epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Хадановіч

З чаго пачынаецца Жодзіна?

 

З чаго пачынаецца Жодзіна?

Дальбог, не з машыны «БелАЗ»!..

Я сёньня сьвяткую народзіны:

Як што, запрашаю і вас!

 

Пад месяцам, сонцам і зоркамі

Балюе з суседам сусед.

Як сьцьвердзіў паэт, нат паморкамі

Ёсьць час для сяброўскіх бясед!

 

Як не, адмаўляйся бяз сораму —

Шмат ежы на Белай Русі!

Пад месяцам, сонцам і зорамі

Ўсяго ўсё адно не зьясі!

 

Шчэ больш на зямлі — мама родная! —

Харошых ды розных кабет;

Ды не пакахае ніводная,

Хоць руш да манахаў ў Тыбэт!

 

Сігаеш за пекнымі паннамі,

Ды марным стаецца твой сіг.

І ўсё ж не памрэм занядбанымі,

Бо Жодзіна дбае пра ўсіх!

 

Сардэчнымі словамі, поўхаю,

Дубцом, бізуном, рамянём

Гадуе, кунежыць, выхоўвае.

І большай ні ўночы, ні днём

 

Нас песьціць ня знойдзем аматаркі.

А як адыходзім да сну,

Вачыма ласкавае мацеркі

Глядзіць у калыску й труну.

 

Пільнуе ды сочыць паводзіны,

То хваліць, то ставіць у кут...

З чаго пачынаецца Жодзіна?

Яно пачынаецца тут...

 

За мрой экзатычныя спэцыі,

За праўду ў айчынным віне,

За Grande Canale ў Вэнэцыі,

Які не гайдае мяне;

 

За госьця, што горш за татарына,

Гасьціннага сябра свайго;

За Катэдру Нашай Спадарыні,

Якая сьмяецца з Гюго;

 

За сьверб разумовага голаду,

Што я спаталяў задарма

Агнямі вялікага гораду,

Якому найменьня няма, —

 

Чым стане мне змогі, аддзячу я

Найлепшай у сьвеце зямлі —

За першыя крокі дзіцячыя,

За першыя сьлёзы, калі

 

Бацькамі бяз жалю, бязь літасьці

Быў гнаны ў дзіцячы садок...

Што будзе пасьля — акалічнасьці,

Галоўнае — першы радок!

 

Пачатак, прывабныя ўводзіны

Жую саладзенькім дражэ:

З чаго пачынаецца Жодзіна?

З разгалістай літары «ж»,

 

Як жонка, жыхарства, жыдоўская

Жахліва жывая журба,

Жабрацтва, журы, «Жыгулёўскае»,

«Жызэль», «Жэрміналь», жажаба,

 

Жаўрук, журавель з журавінаю,

Жыгучка, жаўнер, жалуды,

Жаданьне жывіцца жанчынаю,

Жычэньне жыцьця без жуды...

 

Славутую песьню каверкаю

Й карціны ўстаюць уваччу.

Пытаньне гаркавай цукеркаю

У роце смакую, смакчу, —

 

Як гронку чырвонай смуродзіны.

І тахкае сэрца ў грудзях.

З чаго пачынаецца Жодзіна?..

І ці абяцае працяг?

 


1999-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: часопіс «ARCHE»