epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Вяртанне з палону

Гэта — праўдзівая гісторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскім сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакінем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягніку, які вёз з Германіі палонных французаў. Іх было дванаццаць у купэ, разлічаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелі ў цеснаце, але ўсхваляваныя і шчаслівыя, бо ведалі, што нарэшце, пасля пяці гадоў разлукі, ізноў пабачаць сваю радзіму, свой дом, сваю сям'ю.

Усю дарогу перад вачамі амаль кожнага з іх стаяў адзіны вобраз, які ніяк не выходзіў з галавы, — вобраз жонкі. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Ці такая яна, як была? Ці захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабіла ў гэтыя цяжкія гады чакання і адзіноты? Ці можна будзе жыць з ёю разам, як і раней? Тыя, хто меў дзяцей, былі спакайнейшыя. Іхнім жонкам трэба было выхоўваць малых, і прысутнасць дзяцей, якія з цікавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя дні.

У кутку купэ сядзеў высокі худы чалавек. Яго бледны гарачы твар і бліскучыя вочы хутчэй нагадвалі іспанца, чым француза. Прозвішча яго — Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правінцыі Перыгор. Цягнік імчаўся ўночы. Глуха грукаталі колы, і толькі свісток паравоза час ад часу парушаў іх аднастайны, імклівы рытм. Леймары размаўляў са сваім суседам:

— Скажы мне, Сатурнін, ты жанаты?

— А то як жа. Вядома, жанаты... Гады два да вайны, і хлопчыкаў двое... Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?

Сатурнін, вясёлы нізенькі чалавек са шрамамі на твары, выцягнуў з унутранай кішэні стары зашмальцаваны бумажнік і з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.

— Ого, якая ў цябе красуня! — пахваліў Леймары. — І табе не боязна вяртацца дадому?

— Боязна?.. Ды я ад радасці скакаць гатоў. Чаму боязна?

— А таму, што яна прыгожая і адна, а навокал столькі ўсякіх розных...

— Глупства гародзіш! Для Марты існую толькі я... Мы жылі разам так шчасліва... І калі я табе пакажу яе лісты за гэтыя пяць гадоў...

— Ат! Лісты! Гэта нічога не даказвае... Я таксама атрымліваў добрыя лісты... І ўсё ж мне боязна.

— Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?

— Наадварот... Ва ўсякім разе раней... Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто іншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажаніліся, і хоць бы хмурыначка.

— Ну то чаго ж ты?

— Гэта залежыць ад характару, братка... Я з тых людзей, якія не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, і разумнейшая, і прыгажэйшая... Яна жанчына адукаваная і ўмее ўсё рабіць... За матэрыю возьмецца і такое плацце выштукуе — любата... Або хату абставіць, звычайную, сялянскую, — заходзіш, як у рай... Вось я і думаю, у часе вайны колькі ўсякіх бежанцаў у нас перабывала і сярод іх, мабыць, пападаліся хлопцы больш відныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма... саюзнікі... Першая красуня на сяле, напэўна, трапілася ім на вока.

— Ну і што з таго? Калі яна цябе любіць...

— Так то яно так, братка, але ты ўяві сабе, што значыць быць адной пяць гадоў... Шардэйль жа не яе радзіма, а мая. У яе там ні сваякоў, ні блізкіх. Спакуса была вялікая.

— Глупства гародзіш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкі кручаны... Дапусцім, і было нешта такое... Дык што ж тады на сцяну лезці, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваім мужам лічыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: «Маўчы і не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мір і ўсё трэба пачынаць спачатку».

— Гэта не ў маёй натуры, — рашуча сказаў Леймары. — Калі я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку...

— Ну і што ты ёй зробіш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкі мазгоў у галаве?

— Не, я ёй нічога не зраблю. Нават ліхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знікну. Знайду сабе якую-небудзь мясціну і буду жыць пад чужым прозвішчам. Пакіну ёй грошы, хату, маёмасць... Мне нічога не трэба, у мяне ёсць прафесія... Не прападу, наладжу жыццё... Можа, гэта і неразумна, але я такі: усё або нічога.

Засвістаў паравоз, заскрыгаталі стрэлкі, цягнік набліжаўся да станцыі. Двое падарожных спынілі размову.

 

* * *

 

Мэр Шардэйля быў сельскім настаўнікам. Яго паважалі за душэўнасць і бацькоўскі клопат. Раніцай, як толькі прыйшло паведамленне з міністэрства, што дваццатага жніўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень — Захад разам з іншымі вяртаецца і Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзіць да яго жонкі з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамі духмяных чырвоных руж паабапал брамкі.

— Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якіх трэба папярэджваць аб вяртанні мужа, каб абараніць ад небяспечнага сюрпрызу... Не, і, з вашага дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзіны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельніцтва... Нават пляткаркі, якім чужая жанчына, як парушына ў воку, і тыя не могуць прычапіцца да вас.

— Прычапіцца заўсёды можна, пане мэр, — адказала яна з усмешкай.

— Ваша праўда, мадам, ваша праўда... Але вы ім усім наступілі на язык... Не, я проста хацеў зрабіць вам прыемнасць... Служыць народу для мяне найвялікшая асалода... Я ад душы падзяляю вашу радасць і думаю, вы падрыхтуеце ўсё для ўрачыстай сустрэчы... Вядома, кожнаму цяпер цяжка, прадуктаў не хапае, але, спадзяюся, для такога выпадку...

— Слушна, вельмі слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены... Вы кажаце, дваццатага жніўня? У колькі гадзін, вы думаеце, ён будзе тут?

— Міністэрства паведамляе: «Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзіны». Такія цягнікі ходзяць павольна... Ехаць ён павінен да станцыі Тывіе і адтуль чатыры кіламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.

— О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне... Даруйце, што не запрашаю вас... Ведаю, вы не пакрыўдзіцеся... Вельмі вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы і добразычлівы візіт.

— Усё насельніцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары... Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.

 

* * *

 

Дваццатага жніўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзіне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палінялыя стужкі на аконных фіранках замяніла свежымі. Потым схадзіла да Марцыяла, мясцовага цырульніка, зрабіла завіўку і легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскі. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялізну і з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую ні разу не насіла за гэтыя пяць гадоў адзіноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калісьці падабалася плацце ў блакітныя і белыя палоскі. Яна памерала яго і са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вісіць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузіла сама, ажывіўшы каляровым каўнерыкам і поясам.

Перш чым гатаваць снеданне, яна прыпомніла ўсе яго любімыя стравы... У Францыі 1945 года жылося бедна... Шакаладны дэсерт?.. О, гэта быў бы яму ласунак... А толькі дзе яго ўзяць, шакаладу?.. Добра, што ў яе былі свае куры і ў запасе некалькі свежых яек. Ён жа заўсёды хваліў яе амлет, казаў, што смачней не бывае... Любіў ён нятлустае мяса, смажаную бульбу, але ўжо два дні, як мяснік у Шардэйлі зачыніў сваю краму... Пазаўчора яна якраз зарэзала кураня, мяса не мяса, але, калі добра падсмажыць... Ах, вось яшчэ: суседка бажылася, што ў бліжэйшым мястэчку бакалейшчык цішком з-пад прылаўка прадае шакалад. І яна вырашыла абавязкова пабываць там.

«Калі ў восем выберуся, то ў дзевяць магу вярнуцца... Падрыхтую ўсё загадзя, каб потым засталася толькі кухня».

Узрушаная, заклапочаная, яна тым не менш была ў самым вясёлым настроі. Пагода дзівосная. Здаецца, ніколі ранішняе сонца не асвятляла так ярка даліну. Спяваючы, яна пачала накрываць стол: «Абрус у чырвоныя і белыя квадрацікі... Мы на ім вячэралі ў першы дзень нашага сумеснага жыцця... Ружовыя талеркі з малюнкамі, якія так яго забаўлялі... Бутэлька шыпучага... і, галоўнае, кветкі... Ён любіў, каб на стале былі кветкі, і гаварыў, што ніхто не ўмее іх так падбіраць, як я».

Яна зрабіла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васількі і некалькі сцяблінак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласіпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькі прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькі гора, Рэно, напэўна, будзе здзіўлены, што яго хата і яго жонка вельмі мала змяніліся... Праз акно яна бачыла сябе ў вялікім люстры. Мабыць, трошкі худаватая, але такая беленькая, маладзенькая і, адразу відаць, што закаханая... Яна адчувала сябе на сёмым небе.

«Пара! — сказала яна сабе, — трэба спяшацца... Каторая гадзіна? Божа мой, ужо дзевяць гадзін!.. Ніколі не думала, што гэта зойме столькі часу... Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка».

 

* * *

 

Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, і ніхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымі бліскучымі вачамі пралез у сад. Некалькі хвілін ён азіраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару і хараства кветак... Слухаў, як гудуць пчолы... Потым ціха паклікаў:

— Элен!

Ніхто не адказваў. Ён паклікаў гучней:

— Элен!.. Элен!..

Напалоханы маўчаннем, ён падышоў бліжэй і ўбачыў праз акно стол, сервіраваны на дваіх, кветкі і бутэльку віна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахіснуўся і прытуліўся да сцяны.

«Божа! — падумаў ён... — Яна жыве не адна!»

Калі праз гадзіну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:

— Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён і твару не паказаў.

— Пабег?.. Куды? У якім кірунку?

— На Тывіе.

Яна кінулася да мэра, які нічога не ведаў.

— Баюся, пане мэр... Страшэнна баюся... Рэно — чалавек уражлівы і вельмі раўнівы... На стале былі прыборы... Ён іх бачыў і не здагадаўся, што гэта яму... яму я паставіла... Пане мэр, знайдзіце яго зараз жа!.. Знайдзіце!.. Ён такі, што можа не вярнуцца... А я ж яго так люблю!

Мэр спешна паслаў веласіпедыста на станцыю Тывіе, падняў на ногі паліцыю, але Рэно Леймары знік. Элен прасядзела каля стала ўсю ноч. Было душна, горача. Пачалі ўжо і кветкі вянуць... Яна нічога не ела.

Прайшоў дзень, потым тыдзень, потым месяц...

Ужо больш як два гады мінула з таго часу, а пра яго ніякіх чутак. Я запісаў гэту трагічную гісторыю ў надзеі, што ён яе прачытае і вернецца.



Пераклад: Юрка Гаўрук