epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Александровіч

На курорце

У горадзе ціха. Электрычныя ліхтары аблівалі вуліцы мяккім дрыжачым зьзяньнем.

Начную ціш прарэзвалі звонкія галасы маіх таварышоў.

Еду на курорт.

З вясёлаю нясьціхаючай гутаркай падышлі мы да вакзалу.

Таварышы ўвашлі са мной у вагон, усадзілі мяне, пагутарылі і вышлі.

— Пішы! — крыкнуў адзін з грамады.

— А як-жа, як толькі заеду.

— Шчасьліва, брат, табе, — на ўздагон кінуў таварыш, — бывай!

— Бывайце! — махаючы рукой праз акно, адказваў я, — бывайце...

Невялічкі свой клумак кінуў на лаву і пазіраю праз акно на белыя камяніцы, на сваіх сяброў. Думкі мае аблёталі ўсе знаёмыя куточкі, неяк стала жудасна, а разам з тым і прыемна.

Званкі...

Заплакаў цягнік сваім сьвістам... Крануліся... Паехалі...

Я прымайстраваўся на лаве, паволі прылёг, стаў разглядаць вагон, пасажыраў, і раптам мой погляд сустрэўся з поглядам маладой

прыгожай дзяўчыны. Яна сядзела на тэй-жа лаве. дзе і я, і пазірала на мяне.

Я пачуў сябе нялоўка, ссунуў з лавы свае хворыя ногі, аглядзеўся навокал і зноў нашы вочы сустрэліся.

Мне так хацелася з ёю пагаманіць, так хацелася, але ніяк ня мог адважыцца...

— Вы, мабыць, здалёку едзеце?

— Не, з Менску, адказаў я, — а што?

— Ды я так сабе. Вы па выгляду такі змарнелы...

— Бачыце, я хворы, еду лячыцца ў Ялту.

— Вас командыравалі ці на свой кошт едзеце?—запыталася яна з шчырай зацікаўленасьцю.

— Еду па командыроўцы.

— Так. Гэта добра. А як хораша цяпер там... Будзеце любавацца вечна-шумлівымі неўгамоннымі хвалямі мора, будзеце ўпівацца надзвычайнай прыгожасьцю гор, дзіўнымі пералівамі птушак, седзячы на беразе мора ў цёплыя зорныя ночы, будзеце марыць аб шчасьці.

— Як я бачу, у вас поэтычнае сэрца, — прабарматаў я павольна зачарованым голасам.

— Не, я шмат чытала, шмат мне расказвалі аб поўдні, — нібы ў абарону адказала яна.

Так, добра цяпер там...

Цягнік бег наперад, прарэзваючы дрыжачую цемру ночы.

Нашы суседзі ў вагоне ўжо спалі, толькі мы ўдвох, седзячы блізка адзін ад аднаго, гаманілі.

Крышку памаўчаўшы, я запытаўся:

— А вы куды едзеце?

Яна вяжка ўздыхнула і пачала гаварыць так ціха, як-бы баялася, што хто-небудзь пачуе вялікую таямніцу яе жыцьця.

— Еду ў Адэсу, да бацькоў.

— Вы не беларуска па нацыянальнасьці? — прымусіла мяне штосьці запытаць.

— Бачыце, я сама — беларуска, з Менску, але ў час грамадзянскай вайны я з бацькамі паехала ў Адэсу. Пазнаёмілася я там з чырвоным афіцэрам, вышла замуж, была шчасьліва, але... паслалі яго вызваляць наш край ад польскіх паноў. Я з ім паехала ў Смаленск. Пад Менскам мужа забілі. Цяжка прышлося... Мучылася я доўга, а цяпер бацькі напісалі, каб прыехала да іх.

Пракаціўся глухі станцыённы званок.

Усіх хворых, якія ехалі на курорт па командыроўках, сабралі і адвялі ў санітарны вагон.

Дзяўчына засталася.

Ехаць разам з хворымі было ўжо зусім другое. Гутарка таксама была інакшая. Мае суседзі былі амаль што ўсе старыя і гаманілі толькі аб сваім здароўі, пра сваіх дзяцей. Мне гэта было зусім няцікава...

Праз некалькі дзён мы былі ўжо ў Ялце. Як прыгожа! Колькі хараства наўкола!..

Мора, скалы, вінаграднікі!..

Прышлі ў санаторыю...

Нас прынялі, накармілі, далі санаторную бялізну, адвялі мне ложак, і... я пачуў сябе ня зусім прыемна.

Раніцою павялі нас, хворых, у балота ля санаторыі. Гарачае балота... Палажылі мяне, абкінулі балотам і мне пачало здавацца радаснае, — мае ногі ня будуць больш скакаць без майго загаду.

Набегла шмат думак.

Але раптам стала млосна, закружылася галава, застукала сэрца. Ня вытрымаў гарачыні — закрычаў...

Паднялі мяне і адразу — у ванну. Тут мусіш праляжаць гадзіну. Пасьля занесьлі на ложак. Спавілі, як дзіцё, ручнікамі. Ляжу, пацею, а паршчык ходзіць, ручніком выцірае мне пот.

Тут таксама праляжаў гадзіну.

Пасьля, эх! вала, здаецца, зьеў-бы, так хочацца шамаць, і, праўда, далі сытны полудзень.

Прагулка, поўгадзіны ў парку санаторыі, і зноў ўсё спачатку.

Як у катарзе, я прабыў там цэлы месяц. За гэты час я пазнаёміўся з Марынай, сястрой нашай палаты. Я яе пачаў прасіць, каб яна паклапацілася дастаць дазваленьне пайсьці за парк далей, пахадзіць па горах, пайсьці на мора...

Заўтра ў вечары мы з Марынай пашлі гуляць. Вандруем па горах...

Куды ні глянь — мора шумлівае, прасторнае і вабнае... А зелень, кветкі, песьні птушак!.. Нібы зачарованая крымская казка.

Селі мы на зялёным аксамітным узгор'і. Доўга гутарылі. Яна мне расказала пра гісторыю Крыму, пра санаторыю, пра сваё жыцьцё.

Я сядзеў і глядзеў з высі на мора, на зыбаньне хваль, на пекныя лёгкія чаўны, якія плылі каля берагу.

— Мне шкада вас, — прашаптала Марына, — мне шкада вас, вы такі маладзенькі і так цяжка хварэеце.

— Цяпер я чую сябе зусім добра! Хочацца ехаць дамоў.

— Што-о? Вам трэба яшчэ шмат лячыцца, каб паправіць як сьлед сваё здароўе,—дрыжаў клапатлівы голас Марыны.

Доўга мы сядзелі. Сонца нырнула ў мора, схавалася!.. Зоркі задрыжэлі на вяршынах Крымскіх гор. Цёплы вецер песьціў ваколіцу.

Я забыўся аб усім. Упіваўся шчырасьцю Марыны.

Моўчкі слухалі песьні цыкад...

Дні бягуць. Мы ўжо былі блізкімі сябрамі з Марынай. Кожны вечар ходзім па горах або катаемся на маторцы.

Мы так звыкліся, што й ня думалася аб разлуцы.

Седзячы раз у Марыны, я пачуў, што праз некалькі дзён будзе адпраўка хворых.

Мяне-ж пакідаюць, бо я яшчэ ня зусім вылячыўся. Я нявольна задрыжэў. Прад вачыма прабеглі: Менск, школа, знаёмыя... Здаецца, вось цяпер на крыльлях паляцеў-бы ў родны край.

Праз акно паглядала сонца. На горах дрыжэла серабрыстая раса.

Як толькі прышоў доктар, я яго ўпэўніў, што я ўжо зусім здаровы, і ён згадзіўся паслаць мяне дамоў.

Заўтра першая партыя, я ў першай партыі!

Сёньня не хадзіў ужо ні ў балота, ні ў ванну. Ахвотна складаў некаторыя свае рэчы, здаў санаторную бялізну, халат, адзеўся ў сваё і вышаў у парк.

Атрымаўшы дакуманты, я ня мог дачакацца раніцы.

У вечары, калі прыходзілася гаварыць з Марынай у вапошні раз, я рваўся спаць, каб хутчэй прашоў час, каб хутчэй прышла раніца. Гутарка наша была непадобна да ранейшай.

Пачало шарэць. Горача разьвітаўся з Марынай.

Праз некалькі гадзін ля санаторыі стаялі ўжо „паздаравеўшыя", разьвітваліся. Мне хацелася ўбачыць Марыну, але яна ня прышла.

Паехалі...

Праехалі мы тры з паловай дні.

Настрой ува ўсіх быў вясёлы.

Вось вось праз некалькі гадзін і Менск.

Кожны з нас штосьці нецярпліва чакае.

Кожны паглядае ў акно з нецярплівасьцю.

Зацягнулі песьню!.. Каб забыцца, каб хутчэй бег час.

— Менск відаць! — крыкнуў адзін з грамады.

І праўда, праз хвілін дзесяць цягнік быў у Менску.

Вышаў з вагона, іду ў горад. Раптам чую, хтосьці стукнуў па плячы:

— Здароў, брат!

— А-а-а... здароў! Што чуваць тут, як жывецца?

Тут падыходзяць яшчэ хлопцы і неяк ува ўсіх вырвалася радаснае:

— Ур-р-ра!..

— Ура-а, — адказваю я.

— Ур-р-ра!

Маці будзіць мяне:

— Уставай! Чаго крычыш? Уставай!..

Я прачнуўся, не магу нічога ўцяміць, толькі чую голас:

— Уставай ды схадзі, можа пашлюць на курорт.


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Александровіч А. Сутарэньне. Апавяданьні. Маладняк № 14. кніжніца «Маладняк» №14. - Выданьне ЦБ "МАЛАДНЯКА", Менск — 1925. - 49 с.