцаў ён пасватаўся да аднае з сясцёр. Другая з роспачы прабавала ўтапіцца, але няўдала. Тады тая, якой граф Нікі зрабіў прапанову, вырашыла адмовіць яму. І сентыментальныя дзяўчынкі надумаліся памерці разам. А тут якраз падаспеў, як мне і вам, праспект гатэля «Танатос».

— Якое вар'яцтва! — сказаў Жан Манье. — Яны ж маладыя і прыгожыя... Ну чаму б ім не жыць у Амерыцы, хіба на свеце мала добрых хлопцаў, якіх можна палюбіць? Трошкі цярпення, і ўсё наладзілася б...

— Сюды якраз і едуць тыя, у каго няма цярпення, — журботна прамовіла Клара. — Усе мы разважаем разумна, калі справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасці перажыць чужое ліха.

Цэлы дзень жыхары «Танатоса» маглі назіраць, як двое ў белым, мужчына і жанчына, блукалі па алеях парка, каля падножжа скал і над прорвай. Яны горача аб нечым спрачаліся... І толькі, калі пачало змяркацца, накіраваліся ў гатэль.

Садоўнік-мексіканец, убачыўшы, што яны ідуць абняўшыся, сарамліва адвярнуўся.

 

* * *

 

Пасля вячэры Жан Манье прывёў місіс Кірбі-Шоў у маленькую пустую гасціную і там увесь вечар нешта шаптаў ёй, і гэта, здавалася, яе вельмі кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваім кабінеце, сядзеў у крэсле і гартаў вялікую чорную кнігу. Пан Берстэкер правяраў рахункі і час ад часу чырвоным алоўкам закрэсліваў у кнізе радок.

— Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?

— О так, пан Берстэкер... Ва ўсякім разе я спадзяюся... Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзівіць... Перамена такая раптоўная... Але жыццё ёсць жыццё... Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў... Я не хачу паміраць.

Пан Берстэкер вытрашчыў на яго вочы.

— Вы гэта сур'ёзна гаворыце, пан Манье?

— Я добра разумею, — гаварыў француз, — што вы палічыце мяне чалавекам непаслядоўным і нерашучым... Але ж яно зусім натуральна, што пры новых абставінах мяняюцца і нашы жаданні... Тыдзень таму назад, калі я атрымаў ваша пісьмо, я быў у адчаі, адчуваў сябе адзінокім... Мне здавалася тады, што няма ніякага сэнсу змагацца... Сёння ўсё перайначылася... І гэта дзякуючы вам, пан Берстэкер.

— Дзякуючы мне?

— Так, бо гэты цуд стварыла тая самая маладая асоба, з якою вы пасадзілі мяне за адзін стол. Місіс Кірбі-Шоў — чароўная жанчына, пан Берстэкер.

— Я ж вам казаў, пан Манье.

— Чароўная і гераічная... Даведаўшыся, у якім цяжкім становішчы я апынуўся, яна згадзілася падзяліць са мной пакуты майго жыцця... Вас гэта здзіўляе?

— Ніколькі... Мы тут прывыклі да ўсякіх нечаканых перамен... І я рад за вас, пан Манье... Вы яшчэ такі малады, вельмі малады...

— Дык вось, калі вы нічога не маеце супраць, заўтра мы з місіс Кірбі-Шоў выедзем адгэтуль у Дымінг.

— Значыць, місіс Кірбі-Шоў таксама адмаўляецца ад...?

— Ну вядома... Зараз яна будзе ў вас і сама вам пацвердзіць... Застаецца ўладзіць яшчэ адно пытанне, даволі далікатнае... Трыста даляраў, якія я вам заплаціў, гэта амаль усе мае грошы... Растлумачце, калі ласка, цалкам і поўнасцю яны пераходзяць «Танатосу» ці я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купіць білеты на дарогу?

— Мы людзі сумленныя, пан Манье... І бяром плату толькі за тое, што зроблена намі рэальна. Заўтра раніцай касір падагуліць ваш рахунак з разліку дваццаць даляраў у суткі за нумар і абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкі.

— Ваша спагада і велікадушнасць... Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам і дзякаваць! Мне ізноў засвяціла шчасце... Новае жыццё...

— Да вашых паслуг, — сказаў пан Берстэкер.

Жан Манье выйшаў з кабінета і накіраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за ім, потым націснуў кнопку званка і распарадзіўся:

— Прышліце да мяне Сарконі.

Праз некалькі хвілін увайшоў парцье.

— Я вам патрэбен, сіньёр дырэктар?

— Так, вы мне патрэбны, Сарконі... Сёння ўночы пусціце газ у нумар сто трынаццаты... Гадзіны ў дзве.

— Загадаеце, сіньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?

— Думаю, што не трэба... Ён будзе спаць моцна... На сёння ўсё, Сарконі... А заўтра, як і дамовіліся, дзве дзяўчынкі з семнаццатага.

Парцье выйшаў, і ў дзвярах кабінета з'явілася місіс Кірбі-Шоў.

— Заходзь, — сказаў Берстэкер. — Якраз я збіраўся цябе паклікаць. Твой кліент ужо быў у мяне, папярэдзіў, што хоча выехаць.

— Мне здаецца, я заслугоўваю пахвалы, — абазвалася Клара. — Чыстая работа, праўда?

— І хуткая... Я гэта ўлічу.

— Значыць, сёння ўночы яго...?

— Так, сёння ўночы.

— Бедны хлопчык! — уздыхнула яна. — Такі рамантычны, душэўны...

— Усе яны душэўныя, — сказаў Берстэкер.

— Жорсткі ты чалавек, — папракнула Клара, — толькі ў іх абуджаецца смак да жыцця, ты іх адпраўляеш на той свет.

— Жорсткі?.. Наадварот. У гэтым і ёсць сутнасць нашага гуманнага метаду... У небаракі былі сумненні рэлігійнага парадку... Я яго супакоіў.

Ён паглядзеў у спісак:

— Заўтра табе адпачынак... А на паслязаўтра новае заданне... Яшчэ адзін фінансіст, на гэты раз са Швецыі... І, май на ўвазе, не вельмі малады.

— Мне так спадабаўся французік... — летуценна прамовіла Клара.

— Работу не выбіраюць, — строга заўважыў дырэктар. — На, вазьмі свае дзесяць даляраў, і вось табе яшчэ дзесяць прэміяльных.

— Дзякуй, — сказала Клара Кірбі-Шоў і, кладучы грошы ў сумачку, глыбока ўздыхнула.

Калі яна выйшла, пан Берстэкер узяў чырвоны аловак, акуратна прылажыў металічную лінеечку і выкрасліў са свайго спіска адно прозвішча.



Пераклад: Юрка Гаўрук