epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Александровіч

Сутарэньне

I
II
III
IV
V
VI
VII


I

Толькі-толькі яшчэ з-за стрэх камяніц міргнула сонца і нібы ў разьведку пусьціла першы свой прамень.

Горад яшчэ спаў.

Было ціха й пуста.

У завулку, у прыгарадзе, можна было-б спаткаць каго-колечы, ішоўшага шпаркімі крокамі, насупіўшы шапку на вочы і спадлоб'я паглядваючы ўперад. Пашукаўшы, можна было-б у яго знайсьці за паясьніцай нож.

Часамі павольна ізвозчык праедзе, і глуха пракоцяцца ўдары конскіх капытаў.

Бывае, што селянін прыедзе ў горад; затрашчыць яго панарад, кульгаючы прасунецца на бруку гоман; усхваціцца і крыху пазяўкае сабака.

Але сёньня было ціха. На вежы сонна пасоўваліся чорныя вусы — стрэлкі і нехаця паказвалі — палова пятай.

Гарысты завулак Ззарэчны быў населены дробнымі гандлярамі і заўсёды прачынаўся раней другіх, але цяпер яшчэ спаў. Толькі малады хлапчук, найбольш семнаццаці год, ня спаў.

Стаючы на асфальце, ён соладка пацягнуўся; твар яго быў бледны і толькі яскрава сьвяціліся вадзяністыя, але цяпер заспаныя вочы. Шэрая зрэбная сарочка вырысоўвалася жоўтымі латкамі. Нагавіцы на ім былі ангельскага фасону, з манжэтамі. Адно бяда, яны былі яму завялікія, — паясьніца ўзьбіралася пад пахі.

Узяўшы ў свае худыя рукі мятлу з бляшанай пласьцінкай на канцы палкі, сышоў ён на брук і свой працоўны дзень пачаў чысткаю рышткоў.

Пакуль зашавеляцца будні гарадзкога жыцьця, яму трэба ачысьціць свой квартал, паліць яго вадой. Аднаму цяжка. Але ня скардзіўся ён. Няма каму дапамагаць; ёсьць, маці, старэнькая ўжо, ёй і хадзіць неўмагату; друі ігод пашоў, як хварэе.

Рукі яе калоцяцца, вочы, упаўшыя, паглядаюць на нізкі столь, на сьцены, дзе палосамі красуецца плесень.

Двор цёмны. Высокія сьцены камяніц засланяюць сьвятло. У самым канцы двара віднеюцца невялікія дзьверы, якія вядуць у вузкі калідор. Па бакох чуланы. З правага боку — каменная драбіна ўніз і ўпіраецца ў аббітыя войлакам дзьверы.

Паставіўшы мятлу і рыдлёўку, адчыніў дзьверы, — пранёсься прыкры скрып.

Увашоўшы ў хату, ён адразу пачуў глухі дрыжачы голас маці:

— Нікодзімка, дай вады.

 

II

Як скрынка, роўны, чатырохкантовы, пакой кідаўся ў вочы закапцелай гарбатай печкай. У кутку, якраз насупраць, вісеў хрыстос, увесь у павуціньні і па канту абцягнуты шэрым вышываным ручніком.

Тут-жа вісеў портрэт Ільліча, зроблены на фоне крэмлёўскай сьцяны.

Стол сасновы, але ўжо пачарнеўшы, — стаяў недалёка ад дзьвярэй, з боку, ложак, на якім ляжала хворая маці Нікодзіма.

Уверсе, амаль што ля самай столі — два запыленых акенцы; яны якраз раўняліся з тротуарамі на вуліцы. На сьценах, здаецца, былі абоі, цяпер вылазіць напалову белая, напалову чырвоная цэгла.

Дзе-ні-дзе расклесны афішы кіно-фільмаў: „Два чорных гроба или окровавленный кинжал“, „Будущее", „Коварство и любовь".

Нікодзім любіў хадзіць у кіно. І заўсёды, калі яму спадабаецца якая-небудзь фільма, ён, ідучы дамоў, зьдзіраў рэклямную афішу і вывешваў яе ў сваёй хаце.

Бывала пытаюцца ў яго:

— Дзе-ж ты бярэш грошы на білеты?

Ён, пакасіўшы вочы і прыняўшы як-бы сталы выгляд, памаўчаўшы, падыме галаву і сваім звонкім голасам заіграе:

— Білеты? О-го... Мой дзядька Іван служыць за „дземонстратара” ў „Гіганце", ён мяне і праводзіць, — і тут вольна ўсьміхнецца, як бы над тым, што нават маглі падумаць — „ён купляе білеты“.

Нікодзім быў здаволены жыцьцём і ніколі ня скардзіўся і на яго ня сыкалі.

Дні праходзілі бязьзьменна...

Нікодзім пасябраваў з чырвонаармейцамі (недалёка стаяла Самарская дывізія) і заўсёды вольны час прагульваў у іх. Дапамагаў ім дармова прабрацца ў кіно, разам хадзілі на аэродром сачыць за гонкамі, разам разважалі аб дзяўчатах.

Як-бы ў знак сяброўства Нікодзім насіў „будзёнаўку". Каб быць сталым, як і яго таварышы, Нікодзім здабыў сабе брытву і пачаў ачышчаць свой твар ад сухога валосься-моху.

Незадоўга пачалі яго чырвонаармейцы грамаце вучыць, і бязьмежная радасьць ахоплівала юнака, калі ён, прышоўшы дамоў, мог ужо прачытаць на афішы — „Будущее", і маці, якая, здаецца, ужо ня можа адчуваць ні радасьці, ні смутку, усьміхнецца, паправіць свае сівыя валасы і поўнымі грудзьмі ўздыхне.

Быў ціхі вечар. Праз акно відаць было, што на вуліцы весела, неўгамонна.

Маці Нікодзіма, седзячы на ложку, вязала панчоху і пра сябе расказвала нейкае апавяданьне (а іх многа ведаюць нашы жанчыны- беларускі). Раптам убягае Нікодзім з паперай у руках і проста да маці:

— Глянь, глянь — гэта я пісаў!

Нязграбна, але без памылкі было выведзена: „Нікодзім Васільлевіч, мужчына 17 год“.

З матчыных рук вылецелі пруткі, яна ахапіла сынка, сьлёзы ўсплылі на вочы, яна горача пацалавала яго ў лоб, а сэрца паслухмяна сьціскалася. Ёй хацелася прачытаць, але яе толькі ўсьцешыў голас сына; літары ёй паказаліся такімі прыгожымі кручочкамі, якія могуць ашчасьлівіць прапаўшага чалавека.

Хаваючы за афішу свой рукапіс, Нікодзім цешыўся з сябе.

Настаўнік яго, політрук Ягораў, параіў яму ўзяць прыклад з дачкі гаспадара, з Сары. Нікодзім абурана адказаў:

— З яе? Яна вучыцца ўжо уга-а, даўно, а дурань-жа!.. Вось, каб узяць цябе і яшчэ такога, дык дурнаты ў яе было-бы больш, як у абодвух вас. Я з ёй і гаварыць ня буду.

Ягораў усьміхнуўся і, паціснуўшы плячо Нікодзіма, сказаў:

— Маладзец! З цябе будзе чалавек.

 

III

Нікодзім ня быў вясёлы, але адчуваў сябе добра, і нават нейкі ўздым апанаваў яго.

Учора пахаваў сваю маці і пасварыўся з сваякамі.

Нікодзім пахаваў сваю матку па сучаснаму, без папа.

— Добрыя хлопцы чырвонаармейцы! — казаў ён, — бо, каб не яны, ён ня ведаў-бы, што рабіць, а так — дамавіну зьбілі, коняй далі...

Народу ішло многа... Сваякі затое, ад злосьці, ня плакалі і ішлі з боку.

У той-жа дзень, у вечары, прышоў Нікодзім да гаспадара свайго, Рудармана, і папрасіў рашчот: вышла яму яшчэ 6 рублёў.

Не задумаўся ён над тым, з чаго цяпер будзе жыць, дзе працаваць, але Нікодзім стаў здаволены, што паквітаўся з Рударманам.

Апрыкрыла яму гэтая праца.

Узьдзеўшы сьвяточны парусінавы пінжак, паглянсаваўшы боты, прыхарашыўшыся, уклаўшы рукі ў кішэні, вышаў на вуліцу.

Ужо сшарэла. На вуліцах гарэлі электраліхтары. Паступова зьяўляўся сьвет у вітрынах. Па бруку носяцца аўто-машыны, ізвозчыкі... Газэтчыкі выкрыкваюць „апошнія навіны".

На тротуарах народу многа, і ўсе яны як- бы сьпяшаюцца, толькі Нікодзім ішоў павольна і, ад няма чаго рабіць, спыніцца ля якое- небудзь вітрыны, разглядае яе...

Раптам спаткаліся з ім Нупрэй і Ігнат, абое добрыя яго сябры. Зашлі ў піўную.

Даволі прасторны пакой здаваўся ад накуранага дыму цёмным. Неўгамонная гутарка, візг гармонікі, лязг шклянак — усё гэта калацілася разам з кіслым і дымным паветрам.

Нікодзім заказаў „пару“...

I Нікодзім, і Нупрэй, і Ігнат — усе сёньня з грашыма.

Нупрэй — чорнарабочы, дрывасек, гадоў дзевятнаццаці, адзеты быў чыста; малінавы галь

штук прыдаваў яму нейкую сталасьць. Ігнат — аднагодак Нупрэю, але выглядае маладзей і твар чысты, бяз складак. Займаецца ён чысткаю ботаў на Віленскім вакзале.

Нікодзім толькі цяпер задумаўся над пытаньнем, што будзе далей? Расказаў аб сьмерці маткі, аб рашчоце, і цяпер можна было пачуць, як голас яго дрыжэў і вочы во-во гатовы былі акрапіць скроні сьлязой. Але іх прывабіў погляд маладых дзяўчат, якія сядзелі радам і пілі „ангельскую горкую". Слова за слова, усьмешка на ўсьмешку і сталы злучыліся — адна кампанія.

Яшчэ піва, яшчэ „горкая“ — і стала весялей, сталі зусім блізкімі.

Страсануўшы сваёй чорнай кучаравай галавой, Ігнат ахапіў дзяўчыну і схіліў яе да сваіх губ. Нікодзім заказваў гарманістаму „Пупсік“, Нупрэй — яшчэ „горкай*.

Адчуўшы сябе вольным, самастойным — хочаш? — гуляй, ня хочаш — ня гуляй, — Нікодзім узяў бутэльку і пусьціў аб падлогу... Шкляны трэск прыцягнуў да сябе ўсіх „гасьцей“ піўной. Завязалася сварка. Пашла ругатня.

Дзяўчаты адскочылі да люстэрка. Усім траім можна сьмела даць па гадоў трыццаць. Твар кожнай нахварбаваны. Адна ўся ў нейкіх балячках, і ад пудры гэтыя балячкі здаюцца падазронымі цёмна-шэрымі плямамі.

Хлопцы вывелі Нікодзіма, за імі выбеглі „дзяўчаты", уселіся на ізвазца і... да Нікодзіма.

Сутарэньне яго, хоць і цёмнае, можа і бруднае, але вольнае... Ня трэба будзе трымаць востра вуха, ніхто ня будзе перашкодай.

А на вуліцах усё таксама шмат народу, усё таксама неўгамонны гул, усё таксама шумлівае бязладзьдзе...

 

IV

Прачнуўся Нікодзім адзін. Галава цяжкая, вочы сталі чырвонымі. Нікодзім здаваўся нейкім страшным: валасы ўскудлачаны. Пінжак, які быў чысьценькім і міла было глянуць вокам, цяпер увесь спэцканы, збэшчаны. У кішэнях ня было ўжо ні капейкі: успомніў, што апошнія два рублі аддаў Жэньцы. Ходзячы з кута ў кут, ён думаў: "што цяпер пачаць?"

А ўжо ўзьбіраўся поўдзень.

— Трэба як хутчэй кінуць гэтае сутарэньне, узяцца адразу за новую працу. Але якую працу? Дзс працаваць?..

Адразу ён надумаў пайсьці да сваякоў, але тут-жа ўспомніў, што яны з ім не ў ладох, што пахаваў мацеру не паіхняму. Пайсьці да чырвонаармейцаў — выяжджаюць у лягеры...

Шкода стала бедную матульку. Толькі цяпер ён пачуў, што яна патрэбна і што няма яе...

На вуліцы гручэлі падводы ламавікоў. Нікодзім ня чуў гэтага грукату. Ён рынуўся ў ложак, ахінуўся лахмоцьцямі і хацеў змагчы сябе, супакоіцца; ён нават на хвіліну затоіў

дух і пачуў ясна-ясна, у першы раз, як білася яго сэрца. Прад вачыма пачало вырысоўвацца поле, пажоўклае, бязьмежнае поле; пачала вырысоўвацца гара, высокая гара, абкіданая вострымі каменьнямі. Ён страсануўся, закрыў вочы і яскрава ўбачыў прад сабою сьвежую магілку матулі, яму здаецца, што яшчэ той жоўты сьвежы пясочак не пасьпела высушыць сонца... Вось і той каменьчык, які ён паклаў у нагах матчынай магілкі.

Нікодзім выбег на вуліцу... Не спатыкаліся яму знаёмыя...

А можа яго ня хочуць прызнаваць? Не, яго любяць, але змаглі-б і не пазнаць. Ён зьмяніўся. Стаў страшным; твар белы-белы, галава яго ўпала ў плечы...

Нікодзім думаў аб адным: дзе знайсьці якую працу, цяпер, ужо... Ён адчуваў, што гэта адразу зробіць яго інакшым і яму будзе лягчэй.

На рынку ён убачыў Мікіту з сякераю і пілой, які чакаў работы. Хацеў падыйсьці, пагаварыць, але яму здалося, што Мікіта ведае пра ўчарайшую гулянку і, сьціснуўшыся, ён пашоў далей.

На мосьце спыніўся прад газэтчыкам. Убачыў, як у гэтага старога разьбіраюць газэты, і ведаў ён, што калі хто чым гандлюе, той мае заробак і з яго жыве. І гэты газэтчык, ён-жа жыве таксама з заробку, і ў яго, мабыць, у хаце дзеці. Не, дзеці зарабляюць самі, а яго заробак — для яго.

А чаму ён крычыць аб газэце? І яго мала хто чуе, яго голас ужо стары, сіпаты.

А калі малады байчэй гукне, ён і прадасьць болей.

Гэта разважаньне ўзьвесяліла яго. Убачыўшы дзяўчынку-яўрэйку, якая прадавала ваксу і шнуркі, ён усьміхнуўся і падумаў:

„На вуліцах гразь, хто ў яе будзе ваксу купляць", а вобраз старога газэтчыка такім добрым і шчасным маляваўся яму.

Па наберажнай, тут-жа ўнізе, стаялі для продажы крыжы. Твар Нікодзіма нахмурыўся. Ён пачаў, як-бы ад холаду, дрыжаць...

Абапёрся аб пярылы маста, стаў углядацца ў рэчку. Раптам яго хтось стукнуў па плячы. Гэта быў яго дзядзька Іван (які працуе ў кіно). Ён быў п'яны... Адразу вылаяў Нікодзіма, чаму ня прыходзіць да яго, чаго бадзяецца. Нікодзім маўчаў.

Дзяздька чамусьці нечакана абхапіў яго, кінуўся цалаваць і праз сьлёзы выляталі словы :

— Наша доля... Эх!.. хадзем.

А народ глядзіць і не зразумець яму таго болю, які пад сэрцам клякоча накіпам, не, не зразумець...

Зашлі яны ў піўную...

 

V

Прачнуўся Нікодзім у дзядзькі. Зноў сябе адчувае дрэнна, галава шуміць, круціцца, цягне яго выпіць бутэльку, адну бутэльку піва, — стала-б лягчэй, праясьнілася-б у вачох.

Але дзядзька сьпяшаўся атрымаць кіно- афішы. Пашоў з ім і Нікодзім.

Было рана, і ў горадзе яшчэ не стаяў звычайна нясьціхаючы грукат.

У экспэдыцыі, дзе Іван атрымліваў афішы, хлопцы бралі для продажы газэты.

Прад вачыма Нікодзіма пачаў вырысоўвацца твар старога газэтчыка, якога ён бачыў на рынку. Яму здалося, што вось ужо ён прадае газэты .. у яго купляюць... вось ужо лічыць прыбытак... і нявольна на яго вуснах усплыла ўсьмешка.

Пры дапамозе дзядзькі Нікодзім дастаў для продажы 25 газэт.

Радасна, ахоплены бадзёрасьцю, выбег на вуліцу і голасна стаў выкрыкваць:

— Сьвежыя газэткі!

— У Заходняй Беларусі партызаны пусьцілі пад адкос цягнік!

— У Баўгарыі арыштоўваюць комуністых!

— У Менску думаюць пусьціць трамвай!..

З вуліцы на вуліцу ў захапленьні бегае Нікодзім і газэткі, акуратна склаўшы, носіць пад пахай.

Змогся бегаючы, зьнядужаў. Сеўшы на бульвары, пералічыў газэткі: усе — 25.

„Чаму-ж так?“ падумаў Нікодзім, „у таго старога, ён сам бачыў, як бралі газэты, а ў яго?“

Пабег Нікодзім на рынак.

Ашчасьлівіўся тут: прадаў дзьве газэціны.

Павесялеў. Носіцца ля крам і стараецца прадаць яшчэ адну, яшчэ...

У надвечар у яго засталося сем газэтак.

Зашоў у піўную, узяў фаршыраванай рыбы, бутэльку піва, тымчасам прадаў гаспадару піўной, Моўшу, газэціну, паважна дзюбае відэльцам і ўсьміхаецца.

Тут і народ пачаў зьбірацца. Неўзабаве прышла і Жэнька, падсела да Нікодзіма.

Можа і рэдка бываюць такія гутаркі, але цяпер разгаварыліся, як хто жыве.

Нікодзім радасна запэўнівае, што ў яго ўжо заробак будзе. Жэнька ўсьміхаецца...

— Сьмяешся? Цяпер я ўжо знаю, куды насіць і як прадаваць газэты...

Жэнька ўзяла яго за падбародак, паласкатала і ласкава пачала ўгаварваць кінуць гэту дробязь, капейкі:

— Што ты заробіш за дзень? — 20 капеек. Дурань, цябе трэба яшчэ вучыць, як жыць... У цябе твая хата, помніш, дзе я была, яшчэ ёсьць?

— Пакуль, але-ж, мусіць, трэба...

— Зноў дурань. Цяпер ня маюць права высяляць. Слухай-жа, што я хачу сказаць, — і яна схілілася да яго вуха: — за гэтыя няшчасныя 20 капеек ты цэлы дзень бегаеш, высалапіўшы язык, — вочы на лоб павылазяць. Узяў-бы ты падшукаў хлапцоў з грашыма, прывёў да сябе, а там — я буду чакаць. І сама я каго-небудзь прывяду, а грошы? — Грошы

падзелім. Сыты будзеш і франтам добрым, файна? А так дурань будзеш.

Заказала бутэльку „горкай".

Нікодзім згадзіўся. Жэнька падняла шклянку з гарэлкай:

— П'ю, каб быць добрымі прыяцелямі.

 

VI

Цёмнае, сырое, — прытулак беднасьці — сутарэньне, дзе радзіўся Нікодзім, дзе памёр, загнаны працаю ў сухоты, бацька яго, дзе зусім нядаўна памерла і яго маці. Цяпер гэта сутарэньне стала гняздом распусты і заразы.

Чысьцей выглядае пакой: сьцены выбелены, падлога падмецена, але згінула чыстата хоць бязьмерна-цяжкога жыцьця. Калі падлога чысьцейшая, гэта ня знача, што няма бруду жыцьця, заразьлівага бруду, ад якога мятлой не пазбавішся.

Раней тут стаяў адзін ложак, цяпер ужо тры і, на ўсякі выпадак, ля парогу паложаны сяньнік...

Кожны дзень, як толькі зьвечарэе, не зачыняюцца дзьверы... Цяпер і прыводзіць ня трэба, абы хапіла дзяўчат. П'янкі начамі.

Пасябравалі з Нікодзімам і гэроі лёгкіх заробкаў; — у сутарэньні пачалі захоўвацца крадзеныя рэчы. Нікодзім ведаў і радваўся, захапляўся лоўкай удачаю.

Недалёка ад Нікодзіма, на Замкавай вуліцы, жыла Галена, дачка дворніка. Дзяўчына маладая... Гарыць малінавым цьветам; стан роўны, прыгожы. Дапамагала яна бацьку падмятаць двор, вуліцу.

Нікодзім пачаў заходзіць да яе, яна рада была. Гуляць ходзяць рззам; у кіно зойдуць, бывае, у тэатр забрыдуць.

Захварэў яе бацька, Нікодзім грашыма дапамагаў.

Палюбіла яго Галена і сумавала, ня бачыўшы яго. Думкі розныя наплывуць, — заплача Галена. Радасна білася сэрца яе, калі Нікодзім быў з ёю...

У прыемныя для сэрца, для жыцьця хвіліны.. яна забылася... Але яна любіць Нікодзіма, і яна ня гублялася, яна ня плакала: Нікодзім казаў — возьме замуж.

Не падмануў, ён прыходзіў і надалей, і яна жыла з ім, як ёй падшэптвала яе закаханае сэрца.

Але ашукалася сэрца дзявочае. Нікодзім ня ўмее любіць, Нікодзім нават ня ўмее паважаць, ня толькі цаніць чужога каханьня. Радзей стаў заходзіць да яе, а калі і прыдзе, дык і то п'яны.

Страшна стала дзяўчыне. На вачох яна марнее, сохне, а хутка і маткаю стане.

Дні праходзілі... Не прасыхалі яе вочы ад сьлёз. Бацька стаў скоса паглядваць, — пад'ядае сэрца Галены, яна ўжо і сілы губляе...

Прыдзе думка — уцячы з хаты, але куды? — Усё роўна, абы ня быць дома, ня чуць, як сыкаюць свае родныя. А ў чым яна правінілася?

Паверыла таму, каго так любіла, каго і цяпер яшчэ, — не! цяпер яна яго зьненавідзела, але тады паверыла, бо ў яго вачох ня бачыла кпін, ня ўмела іх пазнаць.

Нікодзім ужо зусім не заходзіў.

Сядзіць Галенка над сталом, сьлёзы абліваюць усплываючую думку:

„І што рабіць? Я зараз буду маткай... Буду мець сваё дзіцё, маленечкае, з шэрымі вочкамі. Воч ня сплюшчу, буду хадзіць мыць бялізну, але выгадую яго. Падрасьце, запытаецца: „а дзе мой тата?“ — што я скажу? што? Згінуць разам, цяпер .. Чаму так страшна? Хто-б параіў мне, хто-б сказаў мне ласкавае слова?.."

Пачуўшы топат бацькі, Галенка ўсхамянулася, узялася за працу. Але што-б ні рабіла, дзе-б ні была яна, думка адна: што рабіць?

У вечары, калі бацька заснуў, яна накінула на плечы хустку, вышла на вуліцу.

Пастаяўшы ля брамы, надумала зьбегаць да Нікодзіма:

— Што ён скажа; няўжо дазволіць загінуць? У яго-ж ёсьць сэрца, ён ведае, хто яна...

У вокнах яго было цёмна. Яна паціхеньку зашла ў двор, хацела ўбегчы ў хату, як прарэзьлівы голас гаспадара дому, Рудармана, затрымаў яе:

— Што. ізноў? Пашла вон, сьцерва прадажная! Ізноў запаскудзіць мне дом, ізноў пад страхой маёй хаты прытон робіце. Вон, а не — у міліцыю сьцягну!

Ня ведала Галена, скуль гэта валіцца, але, асьмеліўшыся, дрыжачым голасам загаварыла:

— Ды не, вы мыляецеся... Мне трэба па справах, да Нікодзіма!..

— У турму ідзі на сьвіданьне, а ня тут. Вон, прадажная... Тут ужо няма зладзеяў. Усіх пазабіралі. Вон...

Страсанулася Галенка. Сэрца замерла, прыціснулася да грудзей. Вочы застылі, кроў набягае ў твар.

Трымаючыся за сьцяну, ледзь-ледзь ішла. Яна не магла думаць, — колкі ў галаве абуджалі няўстрымны боль.

А ўжо пачыналася вясна. У рышткох бурлілі раўчакі.. Было цёпла-цёпла. Ветрык прыветліва лёгкім подыхам абвяваў твар; чуецца нейкае абуджэньне, радаснае абуджэньне, напаўняючае ўздымам жыцьця, бадзёрасьцю.

Галенка дрыжала, яна ішла дамоў, ня бачачы дарогі.

Сьлёзы, горкі плач рваў яе схудалыя грудзі...

Ня помніла яна, калі прышла ў хату, а ўжо пачынала было добра сьвітаць.

 

VII

Даўно сышчыкі хадзілі ля сутарэньня Нікодзіма. Даўно сачылі за „афэрыстымі" і, сабраўшы матэрыялы, выведаўшы сьцежкі, — прышлі і забралі ўсю кампанію: дзьве простытуткі, трох зладзеяў, Нікодзіма і гасьця — сівога профэсара.

Засудзілі ўсіх (профэсара, праўда, пусьцілі), Нікодзіму далі год.

Галенка аб гэтым ня ведала. Можа яна, каб чытала газэты, даведалася-б аб гэтым, але так лепш... А зьмянілася зусім. Не пазнаць: вочы ўпалі, уся стала жоўтай і худою.

А хутка-хутка яна маткаю стане. Страх не адступаў ад яе... Бясконца сьлёзы.

Знашла ў куфры чыстую бацькаву бялізну, напісала запіску, падышла пад турму, аддала надзірацелю, заплакала.

Нікодзім агрымаў пасылку. Прачыталі яму запіску. Зашчаміла сэрца, прысеў на нары, апусьціў голаў, — шкода стала Галенкі. Узьняўся, глянуў у вакно і захацелася яму выляцець, дагнаць яе, кінуцца ёй у ногі, але — краты, моцныя краты!..

Камэра, у якой сядзеў Нікодзім, была прасторная, ды ў ёй было звыш нормы арыштаваных. Стаяла духата, за сабой яшчэ і не глядзяць, — брудна. Вечныя насьмешкі, выкрунтасы аднаго над другім Нікодзіму не давалі спакойна пасядзець, перанесьціся думкамі да Галенкі, папрасіць у яе прабачэньня, падзякаваць яе шчырае сэрца.

Нікодзім праклінаў цяпер тую хвіліну, калі спаткаўся з Жэнькай.

— Яна, і больш ніхто, вінавата, — яна разьбіла жыцьцё...

А думка аб сваім дзіцяці так сьціскала сэрца, так балюча і радасна білася ў грудзёх.

— Маё дзіцё? Але ці маю я права быць бацькам? Гадаваць яго, каб быў прапаўшым, як і я? Э эх!.. як бліскучасьць вабіць да сябе і як мага блытае прад табою твае жыцьцёвыя сьцежкі. Сядзець год, а там праз мяне ў недастачы, голадзе... Галенка, ці прымеш ты мяне?..

— Не? Чаму?..

Нікодзім мучаўся. Але адно яго адцягівала: ён працаваў у турэмнай шавецкай майстэрні. Працаваў уважна і за пяць месяцаў ён стаў ужо майстрам.

Усяго ён адседзеў сем месяцаў — папаў пад амністыю, выпусьцілі...

Вышаў з турмы, 14 рублёў заробку атрымаў... Куды ісьці? У які бок?

Гоман і суматоха вуліцы здавалася яму нечым надзвычайным, новым.

— Куды ісьці? А ці ня ўсё роўна? Пайсьці да Галенкі, — яна прагоніць. Хіба пайсьці даць ёй грошай і можа-можа глянуць вокам і, калі дазволіць, пацалаваць сваё дзіцянё, а тады ўцячы, каб не паказвацца.

Зашоў у пякарню, купіў булак і шпаркім крокам, не аглядваючыся на Замкавую, — да Галенкі.

Дома не застаў...

Вокны яе хаты забіты дошкамі, пасьвіствае вецер. Раскідана...

Працаваць Нікодзім стаў у майстэрні Боруха на Замкавай вуліцы. Ня можа супакоіцца: — „што з ёй? дзе яна?“.

Выпадкам, зусім выпадкам сустрэў Нікодзім Галенку. Яна яго не пазнала. Яна цяпер гуляшчая — стала простытуткай.

Абое прасьлязіліся, абое маўчалі. Нікодзім толькі сябе вініў ува ўсім, толькі сябе...

Галенка пачала расказваць, што яе прымусіла пайсьці і гандляваць... Прадаваць сябе...

— Радзіўся сынок... Тры дні жыў, тры дні... Вышла я з больніцы, бацькі дома няма, дзе ён цяпер, дзе ён дзеўся тады, — ня ведаю. Цябе няма, ты.. Што-ж было мне рабіць? — і раптам паднялася, выцерла вочы, глянула на Нікодзіма, як-бы абдумаўшы, цьвёрдым рашучым голасам прагаварыла:

— Ну, я іду. Бывай!

Нікодзім хапіў яе руку, стаў умальваць кінуць усё і цяпер жыць разам. Яна вырвалася, глянула яшчэ раз на яго і — пашла.

Нікодзім абліўся сьлязьмі. Нікодзім проста адчуваў цягучы, разрываючы сэрца боль...

Дома ў вечары ён ужо ляжаў п'яны і плакаў голасна, як дзіцё, як пакрыўджаная бяспрытульная дзяўчынка...

А за сьцяною рабочыя, з сталяліцейнага заводу граў на балалайцы, кучаравы белы сынок яго, прытупваючы нагой, танцаваў, маці з радаснай і шчасьлівай усьмешкай біла ў тахт далонямі...


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Александровіч А. Сутарэньне. Апавяданьні. Маладняк № 14. кніжніца «Маладняк» №14. - Выданьне ЦБ "МАЛАДНЯКА", Менск — 1925. - 49 с.