epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Александровіч

Паўло Пачачуй

Злуецца мітульгой сыпучаю падсьлепаваты асеньні вечар. Сёньня ён яшчэ больш пасябраваў з бяспрытульным брадзягай — ветрам і разам, сабраўшы сілу, націснуць на шырокаплечую камяніцу і, як, рызінавы мячык, няўдала адскакваюць назад. А вывеска нібы засьмясцца глухім бляшаным звонам, ня спыняючы крычаць: „акуляры, пэнснэ, моноклі"...

— Не ўдалося, — зсскрыгатаў вецер, і абняўшыся з вечарам, пачалі аглядаць вітрыны, лізаць афішы ды гудзець дротам... Кінеш вокам у гару і здаецца — ціхую бяздомную цемень падпіраюць стрэхі, а вуліцы аблітыя гоманам, сьвіргочуць бурлівай жывасьцю.

— Алесь, ты куды размахнуўся?

— Ага, колега! здароў. Як бачу, ты вандруеш па Савецкай, „птушку" ловіш, а? Кінь, Нічыпар, кінь, ня раю, брат, страшна...

— Табе ўсё „шукаеш", а мо‘...

— Так, так, тут і шукаць ня трэба, сама ў тваё сіло лезе. Хадзем лепш да Паўлюка, а там і ў кіно...

***

Алесь зусім яшчэ малады дзяцюк, комсамолец. Любяць яго. Заўсёды такі прыветлівы, працавіты і вясёлы да сьлёз. Нездарма-ж кажуць, што ў вясёлага і брыва адна карацейшая. З ім ніколі ня будзеш маўчаць, і цяпер, седзячы ў Паўлюка, гутарка неяк ня ўецца. Уздыхнуў Алесь, пацягнуўся, скрабануў патыліцу ды, ад няма чаго рабіць, распачаў як-бы

гутарку:

— Ведаеце што, таварышы, я задумаў жаніцца!? І чаму? Няўжо я ня здолею жыць, як ты, Паўлюк, жывеш? Прыдуць, гэта, і да мяне хлапцы, жонка гарбатай пачастуе, пагаварыць прыемна...

— А дзяўчынку ўжо нагледзілі? — празьвінеў галасок маладой гаспадыні.

— Э, ды за гэтым ён у кішэнь не палезе. У яго каб быў толькі час, дык дзяўчат было-б, не раўнуючы, як вошаў...

Алесь абурыўся супроць такой антысанітарнасьці, а Паўлюк, усьміхаючыся, наводзіў на рэйкі:

— Усе вы, як я бачу, дзівакі; гэта-ж Алесь наконт гарбаты намякае.

Гаспадыня зараз-жа заварушылася.

Гутарка ў хлапцоў зьмянілася, і час бяжыць няпрыкметна, хутка...

Паркалёвым рукавам абцёршы пот, які выступіў ад гарбаты, Алесь, глянуўшы на Зіну, жонку Паўлюка, весела кінуў:

— Хто йдзе ў кіно? галасую.

Большасьць. Паўлюк застаўся дома.

Зіна заўважыла, што ён не ў настроі, ды Алесь усе яе думкі разагнаў. Як пачаў расказваць пра гісторыю „аднэй ночы“, дзе сад пажоўклымі лісьцямі абурана шаптаў пра сваю зьнявагу, — расплываецца малады, здаровы сьмех, але ў глыбі душы Зінінай неспакой.

***

Невялічкі пакой. Чысьценька. Портрэт Леніна. Этажэрка кніжак.

Малады, сутулуваты, з упаўшымі шэрымі вачыма Паўлюк — гострыць нож.

Праменьні сонца коўзаюцца па сталі.

Здаволены Паўлюк.

На твары яго ўсплывае радасьць, пакрытая прыемнымі пяшчотамі.

Раз, і... усадзіў нож у горла курыцы. З захапленьнем паглядае, як яна мкнецца вырвацца з яго рук, уцячы і згінуць, але толькі бяз мучэньняў.

Паўлюк няпрыкметна дрыжэў. Твар яго худы пакрываўся мяккай чырваньню, ён атрымліваў асалоду...

Зіна бачачы, як яго рука з такой лёгкасьцю адсякае голаў курыцы, пачала сьціскацца кастлявай жменяй боязьні.

А сонца гульліва нырыла на дно гарадзкога гоману і, як блізкі сябра (па натуры) Паўлюку, лезе ў вочы сваім валосьсем, якія калыша подых асеньняе раніцы.

Паўлюк пашоў на службу.

Дарогай ён здаволена паціраў рукі, з твару ня зьнікала вясёлая ўсьмешка, а ў хаце засталася Зіна задуменная...

***

Шырокі зьбіты брук пакрываўся першым сьнегам. Цёмна-шэрая вуліца пачынала харашэць, прыцягваць да сябе, зацікаўліваць.

Брудная камяніца радасна акуталася мяккімі сьняжынкамі. Прабяжыць ізвозчык, і хочацца спыніць яго бег. Дзьве доўгія чорныя палосы сярод белай тканіны і плямы ад конскіх капытаў, рабілі, з аднаго, боку даволі пекны ўзор, з другога — здавалася, нібы коламі расьціскаліся белыя грудзі маставой.

Паўлюк быў у хаце, злаваўся. Зіна пашла прайсьціся, як толькі халодным звонам застукалі ў акно сьняжынкі.

Ходзячы па завулку, ёй нявольна прыходзілася чуць шэпат елак з гарадзкога саду; як гэты бялюткі сьнег, як гэты серабрысты топаль — успаміны пачалі ўсплываць перад ёю, і толькі прыкры расьцягнуты гудок аўтомобіля абразіў Зініны думкі — яны пакінулі яе. Яна раптоўна задрыжэла, мацней сьціснула куртку, пашла ў хату.

Паўлюк у злоснай задуменнасьці хадзіў па пакоі. Глянуў у вакно — бязьмежная цемень. Патушыў лямпу. Вузкі завулак быў ціхі. Мураваныя сьцены, здавалася, радасна ўздыхалі, вітаючы сьнежны баль. Было ціха,

прыемна... Але Паўлюк не адчуваў прыгожасьці зімовага цёплага вечару. Ен кусаў сабе губы, кулакамі сьціскаў сваю галаву, апускаў бровы, якія амаль не закрылі вочы, біў сябе ў грудзі, сэрца адказвала ўдарам, твар, як ад холаду, пакрываўся сінімі палосамі. Паўлюк дрыжэў, а вусны, дрыжачыя, сінія вусны ціха выкідвалі словы злосьці, абурэньня.

Пачуўшы скрып дзьвярэй, Паўлюк застыў на месцы.

— Ты ўжо прышоў? — і адказ нажом пралез у слабыя грудзі...

Вочы яго блішчэлі. Зіна маўчала.

Сеўшы на ложак, яна ўкрыла касою твар і слухала лаянку, голас свайго няшчасьця; бруілася ў ваччу сьляза гарачая, сэрца сьціскалася балюча.

Ціша... Істужка дыму калацілася ў пакоіку, пад акном падміргіваў серабрыстым вокам месяц, і толькі празырлівы трэск дзьвярэй страсануў Зіну.

— Пашоў?.. Што рабіць? Куды ісьці?

Ходзячы, як няпрытомная, з кутка ў куток, глядзела прытупеўшымі вачыма на сьцены.

— О, гэтыя сьцены! Толькі вы мне прымусам родныя. Але чаму вы маўчыцё? Парайце, што рабіць, што?

Родных, блізкіх... няма, у роднай старане — чужая... Куды ісьці?

Ёй успомніўся Алесь, малады вясёлы Алесь. Думкі навальна ўсплывалі і ў сваіх хвалях затаплялі голаў.

— Не-е, мая галава ня стрывае. А вы, прагніўшыя сьцены, вы чуеце мае думкі, чуеце іх, чаму-ж вы маўчыцё? Чаму-ж вы не выпушчаеце іх на вуліцу? Мо' было-б лепш, каб хто іх падслухаў?..

Час плыў наперад...

Над галавою Зіны пярсьцёнкамі карагодзіў сон. А шэрым вокам глянула ў акно зара раніцы. Толькі цяпер прышоў Паўлюк і праз адну, ня больш дзьве хвіліны ўзарвалася моцнае „ай!..“

Паўлюк, лежачы з Зінай на ложку, выкручваў ёй рукі. Твар яго наліўся, як яблыка, чырваньню. Паўлюк дрыжэў... Па целе расплываўся прыемны лоскат. Зіна больш ня крычала.

Зіна ведала, што ў гэтым прыемнасьць Паўлюку. І праўда, прашло дзьве, тры хвіліны, і Паўлюк ужо ляжаў як-бы размочаны, стомлены; яго ахапіла млявасьць.

На вуліцах дворнікі ўздымалі сьнег мётламі, ізвозчык, сьпяшаючыся на вакзал, пагукваў на каня, як бы і павольна ўздымаючы гоман, узыходзіла гарадзкая раніца.

Паўлюк зноў пачаў сьціскаць Зініны рукі, абсыпаць яе пацалункамі і не таму, што гэта манера распусты, не, гэта чарговы этап нанесьці боль і атрымаць задаваленьне.

***

Паўлюк рэдка бываў у хаце, але і ў гэты кароткі час гаварыў з Зінаю хутчэй як з пакаёўкай, чым з сваім таварышом-жонкай.

Зіна маўчала. Але сёньня яна ня вытрымала і голасам, у якім адчувалася толькі шчырасьць, загаварыла:

— Паўлюк, ты добра ведаеш, што я тут, дзе ня кінь, чужая. Ні знаёмых, не кажу ўжо аб блізкіх. Няхай-бы ты хоць адзін вечар пабыў са мной, як чалавек, пашлі-б у клюб... Седзячы аднэй у гэтых стлеўшых сьценах, плесьняй агорнешся, — і вочы яе, чакаючы адказу, гатовы былі адразу праясьніцца, узрадавацца, або заслацца бруднай непагодай.

З нейкай дзіўнай усьмешкай, кінуўшы грошы на стол, Паўлюк запытаўся:

— Што, я не дазваляю?

Вырваўся ўсё-ж пасьля доўгага цярпеньня накіп з грудзей Зіны:

— Давай вырашым раз назаўсёды. Даволі мучыцца. Ня хочу быць слугой!..

— Пачынаецца .. Я проста прыдушаны працай.

— Ня веру я табе. Хвілінамі патрэбна я, каб супакоіць тваю хворасьць...

— Эт, сьцерва!

І з навалай злосьці хапіў падсьвечнік.

— Паўлюк!.. Сумленьне... дзе?..

Падсьвечнік прымусіў Зіну замаўчаць, яна кінулася на падлогу.

Добра, што прышла суседка, старая Казімірыха пазычаць сярнічак, яна і стала „скорай дапамогай".

***

Алесь з Нічыпарам сядзелі ў сталоўцы.

Музыка шпарыла „фокстрот"...

Публіка падзваньвала ў шклянкі. Офіцыянты хвалявалі салфеткамі. Газэтчыкі выкрыквалі „апошнія"...

Хлопцы вячэралі. Дзяліліся ўражаньнямі за прашоўшы дзень.

Алесь выпадкова ўспомніў Зіну:

— Зваў ісьці ў тэатр, Паўлюк быў не ў настроі, — не пашла. Я-бы з ёй пагуляў, нічаво бабка, „спасобствует”...

— Так, трэба будзе й мне калі зайсьці, усё роўна жыву пад бокам, — і пры гэтым Нічыпар акінуў вокам Алеся і ўсьміхнуўся, як-бы думаючы: „нешта ёсьць"...

Была зорная ноч. Трашчоткамі зганялі сон вартаўнікі.

Хлопцы разышліся.

***

Разбудзілі Алеся.

Толькі ‘шчэ пасьпелі расплюшчыцца вочы, Алесь убачыў прад сабой Нічыпара.

Блыталіся думкі ў Алеся, каб даведацца ў чым справа. А гадзіньнік спакойна, бяз нэрвозу адбівае пяць гадзін раніцы.

Толькі на вуліцы Алесь угледзіў ізвозчыка і... згорбіўшыся, укутаўшыся у паліто — Зіну.

Паехалі... А ўжо сьвітала...

— Ведаеце, Алесь, я хацела павесіцца.

Алесь усьміхнуўся.

— Я ня ведаю. што рабіць? Ён замучыць мяне...

Алесь, скрывіўшы твар, глянуў у вочы Зіне і яму здалося, што ён бачыць шыбельніцу з белай пятлёй, але тут-жа схамянуўся і пачаў угаварваць, супакойваць, разьвесяляць. А Зіна нэрвова ў руках пакручвае ручнік...

Усё-ж адвезьлі дамоў, супакоілі.

Толькі цяпер Нічыпар расказаў у чым справа.

— Я ўжо спаў. Раптам чую стук у вакно. Увашла і ў плач — „ратуйце!" Што з ёй рабіць? Жаніцца? — яшчэ рана. Я тады — на ,кары“ й да цябе. Дарогай скардзіцца, енчыць. Я думаў адно: калі перажыву гэту ноч — заўтра-ж катну ў Севастопаль. А пакуль што зараз-жа пераеду да бацькоў, на вакзал, а то такія ,антымоніі“ могуць збывацца штодня. Заўтра яна захоча труціцца, пасьлязаўтра — тапіцца...

Алесь нічога не сказаў. Так моўчкі і разьвіталіся.

***

Ня спаў Алесь. Думкі яго віліся з Зінай. Алесь штосьці думаў, штосьці вырашаў, раптам здаволена скокнуў з ложка і ад радасьці загаварыў:

— Э-эх! Калі толькі пройдзе, калі толькі згода!

І Алесь здаволіўся. Яго думка прашла, з ім згадзіліся — яго паслалі працаваць у вёску.

— Цяпер будзе і спакой, і далей ад мяшчанства, і бліжэй да працы.

Хвалі калосьсяў папоўняць энэргіі, комсамольскі начлег загартуе, хата-чытальня — раскідаць зерне.

Так хлопцы й разлучыліся.

Прыехаўшы неяк на зьезд, Алесь даведаўся, што Нічыпар у Воршы на рабфаку. А пра Зіну й думка ў голаў ня прышла. Спаткаўшыся выпадкова ў коопэратыве, ён яе не пазнаў. Яна зьмянілася, стала страшная, высахла і з сьлязой расказвала ўсё тое самае — недалёкае, мінулае, сёньнешняе...

О, каб паглыбіцца ў бязьмежнасьць жыцьця, каб толькі акінуць вокам хоць адзін яго крок — яшчэ шмат „такіх Паўлюкоў" можна знайсьці.


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Александровіч А. Сутарэньне. Апавяданьні. Маладняк № 14. кніжніца «Маладняк» №14. - Выданьне ЦБ "МАЛАДНЯКА", Менск — 1925. - 49 с.