epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Зялёны пас

— Бертран, — запытала Ізабэла, — вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабілі прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталі, і мне адной цяжка яе прымаць. Між іншым, яна піша ў сваім лісце, што хацела б з вамі параіцца.

Я зірнуў у свой блакнот і з прыкрасцю адмахнуўся:

— Гэта парушае ўсе мае планы.

— Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча... Мы не бачылі Наталі з таго часу, як памёр яе муж, і тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такім жахлівым, што я проста не разумею, як яна перажыла... Можна ашалець з гора... Сямейная драма, беднасць... Ці не замнога для адной маленькай істоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў... Не ведаю, чым яе ўцешыць!..

— І я таксама... А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такіх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць... Вы гэтак жа будзеце плакаць... Абдыміце яе, далейшае падкажа інстынкт.

Праз хвіліну ён дадаў:

— Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.

Вечарам, за некалькі хвілін да вызначанага тэрміну, ён увайшоў у пакой Ізабэлы.

— Ніяк не супакою нерваў, — сказала яна. — Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкі аб гэтай няшчаснай... Гляджу на дзверы, праз якія яна зараз увойдзе, падбіраю словы і тут жа іх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая...

— Вазьміце сябе ў рукі. Ніколі не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставін. Кідайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, — так раіў Стэндаль... Гарбата згатаваная?

— Так, я прасіла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвілін праз пяць пасля яе прыходу... Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спыніць рыданне і слёзы і пасля лягчэй будзе гаварыць.

Бертран узяў кнігу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалі. Кароткі, нясмелы званок парушыў цішыню. Ізабэла паднялася.

— Гэта Наталі, — прашаптала яна.

— Сядзіце, не ўставайце, — прамовіў Бертран.

Яна пачула звонкі голас у пярэдняй.

— О, як у вас тут цёпла! Я скіну паліто.

Дзверы адчыніліся. На парозе паказалася Наталі. Яе твар трошкі схуднеў, трошкі пабляднеў, але амаль не змяніўся — быў такі ж малады і прыгожы.

— Добры дзень, — радасна прывіталася яна. — О! Бертран!.. Які вы слаўны!.. Я ніяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць... Як у вас тут цёпленька, Ізабэла!..

Калі праз гадзіну, праводзіўшы госцю, Бертран вярнуўся, Ізабэла сказала яму з абурэннем:

— Ніхто б не даў веры! Як вы лічыце, дарагі? Я ж дрыжала толькі ад адной думкі... А яна хоць бы слова аб сваім горы, аб сваім няшчасці...

— Хіба што туманныя намёкі, — пацвердзіў Бертран. — Часам уставіць нешта накшталт «у маім становішчы» і адразу ўбок. Нічога канкрэтнага. Дзіўлюся, нашто ёй спатрэбілася мая прысутнасць... Яна хацела нейкай парады, вы казалі?.. Але ж яна ў мяне нічога не спытала.

— Я тут ні пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правільна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзілася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам... Гэта праўда, што вам такія рукавы падабаюцца? Знайшлі што хваліць!.. А я думала, што вы прыхільнік строгіх строяў.

— Ды я зусім не хваліў... Вы маўчалі... Трэба ж было нейк заняць час.

— Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, і кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай і пачынала гаварыць аб сваім намеры паехаць у Грэцыю, зрабіць марскую прагулку ў асобнай каюце. Відаць, яна яго ніколі не кахала.

— Хто ведае? — прамовіў Бертран.

— А яе дзеці?.. Вы чулі, што яна сказала, калі я заўважыла, што дзеці будуць ёй уцехай? «Вы так думаеце? — запытала яна. — Вы любіце дзяцей?.. А я — не... Заходжу ў дзіцячую. Калі яны гуляюць, то на мяне ніякай увагі... І мне тады робіцца сумна». Я не ведала, што адказаць... Затое пра вашу апошнюю кнігу яна гатова была гаварыць бясконца.

— А хіба гэта дрэнна? — заступіўся Бертран. — Відаць, яна яе з цікавасцю прачытала.

— Якраз гэтага я і не магу ёй дараваць... Як можна з цікавасцю чытаць кнігу, калі сэрца павінна разрывацца з роспачы?.. І потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулі ўвагу?

— Звярнуў. Даволі прыгожа, між іншым, — палоска яркага колеру на чорным фоне.

— Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, і так, але ж гэта скандал!.. Як? Страціць такога выдатнага мужа пры такіх трагічных абставінах і праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклі надаваць значэння драбніцам... Я таксама... Але ўсё ж трэба хоць трошкі захоўваць прыстойнасць... Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.

— Мілая Ізабэла, — прамовіў Бертран, узяўшы яе за руку. — Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..

— Яна не заслугоўвае спагады... Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць... А яна ела ўсё: печыва, торт. «Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмі смачныя». Бачыце, ёй бутэрброды смачныя... Я разгубілася, не знайшла, што адказаць.

Бертран усміхнуўся:

— Хто б паверыў, дарагая, што сёння раніцай я застаў вас амаль у слязах і толькі што, чакаючы яе, вы дрыжалі ад страху!.. Мая думка правільная: ніколі не варта загадваць наперад... Мары і рэчаіснасць не супадаюць, і ў жыцці часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.

Праз некалькі дзён яны даведаліся, што Наталі памерла, прыняўшы тры цюбікі вераналу.



Пераклад: Юрка Гаўрук