epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Мірына

Лепшыя пісьменнікі нашага часу захапляліся Крысціянам Менетрые. Праўда, і ворагаў прыдбаў ён шмат, паколькі іх заўсёды плодзіць чужая ўдача і асабліва таму, што ўдача гэта прыйшла да Менетрые позна, тады ўжо, калі сябры і крытыка прывыклі лічыць яго паэтам для нямногіх, вартым пашаны, але не здольным распальваць страсці, і ўвага да яго твораў набыла характар спакойны і бяскрыўдны. Яго жонка, Клер Менетрые, асоба з прэтэнзіямі, гарачая і энергічная, вывела Крысціяна ў людзі ў 1927 годзе, угаварыўшы кампазітара Жана Франсуа Мантэля напісаць оперу «Мерлін і Вівіяна» на сюжэт драматычнай паэмы свайго мужа. Але найбольшая заслуга ператварэння Крысціяна Менетрые ў папулярнага драматурга належыць акцёру Леону Ларану. Гісторыя гэта мала вядомая, і, можа, будзе цікава яе прыпомніць, паколькі яна асвятляе некаторыя слаба даследаваныя праявы творчага працэсу...

Леон Ларан, які так многа зрабіў для адраджэння французскага тэатра ў перыяд паміж дзвюма войнамі, на першы погляд здаваўся чалавекам далёкім ад акцерскай прафесіі. Ніякага зазнайства, заўсёды гатовы з поўнай аддачай узяцца за пастаноўку добрай п'есы, ён глядзеў на тэатр, як на храм. Яго культурнасць проста здзіўляла. Ён меў бездакорны густ і мог дасканала разабрацца ў самым складаным і нязвычным. Кіруючы ўласнай трупай, ён адважыўся паставіць «Праметэя» Эсхіла, «Вакханак» Эўрыпіда і «Буру» Шэкспіра. Яго Праспера і Арыэль у выкананні Элен Месьер — цудоўныя, незабыўныя вобразы. Ён асвяжыў Мальера, Мюсэ, Марыво арыгінальным прачытаннем і рэжысёрскай трактоўкай яшчэ тады, калі Камедзі-Франсэз соладка спала, чакаючы, пакуль яе пабудзіць Эдуард Бурдэ. Нарэшце, ён умеў вышукваць сярод пісьменнікаў нашага часу тых, хто быў гатовы падтрымаць слаўныя традыцыі тэатра паэтычнага. Французскай драматургіі ён даў школу і сцэну.

Я сказаў, што на першы погляд у ім не было нічога акцёрскага. Гэта праўда. Тонам, манерай, падборам слоў ён хутчэй нагадваў маладога настаўніка альбо лекара. Але такое ўражанне трымалася нядоўга. Некалькі хвілін ігры — і вы пераконваліся, што перад вамі артыст магутнага дару і шырокага дыяпазону, які мог зрабіцца велічным Аўгустам у «Цынне», пацешным абатам у «Дарма слова не давай!» альбо трагікамічным донам Базіліо ў «Севільскім цырульніку».

Крысціян Менетрые ім захапляўся, не прапускаў ніводнай прэм'еры з яго ўдзелам, але, напэўна, ніколі б не пазнаёміўся з Ларанам, бо яны абодва саромеліся, каб не ўмяшалася ў справу рашучая Клер. Клер Менетрые ў дачыненні да выдатнага артыста цалкам падзяляла пачуцці мужа і выказала пажаданне, каб Крысціян напісаў п'есу. Яна меркавала, і зусім слушна, што спрактыкаваны артыст знойдзе спосаб яго прымусіць, і ўжыла ўсе захады, каб прывабіць Ларана ў свой дом. Гэта ёй удалося. Бледныя шчокі і ясныя вочы колеру марской вады надавалі Клер прывабнасці, а жаночае хараство было той сілай, якая заўсёды ўзрушвала Леона Ларана. Зрэшты, пазнаёміўшыся, мужчыны адразу ж знайшлі ўдзячную тэму для дыскусій — «тэатр». У Крысціяна на гэты конт было мноства ідэй, і большасць іх супадала з думкамі мастацкага кіраўніка трупы.

— Вялікая памылка рэалістаў, — сказаў Крысціян Менетрые, — у тым, што яны выносяць на сцэну бытавую гутарку... А гэта якраз і не цікава гледачу ў тэатры. Не трэба забываць, што драма бярэ свой выток з абрадаў, а таму працэсіі, выхады і хоры займаюць у ёй значнае месца... І нават камедыя... Гавораць, што Мальер вывучаў мову насільшчыкаў на мосце Понт-о Шанж. Гэта магчыма, гэта напэўна так, але ён вывучаў, каб потым яе стылізаваць.

— Згодзен, — сказаў Леон Ларан. — Цалкам згодзен. І гэта яшчэ адзін довад, Менетрые, каб я вам параіў заняцца пісаннем для тэатра... Вашы лірычныя строфы, адмысловая вобразнасць, пры ўсёй іх як быццам неадпаведнасці, — цудоўны матэрыял для акцёра... Зрабіце нам статуі — мы дадзім ім жыццё.

Леон Ларан гаварыў кароткімі фразамі, і яго прыгожы голас надаваў ім непаўторнае гучанне.

— Але ж я пішу для тэатра, — запярэчыў Крысціян.

— Не, дарагі мой!.. Не!.. Вы пішаце паэмы-дыялогі для дамашняга ўжытку, а не для публікі.

— Калі ж мяне не іграюць.

— Скажыце лепш, што вы ніколі не ставілі сваёй мэтай, каб вас ігралі... Вы і дагэтуль не ўяўляеце законаў сцэнічнага мастацтва. А без іх тэатра няма... Напішыце п'есу для мяне... Так, дарагі мой, для мяне, такога, які я ёсць. Тады вы пабачыце рэпетыцыі... І гэта будзе вам навука!.. Вось што, у вас ёсць (і гэта, па-мойму, адзіны ваш недахоп) некаторая афектацыя, уласцівая сімвалістам... Але, як толькі тэксты вашы прагучаць, вы самі лёгка адрозніце сапраўднае ад фальшывага. Сцэна для аўтара тое самае, што для прамоўцы пласцінка з запісам яго голасу. Ён знаходзіць свае памылкі і выпраўляе іх.

— Гэта самае я гавару яму кожны дзень, — заўважыла Клер. — Драматургія — яго прызванне.

— Не ведаю, не ведаю, — прамовіў Крысціян.

— А вы паспрабуйце... Паўтараю яшчэ раз: напішыце п'есу для мяне.

— А на які сюжэт?

— У вас жа іх сотні, — здзівіўся Леон Ларан. — Што вы? Калі я заходжу да вас, вы мне ў некалькі хвілін расказваеце цалкам першы акт і амаль заўсёды выдатна. Сюжэт! Вам толькі трэба сесці за стол і запісаць тое, што вы мне ўжо расказалі... Гэта ж вельмі проста! І я абяцаю вам наперад, што сыграю ўсё, што вы для мяне напішаце.

Крысціян Менетрые задумаўся:

— Ну добра. Здаецца, у мяне ёсць ідэя. Вы не ведаеце, як турбуе мяне зараз пагроза вайны, колькі сіл я прыкладаю, і між іншым дарэмна, каб звярнуць увагу французаў на яўныя намеры вар'ятаў, што кіруюць Германіяй...

— Я чытаў вашы артыкулы ў «Фігаро», — пацвердзіў Леон Ларан. — Здорава і карысна... Але злабадзённы спектакль, разумееце...

— Я ж вам не прапаную п'есу пра нашу сучаснасць. Не! Я хачу зрабіць перамяшчэнне. Вы помніце становішча афінцаў у момант, калі Філіп, цар македонскі, абвясціў, што яму не хапае жыццёвай прасторы, і заняў, адзін за адным, некалькі дробных грэчаскіх гарадоў. «Сцеражыцеся! — папярэджваў Дэмасфен афіцэраў. — Сцеражыцеся! Калі вы не заступіцеся за Чэхаславакію, ён і вас праглыне праз некаторы час!» Але афінцы былі даверлівыя, легкадумныя, а Філіпу памагала «пятая калона»... Дэмасфена спасцігла няўдача... І вось аднойчы прыйшла чарга да Афін... Гэта ўжо змест другога акта.

— Здорава! — бліснуў вачыма Леон Ларан. — Выдатна? Вось ён, наш сюжэт! Пачынайце работу!

— Не спяшайцеся. Не адразу. Мне трэба перачытаць дзесяткі кніг. Але я выразна бачу вас у ролі Дэмасфена на трыбуне. Вы ж, мабыць, будзеце іграць Дэмасфена.

— Ну вядома.

Узрадаваная Клер аж да пяці гадзін раніцы слухала дыскусію наконт п'есы. І калі госць нарэшце развітаўся, галоўныя эпізоды былі ўжо намечаны. Крысціян нават знайшоў бліскучую канцоўку. Пасля розных ускладненняў высветлілася, што толькі раптоўная смерць Філіпа цудам ратуе Афіны ад гібелі. Але Дэмасфен не верыў у трываласць цудаў, не спадзяваўся на ласку нябёс, а заклікаў афінцаў адважна абараняць свой горад. «Так, — гаварыў ён, — гэта праўда... Філіп Македонскі памёр... Але як завецца сын Філіпа?» І нехта з натоўпу адказваў: «Аляксандр...»

— Дасканала! — сказаў узрушаны артыст. — Дасканала! Я іх чую... Я ўжо вымаўляю гэтыя словы... Менетрые, калі вы праз месяц не напішаце гэту п'есу, вы не драматург.

Роўна праз месяц п'еса была гатова. Сёння мы ведаем, што твор гэты ў поўнай меры апраўдаў надзеі Клер і Ларана. Аднак, калі Леон Ларан, пасля трыумфальнай чыткі ў тэатры, з'явіўся да Менетрые, каб дамовіцца аб размеркаванні роляў, тэрмінах і рэпетыцыях, ён быў стрыманы і на выгляд заклапочаны. Крысціян, вельмі чуллівы, як і ўсякі мастак, калі справа датычыцца яго творчасці, адразу зразумеў, што акцёр нечым не задаволены.

— Не, — заявіў ён Клер, калі выйшаў Ларан, — не, настрой у яго няважны... Чаму? Ён мне не сказаў. Ён мне нічога не сказаў. Але тут нешта ёсць... І не тое, што яму не падабаецца п'еса. Наадварот, ён яшчэ раз пахваліў сваю ролю ў сцэне сустрэчы з кіраўнікамі, і гэта было шчыра. Толькі ён нешта ўтойвае... А што? Не магу здагадацца.

Клер усміхнулася:

— Крысціян, вы — геній, я ў захапленні ад вашага таленту, але вы наіўны як дзіця ў справах элементарных адносін між людзьмі... Нават не бачыўшы Ларана, я магу запэўніць вас, што ведаю прычыну. У вашай п'есе ёсць...

— Што там ёсць?

— Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагі мой, няма ролі для Элен Месьер... Вось і ўвесь сакрэт. Ва ўсякім разе я вас папярэдзіла.

Крысціян з нецярплівасцю пачаў тлумачыць:

— Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сімпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ і Марыво, што яна можа рабіць у палітычнай трагедыі?

— Ах, мой любы, як вы блытаеце пытанні! Справа не ў тым, што можа рабіць Элен у палітычнай трагедыі, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.

— Элен Месьер — каханка Леона Ларана?

— Вы што, з неба зваліліся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.

— Не ўсё ж мне ведаць. І прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..

— Я думаю, што Ларан не толькі хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролі для Месьер. І яшчэ дадам, што не прадбачу асаблівых цяжкасцей, каб яго задаволіць. Варта ўключыць персанаж, які...

— Ні за што!.. Гэта парушыць кампазіцыю твора.

— Добра, Крысціян... Пагаворым як-небудзь потым.

І такая размова адбылася, бо Ларан прыходзіў змрочны, марудзіў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкі і розныя іншыя перашкоды. У Крысціяна, які гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалі здаваць нервы.

— Слухайце, мой друг, — звярнулася да мужа Клер, — вы не будзеце пярэчыць, калі я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, і я вам абяцаю справу ўладзіць... Вядома, пры ўмове, што вы напішаце ролю.

— Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, і тым болей твор мастацкі, для таго, каб...

— Ах, Крысціян! Гэта так лёгка, і ў вас такая багатая фантазія... Напрыклад, у другім акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганізоўваюць у Афінах «пятую калону», чаму б ім не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афінскіх арыстакратаў, банкіраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам і персанаж, прычым абсалютна праўдзівы.

— Так, магчыма... І нават можна было б... Парада слушная... Яно сапраўды цікава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва...

Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслі Крысціяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, і гутарка між імі дала плённыя вынікі.

— Ах! Якая шчаслівая ідэя! — прызнаўся ён з палёгкай. — Вы ведаеце, я не асмельваўся прасіць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампраміснага ў пытаннях творчасці. Але п'еса без жанчын наўрад ці будзе мець поспех у публікі. Сам Шэкспір у «Юлію Цэзары»... Карнель у трагедыі пра Гарацыяў не абышоўся без Сабіны, Расін у міф пра Федру дадаў і Арысію... А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставіць п'есы, у якіх не прымае ўдзелу Элен... Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхільная да мяне... але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной... І калі я буду пакідаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, і гэта, павінен прызнацца, будзе мяне вельмі трывожыць. А калі ваш муж напіша для яе невялічкую ролю, усё стане на сваё месца, і праз тыдзень я пачну рэпетыцыі.

Так зарадзіўся вобраз Мірыны. Крысціян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных і разумных, і адначасова какетлівых красунь Марыво, у п'есах якога бліскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешаніны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы і на рэдкасць прывабны. «Залатая роля!» — пахваліў Ларан. Клер запрасіла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мініяцюрная, з доўгімі апушчанымі вейкамі, з грацыяй асцярожнай кошкі, гаварыла яна мала і ні разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысціяну.

— О, актрыса з душком! — прамовіў ён. — Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганізаваць «пятую калону».

— А вы не закахаліся ў яе, Крысціян?

— Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. І не толькі кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсім.

— Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасці робіць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын і хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, і ўсё ідзе як не трэба лепей.

Сапраўды, некалькі дзён усё ішло як мае быць. Потым ізноў Ларан спахмурнеў.

— Што ў яго яшчэ? — запытаў Крысціян.

— На гэты раз нічога не ведаю, — адказала Клер. — Але я магу даведацца.

Ларан не прымусіў сябе прасіць. Ён растлумачыў:

— О не, роля цудоўная, і Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам і наймаем у тэатр адно таксі; ехаць паасобку — абсурд... Калі ж Элен будзе выступаць толькі ў другім акце, што ж ёй тады рабіць у сваёй прыбіральні цэлую гадзіну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца візіцёры, і тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне ігру... а яшчэ больш, пашкодзіць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цікавіць, а вось мая ігра...

— Карацей кажучы, — падагуліла Клер, — вы жадаеце, каб Мірына дзейнічала і ў першым акце.

— Ад вас нічога не схаваеш, мадам.

Калі яна расказала Крысціяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: «Прымушаць пісьменніка! Навязваць яму!..» Клер нядрэнна разбіралася ў сістэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоіць яго сумленне.

— Чакайце, Крысціян, усе драматургі працавалі ў залежнасці ад абставін. Шэкспір, як вам вядома, улічваў фізічныя асаблівасці сваіх акцёраў, Расін пісаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваіх «Пісьмах» мадам дэ Сэвінье.

— Яна ненавідзела Расіна.

— Яна яго добра ведала.

Мірына з'явілася і ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксі, вельмі важная для сумеснай дастаўкі каханкаў у тэатр, была не менш важная і для адначасовага іх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мірына трапіла і ў трэці акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:

— А чаму б, Крысціян, гэтую Мірыну, пасля паражэння афінцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасці. Зрабіце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўніцы Дэмасфену.

— Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасці, як у галівудскіх фільмах. Даволі, хопіць, я не дадам ні радка.

— Чаму вы лічыце гэта банальным і нерэальным? Хіба жанчына лёгкіх паводзін не можа стаць патрыёткай? У жыцці такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусіла Напалеона Трэцяга ідэяй аб'яднання Італіі... Трэба толькі разумна і нечакана падрыхтаваць перамену ў Мірыне... Вы ж распісваць мастак. Ну, а без палюбоўніцы Дэмасфен можа абысціся, я сказала гэта жартам.

— Чаму жартам?.. Успомніце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыі...

Клер, праявіўшы вытрымку, прымусіла Крысціяна нарэшце згадзіцца, і роля Мірыны, павялічаная і ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.

Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераіню вачамі Ларана. Публіка, падзяляючы ў душы палітычныя трывогі Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на «Персаў» Эсхіла, зрабіла аўтару авацыю. Спецыялісты высока ацанілі майстэрства, з якім ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхільны да сваіх калег, прыветліва сустрэў Клер за кулісамі.

— Не іначай, як вы прыклалі сваю лапку да гэтай Мірыны, смуглявая чараўніца! — прабурчаў ён добразычліва. — Нічога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... І ваш праведны муж сам без дапамогі ніколі б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмік... Можа, няпраўда?

— Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мірыны, — усміхнулася Клер, — але я тут ні пры чым.

Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзіі гаварыў толькі пра Мірыну. «З гэтага часу, — пісаў ён, — імя Мірыны стане такім жа славутым, як імя мальераўскай Агнесы альбо Селімены».

Клер сядзела каля мужа і, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:

— Падумаць толькі, каб не праблема таксі, не існавала б і Мірыны!

Астатняе належыць гісторыі літаратуры. Трагедыя «Філіп» была перакладзена на многія мовы і дала пачатак новым плыням у развіцці тэатральнага мастацтва. Засталася невядомай толькі адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кінула Леона Ларана і выйшла замуж за рэжысёра з Галівуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследніцай твораў Менетрые, з просьбай выкрасліць ролю Мірыны.

— Ва ўсякім разе, — сказаў ён, — мы з вамі ведаем, што ў п'есу яна трапіла выпадкова і ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавіць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу і мне бліжэй. Ну, і эканомія сродкаў. Не трэба шукаць гераіні.

Але Клер адмовіла далікатна і рашуча:

— Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсці актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мірыну. Даруйце, я не магу дазволіць папраляць п'есу майго мужа... Не будзем разлучаць тых, каго зблізіў Крысціян.

І Мірына, дачка натхнення і неабходнасці, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.



Пераклад: Юрка Гаўрук