epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Кар'ера

У майстэрні жывапісца Бельтара кожную трэцюю суботу збіраліся: дэпутат Ламбер-Леклерк (цяпер ужо намеснік міністра фінансаў), раманіст Сіўрак і Фабер, аўтар п'есы «Кароль Калібан», з поспехам пастаўленай у тэатры Жымназ.

Аднойчы вечарам Бельтара пазнаёміў сяброў з маладым правінцыялам, сваім дваюрадным братам, якому вельмі хацелася стаць літаратарам.

— Гэты хлопец, — сказаў ён ім, — напісаў раман, па-мойму не горшы, чым у іншых. Прашу цябе, Сіўрак, прачытай, калі ласка. Мой брат нікога не ведае ў Парыжы, ён інжынер і жыве ў Баё.

— Шчаслівы чалавек! — прамовіў Фабер. — Вы напісалі кнігу, вы жывяце ў правінцыі і вы нікога не ведаеце? Лічыце, што вам пашанцавала, пане мой. Пачнуць спрачацца, хто першы выявіў скрыты талент, — і, калі вы зможаце ўдала стварыць вакол сябе легенду, праз год вы станеце больш славутым, чым сам Сіўрак, наш друг. Адно я вам, галубчык, параю: не высоўвайцеся... Баё! Гэта так добра — Баё... І зусім не таму, што ў вас няма асабістага абаяння, пане мой, а проста — чалавечая прырода церпіць геніяў толькі на адлегласці.

— Прыкіньцеся хворым, — аўтарытэтна параіў Ламбер-Леклерк. — На хваробе многія зрабілі бліскучую кар'еру.

— І чым бы ты ні займаўся, — дадаў Бельтара, — не кідай сваёй спецыяльнасці. Спецыяльнасць — найлепшы назіральны пункт для творчасці. Калі ты замкнешся ў сценах кабінета, ты будзеш пісаць кнігі на прафесійным узроўні, складзеныя як мае быць і нудныя да немагчымасці.

— Дурань! — пачуўся рэзкі голас Сіўрака. — «Спецыяльнасць — найлепшы назіральны пункт...» Як можаш ты, разумны чалавек, паўтараць падобныя штампы? Калі пісьменнік не знаходзіць матэрыялу ў сабе, ніякі «пункт» яму не паможа. Хіба Пруст выходзіў з дому? А Талстой выязджаў з Яснай Паляны? Калі ў яго пыталіся, хто такая Наташа, ён адказваў: «Наташа — гэта я». А Флабер...

— Выбачай, — не згадзіўся Бельтара. — Талстога акружала вялізная сям'я, і ў гэтым адна з крыніц яго сілы. Пруст наведваў рэстаран «Рыц», меў шмат сяброў, у якіх заўсёды мог пачарпнуць патрэбную інфармацыю. Што датычыцца Флабера...

— Ніхто не спрачаецца, — перабіў Сіўрак, — але ўяві сабе Пруста без велікасвецкіх тэм... У яго б знайшлося, што сказаць... Ён аднолькава цікава гаворыць і пра сваю хваробу, і пра сваю спальню, і пра сваю старую служанку. Між іншым, я магу прывесці прыклад, які цябе цалкам пераканае, што нават самага дасціпнага розуму, пастаўленага ў найлепшыя ўмовы для назірання, мала, каб стварыць мастацкую рэч. Наш друг Шалон... У каго было больш часу і магчымасцей назіраць за рознымі пластамі грамадства? Шалон бачыў, і вельмі блізка, пісьменнікаў, мастакоў, камерсантаў, акцёраў, палітычных дзеячаў, дыпламатаў, быў сведкам самых патаемных сцэн чалавечай камедыі. А якія вынікі? На жаль, мы гэта ведаем!

— Шалон! — умяшаўся Ламбер-Леклерк. — А што з ім здарылася? Хіба ў каго з вас ёсць весткі пра Шалона?

— Мы заходзім у адну і тую ж кнігарню, — растлумачыў Сіўрак, — і я там зрэдку яго сустракаю, але ён робіць выгляд, што мяне не бачыць.

Малады правінцыял нахіліўся да гаспадара і ціха запытаў, хто такі Шалон.

— Сіўрак, — папрасіў Бельтара, — раскажы гэтаму хлопцу пра кар'еру Шалона. Для юнакоў прыклад павучальны.

 

* * *

 

Сіўрак выпрастаўся, сеў на край канапы і загаварыў. Голас у яго быў скрыпучы, кожны склад ён нібы адкусваў зубамі. Апавяданне ён пачаў так:

— Не ведаю, малады чалавек, ці чулі вы пра клас рыторыкі ў ліцэі Генрыха Чацвёртага, выпуск 1893 года. Гэты ліцэй, што суседзіць з Пантэонам, даў не менш выдатных выхаванцаў, чым Эколь Нармаль, адкуль выйшлі — Тэн, Прэво-Парадоль, Сарсэ і Эдмон Абу. Клас рыторыкі быў, як мне гаворыць кожны раз пры сустрэчы адзін з нашых былых настаўнікаў, «аранжарэяй славутых людзей», паколькі там вучыліся адначасова Бельтара, Ламбер-Леклерк, Фабер і я. Ламбер-Леклерк, як і тады ўжо, рыхтаваўся да грамадскай дзейнасці: разам з Фаберам пасля заняткаў любіў ацірацца на скачках...

— Ты хоць чын мой паважай! — нахмурыўся намеснік міністра.

— Тваё правасхадзіцельства быў адзіным сярод нас, хто з юнацкім запалам прадчуваў сваю будучыню. Бельтара схільнасці да малявання не выяўляў, Фабер і не марыў прабівацца ў драматургі. Наш выкладчык літаратуры стары Гамелен казаў яму: «Мой бедны Фабер, вы не адолееце французскай мовы да канца дзён сваіх». Думка слушная, але цяперашняя некультурная публіка з ёю не згаджаецца. Што датычыцца мяне, то найбольшай маёй эстэтычнай асалодай было маляваць Венеру на палях сшыткаў. Шалон дапаўняў нашу групу.

Гэта быў бялявы хлопец з тонкімі, прыгожымі рысамі твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбіраць паэтаў і гальштукі і, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў між намі вялікі аўтарытэт. У той час, прачытаўшы «Гісторыю трынаццаці» Бальзака, мы вырашылі заснаваць, чацвёра нас і Шалон, «Саюз пяці». Кожны з «пяці» павінен быў падтрымліваць чатырох астатніх ва ўсім і заўсёды. Мы дамовіліся, што грошы, прызнанне, сувязі, усё, што мог прыдбаць адзін з «пяці», павінна было служыць нашым агульным інтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам і застаўся, бо, скончыўшы ліцэй, мы разышліся. Яго правасхадзіцельства і я падаліся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькі ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалі розныя акалічнасці. Шэсць гадоў мы амаль нічога не ведалі адзін пра аднаго.

На выстаўцы 1900 года я ўпершыню ўбачыў карціну Бельтара. Мяне вельмі здзівіла, што ён стаў мастаком, а яшчэ больш тое, што ў яго быў талент. Нас заўседы глыбока хвалюе, калі мы адкрываем нешта выдатнае ў чалавеку, з якім сябравалі з дзяцінства. Тое, што ў генія былі таварышы, уявіць лёгка, але цяжэй паверыць, што сярод тваіх таварышаў быў геній. Я яму напісаў. Ён запрасіў мяне да сябе. Яго майстэрня мне спадабалася, я пабываў там некалькі разоў і, пасля доўгага абмену пісьмамі і тэлеграмамі, арганізаваў абед «пяці». За абедам кожны расказаў, чым ён займаўся, скончыўшы ліцэй.

Шэраг даволі цікавых абставін прымусіў трох з нашай кампаніі адмовіцца ад кар'еры, выбранай для нас бацькамі. Каханкай Бельтара стала адна натуршчыца, з якой ён зрабіў для ўласнай забавы некалькі ўдалых эскізаў. Гэта жанчына зблізіла яго з мастакамі. Ён працаваў, меў поспех і, праз некалькі месяцаў, зусім адвярнуўся ад медыцыны.

Потым, апынуўшыся на поўдні, на сваёй радзіме, ён намаляваў безліч партрэтаў марсельскіх купцоў і, асабліва, іхніх жонак, зарабіўшы на гэтым тысяч дваццаць франкаў, што дало яму магчымасць, вярнуўшыся ў Парыж, працаваць для сябе. Ён мне паказаў карціны, у якіх «сцвярджаўся характар», як гаварылі тагачасныя крытыкі.

Фабера, які на вечары ў дзядзькі пазнаёміў гасцей з урыўкам са свайго сцэнічнага твора ў выкананні аматараў, расхваліў адзін стары пісьменнік, друг іхняй сям'і. Гэты добразычлівы чалавек, узяўшы над ім шэфства, парэкамендаваў Адэону паставіць яго першую п'есу «Стэп». Ламбер-Леклерк быў сакратаром у сенатара ад дэпартамента Ардэш, які абяцаў зрабіць яго супрэфектам. Я напісаў некалькі навел і прачытаў іх у прысутнасці «пяці».

Шалон слухаў нас уважна. Ён выказаў шэраг тонкіх і справядлівых думак аб маіх першых спробах, адзначыў, што сюжэт аднае з іх запазычаны з навелы Мерымэ і што мой стыль занадта набліжаецца да Варэса, якім я тады захапляўся. Ён бачыў пастаноўку п'есы Фабера і з выключным веданнем тэатральнай спецыфікі назваў яму сцэну, якую варта было перарабіць. Разам з Бельтара ён прайшоўся па яго майстэрні і з кампетэнтнасцю мастацтвазнаўцы разважаў аб імпрэсіянізме. Потым падтрымаў Ламбер-Леклерка, прааналізаваўшы палітычнае становішча ў дэпартаменце Ардэш з дзівоснай дакладнасцю. І да нас вярнулася ранейшае ўражанне, што Шалон самы бліскучы з нашай кампаніі, і мы, шчыра прызнаючы яго перавагу, у сваю чаргу папрасілі яго расказаць пра свой жыццёвы шлях.

У васемнаццаць гадоў, атрымаўшы ніштаватую спадчыну, ён пасяліўся ў невялічкай кватэры, аблажыўся кнігамі і працаваў, як ён казаў, адразу ў некалькіх кірунках. Перш за ўсё, ён пісаў вялікі раман, накшталт «Вільгельма Мейстэра» Гётэ, які павінен быў скласці першы том «Новай чалавечай камедыі». Таксама ён думаў аб драматычным творы, у якім былі б аб'яднаны дасягненні Шэкспіра, Мальера і Мюсэ. «Вы разумееце, я жадаю спалучыць фантазію з іроніяй, лёгкасць з глыбінёй». Нарэшце, ён пачаў «Філасофію духу» — «блізкую да Бергсана, — гаварыў ён мне, — але значны крок наперад у аналізе феномена інтуіцыі».

Я наведаў яго, і кватэра Шалона мне здалася на рэдкасць утульнай, асабліва, калі прыняць пад увагу, што жыў я тады ў танным пакоі дрэннай гасцініцы. Антыкварная мэбля, некалькі гіпсавых злепкаў з шэдэўраў Луўра, удалая копія з карціны Гольбейна, паліцы, застаўленыя кнігамі ў ціснёных вокладках, рысунак Фраганара ў арыгінале — усё сведчыла аб вытанчаным мастацкім гусце.

Ён пачаставаў мяне ангельскай цыгарэтай выдатнага смаку і колеру. Я папрасіў яго паказаць мне пачатак «Новай чалавечай камедыі», але нават першая старонка і тая не была закончана. Для п'есы была падрыхтавана пакуль што адна назва, а для «Філасофіі духу» — некалькі картак з нататкамі. Затое ён мне доўга паказваў маленькага «Дон-Кіхота» — выданне пары рамантызму, з цудоўнымі малюнкамі, толькі што ім купленае ў суседняга букініста, аўтографы Верлена, каталогі гандляроў карцінамі. Я з цікавасцю правёў у яго вечар — вельмі мілы таварыш.

 

* * *

 

Такім чынам, «Саюз пяці» аднавіў сваё існаванне і наша дружба стала нават мацнейшай.

Шалон, якому не было чаго рабіць, наладжваў сувязь між намі. Часта ён цэлыя дні праседжваў у майстэрні Бельтара. З таго часу як быў створаны партрэт місіс Джэрвіс, жонкі амерыканскага пасла, Бельтара ўвайшоў у моду. Шмат прыгожых жанчын з'яўлялася да яго, каб ён іх маляваў, і прыводзіла сваіх сябровак прысутнічаць на сеансе альбо хваліць гатовую работу. Майстэрня напаўнялася чарнавокімі аргенцінкамі, бялявымі амерыканкамі, ангелькамі-эстэткамі, якія параўноўвалі нашага таварыша з Уістлерам. Многія з гэтых дам прыходзілі знарок, каб пабачыць Шалона, які іх забаўляў і быў ім даспадобы. Бельтара, ацаніўшы адразу прыцягальную сілу агульнага нашага друга, з вялікім спрытам карыстаўся ім як прынадай. У Шалона было там сваё крэсла, направа ад крэсла — скрынка з цыгарамі, налева — пакунак з цукеркамі. Ён упрыгожваў сабой майстэрню і на сеансах не дазваляў дамам нудзіцца. Ён умеў нутром угадваць выйгрышную жывапісную кампазіцыю і ў гэтым быў проста незаменны. Ніхто лепш за яго не мог выбраць убрання і позы найбольш адпаведных той альбо іншай натуры. Надзелены рэдкім дарам адчуваць хараство і ўзаемасувязь колераў, ён без памылкі паказваў майстру які-небудзь жоўты альбо блакітны тон, які трэба было неадкладна ўхапіць. «Дружа мой, ты мог бы стаць мастацкім крытыкам», — гаварыў Бельтара ў захапленні ад яго здольнасцей.

— Так, я гэта ведаю, але не хачу разменьвацца, — мякка адказваў Шалон.

У гэтай майстэрні ён пазнаёміўся з мадам дэ Тыянж, з герцагіняй дэ Капры, з Селіяй Доўсан, з місіс Джэрвіс, і яны ахвотна запрашалі яго на абед. Для іх ён быў «літаратар», друг Бельтара, і гасцям яго рэкамендавалі так: «Пан Шалон, вядомы пісьменнік». Ён стаў дамашнім кансультантам па пытаннях мастацкіх навінак. Дамы вадзілі яго ў кнігарні, пыталіся, што чытаць, і прасілі быць іхнім літаратурным настаўнікам. Кожнай ён абяцаў прысвяціць адзін са сваіх раманаў, які будзе ўключаны ў «Новую чалавечую камедыю».

Многія з іх яму расказвалі сваю біяграфію. «Мне больш падабаецца, калі вы гаворыце пра сябе, — падахвочваў ён дам, — бо ў маёй шматтомнай эпапеі я закрану ўсе спружыны складанай жаночай душы». Яго лічылі стрыманым і хутка зрабілі сховішчам самых пікантных парыжскіх сакрэтаў. З'явіўшыся ў гасцінай, ён адразу пападаў пад абстрэл некалькіх пар зацікаўленых вачэй. Жанчыны знаходзілі, што ён добры псіхолаг, і ахвотна перад ім спавядаліся. Шырока ўжывалася такое азначэнне: «Шалон — увасабленне чуласці і здагадкі».

Аднойчы я сказаў яму:

— Ты павінен пісаць псіхалагічныя раманы. Ніхто лепш за цябе не выявіў бы сучаснага Дамініка* ў жаночым вобразе.

* Дамінік — герой аднайменнага рамана Эжэна Фрамантэна.

— Ну так, я гэта ведаю, — адказаў ён з выглядам чалавека, які, па горла завалены справамі, вымушаны адхіліць тое, што ён рабіў бы з прыемнасцю. — Ну так, назіранняў хапае, але ў мяне ёсць пэўная мэта, і я не магу раскідацца.

У майстэрню часта заходзіў Фабер і браў яго з сабой на рэпетыцыі. З таго часу як з шумным поспехам пачаў ісці «Карнавал», Фабер стаў значнай фігурай у тэатрах Вялікіх Бульвараў. Ён прасіў Шалона падзяліцца свежым уражаннем, бо часам акцёры і рэжысёр да таго стамляліся, што гатовы былі адмовіцца ад п'есы. Шалон бліскуча спраўляўся са сваёй задачай. Ён выяўляў фальшывыя інтанацыі і расцягнутыя мясціны. Спачатку абураныя паводзінамі чужака, акцёры нарэшце прызналі яго. У процілегласць аўтару, свайму вечнаму ворагу, яны палюбілі гэтага чалавека, які нічога сабой не ўяўляў. Хутка ён стаў вядомым у тэатральных колах, спачатку як «друг пана Фабера», потым пад сапраўдным прозвішчам. Білецёры з паклонам выдзялялі яму крэсла ў абмен на ласкавую ўсмешку. Усё часцей і часцей яго пачалі заносіць у спіскі запрошаных на прэм'еры і «генералкі».

— Ты павінен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзіць, — параіў яму Фабер.

— О, напэўна! — адказаў Шалон. — Але ў кожнага свая прафесія.

У той год, калі кожнаму з «пяці» стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзілі Ганкураўскую прэмію за «Блакітнага мядзведзя», а Ламбер-Леклерка выбралі дэпутатам. Фабер і Бельтара яшчэ раней набылі шырокую вядомасць. «Саюз пяці» быў моцным, і без асаблівай натугі мы маглі рэалізоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намі ў ліцэі. Наш маленькі гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпістыя шчупальцы. У Парыжы мы былі сапраўднай сілай, тым больш эфектыўнай, што дзейнічала яна неафіцыйна.

Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калі мастацкі гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносіцца публікай на астатніх, і назва гуртка, калі яна ўдала выбрана, абуджае агульную цікавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмінуць «рамантыкаў». Аднак ёсць і значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсіх гэтак жа, як і ўздым. Маніфесты і дактрыны — зручныя мішэні для масавай стральбы. Адзіночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.

Прафесіі ў нас былі розныя, і зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалі цудоўны калектыў узаемнай падтрымкі. Як толькі хто-небудзь з нас прабіваўся ў новы цікавы салон, ён так энергічна расхвальваў чатырох сваіх сяброў, што яго прасілі прывесці іх туды. Паколькі людзі ў большасці лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым і чужыя ацэнкі робяць сваімі. Фабер — вялікі драматург, бо так гаварыў я, а я — «найглыбейшы з раманістаў», таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калі мы ў майстэрні Бельтара наладзілі вечарынку ў стылі венецыянскіх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усіх, хто заслугоўваў увагі ў Парыжы. Відовішча было незвычайнае. Тры красуні выступалі ў невялічкай камедыі Фабера, дэкарацыі да якой аформіў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром і душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння і, зусім натуральна, стаў шэфам усіх нашых дамашніх мерапрыемстваў. Калі нам гаварылі: «Ваш цудоўны друг...», мы ведалі, што размова пойдзе аб ім.

Як і раней, ён нічога не рабіў. Я ні разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, філасофскі трактат, каб ён іх зрушыў з месца хаця б на адзін радок. Ён не рабіў нічога ў літаральным сэнсе. Ён не апублікаваў ніводнай кнігі, не напісаў ніводнага артыкула ў часопіс, ніводнай заметкі ў газету, ніколі не выступаў з прамовай. І зусім не таму, што яму цяжка было дабіцца, каб яго друкавалі. Ён быў знаёмы і нават сябраваў з лепшымі выдаўцамі, з адказнымі рэдактарамі часопісаў. І не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю і свядома хацеў заставацца толькі гледачом. Наадварот, у ім развівалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скіраваных у адно: нядбайства і бесклапотнасць, няўстойлівасць інтарэсаў, слабасць волі. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, і гэта «беднасць» прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй і шырока расплюшчанымі вачамі глядзець на жыццё. Шалон вельмі ўтульна ўладкаваўся ў жыцці і быў ім цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.

Пісьменнікі называлі нашага друга «дарагі калега» і дарылі яму кнігі з аўтографам. Па меры таго як мы падымаліся па ступенях іерархічнай лесвіцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязі разлічана пры ўсім паказным лібералізме, Шалон прасоўваўся гэтак жа і без вагання далучаўся да гонару, які прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды стараліся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, і не ўпэўнены, што яго далі па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сір.

Каля нас пачалі круціцца маладыя людзі ў пошуках падтрымкі. Шалона, які жыў паміж нас як роўны, яны называлі «дарагі мэтр». Разумныя былі хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, і распытвалі: «А што ён такое напісаў? Ці чытаў яго хто?» Часам які-небудзь няспрытны падліза расхвальваў перад ім «Блакітнага мядзведзя» альбо «Караля Калібана». «Прабачце, — са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускінуўшы галаву, — гэта сапраўды добрая рэч, але не мая». Аднак з усяго нашага «Саюза пяці» ён адзін ахвотна браў чытаць рукапісы і даваў парады, ад якіх, вядома, не было ніякай карысці, але заўсёды разумныя і бліскучыя.

Гэта дармавая слава расла так паступова, так натуральна, што мы ані не дзівіліся. Мы крыўдзіліся і лічылі абразай, калі нашага друга забывалі запрасіць на які-небудзь афіцыйны прыём «прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва». Дарэчы, такога здарэння не было ніколі. Часам, калі выпадкова мы даведваліся, што вялікі мастак жыве ў галечы, забыты дзяржавай і народам, у нас на момант узнікала пытанне: як растлумачыць парадаксальны поспех Шалона? «Можа, гэта і несправядліва, — думалі мы, — але нічога не зробіш. Так было заўсёды. А потым у таго бедняка ёсць талент, а гэта таксама багацце».

Аднаго разу раніцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцівага юнака, які раскладваў старыя часопісы. Шалон адрэкамендаваў яго: «Мой сакратар». Гэта быў тоненькі зграбны хлопец, выпускнік бібліятэчнага інстытута.

Праз некалькі дзён Шалон прызнаўся нам, што плаціць яму трыста франкаў у месяц, і гэта немалы выдатак. «Але, — дадаў ён з пакорнасцю, — цяжка такім людзям, як мы, абыходзіцца без сакратара».

 

* * *

 

Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер — лётчыкам у Салоніках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату і заняў пост памочніка міністра. Шалон, пабыўшы салдатам пры інтэнданцтве, быў адкліканы аддзелам прапаганды і закончыў вайну ў Парыжы на вуліцы Францыска Першага. Пасля дэмабілізацыі ён зрабіў мне і Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцілі кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых і магутных сяброў.

Бельтара быў узнагароджаны баявым ордэнам, Фабер таксама, яшчэ раней. Ламбер-Леклерк дабіўся ад свайго калегі з ведамства мастацтваў, каб мяне ўключылі ў першыя пасля перамір'я цывільныя спіскі ўзнагароджаных. У мой гонар «Саюз пяці» наладзіў цудоўны абед у рэстаране расейскіх эмігрантаў — ікра, асятрына, «водка». Музыканты ў шаўковых кафтанах выконвалі цыганскія песні. Нам здалося (не іначай, як пад уплывам сумных мелодый), што ў той вечар Шалон крыху зажурыўся.

Я вяртаўся назад разам з Фаберам, які жыў непадалёку ад мяне. Была прыгожая зімовая ноч. Праходзячы праз Елісейскія Палі, мы ўспаміналі Шалона.

— Ах, небарака, — заўважыў я, — як гэта цяжка ў яго гады, азірнуўшыся ў мінулае, бачыць там адну пустату!

— Ты думеш, ён гэта ўсведамляе? — запытаў Фабер. — Алімпійская бесклапотнасць!

— Не ведаю. Па-мойму, яго жыццё нейк раздвойваецца. Калі ўсё добра, усюды запрашаюць, усюды прымаюць, ён забывае, што нічога для гэтага не зрабіў. Але ў глыбіні душы адчувае. Няясная трывога заўсёды пры ім і часам прабіваецца наверх, калі навокал занадта спакойна... Скажам, калі сёння вечарам вы ўсе з радасцю абмяркоўвалі мой твор, а я выступаў з тлумачэннем, ён, напэўна, заўважыў, што аб ім ніхто ні слова.

— Ёсць людзі, у якіх няма зазнайства, а значыцца, і зайздрасці.

— Безумоўна, але Шалон не з такіх. Для гэтага трэба быць альбо вельмі сціплым і казаць сабе: «Гэтыя рэчы не для мяне», альбо вельмі гордым і думаць: «Мне іх не трэба». Шалон хоча мець усё, але ён больш гультай, чым славалюб. Павер, становішча вартае жалю.

На гэтую тэму мы гаварылі доўга. Кожны з нас ставіўся да яго паблажліва. Кантраст паміж яго бясплоднасцю і нашай пладавітасцю рабіў нас чуллівымі, спагадлівымі, і мы шкадавалі Шалона.

Назаўтра Фабер і я пайшлі ў міністэрства да Ламбер-Леклерка.

— Ёсць у нас адна ідэя, — сказаў я яму, — з'явілася ўчора, калі мы з табой развіталіся. Ці не здаецца табе, што Шалону непрыемна бачыць нас усіх чатырох з ордэнамі і медалямі, а самому заставацца абдзеленым? Якое гэта мае значэнне? Ніякага, вядома, як і многае на свеце, — гэта толькі сімвал. А раз яно не мае значэння, то чаму б гэты сімвал не начапіць на грудзі Шалону?

— Я не маю нічога супраць, — адказаў Ламбер-Леклерк, — але ж патрэбны заслугі.

— Што? — запратэставаў намеснік міністра, разваліўшыся ў кутку канапы. — Не мог я сказаць такога глупства.

— Ну, тут ужо выбачай. Магу спаслацца на Фабера... Ты сказаў: «Патрэбен хоць бы нейкі выгляд заслуг».

— Гэта магчыма, — прамовіў Ламбер-Леклерк. — Я не служыў у ведамстве мастацтваў і пры ўсім жаданні не мог бы яго прасунуць, але я вам сказаў, што, калі б Шалон захацеў прайсці ў мяне па спіску забеспячэнцаў, зрабіць гэта вельмі легка.)

 

— Ён жа не ідыёт, — ізноў загаварыў расказчык. — Але і тое добра, што ты яго не прымушаў. Па спісках памяці паэта Эжызіпа Маро Шалон усё ж атрымаў ордэн. Прапануючы яму падпісаць заяву, я меў неасцярожнасць заўважыць (бо трошкі злаваўся, што ён лічыць гэта натуральным), колькі мы мелі турбот, каб зрушыпь справу з месца.

— Няўжо? — спахмурнеў ён. — А я думаў, гэта вельмі проста.

— Вядома, проста, каб у цябе былі заслугі...

Ён здзівіўся з такой шчырасцю, што я адразу змоўк.

 

* * *

 

Яго сябры і прыхільнікі справілі яму гучны банкет. Ламбер-Леклерк прывёў міністра асветы, праслаўленага прамоўцу. Былі там два акадэмікі, яшчэ адзін з Акадэміі Ганкураў, актрысы, мастакі і некалькі свецкіх львоў. Ва ўсіх быў цудоўны настрой. Чалавек — істота добразычлівая, калі ён спакойны і не зайздросціць. Шалон, які нікому не замінаў, быў кожнаму сімпатычны, і раз ужо знайшлася магчымасць паспрыяць яго шчасцю, усе з радасцю ўзяліся гэта рабіць. Тыя, хто быў там, разумелі і адчувалі, што герой гэтага свята — фікцыя, ілюзія, створаная іх уяўленнем. Яны былі нават удзячны Шалону за тое, што яго існаванне залежала ад іх ласкі, і смакавалі ў няпэўным зіхаценні яго поспеху сваю ўласную магутнасць, тое, што яны з нічога зляпілі фігуру. Людовік Чатырнаццаты любіў людзей, цалкам яму абавязаных, і гэта каралеўская рыса ўласціва многім абраннікам лёсу.

Калі ўсім прысутным падалі салодкае, хтосьці з паэтаў прачытаў прыгожыя вершы. Міністр сказаў кароткае слова: тэмпераментна, складна і з гумарам. Ён гаварыў аб сціплым і глыбокім уплыве Шалона на сучасную французскую літаратуру, аб яго красамоўстве, аб Рываролі і Малармэ. Госці стоячы віталі героя вечара. Нарэшце з чароўнай непасрэднасцю хораша выступіў Шалон. Яго слухалі ўважна ў атмасферы агульнай узрушанасці. Банкет удаўся на славу.

Выйшаўшы, я пасадзіў Шалона ў сваю машыну і сказаў яму:

— Добра, вельмі добра.

Ён усміхнуўся шчаслівы:

— О! Надзвычайна! І самае прыемнае, што ўсё рабілася шчыра, ад душы.

І, ведаеце, ён не памыляўся.

 

* * *

 

З таго часу кар'ера Шалона набыла імпэт. Яго жыццёвы шлях стаў гладкім і шырокім, як уезджаная магістраль. Ніякіх перашкод! Ні разу не ўпаў, не паслізнуўся. Перавага нікчэмнасці ў тым, што яе нельга ўшчаміць. І мы з задавальненнем прадбачылі ўжо стужку Ганаровага Легіёна на шыі нашага друга. Ужо ў некаторых сяброўскіх дамах пачалі гаварыць, што трэба яго прасунуць у Акадэмію. Герцагіня дэ Т... нясмела намякнула аб гэтым аднаму акадэміку, вялікаму майстру выбарчых спраў, і той сказаў ёй: «Так, так, мы думаем, але пакуль што яшчэ ранавата». З кожным днём на твар Шалона ўсё выразней клалася тая пагодлівая яснасць, што паходзіць ад спакойнай мудрасці ці ад сытага гультайства, якія, між іншым, нярэдка збліжаюцца.

У самую пару яго росквіту Шалонам зацікавілася місіс Пэкс. Глэдзіс Ньютан Пэкс была багатай прыгожай амерыканкай, якая, як амаль усе амерыканкі, багатыя і прыгожыя, праводзіла (і цяпер праводзіць) большую частку года ў Францыі. Яна мае раскошную кватэру на вуліцы Францыска Першага і асабняк на поўдні. Яе муж, Уільям Ньютан Пэкс, з'яўляючыся старшынёй праўлення Ўніверсальнай Каўчукавай Кампаніі і некалькіх чыгунак, прыязджае ў Эўропу толькі на адпачынак.

Усе мы даўно ведалі місіс Пэкс, заўзятую прыхільніцу мастацтваў, якая захаплялася літаратурай, жывапісам і навейшай музыкай. Яна шмат увагі аддала Бельтара, калі той яшчэ толькі пачынаў: купляла яму палатно, папрасіла намаляваць яе партрэт і заказала партрэт місіс Джэрвіс, праз які ён праславіўся. Два гады яна расхвальвала сваім знаёмым Бельтара, арганізавала выстаўку яго карцін, давала абеды ў яго гонар і, нарэшце, запрасіла Бельтара правесці зіму ў яе асабняку ў Напулі на беразе мора, каб ён мог спакойна працаваць.

Потым да Бельтара прыйшоў поспех, а поспех — гэта тая мяжа, за якой канчаецца вялікая дружба місіс Пэкс. Жанчына яна з розумам, але ў сваёй любві да мастацкіх рэчаў трымалася поглядаў некаторых біржавых спекулянтаў, што баяцца стабільных каштоўнасцей і хапаюцца за дробныя акцыі, невядомыя шырокай публіцы, аб якіх яны ўжо маюць па сакрэту пэўныя звесткі. Яна любіць пісьменніка, якога не друкуюць, драматурга невыразнага, п'еса якога разы тры праскочыла ў авангардысцкім тэатры, кампазітара, накшталт Эрыка Саці, пакуль той не прыдбаў сабе вучняў, альбо эрудытаў рэдкага профілю, якіх-небудзь санскрытолагаў ці даследчыкаў старажытнага кітайскага жывапісу.

Праўда, мушу адзначыць, яна ніколі не апякала людзей нікчэмных і пасрэдных. У яе быў і спрыт і густ. Але страх перад банальным, агульнадаступным, мог яе адштурхнуць нават ад дасканалага. Я не ўяўляю, каб Глэдзіс Пэкс магла любіць Талстога альбо Бальзака. Адзенне ёй шыюць у найлепшых атэлье, яна не будзе насіць плацця, нават самага прыгожага і якое ёй падабаецца, калі ўбачыць у іншых такога ж фасону. Са сваімі пісьменнікамі і мастакамі яна абыходзіцца гэтак жа: адае іх слугам, як толькі яе сябры прывыкнуць да іх.

Мабыць, я нясу адказнасць за тое, што нацэліў яе ўвагу на Шалона. Неяк раз вечарам на абедзе ў Элен дэ Тыянж мяне пасадзілі з ёю поплеч. І здарылася так, што гутарка зайшла пра яго, і я неасцярожна сказаў: не, ён ніколі не друкаваўся, але задумы ў яго грандыёзныя, і нават ёсць пачатыя работы.

— Вы іх бачылі?

— Так, але гэта яшчэ толькі нататкі. Няма пра што гаварыць.

Я сказаў без усякага намеру, аднак іменна тое, што магло больш за ўсё спакусіць місіс Пэкс. Адразу ж пасля абеду яна затрымала Шалона недзе ў кутку і, нягледзячы на ўсе спробы Элен іх разлучыць (гаспадыня не прызнавала манаполій у сваім салоне), не адпускала яго ўвесь вечар. Я назіраў за імі здалёк. «Гэта трэба было прадбачыць, — разважаў я... — Ва ўсякім разе Шалон ідэальны аб'ект для эксперыментаў місіс Пэкс. Яна шукае неапублікаванага, невядомага, схаванага ад вачэй... І вось перад ёю прадмет яе мар: пісьменнік без чытачоў, таямнічы аўтар яшчэ ненапісаных кніг. Фізік, які паступова разрэджвае паветра ў закрытай пасудзіне, імкнецца да абсалютнай пустаты. Глэдзіс Пэкс, адзін за адным мяняючы сваіх падапечных па прынцыпу найменшай прадукцыйнасці, набліжаецца да нуля. І ў Шалоне яго знаходзіць. Гэта цудоўнае супадзенне дзвюх блізкіх тэндэнцый павінна абаіх ашчаслівіць. Выходзіць, я ім памог».

І сапраўды, з наступнага дня пачаўся перыяд Шалона ў жыцці Глэдзіс Пэкс. Было ўзгоднена, што ён абедае ў яе тры разы на тыдзень, што яна прыйдзе глянуць на яго чарнавікі, а ўзімку забярэ яго з сабой у Напуль, «каб ён мог спакойна працаваць». Некалькі дзён мяне трывожыла думка, як аднясецца місіс Пэкс да рукапісаў Шалона, якія, нават з яе пункту гледжання, надта ж мізэрныя. Але тут мне здрадзіла логіка, бо страх быў зусім дарэмны. Я сустрэў Глэдзіс Пэкс на другі дзень пасля, так сказаць, папярэдняй інвентарызацыі яго творчых дасягненняў. Яна была ў захапленні. «Тут тоіцца больш, — сказала яна, — больш зместу ў задумах вашага друга, чым у плённых здабытках Генры Джэймса...» І ўсё наладзілася.

Месяцы два смакавалі яны слодыч духоўнага збліжэння. За гэты час Глэдзіс Пэкс абвясціла ўсяму Парыжу, што рыхтуе выданне твораў непрызнанага генія. Гэтым геніем стаў наш Шалон. Яна знайшла яму выдаўца, дамовілася з перакладчыкам на ангельскую мову, адрэкамендавала яго многім выдатным чужаземцам, якія наведвалі Парыж, — Джорджу Муру, Луіджы Пірандэла, Гофмансталю, Сінклеру Льюісу. Потым, вычарпаўшы ўсе даступныя ёй спосабы рэкламы, яна папрасіла ў нашага друга які-небудзь тэкст.

Яе задаволіла б любая драбніца — нарыс, артыкул, некалькі гатовых старонак. Шалон, які, зразумела, у гэтыя два месяцы працаваў не больш, чым звычайна, нічога ёй даць не мог, у чым і прызнаўся з уласцівай яму шчырасцю. Але місіс Пэкс была не з тых жанчын, што пакідаюць геніяў, як неўзараную цаліну. За сваё жыццё яна ўжо дзесяць такіх апрацавала: прыгорне да сябе беднага, закінутага, нясмелага чалавечка, надзеленага невядома за што дзівосным дарам пісаць, маляваць, ствараць музыку, і праз некалькі месяцаў выпускае ў свет авеянага славай майстра. Яе цешыў самы працэс такога ператварэння. Уплыў яе быў вялікі, і дабівацца свайго яна ўмела. Глэдзіс Пэкс энергічна занялася выхаваннем Шалона, і, воляй-няволяй, ён павінен быў нешта рабіць.

Не ведаю, з чаго яна пачала, — кампліменты, напэўна, магчыма, абяцанні (не думаю, каб яна з ім какетнічала: Глэдзіс — жанчына халодная, натуры строгай), але аднойчы Шалон прыйшоў да мяне збянтэжаны.

— Хачу з табой параіцца, — кажа... — Місіс Пэкс прапануе мне на зіму свой дом у Напулі, каб я мог спакойна працаваць. Прызнацца, у мяне няма ніякага жадання пакідаць Парыж... І потым я зараз не ў форме... Хіба толькі, каб зрабіць ёй прыемнасць. Ёй вельмі спадабаўся мой раман, і мяне спакушае думка, што за два-тры месяцы адзіноты я, можа, яго закончу.

«Закончыць» раман, які не быў пачаты... Цікавая логіка! Але ён гаварыў сур'ёзна, і я не пярэчыў.

— Ну што ж, — кажу, — цудоўна! Місіс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялікі талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы бліскучай кнігі. Калі просьба жанчыны, атмасфера захаплення і давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запішаш тое, чым так шчодра дзелішся з намі, мы ўсе будзем вельмі рады... Згаджайся, стары, я падтрымліваю... Мы ўсе цябе падтрымліваем.

Ён падзякаваў і праз некалькі дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зіму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправіўся ў Напуль, каб яго пабачыць.

Асабняк містэра і місіс Пэкс вельмі прыгожы. Яны рэстаўрыравалі і прыстасавалі да сваіх патрэб невялічкі правансальскі замак-крэпасць, які ўзвышаўся над залівам. Суровасць будынка і подступаў да яго ў кантрасце з раскошай і адмысловым унутраным камфортам здзіўлялі, як чароўная казка. Кветнікі і дрэўцы былі размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходніцкай хітрасцю, бо каб іх прыляпіць да скалы, спатрэбіліся дзесяткі кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлі з Італіі кіпарысаў, і яны, як вартавыя, абрамлялі дзёрзка перайначаную людзьмі прыроду. Калі я з'явіўся, дварэцкі далажыў, што пан працуе і папрасіў пачакаць. Чакаў я даволі доўга.

— А! Дарагі мой! — сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. — Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пішу многа, спорна, з натхненнем. Думкі атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы і мыслі. Яны б'юць фантанам з крыніцы ўзрушанай памяці. Скажы, ты калі-небудзь адчуваў такое?

Я сарамліва прызнаўся, што падобныя крызісы ад перапоўненасці бывалі са мной рэдка, і выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя ім матэрыялы спрасаваліся і цяпер выбухнулі, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Місіс Пэкс знаходзілася яшчэ ў Парыжы.) Цікавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблівасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць і даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзіў чалавека, які чытаў усё. Ён першы знаёміў мяне з дасягненнямі маладых. Куды б ні ішоў ён увечары — у тэатр ці з візітам — ніхто ў Парыжы не ведаў столькі гісторый, інтымных драм і пацешных анекдотаў. І самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкіх сяброў, з якімі заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цікавіцца і, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з ім было вельмі прыемна.

Але ў Напулі Шалон стаў зусім іншы. За два месяцы ён не разгарнуў ніводнай кнігі, ні з кім не сустракаўся. Ён гаварыў толькі аб сваім рамане. Калі я пачаў расказваць пра нашых сяброў, ён трошкі паслухаў, потым выняў з кішэні блакнот і нешта запісаў.

— Ты што запісваеш? — пытаю.

— Ды так! Прыйшла ў галаву ідэя для маёй кнігі. Не хочацца, каб яна прапала.

Праз хвіліну, калі я працытаваў яму словы адной з кліентак Бельтара, ён ізноў выцягнуў блакнот.

— Ты што? У вар'яты падаўся?

— Дарагі мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, які шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.

У яго з'явілася ўпэўненасць прафесіянала, заўзятасць чалавека, ахрышчанага ў новую веру. Пры мне было некалькі раздзелаў маёй апошняй кнігі. Я збіраўся прачытаць іх Шалону і, як заўсёды, паслухаць яго заўвагі. Але нічога з гэтага не выйшла — ён і вухам не павёў. Мне стала прыкра, нудна. А скончылася тым, што ён раззлаваў мяне сваімі легкадумна пагардлівымі адносінамі да нашых класікаў.

— Ты лічыш? — скрывіўся ён. — Рэалізм Стэндаля? Так... Знайшоў сабе дзіва! Па сутнасці, і «Пармскі манастыр» і «Чырвонае і чорнае» ўсяго толькі раманы-фельетоны. Па-мойму, зрабіць можна куды лепш.

Я развітаўся з ім і хутчэй выехаў.

 

* * *

 

Вярнуўшыся ў Парыж, я адразу ж адчуў, што Глэдзіс Пэкс не марнавала часу. Яе арганізатарскія здольнасці далі плён. Пра кнігу Шалона гаварылі многа, гаварылі з павагай і надзеяй. Ніякіх слядоў грубай, крыклівай рэкламы, якая адпрэчвае людзей далікатных. Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы імя свайго абранніка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як ніхто, «адмыкае замкнутае».

Адусюль у мяне пыталіся: «Вы былі на поўдні? Вы бачылі Шалона? Кажуць, ён напісаў нешта выдатнае?»

Місіс Пэкс правяла ў Напулі ўвесь сакавік і паведаміла нам, што кніга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае і вырываць з яго кавалкі нельга, бо страціцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазіцыі.

Нарэшце, у пачатку красавіка, яна абвясціла, што Шалон прыехаў, згадзіўся прачытаць раман і яна запрашае ўсіх нас у адну з субот на літаратурны вечар.

Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вуліцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялізнай венецыянскай лямпы, малочна-белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапіс і эфектна пастаўленую за спіной Шалона галінку квітнеючай слівы ў кітайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугі атрымалі строгі наказ нікога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна вясёлы. Місіс Пэкс аж зіхацела ад радасці. Яна яго як след усадзіла, наліла ў шклянку вады, паправіла абажур. Ён надзеў рагавыя акуляры, праверыў голас і, пасля кароткай паўзы, пачаў чытаць.

Праслухаўшы з дзесятак фраз, мы з Фаберам глянулі адзін на аднаго. Ёсць мастацтвы, што дапускаюць памылку, якія навізной стылю, светаўспрымання могуць уразіць і затлуміць галаву, але пісьменік раскрываецца хутка. З першых жа слоў мы выявілі самае горшае: Шалон не ўмеў пісаць, зусім не ўмеў. У дзіцяці можа быць наіўнасць, непасрэднасць. А Шалон пісаў банальна, прымітыўна да дзікасці. Ад гэтага чалавека, такога чулага, дасведчанага, мы чакалі, мабыць, глыбіні, складанасці хадоў. А тут усё наадварот — раман для слязлівых дзяўчат, дыдактыка, нудота, не мора, а лужына вады. Пераканаўшыся ў пікчэмнасці формы, мы, паслухаўшы яшчэ крыху, пераканаліся і ў нікчэмнасці зместу. Прыгнечаныя, разгубленыя, мы з адчаем пераглядваліся. Бельтара, паціснуўшы няўзнак плячамі, як бы сказаў: «Бач ты!» Фабер ківаў галавой і, здавалася, шаптаў: «Як жа так? Як жа так?» Я не зводзіў вачэй з Глэдзіс Пэкс. Ці разумее яна, чаго сапраўды варта гэта паднесеная нам лухта? Спачатку яна слухала паблажліва, але вельмі хутка ўстрывожылася і час ад часу кідала на мяне дапытлівы позірк. «Якая катастрофа! — думаў я. — І што ёй сказаць?»

Чытанне цягнулася больш за дзве гадзіны. Слухачы маўчалі. Хоць бы гук, хоць бы слова!.. Настолькі гэта быў слабы і бездапаможны твор. Найлепшыя намеры танулі ў яго кнізе, як іскры ў балоце. Наіўная душа аўтара была вывернута напаказ. Слухаючы Шалона, я раптам са здзіўленнем адкрыў у ім цэлы свет расчараванняў, журбы, ушчэмленай сентыментальнасці. І я сказаў сабе, што было б цікава напісаць кнігу пра няўдалага раманіста і, уключыўшы туды цалкам яго раман, паказаць псіхіку свайго персанажа ў вельмі арыгінальным аспекце. Шалон чытаў, і яго расчуленасць, пры жахлівай нязграбнасці формы, нагадвала залёты закаханай пачвары, жаласныя і смешныя.

Калі ён скончыў, цішыня была мёртвая. Мы спадзяваліся, што нас выратуе Глэдзіс Пэкс. Ва ўсякім разе яна ў сябе дома, і вечар наладжаны ёю. Але гаспадыня сядзела, як чужая. Бельтара, ураджэнец гераічнага поўдня, самы вытрыманы сярод нас, вырашыў адпакутаваць за ўсіх і выказаўся першы, коратка і тактоўна. Нашу маўклівасць ён апраўдаў хваляваннем, падзякаваў місіс Пэкс, якая стварыла ўмовы для напісання гэтай выдатнай кнігі, і, павярнуўшыся да мяне, зрабіў вывад: «Сіўрак, напэўна, з вялікай ахвотай перадасць яе свайму выдаўцу».

— О! — абазваўся я... — Свайму альбо іншаму... Я думаю, што місіс Пэкс...

— А навошта іншаму? — горача ўмяшаўся Шалон. — Не, твой мне больш падабаецца: аўтарытэтны, спрытны. Калі ты возьмеш клопат на сябе, мне будзе вельмі прыемна.

— Абавязкова, мой дарагі... Гэта лягчэй лёгкага.

Маўчанне місіс Пэкс рабілася нясцерпным. Яна пазваніла, загадала падаць ліманад і пячэнне. Шалон спяшаўся замацаваць сваю радасць канкрэтнымі фактамі.

— А як вы знаходзіце вобраз Алісы?

— Цудоўны, — адказаў Бельтара.

— А сцэна прымірэння праўдзівая, як па-вашаму?

— Самая лепшая, — пахваліў Бельтара.

— О не! — усцешыўся Шалон. — Я не лічу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, — сцэна сустрэчы Жаржыяны і Сільвіо.

— О так, — згадзіўся той. — Гэта яшчэ лепшая.

Місіс Пэкс адвяла мяне ўбок:

— Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напісаў бязглуздзіцу?

Я моўчкі пацвердзіў.

— Як жа гэта здарылася? — прамовіла яна. — Я ніколі не думала!.. Ён мне здаваўся такім разумным.

— Ён сапраўды разумны, дарагая місіс Пэкс, але творчасць і гутарка — з'явы розныя і нават процілеглыя. Можна памыліцца.

— Не, не, — ускіпела яна. — Гэта недаравальна. Ні ў якім разе нельга пускаць гэта ў друк... Пасля ўсіх маіх рэкамендацый... Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агідны, смеху варты...

— Калі ласка, не рабіце гэтага. Вы яму пашкодзіце на ўсё жыццё. Заўтра, без сведак, я паспрабую сам. Не трэба яго крыўдзіць у такі вечар... Не трэба.

На другі дзень, калі я адважыўся трошкі яго пакрытыкаваць, Шалон успрыняў мае дробныя і нясмелыя заўвагі з такім гневам, з такой пагардай, я адчуў такую аголенасць яго эмоцый, што страціў усякую рашучасць. Ранейшы вопыт мне даказваў, што з маіх намаганняў толку не будзе. Ізноў іграць ролю мальераўскага Мізантропа, акт першы, сцэна другая? Навошта? Я ведаў, што пачую: «А я сцвярджаю, што мае вершы вельмі добрыя» і ў мяне не хопіць духу паслаць знішчальную рэпліку. А таму лепш за ўсё адступіць адразу. І пайшоў я, узяўшы рукапіс пад паху, да майго выдаўца, паклаў тоўсты сшытак на стол і без усякіх каментарыяў сказаў:

— Гэту кнігу напісаў Шалон.

— Няўжо? — замітусіўся выдавец. — Гэта кніга Шалона? Палічу за шчасце яе мець. Аб ёй так многа гавораць. Я вам вельмі ўдзячны, дарагі друг, што вы ўспомнілі мяне. Як вы мяркуеце, я гатовы неадкладна скласці ўмову тэрмінам на дзесяць год?

Я параіў яму пачакаць крыху, спадзеючыся, што ён прачытае кнігу і адмовіцца. Але ж вы ведаеце, як гэта робіцца. Нашы імёны, маё і Шалона, былі для яго гарантыяй. Ён адправіў рукапіс у набор, нават не глянуўшы.

Вестка аб гэтым развеяла падазрэнні Шалона.

Тры дні місіс Пэкс яго не трывожыла, усклаўшы клопат на мяне. Калі ж дазналася пра мой візіт да выдаўца, сустрэла мяне з абурэннем і, адчытаўшы як мае быць за падатлівасць, напісала Шалону рэзкае пісьмо, якое ён назаўтра нам паказваў, ледзь не плачучы. Ён доўга вышукваў прычыну гэтай раптоўнай несправядлівасці. І прыйшоў да вываду дзікага, абсурднага, але які начыста змываў з яго ганебную пляму. Ён уявіў сабе, што Глэдзіс Пэкс пазнала сама сябе ў вобразе нягеглай ангелькі, паказанай у яго рамане, пасля чаго адразу павесялеў і перастаў аб ёй думаць.

 

* * *

 

Праз тры месяцы кніга выйшла ў свет. Дрэнных водгукаў у друку не было. Шалон карыстаўся агульнай сімпатыяй, і прычыняць яму боль ніхто не хацеў. Крытыкі сябры выказваліся аб кнізе стрымана, астатнія маўчалі.

Затое вусная крытыка разлівалася шумлівым патокам. Не было таго дня, каб у мяне не пыталіся: «Ну, а як Шалон? Вы бачылі яго раман? Гэта нешта жудаснае!..» Праз месяц увесь Парыж, не чытаючы, ведаў, што кнігу не варта чытаць. На вітрынах кнігарань прыгожыя жоўтыя вокладкі зрабіліся бледна-лімоннымі, потым павольна пачалі чарнець. Пад канец года амаль увесь тыраж вярнулі выдаўцу. Затраты не апраўдаліся, і Шалон заявіў, што яго абакралі.

Няўдача адабрала ў яго спакой, абудзіла нянавісць. Цяпер ён дзяліў чалавецтва на дзве катэгорыі: «тыя, хто цэніць маю кнігу» і «тыя, хто не цэніць маёй кнігі». Жыць у грамадстве стала яму цяжка. Калі мы збіраліся наладзіць таварыскі абед, Шалон гаварыў:

— Гэтага не запрашайце, я яго цярпець не магу.

— Чаму? — пытаў Фабер. — Ён разумны і зусім не злы.

— Хто? Ён? Змяя. Нічога не напісаў пра маю кнігу, — адказваў сярдзіта Шалон.

Гэты чалавек, раней такі мілы і скромны, стаў фанабэрыстым да немагчымасці. Ён заўсёды насіў у кішэні хвалебную заметку, з натугай праціснутую мной у друк, і чытаў яе абы-каму. Калі які-небудзь крытык пералічваў таленавітых раманістаў нашага пакалення, ён дзівіўся, не знаходзячы свайго імя: «Гэты Біду — паскуднік!» — сцвярджаў ён. Альбо так: «Ад Жалу я такой подласці не чакаў!..» Неўзабаве, падобна вар'ятам, якія, абвінаваціўшы ўсіх суседзяў у злачынных падкопах пад свой дабрабыт, канчаюць тым, што нават на жонку і на дзяцей сваіх глядзяць, як на ворагаў, так і Шалон — вырашыў, што ў «Саюзе пяці» яго як пісьменніка не цэняць, і паступова адвярнуўся ад нас.

Можа, у новым асяродзішчы, менш інфармаваным, ён і знайшоў бы тое бескарыслівае, пачцівае давер'е, якое мы так доўга яму аказвалі. Тры разы ўзапар ён не з'явіўся на нашы сходы. Бельтара напісаў яму і не атрымаў адказу. Тады мне даручылі быць паслом ад «чатырох» і схадзіць да яго на кватэру.

— Бедны хлопец, ці ж ён вінаваты, што не мае таленту? — гаварылі мы.

Ён быў дома і мяне прыняў, але вельмі холадна.

— Не, не, — сказаў ён, — даўно вядома, што людзі — дрэнь. І вы такія ж, не лепшыя. Пакуль я быў вашым дарадчыкам, з захапленнем слухаў вас, вы сябравалі са мной. Калі ж я захацеў сам нешта стварыць, ты, асабліва ты, адчуў ва мне магчымага саперніка і арганізаваў змову маўчання вакол маёй кнігі.

— Я? Каб ты ведаў, колькі разоў я абіваў парогі, прасіў за цябе!

— О, так! Падлізваліся, каб потым угробіць! Ашуканцы! Крывадушнікі!..

— Пабойся бога, Шалон!.. Узводзіш паклёп! Успомні той дзень, калі ты мне паведаміў, што збіраешся паехаць у Напуль, хочаш узяцца за работу. Ты вагаўся, быў не ў форме. Я падбадзёрыў цябе, павіншаваў...

— Помню. І ніколі вам гэтага не дарую: табе і Глэдзіс Пэкс.

Ён падняўся, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх, каб паказаць, што аўдыенцыя скончана. Выходзячы, я пачуў:

— Вы загубілі маю кар'еру.

 

* * *

 

— І самае цікавае, — прамовіў Бельтара, — самае дзіўнае, што ён сказаў праўду.



Пераклад: Юрка Гаўрук