Андрэй Федарэнка

Нічые

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII


14 лістапада 1920 года польскае войска, якое перад гэтым нашчэнт разбіла чырвоных пад Варшаваю і пагнала іх на ўсход такімі тэмпамі, што не больш чым эпізод успрымаўся захоп у палон усяе 4-й арміі разам з 3-м конным корпусам, якое імкліваю хваляю, змываючы на шляху любое супраціўленне, дакацілася да Менска і, раскалоўшы магутным ударам славутую 27-ю Омскую стралковую дывізію, за некалькі гадзін заняло горад і тады толькі спынілася, не ведаючы, ні што рабіць з гэтай велізарнай захопленай тэрыторыяй, ні з трафеямі, ні з масаю палонных (так, 4-я армія і 3-і конны корпус былі проста падараваны немцам - «інтэрніраваныя германскімі ўладамі», як напісана ў савецкіх кніжках па гісторыі), спынілася, а на наступны дзень, акурат 14 лістапада, быццам тая ж хваля, што пакрысе страціла сваю раз'ятраную сілу, пачало сплываць-адкатвацца назад, гатовае, аднак, у любы момант спыніцца ізноў - як толькі атрымаюцца належныя звесткі з Рыгі, дзе («цёмных дарог махляры») Іофе з Мануільскім ад Савецкай Расеі і Ўкраіны і Домбскі ад Польшчы каляровымі алоўкамі дзялілі мапу Ўсходняй Эўропы, крамсаючы імі, бы скальпелямі, жывое цела краіны - краіны, прадстаўнікоў якой - ні Ластоўскага ад «незалежніцкага» ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі, ні Тарэшчанку-Цярэшчанку ад паланафільскай Найвышэйшай Рады, ні Адамовіча з Алексюком ад балаховічаўскага Беларускага Палітычнага Камітэта, ні Чарвякова ад бальшавіцкага Беларускага Рэвалюцыйнага Камітэта Сацыялістычнай Савецкай Беларускай Рэспублікі, ні Міцкявічуса-Капсукаса як старшыню юрыдычнай (па сёння, бо ніводным афіцыйным актам не адмененая) Літоўска-Беларускай ССР - не пусцілі нават на парог.

Прыніжаныя, перапоўненыя адчайнай злосцю чырвоныя, спаганяючы гэтую злосць на мірным насельніцтве: на вінаватых, падазроных і на невінаватых, чырвоныя, якіх падбадзёрвалі адно мудрыя, як і ўсё правадырскае, ленінскія тэлеграмы і наказы («трэба не хныкаць! трэба абдумаць контрпаход!», «не змаглі дабрацца да прамысловага пралетарыяту Польшчы - вось прычына нашага паражэння!», «нашы войскі... настолькі стомленыя, што ў іх не хапіла сіл атрымліваць перамогу далей» і таму падобныя пярліны ваеннай стратэгіі), чырвоныя, што ў свой час з такім святым гневам адверглі план ангельца Керзана (заходняя мяжа павінна была праходзіць па рацэ Буг) і якім цяпер план гэты мог прысніцца хіба што ў снах, - цягнуліся цяпер следам за палякамі, гадаючы, калі ж урэшце тыя надумаюць спыніцца; тады спыняцца і яны, чырвоныя, - і быць граніцы.

А палякі між тым марудна, па дзесяць - пятнаццаць кіламетраў у дзень, усё адступалі і 24 лістапада пакінулі звычайны беларускі павятовы горад Слуцак - як да гэтага пакідалі дзесяткі вялікіх і малых гарадоў і мястэчак, сотні вёсак, пакідалі, сцягваючы за сабою, нібы закручаных цэнтрабежнаю сілаю, тысячы бежанцаў, якія, мала разумеючы, навошта сарвала іх гэтая сіла і куды гоніць, бы тое смецце па вялікай вадзе, з усімі пажыткамі, са скацінаю, пешыя і на калёсах, сунуліся разам, ззаду і паперадзе польскага войска; магчыма, гэта былі тыя ж самыя людзі, якія не так даўно, гнаныя тым жа першабытным інстынктам - абы ўцякаць, адступалі разам з Чырвонай Арміяй, ратуючыся ад палякаў.

Польскае войска пакідала Слуцак прыкладна ў сярэдзіне дня - пахмурнага, халоднага, познелістападаўскага, і случчакі правялі гэтае войска як дагэтуль не раз праводзілі чарговых акупантаў - панурым маўчаннем, са звыклай пакораю чакаючы, што хутка надыдзе калі не большая, дык такая самая трасца, што й палякі.

Аж не паспелі схавацца з вачэй апошнія ўланы і падводы бежанцаў, як у горадзе пачало адбывацца штось незвычайнае.

На цэнтральнай плошчы каля дома Вайніловіча, дзе цяпер размяшчалася Рада Случчыны, раптам невядома адкуль пачалі з'яўляцца і строіцца ў баявыя шыхты, са зброяю і з пустымі рукамі, апранутыя хто ў вайсковую форму, хто ў што, людзі. На процілеглым баку плошчы быў ужо гатовы да выступлення конны аддзел, і коні нецярпліва перабіралі нагамі і пазвоньвалі цуглямі. Некалькі фурманак з кулямётамі ў задках стаялі каля дзвярэй памяшкання Рады, адкуль вайскоўцы выносілі і грузілі на гэтыя фурманкі нейкі скарб, затым у фурманкі пачалі ўсаджвацца людзі ў цывільным, але камандзіры казыралі ім і пачціва выслухоўвалі апошнія таропкія распараджэнні. Неўзабаве не бачанае дасюль, незразумелае войска колькасцю тысячы са дзве, пад сцягам залацістага колеру з вышытай «Пагоняю» ў цэнтры, з бел-чырвона-белымі сцяжкамі на штыках трохлінеек і карабінаў і з такога ж колеру істужкамі на грудзях, зацягнуўшы «Адвеку мы спалі», рушыла на захад услед за палякамі.

Увесь, мабыць, Слуцак, ад старога і да малога, высыпаў на ўзбочыны цэнтральнай Шасэйнай («Шасовай») вуліцы, якой маршыравалі вайскоўцы. Услухоўваючыся ў словы песні, узіраючыся ў гэтыя па большасці маладыя, амаль хлапечыя, радасныя твары, жанчыны прыкладалі да вачэй ражкі хустак, а дзядзькі нервова смалілі цыгаркі, кракталі, адварочваліся і бурчэлі на дужа едкую махорку... Каля кургузага будынка аптэкі шчыльнай кучкай стаяла з дзесятак старых слуцкіх жыдоў, ацалелых пасля пагромаў, - аднолькавыя, усе падобныя на рабінаў, у старэнькіх чорных лапсердаках, з пэйсамі, стаялі моўчкі, з застылай скрухай у вачах, і не зразумець было, радуюцца яны, што з'явіліся нарэшце такія ваенныя, якіх можна не баяцца, ці, наадварот, засмучаюцца.

Адбываўся нейкі гістарычны нонсенс. Войска, якое не зрабіла ніводнага стрэлу, якое нават не паспрабавала арганізаваць абарону роднага горада, з песнямі чаканіла крок па слуцкай шасэйцы і пакідала гэты самы горад з годнасцю напалеонаўскай арміі, што заваявала паўсвету, і людзі са слязамі радасці праводзілі яго - так, як звычайна толькі сустракаюць пераможцаў.

Гэта была тая самая, на скорую руку сабраная з добраахвотнікаў - слуцкіх міліцыянераў, чырвонаармейскіх і белагвардзейскіх дэзерціраў, кадравых афіцэраў, вакольных сялян, парэштак атрада інтэрніраванага Булак-Балаховіча, партызан«зеленадубцаў», навучэнцаў трох слуцкіх гімназій, - і ўсё адно няпоўная яшчэ Слуцкая брыгада, першае за ўсю беларускую гісторыю вайсковае фарміраванне, якое прамым тэкстам на ўвесь свет аб'явіла, што з гэтага часу ўзброеным чынам збіраецца выступаць на абарону не нейкай аморфнай «Бацькаўшчыны ў складзе матухны-Расеі ці Польшчы», а менавіта Беларускай Рэспублікі як самастойнай юрыдычнадзяржаўнай адзінкі.

Тая самая брыгада, якая неўзабаве разрасцецца да трох палкоў і больш чым на месяц прыкуе да сябе ўвагу Эўропы*, брыгада, што ў многім прымусіць свет лічыцца з Беларуссю як з краінаю і дакажа, што любое змаганне, падмацаванае ідэяй і вераю (якім бы няроўным і бессэнсоўным адносна канчатковага выніку яно ні здавалася), абавязкова - рана ці позна - дасць плён.

* «Ці знала ў той час Эўропа, - рытарычна ўскліквае Ю.Віцьбіч, - што ўзброеныя слуцкія сяляне самаахвярна паміралі за сваю Бацькаўшчыну?!» - Знала, канечне, і сачыла. Па-першае, праз Польшчу быў прамы выхад інфармацыі для той жа Эўропы, па-другое, пачатак Слуцкай акцыі амаль храналагічна супаў з канчатковым разгромам Урангеля і масавай эвакуацыяй белых з Крыма, з разгромам Украінскай Народнай Арміі, аддзелаў Булак-Балаховіча і Пятлюры, з перамір'ем бальшавікоў з палякамі (да антысавецкага Кранштацкага мяцяжу, што пяройме ад случчакоў эстафету, яшчэ чатыры месяцы); Эўропе нічога больш не заставалася, як сачыць за падзеямі на Случчыне - адзінай, як цяпер бы сказалі, «гарачай кропцы» на абшарах былой імперыі. (Тут і далей заўвагі аўтара.)

Тая самая брыгада, салдатам і афіцэрам якой удзячныя, «шчырыя а мудрыя» нашчадкі адплацяць дзесяцігоддзямі магільнага забыцця, брыгада, якая пакіне пасля сябе столькі блытаніны, столькі загадак, і адна з іх - вось гэты на мышастага колеру, гладкай і жвавай кабылцы афіцэр, зусім малады, на падлетка падобны, з заклееным бурым кавалачкам газеціны свежым парэзам на барадзе, у новенькай адпрасаванай падагнанай форме капітана царскай арміі, толькі што без пагонаў і без кукарды на фуражцы, з дэманстратыўна вывешаным на грудзях «іканастасам» дзесятка царскіх ордэнаў і медалёў - «за асабістую мужнасць». Ён стаіць на ўзбочыне дарогі, прапускаючы калону, і ў напятай постаці яго, і ў неспакойных шэрых вачах, якімі ўзіраецца ён кудысь далёкадалёка праз гэты ранні лістападаўскі перадвячэрні зморак, праз гэтых гарланячых песню людзей, праз голыя слуцкія дрэвы і хаты ў прысадах, бачацца прытоеная нерашучасць, сумненне; ён нібы прадчувае, які след наканавана пакінуць яму ў беларускай гісторыі, і ўсё не адважваецца зрабіць першы крок гэтага следу... Тонкія, па-хлапечы рухавыя вусны яго крывіць усмешка... А хаця, магчыма, малады афіцэр проста так спыніўся: робіць агляд свайму разнашэрснаму войску і пасміхаецца сам сабе з гэтай яго стракатасці. Вось ён ужо прышпорвае ў гладкія бакі кабылку і, пазвоньваючы «іканастасам» узнагарод, скача паўз калону ўперад...

 

I

 

Худзенькі, з пугаю ў руцэ чырвонаармейчык нацягнуў лейцы і гучна скамандаваў, закапыліўшы губу:

- Трр-р!

Запрэжаная параю коней падвода спынілася каля чарговай хаты. Падаў рэдкі макраваты снег, таму дабро на падводзе было прыкрыта брызентам.

З веснічак раптам выбег на вуліцу і з гарачкі, паслізнуўшыся, ледзь не паляцеў коням пад ногі нейкі хлапчук гадоў дзесяці. Убачыў падводу, чырвонаармейца, застыў, потым шмыгнуў назад у двор, а адтуль праз агароды, прыгінаючыся, даў драла да суседняе хаты...

- Ата-ту! Лаві яго! - закрычаў чырвонаармейчык, лопаючы, бы певень крыламі, рукамі сябе па баках, і засмяяўся. На ім быў старэнькі, яўна чужы шынель даўжынёю да пят, на галаве - паношаная, таксама наўрад ці свая шапка з адкасанымі на вушы бакавінамі. За спіною целяпалася вінтоўка на доўгім рэмені.

Чырвонаармейчык па-бабску задраў крысо шыняля, патупаў у снег новымі ўцепленымі чаравікамі, у каторы раз палюбаваўся рыфленымі тоўстымі падэшвамі. Пазяхнуў, машынальна перахрысціўшы рот, і проста тут, на вуліцы, пачаў мачыцца на задняе кола падводы, стараючыся збіваць струменем наліплы на вобадзе снег. Затым прывёў сябе ў парадак, азірнуўся перш у той канец вуліцы, адкуль павінны падысці таварышы, потым - у другі, дзе вуліца канчалася. Была яна досыць шырокая, як і большасць тутэйшых вуліц, роўная, з белымі ад снегу дахамі хат і пабудоў. У канцы віднеўся лес, таксама заснежаны.

Чырвонаармейчык прыкінуў - засталося ўсяго двароў мо з чатыры, ну, пяць... Зараз падыдзе Мішка з байцамі, хутчэй за ўсё спехам правядуць астаткавую рэквізіцыю (і без таго падвода поўная, а дарога гразкая, коням будзе цяжка) - і ўсё. Ваша заданне споўнена, таварыш камандзір! Можна вяртацца ў Вызну - балазе недалёка, ды і не позна яшчэ, гэта проста ад пахмурнага неба здаецца, што сцямнее хутка. А там здаць на рукі прадукты, адвесці коні на канюшню... Потым, не спяшаючыся, за асобным сталом пры кухні натаптацца добра кашы з салам, атрымаць удвойную порцыю махоркі, тады, у казарме, папрасіць - за долю той жа махоркі, вядома, - свайго земляка і друга, таварыша Чувалава напісаць пісьмо ў роднае іхняе сяло Мікіціна - Калужскай губерні Казельскага павета Спас-Дземенскай воласці, навучыць, хай напіша, што ён, чырвоны баец шаснаццатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода Андрэй Мікіцін, жывы і здаровы, адзяваюць іх тут добра, кормяць так сабе, а ў цэлым ваюецца тут пакуль што дзякаваць Богу - забітых няма, параненых няма; людзі ў гэтых краях заможныя, але не такія зусім, як у нас...

- Эў, баец! - вывеў яго з задумы Мішка, хуткім крокам падыходзячы да падводы. У руцэ ён трымаў за гіч невялікую ношку. - Заснуў? На вайне не спі - дома на бабе паспіш!..

- Так точна, таварыш нам... пам... - Мікіцін збіўся і пачырванеў, бо за тры месяцы службы так і не навучыўся вымаўляць гэтае «пам-кам-нач-узвода». Каб выправіць промах, ён кінуўся да падводы і паслужліва адгарнуў з задка край брызенту.

Мішка па-гаспадарску акінуў вокам дабро, як бы зрабіў у думках рэвізію яму, акуратна ўладкаваў ношку сярод вялікіх і малых мяхоў, такіх жа рознакаліберных кашоў і кошыкаў... Ляпнуў даланёю па верхнім мяшку, аж жоўты пыл падняўся.

- Вось так, таварыш баец Мікіцін, - загарнуў брызент. - А казалі, аўса няма... Шукаць трэба ўмець! На вайне, таварыш баец, галоўнае што? Соплі не жуй.

- Так точна, таварыш пам... зам...

- Ладна, не можаш сказаць - не тужся. Усё адно не народзіш! - І засмяяўся, і падміргнуў Мікіціну, як роўнаму.

І Мікіцін у адказ таксама засмяяўся. Ён любіў Мішку, ды што Мікіцін, усе ў палку, можа, нават у дывізіі, ведалі і любілі яго. Не так даўно, у Слуцку ўжо, сам камдыў Путна ўзнагародзіў яго маўзерам - імянным, за мужнасць пры вызваленні гарадоў Калінкавічы і Мазыр ад балахоўскіх бандаў. Ён, гэты маўзер, заўсёды пры ім, і цяпер вунь вісіць збоку на партупеі даўжэзная, амаль да каленяў, драўляная кабура.

Падышлі астатнія: чатыры чырвонаармейцы з аховы і адзін у цывільным - вызнянскі, а гэта, лічы, тое самае, што мясцовы, рэўкамавец таварыш Кецка, які вадзіў іх, паказваў, дзе жывуць самыя багатыры, або, прасцей, звычайнае кулаччо. У скураным палітоне, у галіфэ і ў ботах, у афіцэрскай фуражцы з пунсовай зорачкай замест цэшкі-кукарды быў ён больш падобны на якогась важнага камісара, чым на звычайнага валаснога рэўкамаўца - былога эсэра і былога дэзерціра, прычым яшчэ з тых, першых, якіх празвалі «германцамі».

- Ну што, байцы, перакурым - і ўпярод на міны, - сказаў Мішка. - Як жартаваў колісь наш прапаршчык, светлай памяці Матылёў Іван. На міне, дарэчы, ён і падарваўся...

Усе, акрамя Кецкі, пачалі скручваць цыгаркі, надзіва спрытна варочаючы чырвонымі ад стылай пагоды пальцамі. Кецка, хоць і сам быў заядлы курэц, пабаяўся зняць рукавіцы. Ніхто не ведаў у сапраўднасці, а сам ён адмоўчваўся, не казаў, дзе і калі адмарозіў рукі - ды яшчэ так, што на правай засталося ўсяго два пальцы, вялікі і маленькі, а левая, хоць і ацалела, пачынала свярбець без рукавіцы нават на невялікім марозіку, не кажучы пра вецер - тады зусім не было спасу. Ведалі толькі, што здарылася гэта марозна-сіверным лютым дзевятнаццатага года, пры «першых паляках», і што ампутацыю рабіў вядомы ўсёй Случчыне доктар Арцень Паўлюкевіч - той самы, які пасля без дай, здавалася б, прычыны з паважанага чалавека зрабіўся контрыкам, круцялём-блазнам, з такімі ж, як сам, кінуўся праводзіць розныя антысавецкія зборкі, сходкі, ствараць нейкія «рады», а цяпер, калі прыйшлі яны, чырвоныя, замест таго каб ціхамірна працаваць сабе пры законнай уладзе, знік - ці то з палякамі ўцёк, ці то разам з сям'ёю падаўся ў лес, у банду; словам, скончыў тым, чым павінен быў скончыць, чаго шукаў на сваю галаву, тое й знайшоў... «Цяпер бы ён табе не пальцы, а штосьці іншае адхапіў бы!» - падколвалі часам Кецку таварышы-рэўкамаўцы, на што ён спакойна адказваў: «Ці я б яму».

- Не хочаце дакурыць, таварыш Кецка? - Мікіцін адарваў мокрае з цыгаркі, паднёс рэўкамаўцу недакурак да самага рота. - Цягніце, я патрымаю!

- Хай ужо, - адмахнуўся Кецка. - Не дакурыў - што з дзеўкаю не даляжаў. Потым, у цяпле, накуруся...

Мішка скоса зірнуў на яго, тады, відаць, па аналогіі: скалечаныя рукі - антысаветчык-доктар - банда, спытаў, паказваючы на хату, каля якой стаялі:

- Адсюль таксама?

Кецка як бы задумаўся, адказаў не адразу:

- Мабыць... Тут два хлопцы вялікія, старэйшы жанаты, меншы - гімназіст, у Слуцку вучыўся...

- А цяпер у лесе вучыцца?

Кецка паціснуў плячыма:

- Разбярэш тут, хто ў лесе, хто дзе...

- Разбярэмся.

- Бацька іхні стары ўжо... І баба хворая, на печы ляжыць, год не ўстае... Нявестка з дзіцям малым таксама...

- Што таксама? З печы не ўстае?

- Ды не, проста жыве з імі...

- Разбярэмся! - паўтарыў Мішка. Ён растаптаў недакурак. Раптам выцягнуў у Мікіціна заціснутую пад пахай пугу, размахнуўся і гучна «стрэліў».

Шарахнуліся спужаныя коні, Мікіцін ледзь утрымаў нацягнутыя лейцы. У двары глуха і як бы здалёк адкуль забрахаў сабака. Чакаюць, значыць, раз сабаку схавалі, ведаюць, што з кім, з кім, а з сабакамі ў іх размова кароткая - расстрэл без суда і следства. Таму і ціха так - і на гэтай вуліцы, і на ўсім сяле.

Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.

У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака, не зразумець дзе, скавытаў і шкробся лапамі аб дошку - прасіўся на волю.

Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:

- Матка, яйкі, млека нясі!

Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.

- Далёка сабраўся? - спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.

З цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.

- Стой!!! - хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка, ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.

Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.

 

II

 

У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры - усе разам - замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка рвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму з-за сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты ўсім пад ногі!!! Быстра!!!» - і навялі зброю адзін на Кецку, другі - на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.

З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан - у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.

Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.

- Стой! - паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй - без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася, як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!» - А то страляць буду! - прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя і не збіраліся нікуды ўцякаць. - Мікола - таго, каля падводы! - паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. - Гнат - з гэтымі разбярыся! Дзяніс, - да маладога, - вяроўку!..

Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў - з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

- Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўняры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

- Ногі шырэй, рукі вышэй!..

Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

- А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзніч, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях...

З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх.

- Ыч, шчанюкі, - прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава... Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам. - Ваякі - голыя сракі!

У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар.

Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам, крыкнуў:

- Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ўжо, вылазь!..

З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках.

- Каму, Чуб? - задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

- Дай сюды... - Чуб перавесіў вяроўку на плячо. - А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ ды венік... і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца... Скажы, усё тут скончана.

- Не ўсё яшчэ, - сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.

Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з'едліва:

- Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім... Маліся цяпер свайму карлу-марлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! - Відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.

Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:

- Бога я не прадаваў... і людзям не ўядаўся...

- Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!

- Зброя ёсць? - лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.

- Ёсць...

- Дык аддай нам, - працягнуў Чуб руку. - Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.

- Са страху не пальну...

- Пагавары мне яшчэ!

Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне.

Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.

- Хутчэй, чорт бязрукі! - не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу.

Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.

- Што, прымерзлі рукавіцы? - не адчапляўся Гнат. - Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..

Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі - маўляў, наце, любуйцеся... І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая - не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.

Чуб з Гнатам пераглянуліся.

- Аддай назад, ну яго на... - сказаў Чуб. - Яшчэ заразу якую схопіш.

- А яны яму ўжо не спанадабяцца! - умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ў адначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. - На тым свеце цёпла! - і зарагатаў па-дурному.

Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.

- Дурань, - павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела: - Ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..

- Глянь ты на яго - герой! - здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: - Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі - палезна!

- Наваюеце вы так...

- А ты за нас не перажывай, - прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата - на самай справе, за што здзекавацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі... Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў: - Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы - армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаём у контрразведку.

- Дык здавайце, а не...

- Ты што, Чуб?! - абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма. - Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён, затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача і вяроўка вось гэтая вось!

- Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, - усё адно распарадзіўся строга Чуб.

Гнат хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чырвонаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба - як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:

- Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі... Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.

- Во-во! Такіх ён і ведае, - усміхнуўся Гнат.

- Пачакай, - сказаў Чуб, - да Чайкі дык да Чайкі. Можна і да Чайкі... А пакуль - тварам да сцяны, як і ўсе!

І калі Кецка-рэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха...

Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:

- Хіба што так!

На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз жа гатовы да любых новых даручэнняў - толькі каб не стаяць на месцы, не глядзець на гэтага забітага... А за Дзянісам асцярожліва высунуўся з сянец і неяк бокам злез з ганка мажны, хоць згорблены ўжо гадамі дзядзька, у высокіх, да каленяў, валёнках, у кароценькім кажушку з адрэзанымі чамусьці рукавамі, на галаве - аблавушка... Гэта быў гаспадар, той самы дзядзька Карпа, які толькі што пазіраў, прыплюснуўшыся да шыбіны, з хаты на двор. Адразу ж вочы яго самі сабою стрэлілі, мімаходзь ухапілі каля ганка скурчаны труп, пад якім распаўзлася на снезе цёмная бураковая пляміна... І тады - хоць, вядома ж, ён чакаў убачыць тое, што ўбачыў, - на твары яго адбіліся перш недаўменне, затым разгубленасць і страх, акурат як у яго сына, гэтага вось Дзяніса... Ён раптам заморгаў пакрыўджана, нібы вось-вось сабраўся заплакаць, затым сарваў з галавы аблавушку і захрысціўся, хутка крыжуючы сабе лоб і грудзі вялікай рукою, што здавалася занадта доўгаю, як і ва ўсіх прыгорбленых людзей.

- Вы гэта... дзядзька Карпа, - сказаў Чуб і закашляўся, пачаў мацаць па кішэнях, шукаючы кісет з курывам, - вы адно кроў сашкрабеце пасля... А там ужо за ноч снегам засыпле, і следу не застанецца...

- Ды ўжо ж, сашкрабу!..

Карпа адвярнуўся, забегаў вачыма па двары, ізноў акурат бы сын, таксама шукаючы хоць якога сабе занятку... Пачуў, што сабака шкрабецца ў пуні, туды памкнуўся:

- Ото выпусціць трэба!..

- Я сам. - Дзяніс кінуў вобземлю заступ, венік, пабег.

Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты, - сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё...

- А крывянкі - Божа ж мілы!.. - міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка і зноў перахрысціўся.

- Даходзіў доўга, - патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека. - Камуністы, яны жывучыя, што ты!

Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.

Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў - злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў... Аж раптам застыў, пацягнуўся мусаю туды, да сцяны, дзе ляжаў мёртвы, пачаў прынюхвацца, затым уздыбіў поўсць на шкірцы, разгублена азірнуўся на пуню, падціснуў хвост і заскуголіў жаласна, аж да мутарнасці, нібы прадчуваючы, што гэтым не скончыцца, нібы новую смерць наклікаючы.

- Бач, не йдзе! Крывянку чуе... Ды замаўчы ты, падла! - не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.

Мікола рагатнуў.

- Ну, дзядзьку... Крывянку чуе... А ты хацеў, каб і красных біць і каб кроў не йшла? То так не бывае - дзе б'юць, там і льюць! - задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба. - Пакінь пару цягаў.

Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:

- Лапы давай, калека... Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся - рэгулярнай арміі! - сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самому рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага...

Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.

- Назад!

- Стаяць, курва!! - паляцела яму ўслед.

- Пільнуйце гэтых! - Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лямантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не па-бабску: - Гнат, давай хутчэй-чэй-чэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб'е! - і ў гэтым ляманце-галашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.

Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тыну.

Чуб бухнуўся на калені:

- Кладзі!

Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца...

- Не патрапіш - самога заб'ю, - сур'ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.

Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.

Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся.

- Я цябе навучу!.. - адно прамовіў.

Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю - тварам уніз...

Чуб устаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.

 

III

 

Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонаармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.

Забітага чалавека! - і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота, двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, заткнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў - проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.

Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку... Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач... Хай!

Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу - шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў з-за прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы... Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам... І кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..

За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:

- Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот - паможа.

І пайшоў сабе.

На двары нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудна-чырвоную кашу ў кучку...

Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.

Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, - стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі; як пасцілае паддон паловаю брызенту - другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонаармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў... Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, - тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.

Дарослыя - па большасці старыя дзяды і кабеты, стаялі спаважна, са скрушнымі тварамі, як і належыць добрым людзям у такіх выпадках - калі выносяць нябожчыка. Але між імі ўвесь час круціўся, аж прытанцоўваў на месцы хлапчынка гадоў дзесяці, крэпенькі, чырванашчокі, бы снягір, у валёначках і ў вялікай, непаразмернай яму шапцы-вушанцы. Шапка ўвесь час спаўзала на вочы, ён падбіваў яе знізу даланёю і шморгаў носам. Было відаць, як круціць яго ўсярэдзіне, як так і прэ з яго жаданне выпаліць вось зараз гэтым дзядзькам і цёткам нейкую важную, аднаму яму вядомую тайну...

- А гэта ж я, далібог, я! - не вытрымліваў тады і азіраўся, шукаў вачыма такую ж, як сам, крэпенькую, зграбную, чырванашчокую дзяўчыну, нізка, па самы лоб абвязаную хусткай-«канаплянкаю», як бы ўжо яна была дарослай маладзіцаю. - Праўда ж, Лізка? Ну, скажы!

У яго звонкім, дрыготкім ад уласнае смеласці голасе былі і дзіцячая неразумная пахвальба, і нецярпячка, і боязь, страх нават, што яму не павераць, смяяцца пачнуць або яшчэ прагоняць адсюль...

- Далібог, не хлушу! - сцягваў шапку і жагнаўся з наіўнай шчырасцю, як і ўсе бязгрэшныя дзеці. - Дзядзька Мікола, дзядзька Гнат - ну, скажэце!.. Праўда ж?

- Праўда, праўда, - пацвердзіў дзядзька Мікола, чамусьці без заўсёднага свайго смеху. Як і Гнат, як і абодва Карпавы сыны, ён быў мясцовы і добра ўсіх ведаў. - Ты ў нас гірой, Васілько, - няўмела пахваліў малога, - сапраўдны гірой!..

Крэпенькая, зграбная дзяўчынка, яшчэ больш чырванеючы, не падымаючы вачэй, ціха ўшчувала «гіроя»:

- Маўчы, тут жа людзі стаяць... Бяжы дамоў ужо, пагрэйся на печы - вунь смаркачы папусціў!..

Але дзе там, акрылены Міколавай пахвальбою малы нічога і слухаць не хацеў.

- Я прама гародамі - отама-во, пабег, крычу: дзед Карпа, Дзяніс, дзядзька Гнат, дзядзька Мікола - там, крычу, бальшавікі ездзяць, ото-то каля вашай хаты будуць!..

Худзенькі Мікіцін, яшчэ больш змізарнелы, скундзёблены ад холаду і страху, падняў галаву, на міг сустрэўся з Васількам вачыма, і толькі цяпер яму прыйшло на памяць і ён з панылай абыякавасцю ўспомніў, як даўно-даўно (на самай справе менш чым паўгадзіны назад) гэты самы хлапчук даваў стракача агародамі ад хаты, а ён, Мікіцін, стаяў, як ёлуп, і мачыўся на кола, марыў пра кашу з салам, пра вызнянскую цёплую казарму, пра земляка Чувалава, які напіша на радзіму, што ўсё ў іх тут у парадку і ваююць яны дзякаваць Богу...

Мікіцін патупіўся, з тою ж панылай абыякавасцю адзначыў, што халадае і сняжок не перастае, пад заднім колам няма ўжо жоўтай пляміны... Вось таксама замяце і кроў, і ўсе сляды іхнія, ніякага знака па іх не астанецца, ніхто іх не знойдзе, ды і шукаць ніхто не будзе!.. Каму ён трэба, слабасільны, неабстрэлены, непісьменны чырвонаармейчык славутай шаснаццатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода, баец, які нават «пам-нач-кам-узвода» так і не навучыўся вымаўляць, які і ў бальшавіцкую армію пайшоў ні па якім не «зову сердца», як выдумляе ў сваіх пісьмах дурны, дарма што грамацей, Чувалаў, а ад таго, што ў іхняй мнагадзетнай сям'і паелі нават беражоную семянную бульбу і проста пухлі з голаду, а ён, Мікіцін, перад тым як запісацца служыць, абышоў па хатах усіх дэзерціраў і камісаваных ды распытаў добра: дзе лепш кормяць, дзе адзёўка прыгажэйшая - у чырвоных ці, скажам, у белых... Вось такое «веление сердца»...

Усё было скончана, і цяпер толькі брызент у задку падводы, тапырачыся, абазначаў схаваную пад ім паклажу. Ды яшчэ коні, акурат бы той Карпаў сабака, чуючы людскую кроў, пужліва стрыглі вушамі, касавурыліся, раздзьмухвалі шырокія ноздры і штораз беспрычынна ўсім целам уздрыгвалі, як робяць гэта душным летнім днём, калі дакучае гнус. Гнат павярнуўся да Кецкі, рыкнуў: «Ну, давай!..» - і да таго не адразу дайшло, што гэта вяроўку трэба даць. Вяроўка вісела ў яго на плячы, а адкуль яна ўзялася, ён не помніў - хутчэй за ўсё Гнат накінуў на яго, як на слупок, калі сам бег хутчэй страляць у чалавека, у гэтага вось самага, над якім тапырыцца брызент... Кецка падаў вяроўку і, наўчоны ўжо, сам, без каманды паспешліва выдаўжыў рукі. Нават Гнат, спрытна і туга завязваючы вузел, прабурчэў на гэтую залішнюю стараннасць:

- Сагні ў лакцях трохі, цягнеш тут... - Дзелавіта агледзеў палонных, прыкінуў, які інтэрвал трэба даць, ці хопіць вяроўкі на ўсіх. Націснуўшы Кецку на жывот, адцягнуў рэмень, сілком прапіхнуў пад яго звітак вяроўкі. - Наступны!

Наступны быў Мікіцін. Зусім не адчуваючы болю, з якім упівалася ў настылую скуру скручаная ў тры столкі вяроўка, ён толькі падумаў: навошта ўсё гэта, хіба яны ўцякаюць ці збіраюцца ўцякаць, хіба мала ім навукі?..

- Іх бы саміх упрэгчы, заместа коней, - зларадна прашамкаў дзядок, абуты ў белыя валёнкі; ён стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на сукаватую неакораную крывуліну. - Асабліва гэтага вось, чорта бяспалага, - паказаў на Кецку. - Хай бы цягнулі!

Адзін малы Васілько, у якога, відаць, уяўленне ўміг стварыла малюнак - чырвоныя цягнуць воз, а коні спаважна йдуць сабе збоку, - зайшоўся нервовым смехам, больш ніхто, нават рагатун Мікола, не падтрымаў дзеда. Гнат, які ўвязаў адной вяроўкаю палонных, выставіў іх цугам і цяпер, сагнуўшыся, намотваў канец вяроўкі на кручкі пад задком, сярдзіта зіркнуў на старога знізу ўверх.

Людзі маўчалі. І маўчанне іх гаварыла аб той адвечнай шкадобе ахвяры да свайго ж ката, калі сам ён апынаецца ў яе скуры...

 

IV

 

Выйшаў з веснічак Чуб з абярэмкам вінтовак. Уладкаваў зброю на падводу, паўз драбіну. Памацаў забітых праз брызент, праверыў, ці як след звязаныя палонныя, пашморгаў вяроўку - ці добра трымаецца на кручках... Затым, бы цяпер толькі заўважыў, павярнуўся да натоўпу. Ссупіў бровы, уставіў рукі ў бокі - вялізны, што той мядзведзь, спытаў, грозна варушачы вусамі:

- Так - і што вы тут не бачылі?

Дзядок, абапіраючыся на крывуліну, падаўся бліжэй. Патлумачыў:

- Дык гэта... Стаімо, жджэм, - і азірнуўся на вяскоўцаў, чакаючы падтрымкі.

- Чаго вы жджэце?

- Дык гэта... вядома... Каб сваё забраць, калі раздаваць пачняце, - дзядок паказаў крывулінаю на мяшкі доле і на падводзе.

- А хто вам сказаў, што мы будзем раздаваць? - яшчэ больш павысіў голас Чуб. - Я ў вас пытаю!

Раптам як стаяў - рукі ў бокі, - так і пайшоў на дзядка:

- Сыны, унукі ёсць?

- Дык гэта... - сумеўся той, змізарнелы перад такой скалою. - Два сыны, а ўнукі малыя...

- І дзе сыны? Я спадзяюся, у нас у атрадзе? У Семежаве?

- Дык гэта... па хадзяйству...

- Па хадзяйству?! Мы там мерзнем, гібеем, кроў праліваем за вас жа, а вы - па хадзяйству?! Толькі і робіце, што ў валенкі ціхенька пшыкаеце ды на гарачых чаранах, у цяпле ў дабрэ, валяецеся?! Саветам ці палякам, маць вашу растакую, дык вы нічога не шкадуеце! - усё больш распаляўся Чуб, наступаючы на разгубленага дзядка. - Вам пугаўём у шыбіну стукнуць, дык вы і лапкі ўгору, апошняе сала з кубла цягнеце, апошні крыж нацельны гатовы сарваць з сябе і аддаць! А нам, сваім героям, сваёй доблеснай беларускай народнай арміі вам меркі аўса шкода?!

Крыху астыў, супакоіўся.

- Зараз слухайце мне і запамінайце і па хатах разнясіце. Пра тое, што тут было, каб ні адна жывая душа не пікнула! Калі прыедуць, стануць пытаць, скажаце - так і так, былі чырвоныя, забралі, што ім трэба, і паехалі сабе ў Вызну. Зразумелі? Ды не тапчыцеся тут без толку, слядоў не рабіце!.. І помніце, чэрці, калі што... - пагразіў таўсценным пальцам.

- Не, гэта ж я так сабе, - зашамкаў спалохана, апраўдваючыся, дзядок, палічыўшы, відаць, што пагроза найбольш яго тычыцца. - Бярыце на здароўе - сваім не шкода! - сказаў, а выцвілыя падслепаватыя вочкі ўраз заслаліся жалем і паказалі на іншае - што шкада, яшчэ і як шкада свайго дабра і чым вы, такія «абаронцы», розніцеся тады ад Саветаў ці ад палякаў?..

Аднак на астатніх прамова Чуба падзейнічала. Усё правільна, так і трэба, сіла павінна быць сілаю - з кулакамі, з мацюкамі, а яшчэ лепш - з крывянкамі, тады і паважаць можна, тады і слухацца ахвота...

- Правільна, хлопцы!

- Бярыце на здароўе!..

- Чым гэтай набрыдзі, дык лепш сваім ужо...

Нават дзяўчынка, якая моцна трымала Васільку за руку, саромеючыся ўласнай смеласці, выгукнула званчэй за ўсіх:

- Што ж гэта - сваім шкадаваць?!

- Даўно б так, - змякчыўся Чуб. - Хоць і тугавата, але даходзіць да вас, нарэшце разумна загаварылі. Словам - давайце, давайце ўсе па хатах!

- І то праўда - што гэта мы тут...

- Сляды адно робім...

- Будзем маўчаць!

- Маўчаць трэба, бо сабе ж горш...

Не слухаючы, Чуб павярнуўся да падводы. Распарадзіўся:

- Гнат, паглядзі тут. Я скора, - і пайшоў назад у двор.

Каля ганка ўсё было чыста. Стары Карпа дзяўбаў заступам настылую зямлю.

- Каб ямку ды закапаць, - патлумачыў, паказваючы на згрэблены ў кучку бураковы снег.

- Яшчэ там, на агародзе... - Чуб хацеў сказаць, што і там трэба будзе прыбраць хоць трохі, замясці, але зірнуў на неба, нізкае, панурае, зацягнутае цяжкімі хмарамі, махнуў рукою - абыдзецца, наваліць снегу за ноч, усё схавае.

- Дзяніс дзе, у хаце?

Карпа ўгукнуў. Прыставіў заступ да сцяны, пасунуўся следам за Чубам у хату.

У хаце, асабліва пасля вуліцы, аж у нос давала змешанымі пахамі аўчыны, брагі, квашанай капусты, непрыбраных закусак на стале, застаялага нявыветранага махорачнага дыму і найбольш востра - тымі асаблівымі, якія нічым не пераб'еш і ні з якімі іншымі не зблытаеш, пахамі хворага чалавека і немаўляці. На печы за комінам сярод кучы лахманоў ляжала хворая Карпава жонка, а ў большай хаце (Чуб ведаў), так ні разу і не паказаўшыся ім на вочы, сядзела з дзіцём Карпава нявестка, жонка старэйшага сына Данілы, які, як і меншы, Дзяніс, быў у Семежаве ў брыгадзе.

Дзяніс стаяў у кутку каля лавы і піў, прагна каўтаючы, ваду з жалезнай кружкі. Калі ўвайшлі бацька з Чубам, адарваўся, не падымаючы вачэй, прамармытаў:

- Захварэў, здаецца...

- Ну дык не дзіва, без шапкі на дварэ, - заўважыў Чуб. - Ты б мо ваду халодную пабярогся піць?

«Здзекуецца? Насміхаецца? Ці папраўдзе не здагадваецца ні аб чым? Напляваць - абы хутчэй скончылася ўсё, абы яны нарэшце з'ехалі адсюль», - пакутліва думаў Дзяніс.

Чуб па-гаспадарску, не пытаючы дазволу, падышоў да стала.

- Дагуляць не далі, - шчодра плюхнуў сабе ў чарку з вялікай бутлі. - Ну, дзе наша не прападала! На дарожку!

- Піце на здароўе...

Карпа замітусіўся:

- Дый сабраць жа вам трэба чаго... І Данілу гасцінец будзе... Усё ж ёсць! Каўбасы пакладу, і сала, і масла...

- Вось за гэта дзякую, бацько. - Чуб выцер мокрыя губы, укінуў у рот кавалак сала без хлеба.

Дзяніс, які крадком назіраў за ім, аж перасмыкнуўся. «Гэта не людзі! Пасля ўсяго прыйсці, і жлукціць гарэлку, і чвякаць салам!..» Ізноў яму захацелася неяк уцячы адсюль, каб не бачыць нічога, схавацца, як малому, у сваім ціхім надзейным куточку паміж хлявом і прыбіральняю.

- Дзяніско, сынок! - пачуўся з-за коміна слабы голас. - Падай і мне вады!

Ён хуценька боўтнуў конаўку ў цэбрык. Аберуч, падняўшыся на дыбкі, падаў маці.

- А што гэта бухала там, на дварэ? - напіўшыся, спытала хворая.

- Нічога, ляжы сабе, - адказаў заместа сына Карпа, які вярнуўся з сянец, трымаючы ў руцэ ладна ўпакаваную палатняную торбу. - Гэта так, хлопцы балваліся... Лепш падай там цыбулі нізку. Ды большую знайдзі, не чужым даём... Данілу нашаму...

Зашамацела на печы цыбуля.

- Даніла ваш цяпер ого, - паказаў пальцам у столь Чуб. Відаць, усё ж была ў ім віна перад гаспадарамі за ўсё, што ўчварылі, і цяпер ён, як умеў, хацеў падхваліць іх. - Пры вялікім начальніку, ардынарац камандзіра палка! Самога Чайкі - героя - ардынарац...

І хоць не раз сёння чуў Карпа пра гэтага «героя - вялікага начальніка», а ўжо ў раз дзесяты слухаў гэтую наіўную, няўмелую пахвальбу свайго старэйшага сына, але ізноў клюнуў.

- Дык я яшчэ адскочу!.. Паляндвічкі дакладу, ёсць жа месца яшчэ... Хай, можа, камандзіра пачастуе, а то сам будзе есці, а той слінкі глытаць, - сказаў і адразу ж зазлаваў на сябе, што выкрыў неасцярожным словам гэтую бацькоўскую хітрасць: маўляў, паддобрываць трэба камандзіраўначальнікаў, тады і сынам паслабка будзе... Прыкрыкнуў на сына: - Хадзем у камору, паможаш хоць што!.. Хоць накрыўку з кубла патрымаеш...

Застаўшыся адзін, Чуб выпіў яшчэ. Потым, рыпаючы падлогаю, пайшоў у большую хату. Зазірнуў у баковачку. Каля пабеленай грубкі стаяла люлька, побач на табурэтцы сядзела маладзіца і дзюбала носам, змагаючыся са сном. Чуб кашлянуў асцярожна, хацеў паглядзець на малога ў люльцы, аж маладзіца ад яго кашлю страпянулася, устала, растапырыла рукі, засланяючы люльку сабою.

- Куды ты лезеш да яго, чорт абкураны!

Але, нягледзячы на сярдзітыя словы, ні ў голасе, ні ў вачах яе - пустых, выплаканых, вымучаных адзінотаю - не было ўжо ні злосці, ні гневу; не было ўжо сілы наракаць ні на гэтае непрыкаянае сабачае жыццё, ні на гэтых людзей, што звялі з сабою яе чалавека, ні на самога гэтага чалавека, які немавед чаго, дзеля чорта лысага адцураўся сям'і...

- Данілу перадаць што? - спытаў Чуб ціха.

Адказу не дачакаўся.

- Ну, нічога... Мо як-небудзь, - сказаў, абы хоць што сказаць.

Вярнуўся ў меншую хату. Карпа прыбіраў са стала. Набітая торба - мяшок добры, а не торба - стаяла, прыслоненая да прыпечка. Дзяніс пазіраў у акно, калупаў пазногцем падаконнік. Шынялёк і фуражка віселі каля дзвярэй на ўбітых у сцяну драўляных палачках - «вешалцы».

- Ну што - адзявайся памалу, - сказаў Чуб. Прыўзняў торбу за лямкі, паважыў. Пабаяўшыся, мусіць, што абарвуцца, падхапіў другой рукою знізу, прыціснуў да жывата.

- Кажу ж, захварэў... - Дзяніс нават не павярнуўся. - Горла дзярэ... І галава...

- Хай мо і праўда пабудзе трохі, - нясмела ўступіўся за сына Карпа. - Скажэце ўжо там... Мо сварыцца дужа не будуць, Даніла ж там пры начальстве...

- Ну, глядзі. - Чуб паставіў торбу на падлогу, выцягнуў з кішэні Кецкаў наган, паклаў на край стала. - На - на ўсялякі пажарны. Вінта забяру, мала што... І за ноч пастарайся вылечыцца. - Дадаў насмешліва: - Каб заўтра з раніцы быў як штык у Семежаве. А то і Даніла не паможа... Чуеш?

- Угу, - буркнуў Дзяніс, так і не павярнуўшыся.

Неўзабаве воз зарыпеў прыстылымі да зямлі коламі, Гнат цмокнуў і шлёгнуў канцом лейцаў бліжняга каня, падвода сарвалася з месца і шпарка пакацілася снегавой дарогаю да лесу. За падводай цугам, на адлегласці метра паўтара адзін ад аднаго, пацягнуліся звязаныя палонныя. Збоку ішоў Мікола, пасвістваючы, з вінтоўкаю на плячы. Ззаду - рукі ў кішэнях - Чуб.

Стоячы каля веснічак, гледзячы ўслед, Карпа перахрысціў працэсію і тады толькі схамянуўся:

- Вяроўку, вяроўку неяк перадайце, хлопцы!

Але яму не адказалі. Падвода ад'ехала ўжо далекавата, і ніхто, мабыць, не пачуў.

 

V

 

Цяжка сказаць, на што разлічвалі, што за планы выношвалі «бацькі»-камандзіры Слуцкай брыгады, якая пакінула горад і выправілася след у след за палякамі, невядома, чым бы гэта скончылася (хутчэй за ўсё калі б палякі так і адступалі далей - пад Ліду, пад Берасце ці да самой Варшавы, нашыя случчакі рабілі б тое самае, ціснучыся да іх), каб не ўмяшаўся яго вялікасць гістарычны Шанец. Той самы, які яшчэ не раз акажа паслугі гэтым некалькі тысячам амаль бяззбройных людзей, заціснутых на латачцы зямлі паміж дзвюма аграмаднымі арміямі...

Палякі сталі за ракою Лань, чырвоныя прасунуліся крыху далей на захад за Слуцак. Так брыгада атрымала ад літасцівага лёсу першы падарунак - яна засталася на тэрыторыі сваёй мясцовасці і сярод сваіх людзей, часта ў прамым сэнсе - сярод блізкіх і дальніх сваякоў. Паміж вельмі ўмоўнымі, зігзага-пункцірнымі лініямі франтоў і ўтварылася тая славутая латачка зямлі, што ўвойдзе ў гісторыю як «нэўтральны пас», «нейтральная зона», «нейтральная паласа», «нейтральная зямля» і, нарэшце (самая ўдалая назва), - «нічыйная зямля».

Вестка аб тым, што далей можна не спяшацца, застала случчакоў у мястэчку Семежаве, і гэта быў ім другі падарунак лёсу. Аддаленае вёрстаў за трыццаць на захад ад Слуцка мястэчка апыналася ў самым цэнтры «нічыйнай зямлі», на роўнай адлегласці ад палякаў і Саветаў; даволі вялікае, акружанае дзвюма рэчкамі, Мажай і Мораччу, было яно, праўда, не зусім удалае ў стратэгічным плане - з амаль бязлесымі ваколіцамі, затое багатае хлебам, салам, сенам і аўсом, а галоўнае - патрэбнымі людзьмі. Заможным мясцовым сялянам было што абараняць, яны былі зацікаўленыя ў сваёй - беларускай - уладзе і гатовыя былі падтрымліваць случчакоў чым заўгодна (два палкі, Грозаўскі і Семежаўскі, былі сфарміраваны за тры дні!).

Словам, брыгада з усімі камунікацыямі размясцілася ў Семежаве, і соннае дасюль мястэчка апошні тыдзень пачало нагадваць прыфрантавы гарнізон. Новыя весткі прыходзілі з кожнай гадзінай, і бударажылі, і ўзвінчвалі людзей; шырокая базарная плошча, да якой збягалі і крыжаваліся там усе восем местачковых вуліц, не пуставала ні днём, ні ноччу.

І ўсё ж раніцай таго дня, калі чырвонаармейцы вызнянскага атрада харчнарыхтоўкі выправіліся на чарговыя рабункі, ні сном ні духам, вядома, не здагадваючыся, што іх чакае (Чуб з кампаніяй падымалі ўжо чаркі ў Карпы за сталом, на стале ляжаў Чубаў абрэз, а ў качэргах стаяла Гнатава вінтоўка), - раннім світанкам у мястэчку ўсчалося ўзрушэнне, дасюль яшчэ небывалае.

Палалі на пляцы вогнішчы, тоўпіліся вакол іх, слухалі, спрачаліся, пераходзілі з аднаго асветленага круга ў другі ўзброеныя людзі і людзі без зброі, але ў вайсковай форме, прытым чырвонаармейскай, - перабежчыкі і палонныя, якія за апошнія дні па адным і цэлымі групамі спраўна наваднялі Семежава і з якімі не ведалі, што рабіць, ніхто іх не вартаваў, і яны цягаліся, дзе хацелі, і рабілі, што хацелі; уперамешку з вайскоўцамі таўкліся мясцовыя - цікаўныя семежаўскія дзядзькі (такіх было небагата, але былі), стаялі і больш слухалі, чым гаварылі, панадзявалі старыя латаныяпералатаныя кажухі, горшыя шапкі, кожны абапіраўся на палку і горбіўся больш, чым трэба, - навучаныя горкім вопытам недавяракі, якія гэтай наіўнай сялянскай хітрасцю паказвалі, што вось мы якія - бедныя, старэнькія, убогія, да службы няздатныя, узяць з нас няма чаго, а прыйшлі мы так сабе, паглядзець, што тут робіцца, паслухаць, што людзі кажуць...

Трапяткія агні кастроў выхоплівалі з ранішняга сутоння бледна-пунсовыя, ненатуральныя твары, адкідвалі на стаптаны людзьмі і коньмі гразкі снег фантастычныя цені, якія ўвесь час калываліся, рухаліся, то перамешваліся і зліваліся ў адно, ствараючы яшчэ больш вычварныя малюнкі, то зноў разыходзіліся... Хаатычная таўкатня, поўная людзьмі плошча, траскучы ранішні кашаль, бесперапынная рознагалосая гамана, пырханне коней каля конавязі - усё гэта перш давала ўяўленне якогасьці святочнага, кірмашовага дня, але не відаць было падводаў з таварам, не вішчала, не мыкала, не кудахтала і не гагатала жыўнасць, не было жанчын і маладзіц, без якіх ніякае свята не свята; калі б не ўрываліся ў гэтую звычайную, здавалася б, гаману чужыя, зусім не кірмашовыя гукі - рэзкі ляскат металічных частак зброі аб біклагу, аб бляху рэменя ці спражку партупеі, калі б не маўчала царква - старадаўняя, дзвесце гадоў назад адрэстаўраваная князямі Радзівіламі (а пабудаваная, значыць, яшчэ раней) красуня цэркаўка з трыма цыбулінамі-макаўкамі, галасістая, якая на святы яшчэ з цёмнага выспеўвала ютрань малінавымі званамі, а цяпер ціха, сіратліва тулілася да голых дрэў з краю плошчы, скрушна пазірала цёмнымі аканіцамі на неўразумелую людскую мітусню.

Штораз то адсюль, з плошчы, то сюды па ўсіх вуліцах праносіліся веставыя, не шкадуючы коней, да шаленства даводзячы ахрыплых, адурэлых за гэтыя дні семежаўскіх сабак. Каля конавязі ўвесь час стаялі чалавек колькі, пільна ўзіраліся ў прыцемак вуліц, і калі чарговы веставы падлятаў да ганка адзінай у мястэчку грамадскай установы - аднапавярховага драўлянага будынка штатнага народнага вучылішча, дзе быў цяпер штаб брыгады, - навыперадкі кідаліся да яго, хапалі пад вуздэчку каня, падтрымлівалі стрэмя, нясмела пыталіся: «Як там?» або без асаблівых спадзяванняў проста моўчкі, нясмела зазіралі веставому ў твар. І хоць стомленыя, але ўсё адно важныя, непрыступныя, суровыя веставыя ў лепшым выпадку агрызаліся: «Адчапіцеся!» - а часцей і аднаго слова не знаходзілі, так і знікалі маўчком у штабе, ляпнуўшы дзвярыма, на міг утварыўшы каля вушака сіні воблак з халоднага паветра з двара і тытунёвага дыму з памяшкання, самым незразумелым чынам навіна пераставала быць навіною, немавед як прасочвалася на плошчу, да людзей, і сярод вогнішчаў з новай сілаю ўзрываўся гоман, у якім сярод суцэльнага «гугу-гу» найбольш часта паўтаралася:

- Гу-гу-гу... Урангель!..

- Крым... Сіваш... Перакоп...

- Чырвоныя спыніліся!..

- Палякі спыніліся!..

- Лань, ад Лані нейтральны пас!..

- Грозаў - цэлы полк!..

- Глуск - шэсць тысячаў!..

- Лунінец, Пінск... склады Балаховіча!..

- Слуцак... Слонім... Баранавічы!..

- Вызна... Морач... Капыль!..

- Рыга... Крым... Лодзь... Грозаў... Слуцак... Клецак!..

- Гу-гу-гу...

А тым часам у памяшканні, у адным з класных пакояў - з абкладзенай кафляй, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорна-белая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), у сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі - нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі ўрэшце разабрацца, хто каму колькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону, - тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцак... Варшава... Лодзь... Нейтральная зона... Урангель... Вайсковая камісія...»

Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гарадзенскай газеты «Беларускае слова» - кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:

 

«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў «Гурткі беларускіх кабет» ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу - жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная Маці-Беларусь вымагае гэтага ад вас!»

 

І ніжэй, таксама абведзена:

 

«З Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»

 

Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падаконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнатах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і сажы, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.

Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому - называўся:

- Камісар Жаўрыд!

Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў з-за пазухі і падаваў пакет.

Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною, па прынцыпу «свой да свайго», рассыпаліся на купкі-групоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць нязначную змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плана навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім убачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.

І, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч - начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць, - ён ведаў аб уменні, ды што ўменні - псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спіною, патыліцай - так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.

Гэта была праўда.

Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду - нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок «правыя» - таму і справа) стаіць, прыхінуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталя; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць па-беларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Ўрангеля («Теперь все, все пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска пачало фарміравацца, заявіў раптам ні з таго ні з сяго: «Пакуль не прагоніце бальшавікоў, нагі маёй не будзе ў вашай брыгадзе!», нечакана знік некуды са Слуцка разам з сям'ёю і таксама нечакана аб'явіўся ўжо тут, у Семежаве, толькі без сям'і.

Цяпер ён стаяў і зіркаў то на Жаўрыда, то на сваіх аднадумцаў, бы збіраўся, калі ўзнікне небяспека, як тая квактуха куранятаў, схаваць іх пад крыло. Аднадумцы - бравы капітан-кавалерыст балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядоваму «бацьку», ніколі не расставаўся з рознымі савінкаўска-алексюкоўска-балаховічаўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога, старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам - Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Янам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер - Мацэллі...

Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. Не азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю - злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку - не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч - тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»

Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноў-такі: «левыя» - злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад - адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) - і браты Дубіны, Міна і Ўлас, маладыя, прыгожыя, здаровыя... І гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых - Жаўрыд ведаў - абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія Саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцак, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш - на службу Саветам і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»

Нічым - ні цяплом, ні холадам, не патыхала, аніякім ветрыкам не цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)... Гэтыя сядзелі - прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем - усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.

 

VI

 

Самая шматлікая група тоўпілася ў Жаўрыда за спіною, акружала яго.

Быў тут высакарослы барадаты юрыст Пракулевіч - старшыня Рады (і Жаўрыдаў швагер, дарэчы); быў тут аўтар выслоўя, якое пазней зробіцца крылатым («Чаго ты сядзіш тут, калі ў Слуцку зьбіраецца Беларусь!»), Мікола Бусел; быў Васіль Русак - кіраўнік хору «культурна-асьветнага гуртка» з нявіннай назваю «Папараць-Кветка» (кіраванне «хорам» на працягу трох гадоў дало тое, што ўся Случчына аказалася аблытанай шматлікімі, выдатна арганізаванымі, у любы час гатовымі да збройнага выступлення ячэйкамі - «муз. філіямі»); былі «прышлыя», прысланыя з Гародні з Беларускай Вайсковай Камісіі штабс-капітан Якубецкі (пазней Галоўнакамандуючы беларускіх вайсковых сіл) і маёр Борык - начальнік аператыўнага штаба брыгады, ціхмяны, непрыкметны, коратка падстрыжаны і таму падобны крыху на бабра (за вочы яго так часта і звалі, не Борык, а Бобрык); быў сябра Рады Случчыны пінскі паляшук Мяшочак («апостал у лапцях, каторы на зьезьдзе шмат прыкрасьцяў нарабіў групе балахоўствуючых») - асоба хітрая, незразумелая, з тых, што абавязкова з'яўляюцца ў любым хаўрусе, - артысты па натуры, любяць прыкідвацца прасцячкамі, «варонамі белымі», аднак у кожным выпадку сабе наўме і, карыстаючыся тым, што іх не ўспрымаюць усур'ёз, спакойна гнуць свой абруч, паступова, да здзіўлення іншых, «разумных», выходзяць на першыя ролі - словам, пад шумок, без асаблівых намаганняў, ціхай сапаю дабіваюцца таго, чаго й хацелі (апранаўся Мяшочак заўсёды толькі ў сваё, у сялянскае: на нагах лапці, на плячах даматканая світачка, на галаве - шапка-кучомка, у руках - клуначак, з якім прайшоў ад самага Слуцка, так ні разу і не развязаўшы; калі выступаў, а выступаў ён часта, маючы, як і ўсе людзі такога складу, талент красамоўства, - любіў ужываць палескія незразумелыя слоўкі, сыпаў да месца і не да месца прымаўкі і прыказкі, калі патрабавалася - біў маленькім кулачком у грудзі, кляўся, бажыўся, умеў напусціць, калі трэба, на вочы слязіну альбо бліснуць з-пад павек прыхаваным гневам)...

Цяпер усе гэтыя людзі паўкругам стаялі вакол камісара Жаўрыда, і ў вачах іхніх свяціліся поўная да яго вера, нейкая непарушная, нават святая ўпэўненасць, што вось ён прачытае чарговую дэпешу-данясенне, падумае, памазгуе, абагульніць усё і тады растлумачыць усё коратка і ясна - так, як адзін ён умее. Пасля чаго яны ўздыхнуць з палёгкаю, у галовах праясніцца і ўсе яны разам, адкінуўшы абрыдлыя міжсабойныя звадкі, з новай сілай і імпэтам возьмуцца за справу...

Яшчэ б! Каму, як не яму, трыццацігадоваму Павалу Жаўрыду, было ім верыць? На каго, акрамя яго, спадзявацца?

Гэтыя, як дзень белы, ведалі, што калі б не ён, «жалезны» Жаўрыд, не сядзелі б яны тут цяпер і не пісалі б пра іх газеты і не йшоў бы пра іх розгалас у свеце. Хто-хто, а яны не маглі не ведаць і не цаніць ролю яго асобы ва ўсёй гэтай гісторыі (у прамым і пераносным сэнсе), не маглі не адчуваць, што абавязаны яму і фактам самой акцыі і, галоўнае, цяперашняму нечаканаму поспеху яе.

Яшчэ зусім свежая была памяць пра славуты, перш трагічны, а тады трыумфальны для іх з'езд Случчыны, з якога ўсё і пачалося. Калі яны, жменька эсэраў-незалежнікаў і бээнэраўцаў, са скуры вылузваліся, з усіх сіл стараліся надаць хоць які толк гэтаму стыхійнаму, пры такіх варунках ад пачатку асуджанаму на няўдачу «народнаму ўздыму», праўдамі і няпраўдамі, абяцанкамі і ўгаворамі, мальбою і гразьбою (але і гразьбою мяккаю, асцярожнаю, каб, не дай бог, не адпужнуць ад сябе яшчэ больш) да хрыпаты даказвалі, што нельга верыць ні палякам, ні чырвоным, што трэба як найхутчэй афіцыйна аформіцца ў вайсковую адзінку незалежнай Беларусі, што хаўрус з Балаховічам, Савінкавым і Алексюком - гэта пагібель, прамая і ўскосная, бо ў гэтых авантурыстаў няма і быць не можа яснай, зразумелай, даступнай кожнаму сярэдняму беларусу ідэі, «а нас можа выратаваць, - даказвалі яны, - толькі высокая агульная мэта. Калі вы таргуецеся на базары, вы ж заўсёды просіце большую цану, каб атрымаць жадаемае, так і мы давайце... Давайце называць самую высокую цану. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым святы лозунг - вызваленне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў...»

Ім не верылі. Іх выступленні засвіствалі, заглушвалі тупатам ног. Дэлегаты, падбухтораныя запісачкамі, якія падкідвалі ім прыхільнікі Балаховіча і палякаў (польскае войска яшчэ не пакінула Слуцак, прадстаўнікі іхніх органаў прысутнічалі на з'ездзе, ход яго цалкам іх задавальняў, што, праўда, не перашкодзіла ім адразу ж, проста тут, у залі, на ўсіхных вачах арыштаваць аднаго з выступоўцаў-незалежнікаў, Марка Асвяцымскага, у нявінным выказванні якога: «Нам, беларусам, усё адно, з каго выбіраць: што з чорта, што з д'ябла, што з сатаны!», палякам чамусьці ўбачылася паралель паміж імі, непераможнымі ў баях і высакародна-шляхецка-справядлівымі ў міры жаўнерамі «Жэчы Паспалітае» і бальшавікамі - «гэтым тупым, труслівым, жорсткім быдлам»; пазней, дзякуючы зноў-такі Жаўрыду, беднага Асвяцымскага ледзь удалося ўратаваць ад расстрэлу, і пражыве ён яшчэ аж васемнаццаць гадоў, пакуль не будзе расстраляны ўжо бальшавікамі, і ўжо аніяк не зможа памагчы яму Жаўрыд, бо ў гэты час сам будзе паміраць у адным з паўночных канцлагераў...), - дэлегаты крычалі, самі не разумеючы што: «Якая яшчэ Беларусь?!», «Досыць, наслухаліся!», «Далоў бальшавіцкі прэзідыум!».

Бальшыню ў зале складалі сялянскія сыны, якія паспелі паслужыць у чырвоных і паспытаць, што гэта за мёд, бацькі якіх на свае вочы пераканаліся, што за шчасце польскія «рэквізіцыі» і бальшавіцкія «харчнарыхтоўкі», - дэлегаты, якія ненавідзелі «камунякаў» (як, зрэшты, і «пшэкаў») лютай нянавісцю і гатовыя былі рынуцца ў бой хоць цяпер, проста з гэтай залі, з голымі рукамі, - ды нават не ад нянавісці, а з-за таго толькі, каб змыць з сябе таўро «дэзерцір», саромнае, несправядлівае таўро, бо ніякімі дэзерцірамі, што значыць здраднікамі, яны сябе не лічылі ды і на самай справе не былі імі, а проста хацелі ведаць, за якую трасцу, за каго яны павінны складаць свае галовы?

Гэта была цёмная стыхійная маса. Многія з іх нават чуць не чулі, што ёсць нейкі «ўрад» нейкай «беларускай рэспублікі» (менскіх Кнорына з Чарвяковым-марыянеткаю ніхто за людзей не ўспрымаў), а калі й чулі, не верылі гэтаму, не маглі ўспрымаць гэта ўсур'ёз. Атрымлівалася, ён, гэты «ўрад», сядзеў невядома дзе, як мыш пад венікам, і не заяўляў аб сабе ані піскам.

Яны ведалі тры рэальныя сілы: палякі, Саветы і БулакБалаховіч. Першыя і другія, само сабою, адпадаюць, застаецца трэці. Дарма што «бацька», пашкамутаны пад Мозырам бальшавікамі, ужо не той, дарма што пагадзіўся на інтэрніраванне сваёй арміі палякамі - не такі гэта чалавек, каб скласці пакорліва лапкі: вунь і сам раз'язджае, дзе хоча, і атрадамі яго забіта-нашпігавана ўсё Палессе.

Выдатна ведалі пра гэтыя настроі і самі балахоўцы. Адчуваючы сваю моц, не сумняваючыся ў сваёй хуткай перамозе на з'ездзе, яны паглядалі на кучку незалежнікаў паблажліва, амаль са шкадаваннем, як дарослыя на дзяцей, - што ж, пагуляйце трохі ў сваю Беларусь, пацешцеся - абы не плакалі...

Сярод нямой цішыні, якую адно час ад часу перарывалі воклічы адабрэння і плясканне ў ладкі, выступіў Юзэф БулакБалаховіч, такі ж статны, такі ж маладцаваты, наўздзіў - як двайняк - падобны на свайго легендарнага стрыечнага брата тварам. Брат Юзэф растлумачыў, што брат Стась «афіцыйна з'яўляецца галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі, што яго народная добраахвотніцкая армія на цяперашні час налічвае 60 тысяч чалавек, добра ўзброеная, мае артылерыю, кавалерыйскія аддзелы, багатую амуніцыю, і ўсё гэта з кожным днём большыцца; што Станіслаў Булак-Балаховіч выступае ў саюзе з Расейскім Палітычным Камітэтам, які ўзначальвае Савінкаў, і з Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Вячаславам Адамовічам і Алексюком»... Выступіў нядаўні дэлегат да «бацькі» - Самусевіч, пацвердзіў усё, дадаў, што «Балаховіч сапраўдны беларус па паходжанні і па духу, ідзе пад лозунгамі незалежнай Беларусі і за «зямлю і волю сялянству»», затым расправіў і без таго шырокія плечы, дрыготкім ад гонару і аказанага яму даверу голасам аб'явіў, што «менавіта мне Балаховіч даручыў фарміраванне палка на Случчыне - вось, калі ласка, асігноўка!» - выцягнуў з кішэні кіпу нейкіх пракламацый і здалёк, ад трыбуны, памахаў адной з іх перад народам.

Ужо адны лічбы (гэта ж падумаць страшна, «шэсцьдзесят тысяч войска», ды конніца, ды артылерыя!) аглушылі, ашаламілі, загіпнатызавалі... А гэтыя строгія, не зусім зразумелыя і ад таго магічна-ўладныя словы - «афіцыйна», «патранаж», «асігноўка»?.. А прысутнасць самога генерала Юзэфа, вядомасць якога ненамнога меншая, чым у генерала Станіслава?..

Было ад чаго ім, жменьцы незалежнікаў-бээнэраўцаў, прыйсці ў адчай. З вінаватымі, разгубленымі ўсмешкамі на тварах ім заставалася адно сядзець, слухаць і адчуваць, як з кожным словам таго ж Самусевіча нарастае і нарастае, проста ў паветры вісіць пагарда да іх, слабенькіх, нічога за душой не маючых «нацыяналістых»...

І вось, калі здавалася - усё, крах, пахаваная яшчэ адна надзея неяк утаймаваць, абразуміць гэтую стыхію, пераламаць яе на свой лад, калі сярод іх саміх пачаліся сваркі (напрыклад, ужо і старшыня прэзідыума Пракулевіч пагаджаўся, каб увесь «супраціў» бальшавікам абмежаваць стварэннем і дэманстрацыяй беларускіх міліцэйскіх атрадаў у Слуцку), калі амаль змірыліся з тым, што ў лепшым выпадку яны сваім вайсковым аддзелам адродзяць, як Фенікса з попелу, тую самую клятую і імі, незалежнікамі, і тутэйшым людам Добраахвотніцкую Народную Армію Балаховіча «пад патранажам Савінкава», і тады ў іх - нуль шанцаў на падтрымку, аніякае надзеі на афіцыйнае прызнанне іх кім бы там ні было, тады і падняўся з першага рада і выйшаў сюды, да прэзідыума, малады высокі чалавек у чорным франтаватым паліто і з модным белым шалікам на шыі. Можна было падумаць, што гэта якісь замежны госць вырашыў ні з таго ні з сяго зрабіць візіт з'езду і прэцца зараз на сцэну... але дэлегаты - людзі спрактыкаваныя, шыкоўным палітонам падмануць іх было цяжка, дужа выдавалі маладога чалавека і касалапая «кавалерыйская» хада, і сама пастава яго, чалавека ваеннага, прывычнага да выпраўкі і дысцыпліны. Не міргаючы, ён уперыў вочы ў залю, ужо адной сур'ёзнасцю, суровасцю на твары ўсяляючы ў дэлегатаў павагу да сябе - маладога, дужага, упэўненага, - паказваючы, што збіць яго з панталыку, а тым больш запалохаць чым-небудзь цяжка. Упёрся магутнымі кулакамі ў абцягнуты кумачом стол, счакаў, пакуль настане цішыня. Цвёрдым голасам прамовіў:

- Я, Паўла Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі прызначаны камісарам на ўсю Случчыну, вось мой мандат, - выцягнуў з кішэні паперчыну. - Улада тут належыць толькі кіраўніцтву БНР у асобе Найвышэйшай Рады, і я як упаўнаважаны яе не дапушчу тут якіх бы там ні было атрадаў прадстаўніка «единой и неделимой» Савінкава, палітычнага трупа Балаховіча, жуліка-спекулянта на беларускім пытанні Алексюка і іншай навалачы!

Не верачы сваім вушам, яны, жменька незалежнікаў, услухоўваліся ў мёртва-пачцівую цішыню, якая раптам запанавала ў залі. Рэзкія, непамысна смелыя словы Жаўрыда падалі ў гэтую цішыню - кожнае як удар малатка аб брусок медзі.

Апамяталіся, самі цяпер разгубленыя і спалоханыя, балахоўцы: «Адкуль ён узяўся?!», «Хто даў слова?!», «Няма ў рэгламенце!». Але на іх цыкнулі і ззаду, і з бакоў (а раз'ятранага доктара Паўлюкевіча, заламаўшы яму рукі, проста выставілі за дзверы, «на ўсялякі выпадак, бо чалавека паслухаць не дасць!»).

- Прапаную неадкладна прыняць рэзалюцыю аб мабілізацыі, - тым часам біў у медзь малаток, - а таксама аб нашых адносінах да Саветаў і да Польшчы. Пры складанні гэтай рэзалюцыі абавязкова прыняць пад увагу, што нават калі мясцовыя сялянскія сілы і будуць нязначнымі для перамогі над бальшавікамі, дык у кожным разе пачатая беларускімі масамі барацьба пакажа народам усяго свету, што беларускі народ прачнуўся і змагаецца за сваю незалежнасць!

І далей тэатральным, эфектным (хутчэй за ўсё загадзя прадуманым) рухам імператара Пятра, які тыцнуў пальцам у непралазную твань і дэклараваў, што на гэтым месцы будзе закладзены горад, закончыў, як шабляю секануў:

- Тут будуць сфарміраваны ваенныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі!

У залі стаяла такая цішыня, што, калі нехта ў першым радзе кашлянуў ціхенька, прачышчаючы горла, многія ўздрыгнулі, бы ад стрэлу...

І раптам, у адначассе, узарвалася ўсё громам апладысментаў. Уставалі і ляпалі ў ладкі стоячы, не саромеліся слёз, якія самі сабой наплывалі на вочы... Дык вось яно, аказваецца, як! У нас ёсць свой урад, свая рэспубліка, свая мова, свае вайскоўцы! - і праўда, паглядалі адзін на аднаго збянтэжана, здзіўлена: як жа мы раней не маглі датумкаць?! Гэта ж так проста, так правільна, так натуральна - з якога боку ні глянь! Якія тут могуць быць «рускія камітэты», якія палякі, якія Саветы? Мы беларусы, мы сабраліся, мы за сваю Беларусь - адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці... дык прыходзьце і валодайце намі!..

 

VII

 

Мірановіч затушыў лямпы, адну і другую. І без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.

Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы - нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак у нагрудную кішэню гімнасцёркі.

- Ну што, цяпер ясна збольшага, - сказаў. - Пайшлі, грамадзяне-панове-таварышы! - і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, усе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб'яднацца дзеля «сьвятое справы». - Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.

Накінуў на плечы шынель, самы першы - паўз днявальнага, які пры яго з'яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора, - выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа - толку мала...», высыпалі астатнія.

Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.

Жаўрыд падняў руку.

- Так, усім строіцца! Цывільным - ачысціць плошчу! - нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.

Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі ўбок, да царквы, і пазіралі адтуль.

- Грамада! - нейтральна звярнуўся Жаўрыд. - Грамада, выступ мой будзе кароткі - гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў двух словах абрысую нашае цяперашняе становішча...

(«У двух словах»!» - іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)

- ...Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», - драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою, не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць - хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б'юцца, хай сабе мірацца - мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі - за Ланню, бальшавікі - на такой прыкладна лініі: Леніна - Вялікі Рожан - Вызна - Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай уяўнай лініі - вёрстаў пятнаццаць, а ў даўжыню гэтая тэрыторыя вёрстаў сто, і, паводле змовы палякаў з бальшавікамі яна, гэтая тэрыторыя, аб'яўлена нейтральнай зонаю, ці нейтральным пасам, як каму падабаецца... Заходзіць у яе ні бальшавікі, ні палякі не маюць права, а гэта значыць, што нам зроблены вельмі дарагі падарунак! У нейтральнай зоне знаходзяцца наша Семежава, Морач, дзесяткі вялікіх сёлаў і сотні вёсак і хутароў, а самае галоўнае, у Баранавічах, пры чыгуначнай станцыі, у нас будзе свая камендатура!

Жаўрыд зрабіў паўзу, правяраючы, ці правільна выбраны зачын, ці не ўхаластую ляцяць яго словы. Ён змоўк усяго на які міг, але плошча адразу ажыла.

- Гу-у-ра! - пракацілася радаснае з канца ў канец яе.

- На гэтай падуладнай нам тэрыторыі, - працягваў Жаўрыд, упэўніўшыся, што словы яго трапляюць у цэль, - мы спакойна зможам дафарміраваць брыгаду, раздабыць зброю і як след падрыхтавацца да барацьбы! Галоўнае, што пра нас ведаюць, ведае ўся Расея, уся Эўропа, пра нас пішуць, нам спачуваюць і ў нас вераць! Нам будзе аказана ўсемагчымая дапамога... праўда, не з боку Антанты і не з боку Польшчы! Столькі, колькі ўбухала тая ж Антанта ў войска польскае ці ў белы рух, нам, само сабою, не відаць ніколі! Тое, як нам памаглі палякі, вы ўсе таксама добра ведаеце!

- Ведаем - памаглі!

- Ганьба!

- Трыста сапсаваных вінтовак, якімі хіба што цвікі забіваць, дык і то нязручна - вось уся іхняя помач! Яшчэ лепш ведаеце, як памагае нам славуты бацька Балаховіч, у якога склады трашчаць ад зброі. Але ён не дасць ніводнага карабіна, ніводнага патрона, ніводнай гранаты, пакуль мы не прыйдзем да яго і не папросім прыехаць да нас на белым кані і кіраваць намі!

- Далоў!

- Га-а-аньба!

- Вось такія ў нас саюзнікі, такія памагатыя, такія змагары за Беларусь! Разлічваць даводзіцца толькі на сябе, на беларускі люд, які бачыць у нас сваіх адзіных абаронцаў і збавіцеляў, на наш урад Беларускай Рэспублікі, які будзе рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля нашай падтрымкі! На закупку зброі, на іншыя патрэбы нам будзе выдзелена неабходная сума грошай. У Слоніме ў нас неўзабаве з'явіцца свая друкарня, пачне выходзіць спачатку брыгадная, а затым, магчыма, і ўсебеларуская газета! З усіх куткоў заходняй і цэнтральнай Беларусі да нас паступаюць ахвяраванні ад грамадзян, прыходзяць пасылкі з прадуктамі, тытунём і паперамі, компасамі, біноклямі, бялізнай, цёплымі шкарпэткамі, валёнкамі, рукавіцамі, бінтамі, дасылаюць нават кажухі і світкі - магчыма, ад сям'і адрываючы! З Гародні, мабілізаваныя Беларускай Вайсковай Камісіяй, ужо выехалі к нам каля паўсотні афіцэраў - кадравых камандзіраў; дарэчы, мы таксама аб'яўляем набор сваіх маладых хлопцаў, у каго стане адукацыі і фізічнай падрыхтоўкі, у школу беларускіх афіцэраў у Лодзь! Далей - шэрагі нашыя хутка папоўняцца вопытнымі ваякамі, толькі што ў штабе былі пасланцы з-пад Глуска, адтуль з баямі прарываецца да нас на злучэнне трохтысячная добра ўзброеная брыгада!

- Гу-у-ра!

- На падыходзе да Семежава цяпер Грозаўскі полк, які ў абед увойдзе ў мястэчка, а заўтра адбудзецца ўрачысты агульны малебен - асвячэнне беларускай зброі - для двух аб'яднаных палкоў!

- Гу-у-ра!

- Даеш Грозаў!

- Цяпер такі момант! - дастаў з кішэні шыняля і расправіў паперкі Жаўрыд. - Сярод чырвонаармейцаў ёсць шмат адурманеных бальшавіцкай прапагандаю, а яшчэ больш проста запалоханых людзей, якім будуць убіваць у галовы, ды і ўжо ўбіваюць, што мы - купка бандытаў, рэшткі балахоўцаў і гэтак далей! Нам трэба шырэй тлумачыць такім людзям сваю праўду, і тады, няма сумнення, бальшыня з іх падымуць на штыкі ненавісных камісараў, а самі са зброяю пярэйдуць на наш бок! Таму намі прынята спецыяльная лістоўка-адозва «Да чырвонаармейцаў», якую кожны з вас, жадаючы, можа атрымаць у штабе... Скажу больш - не толькі прыблудныя чырвонаармейскія начальнікі, а нават і мясцовыя рэўкамаўцы, не кажучы пра звычайных чырвонаармейцаў, не ўсе маюць уяўленне, што за мы, за што мы змагаемся і ў чым наша праўда! Тут, у Семежаве, мы прынялі Дэклярацыю, якую я вам зараз зачытаю. Апроч таго што яна тлумачыць нашую цяперашнюю пазіцыю, настолькі ж яна прыдасца ў будучыні, пасля перамогі! Дэклярацыя будзе разаслана ва ўсе эўрапейскія газеты, а таксама ў Маскву, асабіста Леніну і Троцкаму.

Набраў у грудзі паветра:

- «Дэклярацыя Беларускай Рады Случчыны! У момант самаадзначэння ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, падымае сцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму свету...»

Ён зачытаў, спяшаючыся, сухія восем пунктаў, у якіх гаварылася пра законы, пра тое, каму павінна належаць зямля, пра васьмігадзінны дзень і мінімальны заробак, пра развіццё ўсіх відаў кааперацыі, пра свабоду друку, забастовак і хаўрусаў, пра агульнае для ўсіх навучанне і правы меншасцей на самавызначэнне...

- «Першае! Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай.

Другое! Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Беларускім Устаноўчым Соймам, скліканым на аснове агульнага, роўнага, простага патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.

Трэцяе! Прызнаючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстання маюць быць выпрацаваны толькі Беларускімі Ўстаноўчымі зборамі. Да развязання ж гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме ўсе пастановы Часовай Рады павінны згаджацца з вышэйпаказанымі прынцыпамі. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасцю Рэспублікі.

Чацвёртае! Да сазыву Ўстаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.

Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.

Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаём на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.

Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.

І апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.

Абвяшчаючы аб гэтым і з'яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа - праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!

Прынята ў мястэчку Семежова 28-29 кастрычніка 1920 года».

Плошча маўчала, нават звыклага «гура» не раздалося.

Многія апусцілі галовы, як бы стараючыся лепш удумацца, якое дачыненне да іх асабіста, у цяперашнім іхнім становішчы, могуць мець, да прыкладу, пункты чацвёрты, пяты, а таксама сёмы - васьмігадзінны рабочы дзень, развіццё кааперацыі і агульнае абучэнне ў самых шырокіх маштабах...

Умомант адчуўшы гэты настрой, Жаўрыд зразумеў, што не хапае апошняга, больш «даступнага масам», акорда, і ўзяў яго:

- Грамада! Будзьма помніць, што за намі - не адно родныя загоны Случчыны, а ўся Беларусь, уся нашая дарагая Рэспубліка, народжаная, выпакутаваная і выняньчаная намі, аплочаная рэкамі крыві і тысячамі жыццяў! Бог бласлаўляе нас на святую справу, і мы пераможам, пераможам і польскага пана, і маскоўскага камісара!

(Ізноў скрывіўся Паўлюкевіч; пераглянуўся з Мацэляю і прамармытаў гучна: «Пачынаецца... няўжо нельга без крайнасцяў?..»)

Жаўрыд сціснуў руку ў кулак:

- Жыве незалежная Беларусь!!!

І хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, але з'яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным: «Жыве!!!» - і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам, - чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.

 

VIII

 

Камандзіры скамандавалі: «Вольна, разыдзіся!», Жаўрыд склаў лісткі, павярнуўся ўжо, каб ісці ў штаб. Але ажыўленне на плошчы не ўнімалася, галасы не сціхалі, хоць сюды, на «штабны» ганак, ніхто не глядзеў, наадварот, у другі бок усе паварочвалі галовы і спяшаліся ў той канец плошчы, дзе царква.

Незадаволены, непрывычны, калі ўвага скіраваная не на яго, Жаўрыд збег з ганка: паглядзець, што там. Мірановіч таксама пайшоў за ім.

Вайскоўцы расступаліся, даючы начальству дарогу.

- Перабежчыкі! - паведамлялі загадзя, радасна. - Кітаец нават ёсць!..

- Перабежчыкаў прывяла разведка!..

- І камандзера нават у палон узялі!..

Пры самай царкве, з краю плошчы, акружаныя вайскоўцамі і мясцовымі, пераміналіся з нагі на нагу тры чалавекі - у чырвонаармейскай форме, з вінтоўкамі; адзін, крываногі і нізкарослы, з выпукластымі скуламі і вузкавокі, і праўда падобны быў на кітайца. Збоку гарцаваў на крутазадым коніку, белазуба пасміхаючыся, Мірончык - балаховец, потым слуцкі міліцыянер, а цяпер старшы разведкі, якая і прывяла перабежчыкаў. Палонены імі чырвоны «камандзер», таксама ў акружэнні людзей, з закручанымі назад і звязанымі рукамі, з падбітым вокам, якое ўсё заплыло сінюшнай пухлінаю, высокі, у караткаватай яму скуранцы, стаяў, прыхінуўшыся плячом да царкоўнае сцяны, і здзіўлена азіраўся вакол. На галаве яго была нейкая дзіўная, нябачаная дасюль шапка, з доўгімі вушамі, з высокай, звужанай на канцы піпкаю, падобная крыху на старадаўні славянскі шлем, - шапка гэтая, мабыць, больш за ўсё і цікавіла разявакаў.

- Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..

- А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!

- Ну-ну, хопіць у іх розуму выдумаць, - сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: - Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, расеец - Васняцоў быў такі! І прыдумаў восепара*, пры Мікалаю яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя, вось бальшавічкі і прысвоілі...

* Даўно.

- Ну дык! - дурное дзела не хітрае! - падтрымалі дзядзьку - старога салдата. - Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..

Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі, адно часта міргаў здаровым вокам; у твары яго не было ні страху, ні спалоху - толькі здзіўленне, бы ўсё яшчэ паверыць не мог чалавек, што здарылася з ім раптам, дзе ён, чаго ён тут, ці не ёсць усё гэта толькі дурны сон?..

Пабачыўшы Жаўрыда з Мірановічам, Мірончык саскочыў з каня, правай рукой, у якой трымаў нагайку, ляніва дакрануўся да брыля фуражкі:

- Старшы разведкі Мірончык. Падчас спаўнення ўзятыя ў палон... - Азірнуўся на чырвонаармейцаў, неахвотна паправіўся: - Самі здаліся, перабежчыкі... І яго вось раззброілі, - паказаў нагайкаю на звязанага камандзіра.

Начальнік контрразведкі адразу ж узяўся за свае абавязкі. Напусціў суровасці на твар. Падступіўся да палоннага:

- Хто такі? Прозвішча, часць, званне!

Камандзір здзіўлена пазіраў на яго і маўчаў.

- З імі па-маскоўску, відаць, трэба, пан паручнік! - падказаў нехта.

Мірановіч паўтарыў па-расейску - нуль рэакцыі.

- Лебедзеў яго зваць, пан камандзір! - выступіўшы ўперад, паслужліва ўмяшаўся адзін з перабежчыкаў, худы і абы-як паголены, з хітрымі вачыма. - Камандзір пятнаццатай стралковай роты, сорак першага палка - іх толькі надоечы што з Крыма да нас перакінулі... У Крыму яны Ўрангеля растаўклі, - дадаў.

- Што за галаўны ўбор? - спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».

- А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць, - патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» - ці даўно сам быў «іхні»?). - Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!

Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.

Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:

- Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! - і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць... Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем - гэты перабежчык усім спадабаўся.

- А, успомніў!

- Адкуль будзеш? - спытаў Мірановіч.

- Свой, з-пад Капыля! - кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.

- Ну што, паспытаў бальшавіцкай кашы?

- Яшчэ й як!.. - Перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, цешыла яго, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне. - І польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай - усялякай...

- І якая смачнейшая?

- Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная, - адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы хочуць ад яго пачуць. - А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся - бальшавікі... Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца - такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць - «Красная А-армея ўсех сільней!», рабаваць едуць на вёску - ізноў: «Віхры ўраждзебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць - без крыжа, без папа, шапкі далоў і давай: «Не пла-а-ачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам'я ўпярод!» - перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.

- Чаму ж ты служыў ім, такім? - сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.

- А во - вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады адразу, значыцца, і да вас...

- Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? - выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.

- Дазваляю.

- Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? - спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.

- Сам ты китаец, - нечакана на чыстай расейскай мове сурова адказаў «кітаец». - Слепой, что ли? Я калмык, а ты что - калмыка от китайца не отличаешь?

Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:

- Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху...

- Так, камандзіра - у падвал, - распарадзіўся Мірановіч, - перабежчыкаў накарміць, перапісаць... Канец прадстаўленню, разыходзімся!

Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае... Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:

- Тут, гэта самае... Чайку па дарозе сустрэў...

- Камандзіра палка, а не Чайку.

- Ну, камандзіра палка... Загадаў далажыць, што я арыштованы. І зброю здаць...

У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш - пагарда, пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак-«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны ўдзельнічаць, таксама ламацца - замест таго каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці расеец...

- Арыштаваны, дык ідзі арыштоўвайся, - абыякава сказаў Мірановіч, - з ім вось, на пару, - кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы. - Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай...

 

IX

 

Не спяшаючыся камандзір палка Чайка з ардынарцам ехалі самым берагам Морачы.

У коней чвякала пад капытамі. Сыпаў снег, пакуль яшчэ рэдкі і мокры, але з ветрыкам; сівер устуджваў зямлю, і камандзірскай кабыле з яе расклешаным недзе капытом балела ступаць па цупкім. Таму і трымаліся мяккага прыбярэжжа.

Толькі што яны праверылі тры дальнія, найбольш важныя дазоры (ці «палявыя заставы»): ад Старобіна, Слуцка і ад Цімкавіч. Цяпер кіраваліся да апошняга, тылавога, - з боку Вызны. Выстаўляўся ён больш для блізіру, на выпадак, калі разведка чырвоных заблудзіцца ці якісь іхні атрад самахоць забрыдзе так глыбока ў гэтую нейтральную з пазаўчарашняга дня зону.

Прыгорблены, пануры, у сваім аблепленым снегам шыняльку і ў насунутай на вочы, таксама заснежанай зверху фуражцы камандзір палка быў яўна не ў настроі. Ехаў ціха, думаючы пра сваё, адно калі трапляліся на дарозе пагоркі ці яміны, прыўставаў у сядле, нібы ў іх з кабылаю было адно на дваіх цела і яе боль перадаваўся і яму.

Ардынарац - той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду... Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай, гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да бока кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе ў рачулку.

- Ой, ты іграеш, ой, іграеш, - праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж. - А вылегчаць?..

Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць, тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.

Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» - таму і ставілі звычайна падлеткаў - дазоры... А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску... Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «Ды што яму баяцца, са мною! - хай хоць бацькам пакажацца!..»

Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было - задняй думкаю - і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго - гэта першае, і другое - ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася... Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца аб'язджаць гэтыя дазоры і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму аб'язджаць...

Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць... Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага... Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду - той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку... Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць - яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах...

Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў... Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам, ані дбаючы, ехалі сярэдзінай шляху, вялі з сабою перабежчыкаў - трох чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, і палоннага - нейкі са звязанымі ззаду рукамі, высокі, бы жардзіна, камандзір, па сваёй бальшавіцкай модзе - у скуранцы, над расквашанымі чаравікамі - абмоткі, таму ногі здаваліся цыбатымі і тонкімі, на галаве - нейкая дзіўная шапка-шлем з піпкаю зверху... Старшы разведкі, Мірончык, убачыўшы кампалка з ардынарцам, пасуровеў, звярнуў са шляху, пад'ехаў. «Стаяць!» - крыкнуў, перш чым дакладваць, - не на Чайку, на каня, які танцаваў пад ім. Скалячы зубы, нагайкай паказваючы на перабежчыкаў, на палоннага, пачаў дакладваць. Даніла хоць і стаяў да Мірончыка не так блізка, як Чайка, а і то ўнюхаў сівушны пах, да таго ж і гаварыў Мірончык гучна, узбуджана і блытана, як цвярозыя не гавораць. Астатнія, відаць было, таксама часу не гублялі: світкі наросхліст, шапкі на патыліцах, раты ва ўсмешках, у вачах - астаткі загулу... Дасталося, відаць, нейкаму хутару гэтай ноччу - «гуляй, хата, хадзі, печ!»...

Чайка хмурыўся, кратаў парэзаную і газецінай заклееную, як заўсёды, бараду, на Мірончыка стараўся не глядзець, а пераводзіў вочы то на чырвонаармейцаў, то на камандзіра іхняга. Той спакойна стаяў сабе, адно вока заплыло сіняком, другое, цэлае, зіркала з-пад брылька свайго шлема дзікаватанасцярожана, нават, як падалося Чайку, насмешліва.

- Колькі было гаворана, - пачаў Чайка ціха, усё не гледзячы на Мірончыка, і Даніла зразумеў, што камандзір стрымлівае сябе, каб не сарвацца на крык. - Колькі сказана было, што разведка не павінна звязвацца ні з якімі палоннымі, ні з якімі перабежчыкамі, што разведка павінна раз назаўсёды запомніць - балахоўшчына з зялёнадубшчынай мінуліся... Калі вы ўсё гэта запомніце? - цадзіў праз зубы ледзь чутна, без аніякай інтанацыі.

Перш атарапелы Мірончык - сама мала чакаў падзякі ці пахвальбы - хутка, аднак, апамятаўся. Падбіў на патыліцу кубанку з бел-чырвона-белай нашыўкаю наўскось. У тон Чайку таксама праз зубы выціснуў:

- Ужо запомнілі, таварішчь камандзірь! - перадражніў, і даволі ўдала перадражніў; Чайка, які ўсё амаль жыццё правёў у Расеі, сапраўды размаўляў па-беларуску з натугаю, з тымі нязграбнымі, непрыгожымі памылкамі, як і ва ўсіх, хто вучыцца не жывой, а штучнай, кніжнай мове; вымаўлялася ў яго і «начяльнік», і «камандзірь», і «ў Слуцке», і «ў Менске».

- А каб яшчэ лепш запомнілі, - ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся з твару, - для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!

- Арыштоўвай, - пасміхнуўся Мірончык.

- Це! - хутка сказаў Чайка. - Арыштоўвай-це!

- Паслухай, парень, тут табе не твая Расея і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць...

- Маўчаць!!! - гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.

- У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!

І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы... Рука з бізуном узляцела раптам уверх...

- Э, э! канчай мне тут! - усклікнуў Даніла, пад'язджаючы.

Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку, усяго толькі каб казырнуць.

- Так точьна, ясна! - і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не ад'ехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае:

- Камуняка блядская!..

- Што-што?! - Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).

Данілу нічога не заставалася, як павярнуцца і ехаць следам, з адчуваннем пабітага сабакі...

Семежава засталося ззаду. Насупраць вызнянскай дарогі яны пусцілі коней уброд праз мелкую тут Морач. Тыя неахвотна палезлі ў сцюдзёную ваду, крышачы капытамі ўмерзлую ў прыбярэжжа снегавую кашу. На сярэдзіне спыніліся, Даніла пасвістаў, і коні зноў-такі з неахвотаю, бы робячы гаспадарам паслугу, нагнулі шыі і пацыркалі вады. Пераправіўшыся, далей паўз канаву, аброслую голым алешнікам і вербалозам, уехалі ў лясок. Затым падняліся на пагорак, усеяны старымі і новымі крыжамі, свежастаўленымі і пагнілымі агароджамі - тут пачыналіся местачковыя праваслаўныя могілкі. За ўвесь час кампалка не прамовіў ні слова, ехаў, трымаючы ў адной руцэ павады, другой усё церабіў-мучыў парэзаны падбародак. Маўчаў і Даніла, ён каяўся, што - «ардынарац!» - так спусціў усё з рук гэтаму крывашлапаму дурню... А можна ж было калі не шабляю пару разоў па спіне перацягнуць, дык хоць бы словам паслаць, куды ў такіх выпадках пасылаюць...

Усё пазіркваючы збоку на панурага камандзіра, на гэты яго асабліва ў профіль прыгожы, «пісарскі», твар, на хлапечую чупрынку, што выбілася з-пад фуражкі, Даніла і сам пахмурнеў. Ён думаў, што ніхто ў брыгадзе, акрамя яго, не ведае пра Чайку ўсяе праўды. «Камуняка!..» Ды гэты «камуняка», пакуль ты са сваім Балаховічам па лясах гойсаў ды жыдоў шпыняў па мястэчках, - «камуняка» незлічоныя ордэны на франтах пазаслугоўваў, у Генштабе служыў, з самім Урангелем вось так, як з ім, Данілам, за руку вітаўся, гэты «камуняка» ўсёй Расеі вядомы, яго з рукамі адарвалі б і чырвоныя, і белыя, і якія хочаш, а ён вось да іх, беларусаў, прыбіўся! Дарма што вучоны, а аднолькава, як і яны, цемната запечная, Беларусь любіць, таксама за яе ваюе... «Камуняка» - бо ў чырвоных два месяцы пабыў, у ваенкамаце? Дык такіх «камунякаў» палова брыгады, і Мірановіч, і Жаўрыд, і сам ён, Даніла, абціраў пару месяцаў куткі ў бальшавіцкіх казармах...

Даніла думаў, і невядома, чаго больш было ў гэтых яго роздумах: гонару за любімага камандзіра або шкадавання яго. За тое, што адзінокі, без сям'і, без жонкі і дзяцей - няма каму нават пахваліцца ордэнамі. За тое, што вечна рэжацца пры галенні, і ніхто, апроч Данілы, не ведае, што шнар на падбародку - след аўстрыйскага штыка, і як асцярожна ні вадзі лязом, усё роўна абрэжашся. За тое, што ён - вучоны, герой, мог бы ў Маскве ці ў Менску, не кажучы пра Слуцак, у цяпле ў дабрэ на самых важных пасадах сядзець, а ён з імі тут...

Снег не сунімаўся. Два вершнікі, самі аблепленыя снегам і на заснежаных конях, як два прывіды, што пераблыталі дзень з ноччу і выбраліся не ў пару палохаць людзей, марудна праехалі між крыжоў і пачалі спускацца з другога боку могілак.

- Стой! - раптам аглушыла іх, бы знянацкім стрэлам. - Пропуск!*

* Пароль.

Чайка сказаў: «Карабін!»; у адказ прагучала: «Клецак!» - і з-за кашлатай елкі вынырнуў з паляўнічай стрэльбаю падлетак гадоў семнаццаці, невысокі, таўсмаценькі і чарнявы.

Звалі яго Валодзька Піліпчук. Даніла добра ведаў яго, бо гэта быў Дзяніса-брацельніка сябар, іх і ў дазор заўсёды разам ставілі. Да брыгады ён прыбіўся ўжо ў Семежаве, з гэтай вось стрэльбай, прыехаў на сваім уласным кані - спрацаванай сялянскай клячы. Яму б маўчаць, а ён здуру пачаў хваліцца, што вось, маўляў, так і так, пакуль бацька спаў, я ціхенька ў хлеў, ды аброць са сцяны цап, ды за каня, ды сюды! Думаў, што яго пахваляць як героя. Але чамусьці так усіх насмяшыла гэта, ці то ён проста неяк смешна расказваў, ці таму, што і праўда крыху падобны быў на цыганчука, беднага хлопца адразу ж ахрысцілі адны «канакрадам», а другія «конюхам» і, невядома чаму, нават «канавалам»...

- Пан камандзір?! - прытворна здзівіўся хлапчук. - Прабачце, не пазнаў, так снегам вас абляпіла, - пачаў апраўдвацца, гаварыць нібыта вінаватым голасам, а ў самога хітра свяціліся вочы, усё выдавалі. Пазнаў, яшчэ і як пазнаў, толькі пахваліцца цяпер хоча, што ўсё робіць як трэба, так, як вучылі: камандзір не камандзір, а пароль спытай і водзыў скажы...

Чайка саскочыў з кабылы. Абціраючы ёй цёплы круп і мокрую шыю, спытаў, ці ўсё ў парадку.

- Так точна, пан камандзір! («Так точьно», прыгадалася Данілу Мірончыкавае.)

Ардынарац застаўся на палянцы, Піліпчук павёў Чайку паказваць месца дазору.

Зусім побач, пад хвояю, наладжаны быў чысты акопчык, сухі - зверху, як той дах, навіслі яловыя лапы, на дне - пласт сухой бурай ігліцы, наверсе насыпаны пясчаны бруствер, у сцяне - ячэйкі для гранат, патронаў, у асобнай ячэйцы, як рэч каштоўная, беражоная, - цэйсаўскі бінокль, ляжыць на анучцы і зверху прыкрыты анучкай... Недзе з тыдзень назад Чайка сам выбіраў месца для гэтага дазору, і тады яно яму паказалася не дужа: нізкавата, шмат дрэў, маленькае прастрэльнае поле, ды і могілкі побач - у выпадку трывогі, калі дазорнаму трэба будзе хутчэй ляцець у Семежава, сярод гэтых крыжоў і магіл не разгоніш каня... Праўда, тады былі прыцемкі, туман, а пазней, удзень, як вось і цяпер, кампалка пераконваўся, што дазор усё ж, наадварот, удалы, зручны найперш схаванасцю сваёй. Можна за два крокі ад елкі праехаць і нічога не заўважыць, а адсюль - нават калі не высоўвацца з акопчыка, - увесь гэты невялікі трохкутнічак поля паміж Мораччу, могілкамі і лесам праглядаецца як на далоні, тым больш яшчэ, калі з біноклем...

- А коні?.. - азірнуўся і спытаў Чайка; проста так пытаючы, для парадку, як і дазорны ў яго пароль - вядома, і з коньмі ў гэтых малых будзе ўсё ў парадку.

«Тылавы», «неабавязковы» дазор быў сама лепш сарганізаваны з усіх чатырох. Міжволі пагодзішся з тым жа Мірановічам, які на поўным сур'ёзе даказвае, што чым салдат маладзейшы, тым больш з яго толку. Адно, каб хлапчук гэты сам так яўна, так прамалобна не напрошваўся на пахвальбу.

- А ў нас адзін на дваіх, пан камандзір, - тараторыў дазорны, - вунь там, пад тэй елкаю... Я галіны падцерабіў знізу, дык стаіць, што пад паветкаю! І папонаю накрыў...

- Як завуць?

- Ніяк, пан камандзір, - хлапчук перш сумеўся, - проста конь... А-а, мяне? Піліпчук, пан камандзір! Піліпчук Валодзя!

- Валодзька Канакрад, - уставіў Даніла, пасміхаючыся. Яму трохі зайдросна было, што не Дзяніса зараз пахваляць, а якогась цыганчука-прыблуду. Знарок не заўважаючы, як ажно затросся ад гневу Піліпчук - дапяклі-такі хлопца! - патлумачыў Чайку: - Украў каня ў роднага бацькі і прыехаў сюды на ім ваяваць!

Але камандзіра палка не зацікавіла гэта.

- Я далажу ў штабе, каб табе аб'явілі падзяку, - афіцыйна сказаў ён Валодзьку, і той расцвіў ад радасці, выструніўся, аж ростам паболеў.

- Рады старацца, пан камандзір!

- Пачакай, - толькі цяпер заўважыў, ізноў азіраючыся, Чайка. - А ты што, адзін? А той дзе... - павярнуўся да ардынарца, які так і не злазіў з каня. - Ну, брат твой?

Тут ужо Валодзьку адплацілася за «канакрада».

- А вось гэты, - паказаў ён пальцам на Данілу, - пан камандзір, адпусціў... Чуб, яшчэ досвіткам, сказаў, што так і так...

- Пакруціся мне! - гаркнуў на жарабца, які стаяў смірна, Даніла і адкашляўся ў кулак.

- Вы спалі ўчора, пан камандзір, ну і я, гэта самае... Не стаў будзіць... Ды вернецца ён скора, Павал Пятровіч! Адскочыць да бацькоў і вернецца!

- Што ж, няхай скача, - толькі і сказаў Чайка.

Завярнулі коней, паехалі назад, тымі ж могілкамі. Даніла ўсё кашляў.

- Даруйце, Павал Пятровіч... Далібог, першы і апошні раз!..

- Пра што ты? А-а, пра малога... - пасміхнуўся крыва Чайка.

І не адразу, а пасля доўгага маўчання, калі пачалі ўжо спускацца з пагорка ізноў да рэчкі, прамовіў:

- Каб адно гэта, дык не балелі б нашыя галовы... Трохі не ў тваім малым тут справа, дарагі Даніла...

Галоўнае, што ні крыўды, ні злосці не было ў камандзірскім голасе. І ў ардынарца, які хоць і не зразумеў нічога, і не адважыўся перапытаць: «А ў чым тады?..», усё адно адлегла з душы. У каторы раз падумалася: які ж гэты Чайка разумны. Як ім увогуле пашэнціла з начальствам - ён, Чайка, ды яшчэ Жаўрыд - гэта ж...

Жарабец ізноў занаравіўся, з горкі пачаў спускацца бокам, як які інаходзец.

- А-ну, ну! - асадзіў яго Даніла, так і не дадумаўшы пра начальства.

 

X

 

Не для аднаго прастакаватага ардынарца гэтыя двое, Чайка і Жаўрыд, былі самымі галоўнымі, самымі разумнымі і аўтарытэтнымі начальнікамі ў брыгадзе.

У іхнім «тандэме» бачыліся гармонія і зладжанасць. Яны як бы дапаўнялі адзін аднаго. Функцыі іх былі падзелены. Жаўрыд адказваў за справы цывільныя, мірныя, Чайка - за ваенныя. З аднаго боку камісар-ідэолаг, тэарэтык, з другога - славуты баявы афіцэр-практык.

Абодва нарадзіліся на Случчыне, у суседніх вёсках, у адзін месяц і ў адзін год - у ліпені 1889-га. Абодвух назвалі Паўламі. Абодва да дзесяці гадоў «наўчаліся» аднолькавай «навуцы»: пасвілі гусей, свіней і коней, лазілі ў чужыя сады, пяклі ў прыску бульбу, купаліся ў соннай Случы, рукамі лавілі пад карчышчам ментузоў, а начамі каля вогнішча, у святле якога таўклася-карагодзіла машкарэча, слухалі, абняўшы рукамі калені, стаіўшы дыханне, страшныя казкі якогась прыстаўленага да іх Ахрэма ці Аўдзея - пра нячыстую сілу, пра русалак у жыце, пра вадзянікоў у ставе, што каля пабуранага млына... Усё гэта адбывалася з двума самымі звычайнымі беларускімі хлопчыкамі, пакуль лёс (мімікрыяй пад «сталыпінскую вярбоўку») раптам не ўзяў ды не закінуў бацькоў аднаго з іх на край свету. У прамым сэнсе - ва Ўладзівасток. І развяло нашых Паўлікаў аж на цэлых дваццаць гадоў...

Адзін па-ранейшаму рыбу лавіў, па садах лазіў, начамі бульбу пёк у прыску і слухаў дзедавы байкі-«паданні», адны й тыя ж, якія з кожным годам усё больш прыядаліся, і ўжо зразумела было, наколькі яны прымітыўныя, нястрашныя; далей не сягала цёмная сялянская фантазія Аўдзея. Чым больш Паўлік падрастаў, тым больш душа прагнула іншых казак, больш рэальных, дарослых... Такіх, што маглі б спраўдзіцца ў жыцці.

«А што, - думалася часамі хлопцу, падсаджанаму бацькам на воз духмянага сена, лежачы на ім і гледзячы ў нябесную далёкую бела-сінь, - а што, каб знайшоўся асілак ды ўсё перавярнуў? Перакуліў бы так, каб воз плыў па небе, а чалавек ехаў галавою ўніз... Вось гэта была б карціна!.. Цікавей, чым лухта пра русалак, якіх ніхто ніколі не бачыў, бо іх няма...»

«А што, - думаў ён, не Паўлік ужо, а дзевятнаццацігадовы навучэнец Слуцкай гімназіі Павел, думаў, адной рукой пашчыкваючы цёмную нітачку першых вусікаў, а другой мякка пагладжваючы шэранькую, стэарынам заляпаную вокладку забароненай брашуркі, - а што, як праўда тут напісана?.. І калі проста ўзяць ды ўсё памяняць месцамі?.. Бедных пасяліць у шыкоўныя палацы, багацеяў - у курныя хаты... Цікава было б! Гэта табе не тое, што воз па небе едзе дагары нагамі...»

«А што, калі, - думаў, сланяючыся па засыпанай нечаканым для сакавіка густым снегам Варшаве, ловячы на сабе зіркі шустра-млявых полечак (а на далёкай Случчыне нудзілася маладая жонка з дзіцём), студэнт юрыдычнага аддзялення Варшаўскага ўніверсітэта - не Павел ужо, а «сьведамы беларус-адраджэнец» Павал. - А што, калі - чым чорт не жартуе! - і нам грамадою ўзяцца?.. Чым мы горшыя за тых жа пшэкаў? Яшчэ й лепшыя... Займець сваю рэспубліку, свой урад, гэта ж уй-ю-юй!.. Гэта табе не «ад багатых адабраць ды бедным раздаць»... Вось гэта казачка - і якая рэальная, як лёгка можна спраўдзіць яе!..»

Апынуўшыся ў нейкім скверыку, галасістым, стракатым ад дзятвы, што ваявала паміж сабой снежкамі, не ўтрымаўся і наш Павал. Сцягнуў пальчаткі, зачэрпнуў з-пад ног снегу і зляпіў халодны, вясной, маладосцю і сілаю пахнучы камяк (той самы, які праз шэсць гадоў дакоціцца да прыфрантавога «нейтральнага» Семежава цэлай лавінаю), нізам запусціў яго з горкі, і той пакаціўся, пакаціўся, набіраючы хуткасць, абрастаючы снегам...

А што ж другі?

Другі за светам, у сваім Уладзівастоку, фарсіў казённай формаю (з формы ён так і не вылезе да канца жыцця), перацягнутай туга рэменем са спражкаю, якую любіў шліфаваць шматком лямцу, таксама нацёртым крэйдаю, - стараўся да таго, што нямелі пальцы і зліваліся ў вачах выпуклыя РУ: «реальное училище»... Зубрыў на памяць «Видишь, стоит, изможден лихорадкою...» і адзначаў пра сябе, здзіўляўся, чаму так ахвотна бяруць і цэняць яго землякоў на марской і чыгуначнай службах? Як і цёзка ягоны на начное вогнішча, гадзінамі мог глядзець на далёкае і адначасова блізкае - руку толькі працягні, пагладзіш - Арлінае Гняздо (уладзівастоцкая сопка), альбо, прагульваючы ўрокі, што даравалася яму як выдатніку, забрыдаў у порт і тырчэў там гадзінамі, дзівячыся на грамадзіны караблёў і арэхавае шкарлупінне шлюпак і лодак вакол іх, а больш - на сам акіян, які трывожыў, і зваў, і бударажыў кроў не менш, чым цёзку казкі-мары аб уласнай рэспубліцы.

І быць бы, канечне, нашаму Паўлу як мінімум мічманам расейскага славутага ціхаакіянскага флоту (ці, на крайні выпадак, як бацьку, чыгуначнікам, ішло да таго: Іркуцкае ваеннае вучылішча ў 1912 годзе, спецыяльнасць - інжынерныя войскі), каб не заштарміў дзевяцібальна акіян іншы, людскі, каб не тры вайны, што трыма хвалямі, кожны раз адна перад адной большымі, сарвалі, закруцілі ў смерчах і віхурах, прапахлых не акіянскім салёным брызам, а порахам, агнём, дымам і крывёю, і, удосталь пашкамутаўшы, панасіўшы па свеце, прызямлілі акурат у тыя самыя слуцкія Лютавічы, дзе некалі нарадзіўся.

Канечне ж, была ў тым наканаванасць. Нават містыка - не ў дзед-аўдзееўскім, «фальклёрным» значэнні, а ў сапраўдным - у значэнні фатуму. У адзін год, у адзін месяц нарадзіцца, атрымаць аднолькавыя імёны, столькі часу бадзяцца па свеце, каб сысціся ў Богам забытым Семежаве і ўзначаліць нацыяналістычны бунт - узвысіцца двума маякамі па абодва берагі рэчышча, якім гатовая плыць-рухацца паслухмяная людская маса... І нічога дзіўнага, што многім асобна ўзятым («за задніцу», як пажартаваў бы Мірановіч) прадстаўнікам гэтай масы, такім, як Даніла Карпаў, яны, два Паўлы-камандзіры, здаваліся ў нечым аднолькавымі. Сумленнымі, мудрымі, строгімі, але й справядлівымі, як і належыць быць камандзірам... І раз ужо такія вучоныя, аўтарытэтныя людзі (само сабой думалася прадстаўнікам масы) вырашылі любіць Беларусь і змагацца за яе, дык што ўжо нам, цемнаце запечнай, рыпацца; нам адно слухаць іх трэба, раты раскрыўшы, запамінаць, пераймаць і, не ўдумваючыся, выконваць, што загадаюць...

Аднак жа розніца паміж імі была. Вялікая розніца. І лепш за ўсіх аб гэтым ведаў камандзір палка Чайка.

...Ціха цурчэла скутая тонкім лёдам, на які сыпаўся і адразу ўмярзаў у яго снег, Морач. На неглыбокіх перакатах, дзе лёду не было, вада булькала мацней, закручвалася вірамі і падымала са дна каламуць. Чайка з ардынарцам ехалі назад тым жа шляхам - паўз самы бераг рачулкі; не ехалі - марудна цягнуліся. Камандзіру палка не хацелася вяртацца ў абрыдлае Семежава.

Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.

І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях - а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, - ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны - што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!

З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах... Што ж было напачатку?

Было адступленне палякаў. Быў дзядзькаў хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд Сокал-Кутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі... Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся)*.

* На вядомым здымку 1921 года, дзе А.Сокал-Кутылоўскі стаіць каля сцяга Першага Слуцкага Палка Стральцоў БНР, добра відаць, што ён ужо ў акулярах.

«Толькі вы, пан Чайка, - казаў пан Сокал*, - з вашым аўтарытэтам... Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым... Падымеце баявы дух...» І Чайка, гледзячы яму ў блізарукія няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста па-дзіцячы зайздросціць яго бразготкам - у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з'яўляецца на грудзях у залежнасці ад зменаў улады...

* Даследчыкі Слуцкай акцыі ўжо звярнулі ўвагу на «птушыныя» прозвішчы яе ўдзельнікаў.

Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расеі - «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» - голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, вось-вось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск...

Так, паслухаў і паверыў, як ні сорамна ўспамінаць аб гэтым і самому сабе прызнавацца... Але больш, канечне, звычайны імпульс. Проста момант такі падгаданы быў «спакушальнікам». Трыццацігадоваму здароваму мужчыну, яму (Чайку, а не Сокал-Кутылоўскаму) не было дзе прыткнуцца, не было да чаго прыкласці рук. Не сядзець жа сіднем на дзядзькавай шыі, у якога сваіх поўна: жонка, дачка, трое ўнучак (зяць, Чайкаў аднагодак, не вярнуўся з германскай), ды мала таго што сядзець - яшчэ і пад манастыр людзей падводзіць: «сокрытие враждебных Советской власти и злостно дезертировавших из Красной Армии карается по всей...»

Вось яна, прычына галоўная: куды падзецца?.. У свае трыццаць ён быў адзін, як кол, і гол як сакол, нічому людскаму за жыццё не навучыўшыся, толькі ваяваць ці, яшчэ лепш, падказваць іншым, як трэба ваяваць. Чалавек без радзімы, без сям'і і без дамоўкі, адрэзаная скіба... Матка памерла яшчэ пры ім, калі ён вучыўся ў Іркуцку, - «Ад клімату, казала яна, задыхаючыся, распухлая ўся, бы пчоламі пакусаная, - клімат мне тут, сынку, дужа паганы!»... Бацька проста прапаў, знік, падобна тысячам і тысячам такіх, як сам, галодных, халодных і бяспраўных, што знікалі бясследна ў дарэшты разрабаваным і белымі, і чырвонымі, і саюзнікамі, і проста бандытамі горадзе; хутчэй за ўсё ўламаліся сярод белага дня ў іхні казённы, ад чыгункі, домік якіясь марадзёры, застрэлілі, адарвалі ў падлозе пару дошак і закапалі, а то і не закапвалі - пусцілі «чырвонага пеўня» ды пайшлі сабе... Старэйшая сястра пры жывой яшчэ матцы выйшла замуж, з чалавекам з'ехалі ў Хабараўск, потым, здаецца, у Томск, і таксама прапала недзе назаўсёды - ні пісьма, ні весткі.

На Румынскім фронце, калі ўжо ясна было, што ненавіснай вайне канец, штабс-капітан Чайка, перад тым як заснуць, уяўляў сабе не ўладзівастоцкі порт і не сопку Арлінае Гняздо, а беларускі, самотна-прыгожы, лесам атулены хутарок, з сажалкай, гародчыкам, з невялікай сцёпачкай у кутку двара, у якой можна было б збіць з дошак які тапчан або проста накідаць сена і заслаць посцілкай... Страшна падумаць - ён не меў свайго кута, хоць бы той самай сляпой сцёпачкі з тапчаном, гадоў дваццаць!.. Вольнымі вечарамі, а такіх хапала цяпер, ён палюбіў валэндацца з мапамі, падоўгу разглядаў іх, асабліва ўсходнеэўрапейскую частку; па карце Беларусь ад Румыніі не так і далёка, у параўнанні, само сабою, з Уладзівастокам... Бальшавікі даўно разбэшчвалі полк, ваўсю вялі сваю прапаганду. Ён не перашкаджаў ім, і яму адплацілася тою ж манетай - калі прабіў час, не зачапілі і яго. «Нах хаўз, таварыш капітан, - аб'явіў неяк пад вечар, уваліўшыся ў штабную канцылярыю, памахваючы маўзерам, здаравезны латыш з перабінтаваным правым кулаком - Вайне капут, адкрываем другі фронт - буржуяў рэзаць! Так што...»

Затым Чайку сваталі ў нейкі «беларускі полк пры Румынскім фронце», паказвалі нейкі, генералам Шчарбачовым падпісаны, загад*.

* «Приказ русским войскам Румынского фронта. 21 января 1918 г. № 1399. Согласно постановлению Комитета Национально-Областных Комиссаров при Штабе Румынского фронта приказываю:

1) 4-й армейский корпус в составе 30-й и 40-й пехотных дивизий с их артиллерией, Штаб корпуса и все приданныя корпусу вспомогательныя части и учреждения, 43-ю п. дивизию с ея артиллерией и приданными ей учреждениями и 26-е авто-броневое отделение - белоруссизировать.

2) Всех офицеров и солдат белоруссов распоряжением Штабов армий передать соответственно: из 4-й и 6-й армий в 4-й армейский корпус, а из 8-й и 9-й армий - в 43-ю п. дивизию...

Основание: отношение председателя комитета Национально-Областных Комиссаров за №№ 281 и 280.

Подписал: Помощник Августейшего Главнокомандующего армиями Румынского фронта, Генерал-от-Инфантерии Щербачев».

Ён наадрэз адмовіўся.

З адной катомкаю за плячыма, дзе ляжалі гасцінцы, крыху грошай, дакументы, узнагародныя лісты, чатыры ордэны: Св. Ганны і Св. Станіслава 3-х ступеней і Св. Ганны і Св. Уладзімера 4-х ступеней і два разы па столькі медалёў, а таксама загорнуты ў палатно кіцель з пазалочанымі пагонамі і з аксельбантамі, ён удала дабраўся да Баранавічаў (па іроніі лёсу ў цяплушцы таго самага эшалона, якім удалося пераправіць з Румыніі ў Менск частку зброі і амуніцыі для будучага беларускага войска). Пехам, распытваючы дарогу - вайна ўсё выцерла з памяці, дапаў-такі Лютавіч, прамінуў пад уважлівымі маўклівымі паглядамі людзей з-за платоў даўжэзную вуліцу і за ваколіцай, на ўзлеску, убачыў такі самы, як і мроіўся яму, хутар, з сажалкай, з агародчыкам... Каля варот стаяў, узіраючыся, прыклаўшы руку да лба, дзядзька Павал, бы дзве кроплі вады падобны на нябожчыка брата - яны нарадзіліся ў адзін дзень, 12 ліпеня, у свята, - так іх і назвалі: Пятро і Павал.

Запыленыя дзядзькавы боты, яго залатаны старэнькі пінжачок... Барада сена зачапілася за галіну ігрушы і трапечацца па ветры... Кучка вераб'ёў на ўсліжанай палазамі дарозе трыбушыць конскія «яблыкі»... Даўно забытыя гукі мовы, пахі, колеры, усе гэтыя блізкія і родныя колісь і ўспомненыя зараз малюнкі - усё цяпер нахлынула, закружыла галаву, шчымлівай цеплынёй сціснула сэрца блуднага штабскапітана. Высыпалі з хаты і скаціліся з высокага ганка тры дзяўчынкі, адна перад адной меншыя, і потым, ужо ў хаце, калі ваенны дзядзька, збянтэжаны гэтай захоплена-ўрачыстай цішынёй і ўтаропленымі ў яго нецярпячымі вочкамі, развязаў катомку і пачаў выкладаць на стол сціплыя свае гасцінцы (кансерваў бляшанка, трохі цукру, пачак галет, скрыпучых на зубах, як каўчук), адна з сястрычак, самая малая, гадоў чатырох, ускараскалася яму на калена, ашчаперыла за шыю і прыціснулася да яго. Яна думала, гэта тата, якога яна ніколі не бачыла, прыйшоў з вайны. Вось тады яму на міг і заманулася, што ён нарэшце дома. Калі ўвечары, пасля лазні, яму далі чыстыя нагавіцы і сарочку, ён, перш чым надзець іх, доўга разглядаў, пасміхаючыся, круціў іх у руках і пагладжваў. Крэсла ў штанах зашпільвалася інакш, чым у галіфэ, сарочка таксама не падобная была на гімнасцёрку... У тую ноч спалася яму кепска. На дварэ адлегла, са страхі з манатоннай перыядычнасцю сасклізваў падталы снег і плюхаўся пад сцяну; ніяк не можна было задрамаць. У вушах стаяла дзіўнае, нязвыклае «тата», а калену і цяпер яшчэ цёпла было ад кволага цяпла...

На досвітку ён ціхенька падняўся. Выцягнуў з-пад ложка катомку, спароў з кіцеля пагоны, адарваў аксельбанты. На двары пад паветкаю знайшоўся заступ; ускінуўшы яго на плячо, як Рабінзон Круза на ілюстрацыі, Чайка пашыбаваў у цёмны яшчэ лес.

Адліжная зямля капалася лёгка, толькі чмокала, пакідаючы ямку, ды патрэсквалі перасякаемыя вострым жалезняком карэньчыкі. Калі ён старанна, і праўда адчуваючы нейкую палёгку, быццам пахаваў не кардонныя пазалочаныя прамакутнікі з кавалкам белай пераплеценай вяроўкі, а ўсе свае ранейшыя, з жыцця вырваныя, гады, увесь свой непрыкаяны лёс, таптаўся ботамі па магіле, у лесе пачало віднець. На сасновых лапах там-сям яшчэ трымаўся прымерзлы снег уперамешку з касмыкамі сіняга туману. З галін капала ў сінія лужыны-вочкі, што былі пад кожным дрэвам, і недзе зусім блізка ранняя сініца перадражнівала гэты сонны капеж сваім звонкім пільканнем; гучала амаль рыфмаю: канец вайне - піль-піль вясне... Досыць! Наваяваўся. Нічога не скончана ў трыццаць дзевяць гадоў, думалася словамі Балконскага, галоўнае, не забіла, не пакалечыла... Усё яшчэ можа быць - і будзе! - і сінія вочкі, і цяпло на калені, і слова «тата». Апрасціцца, зажыць па-тутэйшаму... Абабіцца. Хай не дзеўка, для дзеўкі стараваты, ды і куды яе ўзяць, а ўдава сама да сябе прыме. А скончыцца гэтая карусель, можна і магілу матчыну праведаць, сястрынскіх, бацькавых слядоў пашукаць...

Новым, «апрошчаным», жыццём удалося пажыць яму роўна суткі. Карусель, замест таго каб спыніцца, набрала новыя абароты. У абед прысунулася чутка, што чырвоныя зноў гоняць палякаў, а ўжо ўвечары пачуўся конскі тупат, у дзверы і ў шыбіны забарабанілі: як ніводнай іншай уладзе, савецкай заўсёды ўласціва была гэтая невытлумачальная, проста сатанінская нейкая аператыўнасць. Збіраючыся, Чайка чакаў самага горшага. Яму ж ветліва, але без варыянтаў прапанавалі пасаду ваеннага кіраўніка пры Слуцкім ваенным камісарыяце (вось яшчэ калі бальшавікі зразумелі значэнне кадраў, вось адтуль вырасталі ногі крывава-крылатай догмы...).

Кампанія іх у ваенкамаце падабралася яшчэ тая. Эсэр Кастусь Кецка тлумачыў, азіраючыся і прыстаўляючы да вуснаў палец, чаму ён тут апынуўся: «Увайду ў давер і тады больш змагу зрабіць для Беларусі; спатрэбіцца - зараз жа запішуся ў бальшавікі, у ЧОН, у «чразвычайку», на любым месцы можна быць карысным...» Дваранін Сокал-Кутылоўскі займаў пасаду павятовага інструктара ваеннага навучання. Пазней, згадваючы тыя два ваенкаматаўскія месяцы, Чайка ў толк не мог узяць - што за карысць была бальшавікам ад іхняй «мабілізацыі»? Проста сабраць іх да кучы? Каб заўсёды быў на віду іхні нацыяналістычны рассаднік і каб лягчэй было яго кантраляваць? Пэўна ж, быў сярод іх і даносчык - пачуваўся як рыба ў вадзе ў той іхняй атмасферы канспіратыўнасці, падазронасці адзін да аднаго, перашэптванняў-пераміргванняў, недагаворак... Да справы, праўда, не даходзіла. Змоўшчыкі больш-менш спраўна цягнулі лямку ваенкаматаўскай службы: вербавалі прызыўнікоў, прысутнічалі на медыцынскіх аглядах, паказвалі, як хутчэй сабраць і разабраць вінтоўку, навучалі муштры, раз на тыдзень атрымлівалі ўбогую пайку... І хто ведае, - калі б неўзабаве не прыйшла ў рух, не крутанулася ў другі бок карусель, магчыма, так бы і звекавалі ў ваенкаматаўскіх кабінетах, у душы застаючыся канспіратарамі і непрымірымымі ворагамі Саветаў...

Дзіўная была тая, на гульню ў пінг-понг падобная, савецка-польская вайна 1919-1920 гадоў. Мячык улева - мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя, не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з'явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, Сокал-Кутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.

І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў - на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных - назад у ваенкамат... А на хутары сустрэлі халаднавата. Не кінулася на шыю і не назвала татам сінявокая малеча, уздыхнула цётка, адвёў вочы дзядзька... Голад, лішні рот! Але і Чайка быў ужо іншым - ведаў, што доўга яму тут не гасцяваць, не забудзе пра яго тая сіла, што ганяе яго па свеце; раз ужо ўзялася апекавацца над ім, дык гэта ўсур'ёз і надоўга. І не перамагчы, не пераламаць яе - і ніякая ўдава не паможа... Так і атрымалася. Вельмі скора тэнісіст узмахнуў ракеткаю - адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя, і паперадзе іх дзве чуткі, добрая і кепская, на выбар: добрая, што ўсім такім, як Чайка, дарована будзе амністыя, і кепская - ніякай літасці дэзерцірам.

Вось так ён апынуўся ў фурманцы Сокал-Кутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцак. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот добраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.

Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абы-як адзетае войска, калі ўлавіў у вачах добраахвотнікаў такі знаёмы - задужа знаёмы! - фанатычна-бяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на Сокал-Кутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур'ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм - і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі захаплення відовішчам - упершыню дэманстрацыя сваёй, беларускай, свядомай арміі!

Хутка не да смеху стала і Чайку. Ужо ў Семежаве, дзе так добра ўдалося ім атабарыцца, ад нявіннай раздачы роляў спектакль пачаў пераходзіць у стадыю генеральнай рэпетыцыі. Рыхтаваліся да «кровапралітных» баёў - наладжвалі лазарэт, даставалі аднекуль лекі, бінты, медыцынскія інструменты. Ніхто не сумняваўся ў перамозе (ні многа ні мала!) - усур'ёз разважалі, прыкідвалі, у якім будынку ў вызваленым неўзабаве Слуцку размесціцца Рада. Арганізавалі штаб, разбілі брыгаду на палкі - усё як след, з каравуламі, разводамі, заставамі, дзяжурнымі афіцэрамі... Недаўменне Чайкі расло па меры таго, як дзесяткамі, калі не сотнямі пачалі сцякацца ў Семежава добраахвотнікі з мясцовых і перабежчыкі ад бальшавікоў. Гэта проста бянтэжыла яго. На што яны спадзяюцца?! І чым думаюць чырвоныя, самі сабе сваёй палітыкай рыхтуючы магілу?! І няўжо ён адзін, як старонні, як той глядач збоку на чужую шахматную партыю, лепш за ўсіх усё бачыць і разумее? Разумее, што гара народзіць мыш, з усяго гэтага «рушэньня паспалітага», з гэтай «хмары народнай» не громам грымне, а пшыкам, і толькі шкада гэтага чалавечага матэрыялу... Няўжо яны, арганізатары, людзі зусім не дурныя і не сляпыя, не бачаць крывавай, бясслаўнай перспектывы?.. Чаму яны ўвесь час радуюцца?..

Акрамя гэтага дурнога аптымізму, раздражняла яго ўпартае, цвердалобае жаданне арганізатараў надаць усяму «нацыянальную афарбоўку», «суверэнную» падаплёку. Ціхім, скрытным бесам бясіла тое, як пнуцца яны самі і ў абавязковым парадку прымушаюць іншых гаварыць толькі па-беларуску, якое значэнне надаюць міфічнай БНР, слухаючы казкі Жаўрыда, і на поўным сур'ёзе вераць і чакаюць, што «беларускі ўрад» вышле ім «ерапляна», браняпоезд, тачанкі з кулямётамі, як абагаўляюць гэты свой польскі, адно з лішняй белай палоскаю сцяг: кожнае раніцы, укленчыўшы спачатку і пацалаваўшы яго, падымае на флагштоку каля штаба дзяжурны афіцэр - усе зрываюць шапкі і зацягваюць хрыпата «Адвеку мы спалі»...

Але цікавае было нават не ў тым. Калупаючыся ў душы, у гэтай каламутнай мешаніне з насмешкі са сваіх падначаленых і з раздражнення, нечакана для сябе Чайка адкопваў дзесьці на самым донцы яшчэ адно пачуццё, самае моцнае - зайздрасць. Канечне, ён не мог не зайздросціць ім. Іхняй веры, іхняму фанатызму, іхняй любові да свайго... Тое, што яму, недавярку, двурушнаму камандзіру палка, бачылася няўдалым спектаклем, тое для іх, несумненна, было самай святой, самай важнай у жыцці справай; за ўдзел у гэтым «спектаклі» яны не марудзячы гатовыя былі заплаціць і самымі жыццямі, і гэта значыла, што яны мелі права на ўсё, чаго вырашылі дабівацца: на зямлю, на волю, на сваю армію, на сваю Рэспубліку, на сваю мову, сцяг і герб.

Ім было за што і, галоўнае, за каго ваяваць, а за іх было каму маліцца. У іх былі хаты, бацькі, жонкі, дзеці, ім збіралі ў дарогу хатулі і торбы, хрысцілі іх услед; яму ніхто не збіраў аніякай торбы, ніхто яго не праводзіў - дзядзька яшчэ з цямна быў дзесьці ў лесе, цётка, калі ён сядаў да Сокал-Кутылоўскага ў фурманку, якраз карміла скаціну і калі і перахрысцілася, дык ад таго толькі, што нарэшце сплаўляе Бог з селішча забыўшага меру госця...

«Такія вось прычыны і такія вынікі з іх, - паныла думаў Чайка, а снег тым часам суняўся, Морач даўно павярнула ў абход мястэчка. Уперадзе віднеліся крайнія семежаўскія хаты. - І ўцягнуў жа мяне чорт ва ўсё гэта...»

- Павал Пятровіч, гляньце! - перапыніў яго думы радасным воклічам Даніла.

Чайка падняў галаву. Ардынарац паказваў кудысь за агароды, на вуліцу, паралельную той, што была перад імі.

 

XI

 

Спраўджваліся ранішнія чуткі - ішоў на злучэнне са случчакамі полк з Грозава, колькасцю не менш тысячы. Хвост доўгай калоны віўся вужакаю, упаўзаючы ў Семежава. Калі Чайка з Данілам наўпрасткі, агародамі, выбраліся на гэтую ж вулічку, іх заўважылі.

- Чайка, хлопцы!

- Сам Чайка, камандзір! - паляцела з хваста ў галаву.

«Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі... Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад, Даніла за ім.

- Гур-а-а! - крычалі ім радасна.

- Слава Чайку!

- Баян, хлопцы! Баян хутчэй!

І праўда - зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня - без запявалы, тысячным «харалам»:

 

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі,

наўчылі, што трэба рабіць!

што трэба свабоды,

зямлі чалавеку,

што трэба зладзеяў

пабіць!

 

Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самому заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўна-рабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)... Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на больш-менш арганізаваны натоўп бежанцаў падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)... А вось жа пазналі яго, крычаць «слава!», і, самае дзіўнае, што і за гэта - за тое, што славяць яго, Чайку было прыкра...

«Марсэльезу» адспявалі; на словах «ніхай нас сустрэнуць палямі, лясамі грамады працоўных людзёў!» кампалка з ардынарцам абагналі калону і паскакалі да штаба.

Плошча, як і ўсе гэтыя бесталковыя дні і ночы, была перапоўнена народам. Цяпер чакалі грозаўцаў, бачылі ўжо калону, чулі «марсэльезу», многія падпявалі - не ў лад, некаторыя яшчэ і цяпер, калі Чайка спешваўся ля штабнога ганка, запознена цягнулі «ніха-а-й нас сустрэ-э-энуць...». Іншыя гарлапанілі радасна, заразіўшыся тым самым, што і грозаўцы, узбуджэннем.

- Чайка, хлопцы! - нібы таксама першы раз кампалка ўбачылі.

- Гура-а-а! - і падкідвалі ўгору шапкі і фуражкі; назад лавілі не ўсе - галаўныя ўборы шлэпаліся ў брудную кашу пад ногі.

Даніла, ведучы ў повадзе кабылу, паехаў «да кватэры».

Чайка забег у штаб. У калідоры сутыкнуўся з Мірановічам, які выходзіў паглядзець на грозаўцаў.

- Жыве Беларусь! - паціскаючы Чайку руку, насмешліва павітаўся начальнік «контрвыведу».

Гэта быў малады, статны, зеленавока-прыгожы, дагледжаны шляхцюк, да якога адзінокі Чайка прывязаўся больш чым да каго ў брыгадзе. Іх лічылі сябрамі. Вечна на лёгкім падпітку, разумны і з'едлівы, галоўны контрразведчык ні разу за жыццё, Чайку здавалася, не сказаў сур'ёзнага слова, і гэта таксама як бы радніла іх, стварала паміж імі тую сувязь, што бывае паміж акторамі, вымушанымі іграць у адным спектаклі.

Акрамя Чайкі, наўрад ці хто больш Мірановіча любіў, хоць і баяліся, гэта так. Была ў яго адна забаўка: выводзіць у лясок за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»). «І гэты ўцёк, - і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» - са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінна-зеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта - уменне не пераступаць мяжы.

- Дык жыве Беларусь? - пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.

- Жыве, жыве, - адказаў кісла Чайка. - Там недзе гэты... як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі... Далажыў ён?

- Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец...

- Дык што, можа, выпусці яго?

- А сам не хочаш?

Чайка крутнуў галавою - не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.

- Можа, гарбаткі? Ці па сто? - паляпаў па біклажцы на рэмені.

- Мне цяпер хоць па дзвесце...

Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі... Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.

- Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, - сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рэменя біклагу. - Табе ў накрыўку?

- Мне так.

Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).

- Не многа? - спытаў, вяртаючы біклажку.

- Ды пі, шчасце такое...

Чайка зняў мокрую фуражку, абтрос, кінуў на стол. Стомлена прысеў на нізкую парту, падкурчыўшы ногі. Ад каньяку, ды яшчэ калі закурыў, паплыло ў галаве... І Мірановіч, таксама прылажыўшыся да рыльца, таксама запыхкаў папяросаю. Стоячы спіною да Чайкі, пазіраў у акно на, як ён выказаўся, «братанне».

- Мірановіч, - ціха сказаў Чайка, калупаючы падцёк фарбы на вечку парты, - Мірановіч, ты ведаеш, з чатырох дазораў не было ніводнага людскага, адзін усяго, там хлапчук стаіць... Вось. Я к таму гэта, - казаў ён без усялякай сувязі, - што мы ўляпаліся ў нейкае глупства... Табе не здаецца?

- Хіба? А Жаўрыда паслухаць, дык наадварот - становішча ў нас з усіх бакоў пераможнае, эўрапейскі розгалас...

- Чырвоная ануча для быка! Вось што такое для бальшавікоў гэты розгалас. Вельмі хутка яны пачнуць разбірацца, што ў іх тут робіцца пад бокам, і хопіць палка пяхоты і пары гармат, каб змяшаць нас у гэтым Семежаве з зямлёю... Табе не здаецца?

- А я хрышчуся, калі мне здаецца, - сказаў Мірановіч, раздзяляючы словы. - І, у адрозненне ад некаторых, за Беларусь мне і з зямлёю змяшацца не страшна...

Ён павярнуўся, і Чайка не паверыў сваім вачам - перад ім стаяў сур'ёзны Мірановіч, праўда, адзін міг усяго...

Як бы на чым саромным злоўлены, як бы апраўдваючыся за гэтую сур'ёзнасць, дадаў развязна:

- Жартую, Чайка! Дык што, хадзем, адпусціш арыштанта? - перавёў на іншае размову, абодвум непрыемную. - Што ён натварыў, дарэчы?

- Нічога такога. П'яны... Пад гарачую руку падлез.

- Ну, дасюль працверазіўся нябось! Пайшлі.

Чайка надзеў фуражку, падняўся, дрыгаючы зацёклымі нагамі.

- Пачакай, святло вазьму, - сказаў Мірановіч, - бо яшчэ галовы паскручваем на тых сходках, і гармат бальшавіцкіх не спатрэбіцца... - Ён узяў з падаконніка лямпу, пабоўтаў ля вуха. - Трохі ёсць.

У вузкім доўгім калідоры, асабліва ў канцы яго, дзе стаяў яшчэ адзін днявальны, сапраўды было цёмна - калі б салдат не падаў голас, дык наляцелі б на яго і не заўважылі. Мірановіч запаліў лямпу. Па шчарбатых цагляных прыступках, якія вялі ўніз амаль вертыкальна, бы той карабельны трап, спусціліся ў сыры падвал. Раней, калі тут было вучылішча, у гэтым падвале размяшчаліся лабараторныя класы, сталярная майстэрня, а таксама розныя вялікія і малыя каморкі для дапаможнага вучэбнага інвентара. Цяпер усе яны служылі камерамі палонным чырвонаармейцам і сваім «штрафнікам». Маленькія, пад самай столлю акенцы ў тых каморах, дзе яны былі, «зашылі» кратамі, на дзверы - ад вушака да вушака - навесілі засовы, зробленыя з дубовых плахаў, раздабылі навясныя замкі - і гатова турма, яна ж «цёмная», яна ж гаўптвахта, яна ж «чразвычайка» (і так некаторыя называлі).

І тут, у гэтым падвале, падумалася Чайку, што цікава не тое, што пачалі, як і любая іншая ўлада, з «цёмных», хоць і крычалі некалі, яшчэ ў Слуцку, калі абдумвалі план выступлення: «Якія там турмы, у нас што, іншага клопату няма, мы ж не палякі, не бальшавікі, не немцы і не балахоўцы, справа нашая святая і высокая», цікава, што гэтыя камеры-каморкі ніколі не пустуюць.

Дзяжурнага не было відаць, праўда, аднекуль чуўся яго голас. А на тым месцы, дзе ён павінен быў быць, стаялі толькі табурэтка ды столік, на якім - чайнік з кіпенем і шклянка.

Чайка з Мірановічам пераглянуліся, Мірановіч развёў рукамі. Пайшлі туды, на голас.

Дзверы ў адну з каморак былі расчынены насцеж. Гэта аказалася самая светлая і прасторная, з тапчаном, сталом і шафаю «камера». Зрэшты, у ёй вельмі моцна было накурана. Дзяжурны сядзеў на адным тапчане з сябрам Мірончыкам і гуляў у дваццаць адно. Мірончык якраз здаваў, дзяжурны, седзячы спіною да дзвярэй, захоплены гульнёю, не бачыў начальства, нават не пачуў крокаў. «Давай... Яшчэ... Сабе!», але Мірончык кінуў на тапчан карты і зрабіў яму знак - азірніся, маўляў... Дзяжурны ўраз падскочыў, стаў «смірна», сутаргава прабег пальцамі па гузіках кіцеля. Мірончык таксама падняўся, лена, неахвотна, нават самакруткі з рота не выцягнуў.

- Свабодзен, забірай свае манаткі і валі адсюль, - сказаў яму Мірановіч. - Ды падзякуй вось камандзіру палка, што злітасцівіўся... Будзеш п'янстваваць і самаволіць - атрымаеш публічна «дваццаць пяць» і разжалаванне ў абоз.

Мірончык, відаць, і не чакаў нічога іншага, ведаў, што не паспее яшчэ як след у карты нагуляцца, як прыйдуць самі і адпусцяць. Сабраў з тапчана карты, дастаў з шафы шынель, перакінуў цераз руку. Калі выходзіў - адно зыркнуў на Чайку маўчком, спадылба.

- Ты мне яшчэ раз паглядзі такімі вачыма! - крыкнуў яму ўслед Мірановіч. - Абнаглелі ўжо дарэшты...

- Слухай, - успомніў раптам Чайка, - а тут жа яшчэ адзін павінен быць, гэты чырвоны, якога яны прывялі.

- Ну.

- Можна мне яго... дапытаць?

- Ты ж камандзір, а не я, табе ўсё можна. Дапытвай, вучыся, - пажартаваў Мірановіч. - Цяпер табе яго даць?

- Так.

- Хадзем, адчыніш, - загадаў Мірановіч дзяжурнаму, - дзе ён тут у цябе?

Пачырванелы, збянтэжаны не столькі ад сваёй правіны, колькі ад таго, што начальства не робіць яму ніякай заўвагі, дзяжурны вырашыў, што самае лепшае цяпер - не апраўдвацца, а моўчкі і чым хутчэй выконваць загад. Выскачыў з камеры, бягом пабег па калідоры, абганяючы камандзіраў. Хуценька адамкнуў замок, бразгаючы ключамі, адваліў цяжкую засаўку.

Мірановіч па-расейску, гучна і весела скамандаваў у прыцемак камеры:

- На выход с вещами!

І Чайка сам уздрыгнуў ад гэтага воклічу, умомант успомніўшы Слуцак, сваю службу ў чырвоных, у ваенкамаце, і расказы пра «чэка», і пра гэтае самае «выходи с вещами!», і пра тое, што робіцца з людзьмі пасля гэтых звычайных, а на справе жудасных слоў... Расказы, як крычалі, і прасілі ратунку, і мачыліся, апраўляліся пад сябе, падалі трупамі на падлогу і іх даводзілася валачы волакам, затыкаць чым папала раты, накідваць на галовы мяшкі, па-жывому, з хрустам ламаючы косці, звязваць вяроўкаю ці дротам рукі; амаль усе, пакуль цягнулі іх па калідоры, вар'яцелі ад жаху - «нармальнымі яны ўжо не будуць», расказваў неяк у ваенкамаце, паплёўваючы на падлогу, адзін знаёмы чэкіст і тлумачыў, што іх, гэтых прасмердлых мачой і калам паўчалавекаў, адпраўляць пасля «да начальніка земляробства» (расстрэльваць) - гэта самы што ні на ёсць гуманізм, смерць для іх паратунак: перанёсшы такія жахі, яны не жыльцы ўжо, не людзі і амаль усе проста на каленях умольваюць хутчэй дабіць іх... «Самі ж просяць!» - гэтак знаёмы чэкіст адказаў на пытанне, ці лёгка яму забіваць, ці не мучыць яго сумленне.

Добра ведаў, што стаіць за гэтым «выходи с вещами!», і чырвоны камандзір, бо перш вытыркнуўся з цёмнага кутка на сярэдзіну камеры, на маленькі кружок святла, якое сачылася з акенца, потым з тупым, разгубленым выглядам на апухлым твары пачаў таптацца на месцы, як бы і напраўду шукаў нейкія свае «вещи», каб ужо выйсці разам з імі.

- Ты аглух, Лебедзеў? Давай, давай! - падагнаў Мірановіч.

Лебедзеў раптам замітусіўся, відаць, толькі цяпер да яго па-сапраўднаму дайшло. Чамусьці пачаў абмацваць сябе, азірацца па баках, нават прысеў і зазірнуў пад тапчан... затым схапіўся аберуч за галаву - шапка-«будзёнаўка» была на месцы. Ён перарывіста і разам з тым з палёгкаю выдыхнуў, нібы ўся яго бяда толькі ў тым і заключалася, што згубілася была шапка - і вось удалося яе знайсці. Апошні раз аббег вачыма камеру і рашуча ступіў на калідор.

 

XII

 

На пляцы тым часам «братанне» ішло поўным ходам.

Бурліла, гула, шумела і рухалася, як вялізны мурашнік, людская маса - канца-краю, здавалася, не будзе гэтай хаатычнай бесталковай мітусні, што каторы ўжо час не перапынялася ні днём, ні ноччу, і невядома было, калі толькі спяць, калі адпачываюць гэтыя людзі?..

Ля пунктаў запісу - вынесеных са штаба двух сталоў, дзе апытвалі, запісвалі і прымалі «на забясьпечаньне» грозаўцаў, - стаяла ўсяго чалавек колькі, іншыя, падпаўшы пад гэты мурашыны інстынкт руху, абы не стаяць, паразбрыдаліся хто куды. Адразу знаходзіліся сваякі, знаёмыя, проста добрыя людзі, развязваліся хатулі, заплечнікі, торбачкі, пайшлі ў ход біклажкі і бутлі... Дарма было заклікаць да нейкага парадку. Стомленыя дарогай, разбэшчаныя адсутнасцю хоць якой улады, хто даўно адвыклы ад ваеннай дысцыпліны, хто ніколі да яе і не прывучаны, людзі пачуваліся тут і паводзілі сябе як на кірмашы ў свята, нібы з адной толькі мэтаю і сабраліся: знаёмых пабачыць, выпіць, закусіць, пабалэкаць...

Забытыя ўжо былі «марсэльеза» з баянам, забыты быў Чайка, якога так славілі нядаўна; калі яны разам з Мірановічам і Лебедзевым выйшлі са штаба, ніхто і не глянуў на іх - ужо і шапка-«будзёнаўка» нікога не цікавіла.

Мірановіч з неахвотаю - дужа гразка было - пакіраваўся да сталоў («Мо й на маю долю перападзе што людскае», - сказаў, маючы на ўвазе вярбоўку ў сваё ведамства). Чайка з Лебедзевым пратаўкліся праз натоўп, абмінулі царкву і апынуліся на вулічцы. У канцы яе, крокаў за дзвесце ад царквы, была хата, дзе кампалка кватараваў.

І на гэтай вулічцы, і на ўсіх прылеглых да плошчы тоўпілася процьма народу. Людзі выліваліся на іх з цеснага, замалога пляца, што тая вада з перапоўненай пасудзіны. У адным гурце, з якім акурат параўняліся Чайка з Лебедзевым, панавала найбольшая весялосць - чыталі ўголас мабілізацыйную абвестку. Тоўсты, барадаты, з шыкоўнымі, на польскі манер закручанымі вусамі грозавец, які-небудзь запісны жартаўнік-анекдотчык, што паўсюль знаходзяцца, узіраючыся ў паперчыну, чытаў густым басам, знарок сур'ёзна, чым толькі смяшыў слухачоў яшчэ болей...

Змест паперчыны быў такі:

 

Аб прыняцьці жаўнераў

1. Нацыянальнасьці быць беларускай

2. Гадоў мець ад 18 да 40.

 

(І знізу дробным почыркам прыпіска)

 

Увага!

Жаўнеры могуць быць залічаныя да 18 гадоў пры згодзе бацькоў (зацьверджанай ва ўстанове).

Старшыя за сорак гадоў могуць быць прынятыя па іхняму жаданьню.

3. Дакументы мець: мэтрыка або пашпарт, пасьведчаньне аб адукацыі.

 

- Так што, - прачытаўшы, сур'ёзна і строга казаў, звяртаючыся да нейкага маладзёна ў новенькай польскай канфедэратцы, таўстун-грозавец, - давай чашы ў Капыль, у рэўкам, напішаш заяву, Саветы ляпнуць пячатку, што згодныя, каб ты ваяваў супраць іх, а потым яшчэ і бацька хай падпіша! Бацька - абавязкова!

- Да ну, - адказваў небарака, чырванеючы пад дружны рогат, - пайду я... Чаго я пайду ў той Капыль?..

Недарэчнасць гэтая - патрабаванне ад улады афіцыйнага дазволу на змаганне з ёй самою - тлумачылася проста. Калі выходзілі са Слуцка, сваіх, «свежых», абвестак аддрукаваць не паспелі (рукі не дайшлі, былі больш пільныя справы: сцяг пашыць, эўрапейскую ноту пратэсту, сто першую па ліку, прыняць...). Вырашылі пакарыстацца састарэлымі, якія паўгода назад выпусціла Беларуская вайсковая камісія і якія прывёз з Гародні маёр Борык. Сама БВК даўно (і беспаспяхова) вяла пры дапамозе агентаў мабілізацыйную кампанію сярод заходнікаў. Польскія ўлады пазіралі на гэта скрозь пальцы, ахвотна «зацьверджваючы» абвесткі ў сваіх установах, ведаючы, як наваююць заможныя апалячаныя Тамашы ды Янкі; так і атрымоўвалася. «Якое ж гэта ў вас войска, - казалі Тамашы з Янкамі, - што трэба ў палякаў дазволу пытацца? Вы аб'явіце афіцыйную, законную мабілізацыю, тады ўсе запішамся...»

Даніла ўжо шчыраваў у двары - адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку. Хай ведае, што ў нас за «банда»... Утыркнуў у снег лапату, абшморгнуў жупан, страявым, чаканячы па ўледзянелай дарожцы крокі, наблізіўся, талкова далажыў: так і так, пан камандзір, загад ваш выкананы (ніякага загаду Чайка яму не даваў), а што да кабылы, ветэрынар ужо ведае і...

- Добра, добра, - абарваў Чайка, у якога зусім не было ахвоты падтрымліваць гэтую гульню. - Паесці гатова?

- Так точна, усё на стале, пан камандзір!

У гэты момант выйшла з сянец на ганак рослая скуластая цемнавокая красуня семежаўка, на выгляд гадоў пад трыццаць (аб такой Чайка марыў некалі, закопваючы кіцель), у белым паўрасшпіленым кажушку, з-пад якога пунсавела атласная шнуроўка, у цыганскай квятастай хустцы; цёмныя вочы ўважліва, прыязна зірнулі на Чайку - на яго аднаго. Яна схіліла галаву, як бы пакланілася яму. У адказ Чайка, пачырванеўшы чамусьці, буркнуў «дзяньдобры». Яна пайшла расчышчанай сцежкай на вуліцу.

Лебедзеў азірнуўся ёй услед.

Увайшлі ў прасторную, чыстую, з вымытай падлогаю хату. Пасярод хаты стаяў стары белагаловы дзед, апрануты ў зрэб'е, абуты ў лапці. Ён абапіраўся на палку і, выставіўшы ўперад бараду, глядзеў не на прышлых, а прама ў столь. Вусны яго пасміхаліся.

- Павал? - дрогкім, як чамусьці гавораць усе сляпыя, голасам спытаў ён.

- Угу, - азваўся Чайка і да Лебедзева: - Выцірайце ногі і стойце тут. (Лебедзеў паслухмяна зашоргаў чаравікамі аб палавічок.) Даніла, будзь пры ім, я пазаву.

- Ёсць!

- А гэта яшчэ з табою? - бляяў цікаўны дзед.

- Камісар вось бальшавіцкі ў госці...

Лебедзеў сцягнуў з галавы будзёнаўку і сказаў з годнасцю:

- Драссе. - Гэта было першае слова за ўвесь нядоўгі яго палон.

- А, дык ты расейца прывёў? - узрадаваўся невядома чаму дзед.

Чайка, не адказаўшы, знік за дзвярыма, што вялі ў светлыя палавіны вялікай хаты. Лебедзеў так і стаяў у парозе. Адно прысланіўся плячом да вушака. Пастукваючы палкаю ў падлогу, дзед пратэпаў у закутак паміж печчу і прысценкам, дзе быў тапчанчык, засланы латуннем. Перш абмацаў, тады апусціўся на яго.

- Мо і яго пасадзі, Даніло? - прапанаваў нясмела; ён жа гаспадар як-ніяк, а тут чужы чалавек.

- Гэтага? Пастаіць... Ён табе сам яшчэ каго хочаш пасадзіць, падажджы-но... І не на табурэтку, а на ножку табурэткі, - выдаў Даніла. Наколькі абыходліва-ветлівы быў ён са сваім камандзірам, настолькі цяпер стараўся паказаць камандзіру чужому, як пагарджае ім.

Ён прысеў на тапчан побач з дзедам. Паклаў побач шаблю, выдаўжыў ногі. Ладна абхоплівалі лыткі боты, блішчэлі доўгія наваксаваныя халявы. Яшчэ да прыходу Чайкі паспеў ён перакусіць, перакурыць, тыя ж боты ў парадак прывесці; цяпер быў у гуморы і вольны - самы быў час пагаварыць з дзядком, гэта яны абодва любілі.

Дзед расказваў пра Семежава. Гісторыі гэтыя былі да таго неверагодныя, што Даніла, сам мясцовы, не ведаў, верыць ім ці не. Яму здавалася - здзяцінеў стары і выдумляе розныя дзівосы, як выдумляюць дзецям казкі на сон.

Напрыклад, распавядаў сляпы дзядок, пасміхаючыся і гледзячы ў столь, яшчэ не так даўно Семежава было сталіцаю вакольных жабракоў. Тут яны збіраліся на свае сходкі: штогадовыя і экстранныя. Хаўрус іхні называўся цэхам. Было выбарнае начальства - цэхмайстар, як правіла са сляпых, і ключнік, астатнія старцы зваліся таварышамі. Каб уступіць у таварышы, трэба было мець, па-першае, фізічны недахоп або калецтва, па-другое, шэсць (!) гадоў пабыць вучнем, а тады яшчэ вытрымаць іспыт на таварыша, «па прадметах»: жабрацкія законы, жабрацкая мова і малітвы. Пасля чаго шчаслівец-абітурыент павінен пакланіцца таварышам, пацалаваць кожнаму руку і затым наладзіць банкет - пачаставаць за свой кошт экзаменатараў; тады толькі ён мае права сесці побач з імі (папярэднія шэсць гадоў адно аціраўся, мабыць, у парозе, як чырвонаармейскі камандзір Лебедзеў цяпер)... Правінных каралі штрафамі - напрыклад, купіць воску на свечкі; каралі «агуркамі» - арыгінальным такім бізунчыкам, у якім пуга прывязвалася да жабрацкай палкі. І самая страшная кара - абрэзванне торбы, што значыць забарона на час ці назаўсёды старцаваць, гэта і Данілу было зразумела.

- Дык ты, дзедку, мабыць, быў там самым галоўным военачальнікам? - пытаў Даніла, паварочваючы боты і так, і сяк і любуючыся бляскам халяваў. - Ты ж сляпы, як крот!

- Цэхмайстрам не быў, але ключнікам быў, - адказваў сляпы.

- А як ты лічыў грошы?

- А так і лічыў. Вось дай мне любыя, хоць паперкамі, хоць звонкімі - любыя: царскія, польскія, савецкія... Сам пабачыш.

Асабліва цікавіла Данілу жабрацкая мова. «Папруць бальшавікі з торбаю па свеце, дык мо згадзіцца», - казаў ён. Зрэшты, навука давалася яму туга. За колькі размоваў з дзедам запомніў ён усяго пяць слоў - два асацыятыўныя: сіверка (зіма) і сівер (мароз), і тры, якія будаваліся па прынцыпе «дзіцячай» мовы, праз прыстаўныя склады - у жабрацкай мове гэта было «ку»: заўтра - кузаўтра, часта - кучаста і рана - курана*.

* Сучаснаму чытачу могуць яшчэ падацца цікавымі наступныя тэрміны з семежаўскага жабрацкага слоўніка: тавар - клевата, разумны - клёвы, сквапны - няклёвы, спаць - кімаць («ры» выпала?), піць - кераць, чалавек - лог(!).

- Пастой, пачакай - ты мне па-свойму кажы, а не панашаму! - прасіў Даніла, абдымаючы сляпога за худыя плечы.

- А ты разбярэш?

- Я?! Я табе любую казань разбяру!

- Такі-то ты ўжо разумны... Ну, слухай. Манько епіць скір'я дзеканы хрушч царызьнік хабні ў рэпсанкі, а конто клёвот?

- Так, так... Дай падумаць... Зараз усё табе перакладзецца! - гарачыўся Даніла. - Пра хрушча штосьці? Не?

- Ты ж казаў, разбярэш.

- Не спяшайся, не спяшайся. - Даніла стукаў сябе ў лоб. - Можа, ты сказаў: «Даніла, гарэлкі хочаш?» Не?

- Гарэлкі... У мяне ёсць трыццаць царскіх грошай асігнацыямі, а што я за іх куплю? - вось што сказаў!

- Праўда? Малайчына, дзедку!.. - пахваліў Даніла. - Чэшаш, як па-жыдоўску, - ні хрэна не запомніць!..

У гэты момант Чайкаў голас пазваў ардынарца, той падхапіўся, падчапіў шаблю і, не звяртаючы аніякай увагі на палоннага, пабег у большую хату. Лебедзеў ціхамірна стаяў каля вушака. Праз момант ардынарац паявіўся зноў. У адной руцэ ў яго была пустая патэльня, у другой - міса. Нават ад парожніх, пахла ад іх шкваркамі і капустаю. Лебедзеў зглынуў сліну.

- Напшуд да камандзіра, - распарадзіўся Даніла, і калі Лебедзеў уваходзіў ужо ў расчыненыя дзверы, дадаў услед (як на жарабца свайго): - Ды не ўздумай мне балвацца!

 

XIII

 

Увайшоўшы, Лебедзеў хутка і не без цікавасці пачаў абзіркваць баковачку. Пабеленыя столь і чатыры голыя сцяны, калі не лічыць на адной з іх ходзікаў з гірамі ў выглядзе шышак і фрагментам малюнка «Мядзведзі ў сасновым бары» на цыферблаце, стваралі ілюзію, што баковачка большая, чым ёсць. Была яна даволі светлая, хоць на дварэ ўжо сутонела, чысценькая і ўнутраным убранствам сваім нагадвала хутчэй жытло якойсьці набожнай, ахайнай, у перастарках засядзелай дзеўкі, чым прыстанак ваеннага чалавека; да таго ж Чайка не курыў, таму нават пахла тут чымсьці прытарна-посным, як пахне засунуты пад бэльку ці за абразы пучок зверабою або перакладзеная багуном ад молі пажоўклая бялізна ў старой шафе. Высокае шырокае акно зноў-такі з нейкай дзявочай ахайнасцю завешана было празрыстым цюлем, які нават у шырыню, каб не моршчыўся, расцягнуты быў на цвічках па перыметры рамы...

Пры акне - жалезны ложак з чатырма бліскучымі шарыкамі на білах, гладка, па-казарменнаму засланы дзяружкай колеру чорна-чырвонай шахматнай дошкі. Побач столік, на століку лямпа, кніга і абразок. У кутку пры дзвярах падвешаны на вяроўцы чайнік для ўмывання, знізу - таз. У другім кутку этажэрка з кнігамі і паперамі.

Пасярод баковачкі яшчэ быў стол, без абруса, круглай формы, за якім сядзеў цяпер Чайка і мірна калупаўся ў зубах сярнічкаю. Тут, у пакоі, без шыняля і без фуражкі, з зачэсанай набок чупрынкаю кампалка яшчэ больш падобны быў на якогась выпускніка кадэцкага корпуса, чым на дарослага мужчыну, - праўда, жылісты быў, стромкі, нейкая прыхаваная сіла адчувалася нават у яго нерухомасці.

Пакуль Лебедзеў аглядаўся, Чайка ў сваю чаргу сачыў за ім.

- Сядайце, - прамовіў ён і нагою з грукатам высунуў з-пад стала другую табурэтку.

Пасля абеду Чайка яўна быў у настроі. Так, як і ардынарац, пад'еўшы, «разбаўляўся» са сляпым дзедам урокамі філалогіі, так і кампалка хацеў зараз чагосьці кшталту лёгкай пасляабедзеннай цыгарэткі, дэсерту - паслухаць чалавека свежага. Свае, брыгадныя, нават і Мірановіч, даўно яму надакучылі.

- І прашу прабачэння, што абед не прапаноўваю... Дужа слюнявенькая карцінка атрымалася б... Савецкі камандзір з атаманам банды налягаюць на яечню са шкваркамі - з аднае патэльні, ледзь галовамі не стукаючыся... Сядайце, кажу!

- Ды нічога страшнага, пастаю, - прымаючы гэты тон, азваўся Лебедзеў, - пастаю, Павел Пятровіч.

Чайка ўздрыгнуў. Рука з сярнічкаю застыла на міг. Памяць хуценька прабеглася па сённяшнім дні, па тых эпізодах, калі ён апынаўся разам з Лебедзевым. Можа, хтось называў яго па бацьку і чырвоны запомніў? Не, ніхто. Ні Даніла, ні Мірончык, ні Мірановіч. Дзед сказаў на яго Павал...

- Вы мяне ведаеце?

Лебедзеў развёў рукі: на табе!

- Хто ж вас не ведае? Чайку, героя, - прастадушна адказаў ён. - Усе ж дакументы вашыя захаваліся, ваенкаматаўскія. Ляжаць сабе цэленькія, нават з фотаздымкам. Я вас яшчэ каля моста пазнаў - як толькі ўбачыў... Можна, я хадзіць буду, Павел Пятровіч? Ну, узад-уперад... (Ён дакрануўся да сіняка пад вокам.) Баліць, халера, а калі ходзіш, то лягчэй нібыта, - сказаў без аніякай крыўды ў голасе, пасміхаючыся; наіўны прыёмчык пад назваю «павага да ворага» плюс лёгкі падхалімаж - у талковага, як Чайка, камандзіра, разумей, і падначаленыя талковыя, калі навучыліся так скулы разварочваць.

- Хадзіце.

Лебедзеў заклаў рукі за спіну і маленькімі мяккімі крокамі, нібы па абмежаванай тэрыторыі камеры-адзіночкі, прабегся да акна, вярнуўся назад да дзвярэй; як маятнік, перастаўляліся яго тонкія ў параўнанні з тупаносымі вялікімі чаравікамі ножкі ў абмотках, гукі крокаў супадалі з цік-такам гадзінніка на сцяне. Міжволі ўзнікала ілюзія баковачкі з кабінетам, Чайкі са следчым, а Лебедзева са зняволеным, і неяк сама сабою размова пачалася ў допытна-пратакольным плане.

- Як вы думаеце, чаму я вас сюды прывёў?

- Ну, пэўна ж не абедам частаваць, - адказаў Лебедзеў, спыніўшыся, і надалей прытрымліваўся такога ж парадку: пытанне Чайкі - стоп-машына, свой адказ - ізноў цік-таканне крокаў, кожны крок - слова.

- Ды што вы можаце сказаць у сваё апраўданне? - Чайка нават блюзнерыў.

- А вы пытайцеся, Павел Пятровіч!

- Ну, пра мяне, бачу, вам усё вядома, справу асабістую нават вывучылі... Пра мяне нецікава. Можа, пра міравую рэвалюцыю? Пра дыктатуру пралетарыяту? Даўно не чуў ужо, ажывіце ў памяці.

Лебедзеў спыніўся і паглядзеў на яго. Спытаў пасля паўзы:

- Скажыце... вы гэта сур'ёзна?

- Вядома! Цікава паслухаць, як вашая кухарка, калі ёй варыць не стане чаго, пачне «управлять государством»...

- Я пра іншае. Вы сур'ёзна будзеце змагацца з намі? Супраць рэгулярнай арміі? Усе вось гэтыя, - Лебедзеў павёў рукою, акрэсліўшы нябачны круг, - вашыя дзеншчыкі, дазоры, даклады, штабы, разведка, контрразведка, прызыўныя пункты, афіцэры расквартыраваныя... усё гэта сур'ёзна?

- Вы хадзіце, а то балець будзе, - параіў Чайка. - У нас гэта сур'ёзна. І вось вам першы і самы надзейны доказ, - паляпаў ён па кабуры пад самай пахай. - Вось тут, глядзіце, усё вашае жыццё. І каму-каму, а вам у вашым становішчы варта трохі менш здзіўляцца... Калі ў людзей ёсць зброя і яны могуць распараджацца чужымі жыццямі - вашай, у прыватнасці, - у такіх усё сур'ёзна. Так што, - працягваў ён, пазяхаючы, - давайце лепш пра Маркса.

- Пры чым тут Маркс? - пачулася ў адказ. Лебедзеў адсек гэтыя словы з нейкім нават раздражненнем у голасе - відаць, пакрысе асвойтваўся, пераставаў баяцца, калі ўвогуле баяўся. - Пры чым Маркс? Мы ўрэшце разумныя людзі і можам разважаць разумна... Усе гэтыя Марксы, Энгельсы, Леніны... Капіталы, дыктатура, камунізм, класавая барацьба, чырвоныя, белыя... Лухта! Чым больш цёмная, незразумелая, тым лягчэй задурыць ёй галовы люмпенам ці п'яніцам рабочым, але ж мы з вамі - мы як мінімум чыталі і ведаем вялікую расейскую літаратуру... - казаў Лебедзеў, тупаючы ў такт гадзінніку, не гледзячы на Чайку. Словы яго падалі раўнамерна, абдумана, і разам з тым у самой іх інтанацыі прасклізвала штосьці скрытнае, двухсэнсоўнае, што ніяк не мог вызначыць Чайка.

- Цікава! Ды вы служыце чырвоным, не прызнаючы іхняе ідэалогіі? Вы белагвардзеец? Манархіст?

Лебедзеў выслухаў стоячы, пасля чаго заклаў рукі за спіну і зноў узяўся адмерваць свае маленькія крокі.

- Ні тое, ні другое. Я, Павел Пятровіч, найперш рускі чалавек. Як і вы.

- Ну, я, дапусцім, бела-рускі...

- Перастаньце, прашу вас! Вы ж не іхні! І бунт - гэта не вашае... Прабачце.

- Іхні я ці яшчэ чый, не ў тым рэч, - не адразу адказаў Чайка; як ні дзіўна, гэтыя смелыя пасажы палоннага, над якім у яго поўная ўлада, якога ён можа ў любую хвіліну вярнуць туды, адкуль забраў, падабаліся яму. - А вось вы хто? Вось чаго я ніяк не разбяру!

- Кажу ж - проста рускі чалавек! Якому даражэй за ўсё свая Айчына...

- І вы так адкрыта мне, ворагу, аб гэтым расказваеце? І не баіцеся, што ўсё можна папросту пераказаць чырвоным?

- Нічога я не баюся, - амаль шчыра адказаў палонны, прафесійны шпіён і правакатар, супрацоўнік асобага аддзела контрразведкі 16-й арміі Кліменці Лебедзеў, распачынаючы свой чарговы спектакль, адзін з многіх, якім быў ужо згублены лік.

На заданні ён заўсёды напрошваўся сам, не патрабуючы за гэта ні ўзнагароды, ні падзякі - проста такі ўжо няўрымслівы, адчайны характар быў у чалавека, такая ўнутраная канстытуцыя: яго цягнула на рызыку, як канатаходца без страхоўкі цягне на дрот. Тапорная работа «чразвычайкі» і кабінетная контрразведкі адно нудзіла, раздражняла яго - толькі ў вострых адчуваннях была яго стыхія. Ён жыць, напэўна, не змог бы, каб час ад часу не выпрабоўваў, не ўзбадзёрваў сябе халадком смерці. Таму, калі паступіў ад «надзейнага» чалавека сігнал, што рыхтуецца перабег у нацыяналістычную банду, канечне ж, Лебедзеў загарэўся, канечне ж, кроў у ім узбунтавала... Далейшае было справай тэхнікі. Будучых перабежчыкаў проста адправілі разам у дазор усіх трох і Лебедзева, як «старшага», чацвёртым... Так, была рызыка. Так, усё на валаску вісела. Папросту маглі раскусіць і «шлёпнуць» і свае перабежчыкі, і нацыяналісты з банды. Але якая вайна без рызыкі? І як угадаеш на вайне? - можна без адной драпіны вярнуцца з рукапашнай атакі і загнуцца ў лазарэце ад паносу; да таго ж Лебедзеў бываў і не ў такіх сітуацыях, і нічога, абыходзілася - міжволі паверыш у фартуну, у сваю зорку.

І на гэты раз зорка не падвяла, не патухла над ім. На што ў самым лепшым выпадку ён спадзяваўся - прыблізна, арыенціровачна? Ну, аддубасяць, морду разаб'юць, ну, пасядзіць трохі ў каталажцы... Паартачыцца крыху, паламаецца для выгляду, пагуляе ў непрыступнасць... Героя разыграе. Потым «спалохаецца» і вылажыць ім усё, што яны пытацьмуць. А далей па абставінах, як Бог на душу пакладзе. Надарыцца магчымасць - вернецца да сваіх, а яшчэ лепш, каб яму паверылі, і пабыць у бандзе як найдаўжэй (як было, напрыклад, год таму, у Юдзеніча, у армію якога падобным чынам «укараніўся» Лебедзеў і прайшоў - без баёў, праўда, - да самай Гатчыны, і толькі на Пулкаўскіх высотах, перад Петраградам, дзе пачаліся першыя сутычкі, перабег уночы да сваіх і сем з паловаю гадзін даваў пісьмовыя паказанні, з прозвішчамі, лічбамі, падрабязнымі планамі, схемамі - у накураным да адурэння пакойчыку славутай абсерваторыі, дзе атабарыліся часова бальшавікі)...

Такія былі сціплыя планы. І вось - так пашэнціла! Апынуцца на кватэры ў самога Чайкі! Аб гэтым, выпраўляючыся на заданне, удачлівы шпіён і марыць не мог.

Быў, праўда, момант - калі Мірановіч з Чайкам прыйшлі да яго ў камеру, ён спачатку перапалохаўся: а раптам пазнаў хто? З тых жа белагвардзейцаў Юдзенічавых? Зразумеўшы, што Чайка проста хоча забраць яго, ён нават крыху разгубіўся. Гэта амаль не выбіла яго з каляіны, бо зусім разбурала першапачатковую задумку. Таму ён і маўчаў - трэба быў час, каб абдумаць новую сітуацыю. Але паступова агледзеўся, асвойтаўся. Пакуль Даніла практыкаваўся з дзедам у жабрацкай мове, ён у думках зрабіў беглы аналіз таго нямногага, што ўбачыў і пачуў за сёння, супаставіў паводзіны Чайкі каля мастка з Мірончыкам, з Мірановічам у калідоры падвала, на плошчы, тут, у хаце... І прыйшоў да высновы, што паўстанцам Чайка чужы. Чужы ён і ім, чырвоным, - нічога добрага ад іх ён не бачыў. Усё, што ён мае - узнагароды і званні, ён атрымаў пры цару. Значыць, бліжэй за ўсё яму будзе тэма манархіі.

Такім простым, няхітрым аналізам і намацаўся план, як паводзіць сябе ў гэтых новых нечаканых варунках, якія гаварыць словы і якую выбраць інтанацыю...

- Нікому нічога вы не станеце пераказваць, ні чырвоным, ні гэтак званым сваім, - ціха, задушэўна, паводле правілаў сцэны працягваў шпіён. - І што да ворагаў, дык вас - вас я ніякім ворагам не лічу. Мы аднолькавыя! Мы давалі адну й тую ж прысягу, аднаму й таму ж цару і адной і той жа зямлі...

- Так, ну і дзе той цар? Дзе тая зямля?

- ...Зямлі, - не даў сябе перабіць Лебедзеў. - Дапусцім, Мікалая кокнулі, згодзен, туды яму і дарога... Але Русь нікуды не дзелася, Павел Пятровіч! Вось яна, у нас пад нагамі!

Лебедзеў увачавідкі ўзбуджаўся, іншыя - натхнёныя - ноткі зазвінелі ў роўным дасюль голасе, заблішчэла зацятым бляскам непадбітае вока.

- Цара новага знойдзем, калі будзе патрэба! Затое Расея ўратавана! Расея жыве і будзе жыць, а як яна ўжо там будзе называцца: савецкай, чырвонай, зялёнай ці любога іншага колеру - справа дзесятая («не суть важно»); будзе царом хтосьці з Раманавых, ці Ленін, ці Троцкі - без розніцы!

- Бедныя чырвоныя, - пасміхнуўся Чайка, - калі ў іх такія камандзіры...

- Ну, за чырвоных вы, дапусцім, не перажывайце. Рускі бунт заўсёды страшны і бязлітасны, а цяпер яшчэ й памножаны на зручную, даступную ідэалогію класавай нянавісці, ды замест дубін і рагацінаў - пушкі, браненосцы, кулямёты і вінтоўкі... Ды такі бунт змяце ўсё, любую сілу!

- У вас у самога, пры ўсёй казуістыцы, даволі зручная ідэалогія, - заўважыў Чайка. - Будзь з тымі, хто мацнейшы, думай пра вялікую Расею, і ўсё ў парадку («дело в шляпе»)...

- Маеце на ўвазе, чаму я не з белымі? Сляпым трэба быць, каб не прадбачыць, чым яны скончаць, дужа шмат яны крыві выпілі, каб так проста сышло ім гэта з рук... І потым - заўважце, Павел Пятровіч, такую цікавую дэтальку! Што ў параўнанні з белымі мяняецца пры ўладзе бальшавікоў? Тыя самыя віселіцы, тыя ж рабункі і зверствы... але! «Чэка» наводзіць парадкі ўнутраныя, наводзіць так, што контрразведцы белых і не снілася! А знешняя палітыка? Бальшавікі так ці інакш скончылі дурную германскую вайну, спынілі немцаў Берасцейскай дамоваю - часовай, заўважце, дамоваю! - перамаглі ў вайне Грамадзянскай, спынілі палякаў дамовай Рыжскай - зноў-такі дамовай якой? - часовай... І няма сумнення, - перайшоў на пафасна-трагічны шэпат Лебедзеў, - граніца Расеі ў хуткім часе будзе за Варшаваю, калі не за Берлінам! Украіна ўжо нашая, нашыя Каўказ і Сярэдняя Азія, спаконвечныя («исконные»!) расейскія землі Прыбалтыкі і Фінляндыі таксама будуць нашымі, як і Польшча; хай гэта будзе называцца «сусветнай рэвалюцыяй», хай іншым словам - на справе гэта будзе Расеяю і нічым больш! Мы прасунемся на паў-Эўропы, ды што там - ад Ціхага акіяна да Ла-Манша, вось сэнс рэвалюцыі, і дзеля гэтага я гатовы прыняць увесь іхні бальшавіцкі маразм, мімікрыраваць, распяваць іхнія гімны, прыняць атэізм, змірыцца з масонскімі зоркамі над святым Крамлём!..

- Ну і ну, - вяла сказаў Чайка, які падчас гэтага маналога ні разу не зірнуў на Лебедзева, сядзеў, унураны ў сябе. - Масква як трэці Рым? Ну што ж, калі б я быў расейцам, дык, магчыма, прызнаў бы нейкую вашую праўду... Магчыма, і рабіў бы тое, што й вы... Але я беларус. І ў майго народа свая тэорыя - у адрозненне ад вас нам не патрэбны ні Масква, ні Берлін, ні Вар... - абарваў ён сябе, так самому зрабілася брыдка ад гэтых дубовых, чужых слоў, якія немавед чаго вымушаны былі прамаўляць яго вусны.

Канечне ж, Лебедзеў усё зразумеў і мігам скарыстаўся.

- Калі б вы, - падхапіў ён, усё ходзячы і ходзячы з закладзенымі назад рукамі, - сапраўды не хацелі нічога, вы не хацелі б і нікога. Вы выступалі б за незалежнасць ад усіх. Але ж нас, расейцаў - няхай чырвоных, няхай бальшавікоў, - вы ненавідзіце, на дух не пераносіце, а пад крылца Польшчы лезеце пішчом... Дык так і скажыце, шчыра: мы хочам незалежнасці ад адной Расеі, а там хай нас глытае хто хоча, там хоць трава не расці! Вось толькі палякі няньчацца з вамі да пары да часу... Гэтаксама, як мы няньчыліся з Махном, мірыліся з яго «жовто-блакітностю», ён нам, дарэчы, добра памог: Перакоп без яго тачанак нам бы ніколі не ўзяць; але як толькі адпала ў ім патрэба - дзе цяпер Махно? Тое ж зробяць з вамі і палякі, і вы выдатна гэта ведаеце...

- Ведаем, - прамовіў, гледзячы ў стол перад сабою, Чайка, і Лебедзеў не паверыў сваім вушам. Ад такой удачы страшэнна хацелася курыць.

- Адно кепска - не мы выбіраем, а нас. Мы проста змушаны хіліцца да тых, хто прызнае нас як самастойны рух, прызнае, урэшце, нашае права на існаванне, як робіць пакуль што Польшча... Па-другое, наконт нібыта нянавісці да расейцаў... ёсць Расея, і ёсць Расея. Калі тры гады назад ваш Ленін трапаўся пра «дзве вайны - справядлівую і несправядлівую», пра «два нацыяналізмы ў кожным народзе - негатыўны і пазітыўны», калі ён прызнаў права за кожным народам, і за намі, беларусамі, на самавызначэнне, і даказаў гэта на прыкладзе Фінляндыі, тады і мы гатовы былі прызнаць і вашую Расею, і вашага Леніна, і вашую ўладу. Але ж вы адной рукой пішаце дэкрэт аб міры, а другой - аб'яўляеце афіцыйны тэрор, залілі крывёю да краёў гэтую самую любімую вамі «матухну»-Расею; адной рукой пішаце дэкрэт аб зямлі, другой - выграбаеце да апошняга ўсё, што на гэтай зямлі вырасла!.. Адной рукой падпісваеце права народаў на самавызначэнне, другой - пастанову аб разгоне Ўсебеларускага з'езда... вось як вас за гэта любіць, прызнаваць, як вас за гэта не ненавідзець? - І зусім нечакана закончыў: - Каб вы хоць трошкі менш крыві пускалі, каб неяк інакш рабілі ўсё гэта...

- А іншага спосабу не прыдумана, на жаль! А белыя як робяць? А палякі? А вы, калі, дапусцім, пераможаце, не так будзеце рабіць?

Лебедзеў ужо зусім пачуваўся тут гаспадаром. Раптам ён хутка, так, што Чайка ўздрыгнуў, падступіўся блізка і паклаў яму руку на калена, зазірнуў у вочы, зашаптаў пранікнёна:

- Павел Пятровіч, паверце! Калі вы ўжо сабраліся ваяваць з чырвонымі, дык рабіць гэта можна і трэба інакш! Бунт ваш смешны... пераходзьце да нас - а нас, такіх, як я, цяпер, дзякаваць Богу, нямала, - і мы зробім для знішчэння бальшавізму больш, чым усе бунты, разам узятыя!.. І калі скончыцца гэтая куламесь, а яна скончыцца ж рана ці позна, тады мы і адродзім Расею... Ды з вашым талентам, з вашым аўтарытэтам (амаль слова ў слова паўтараючы Кутылоўскага)... Каму вы тут трэба, хто вас тут ацэніць?.. Прападзеце вы тут, Павел Пятровіч, мне проста шкада вас!.. - у прыцемках страшна свяцілася здаровае вока.

- На вашым месцы я пашкадаваў бы, - адказаў Чайка. Скінуў руку з калена. Падняўся, пазяхнуў. - Скончана дыскусія! Хадзем.

Падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і крыкнуў у калідор:

- Даніла, сядлай жарабца! - і пачаў апранаць шынель.

Лебедзеў таксама зашморгнуў гаплікі шыняля, насунуў на галаву сваю «будзёнаўку».

- Куды? - спытаў з пакорлівай усмешкаю. - Назад, у каталажку?

Чайка змоўчаў.

Яны выйшлі з хаты. На іх дыхнула свежым марозікам. На двары - ад белага снегу і зорнага неба - было відней, чым у хаце. Чакаючы, пакуль Даніла асядлае і выведзе каня, Чайка стаяў спакойна, а Лебедзеў прытупваў і хукаў на рукі.

«Вось дык фокус! - думаў ён. - Няўжо гэты бязвольны ахламон, якога так лёгка было разгадаць, ачмурыць, няўжо ён сабраўся адпускаць мяне? Перайграў?»

Цяпер, пасля такой шпіёнскай лёгкай і хуткай удачы, Лебедзеву хацелася ўжо большага. Застацца б у Семежаве, пакруціцца тут, разнюхаць... Але ж задні ход не дасі! Не скажаш пасля ўсяго, аб чым распінаўся ў «маналогу», - пакіньце мяне тут! Зрэшты, і так усё добра. Што яшчэ трэба? Заданне выканана. Ведае ён многа. Вернецца (калі, канечне, сапраўды яго адпусцяць) жывы і адносна цэлы, сінякоў не лічачы... І ўсё ж Лебедзеў сплюнуў з прыкрасці.

Даніла вывеў жарабца, падтрымаў стрэмя, пакуль камандзір, нязвыклы да чужога каня, на яго ўзбіраўся. «Но!»

Снег храбусцеў пад капытамі каня і пад ботамі Лебедзева, які ішоў збоку. А вуліца жыла. Мутнымі агнямі свяціліся вокны, каля варотаў і веснічак стаялі людзі, чулася гамана, дзявочыя піск і смех, гукі баяна. У тым баку, дзе плошча, паўнеба было асветлена зарывам вогнішчаў. Чайка з Лебедзевым моўчкі прамінулі доўгую вуліцу і апынуліся на шырокай убітай дарозе, што вяла да Вызны.

Наткнуліся на дазор, Чайка назваў пароль (Лебедзеў ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць), і яны рушылі далей. Лебедзеў хутка ішоў побач.

Калі пачаліся з аднаго боку дарогі цёмныя дрэвы, - бадай, адзіны лес на гэтыя балацяністыя ваколіцы, Лебедзеў спыніўся.

- Далей не пайду! - сказаў цвёрда. Хоць і брыдка яму было разыгрываць гэтую апошнюю ўжо мізансцэну, але трэба было для большай праўдападобнасці...

Ён адступіў на крок. Смела ўскінуў галаву. Скрыжаваў на грудзях рукі («Страляй, сволач, - так паміраюць лепшыя сыны Расеі!..»).

- Гэта прамы шлях на Вызну, - сказаў Чайка. - Усё адно лесам трымайцеся... Праз паўвярсты будзе яшчэ дазор, злева, на пагорку. - Ён павярнуў каня ўпоперак дарогі, збіраючыся ўжо ехаць назад, потым дадаў: - І нашая разведка павінна сюдою вяртацца, не наляціце, - крануў вуздэчку.

- Чайка! - пачулася ўслед.

- Што? - спытаў ён.

Лебедзеў працягваў яму руку.

- Ведаеце, Чайка, у мяне адчуванне, што мы яшчэ ўбачымся...

Завярнуўся і пайшоў адкрыта, сярэдзінай дарогі (пра сябе смеючыся з бязвольнага ахламона), пакуль не прапаў з вачэй.

Чайка доўга глядзеў у той бок, дзе ён знік... Раптам данесліся адтуль прыглушаныя галасы і скрып падводы.

Не ведаючы сам навошта, Чайка звярнуў з дарогі і стаў чакаць; разам з канём яны растварыліся сярод цёмных ствалоў і лап.

 

XIV

 

Як толькі выехалі з вёскі і ўсунуліся ў лес, так скончылася і сама дарога.

Аблепленыя мокрым снегам шаты дрэў схавалі неба. І адразу ж прыцемкі, і без таго па-восеньску раннія, ператварыліся ў самую сапраўдную ноч. Толькі тут дайшло да Мікіціна, які плёўся, звязаны, за падводаю, чаму іх павязалі: не відаць было нічагуткі, каб не вяроўка, дастаткова было зрабіць два крокі, нырнуць пад гэтыя цёмныя, правіслыя ад снегу шаты...

З дарогі збіліся адразу ж. На нейкіх каранішчах ці то на калдыбане ледзь не перакулілася падвода, добра, Чуб з Гнатам паспелі падставіць плечы. Занаравіліся коні, не хацелі ісці ў гэтую чорную чашчобу - ды і як ісці? Чаплялася за абаркі порасль, лезла ў спіцы, гонкімі дрэўцамі станавілася коням пасярэдзіне, каля дышла, і хочаш не хочаш, а спынішся... Гнат пайшоў на разведку, выцягнуўшы паперадзе рукі, каб вочы не павыбівала; неўзабаве вярнуўся і на пытанне Чуба: «Ну, што?» толькі вылаяўся сабе пад нос.

- Но-о, воўчае мяса, бальшавіцкае!.. - Мікола з размаху шлёгнуў канцом лейцаў бліжэйшага каня.

- Суніміся! - прыкрыкнуў Гнат. - Што табе коні вінаватыя?.. Не, - сказаў ён, - гэта не работа, так мы да раніцы не дабярэмся...

- Вы ж мясцовыя, а не я, - азваўся Чуб, які стаяў за два крокі, але якога зусім не было відно. - Давайце, думайце - кудою тут да Семежава бліжэй?

- Кудою: лесам, але ж ты бачыш, які гэты лес!..

Павярнулі назад, да вёскі. Выбраліся на тую самую дарогу, з якой відаць былі крайнія хаты. Гэтым разам, разумнейшыя, узяліся ўлева, пакіравалі коней адкрытым полем да Межы. Хоць дарогі і тут не было аніякае, такія ж, як і ў лесе, калдыбаны, але хоць трохі святлей, ды і пятляць не трэба... Ішлі з добрых паўгадзіны. Чуліся адно скрып гужоў, скіргат восей, атосаў, шоргат драбінаў ды сапенне людзей, якія маўчком шлэпалі па мокрым гразкім снезе... Увачавідкі цямнела і тут, на полі. Прамінулі нейкі пералесачак, дарога крута пачала забіраць угару, Чуб закамандаваў палонным: «Падпіхніце!», і тыя паспешліва, спатыкаючыся, блытаючыся з чортавай вяроўкаю, усё ж прыстроіліся неяк хто ззаду, хто з бакоў і трохі падмаглі... Падвода выехала на роўнае - на высокі бераг Межы. Адсюль быў прамы шлях да Семежава.

- Стой! - скамандаваў Чуб, аглядваючыся.

Яны з Гнатам адышліся воддаль і ціха загаварылі аб нечым, як бы раіліся - пара ці не пара рабіць тое, аб чым толькі яны ўдвох і ведалі?

І ад цемры, і ад гэтага «стой!» (апошняе Мішкава слова), і асабліва ад гэтых ціхіх перамоваў у Мікіціна раптам пахаладзела ў жываце, затахкала ў скронях, і яго ахапіў такі жах, якога не ведаў не тое што сённяшнім днём, але й ніколі яшчэ ў сваім невялікім жыцці... «Няўжо ўсё?!» - і адазвалася ледзяным, млявым, як пах крыві, холадам у жываце: «Вядома, усё!» І сапраўды, колькі яшчэ з імі, палоннымі, важдацца можна, лепшага месца і знайсці цяжка - пустэча, ад вёскі далекавата, рэчка за два крокі... Пастраляюць, скінуць у гэтую чорную ваду, якая да раніцы скуецца лядком са снегам, і да вясны нават трупаў ніхто не ўгледзіць...

Перагаварыўшы, Чуб з Гнатам вярнуліся да падводы. Ні слова не кажучы, Гнат пачаў адвязваць з крука вяроўку. Мікіціна раптам пачаў біць калатун.

- Ну, што? Усіх хіба? - гучна перапытаў Мікола.

- Братцы... Братцы, дорогие, пожалейте... - змярцвелымі, непаслухмянымі вуснамі прашаптаў Мікіцін, гатовы зараз жа, абы загадалі, абы які знак падалі, грымнуцца вобземлю, поўзаць на коленцах перад гэтымі людзьмі і лізаць іхнія боты, гразь есці ў іх пад нагамі... на ўсё гатовы.

- Пощадите, братцы! Я... мне лет еще мало!..

Мікола рагатнуў:

- Не бойся, мы цябе так расстраляем, што балець не будзе!

- Чаго ты чалавека палохаеш, - умяшаўся Чуб, які ў гэты момант развязваў рэўкамаўца Кецку. - Не бойся, таварыш чырвонаармеец, мы дзяцей не крыўдзім... Мы іх не чапаем, а перакоўваем ідэйна...

- Ну, што галавою круціш? - спытаў у Кецкі, развязаўшы яго. Кецка паціраў скалечаныя рукі ў рукавіцах і ўсё азіраўся, бы не даваў веры, што вось ён, канец. - Ты думаў, я цябе сапраўды да Чайкі адвяду? Да такога ж камуністага, як і ты? Ён камуністых лю-у-убіць, гэта я ведаю... ды толькі я і сам вас люблю... Вас жа ў расход пускаць - адна насалода, тое самае, што цэлку... - саступаць такога нікому нельга!.. Давай, боты, палітон скідвай, прыгадзяцца. Ну, сам раздзенешся ці памагчы?

- Рукавіцы таксама? - Кецка нагнуўся, каб сцягнуць боты.

- Бач ты - ведае, а ўсё адно не баіцца!.. - сказаў Гнат. - Рукавіцы не трэба, мо і праўда заразныя якія, сабе пакінь, на светлую памяць.

- Можна хоць да кола прыхінуцца? Як я, стоячы, боты сцягну...

- Прыхінайся.

Усё далейшае адбылося імгненна... Кецка зрабіў пару крокаў да перадка (перадок быў бліжэйшы), раптам падскочыў і з размаху ўдарыў каня па мордзе. Конь шарахнуўся, ускінуўся на дыбы, цягнучы за сабою і другога; гружаная цяжкая падвода сарвалася з месца і юзам пайшла з крутога берага пад адхон, да вады. Трэснула, вывернулася з перадка дышла, пасыпаліся, пакаціліся ўніз па адкосе мяхі і кошыкі, забегалі вакол, замацюкаліся, не бачачы нічога, не ведаючы, што рабіць, людзі, іржалі, біліся коні, якіх падвода цягнула за сабою, падломваючы ім ногі, выкручваючы, што тое дышла...

- Глядзі гэтых!..

- Камуніст уцёк!..

- Коней, коней ратуйце!

- Пастронкі сячы!..

І ўсе мітусіліся ў бязладдзі, і ніхто не рабіў нічога, пакуль падвода, цягнучы за сабою коней, не вухнула разам з імі ў рэчку. Тады толькі Чуб першы апамятаўся, кінуўся да вады, на хаду выцягваючы штык з-за халявы. Мігам адхапіў бліжэйшыя пастронкі, да якіх можна было дацягнуцца з берага. Вызвалены конь з плёхам дапаў пярэднімі нагамі да цупкага і не проста выскачыў, а як бы вырваў сам сябе з гэтай ледзяной прорвы... Другі, дальшы, у якога тырчэла з вады адна галава ў хамуце, толькі ржаў і тузаўся, і думаць нельга было, каб неяк падступіцца да яго. Чуб перадаў Гнату штык, выхапіў з-за пазухі абрэз, дрыготкаю ад злосці (невядома на каго) рукою адцягнуў курок і стрэліў, як падалося, нават не цэлячыся... У тым месцы, дзе віднелася галава, булькнула штосьці, плёснула, як вялізная рыбіна, - галава знікла пад вадою, і толькі падвода, што ляжала перакуленая ў вадзе пры самым беразе, здрыгнулася і ссунулася далей, на глыбіню...

Потым настала цішыня.

Вось гэта, называецца, пашкадавалі раздаць людзям дабро!.. Узялі, называецца, трафеі!.. Захапілі, называецца, палонных!..

Конь прапаў. Кецкі і след прастыў, не паспелі нават стрэліць па ім - і не было як, ды і куды? - цемра скрозь... Забітыя чырвонаармейцы скаціліся з воза, адзін плаваў тварам уніз у вадзе каля берага, сярод мяхоў, другі ляжаў, скурчаны, вышэй па адкосе. Агледзеўшыся, убачыўшы яго, Чуб падскочыў да яго і, вылаяўшыся, скаціў яго, як крывую калоду, нагамі ў рэчку.

Тым часам Мікола, які найперш адвёў ацалелага каня наверх, штосьці сказаў палонным, і тыя нязграбна, спатыкаючыся, звязаныя, пачалі спускацца адкосам да берага.

- А-а, - нібы толькі цяпер успомніў пра іх Чуб, падбег да іх, узрадаваны, што нарэшце знайшлося выйсце злосці, ёсць на кім яе спаганяць. - Гнат, штык сюды! - Гнат падаў, Чуб абрэзаў вяроўку (якую так прасіў вярнуць стары Карпа). - Ану, да падводы! Ану, у ваду! На руках вынесці! І вы яе ў мяне на сабе да самага Семежава пацягнеце, я вам абяцаю!.. У ваду, я сказаў! - і першы схапіўся за абрэзаны кавалак пастронка...

Падводу, нават разам з нежывым канём, выцягнулі лёгка. На ёй не засталося і палавіны дабра, усё плавала цяпер у вадзе і валялася па схіле адкосу. Гнат адчапіў абарак, выслабаніў з-пад хваста набедрыкі, асцярожна перавярнуўшы, сцягнуў з цёплай яшчэ, ліпкай ад крыві конскай шыі хамут, узваліў збрую на падводу. Адразу ж воз вывалаклі наверх, на дарогу. Мікола паспеў ужо агледзець, абмацаць каня, які, на шчасце, быў цэлы, не паламаў нічога, нават абцёр яго мешкавінаю (падабраў адзін з развязаных мяхоў, што валяліся тут, на адкосе, высыпаў рэшткі жыта і так набыў мешкавіну).

Выцягнулі з перадка зламанае дышла; уздзелі на каня - сілком, бо брыкаўся, нюхаючы кроў, - другую, цэлую, збрую перапрэглі па-новаму, без дышла, на адных пастронках...

- Нарабілі работы, - аддыхваючыся, сказаў Гнат. - Ведалі б, дык лепш і праўда аддалі б людзям...

- Вось ім, тваім людзям! Вось гэта яны бачылі?! - закрычаў Чуб і падсунуў Гнату пад нос дулю. - Усё павыкідваю к ё... мацеры! Назло! - раз'юшана крычаў ён, сцягваючы і шпурляючы на зямлю тое, што яшчэ заставалася на падводзе. - А вы чаго?! - вызверыўся на палонных, нібы зноў толькі цяпер успомніў, што ёсць жа і прамыя віноўцы ўсяму. - Запрашэння чакаем?! Усё з-за вас, блядзей... Але я вам зараз устрою... Ану, вы двое - за пастронкі! Перакідвай цераз плячо, як бурлакі на вашай Волзе, вучыць вас яшчэ трэба?! Ды радуйцеся, што пастронкі абрэзаныя, інакш я б вас, далібог, у хамут упёр! А табе што (да Мікіціна, які стаяў і не ведаў, што рабіць), запрашэнне трэба?! Папірай ззаду, смаркач, ды глядзі мне!..

Скуты страхам, мокры, галодны і халодны і тым не менш шчаслівы ад таго, што жыве, што адчувае гэтую самую макрату, голад і холад, сагнуўшыся, маленькі Мікіцін з усіх сіл падпіхваў ззаду падводу, упіраўся адной рукою ў драбіну, другою ў паддон з такой стараннасцю, што аж ногі яго ў новенькіх чаравіках з рыфленымі падэшвамі слізгаліся.

 

XV

 

Выбраўся з начных хмар поўны месяц, і лес па абодва бакі дарогі адразу пачарнеў, як сцяна, а паласа дарогі пасвятлела. І Чайка са сваёй схованкі разгледзеў усё. І парожнюю скрыпучую падводу, якую разам з канём цягнулі за абрэзаныя пастронкі чырвонаармейцы, а адзін яшчэ і папіраў ззаду, і сваіх разведчыкаў («разведчыкаў»!); ён паспеў нават заўважыць, што малога Данілавага няма сярод іх.

Першае жаданне было ўмяшацца. Ён аслабіў павады і ледзь не выехаў на дарогу. Але не зрабіў гэтага. «Табе мала Мірончыка на сёння?» - папытаў сябе і толькі ў цемры пасміхнуўся з сітуацыі. Камандзір палка, кавалер ордэнаў за мужнасць вымушаны хавацца пад хвойкамі ад уласных падначаленых!..

Падвода даўно праехала, не чуваць ужо было ні скрыпу, ні крокаў, ні галасоў. Чайка злез з каня, ведучы яго ў повадзе, выйшаў на дарогу і тут, пасярод яе, спыніўся. Не хапала перад ім толькі каменя з надпісамі, у які бок ехаць, ды не ў тры, а ў два ўсяго канцы вяла дарога... У чырвоную Вызну і бел-чырвона-белае Семежава... «Чорт вазьмі, ды што мяне трымае?!»

Хай робяць, што хочуць! Чаму ён, нічый (як ні круці, а раскусіў яго гэты ліпкі бальшавіцкі манархіст, адразу, бы на лбе ў яго напісана; ды ён амаль і не спрачаўся), не звязаны ніякімі клятвамі, нікому нічога не павінны, ён, дужы, разумны, які нарадзіўся, канечне ж, зусім не для таго, каб рана ці позна скласці галаву - не важна, ад чыёй рукі, - чаму ён не карыстаецца гэтай воляю, якую так у сабе адчувае і заўсёды адчуваў?! І якую душыць у сабе ўвесь час, сільнічае сябе, падстройваецца, прымушаючы сябе любіць тое, што палюбіць не здолее аніколі!..

Конь раптам насцярожыўся. Як сабака, ён раней, чым чалавек, чуў кагосьці чужога. Па дарозе з боку Вызны нехта ішоў. Чайка намацаў у кішэні цёплы наган, выцягнуў яго.

Чалавек набліжаўся. Ішоў ён няўпэўнена, палахліва, не сярэдзінай, а краем дарогі. Збоку бег цень, у тры разы за яго даўжэйшы. Гэта быў не Лебедзеў, як падумалася перш Чайку (хоць калі б і Лебедзеў, мала здзівіўся б), - іншая была хада, не такая постаць: нічога ваеннага, салдацкага не было ў ім і блізка.

Камандзір палка чакаў. Чалавек таксама заўважыў адзінокага вершніка пасярод начной глухой дарогі. Запыніўся, як бы разважаючы: ці не нырнуць, пакуль не позна, у гэты лес? Чайка адцягнуў курок, і той шчоўкнуў металічна і суха. Чалавек звыклым рухам паспешліва сцягнуў з галавы аблавушку і аддаля закрычаў плаксівым, жаласным голасам:

- Я сам! Сам іду! - а падыходзячы, прыціскаў шапку да грудзей і ўсё кланяўся. Цераз плячо ў яго была перакінута аброць, якую ён прытрымліваў вольнай рукою.

- Я гэта каня, каня толькі шукаю, паночку камісар, - гугнявіў ён жаласліва.

Чайку і прыкра ад яго голасу і паводзінаў зрабілася, і разам з тым цікава было.

- Уночы каня шукаеш?

- Заблудзіўся...

- Надзень шапку! - Але чалавек і без каманды ўжо яе насоўваў - ураз акрыяў, асмялеў, пачуўшы беларускую мову.

- Дык а вы мо з Семежава? Чуеце? У мяне ж сын там... Недзе там у вас... Піліпчук па прозвішчы - так завуць яго... - затараторыў ён, - мо вы чулі?

Чулі і бачылі. Адразу прыгадаліся могілкі, акопчык, падлетак, які «каня ў бацькі ўкраў»... Прамільгнула ў галаве, што так і не далажыў у штабе пра яго, забыўся.

- А можа б, вы правялі мяне туды, чуеце, у Семежава? - як часта бывае, за знешняй прынізлівай пакораю адразу ж праступіў у чалавека характар: свайго не ўпускаць, лавіць момант; ён адчуў, угадаў, што Чайка не той чалавек, якога трэба баяцца.

- Хадземце. - Чайка крануў павады.

Чалавек дробненькімі крокамі патупаў побач з канём, ледзь не подбежкам, ледзь паспяваючы; рот у яго не закрываўся:

- Ото ж добра, што на вас напарваўся, чуеце?.. Да сына, думаю, схаджу, дык а мне пакажуць, дзе ён? Дзе сын, чуеце, пакажуць? - і не ўнімаўся з гэтым сынам (таксама свая прымітыўна-спекулятыўная логіка: не проста бадзяецца чалавек па начах такім ліхалеццем, а да роднага сына ў адведкі, ужо менш да яго падазронасці!), што Чайка не вытрымаў, абарваў груба:

- Дзядзька, замаўчы, прашу! Я цябе завяду, і ўсё табе пакажуць!..

А сын акурат гэтай ноччу сабраўся хоць раз добра выспацца.

У вялікай хаце, дзе размяшчалася іх сем чалавек - акрамя яго Чуб, Гнат, Мікола, Дзяніс і двое братоў з Грэска, Іван і Андрэй, звечара было ціха і пуста. Чуб з хлопцамі яшчэ не вярнуліся з разведкі, а браты, як і звычайна, тырчэлі дзесь на плошчы. Разабраўшыся па-хуткаму з канём («каб ён здох!»), паставіўшы яго ў хлеў і сена падкінуўшы, сам Валодзька нават вячэраць не стаў, каб часу не губляць. Ад стомы і недасыпання ён ледзь трымаўся на нагах. Так у адзенні і заваліўся, толькі боты скінуў і, абматаўшы халявы парцянкамі, паставіў разам са стрэльбаю ў чалеснік, далей ад носа.

Спалі яны ўсе, акрамя Чуба, у якога свой тапчан быў, ля акна, проста на падлозе, упокат, на расцярушаных кулях саломы, засланай дзяругамі. Ён падбіў заместа падушкі саламянай пацярухі пад галаву, накрыўся кароткай світачкай, ад чаго давялося скурчыцца так, што калені ледзь не даставалі барады, але нават такое становішча прынесла целу даўно чаканую слодыч. Закружыліся ў вачах елкі, пабегла па нагах і спіне п'янкае цяпло...

Беднаму жаніцца - ноч кароткая, ці, як як яшчэ лепш Чуб кажа, на пахілы куст і козы сцаць. Ледзь-ледзь прыдрамнуў, тут і пачалося. Гаспадыня ўсчала паліць грубку, з грукатам высыпала дровы на бляху. Паявіліся (ляпнулі дзверы, і прабег па падлозе скразняк) браты і яшчэ нейкія з імі прыяцелі, хадзілі, цяжка тупаючы ботамі, па хаце, аж посуд у шафцы звінеў, курылі, бразкалі нейкімі кубкамі, размаўлялі пра палітыку - і хоць бы хны каму, што чалавеку, можа быць, адпачыць трэба!

Валодзька ляжаў не варушачыся, прытвараўся сонным. Ведаў - толькі абзавіся, як браты, гэтыя мужыкаватыя два дурні, здаецца, нават непісьменныя, адразу пачнуць дражніцца (любімая іх забаўка): Іван зацягне - прыцмокваючы, са шкадаваннем: «Гэта ж трэба дагадацца - апошняга каня ў роднага бацькі ўкраў! Вось выгадаваў бацька...», а Андрэй забядуе: «І як беднаму цяпер дроў прывезці, як паараць...» - і ўсё гэта знарок, пацыкаючыся, бо бачаць, што да душы ўсё бярэ, перажывае, аж слёзы закіпаюць, проста біцца гатоў кінуцца. Яго і праўда аж трэсла ад гэтага, бо ўсе, а Іван з Андрэем тым больш - сто разоў ім казаў, ведалі, што ніякі гэты здыхляк не апошні, дома яшчэ два, і ніякі яму бацька не родны, а айчым, але гэта яшчэ больш пацяшала жартаўнікоў: «А, дык, выходзіць, у роднага не краў бы, а ў айчыма можна?»

Толькі далёка запаўнач сышлі чужыя, угаманіліся нарэшце браты, патушылі лямпу, пачалі масціцца з другога краю ляжанкі. Сціхла ўсё, але самы сон - той першы, салодкі, - канечне, быў перабіты. І ў пот ні з таго ні з сяго кінула, і галава разбалелася ад махорачнага дыму, а галоўнае, ніяк не ўлегчыся было - свярбела ўсё: і рукі, і ногі, і жывот, ці то асцюкі калолі праз дзяружку і адзенне, ці гэта блохі з усёй ляжанкі пазбіраліся на ліпкі пот... Паспрабаваў уяўляць сябе - апошні і самы дзейсны сродак, каб забыцца, - нябачным: вось ён сядзіць у самым логаве-штабе бальшавіцкім, бальшавікі ходзяць, гавораць, і ніхто яго не бачыць; а яшчэ лепш асілкам, пад неба, у жалезным адзенні, якое не бяруць ніякія кулі, і гнаць, размахваючы вырваным з коранем дубам, чырвоных, якія разбягаюцца ва ўсе бакі, скачуць, што гэтыя блохі... Да самага Смаленска, а потым вярнуцца - і палякаў да Берасця, за Берасце... Строгі камандзір палка Чайка называе яго перад строем: «Піліпчук!» - каб уручыць яму ўзнагароду, і ўсе ў страі, і сам Валодзька сярод іх, пачынаюць азірацца - дзе ж ён? - пакуль Чуб, як гогалеўскі Вій, не паказвае на яго моўчкі пальцам...

- Вунь, спіць! - і праўда, гудзе голас Чуба. Гнат смяецца (і яшчэ нехта знаёмы - занадта знаёмы гундосіць, але гэта проста рэшткі сну, гэтага не можа быць).

Стук, грукат, галасы, галасы... Разведчыкі вярнуліся. А які салодкі, моцны быў сон! Падалося, толькі вочы прыплюснуў, а ўжо вунь віднее за акном. Ён яшчэ больш скурчыўся пад світачкай, усё яшчэ не разумеючы, чаму раптам у хаце стала так ціха. Чыесьці крокі, таксама, як і голас, занадта знаёмыя, наблізіліся да ляжанкі. Штосьці свіснула над ім у паветры...

Наўрад ці такі ўжо моцны быў удар, але расслабленае, соннае дзіцячае цела апякло бы кіпенем. Ён ускочыў, закрываючыся світкаю, з перакошаным ад нечаканасці і болю тварам.

- Я табе пакажу! Я табе наваюю, негадзяшчы!..

Айчым хацеў перацягнуць аброццю і другі раз, але Валодзька спрытна ўхіліўся і перабег па лежаку да акна, дзе на тапчане сядзеў Чуб - локці на каленях, і назіраў за ўсім. Браты рагаталі лежачы, Гната не было, а Мікола з чыгунка еў суп за сталом.

Гучна ўсхліпнуўшы, Валодзька басанож ірвануў да чалесніка. Намацаў сярод вілачнікаў стрэльбу, пераламаў на калені - патрон быў на месцы.

- Я цябе застрэлю, чорт! Гніда! - але не ярасны крык атрымаўся, а нейкі піск праз слёзы.

Усё адно застрэліў бы, каб не Чуб, які апынуўся побач. Перахапіў адной рукой за рулю, пацягнуў разам з Валодзькам, лёгка выкруціў, нібы несапраўдная, цацачная, з дошкі выразаная была стрэльба. Закінуў яе за плечы, павярнуўся да пераляканага айчыма.

- Ідзі забірай свайго каня на х..., і каб я цябе тут больш не бачыў! Мікола, пакажы яму.

Мікола адразу падняўся, аблізваючы лыжку.

У парозе ўзбуджаны, акрылены хоць такой невялічкай перамогай - усё ж паказаў сілу - айчым забурчэў на развітанне:

- Ён паваюе - я табе паваюю!..

- Ідзі, ідзі, ваяка, - сказаў Мікола, - бо зараз самому як дам у плечы...

Як толькі за імі зачыніліся дзверы, «негадзяшчы» не мог ужо стрымлівацца - захліпаў уголас і руку Чуба, якая легла яму на плячо, адкінуў у злобе. Не трэба ніякіх суцяшэнняў! Хіба тут хто зразумее? Хіба ён з-за таго раўці гатовы, што аперазалі яго, ці з-за гэтага каня, век бы яму яго не бачыць? Не было Беларусі, якую ён так любіў, за якую разганяў ворагаў з каранём вырваным дубам. За якую не ў фантазіях, а на самай справе памерці хацеў. Не было той Беларусі, дзе ўсе як браты, дзе любяць адзін аднаго, памагаюць, а не насміхаюцца і не здзекуюцца... Тут усё інакш, усё не так, як уяўлялася, калі марыў патрапіць сюды!..

Вось ад чаго ён плакаў.

- Ну, ну, годзе. - Здагадлівы Чуб абняў яго, моцна на гэты раз ашчаперыў, не вырвацца. - Было б чаго румзаць... Вунь Дзяніс - ведаеш колькі чырвоных пабіў? А ты тут...

- Ага, пабіў... Такі ваш Дзяніс... герой, - глыбака ўсхліпнуў апошні раз Валодзька.

- Я табе кажу! Сам у яго папытаеш.

- А дзе ён?

- Дома, бацьку памагае. Прыйдзе сёння. - Чуб прыпадняў яго, як шчанюка, занёс і паставіў на ляжанку. - А то стаіш тут босы... Ану, выцірай смаркачы, абувайся! Хадзем са мною, пакажу нешта!

- Нікуды я не пайду...

- Ну і дурны будзеш. Мы табе каня прывялі, трафейнага. Не тое што твая здыхляка. Не хочаш, дык Дзяніс забярэ...

- Дзе?! Дзе той конь?! - спярша ні на хвілю не ўсумніўся, адразу паверыў Валодзька: калі і Чуб паддурвае, пацыкаецца - гэта было б зусім жорстка. Гэтага б ён проста не вытрымаў...

Усунуў ногі ў халодныя боты, без ануч, накінуў на плечы мятую, потам прапахлую світку. Чуб чакаў каля дзвярэй. Выйшлі разам на двор. Світала, стаяў звонкі, амаль ужо зімні марозік. Мікола, пацепваючы плячыма, мачыўся пад сцяну, айчым выводзіў з двара каня, акурат адчыняў скрыпучыя веснічкі. Толькі цяпер чыстымі пасля сну і слёз вачыма пасынак як след пабачыў яго; заўважыў і тое, як ён апрануты - у самую рваніну, адно вуха ў шапцы апушчана, другое паднята, і ўсё гэта знарок, знарок! - каб «беднасць» сваю паказаць, каб не чапалі!..

Айчым азірнуўся, таксама ўбачыў пасынка і забурчэў па інерцыі:

- Наваюе ён мне... Я табе наваюю...

Апярэджваючы Чуба, Валодзька пабег да хлява. Расчыніў цяжкія дзверы, уварваўся ў цёмны, аўсом, сенам, гноем прапахлы вялікі катух, дзе стаялі коні і адкуль айчым свайго вывеў...

Пуста! Няма!

- Не там глядзіш, - пачуўся ззаду голас Чуба. - Ідзі сюды...

Ужо амаль не верачы, Валодзька паплёўся на другую палавіну хлява, дзе быў ток. Конь стаяў у кутку і, апусціўшы ў вядро галаву, спаў стоячы.

Усё жыццё Валодзьку толькі падманвалі і ніхто ніколі нічога не даў яму проста за так. Азірнуўшыся на Чуба, ён перапытаў ціха, недаверліва:

- Праўда, мой?

- А то чый жа?

І тут, у гэтым цёмным хляве, дзе не маглі іх бачыць, Валодзька кінуўся да Чуба, аберуч схапіў яго вялізную, тытунём і мужчынскім духам прапахлую далонь і прыпаў да яе мокрымі губамі.

Чуб толькі ўздыхнуў чамусьці. Адняў руку.

- Годзе, годзе... Ты лепш вось што: ідзі мыйся, брыйся, прыбірайся!

- А што такое? Куды пойдзем? - радасна абміраючы (няўжо камандзір палка будзе ўрачыста аб'яўляць яму падзяку?! - не, так многа шчасця не бывае, лепш напярод не цешыцца...), спытаў Валодзька, за гэтым чалавекам ісці гатовы на край свету.

- Пабачыш, - загадкава адказаў Чуб.

А раніца ўдалася як на заказ! За ноч усё ўстыла, падмерзла - абяцаўся быць першы ясны дзень за ўсю гнілую, хлюпкую восень. Ад заінеўшых дрэў, сцен хат адбівалася сонца, аж міргалі і слязіліся вочы.

Плошча была поўная народу. Сцякаліся сюды і ваенныя, і местачкоўцы - старыя, малыя, кабеты, усе, бы на Паску, чыста прыбраныя, на тварах - урачыстасць, супакой, лагода... Калі Чуб з Валодзькам таксама падышлі і пачалі прабівацца бліжэй да цвінтара, ім саступалі дарогу. Кожны ўжо ведаў пра ўчарашнюю гісторыю з пастралянымі і палоненымі чырвонаармейцамі, многія бачылі ўчора падводу, якую цягнулі бальшавікі. «Малайчына, Чуб!» - чулася ззаду і з бакоў. «Так іх і трэба!» Хтосьці перадаў Чубу трохметровы, на тоўстым, што дзяржак лапаты, дрэўку сцяг.

Роўна ў дзесяць гадзін ударылі ў званы на камяніцы.

- Шапкі, шапкі далоў! - раздалося з розных куткоў плошчы.

Выйшаў з царквы і марудна, бокам спусціўся па прыступках да народа бацюшка, з добрымі, наіўна-сінімі вачыма старэнькі попік, славуты на ўсю акругу тым, што вёў казані толькі па-беларуску, ён і не ведаў ніякай іншай мовы.

Стала ціха. Пастроеныя ў шыхты і шарэнгі вайскоўцы схілілі непакрытыя галовы...

Святар выпрастаўся.

- Дарагія мае сынкі! - пачаў. У марозным паветры голас яго чуваць быў у самым дальнім кутку пляца. - Бацькаўшчына нашая, дарагая наша Беларусь, зруйнаваная войнамі і акупацыямі, стогне й цяпер пад цяжкай пятой ворагаў! Праца над адбудовай Бацькаўшчыны нашай надта трудная, змаганне з магутным ворагам патрабуе вялікіх высілкаў! Але не будзем забывацца, што не ў сіле Бог, а ў праўдзе! А нашая беларуская справа - святая! Пачынаем вялікую акцыю, дык па-а-молімся! - завёў-заспяваў, асяняючы сябе крыжам, і ўсе як адзін на плошчы, на якой былі і католікі, і татары-мусульмане, і жыды (апошнія, праўда, не жагнаючыся), таксама ўслед падхапілі:

- Па-а-амолімся!

- ...Перад пачаткам святой пра-а-ацы! - і далей рэчытатывам, хутка: - Каб Бог памог беларускаму воінству выгнаць ворагаў з нашай многапакутнай зямелькі маці-Белару-у-усі!.. Беларускаму слаўнаму воінству і аружжу яго... - не выцягнуў, спыніўся перадыхнуць, але ўжо апярэджвалі яго:

- Многая-я ле-э-эта!..

Дзяк вынес вядзерца з вадою і панікадзіла; святар пачаў абыходзіць шыхты, шчодра кропячы кожную роту, кожнае аддзяленне. Не забыў папырскаць і коней, і два брыгадныя кулямёты, якія знарок дзеля такога выпадку знялі са штабнога гарышча. Некаторыя падстаўлялі пад пырскі перш зброю - вінтоўку, стрэльбу ці карабін, а тады толькі галаву...

Камандзір палка Чайка прыпазніўся і стаяў цяпер ззаду, сярод самых нізкарослых, трымаючы ў левай, у локці сагнутай руцэ фуражку, а тры пальцы правай звыкла склаўшы ў шчопаць... Пабудзілі яго сёння чуць свет. Адзін з дазораў перахапіў аўтамабіль, у якім аказаліся два савецкія «паслы» і польскі афіцэр: ехалі ў Польшчу на перамовы. Былі б гэтыя «паслы» адныя, самі па сабе, дык не было б, вядома, з імі і клопату, разабраліся б, што рабіць і з імі, і з трафейным аўтамабілем. Але ж палякі! Наўрад ці спадабаецца «саюзнікам» умешванне ў іхнія справы... «Вось і гэты эпізод, - думаў Чайка, па якога тэрмінова паслалі, едучы марозным, прыцемным яшчэ ранкам да затрыманых, - які паказальны! Вось і цвердзяцца словы ўчарашняга Лебедзева! Дык што ў нас тут і з кім за змаганне такое?! Ёсць у нас нейкая самастойнасць, гаспадары мы тут, чорт нас вазьмі, хоць бы ў гэтай нейтральнай, нічыйнай зоне, ці вечныя парабкі кагосьці?..»

Але самае цікавае было наперадзе. «Паслы», два маладыя кампанейскія хлопцы, аказаліся старымі знаёмымі, ведалі Русака, Пракулевіча, Радзюка, якія пару тыдняў назад, яшчэ ў Слуцку, перадавалі ім ноту - «зварот да дэмакратыі ўсяго сьвету (ні многа ні мала) з пратэстам супраць падзелу незалежнай БНР»; нашыя хваліліся потым, як добра бальшавікі іх прымалі, праўда, сядзець давялося на стале, бо не хапіла крэслаў, але гэта такія дробязі... Калі Чайка пад'ехаў, у ранішнім сутонні адкрыўся перад ім такі малюнак: на капоце стаяла пляшка каньяку, хадзіла па крузе чарка; воддаль, спіною да аўтамабіля, нервова курыў польскі афіцэр - каля ног яго ляжала штук пяць недакуркаў. Чайка спешыўся. «Што за банкет?» - гаркнуў па-камандзірску, на што адзін з паслоў, фарсісты, чубаты, з адкрытым разанска-тамбоўскім тварам, дружалюбна абазваўся: «Кінь, камандзір! Свае людзі! Хочаш, я табе нешта пакажу?» - як ні ў чым не бывала, палез у аўтамабіль, дастаў планшэт, з планшэта карту, моўчкі разаслаў яе на капоце перад Чайкам. Той упіўся ў яе вачыма - ваенная трохверставая карта, і на ёй было пазначана ўсё - ад высотак, дзе размяшчаліся артылерыйскія разлікі, да адзіночных сакрэтных лясных пастоў. Вось так з намі лічацца, вось так «усур'ёз» успрымаюць!..

Дзіўны гэты, ні на што не падобны эпізод скончыўся хутка. Была нават вытрымана фармальнасць - у падарожным лісце чыркнулі, што так і так, праезд дазваляем, і, развітаўшыся ледзь не з пацалункамі, «паслы» пачхалі на сваім аўто на Баранавічы, упэўненыя, што інакш і быць не магло, - паехалі, пакінуўшы ў разгубленай і без таго душы камандзіра палка прадчуванні самыя нядобрыя...

І толькі цяпер, каля царквы, яго пакрысе стала адпускаць. Ён і не чакаў, што ўбачыць такое мора святочных людзей, што будзе ўсё так урачыста, сур'ёзна... Гэты святы ў сваёй наіўнасці попік не прыкідваўся, не крывадушнічаў, ён папраўдзе, як у самога Бога, верыў у тое, што пасля асвячэння беларуская зброя прывядзе да перамогі; і гэтая вера, як і любое сапраўднае, не магла не перадавацца іншым. І калі зацягнулі «многая лета», у Чайкі зашчыпала ў горле - такімі нікчэмнымі, гадкімі падаліся сумненні свае апошняга часу, усё гэтае самакапанне - як прыкмета, па вялікім рахунку, звычайнай трусасці!..

Нехта пацягнуў яго за абшлаг шыняля. Дакончыўшы жагнацца, Чайка павярнуўся. Перад ім стаяў Даніла.

- У штаб, тэрмінова, пан камандзір! - ад хвалявання ардынарац звярнуўся афіцыйна.

Чайка, нічога не пытаючы, пайшоў за ім. Параўнаўшыся з цвінтаром, ён убачыў паперадзе строю Чуба - у адной руцэ той трымаў таўсценны дзяржак сцяга, другой клаў на грудзі размашыстыя крыжы; твар яго быў заміраны, спакойнаціхамірны...

Даніла перахапіў камандзіраў пагляд, таксама азірнуўся на Чуба.

- Перацягнуць бы чорта гэтым дзержаком! - выціснуў разгневана. - Галоўнае, яшчэ і торбу з гасцінцамі прынёс!..

- Якую торбу? Што здарылася?

- Бяда здарылася, Павал Пятровіч! З-за яго вунь бальшавікі ўночы акружылі вёску, людзей пастралялі - Васілько малы прыбег толькі што... Дзяніса майго арыштавалі! І ўсё з-за дурня гэтага!..

Перад тым як падняцца на ганак, Чайка прыпыніўся. Прамовіў, кратаючы на няголенай барадзе выпуклы, на белую вусеніцу падобны шнар:

- Якая ж гэта бяда? Гэта не бяда, гэта тое, што й павінна было быць. Дапацыкаліся... Гэта толькі пачатак!

 

XVI

 

А ў сяле адбывалася вось што.

Не паспелі Чуб са старым Карпам выйсці на вуліцу, як ад Дзянісавай хваробы не засталося і следу; ён вызірнуў у акно, сарваў з калочка-вешалкі шынялёк, сунуў у кішэню маўзер, выскачыў на двор і, прыгінаючыся, хуценька папраставаў агародамі да суседняе хаты - той самай, з якой быў малы Васілько, што папярэдзіў іх пра чырвоных, і, галоўнае, той самай, дзе жыла яго сястра - крэпенькая круглашчокая «безадказная» (даходзілі да Дзяніса чуткі) Лізка.

- Ай, малайцы! - не хаваў радасці ад з'яўлення госця Лізін бацька, дзядзька Ладусь, мітусячыся каля стала.

- Трэба ж - так спрытна ўхайдокалі! А вось я дарма што стары, а не змог бы!.. Так я што хочаш: і цяля зарэжу, і кабана, а вось чалавека - не дай Бог! - казаў, нібы хвалячыся сваёй гэтай няздатнасцю. Невялічкі, з хітраватымі вочкамі, хуткі на язык і на рухі, падобны нечым на брыгаднага «апостала ў лапцях» Мяшочка (на якога часта, калі ён выступаў, Дзяніс з сябрам Валодзькам Піліпчуком глядзець не маглі без смеху). - Я ж і ў варміі не быў ніколі, не ведаю, якім бокам тую стрэльбу наводзіць...

У хаце было холадна. Хоць і прапальвалі, але дзьмула з усіх шчылінаў, асабліва ад акна. Дзяніс у шыняльку, толькі фуражку скінуў, сядзеў на покуці і, панурыўшыся, не слухаючы дзядзьку Ладуся, круціў у пальцах шклянку з жаўтаватай смярдзючай самагонкаю. Даўно сцямнела. Самаробная газнічка куродыміла ў вочы і паўкругам асвятляла стол з бутлем на ім і з беднай закуссю: міска квашанай капусты, вараная бульба на ручнічку, соль ды цыбуля. У другім кутку, каля печы, гарэла, патрэскваючы, смольная лучыніна, ціха татахкала прасніца - Ладусева жонка, цётка Ёўга, ссучвала на верацяно кудзелю. Побач на поліку прыткнулася чырванашчокая Лізка, яна змотвала ў клубок гатовыя ніткі і мяняла час ад часу лучыніны (чорныя абгарышы ляцелі ў чыгун з вадою і з шыпеннем тухлі). Ногі яе, абутыя ў лапцікі, не даставалі падлогі, яна хістала імі і не зводзіла з Дзяніса бліскучых вачэй. Малы Васілько, натомлены і намерзлы, спаў на печы.

«Ды не цягні ты, расказвай! - будзе ўмаляць Валодзька Піліпчук. - Ну, пабілі вы чырвоных - і што далей?» - «Што-што, пайшоў вады папіў... Тады думаю, навошта мне тое Семежава здалося, гульну, думаю, хоць які дзянёк, раз ужо так падшэнціла. Да дзеўкі, думаю, адскочу». - «Да дзеўкі?! - абамлее ад зайздрасці, не паверыць Піліпчук. - У цябе хіба дзеўка ёсць?» - «Ну ты смешны - і не адна. А гэтая, Лізка, ты не ведаеш яе. Кажу Чубу - так і так, захварэў, кажу, нешта горла баліць. Чуб хітры, здагадаўся, вядома. Маўзер Кецкаў пакінуў. Закурыць маеш?» - «На!» - і пакуль ён марудна пачне скручваць цыгарку, Валодзька будзе прытупваць ад нецярпячкі. «Ну, далей!» - «Што далей - не паспела ад'ехаць падвода, як я маўзер у кішэню, ногі ў рукі - і да дзеўкі. Вось... (будзе расказваць, расцягваючы словы, у доўгія паўзы пыхкаючы самакруткаю), ну, з бацькам яе пасядзелі, выпілі, значыць...» - «Выпілі?!» - «Ну ты смешны - як жа без гэтага? Гляджу - яна, ну, Лізка, ножкамі так і стрыжэ, вочкамі так і свеціць...»

- Дзяніс! О Дзяніс, чуеш?

Ён страпянуўся. Дзядзька Ладусь са шклянкаю ў руцэ сядзеў з краечку лавы, быццам не гаспадар, а госць быў тут.

- Я, Дзяніс, гэта... Кажу, не змог бы чалавека забіць...

- А ён, можна падумаць, змог, - насмешліва абазвалася з поліка Лізка. - Нябось напалохаўся, уцякаў, як заяц!

- Так і было, - пацвердзіў Дзяніс.

Дастаў з кішэні маўзер, агледзеў яго ўважліва, дзелавіта. Паклаў назад у кішэню.

- Ага, такі спалохаецца! - Дзядзька Ладусь з павагаю, з любоўю і з гонарам за яго сачыў за гэтымі рухамі. - Ты, Дзяніско, сынок, на мяне не глядзі, пі сабе і закусвай!

Выпілі; дзядзька Ладусь далікатна, у шчопаць, захапіў капусты з місы - ніякіх ні відэльцаў, ні лыжак на стале не было. Дзяніс макнуў у соль цыбуліну, падумаў - ну і галота, трэба было здагадацца прынесці хоць сала які кавалачак... Ці толькі Лізку прысароміў бы гэтым?.. Які ён усё ж малайчына, што прыйшоў сюды.

Прыемна, добра, утульна было, нягледзячы на холад... Ад самагонкі, ад лісліва-хвалебных слоў дзядзькі Ладуся, які, вядома ж, як і кожны бацька, прымае яго за зяця, ад ціхага татахкання пралкі, ад паглядаў Лізчыных, ад таго, што Васілько спіць на печы (малы - не тое што ён, дарослы хлопец Дзяніс - таму і спіць так рана)... А яшчэ больш прыемна і добра ад уяўлення, як пра ўсё гэта можна будзе расказваць Піліпчуку Валодзьку. Прычым і хлусіць не трэба.

Дзянісу раптам прыйшло ў галаву: а мо ён і праўда герой, як дзядзька Ладусь з дачкою думаюць? Згадаў Чуба - як той піў і закусваў салам без хлеба, калі на двары трупы яшчэ не астылі. Тады яго ледзь не зблажыла... А цяпер тое самае робіць, што й Чуб, адно мерцвякі ўжо не стаяць у вачах... Усё, аказваецца, прасцей, да ўсяго можна прывыкнуць. Хто і як даведаецца, што «геройства» ягонага на тое хапіла, каб вяроўку з каморы вынесці, а потым спужаўся, у атрад не паехаў, урэшце, збег да суседзяў, абы дома не заставацца?.. Гэта гледзячы як расказваць... Адны й тыя словы, па-рознаму сказаныя, могуць выставіць яго як за сцыкуна, так і за героя. Дойдзе гэтая гісторыя, напрыклад, да Чуба і да Гната з Міколам - і ўсё самым найлепшым чынам растлумачыцца. «А! - падкруціць вусы Чуб. - Дык ён, гад, проста паддурыў нас, не паспелі мы з хаты, як ён да дзеўкі! Спрытнюга!»

- Дзяніс! О Дзяніс! - крануў яго за руку дзядзька Ладусь. - Ты чуеш?

- О?

- Я гэтае, кажу, - а бацька ведае, што ты ў нас?..

Добра і прыемна таксама, што яго, Дзянісаў, бацька багаты, а гэты Ладусь - бедны. Таму і цягнецца да заможнікаў, аж карціць яму парадніцца з якім-небудзь; таму і спытаў, ці ведае Карпа, што яго сын да Лізкі ходзіць, - раз бацька ведацьме, то гэта ўжо сур'ёзна, гэта ўжо спадзеўкі на штось; таму і падстройваецца пад багатыроў - не ўступае ні ў якія камбеды, Саветы лае, «лясных хлопцаў» хваліць, на апошнія грошы выпісвае «Беларускае Слова» - маўляў, і ён не так сабе: пры патрэбе і пра палітыку ўставіць, і ў эканамічных навінах разбярэцца, і нават курсы валют (якія рэгулярна змяшчала газета) яго цікавяць - і ўсё не як Піліп з канапель, а талкова, спаважна, да месца...

- Дзяніс, чуеш?..

- Што? - у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.

- Я гэта... Пытаю - хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?

- Дзе-дзе?

- Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...

- Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж - у Францыі, Рыга - у Латвіі.

Ліза на поліку аж зайшлася смехам - яшчэ й газеты чытае!

Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:

- Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во - хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць - чорта з два, ніяк...

- Што ёсць, тое ёсць, - пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс. - Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, - паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.

- Ну-ну, - праявіў дзядзька цікавасць, - і колькі? Хоць прымерна?

- Значыць, так. - Дзяніс пачаў загінаць пальцы. - Урад БНР Ластоўскага ў Рызе - раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве - два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі - тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні - чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу - пяць, так? - Левая рука згарнулася ў кулак. - Урад Кнорына - Чарвякова ў Менску - шэсць?

- Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, - уставіў да месца дзядзька Ладусь.

- Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там - сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...

- Ой, мнагавата, ой, мнагавата, - круціў галавою дзядзька Ладусь. - А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых - ваўка лягчэй абкласці...

- Лепш-то лепш, дык яны ж грызуцца ўвесь час. Дзе два беларусы, там тры партыі, - ужо не Чуба, а Мірановіча паўтарыў Дзяніс.

- Ото-то, добра ты сказаў, Дзяніско!..

Дзядзька Ладусь яшчэ распытваў - «ці многа вас? і хто вам памагае? і ці пераможаце вы?» - і ўсё нахвальваў Дзяніса, усё ліслівіў; але як ні прыемна было, рассеўшыся па-гаспадарску на лаве, слухаць гэтыя словы і лена на іх адказваць, як ні соладка было лавіць на сабе пагляды дзявочых бліскучых вочак, Дзяніс адчуваў, што даўно час развітвацца і йсці. Усё было выпіта, усё з'едзена, і прасніца перастала ўжо татахкаць, а цётка Ёўга знікла ў большай хаце - пасцелі слаць, ужо і сам дзядзька Ладусь крадком паціраў чырвоныя нос і шчокі і пазяхаў, з ветлівасці не разяўляючы рота. Адна Лізка сядзела, як і сядзела, на поліку, папраўляла лучыны і хістала ножкамі.

Ён рабіў выгляд, што збіраецца ўстаць, чакаючы, што і дзяўчынка ўстане і правядзе яго, але тая нібы нічога не бачыла і ні аб чым не здагадвалася. Выручаў дзядзька Ладусь - «мо яшчэ трохі пасядзі», і Дзяніс пакорліва і з палёгкаю плюхаўся на лаву.

Калі дзядзька Ладусь адкрыта пазяхнуў і перахрысціўся, ён усё ж устаў - ужо ў апошні раз; цярэбячы аколыш фуражкі, з нямой мальбою зіркаючы то на дзяўчынку, то на бацьку яе: «Здагадайцеся, затрымайце як-небудзь, няўжо вы не разумееце, што мне жудка ісці ў двор, па якім цені мерцвякоў матыляюцца!..» І ў той самы момант, пакуль уставаў, радасна бліснула ў галаве: «Вось яна, прыдумка!» Лазня! Іхняя маленькая лазнечка ў канцы агародаў, ля рачулкі, акурат паміж надзеламі дзядзькі Ладуся і іхнім.

Цяпер трэба было толькі выманіць з хаты Лізку, і тады ўсё склалася б так, што думай - лепш не прыдумаеш.

- Ну што - пайду памалу, - сказаў ён, надзяваючы фуражку.

- А мо пагуляй, - у каторы раз без асаблівай ахвоты прапанаваў дзядзька Ладусь. - Вунь і Лізка яшчэ спаць не хоча...

- Няхай ідзе, калі сабраўся.

(«Ну, сучка малая, усё яна бачыць, усё ведае, проста пацыкаецца!..»)

- Ты ж хоць правядзі хлопца, гэта самае...

(«Вось малайчына дзядзька Ладусь, як да месца ўспомніў, што будучы, можа, зяць перад ім!..»)

Лізка прытворна ўздыхнула: была, маўляў, ахвота, каб не бацька, выпраўляцца ў гэтыя провады. Спаўзла з поліка, выкалупнула ззаду і спераду складкі спаднічкі спаміж ног, накінула світачку на плечы, закруцілася па вочы ў тую самую «канаплянку», што рабіла яе падобнай на дарослую маладзіцу.

Дзядзька Ладусь таксама ўлез у кажух.

- У борню заадно выйду, - сказаў.

- Фу, тато, які ж вы!.. А яшчэ газеты чытаеце! - пачырванеўшы, засмяялася Лізка, і Дзяніс засмяяўся, у якога ад гэтых збораў і ад падгледжанага папраўляння спадніцы камень з душы спаў.

На дварэ было светла, як днём. Замест сонца ў самым цэнтры неба завіс яркі бела-чырвоны месяц (на мароз), і скрозь блішчэлі буйныя блізкія зоркі.

Як толькі дзядзька Ладусь, развітаўшыся з будучым зяцем і паківаўшы дачцэ пальцам, пайшоў за хлеў, Дзяніс ступіў да дзяўчынкі і прытуліў яе да сябе. Крысо расхлістанага шыняля падвярнулася, і маўзер муляў паміж імі, як трэці лішні...

- Хадзем у нашую лазню, - зашаптаў горача. - Не бойся, тата не будзе сварыцца, ён жа сам наказаў табе правесці...

- А там холадна, - таксама прашаптала, не адрываючыся ад яго, яна, і ён зразумеў, што, відаць, праўда ўсё, што пра яе чуў - «дае кожнаму, хто папросіць»... Ну, тым лепш! Ён, можа, больш чым хто заслугоўвае.

- Са мной не будзе холадна, - патрапіў адказаць, дзівячыся сам сваёй смеласці і знаходлівасці; схапіў яе за руку і павёў у канец агародаў па снежным цаліку.

Ужо каля самай лазні, на спуску, яна паслізнулася, ён прытрымаў яе, ды так удала - рука слізганула ёй за пазуху і намацала камячкі грудзей. Абое ўздрыгнулі. Як замнога ўсяго!.. Валодзька Піліпчук, аблізваючы перасохлыя вусны, ужо і распытваць перастане, яшчэ б! - «ну, міргнуў ёй, выйдзі, маўляў... Сам з хаты, яна адразу следам... Пайшлі, кажу, у лазню, не бойся, са мной холадна не будзе...»

- Дзяніс, - прашаптала дзяўчынка, - а мы будзем грубку паліць?

- Запалім, там дроў поўна.

- А калі дым пачуюць ды прыйдзе хто?

- А вось, - ізноў, як і ў хаце, выцягнуў з кішэні і паказаў маўзер.

Толькі тады да яго дайшло - пры чым тут зброя, а калі яго бацька ці яе прыйдуць, ён што, ад іх сабраўся абараняцца?..

На дзвярах пачэплены быў дужкаю ўніз іржавы замок. Дзяніс перавярнуў яго, і той адмыкнуўся без усялякага ключа. Лізка ўпырхнула ў цёмны лаз. Дзяніс памарудзіў міг. Яму раптам страшнавата зрабілася, што ўвойдзе ён у гэтую лазню адным чалавекам, а выйдзе іншым... Але трэба! Трэба рабіцца мужчынам. Трэба расказваць Валодзьку Піліпчуку, і расказваць смакуючы, не забыць ані драбязы, трэба спачатку дабіць яго, знішчыць, а потым уваскрасіць паблажлівым: «Няма ў гэтым, браце, нічога такога... Што самакрутку выкурыць - аднолькава!» Снег блішчэў і іскрыўся пад зорна-месячным святлом. За рачулкаю, уледзянелай і таксама засыпанай снегам, чарнеў лес. Па другі бок цямнелі хаты, клаліся ад іх доўгія цені. На агародчыку, утырканым абвязанымі саломаю дрэўцамі, усяго за якую сотню крокаў адсюль, некалькі гадзін назад забілі чалавека, якому таксама, можа, хацелася самагонкі выпіць і прытуліцца да чырванашчокай і «безадказнай»...

Дзяніс, сагнуўшыся, нырнуў у прылазнік. Пасля светлага двара падалося тут не проста цёмна, а аж неяк чорна. Дзяніс намацаў у кішэні сернікі, навобмацак, выставіўшы ўперад руку, знайшоў пры сцяне складзеныя ў паленніцу бярозавыя колатыя дровы. Адлупіў з палена суха-шапаткой, непрыемнай пад пальцамі, аж зубы на міг занылі, бяросты. Калі ў грубцы загуло, затрашчала і запахла соладка і ўтульна лучынаю, а па сценах, столі і па падлозе затанцавалі цені, маленькі прылазнік асвятліўся і стаў яшчэ меншы.

Лізка сядзела на лаўцы перад грубкай, адна рука на калені, другая падпірае бараду, і, не міргаючы, глядзела на агонь. Дзяніс выцер аб шынель рукі, падумаў і сеў побач, прытуліўся да яе. Абняў дзяўчынку за плечы. Яму здалося, што рука яго нават праз тоўстую світку адчувае цяпло.

- А я дык больш за ўсё люблю ў вагонь глядзець, - па інерцыі шэпатам, бо каго баяцца, яны ж адныя ўжо былі, прамовіла дзяўчынка. - Тата запаліць грубку, я сяджу сабе, гляджу... Ніяк адарвацца не можна. А ты любіш?

- У лазні, - яму таксама перадаўся, як пазяханне, гэты шэпат, - я мыцца люблю, а не ў грубку глядзець...

- А як вы там, у арміі, мыецеся, Дзяніс?

- Так і мыемся... Лазні ж ёсць, хапае іх у Семежаве...

- А дзеўкі як? Разам з вамі хіба?

- Якія дзеўкі? - Няўмела пачаў ён развязваць на ёй хустку і, развязаўшы, не ведаючы, куды падзець, скамечыў і запіхнуў сабе ў кішэню. Прыняўся за світку. - У нас няма ніякіх дзевак, ніводнае, нават у шпіталі... няма...

Ніяк не хацелі расшпільвацца гаплікі, верхнія, пад шыяю...

- Фу, і праўда горача тут... Дзяніс, ну што ты робіш?!. Перастань, кажу!.. Не спяшайся, - прасіла яна праз нервовы смех.

А ён і сам ужо не хацеў спяшацца, здагадваючыся, што акурат у зацяжцы такой прэлюдыі...

- Дзяніс, а праўда... не страшна... людзей страляць? - Яна задыхалася і сама расшпіліла ўсе да канца гузікі.

- Якіх... яшчэ... людзей?

- Ну... чырвоных.

- Чырвоных - не страшна...

Яна абмахвалася, расчырванелая, - рухам маладзіцы, што глынула за святочным сталом праз меру першаку і цяпер у сябе прыйсці не можа.

- Пачакай... Ну, пачакай, кажу! - гаварыла задыхана. - Адзін раз было, ты яшчэ ў Слуцку вучыўся, а чырвоныя прагналі палякаў, самі едуць праз вёску, усе павыходзілі, пазіраюць, і я выйшла... А іх цэлы свет, едуць абозамі, пехатою ідуць, абарваныя, што старцы, абношаныя, шлэп-шлэп босымі нагамі па шашы, адно крычаць: «Даёш Варшаву! У Варшаве абуемся, рыб'ята!», а на падводах, далібог, - жанкі, дзеці, песні спяваюць... А ў падводы не коні ўпрэжаны, а такія страшыдлы - губатыя, з гарбамі, і венікі жаруць, - далібог, тыя, якімі падлогу падмятаюць!..

- Вярблюды... называюцца... - Яго рука даўно пасоўвалася ўжо ёй па назе, вышэй калена...

Яна здзіўлена зіркнула на яго, нібы пачула якую непрыстойнасць.

- Як-як?!

- Вярблюды... з гарбамі...

Яна нагнула яму галаву і прашаптала ў вуха, смеючыся:

- Вер-бляды? Ці вер-блядзі?

Яго бы варам апякло. Вось яно, прагучала - словапароль!.. Вось ён - пропуск у блізкую ўсёдазволенасць!.. Вось ён - у сукупнасці з дрыжыкамі яе нагі ў яго пад рукою, ды з нервовым шэпатам, ды - асабліва! - з пахам, не іхнім казарменна-салдацкім, а пахам вострага, юрлівага, дзявочага поту, - знак, што хутка ўсё адбудзецца...

- Ну, Лізка!

- А што я такога сказала? Аксеня так лаецца... Пачакай!..

- А як... яна... яшчэ лаецца?

- Так я табе і сказала... Усё! - І мякка, але й рашуча ў той жа момант, умець так яшчэ трэба, скінула з нагі яго руку. Ужо без нервовага свайго смеху, не шэпатам, а ўслых, зусім як дарослая прамовіла: - Дзяніс, ну што ты робіш? Я ж малая яшчэ!

У яе голасе была скруха.

- Малая! - Ён падхапіўся, насуплены ад злосці. - Матныя словы казаць не малая!

- Я ж так, нарошне... Ну, чаго ўскочыў? Пакрыўдзіўся?

А яму раптам цюкнула ў галаву дурное. Можа, выцягнуць зараз маўзер ды наставіць на яе, прыпужнуць? Засмяяўся гучна. Так, як ёсць, яшчэ лепш. Былі яны ў лазні адныя? Былі. А што ўжо там рабілі, хай Валодзька Піліпчук сам дадумвае.

- Чаго ты смяешся?

- З цябе.

- А за што з мяне смяяцца?

(«Ага, ты крыўдзішся, - можа, на гэтым сыграць? Не з дзвярэй, дык з акна?»)

- За тое, што ты... Такая вось.

- Якая? - не адставала яна. - Непрыгожая? Дурная?

- Не ведаю.

Памаўчалі. Ён прысеў на кукішкі - знарок, каб сабою закрыць ёй агонь, на які яна так любіць пазіраць, - усунуў у чырвоную зяпу грубкі пару паленцаў.

- Мы не ўчадзяем, Дзяніс? Ты юшку добра адкрыў?

- А ты што, ноч тут сабралася начаваць? - сказаў ён груба.

Дзяўчына паднялася - з грукатам упала нязграбна адсунутая лавачка. Дзяніс адчуў на плячах яе рукі.

- Ну, пакрыўдзіўся?

(«Па-новаму?»)

Не адказваючы, ён варухнуў плячыма. Але яна не адняла рук.

- Паслухай, я падумала... Ты ж заўтра пойдзеш? Ну, у сваё Семежава?

- Заўтра пайду.

- Скажы... Гэта ж і цябе могуць?..

- Могуць, - лёгка дадумаў ён нявымаўленае слова.

- Дык гэта ж, можа быць, твая... - сама ўражаная, развівала яна далей: - Нашая апошняя ноч!..

Ён капрызліва маўчаў. Нарэшце дайшло... Так, апошняя, і могуць забіць, і няхай забіваюць!..

- Здымі шынель, Дзяніс... І хадзем сюды, у куток...

- А я паглядзець на цябе хачу!

- На што там глядзець?.. Сорамна! І грубка ж блізка, горача ад яе... Ну, Дзяніс!..

А ў грубцы, і праўда, патухала доўга. І доўга яшчэ сцены маленькага прылазніка, ажыўленыя мітуслівымі ценямі, былі адзінымі сведкамі (...), пакуль нарэшце не здаволіўся агонь, не ўтаміліся і не пачалі блякнуць і знікаць пакрысе самі цені...

Нагуляныя, натомленыя дзеці, Дзяніс з Лізкаю, цесна прытуліўшыся адно да аднаго, пасвістваючы насамі, соладка спалі на рассцеленым каля палянніцы шыняльку. Яе галава з ускалмачанымі валасамі ляжала заместа падушкі на яго выцягнутай руцэ. Раздвоеная ластаўчыным хвастом пасмачка збілася на лоб і даставала да вуснаў (цяпер вялікіх, падпухлых), дзяўчынка штораз перасмыкала імі, сілячыся прагнаць з іх дакучлівую муху. У яго твар быў суровы, нават сярдзіты. Са свістам варушыліся ноздры, пераноссе то разгладжвалася, то зноў набрыньвала зморшчынаю - відаць, і ў сне не было яму супакою, усё абдумваў, як лепш расказаць пра свае прыгоды сябру Валодзьку Піліпчуку...

Яны спалі, - а ў гэты час стаяў, прыляпіўшыся да шурпатай смалістай сасны, закрываючы каню рот, каб не заржаў, агаломшаны камандзір палка Чайка, міжвольны сведка жывой «карціны Рэпіна»: адно замест бурлакоў - палонныя чырвонаармейцы, а замест баркі - падвода; і ў гэты ж самы час цёзка яго, другі Павал, калаціўся ў разбітым цягніку - ехаў невядома куды, невядома да каго: выпрошваць грошы, зброю і амуніцыю (не здагадваючыся, што рыхтык з такою ж самай, толькі сакрэтнай, місіяй прабіраецца зараз да Лунінца, у канспіратыўную стаўку Булак-Балаховіча, Ян Мацэля - паведаміць, што ўсё падрыхтавана да перавароту, трэба толькі знак: «і нацыяналістыя камандзіры і радаўцы-незалежнікі, разам з Жаўрыдам, будуць арыштаваныя», а таксама папрасіць, каб «бацька» ўзяў брыгаду пад сваю апеку, гэта значыць, на поўным сур'ёзе зрабіць тое, аб чым на семежаўскім мітынгу Жаўрыд выказваўся іранічна).

Дзяніс з Лізаю соладка спалі і не ведалі, што са Слуцка, ускінутыя па трывозе тэлефонным званком з вызнянскага рэўкама, куды дапаў нарэшце, праклінаючы Чуба, скалелы, з яшчэ больш адмарожанымі рукамі ўцякач (і куды неўзабаве з'явіцца адпушчаны Чайкам «чырвоны манархіст»), ужо выступіў карны атрад на чале са спецыяльным, з самога Смаленска прысланым упаўнаважаным-камісарам па прозвішчы Губмян - грымучая армяна-жыдоўска-расейская помесь, забяспечаная падрабязнай інструкцыяй «подавления националистического бунта всеми надлежащими рев. методами».

Яны спалі - і ведаць, канечне ж, не маглі, што ў гэты самы час у далёкай латвійскай сталіцы, ва ўтульным, сівернаму балтыйскаму ветру непрыступным асабнячку насупраць Домскага сабора, савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч («красавец, любитель дорогих вин, женщин»...) Арнольд Абрамавіч Іофе сам-насам з польскім палітычным дзеячам Янам Тамашавічам Домбскім (чаго толькі не вымудруе гісторыя!), папіваючы каньячок і закусваючы прыпудранымі цукрам залацістымі лімоннымі долькамі, у трэці раз перапрадавалі адзін аднаму Беларусь - бы ў карты на яе перакідваліся. «Нашто нам з вамі, Божа ж ты мой, - мядова мурлыкаў Іофе, трымаючы ў пульхных, ужо без пярсцёнкаў, пальцах казырных караля з дамаю, Домбскаму - з казырнымі валетам і тузам, - нашто нам яшчэ й такая скула пад бокам, хіба мы самі не дамовімся? - вы толькі захочце*... Вось калі я быў паслом у Берліне!..» (ці выблісне хоць што з гэтага лімонна-каньячнага вечара ў памяці ў Арнольда Абрамавіча, калі роўна праз сем гадоў уставіць ён сабе ў рот наган і націсне на курок?..).

* «По соглашению между Иоффе и Домбским на рижской конференции было разрешено советским войскам войти в нейтральную зону на 77 часов для очистки зоны от бандитизма». - У.Пракулевіч.

Дзяніс з Лізаю спалі, пасвістваючы насамі, і ні аб чым гэтым ведаць не ведалі.

 

XVII

 

На досвітку, той сцішанай перадранішняй парою, калі неба на ўсходзе толькі-толькі пачынае рабіцца фіялетавым, калі ўжо знікаюць зоркі і блякне, амаль раствараецца ў начных хмарах месяц, але світання няма пакуль і знаку, і незразумела - чаму ж так светла тады? чаму ўсё відно? - хіба што ад гэтага сіняга, скрыпучага пад нагамі, сухога снегу, парою, калі самы час падымацца ды глядзець скаціну, усё сяло, ад малога да старога, выгналі ў поле і акружылі.

Людзі стаялі шчыльным натоўпам - цёмнай плямінай на белым снезе, - самі цяпер бы тая скаціна ў гурце. На пярэдніх нацэлены былі два «максімы». Акружаў натоўп разрэджаны ланцуг чырвонаармейцаў з вінтоўкамі.

Непадалёку, пры дарозе, размясціліся цыганскім табарам некалькі падвод, упрэжаных худымі чырвонаармейскімі коньмі. Адна стаяла асобна, зусім блізка - акурат па цэнтры перад людзьмі, каб кожны мог убачыць паклажу на ёй.

І людзі глядзелі. Заднія прабіраліся бліжэй, напіралі на пярэдніх, выцягвалі шыі... Некаторыя хрысціліся. Мала паклажы - два абледзянелыя, раскірэчаныя трупы з раскіданымі рукамі, нібы абняўшыся, ляжалі ў задку (праз дзірку драбіны звешвалася знаёмая доўгая брудная абмотка), - воддаль сярод гуртка чалавек з пяці начальнікаў, што пазнаваліся па сваіх рамянях, партупеях ды фуражках, тырчэла постаць... Косціка Кецкі. Таго самага, якога ўчора звязалі і павялі, а вось ён раптам тут, жывы, здаровы, нават у тым жа сваім фарсістым скураным палітоне! Магчыма, не так на забітых жагналіся, хоць і іх з'яўленне паспрабуй растлумач, колькі на яго, з мёртвых уваскрэслага валаснога рэўкамаўца...

Тым часам рэўкамавец штось тлумачыў сваім таварышам, найбольш звяртаючыся да невысокага барадатага чалавечка з чарнявым, нетутэйшым тварам, да таго ж у акулярах; пярэднія чулі толькі Кецкава да яго: «таварыш Губмян... таварыш Губмян...» Таварыш Губмян слухаў няўважліва, нахохлена азіраўся, прытупваў снег хромавымі ботамі на высокіх абцасіках - знарок нажыўленых, каб выглядаць на большы рост.

Усё было зразумела. Адпусціць Кецку хлопцы не маглі, значыць, проста ўцёк, такі адкуль хочаш выкруціцца - і навёў на вёску атрад... А перад гэтым паказаў, дзе хлопцы прыхавалі забітых чырвоных, іх уночы сюды і падвезлі... Ніякай вялікай мудрасці, каб зразумець гэта, не трэба было. Мудрасць трэба была, каб угадаць - далей што, чаму іх сюды сагналі і што сабраліся з імі рабіць?

І людзі гадалі. Учарашні дзед у белых валёнках - той самы, што прапаноўваў запрэгчы «чорта бяспалага» Кецку заместа каня, і цяпер стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на крывуліну. Сёння пры ім было ўсё сямейства: два рослыя, здаровыя сыны, дзве нявесткі, вакол - грыбкамі ля старога баравіка - россып унукаў і ўнучак... Што гэта радня, лёгка пазнавалася па аднолькавых на ўсіх, з белага лямцу пашытых валёнках - сам стары, мабыць, і быў спецыялістам. Нават на самым меншанькім, які спакойна спаў у маці на руках, былі такія ж - белыя, яшчэ й са скуранымі трохкутнічкамі на задніках. Гарбаты Карпа стаяў, засунуўшы даўжэзныя рукі, як у муфту, у рукавы кажуха, нізка апусціўшы галаву, нібы згубіў штось і зараз сіліўся адшукаць пад нагамі. Побач стаяла нявестка, як заўсёды з каменна-застылым тварам, трымаючы вусенічкай спавітае немаўля. Калі свёкар уперыўся вачыма ўніз, дык нявестка, наадварот, не міргаючы пазірала кудысь далёка (ва ўчарашні ці ў заўтрашні дзень?)... Было відаць, што нічога ёй тут не абыходзіла: ні аднавяскоўцы, ні чырвонаармейцы, ні забітыя, ні жывыя. Тут жа, побач, тулілася сям'я Ладуся - сам гаспадар цікаўна круціў ва ўсе бакі галавою, задаволены ўжо тым, што разам з багатырамі стаіць. Ён ужо выгледзеў, што няма ні яго дачкі, ні Карпавага сына, якія ўчора разам сышлі, таму і прывёў сям'ю бліжэй да Карпы, і стаў побач - як бы нешта ўжо давала яму права на нейкае сваяцтва...

Усё больш святлела. Ружавеў снег і далёка-далёка, дзесь там, куды ўглядалася Карпава нявестка - аж за полем, зліваўся з такой самай ружовай палоскаю неба.

Кецка ўсё даказваў штосьці начальству. Слоў не было чуваць, затое цяпер, у гэтай перадсвітальнай яснасці, добра бачна было, што твар у рэўкамаўца пакрыўджаны, нават сярдзіты. Кожнае слова падмацоўвалася нервовымі рухамі; найчасцей Кецка проста рассякаў зверху ўніз марознае паветра выцягнутай у напрамку лесу рукой (так цяпер галасуюць, спыняючы таксі ці папутку). Маленькі барадач слухаў яго няўважліва, азіраўся, пабліскваючы шкельцамі акуляраў, і ўсё паплёўваў...

Нічога пакуль не адбывалася. Усё выглядала задужа будзённа: ні спешкі, ні камандаў, ні крыкаў, ні стрэлаў... Салдаты з ачаплення паапускалі вінтоўкі прыкладамі ў снег, хто, як той стары Карпа, грэў рукі ў рукавах шынялёў, хто, прытрымліваючы зброю сціснутымі каленямі, прыкурваў... Чырвонаармейцам каля падводаў была яшчэ большая вольніца. Там смяяліся, прытанцоўвалі, ляпалі сябе па плячах і па баках; некаторыя, каб сагрэцца, нават дурэлі, валтузячыся з таварышамі. Нічога не адбывалася - і пакрысе акружаныя, сагнаныя ў натоўп людзі таксама спакайнелі. Мала-памалу і да іх пераходзіў гэты дураслівы настрой, перадавалася гэтае адчуванне будзённасці. Нічога ж няма пакуль страшнага, а раз няма, дык і наўрад ці будзе, бо адкуль, з якой прычыны гэтаму страшнаму ўзяцца? І вось ужо сёй-той таксама пачынаў прытупваць і паляпваць сябе па баках, грэючыся. Ужо смялей, гучней гаварылі; пазіраючы на чырвонаармейцаў, самі не заўважалі, што механічна ўжо і іхнія вусны крывяцца ў тупых ухмылках... Не прыцягвала больш, бы магнітам, вачэй падвода з трупамі - абвыкліся: стаіць падвода, ну і стаіць сабе. Да таго ж як знарок, як у пацверджанне гэтай абвыкласці прыбеглі раптам ад «табара» сюды, да падводы з забітымі, два маладыя сабакі, відаць, чырвонаармейскія, у сяле такіх прыгожых не было. Аднолькавыя, кашлатыя, жоўтай масці і з чорнымі вясёлымі мусамі. Прыбеглі, адразу здагадаліся, што не пагоняць іх адсюль, бо гэтыя акружаныя людзі хоць і не на прывязі, але самі ў нейкім такім, на іхняе сабачае падобным, становішчы. Ажывіліся абодва, замахалі веернымі хвастамі, сарваліся з месца і пачалі насіцца перад людзьмі і вакол падводы... І што яны толькі не выраблялі!.. Круціліся клубком, грызучы і ўласны, і чужы хвост, ляскалі прытворна зубамі, хапалі на хаду снег, вілі пад возам васьмёркі, грудзьмі адзін аднаго збівалі, а то, разам спыніўшыся, парабіўшы морды сур'ёзнымі, задзіралі ногі адзін на адно кола, другі на другое, пакідалі меціны, дзелавіта абнюхвалі іх і зноў як па камандзе зрываліся гойсаць; пакуль адзін ці выпадкова, ці, можа, знарок, з шалу, не ўшчаміўся паміж спіцаў у коле - ні ўзад ні ўперад... Тут жа падскочыў бліжэйшы з акружэння чырвонаармеец і ўрэзаў яму прыкладам пад зад. Чарнаморды куляю прашыў два колы, вылецеў па той бок падводы і з галашэннем панёсся да «табара». Таварыш яго, падціснуўшы хвост, - следам.

- Ата-ту!

- Лаві яго!

- Во надаў ускарэнне!

Рагаталі вяскоўцы, рагаталі чырвонаармейцы; яшчэ больш прымірыў, неяк аб'яднаў, здалося, гэты эпізод акружаных з тымі, хто акружыў. Усе людзі, усе аднолькавыя, з аднаго й таго ж смяюцца і плачуць...

Не адразу, зацікаўленыя гэтым сабачым цыркам, пачалі даваць увагу, што паміж начальствам адбыліся змены, што галоўнае дзеянне нарэшце пачынаецца. Купка камандзіраў перамясцілася бліжэй да падводы, а Кецка дык і зусім блізка стаіць, узняўшы руку і патрабуючы цішыні. Пярэднім відаць былі нават кропелькі ў яго пад носам, на чорным кусціку вусоў.

Ён ужо і гаварыў нешта ціхім голасам. Твар сярдзіты, адна шчака торгаецца, а ў вачах, чырвоных, нявыспаных, - як бы трывога ці нават так - трывожная просьба (падалося тым, хто стаяў бліжэй).

Натоўп закалыхаўся, заднія загукалі:

- Гучней!

- Што там такое?

- Не чуваць нічога!

- ...абітыя таварыш-шы! - узвысіў голас рэўкамавец. - Банда, якая атабарылася ў Семежаве пад палякамі... Калі да гэтага дня глядзелі праз пальцы, дык учарашні інцыдэнт...

- ...І не так сабе нападзенне адбылося каля вашай вёскі! (Ізноў падалося пярэднім, што ён просіць аб чымсьці вачыма, як нейкія знакі падае.)

- ...Усе вы тут, хто стаіць, не маўчыце! Калі хто ведае, як гэта было, ці чуў што-небудзь, ці здагадваецца, як напалі на нашых дарагіх таварыш-шаў, зараз жа выходзьце і расказвайце! Можа, хто ведае, у каго бацькі, сыны ці радня ў семежаўскай бандзе, таксама выходзьце і гаварыце і нікога і нічога не бойцеся! Тут, на чырвонай Случчыне, не бываць больш ні паляку, ні германцу, ні чорту лысаму - акрамя нашай савецкай улады, якая ўмее мілаваць, але ўмее і караць! Таму...

Дзядок у белых валёнках, прыставіўшы далонь да вуха, слухаў і пасміхаўся бяззуба, нічога не разумеючы. Затое да іншых, у каго былі лепшыя слых і розум, дайшло. Падняў галаву Карпа, пераглянуліся з Ладусем. Па натоўпе прашалясцела... Што такое?.. Гэта ж атрымліваецца... Гэта ж выходзіць, што Кецка не сказаў чырвоным нічога?.. Атрымліваецца, ён знарок адводзіць ад вёскі... і аб гэтым (здагадайцеся, дурні!) - просяць увесь час яго вочы!.. Вось табе і Косцік бяспалы, вось табе і камуняка-рэўкамавец!..

Аднак, былі, канечне, кемлівыя і ў тым лагеры. Таварыш Губмян, заклаўшы, як Ленін за камізэльку, за рамяні партупеі вялікія пальцы, стаяў і патрошку ківаўся з пят на насы; паблісквалі шкельцы акуляраў. Насмешлівы выраз яго дробненькага, бародкаю апраўленага тварыка выдаваў: мялі, Ямеля! - усе вы тут адным мазаныя, нават балбочаце па-свойму, не зразумець анічога... Калі Кецка ў трэці ці ў чацвёрты раз прапанаваў выйсці і пакаяцца тым, у каго сваякі ў бандзе, таварыш Губмян паманіў пальцам і спытаўся штось (хутчэй за ўсё цікавіўся, аб чым так доўга можа бубнець Кецка) у хлопца гадоў дзевятнаццаці. Хлопец, як і ўсе ў гэтым начальніцкім кодле, быў перацягнуты паверх кажуха партупеямі, у шырачэзных - пухірамі на каленях - галіфэ, з аграмаднай кабурою браўнінга на паясніцы; нагнуўшыся, ён выслухаў Губмяна і пахітаў адмоўна галавою - таксама, відаць, не разумеў тутэйшай гаворкі.

Урэшце камісару надакучыла. Перастаўшы ківацца, ён выцягнуў з задняй кішэні галіфэ пляскаты сярэбраны гадзіннік, паднёс перш да вуха, а затым пстрыкнуў крышачкай і даволі доўга, - прынамсі, даўжэй, чым калі хочуць даведацца, каторы час, углядаўся ў іх - бы не адно дванаццаць лічбаў і дзве стрэлкі бачыліся яму ў гэты момант на матавым цыферблаце, як на экране, а цэлы малюнак: вузенькая і брудная, крывымі гарбатымі домікамі пад чырвоным гонтам сціснутая бакінская вулачка, аблезлая сціплая шыльда над нізенькім - бесталковыя «азеры» ніяк не маглі прывыкнуць і вечна разбівалі галовы - уваходам: «Часовых Дел Мастера Губмян и Сын», усё з вялікіх літараў...

Але вось гадзіннік апусціўся беражлівым рухам назад у кішэню.

Сын гадзіннікавых спраў майстра загаварыў:

- А дабы не павадно было!.. - І многія ў натоўпе ўздрыгнулі і пачалі азірацца, не разумеючы, што гэта? Адкуль гэтыя рэзкія, дзеравяныя, непамысныя гукі? Хто іх утварае?

- Каб яшчэ лепш дайшло да вас... - Губмян высунуўся наперад - маленькі барадаты карла, а Кецка, абарваны на паўслове, збянтэжаны, зараз жа адступіў назад, растварыўся ў начальніцкай кучы.

- За смерць кожнага дарагога таварыша... суровая плата па законах ваеннага камунізму! Нашая рабоча-сялянская ўлада самая гуманная... Але грош ёй цана!.. Нічога не вартая тая ўлада, якая не здольна пастаяць за сябе і жалезнай рукою...

Вось іменна - «жалезнай». Здавалася, не з чалавечых вуснаў злятаюць гэтыя словы, сэнс якіх быў для сялянскіх вушэй поўнай незразумеласцю, ахінеяй, а дзесь у камісарскім нутры, глыбока ў жываце, знаходзіцца механізм, які і ўтварае гукі, а маленькаму карлу застаецца толькі адкрываць рот, выпускаючы іх на волю. Так дзіўна гэта ўсё выглядала - гэтае «чэравам вяшчанне», такой несур'ёзнай, карыкатурнай падавалася важнасць барадатага чалавечка ў хромавых боціках з падбітымі абцасамі, што на тварах яго слухачоў ізноў з'явіліся дурныя ўсмешкі, - як нядаўна, калі назіралі сабачую гульню. Выступленне чалавечка і было працягам той гульні, другой часткай яе - гульні, канечне, не дужа вясёлай, але якая ніяк не можа скончыцца чымсьці непрыемным, трагічным.

- І караць нашая справядлівая ўлада будзе жорстка!..

Закалыхвала, прытупляла ўсё гэта - нават самых разумных, не кажучы ўжо пра глухаватага дзядка ў белых валёнках; той слухаў, прыставіўшы да вуха рупарам далонь, і ўсё пасміхаўся. Не насцярожыла нават хуткая перамена дэкарацый. Пад шумок падабраліся сюды ад «табара» чатыры чырвонаармейцы, пастроіліся ў рад, плячо да пляча, напагатовілі вінтоўкі. Не насцярожыла, калі камісарык скончыў гаварыць і, сарваўшыся з месца, пабег уздоўж першай шарэнгі, узіраючыся ў твары сваімі ненатуральнымі, лінзамі акуляраў павялічанымі, вачыма... У канцы шарэнгі крутнуўся на абцасіках, пабег назад. Тыцнуў пальцам у грудзі (так факір-цыркач выбірае асістэнта для сваіх штукарстваў) дзядзьку Ладусю, такому ж, як сам, невялічкаму... Другім выбраў рослага сына глухога дзядка, кіруючыся, відаць, нейкім антанімічным прынцыпам: малы - вялікі; сам адскочыў убок. Зараз жа падбеглі салдаты, аддзялілі выбранцаў ад натоўпу, паставілі насупраць чатырох падрыхтаваных, - спінамі да поля, з-за якога акурат у гэты момант вырваўся і асляпіў людзей зыркай крывавай чырванню акраец сонца...

І гэта ўсё адбылося так будзённа, так хутка - таму яшчэ не было страшным. Якое страшным? - хутчэй смешна было: стаяць, прытуліўшыся адзін да аднаго, высокі і нізкі, а твары ў абодвух чамусьці робяцца аднолькавымі, як у братоў-блізнюкоў... І незразумела, чаму гэта дзядзька Ладусь сцягвае з галавы заечую шапку і прыціскае яе да грудзей, чаму вусны яго ўвесь час жаласна варушацца?.. Чаму з твару здаравяка дзедавага сына не сыходзіць гэтая дурнаватаняўцямная, у бацькі пазычаная ўсмешка?..

Губмян стаяў з паднятай рукою.

- Последний вам шае-эц!..

Потым апусціў руку. Піскнула з нутра завадная машынка.

- Плі!!

Адначасова выкрыкнуў штосьці Кецка, кідаючыся да яго, схапіў яго за апушчаную ўжо руку, паказваючы кудысьці наўскасяк праз поле, дзе рэчка і агароды... Губмян адмахнуўся. Бохнулі разам чатыры стрэлы і яшчэ чатыры - разам і запаздалыя: ба-бах! та-тах! - малатком, які, кляпаючы касу, падскоквае на палатне рэхам... Двое сялян, дзядзька Ладусь і дзедаў сын, у адначас зламаліся разам, пасярэдзіне, і ўпалі тварамі ў снег, нанізаныя на кулі, як на пікі.

 

XVIII

 

Дзяніс прачнуўся.

Нейкі час ляжаў нерухома, гледзячы ў столь. Ружовае святло палоскай ткалася праз вузкае акенца прылазніка. На шкле расквечаныя былі ўзоры, такі за ноч узяўся мароз.

Ён успомніў усё. Памацаў каля сябе - пуста. Лізы не было. Ён падхапіўся, падняў з долу шынель, абтрос. З кішэні выпала хустка. Ён нагнуўся, але падняць так і не паспеў яе: стукнулі дзверы, і дзяўчынка ўляцела ў прылазнік. Яна не магла слова вымавіць... Ён уважліва паглядзеў на яе. На міг яму стала прыкра. Усё ўчарашняе растала разам з цемраю. Так, засталася толькі прыкрасць. Цяпер, раніцаю пасля ўсяго, ён бачыў, якая яна непрыгожая. А гэты перакошаны страхам рот, які ён учора, перасільваючы сябе, так цалаваў!..

- Там... на полі... Я пабягу!

Ён схапіў яе за плечы. Усё яшчэ не разумеючы, што здарылася нешта куды больш важнае, чым тое, што было сёння ўночы, прашыпеў:

- Што там? На полі?

- Бальшавікі людзей страляюць! Трэба бегчы!..

- Я табе пабягу! - Ён адштурхнуў яе.

Яна адляцела да акна, войкнула, вытнуўшыся аб падаконнік.

Не звяртаючы на яе ўвагі, Дзяніс прыпаў да ўзорыстай шыбіны. Нічога не было відаць.

Яна паднялася. Як раздражняла яго гэтая яе пакора, гэты вінаваты страх у яе ў вачах! Навошта яна паказвае, што баіцца і думае ў ім знайсці абарону?! Яму б самому цяпер да каго дужэйшага прытуліцца!..

Ён дастаў маўзер, пачаў азірацца па баках. Яна падскочыла, павісла ў яго на руцэ, знізу ўверх умольна гледзячы:

- Дзяніска, не трэба!

Ён застыў, як акамянеў, пакуль яна сама марудна не адпусціла яго.

- Сядзі тут і не рыпайся! Ясна табе?!

Адчыніў грубку, сунуў маўзер у самы попел. Рука была чорная, ён вылаяўся і пачаў выціраць яе аб другую, чыстую. Скарыстаўшыся замінкай, Ліза схапіла з падлогі хустку і куляю рванулася міма яго, шуснула ў дзверы. Ён не паспеў злавіць яе.

Выбег за ёю на двор. Тут было зусім светла. Яркае сонца і белы снег ударылі па вачах, асляпілі на міг.

Са злосці, з гарачкі прабег трохі за дзяўчынкаю... Калі ж падняў галаву, падбіўшы брыль фуражкі, што спаўзала на вочы, - анямеў. Ногі перасталі яго слухацца. Ён спатыкнуўся і ўпаў на коленцы. Зараз ён убачыў усё: і гэтую масу людзей на пагорыстым полі, і «табар» падводаў пры дарозе, і ваенных, перамешаных цяпер з вяскоўцамі... Убачыў, як усё калышацца там, ходырам ходзіць, пачуў, як гудзе гэтая маса - не гудзе нават, а галосіць, плача, вішчыць, вые і лаецца...

Але і гэта было не ўсё. Самае страшнае, што некалькі чырвонаармейцаў з вінтоўкамі стаялі воддаль ад натоўпу і пазіралі сюды. Сонца свяціла ім у вочы, і яны прыкрывалі іх далонямі. Яны глядзелі на Лізку, якая бегла да іх з непакрытай галавою, махаючы заціснутай у руцэ хусткай, і на яго, Дзяніса. Яны добра бачылі яго. І чакалі. Ды нават калі б і не бачылі, Лізка ўсё расказала б!.. Труслівая малая сучка - навошта ён звязаўся з ёю!..

Ён хуценька ўскочыў на ногі. Ліхаманкава, загнаным зайцам, агледзеўся... Можа, не позна яшчэ? Можа, паспрабаваць як уратавацца? Справа поле, злева хаты - далёка, ды і толку, выпаруць і з хаты... Азірнуўся - ззаду, за лазняю, па той бок рэчкі цягнуўся клінок рэдкалесся... Туды? Калі пашэнціць, можна дабрацца да лесу... Позна! Ды і страшна - куля здагоніць... Мала яму ўчарашняга ўрока, калі на гэтым вось самым месцы, дзе ён стаіць цяпер, ляжаў ужо адзін такі разумны!

Дзяніс пабрыў да людзей. Калацілася сэрца, яно то падала ў жывот, то падскоквала да глоткі. Двое чырвонаармейцаў, з тых, што стаялі і глядзелі на Дзяніса, як толькі ён зрабіў першыя крокі, ускінулі вінтоўкі, але тут жа і апусцілі: мабыць, хтось распарадзіўся не страляць. Гэта крыху падбадзёрыла, падбавіла яму сілы. Падалося раптам, што ўсё гэта не так сабе, нездарма яго чакаюць, што ён звязаны з тым, што адбываецца на полі, і з'яўленне яго можа на нешта паўплываць, нешта важнае зможа вырашыць.

Вайскоўцы - толькі цяпер сярод іх ён убачыў Кецку - пачалі спускацца з пагорка яму насустрач. Ліза параўнялася ўжо з імі, яны нават не зірнулі на яе. Яна растварылася ў натоўпе. Дзянісу пачулася, ці толькі падалося яму, што і яе голас уплёўся ў гэты раздзіраючы душу канцэрт, - нібы галасілі, і вылі, і крычалі ўсе там на адной цягучай, доўгай ноце...

- Бягом! - крыкнулі яму. - Бягом, каму сказана!

Ён пабег. Ружавеў пад нагамі снег, стракацеў перад вачыма роўны ланцужок Лізіных слядоў, і Дзянісу прыкра было, што ў яе такія маленькія, частыя крокі: кепска падладжвацца пад іх, бяжыш, нібы па шпалах.

Дапаўшы да чырвонаармейцаў, ён перавёў дых. Тыя моўчкі расступіліся, прапускаючы яго, потым зноў сышліся за ім. На іхніх тварах Дзяніс убачыў адно цікавасць. Вінтоўкі былі апушчаныя. Ён падняў галаву - перад ім стаяў Кецка, гнеўны, са сціснутымі кулакамі. Ззаду за Кецкам Дзяніс паспеў яшчэ заўважыць шчупленькага барадатага камісарыка, нейкага хлапчука ў пухірыстых на каленях галіфэ, яшчэ нейкіх - у скуранках, галіфэ і без вінтовак, і ўсю гэтую шоблу, акружыўшы яе, група чырвонаармейцаў штыкамі абараняла ад насядаўшага натоўпу.

- Ты што ж гэта, шчанюк...

Моцны ўдар у вуха збіў з Дзяніса фуражку. Сыпанулі з вачэй іскры, зазвінела ў галаве... Кецка паціраў бяспалую руку.

- Бацьку роднага забіваюць, а ты хаваешся?!

І яшчэ ўдар, у другое вуха. Дзяніс пахіснуўся, але на нагах устаяў.

- Не трэба...

Ён шморгнуў носам, прыклаў да яго далонь. Адняў - на ёй была кроў.

- Не трэба больш, дзядзька Косцік!

Як ні дзіўна, але Кецкавыя плюхі памаглі яму. Нібы павыляталі з вушэй ватныя затычкі, а з вачэй спала ружовая, як гэты снег, плёнка. Разам з фізічным болем вярнулася адчуванне рэальнасці. Ён неяк інакш, чым да гэтага, вастрэй пачаў бачыць усё і чуць. І калі нагнуўся, падняўшы фуражку і збіваючы аб калена з яе снег, і выпрастаўся - у галаве праяснела.

Ён убачыў, як смела варушыцца і насядае на чырвонаармейцаў натоўп, пачуў, як выюць бабы: «Біце, каліце іх!» - і піхалі змярцвелых ад перапуду дзяцей на штыкі.

- За што вы страляеце нас?!

- Вы ж горшыя за палякаў, за немцаў!

Іншыя бабы самі снапамі валіліся ў ногі; чырвонаармейцы лупілі іх насцакамі, не шкадуючы, і прыкладамі адштурхоўвалі падалей ад начальства, назад, у натоўп... Яшчэ Дзяніс убачыў, што ўбаку, ля падводы (знаёмай нейкай падводы!), стаяць пад нацэленымі на іх чатырма вінтоўкамі яго бацька і другі дзедаў сын; убачыў таксама, як трошкі воддаль, па другі бок той жа падводы, варушыцца якісь клубок людзей: жывых уперамешку з мёртвымі. Цётка Ёўга, укленчыўшы, падняўшы ўгару рукі, галасіла - з-пад хусткі павылазілі касмачы, сівая і страшная, была яна падобная на ведзьму; побач, у такой самай позе - рукі ўверх - сядзела на снезе і тонка падвывала Лізка... Яшчэ пазнавалася ў тым людскім клубку дзедава нявестка, якая рытмічна, са стараннасцю дбайнай манашкі на малебне, білася галавой аб снег. Другая нявестка, з малым на руках, насядала на чырвонаармейцаў, упарта старалася насадзіць дзіця на штыкі; з нагі ў малога зляцеў белы валёначак, дзед падабраў яго і круціў у руках, тупа пасміхаючыся...

Маленькі Губмян хутка падышоў да Дзяніса. Баючыся, што зноў пачнуць яго біць, Дзяніс закрыўся рукамі.

- Гэты? - недаверліва спытаў Губмян у Кецкі.

- Так точна, адзін з учарашніх, таварыш камісар. Распарадзіцеся, каб адпусцілі людзей, ён усё раскажа! Я з ім сам пагавару!

- Толькі не біце, дзядзька Косцік! - заспяшаўся Дзяніс. - Я ўсё скажу!.. У мяне і зброя ёсць, там, у лазні! - матлянуў галавою. - Прынясу зараз... - і ўжо нават кінуўся быў, але бліжні чырвонаармеец, як шлагбаумам, вінтоўкаю перакрыў яму дарогу.

- Куды? Стаяць!

- Разам пойдзем. Шуруй, паказвай! - Кецка піхнуў Дзяніса ў плечы.

Камісар зрабіў знак чырвонаармейцу, і той, ускінуўшы на плячо рэмень вінтоўкі, таксама выправіўся за імі. Так і пайшлі след у след: першы Дзяніс, тады Кецка і апошні чырвонаармеец, які ціхенька пасвістваў.

У натоўпе зразумелі, што расстрэльваць больш не будуць, але, як заўсёды бывае, людзі не сціхлі, не супакоіліся; наадварот, усчаўся гвалт яшчэ большы, чым калі была рэальная небяспека.

Салдат-свістун крыху адстаў. У лазню зайшлі толькі Дзяніс з Кецкам. Хлопец кінуўся да грубкі, выцягнуў маўзер, аберуч падаў яго гаспадару.

- Вось!.. Ваш, дзядзька Кастусь!..

Яны былі ўдвух, чырвонаармеец сюды нават не заглядваў.

Кецка, азірнуўшыся, узяў Дзяніса за каўнер, прыцягнуў да сябе блізка - так, што з рота патыхнула нячышчанымі зубамі, - і зашаптаў:

- Слухай і запамінай... На атрад напалі ў лесе, за вёскаю! Будзеш казаць, што ў лесе была засада, чырвоных пабілі, а ты спалохаўся і ўцёк. Дамоў. Усё зразумела?

Дзянісу, сціснутаму, цяжка было нават кіўнуць, і ён толькі згодліва заморгаў вачыма...

Калі яны ў тым жа парадку прытупалі ад лазні, чырвонаармейцы ўжо скончвалі свае хуткія зборы. Кулямёты былі пагружаны на падводы. Салдаты, пастроеныя ў калону, чакалі каманды. А бабы ўсё не ўнімаліся!..

Кецка, перакінуўшыся з Губмянам парай слоў, падштурхнуў Дзяніса да падводы, на якой ляжалі забітыя, загадаў:

- Лезь!

Дзяніс у апошні раз азірнуўся. Хацелася ўбачыць бацьку, і ён убачыў яго. Убачыў, як ён стаіць, гарбаты і няшчасны, а раскалмачаная, сівая і страшная цётка Ёўга, захлёбваючыся слінай і ярасцю, крычыць яму ў твар:

- Каб вы ўсе перадохлі, уся радня вашая... з-за вас усё, гэта ж у вас на дварэ пабілі... дык вы цэлыя ўсе, а мо-о-ой... хто ж мне яго падыме-е-э!..

Лізка, седзячы на карачках, ціхенька галасіла каля мёртвага бацькі.

«Хоць зірні, глянь!» - узмаліўся да яе Дзяніс, у якога сэрца зайшлося і ад гэтых «цешчыных» праклёнаў, і ад таго, што ён арыштаваны, што забіраюць яго некуды, што трэба лезці яму зараз да гэтых акачанелых мерцвякоў і ўмошчвацца неяк разам з імі, паміж імі ці на іх, на ледзяной акамянелай назе, руцэ...

Дзяўчынка мальбы не пачула.

- Атрад... Ойсь... Агам... Арш!

Караван з чатырох падводаў і атрад пяхоты рушылі на Вызну. Калона была акуратная, па чатыры, ісці стараліся плячо да пляча, роўна, нават у нагу - не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі. За апошняй падводай, на якой ехаў разам з забітымі жывы пакуль Дзяніс, беглі два жоўтыя сабакі з падціснутымі кашлатымі хвастамі і з вінавата апушчанымі чорнымі мордамі.

 

XIX

 

Забітых чырвонаармейцаў прывезлі ў Слуцак, каб пахаваць паводле ўсіх канонаў савецкай паніхіды, што і было зроблена ў тры гадзіны дня на гарадскіх могілках - ранейшая вуліца Кладзьбішчанская, а з 1920 года «Імя 14 партызанаў» (з назвамі ўвогуле нямала намудрыла новая ўлада. Было так: год назад на гэтых могілках палякі расстралялі чатырнаццаць камуністаў, якія самі сабе выкапалі магілу і прымалі кулі са словамі: «Мы умираем, но Красная Армия скоро прогонит вас!»; прагнаўшы палякаў, Чырвоная Армія перайменавала вуліцу, на якой знаходзіліся могілкі, у імя расстраляных, але партызанскіх астанкаў тут ужо не было, бо іх перазахавалі на вуліцы Саборнай, назваўшы яе вуліца Камсамольская...) - словам, таварышаў закапалі на старадаўніх гарадскіх могілках, сярод векавога праху случчакоў. Скінулі шапкі, адспявалі, студзячы глоткі, «Не плачьте над трупами павших бойцов, несите их знамя вперед!», трыма залпамі ўмазалі ў пагоднае не па-лістападаўску неба, сарваўшы з бліжэйшых акацый хмары варання, і адправіліся ў казармы, а адтуль у сталоўку абедаць. На жвірыстым пагорку застаўся толькі фанерны трохкутны слупок, увенчаны пакуль яшчэ бліскучай зоркай, - іх, гэтыя зоркі, спрытна выразаў з кансервавых бляшанак палкавы майстра на ўсе рукі Чувалаў, зямляк без весткі згінуўшага Андрэя Мікіціна.

Дзяніса Карпавага адвялі ў той самы дом Ваньковіча, ён жа памяшканне Рады Случчыны, дзе адбылося пераломнае выступленне Жаўрыда і дзе цяпер размяшчалася «чэка». Адвялі і ўкінулі, даўшы напаследак насцака пад зад, у каменны мяшок: два на два метры, без акна, з дзіркаю пасярод голай, як ток, цэментнай падлогі; холад тут стаяў люты, а з дзіркі несла борняю.

Таварыша Губмяна на пахаванні не было. За тыя дзве гадзіны, пакуль дабраліся да Слуцка, ён, седзячы без руху ў падводзе, скалеў так, што вусны кепска слухаліся, а на пахаванні трэба ж было б сказаць хоць якую прамову... Пакуль тое ды сёе, ён адводзіў душу гарбаткай і тытунём, адаграваўся сабе ў аднамесным нумары-«люкс» гасцініцы з гучнабанальнай, тыповай для любога захалуснага гарадка назваю - «Брыстоль». Увесь другі паверх гатэля быў адведзены «пад рэўкам». На першым размяшчаліся штаб і контрразведка дыслакаванай цяпер у Слуцку 16-й арміі, а таксама на месцы колішняга рэстарана - чырвонаармейская сталоўка. Нумар таварыша Губмяна знаходзіўся на другім паверсе. З акна камісар мог бачыць чатырохвугольную ў плане Саборную плошчу, засыпаную стаптаным снегам; па другі бок яе, акурат насупраць, лыпіўся на «Брыстоль» сваімі злавеснымі прыплюснутымі фіранкамі зашморгнутымі вачыма-вокнамі дом Ваньковіча, ён жа «чэка».

«Люкс» таварыша Губмяна некалі ўяўляў сабой утульны, у межах разумнага абстаўлены пакойчык. У ім не грэбавалі спыняцца нават заезджыя менскія артысты, асабліва рамантычна-томныя, вечна адзінокія актрысы, таму шмат на што (аб чым таварышу Губмяну і не здагадацца ніколі) нагледзеліся гэтыя, у вясёленькія шпалеры абклееныя, сцены, гэтая тахта з пухнатай, ромбамі прашытай пярынаю... Зрэшты, даўно ўжо, канечне, не было ні вясёленькіх шпалераў, па жывому цяпер абадраных, ні тым больш пярыны, ні тахты - ніякага ўвогуле лежака тут не было, і на ноч камісар адпраўляўся спаць у казармы.

Цяпер абстаноўка «люкса» была самая спартанская. Каля акна з пакрышаным, нібы грызлі яго зубамі, падаконнікам стаяў строгі канцылярскі стол, заляпаны атрамантам і пакрыты белымі кольцамі - сляды ад гарачых шклянак (падобныя на сучасную алімпійскую сімволіку). Чайнік з кіпенем на стале. Табурэтка пад сталом. Шафа з трэснутым люстрам. Дзверы ў ванны пакойчык з пралетарскай сур'ёзнасцю засабачаны былі дзвюма крыж-накрыж дошкамі, прычым цвікі ўбіваліся не па плешку, а да паловы, а потым згіналіся; усё адно гарачай вады не было, і зноў-такі, як і ў выпадку са шпалерамі і з пярынай, не было і самой глыбокай, прадаўгаватай, пяшчотным блакітным эмалем усярэдзіне пакрытай ванны - яе, мёртва прышрубаваную, са злосці растаўклі ламамі пасля марных спробаў адарваць ад падлогі. За другімі побач з ваннай дзвярыма знаходзілася прыбіральня - гэтая, праўда, лічылася спраўнаю і зрэдку працавала. Па ржавым унітазе, не перастаючы, бегла карычневая вада. Час ад часу яе набіралася столькі, што яна не паспявала прасочвацца - унітаз забівала і ў «люксе» пачынаўся сапраўдны патоп. Прыходзіў глуханямы «слёсар» Клім, вось ужо сапраўды шчыры прыхільнік новай улады, якая балбатуноў не цярпела (адзін з рэдкіх выпадкаў, калі фізічны недахоп толькі на карысць чалавеку!), і, напаўняючы «люкс» смуродам, прымаўся шураваць у трубе кавалкам дроту з намотанай на канцы анучаю.

...Цурчэла тонкім струменем вада, Губмян не звяртаў на гэта ўвагі - нават весялей было, не так адзінока. Сёрбаючы гарбату без цукру, камісар па надзвычайных справах другой рукой перагортваў паперы. Гэта былі пісьмовыя дакладныя агента Лебедзева і рэўкамаўца Кецкі. На стале ляжалі таксама папкі з асабістымі справамі савецкіх ваеннаслужачых П.Жаўрыда, П.Чайкі, К.Кецкі, А.Сокал-Кутылоўскага.

Перачытваючы прыгоды Лебедзева, Губмян адчуваў прыемнасць, як ад добрага мастацкага твора, калі думкі і стыль аўтара супадаюць з тваімі ўласнымі. На сямі старонках няспешны, разборлівы почырк... Не псавала ўражання і аўтарэдактура - некаторыя словы і нават сказы, што падаліся шпіёну недакладнымі, былі перакрэслены і заменены на іншыя, больш зграбныя. Талкова, па пунктах, нічога не забыта, і даволі ясная з усяго гэтага паўстае карціна.

«...Давялося праверыць на прадмет манархізму, і гэта дало плён - Чайка разгаварыўся...»

«...Той факт (закрэслена, заменена на «ўжо адно тое»), што Чайка мяне адпусціў, нават не дапытваючы, сведчыць пра: а) мяккацеласць яго; б) разгубленасць; в) адчуванне ім варожасці да сябе; г)... ; д)...»

«...Зыходзячы з вышэйсказанага (закрэслена, напісана проста: высновы)... Высновы:

1. Маса перабежчыкаў з нашага боку, і гэта павінна насцярожваць...

2. Нягледзячы на разброд і хістанні сярод іх, а таксама на павальную п'янку і адсутнасць дысцыпліны, мае месца і нацыяналістычны фанатызм («начальнік контрразведкі» Мірановіч, «разведчык» Мірончык, «ад'ютант» Чайкі Даніла і інш.)...

3. Шпаркая арганізацыя іх не можа не выклікаць трывогу... Вельмі многа кадравых вопытных армейскіх афіцэраў...»

Ні ў якае параўнанне не йшоў гэты талковы даклад з «адчапной» цыдулкай рэўкамаўца - каракулі на замусоленым аркушыку, няроўна вырваным з сярэдзіны школьнага сшытка. Можа, яшчэ і таму прыемна было камісару перачытваць Лебедзева, што працэс гэты па часе акурат супадаў з выпіваннем шклянкі гарбаты (сумяшчалася фізічнае з духоўным); канчалася гарбата - дачытвалася апошняя старонка, і трэба было брацца за Кецку, стараючыся хоць між радкоў штосьці вывудзіць.

«Во время проведения реквизиционных обязанностей, - нязграбна пісаў Кецка, - падчас правядзення рэквізацыйных абавязкаў за вёскаю Кажушкі Вызнянскай воласці ў лясным масіве адбыўся ўзброены напад пад покрывам цемнаты. Двое таварышаў былі забіты на месцы, трое патрапілі ў палон разам з падводай, коньмі і рэквізіцыяй. Тав. Кецку (пісаў пра сябе ў трэцяй асобе) удалося здзейсніць уцёкі («совершить побег»), аб чым тав. Кецка адразу ж далажыў у Вызне савецкім органам, а таксама звязаўся па тэлефоне-апараце з г. Слуцак...»

Не тое што няпраўда - усё так і магло быць, як паведамляў рэўкамавец. Але сам дух гэтай запіскі... Губмян прыплюшчваў блізарукія вочы - паўставала перад ім белае поле, падфарбаванае чырванню марознай раніцы... Сабакі носяцца адзін за адным каля падводы... Паводзіны Кецкі толькі дурню могуць не падацца падазронымі. Зрэшты, чорт з ім: такіх Кецкаў, якія толькі і мараць пусціць нам кулю ў спіну, палова ў савецкіх органах, а ў арміі яшчэ болей. Няма з каго дужа выбіраць. Вось калі скончыцца вайна, перамелецца ўсё, наладзіцца, тады і пачнём закасаўшы рукавы адбіраць, фільтраваць, раз'ясняць, «аць»... «яць»...

Прачытаўшы ўсё ўважліва, Губмян устаў і пацягнуўся - дрыжыкі прайшлі па спіне, ад холаду, здалося, нават далоні пакрыліся цыпкамі. Цяпер бы заваліцца ў цёплы ложак, пад пярыну... Пад пярыну! Аддыхнеш тут, зараз! Галоўнае, злавала, што вораг несур'ёзны, а на яго трэба траціць сілы, і нервы, і час. Адна справа ваяваць з белымі ці з палякамі і другая - з «беларускім нацыянальным рухам», ды самое гэтае словаспалучэнне абсурднае!.. Прыйшло на розум параўнанне чалавека, які дужаўся з быком, перамог яго, прысеў адпачыць, а тут круціцца пад нагамі шчанюк і не кусаецца, а назаляе...

Каб выглядаць на выступленні бадзёрым, камісар прымусіў сябе зрабіць зарадку, папрысядаў - рукі ў бакі, рукі ўперад. Дастаў з шафкі сухія халодныя парцянкі, прытанцоўваючы на ледзяной падлозе, пераматаў - сваімі, бруднымі і мокрымі, пачысціў збольшага боты... Крутнуўся на абцасіках на сто восемдзесят градусаў перад пабітым люстэркам, стараючыся ўбачыць сваю спіну, - барада варушылася ад паветранага струменя... Паправіў акуляры, узяў пад паху папкі з паперамі і цвёрдым крокам, не забыўшы прымкнуць на ключ дзверы, выйшаў на калідор. Па лесвіцы, прыступкі якой былі цямнейшыя па краях і светлыя пасярэдзіне - след ад дывановай дарожкі, - спусціўся на першы паверх.

У былой рэстарацыі, а цяпер проста сталоўцы, яго ўжо чакалі. Усе былі ў зборы, чалавек дваццаць, камісары, камандзіры і яшчэ нейкія людзі ў цывільным, невядомыя камісару. Таварышы, якія прысутнічалі на расстрэле вёскі, трымаліся разам: быў тут сярдзіты хлапчук у сваім галіфэ, былі Кецка з Лебедзевым.

Калі ляпнулі дзверы без пнеўматычнай спружыны і паказаўся таварыш Губмян, загрымелі, застукалі крэслы і табурэткі, заскрыпелі скураныя тужуркі і хромавыя боты. Усе падняліся. Губмян прабег да стала, знарок для яго падрыхтаванага, нават графін з вадою і шклянку не забылі і завостраны на іголку аловак з чыстым аркушыкам паперы - прыемная клапатлівасць!

У вялікім гулкім «рэстаране» халадрыга была яшчэ горшая, чым у «люксе»; зрэшты, як слова «люкс» у дачыненні да камісаравага цяперашняга нумара гучала іранічна, так і слова «рэстаран» у дачыненні да гэтай пустой і гулкай, абрабаванай залі. Толькі на вокнах тут нейкім цудам захаваліся рэшткі былое раскошы - цяжкія шторы з цёмна-ліловага, як высахлы атрамант, бархату, ды яшчэ пад самай столлю вісела мёртвая, без свечак і электрычных лямпачак, люстра-жырандоля, якая ацалела, па ўсім відаць, таму толькі, што не знайшлося такой высокай лесвіцы. Іншая справа - як дасюль нікому не прыйшло ў галаву проста расстраляць яе?..

- Прашу садзіцца, таварышы!

Ізноў, заскрыпеўшы і загрукаўшы, уселіся.

Губмян пераставіў месцамі графін і шклянку, кінуў на стол папкі. Хуткім паглядам акінуў зборышча... Стрымаў уздых - колькі ні даводзілася выступаць яму на падобных сходках, ніколі не мог пазбавіцца патаемнай, недзе ў падкорных глыбінях сваіх камісарскіх мазгоў заселай думкі: і як гэтае войска, з такіх людзей сабранае, існуе, трымаецца, ды яшчэ й перамагае?! Міжволі паверыш правадырам-аракулам, таму ж прыдуркавата-рамантычна-набожнаму Луначарскаму, што бальшавіцкая справа - святая, тое ж хрысціянства, сам Бог над ёй апякуецца...

- Так я вас поздравляю! - сваім непамысным, да якога ніяк нельга было прывыкнуць, голасам выкрыкнуў Губмян. - Віншую - пад носам у нас, на прыгранічнай тэрыторыі, пры патуранні з нашага боку поўным ходам фарміруецца рэгулярнае войска! А нам хоць бы хны, мы не дбаем! Вось тут, - гучна ляпнуў адной з папак аб край стала, - для ўсіх нас вялікі сюрпрыз! Вось тут вот для нас, таварышы, наступныя звесткі! Вы ведаеце, што французы - не палякі, а французы! - сочаць за ўсімі гэтымі падзеямі? Вы ведаеце, што яны толькі таго і чакаюць, калі слуцкая банда, якую ніхто з вас не ўспрыняў і не ўспрымае ўсур'ёз, разрасцецца і ўмацуецца тут? Калі яна аформіцца ў армію? Калі яна створыць мясцовыя органы ўлады і тады афіцыйна зможа запрасіць ваеннай падмогі той жа Антанты? Вы ўсведамляеце, наколькі ўсё гэта сур'ёзна?

Памаўчаў. Змяіныя, тоўстымі лінзамі акуляраў павялічаныя, вочы пранізвалі ўнураных паплечнікаў.

- Да вас даходзіць, што на гэтым кавалачку зямлі* вырашаецца цяпер не толькі лёс савецкай улады ў Беларусі, але, магчыма, і лёс Усходняй Эўропы?

* «Сочувствуюшие нам французы определенно заявляли: "Если бы вы имели хоть клочок земли, где бы Вы были хозяевами, вопрос о международном признании БНР был бы разрешен положительно и Вам была бы дана помощь"». - А.Луцкевіч.

- Ды колькі можна: Эўропа, Эўропа! - што мы ўсё зырымся на тую Эўропу?! - не вытрымаў, ведаючы, што за маладосць яму даруецца, хлапчук-камандзір, які сядзеў за першым сталом побач з Лебедзевым.

Так і атрымалася. Камісар не зрабіў яму заўвагі, як бы і не было рэплікі, а працягваў далей:

- ...А мы сваімі ўласнымі рукамі памагаем гэты кавалачак зямлі ўмацоўваць, усяляк садзейнічаем стварэнню гэтага плацдарма, які зможа прыняць дэсант акупантаў...

- Ды які яшчэ дэсант?! - ізноў вылузнуўся, раздражнёна перабіў хлапчук (усё правільна, раз не цыкнулі - павялічвай націск, замацоўвай поспех!). - Які дэсант, калі тут не тое што мора, а і рэчкі людскай няма!

- Дэсант, таварыш Санін, - мякка адказаў Губмян, пра сябе адзначыўшы рыфму, - гэта любым чынам, у тым ліку і сухапутным, з'яўленне войск на тэрыторыі праціўніка для баявых дзеянняў. Папрашу не перабіваць больш. Значыць, так. На чым я спыніўся?.. («На кавалачку зямлі!» - голас з залі.) Усё правільна. Таму мушу аб'явіць вам, каб вы раз і назаўсёды забылі пра перамір'е. Яно для палякаў, але не для нас. Нам перадыху не будзе да таго часу, - пацягнула камісара на патэтыку, - пакуль хоць адзін вораг савецкай улады будзе таптаць нашую зямлю і дыхаць нашым паветрам! Вось так. Усе вы ведаеце пра апошнія падзеі. Адбыўся напад на атрад харчнарыхтоўкі, загінулі нашы таварышы... Банда адчувае сваю беспакаранасць... Таксама двое нашых таварышаў пабывалі ў іхнім палоне. Я азнаёміўся з дакладамі, выслухаў расказы вусныя - звесткі, якія мне перадалі, не могуць не трывожыць. Нельга закрываць вочы на тое, што бандыты даволі хутка і паводле ўсіх ваенных правілаў арганізоўваюцца - тут трэба аддаць ім належнае... Узначальваюць іх вопытныя белагвардзейскія афіцэры. Хоць і не ў адкрытую, спадцішка, але несумненна іх падтрымліваюць палякі - лепш так скажам: палякам выгадна, каб мы распыляліся на трэцюю сілу. Адзін з галоўных бандыцкіх козыраў - гэта адсутнасць страху перад справядлівым пакараннем. У любы момант, як толькі мы на іх націснем, яны спакойна пяройдуць на занятую палякамі тэрыторыю і дадуць сябе інтэрніраваць...

- Ды нашая гэта тэрыторыя! - сярдзіты таварыш Санін падняўся рэзка, чхаць ён хацеў на тое, што зрабілі яму заўвагу. Гэта ў яго, такога маладога камандзіра ўзвода, быў «пам-нач-камам» геройскі Мішка, баявы таварыш, з якім столькі з'елі разам кашы, прайшлі агонь і ваду: фарсіравалі Сіваш, секлі белякоў пад Кахоўкаю, грамілі Дзянікіна, Урангеля і Булак-Балаховіча - і нідзе не ўзяла друга куля, пакуль не загінуў на роўным месцы ад подлай рукі (падумаць толькі!) беларускай нацыяналістычнай сволачы! Таварыша Саніна проста трэсла ўсяго ад прагі помсты і класавай нянавісці. Эпізод у вёсцы толькі раздражніў яго: слюнцяй Губмян, дваіх усяго расстралялі і аднаго ўзялі палоннага! - ды дзесяць, сто паганых кулацкіх жыццяў пакласці за кожнага нашага! - мне б волю, у мяне б кулямёты не прастойвалі б, не замярзала б, як сёння, у «кажухах» вада!

Таварыш Санін нервова абшморгнуў кіцель, расправіў «хвосцікі» складак ззаду пад рэменем:

- Што мы чакаем?! Чаму спыніліся?! Гнаць трэба к... мацеры і белапалякаў, і ўсіх разам!

Губмян, слухаючы, зняў акуляры, і тут у вачах яго, як ні дзіўна, паявілася штось чалавечае. Яўна яму падабаўся Санін, па душы была гэтая нецярпячка, гэты запал - у правільным рытме б'ецца маладое сэрца, па-бальшавіцку мысліць юная галава.

- А як з нейтральнай зонаю? - паддражніў ён.

- Пляваць на яе!

- Пляваць... Я ўжо гутарыў тут з байцамі - не толькі таварыш Санін, а і многія гарачыя выказваюць незадавальненне. Ірвуцца ў бой! З такім пылам палякаў трэба было біць... Спяшаюцца папярод бацькі ў пекла, забываючы, што мы зусім яшчэ маладая дзяржава, не настолькі акрэплая, каб не лічыцца са шматлікімі ворагамі. Да таго ж ёсць такая рэч, як міжнародная палітыка. Можна, і прасцей за ўсё, наступаць, але бываюць выпадкі, калі трэба ўмець і адступіць. І таму, пакуль вядуцца ў Рызе перамовы нашага пасла таварыша Іофе з палякамі...

- Вечныя палякі!..

- Наконт палякаў, таварыш Санін, таксама папрашу не гарачыцца. Так, яшчэ ўчора гэта былі нашыя заклятыя ворагі, а сёння з імі падпісаны мір, і ў нас ёсць магчымасць пераключыцца на ворагаў іншых. Што да семежаўскай банды, дык тут самі палякі наўрад ці зацікаўлены мець пад бокам трэцюю сілу, тут яны нам хутчэй саюзнікі... Ужо адно тое, што яны не пакінулі ім зброю, якая была б павернута супраць нас, ды і цяпер не даюць, аб чымсьці ды сведчыць; за адно гэта ім варта дзякуй сказаць. І яшчэ - па самых дакладных звестках палякі згодныя ўпусціць нас у нейтральную зону для ачысткі яе ад бандытаў. На трое сутак. Хопіць нам трох сутак?

- Хопіць!

- І адных хопіць!

- Яшчэ і застанецца!..

- А пакуль што? Сядзець склаўшы рукі? - І таварыш Санін, у пацверджанне сваіх слоў, апусціўся на табурэтку і склаў рукі.

- Хто сказаў сядзець? Пакуль мы хоць і вымушаны прытрымлівацца гэтага дурнога становішча нейтральнай паласы, але бяздзейнічаць нельга ні ў якім разе! Працы ўсім хопіць, - казаў Губмян, пастукваючы злёгку папкай аб стол. - Шырэй праводзіць работу з насельніцтвам. Выяўляць і караць вышэйшай мераю бандыцкіх саўдзельнікаў, якія пастаўляюць у Семежава прадукты і фураж. Самім больш рашуча праводзіць рэквізіцыі, бо тут прамая сувязь - чым больш забярэм мы, тым менш дастанецца бандытам. На месцах ствараць камбеды, народную міліцыю, узброеныя атрады самааховы з беднякоў. Помніць, што прапаганда - другая наша зброя! Трэба дзе можна тлумачыць насельніцтву пра непераможнасць Чырвонай Арміі, пра яе аграмадны тэхнічны і людскі патэнцыял. Акцэнтаваць увагу на тым, што зверствы і здзекі нясуць палякі, немцы і мясцовыя бандыты, але не мы. Канечне, абяцаць поўную амністыю ўсім, хто прызнае савецкую ўладу і здасць зброю - тут важна паабяцаць, а потым разбярэмся. Контрразведцы і ЧК асаблівую ўвагу надаць кампраметацыі кіраўнікоў бандфарміравання. Правесці гутаркі з людзьмі, якія іх ведаюць, па магчымасці арыштоўваць у поўным складзе іхнія сем'і і трымаць пад замком да таго часу, пакуль з бандай не будзе пакончана. Усяляк кампраметаваць іх як «абаронцаў», «беларускіх герояў» - расказваць пра п'янства сярод іх, распусту іхнюю; яшчэ лепш арганізаваць пару-тройку начных пагромаў, з расстрэламі, і зваліць потым на іх, як было ў Эстоніі, дзе мы выконвалі дырэктыву таварыша Леніна*...

* «Под видом «зеленых» (мы потом на них всё и свалим) пройдем на 10-20 верст и перевешаем кулаков, господ, помещиков. Премия: 100.000 руб. за повешенного...»

Дабраўшыся да Леніна, Губмян спатыкнуўся раптам і вырашыў закругляць «палітінфармацыю».

- Усё! - выкрыкнуў звонка. - Ёсць пытанні? - няма пытанняў! Тады ўсе свабодныя. Камандзірам правесці тлумачальныя гутаркі з радавым саставам. Таварышу Кецку - застацца.

Усе, акрамя Кецкі, пачалі выходзіць.

- Ян Калікставіч! - паклікаў Губмян, свабодна вымавіўшы дзіўнае гэтае словаспалучэнне, і на яго голас спыніўся статны ваенны (форма сядзела на ім як улітая), з густой русявай чупрынаю, з адкрытым, дабрадушным, тыповым польска-славянскім тварам. Спыніўся, страявым крокам падышоў да стала, за якім ці то стаяў, ці то ўжо сядзеў Губмян.

- Слухаю вас, таварыш камісар, - сказаў Ян Калікставіч Ольскі, начальнік «тройкі» АГПУ 16-й арміі. Ветлівы, гжэчны, перад Губмянам ён не смірна стаяў, а на «паўсагнутых», каб не падавацца занадта высокім, каб не падкрэсліваць так яўна гэтую розніцу паміж сабой, спрытным і ладным, і нягеглым, дохленькім таварышам камісарам. Плечы ўтуліў, прыгорбіўся, сашчапіў на жываце белыя, дарма што холад, далоні (якімі ў 37-м будзе закрываць ашалелы ад жаху твар, калі самога нарэшце прыставяць да заляпанай крывёю і мазгамі ўчарашніх яго ахвяр сценкі менскага падвала).

- Я вас слухаю, таварыш Губмян.

- Распарадзіцеся, каб прывялі гэтага хлопчыка, арыштанта. Ці, яшчэ лепш, самі гэта зрабіце.

Ольскі, хоць і схіліў галаву ў знак згоды і таго, што ўсё зразумеў, але, вопытам навучаны, ён ніколі не кідаўся выконваць начальніцкія даручэнні, лішні раз не перапытаўшы. Таму, на хаду ўжо, ён павярнуўся і ўдакладніў:

- Прывесці сюды?

- Проста сюды.

Ян Калікставіч выйшаў, асцярожна і мякка, як кот, ступаючы, і дзверы прычыніў за сабой асцярожна, не ляпнулі яны, як за іншымі.

Кецка стаяў і назіраў, як з таго боку, ад вуліцы, бегае па падаконніку сярдзіты голуб.

- ... І ад вас, чалавека мясцовага, тутэйшага, мы найбольш чакаем дапамогі - вы слухаеце мяне? Падыдзіце сюды!

Кецка ўздрыгнуў - Губмян даўно ўжо звяртаўся да яго, а ён праслухаў. Павалокся да стала, зачапіўшы па дарозе крэсла, якое ледзь паспеў падхапіць, каб не грукнулася аб падлогу. Стаў перад таварышам камісарам па другі бок стала, вінавата перамінаючыся з нагі на нагу. Яму было сорамна за свой нехлямяжы выгляд, асабліва ў параўнанні з іншымі камандзірамі і начальнікамі; сам ён не паспеў ні пагаліцца, ні хоць бы нават апаласнуцца збольшага хоць халоднай вадою. Яму здавалася, што і пах ад яго ідзе нячысты, таму не толькі ад яго няўважлівасці, а і ад гэтага таксама крывіцца зараз Губмян.

Сярод складзеных стосам папак Кецка пазнаў і сваю - ваенкаматаўскую, па сіняй папераю абклееным карэньчыку. Губмян тым часам, як на асадку, пахукаў на кончык алоўка.

- Для пачатку вы паможаце нам скласці спісы радні завадатараў...

- Гэта будзе не так проста, таварыш камісар, - хрыпла сказаў Кецка. - Яны альбо павывозілі свае сем'і, альбо хаваюць. І Жаўрыд, і Сокал-Кутылоўскі, і Пракулевіч, і Паўлюкевіч...

- Вашая справа іх пералічыць, а ўжо нашая - шукаць. Цікавы мне, - высмыкнуў Губмян папку з-пад нізу, пастукаў па ёй костачкамі пальцаў, - цікавы мне, калі шчыра, сама больш вось гэты штабс-капітан... Вы з ім служылі разам, так?

- Два месяцы ў ваенкамаце.

- Кажуць, вы нават сябравалі?

- Ну, як сябравалі... Гаварылі, выпівалі, было. На словах, прынамсі, ён не быў супраць Саветаў. Не магу зразумець, чаму ён згадзіўся іх узначаліць, як яго ўламалі... Ён не раз казаў - абрыдла ўсё, і вайна, казаў, што не хоча ваяваць ні на чыім баку.

- Як жа яго ўгаварылі?

- Не магу ўявіць! Нібыта ездзіў да яго на хутар Сокал-Кутылоўскі, а аб чым яны ўжо там дамаўляліся...

- На хутар? - застыла ў Губмяна рука з алоўкам. - Дзе хутар? Хто там застаўся?

- Вёска Лютавічы, у нейтральнай зоне. Усё адно блізкіх у яго нікога няма, дзядзька толькі - бацькаў брат.

Губмян нібы пратакаліраваў словы Кецкі; калі ж той, скасіўшы вочы, заглянуў у аркушык, то ўбачыў там усяго дзве лініі, пад вострым вуглом перасечаныя. Над адной было напісана Ч, над другой К.

- Скажыце, Кецка, - спытаў Губмян, тлуста абводзячы К, - вось таварыш Лебедзеў наш, які ў іх таксама пабыў, сцвярджае, што Чайка слабавольны, нікудышні арганізатар, падатлівы на ідэалагічную апрацоўку... Таварыш Лебедзеў не сумняваецца, што ў бандзе ён чалавек выпадковы. Што вы наконт гэтага скажаце?

- Скажу, што лічу інакш, чым Лебедзеў. Пра франтавое геройства Чайкі ходзяць легенды.

- Гэта я ведаю. - Губмян задумаўся. - Пераманіць яго да сябе не ўдасца, канечне ж?

- Канечне. Ён жа быў у нас. І калі б хацеў застацца, дык застаўся б.

Губмян злучыў лініі трэцяй і пад гэтым ніжнім катэтам трохкутніка дапісаў літару «А»; ну, вядома, здагадаўся цяпер Кецка, ніякае не «чэка» гэта было, як спачатку падумалася, а Чайка - Кецка - Арыштант.

- Усё адно гэты хлапчук нам ні к чаму, - хутчэй сам з сабою, чым з Кецкам, ціха раіўся Губмян. - А мы проста паспрабуем... Закінем камень у агарод і будзем глядзець, што з гэтага атрымаецца... Дарэчы, што, праўда ён быў сярод нападаўшых?

- А адкуль тады ў яго мой маўзер? Ён жа маўзер аддаў.

- Добра. У любым выпадку нам ён не патрэбен. А вось выкарыстаць яго можна... Цяпер так. Сядайце за стол. Сюды, сюды, на маё месца...

Саступіў табурэтку, на якую Кецка, абагнуўшы стол, апусціўся з палёгкаю фізічнаю, але не духоўнаю.

- Не цяжка пісаць? - паспагадаў камісар, навісаючы над сталом.

- Нармалёва...

Левай рукой памогшы, Кецка ўшчаміў аловак паміж пальцамі-абрубкамі.

Усплыла ў памяці школа, парта, настаўнік дыктуе: «Хараша халодная вада, када хочицца пить...» Калі ўсё гэта было?..

- Скажыце, Чайка ведае ваш почырк?

- Напэўна, - адказаў Кецка, пачынаючы здагадвацца.

- Я магу прадыктаваць вам, - сказаў Губмян, - а можаце напісаць самі, вы чалавек разумны. Вы чалавек разумны? Што мы зараз з вамі зробім?

- Не ведаю.

Кецка паціснуў плячыма - «не ведаю», але ўсё ўжо выдатна ведаў.

- ...Вы напішаце свайму былому сябру запіску, - тлумачыў Губмян, - у якой падзякуеце за звесткі, мы перададзім яе з хлапчуком і вусна тое-сёе, так, мімаходзь дабавім...

Кецка нават прымусіў сябе ўсміхнуцца:

- Калі б ён працаваў на нас, дык знайшлася б іншая сувязь! Адразу зразумеюць.

- А мы паспрабуем! Не павераць, дык засумняваюцца. Вельмі ўжо, скажу вам, зручная нагода!..

Яшчэ б! Ведаў, што робіць Губмян. Двух - нават трох зайцоў адным стрэлам... Па поўнай праграме падстаўляецца ён, Кецка, заплямлены будзе Чайка, ды і малы Дзяніс як пасрэднік паміж агентамі... Канечне, могуць не паверыць - але ўсё адно якая муць вакол гэтага ўчнецца! Калі павераць, а можа і такое быць - арыштуюць і шлёпнуць і Чайку, і малога свае ж... Вось табе і план пры ўсім яго наіве!.. Чорта з два, Косця, дадуць табе бальшавікі паслужыць Беларусі, ахмураць, павяжуць, аблытаюць, як павук муху.

- Дык што пісаць? - буркнуў панура.

- Многа не трэба. Так і пішыце: дзякую за звесткі, сувязь ранейшая. Подпіс, дата.

Пакуль рэўкамавец, як той голуб на падаконніку, схіліўшы галаву, адным вокам на паперу пазіраючы, выводзіў свае крамзолі (Губмян цераз плячо чытаў), нячутна расчыніліся дзверы і Ольскі ўвёў у сталоўку Дзяніса. Дзяніс трымаў рукі за спіной - хутка пачала пазнавацца арыштанцкая навука. Губмян з Кецкам былі занятыя пісьмом. Адно камісар бліснуў шкельцамі, паказаўшы, што заўважыў іх, і зноў схіліўся над рэўкамаўцам.

- Чайка... Чайка перадасць! - голасна сказаў Губмян.

- ...Перадасць, - панылым рэхам паўтарыў Кецка.

Дзяніс з апошніх сіл стрымліваўся, каб не ўпасці. Трэсла яго так, што зуб на зуб не трапляў, але зусім не ад холаду і не ад страху. З ім адбывалася тое, што свядомасць перыядычна пакідала яго цела, ён ведаў кожны момант, што вар'яцее, але ніяк не можна было перашкодзіць гэтаму, утрымаць у цвярозасці розум. Ён толькі здзіўляўся, як гэта ім, душы і целу, удаецца існаваць паасобку. Целу загадваюць, яно механічна выконвае, а яго, сапраўднага Дзяніса, няма: то ён ззаду, то збоку, то зверху на сябе ж пазірае і бачыць сябе як чужога. І шынель, і фуражку, і рукі, і вусны свае, прычым такое ўсё выразнае, бы праз павелічальнае шкло - аж да нявыціснутага чорнагаловіка-вугра на пераноссі; прычым гэты адрыў - лепш сказаць, адлёт душы - ніяк не быў абмежаваны тэрытарыяльна. Дзяніс мог адначасова бачыць сябе і з Лізкаю ў лазні, і з Чубам у сваім двары, і разам з забітымі на падводзе, за якой беглі на арыштантаў падобныя вінаватыя два сабакі... Было б паўбяды, каб гэтым канчалася. Але такім жа раздвоеным, разладжаным быў не толькі зрок, а і слых. Штосьці закліньвала ў яго мазгах, і ў вушах паралельна з чужымі, да яго звернутымі словамі, увесь час гучаў голас уласны - у форме бясконцага, манатоннага бубнення - як справаздача перад тым жа Валодзькам Піліпчуком, Чубам ці яшчэ кім іншым. «Ну, тады мы з Лізкаю... Дзядзька Ладусь, калі нежывы ляжаў... Кецка стукнуў мяне... У Слуцак, калі, значыць, прывезлі... Сабірайся - я сабраўся...» У сваю чаргу гэты вар'яцкі ўнутраны маналог мог заклініцца на нейкім адным гуку, які пачынаў ні з таго ні з сяго расцягвацца; напрыклад, слова «мяне» авечым бляяннем цягнулася-звінела з мінуту, але й затым, калі нарэшце прамаўлялася, у галаве ўсё яшчэ працягваў жыць яго адгалосак, яго рэха - як акампанемент іншым словам...

Такое раздваенне было б па-свойму цікавае, каб не было так жудасна вяртацца назад у цела. І тады ўся гэтая каламуць духоўная адбівалася на ім знешне.

Губмяну хапіла аднаго хуткага пагляду на яго - змучанага, трывожна-атупелага хлапчука, каб зразумець, што гэта за «вораг», якую ён можа несці савецкай уладзе «небяспеку». Сам факт, што ён арыштаваны, што проста знаходзіцца тут, і ёсць вышка кары; што цяпер яго хоць катуй, хоць у распыл пускай - большага не даб'ешся: усё, мяжа атупення, далей няма куды. Нават дапытваць такога не хацелася.

Але ж і так не адпусціш! Інстынкт кошкі, якая злавіла мыш, перамог.

- Ну што? Героя з сябе ламаеш? Вы ж там усе героі! - А калі Дзяніс сказаць штось памкнуўся, піскнуў: - Маўчаць! - і кулачком па стале грукнуў. - Выведзіце зараз жа і расстраляйце яго, таварыш Ольскі!

- Ёсць, таварыш камісар, - падыграў асабіст, выцягнуўся, шчоўкнуў абцасамі. - Пайшлі!

Дзяніс не кранаўся з месца. І маўчаў, хоць бы слоўка, - як заняло яму. Трое дарослых мужчын з цікавасцю сачылі, што будзе далей. І ўбачылі. Убачылі, як хлапчук пераступае, а пад нагамі ў яго, на падлозе, кружком распаўзаецца мокрая пляміна, як бы снег разам пачаў раставаць з чаравікаў.

Кецка першы не стрымаўся.

- Ты не ўяўляеш небяспекі для савецкай улады! - злосным воклічам спыніў гэтую камедыю. - Мы адпускаем цябе! Ідзі і перадай там, у вашым зборышчы, каб здаваліся ўсе - цацканне скончылася (затараторыў спяшаючыся, каб не абарвалі), палякі дазволілі нам увайсці на суткі, а за суткі вас пакрышаць там на капусту...

- А вось такое перадаваць зусім неабавязкова, - заўважыў Губмян.

А позна. Перададзена ўжо! Вось брыдота, як яны ўсе, і прыбалты, і ўкраінцы, і «азеры», і гэтыя яшчэ - як яны ўсе свой свайго трымаюцца!.. Як адкрыта, нахабна выдае сябе хоць гэты ж Кецка... Не, правільна, таварыш Троцкі! Толькі цалкам сцёршы, без следу знішчыўшы нацыянальныя адрозненні, і мовы, і ўсё, усё асабістае! - толькі з такім народам можна будзе...

- Прабачце! - астыў таварыш Кецка.

Са складзеным учатыры аркушыкам падышоў да Дзяніса, уклаў яму ў бязвольную, мёртвую далонь. Запіска выпала на падлогу, добра, што не ў мокрую пляміну. Кецка нагнуўся, падняў.

- Перадасі гэта Чайку. Чуеш? Толькі ў рукі. Зрэшты, можна і любому з камандзіраў... І на словах скажаш, - ад нашых табе паклон... Запомніў? Паўтары!

- Перадаць Чайку запіску і ад нашых паклон, - расціснуліся ў Дзяніса пасінелыя вусны. І раптам прамямлілі недарэчы: - Дзякуй вам, дзядзька Кастусь...

- Усё. Адпусціце яго, таварыш Ольскі.

Зараз. Таварыш Ольскі якраз той самы, каго хлебам не кармі, а дай чалавека адпусціць... Ён нават з месца не крануўся. Запытальна кіўнуў падбародкам Губмяну - як быць?

Камісар і махам рукі пацвердзіў, і словам падмацаваў:

- Выконвайце!

Выйшлі на двор. Моцна пахла маладым снегам. Дзяніс спусціўся з ганка і пайшоў, павалокся, а не пайшоў... Плошча скончылася. Ён азірнуўся. Нікога. Ніхто не цэліўся ў яго з нагана. Ніякага Ольскага ззаду не было. Дзяніс падбавіў кроку. Вуліца была даўжэзная. Людзі, якія зрэдку трапляліся, нават не пазіралі на яго. У іх хапала сваіх клопатаў.

Ён не разумеў, куды яны спяшаюцца. Навошта? Чаму вераб'і як ні ў чым не бывала сядзяць на кусце і чырыкаюць? Чаму неба такое ж самае, як заўсёды, і платы, і хаты, і сляды на снезе?.. Чаму Кецка памагае яму, так адкрыта рызыкуючы? Няўжо нешта яшчэ можа быць, акрамя жыцця і смерці?..

Адышоўшы далёка ад плошчы, Дзяніс спыніўся каля нечай студні. Захацелася піць, але на жураўлі не было вядра. Ён глянуў - у кулаку была заціснута Кецкава цыдулка. Скамечыў і кінуў яе пад плот, у снег, а тады пайшоў хутка, забыўшы і пра ваду, якой можна было ў хату пастукацца ды папрасіць.

Ніякіх запісак! Ніякіх атрадаў! Дамоў, на печ, да маткі-бацькі!..

Але ўжо праз хвілінку ён запаволіў крокі. Толькі цяпер да яго пачынала даходзіць, што няма ў яго ніякай дамоўкі, не зможа больш ён там паявіцца і не атрымаецца ні ў запечку пераседзець, ні ў куточку паміж хлявом і прыбіральняю схавацца... Што няма ў яго больш ні Лізы, ні дзядзькі Ладуся, ні цёткі Ёўгі, якая пракляла іхні род; няма больш ранейшага бацькі, а ёсць той, чужы сівы старац, да ўсяго безучасны, які стаяў перад нацэленымі на яго вінтоўкамі... Ды і самой вёскі, такой, як яна была, няма больш!

Ён вярнуўся, падабраў запіску, разгладзіў, яшчэ і азірнуўся, ці не бачыў хто. Схаваў ва ўнутраную кішэню, бліжэй да сэрца - нібы ўсё ж такі яшчэ магла яна паслужыць яму пропускам у тое жыццё, якога не будзе больш ніколі.

 

XX

 

А Семежава бурліла!

Выпадак з разведчыкамі Чуба атрымаў нечаканы працяг. Усе ўжо ведалі, што па наводцы гадзюкі-рэўкамаўца бальшавікі ўночы акружылі вёску, трымалі людзей «разьдзетых» на марозе, усяляк здзекаваліся, білі іх, дваіх дэманстратыўна расстралялі, а меншага Карпавага, «босага па сьнезе, зьвязанага калючым дротам!», пагналі з сабою ў Слуцак.

Гудзела, калыхалася ад гневу семежаўская плошча, на якой яшчэ з рання арганізаваўся мітынг; праўда, не было на ім «запісных» выступоўцаў - крычалі, абураліся, тлумачылі, пераказвалі, гаварылі адзін да аднаго, чым яшчэ больш распалялі і заводзілі і сябе, і таварышаў:

- Смерць камуністым!

- Павесіць падлюку Кецку!

- Якога... мы ў гэтым Семежаве куткі абціраем?!

Па першым часе не было раздраю. Пакуль што ўсе былі з'яднаны прагай помсты. Ніхто не асуджаў, не наракаў на сваіх хлопцаў-разведчыкаў, і ў думках ні ў кога не было вінаваціць у чымсьці Чуба. Нікому не прыходзіла на розум тая простая думка, што калі б не было першапрычыны, дык не было б і выніку: каб не зачапілі іхнія разведчыкі чырвоных, дык не было б і працягу, і вёска была б цэлая... Але што ж гэта тады за вайна?! Дзе б'юць, там і кроў льюць; усё правільна, малайцы, што павучылі трохі, хай ведаюць, хто тут гаспадар!..

Чуб быў герой, сапраўдны мужчына, ваяка. Праўда, здураваў адно крыху: на чорта яму было забіраць з сабою Кецку, трэба было «шлёпнуць» адразу на месцы, у двары, і тым больш не варта было скідваць забітых у рэчку, а прывезці ў Семежава ці прыхаваць збольшага дзе ў лесе, па дарозе... Але ўсё гэта дэталі, дробязныя, няважныя - так атрымалася, і добра, няма чаго ўспамінаць, трэба думаць, што рабіць далей.

- Хіба Балаховіч цярпеў бы?!

- На Вызну!

- На Слуцак!

(І такое гучала.)

Пакрысе наспяваў бунт. І сапраўдныя прычыны, якія ўздыбілі брыгаду, якія бударажылі народ, што тыя дрожджы ў бразе, былі, канечне ж, зусім не ў гэтым звычайным, у прынцыпе нікчэмным для людзей ваенных і па ваенным часе выпадку; прычыны збіраліся даўно. Проста выпадак гэты шмат з чым супаў.

Маса ўзброеных, накормленых, здаровых, у адным месцы сабраных мужчын проста даўно нудзілася без дзеяння. Былі і свае мясцовыя нюансы. Хоць і знаходзіліся людзі на сваёй тэрыторыі, амаль што дома, сярод блізкіх, сваякоў і знаёмых, хоць сем'і і кармілі іх, пастаўляючы ім прадукты і самае неабходнае, - гэта добра было дзень, два, нават тыдзень ці два, але рана ці позна стане сорамна, і не палезе ў горла кусок. Прыязь гаспадароў, у якіх былі яны раскватараваныя, не магла быць вечнай; гаспадары хоць і не гаварылі ўголас, але пытанне вось-вось непазбежна ўзнікла б, пытанне такое: чаго вы тут, уласна кажучы, загасціліся? Калі і чым вы надумаеце за ўсё плаціць?.. А тут яшчэ далучэнне грозаўцаў, перад якімі някепска было б паказаць сябе бясстрашнымі, у баях загартаванымі ваякамі...

А тут яшчэ малебен, і (як індульгенцыя, як дазвол ад Найвышняга на яе хутчэйшае выпрабаванне супраць акупантаў-бязбожнікаў) такое ўрачыстае асвячэнне зброі - міжволі карцела праверыць, а што, калі раптам праўда, і ў гэтым нешта ёсць, і «асвянцоная» вінтоўка ці стрэльба неяк інакш, больш прыцэльна страляць пачне, а ўладар яе будзе застрахаваны ад варожых куль?

А тут яшчэ і расчараванне ў камандзірах-«нацыяналістых» і радаўцах-«бээнэрах»; і то - хіба самыя тупыя, як браты з Грэска Іван з Андрэем, для каго ўсё быў адно белы свет, абы дзень з вачэй, не маглі перш не задумацца, а потым і ўголас не запытаць: дык дзе ўрэшце абяцаная зброя? дзе грошы? амуніцыя? дзе хвалёная міжнародная салідарнасць і ваенная дапамога, пра якую ў лапці званілі па сто разоў на дзень? Чым займаецца Рада, акрамя сваіх сходак, зборак, незлічоных дэкларацый і адозваў - якая з гэтага каму карысць? Дзе плён? Ці ўсё так і было задумана ад пачатку, з разлікам у рай уехаць на чужым гарбе? Заварыць кашу, раструбіць на ўвесь свет, каб самім лягчэй было змыцца ў Парыжы ды ў Прагі, падставіўшы іх?

Пайшла гуляць чутка, што Жаўрыд тут, у Семежаве, - вярнуўся з пустымі рукамі, без грошай, без анічога. Пацярпеў поўнае фіяска і таму баіцца выйсці цяпер да людзей, хаваецца недзе... Што Чайка паехаў у Баранавічы, а чаму паехаў, ніхто не ведаў. І, наадварот, расказвалі, што Мацэля прывёз ад Балаховіча поўны «мех грошай», увогуле быў сустрэты «бацькам» як родны сын. Балаховіч абяцаў ім усёмагчымую дапамогу. Ураз ажывілася, акрыяла, галовы паднялі расейскамоўнае белагвардзейскае афіцэрства і балахоўцы. Асабліва не спалі ў шапку апошнія. Некалькі з іх ужо раіліся на штабным ганку, каму выступаць. І сапраўды, момант для перамены дэкарацыяў быў, канечне, ідэальны. Асцярожныя правакатары з іхняй каманды шнырылі сярод узбударажаных мяцежнікаў, падсыпаючы жару:

- Колькі цярпець можна?

- Ім плююць у вочы, а яны кажуць - дождж...

- Дзе Чайка?

- Дзе Жаўрыд?

- Ды дзе хоць хто-небудзь?!

А і не было нікога. Ніводнага камандзіра-бээнэраўца нідзе не было відаць: ні на плошчы, ні ў штабе. Толькі Мірановіч стаяў, прысланіўшыся да папярэчыны конавязі, спакойна пакурваў (а разам з тым вушамі стрыг, вачыма бегаў, усё заўважаючы, усё запамінаючы!), але ён і заўсёды быў невядома чыйго поля ягада, ды і баяліся яго: бунт бунтам, а мала што... Зачапіць яго ніхто не адважыўся. Ды яшчэ ўзнік быў аднекуль спалоханы Пракулевіч, паспрабаваў гаварыць, але пад свіст і ўлюлюканне як з'явіўся, так і знік. І правільна зрабіў, бо ўжо неслася з усіх куткоў пагрозліва-правакатарскае:

- Арыштаваць нацыналістых!

- Павыганяць з брыгады!..

Ужо вызываліся ахвотныя прабегчыся з вобыскам па дварах, па хатах - пашукаць, дзе хто хаваецца з радаўцаў. Па інерцыі не хацелі ўжо слухаць, абсвіствалі і балахоўцаў...

Атмасфера накалялася. Гнеў патрабаваў выйсця, а ачоліць мяцежнікаў, падказаць ім, што трэба рабіць (дарма што «марсэльеза» ад зубоў адлятала), павесці ўрэшце за сабою не было каму. Нехта раптам прамовіў кароткае слова «Чуб». Другі пераняў, паўтарыў гучней, за ім - трэці, і вось ужо ўся плошча заразілася:

- Правільна!

- Чуба ў камандзіры!

- Дзе Чуб?!

І той, не ламаючыся, не прымушаючы доўга сябе ўпрошваць - за адно гэта быў малайчына! - узбег на ганак. Тупнуў пудовым ботам, ледзь дошку пад сабою не праламаў.

- Ёсць тут яшчэ беларусы?! - гаркнуў на ўсё горла.

- Ёсць!!!

- Вядзі нас, Чуб!

- Хто на конях - за мной!

- Па конях!!! - падхапілі - і хто меў тыя коні, і хто не меў.

Неўзабаве эскадрон колькасцю больш за паўсотню вылецеў з мястэчка. Сярод іншых быў і Валодзька Піліпчук, які з ночы круціўся на плошчы, абы да Чуба бліжэй; пачуўшы яго «па конях», ён самы першы кінуўся да хаты... Вось яно, чаканае, нарэшце! Нейкі час яму нават удавалася скакаць у авангардзе, побач з любімым Чубам і з Мірончыкам. Затым ён прыадстаў і толькі раз за разам азіраўся, ці не апошні. Былі і ззаду. Да таго ж вельмі хутка выявіліся нязручнасці гэтай стыхійнай конніцы. Ужо за ваколіцай ход яе парушыўся, частка вырвалася ўперад, большасць была збітая ўсярэдзіне, і многія яшчэ, рассыпаныя па адным, адставалі. Ніхто, канечне ж, у спешцы добра не падрыхтаваўся да такога паходу. Не былі як след падцягнуты папругі, збіваліся сёдлы, тупат капытоў дапаўнялі нейкае бразганне, звяканне, а таксама раздражнёная лаянка тых, хто вымушаны быў спешвацца і тут, узбоч дарогі, прапускаючы ўсіх уперад, прыводзіць у парадак конскую альбо сваю амуніцыю. Валодзька - у таго замест сядла была ватоўка, з якой ён увесь час спаўзаў і добра-такі намуляў паміж ног, пакуль не здагадаўся перасесці «па-бабску», ногі на бок.

Мала-памалу ўсё наладзілася. Эскадрон пастрайнеў, і па вуліцах злашчаснага сяла, якое ніяк нельга было абмінуць на шляху да Вызны, пранесліся імклівай лавінаю - амаль як чырвоныя «рубакі»!

Падсвістваючы, гікаючы, коннікі крычалі сялянам, што выбягалі з хат:

- Мы адпомсцім!

- Будзе жыць Беларусь!

А ім услед - праўда, ціха, так, каб нават у суседнім двары не было чутно, - пасылалі:

- Чэрці...

- Якой вы халеры панадзіліся сюды...

Можна было людзей зразумець. Прыгожае, не багатае і не беднае, ціхамірнае іхняе сяльцо ператварылася за гэтыя дні проста ў нейкі палігон, на якім усялякая «помста» была ім жа даражэй. «Вы адпомсціце і назад у Семежава, а нам зноў пад бальшавіцкія кулі!» - «Паслаў дык паслаў Бог кару - гэта нам за тое, што людзей тут пабілі!..» - «Дык і яны ж нашых пабілі». - «А мы ж упярод - каб не мы, дык мо б і не яны...» Хутка знайшліся і вінаватыя, гэты «чорт гарбаты» Карпа з сынамі. Каб не ў яго двары... Сам Карпа, як і нявестка яго, не паказваўся гэтыя дні на вуліцы. Каля яго хаты Чуб прыпыніўся і перакінуў у двор вяроўку.

Савецкая Вызна не бачыла такога і пры паляках.

Уварваліся ў мястэчка на поўным хаду. З двух дазорных на ўездзе - шчупленькіх матросікаў-украінцаў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у чорных бушлаціках - аднаго засеклі адразу, і не пікнуў, другому, гаду, перш чым і яму раскроіла сталь чэрап, удалося выстраліць. Але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Самі, гарцуючы на конях, смалілі ўгару з вінтовак, абрэзаў і пісталетаў.

- Патроны, чэрці вы, не расходуйце! - крычаў злосна малады Мірончык; асадзіў каня, і той, як на карціне, прысеў на заднія ногі, паспеўшы ў паветры перабраць пярэднімі.

Гучалі стрэлы і каля рэўкама. Адсталыя толькі пад'язджалі на плошчу, дзе знаходзіўся рэўкамаўскі будынак, а там ужо кароткія разборкі былі скончаны. Каля калодзежа ляжалі, адзін на аднаго зваленыя, штук пяць трупаў, у чырвонаармейскай форме і ў цывільным...

- Чуб, цяпер не будзеш ужо з сабой забіраць?! - гарлапаніў, душачыся істэрычным смехам, хтосьці.

Звінела, сыпалася шкло, трашчалі рамы, праз расчыненыя насцеж і павыбіватыя вокны ляцела рэўкамаўскае дабро: паперы, зламанае крэсла, пішучая машынка, якую тыя, хто быў на вуліцы, зараз жа патрушчылі нагамі. Звярнулі ўвагу, што на вільчыку вісіць чырвоны сцяг. Нехта спрытнейшы ўжо валок «пазычаную» ў бліжняй хаце доўгую драбіну. Прыставіў, ахвотныя падтрымалі знізу, той уміг, што малпа, ускараскаўся на дах. Падпоўз па вільчыку, даў раз-другі нагою - сцяг, кружачыся, упаў уніз, дзе пад рогат і радаснае ўлюлюканне быў абліты самагонкай і запалены. Але як бы не так! Самагон гарэў сабе сінім полымем, а палатну хоць бы што.

- Канчай прадукт пераводзіць!

- Газы трэба!

- Валодзька! Дзе наш «канакрад»? Збегай газы ў каго раздабудзь!..

Наверсе тым часам спрытняка выцягнуў з кішэні бел-чырвона-белую латку, сяк-так прыляпіў да абламанага дрэўка.

- Гура!

- Тут яму вісець навекі!

Спусціцца, аднак, аказалася цяжэй, чым ускараскацца. Калі вайсковец нязграбна, задам-задам, падбіраўся па слізкай дранцы да драбіны, знайшоў-такі адзін вытыркнуты цвік; пачаў злазіць, нагамі перабіраючы, - толькі белая скура замільгала праз раздзёртае галіфэ!.. І смех і грэх...

Валодзька Піліпчук нават брывом не павёў на просьбу збегаць газы раздабыць. Ён стаяў у натоўпе, трымаючы за повад каня, разам з усімі смяяўся з голай задніцы, пазіраў, як сцяг гарэць не хоча... А конь тым часам вёў сябе неяк вельмі неспакойна. Справа ў тым, што ён нарэшце быў у сябе дома. Побач, праз плошчу, усяго за якіх сто крокаў ён бачыў доўгую адрыну з маленькімі сляпымі акенцамі - родную канюшню. Натуральна, што пасля столькіх прыгод яму хацелася «дахаты», у звыклы загон, да сяброў і да свайго конюха, хацелася цёплага пойла, прыпраўленага лагодным расейскім матам...

Чуб у разгромленым кабінеце старшыні рэўкама размаўляў па тэлефоне:

- Паведамляю, што я ўварваўся з конным эскадронам у Вызну, застрэліў вашых халуёў і разграміў рэўкам! Так будзе з кожным, хто падыме руку на нашых сялян! Хто гаворыць? Гавару я, беларус Чуб! - Затым стрэліў каля трубкі з пісталета. - А вось мой подпіс! - ухапіў апарат і ляснуў ім аб падлогу.

У гэты момант на двары таксама пачуўся стрэл, потым яшчэ і яшчэ... Тады закрычалі там трывожна і голасна. Чуб выбег на двор. Перад рэўкамам нікога не было, а ўсе спяшаліся цераз плошчу, туды, да чырвонаармейскай канюшні, і згруджваліся там, нагіналіся, разглядалі штосьці.

- Конь жа вызнянскі!.. - чулася разгубленае.

- Вот падла савецкая!

- Як жа ён так...

Чуб падбег. Людзі расступіліся. Валодзька Піліпчук ляжаў на світцы ўжо нежывы. Побач стаяў і муляў вуснамі конь.

- Расказвайце, - прашаптаў Чуб, апускаючыся на коленцы.

А што расказваць? Так проста і так па-дурному адбылося ўсё. Пакуль Піліпчук стаяў, конь сабе памалу тузаў і тузаў за повад. Неўпрыкмет выслабаніўся і пайшоў сабе да канюшні. Валодзька ўбачыў, што пуста ў руцэ, калі ён ужо быў амаль каля варотаў. Кінуўся даганяць, у гэты момант вароты расчыніліся і паказаўся чырвонаармеец, які там хаваўся, хацеў пераседзець, а ўбачыў, што бягуць сюды, і сам выскачыў здавацца. Прычым выскачыў з вінтоўкаю, каб пры ўсіх кінуць яе на зямлю і падняць рукі ўгору. Але дзе ж быў час разбірацца?! - убачыўшы чалавека ў форме, са зброяю, адразу пачалі смаліць па ім і з вінтовак, і з рэвальвераў. Чырвонаармейца хоць бы паранілі, ніводнай драпінкі, а Валодзька...

Каля канюшні Мірончык і яшчэ пару чалавек моўчкі, нагамі білі ляжачага чырвонаармейца; чуліся толькі глухія, як па мяху з мукою, удары.

- Хто страляў? - падняўся Чуб. - Хто страляў, блядзі, я ў вас пытаю?!

- Хто страляў, хто страляў... Усе стралялі, Чуб, гэта ж вайна!

Раптам апусціліся магутныя, шырокія плечы ў бравага разведчыка... Чуб плакаў. Ці то свайго такога ўспомніўшы, ці ад таго, што мог бы ў яго быць такі... Ці проста так, адкрылася яму, што вось перажыў ён чалавека, з яго такім кароткім, няшчасным жыццём і з такой жа несуразнай, неўрачыстай смерцю... Мала таго - гэта ж ён, Чуб, разам з канём на самай справе гэтую смерць яму і падараваў!..

 

XXI

 

Пара была выпушчана. У Семежава вярталіся героямі, з першай ахвярай - мёртвага Валодзьку Піліпчука прывезлі на калёсах.

Тыя, хто ў рэйдзе-набегу не ўдзельнічалі, ганарыліся за смелых сваіх таварышаў і зайздросцілі ім.

І ўсё ж гэтая першая смерць крыху астудзіла людзей. Ужо ніхто не заклікаў да расправы з камандзірамі-«бээнэраўцамі». Спакайней трохі стала. Балахоўцы замкнуліся ў штабе, і невядома было, што яны там робяць. П'яныя мяцежнікі разгульвалі па мястэчку. Пад вечар на плошчы, як звычайна, загарэліся кастры.

Уся сітуацыя вельмі жыва нагадвала «германскія» падзеі, калі модна было, наслухаўшыся бальшавікоў, не падпарадкоўвацца «царскім» камандзірам. Усё паўтаралася - тая ж разгуляйская, адчайная рызыковасць, той жа патаемны ў душы страх, што, калі ўтрасецца ўсё, з кожнага папытаюць і кожны, галаву ўнурыўшы, рукі развёўшы, будзе тлумачыць праз глыбокія конскія ўздыхі: «Бес паблытаў...»

Але пакуль што паміж трыма сіламі ўсталявалася хісткая раўнавага, мёртвы час зацішша перад бураю.

Ніхто з бээнэраўцаў так і не з'явіўся на плошчы. Усе ведалі, дзе яны цяпер знаходзяцца - непадалёку, на Чайкавай кватэры, пад аховай узвода адданага Радзе Капца. Мяцежнікі групкамі па чатыры-пяць чалавек, дзеля цікавасці, хадзілі глядзець. У хаце жоўтымі плямамі свяціліся ўсе вокны. «Засядаюць!» - падштурхоўвалі адзін аднаго, падхіхіквалі бунтаўшчыкі. Калі наблізіцца да веснічак, то чулася толькі клацанне дзесятка затвораў, а так стаяла глухая цішыня, нават сабакі маўчалі чамусьці.

Затое ў хаце гамана не сціхала. «Савет у Філях», як назваў Мірановіч, быў у поўным разгары. Гаварыць, праўда, усё адно стараліся цішэй - хоць і ачэплены быў двор надзейнымі салдатамі, сама канспіратыўніцкая атмасфера таго вымагала. Сляпы дзед сядзеў на сваім тапчанчыку і ўважліва слухаў, уставіўшыся ў столь, пакручваючы ў руках палку. Удава-маладзіца (з разлікам на яе і падшуквалася кватэра камандзіру палка) таксама была ў хаце; з маўклівым жахам яна пазірала, колькі гразі сюды нанесена, колькі накурана тут, і думкі яе былі толькі аб тым, як жа ўсё гэта прыбярэцца, як выветрыцца?..

Дзіўна было бачыць разгубленым «жалезнага» Жаўрыда. Ён сядзеў не па цэнтры стала, хоць там было яму месца, а прымасціўся на лаўцы каля дзвярэй, нават і не на лаўцы - з краю лаўкі... На плошчы гаварылі праўду. Ён вярнуўся ні з чым, пабываўшы і ў Варшаве, і ў Лодзі, і ў Горадні, і ў Баранавічах. Ніхто не даў нідзе абсалютна нічога. Значыць, не будзе ні зброі, ні амуніцыі. Не будзе тыпаграфіі - «паэтычная душа» Косцевіч (Макар Краўцоў) на вольным родным сваім прасторы ў Лодзі прайграў у карты грошы, на яе сабраныя. Так і не дайшлі да Семежава, недзе ў глухіх лясах заблукаўшы, глускія атрады... Словам, нічога з таго, што з такім імпэтам абяцалася, акрамя, праўда, групы камандзіраў, прысланых БВК, якіх і павінен быў сустракаць зараз у Баранавічах Чайка (дык і тых не пяцьдзесят, а чатырнаццаць), - нічога не атрымалася. Было ад чаго павесіць галаву.

Мірановіч з падазронай рэгулярнасцю выходзіў на двор, «ахову праверыць», і вяртаўся падвесялелы, з бліскучымі вачыма, а калі пачынаў гаварыць, трымаў далонь перад вільготнымі вуснамі. Адзін ён паводзіўся, як звычайна. Што да астатніх (а гэта былі «знаёмыя ўсе твары»), дык ніколі яшчэ становішча не здавалася ім такім сур'ёзным, такім адчайным. Ніколі яшчэ не было такім вострым адчуванне правалу. І нават той знакаміты з'езд, які так лёгка і спрытна «павярнуў» Жаўрыд, быў нішто, дзіцячая забаўка ў параўнанні з цяперашнім мяцяжом. Хоць бы таму, што тады людзі былі амаль бяззбройныя і не мелі цяперашняга вопыту - пры ўсім прытым вопыту баявога, бо пабачылі ўжо і палонных, і забітых... Цяпер ініцыятыва, атрыманая дзякуючы Жаўрыду, выплывала з рук. Акцыя не хацела развівацца па іхнім сцэнарыі, ды што акцыя - тут ужо стаяла пытанне іхніх жыцця і смерці! Галовы маглі паляцець, і ад рук сваіх жа, вось як стаяла пытанне.

Спецыяльна засылаемыя на плошчу лазутчыкі - пакруціцца, разнюхаць, хто там чым дыхае, увогуле разведаць, што новенькага, - час ад часу прасочваліся з цёмнага, глухога завулачка ў двор асцярожнымі ценямі і прыносілі звесткі адна перад адной не лепшыя. Сапраўды, «на шчыце» вярнуўся ад Балаховіча Мацэля, цяпер яны п'янствуюць з аднадумцамі ў штабе, загадзя святкуючы хуткую перамогу. У брыгадным шпіталі - нібыта - падпольна знаходзіцца брат Балаховіча Іосіф, гатовы ўзначаліць мяцеж. З Лунінца - зноў-такі нібыта - выйшаў атрад у пяцьсот чалавек, які вядзе на Семежава балаховец Мікола Дзямідаў, з мэтаю захапіць Раду і «прывесці ў дзеянне» прыгавор Беларускага палітычнага камітэта, і Балаховіча ў прыватнасці: Жаўрыда, Пракулевіча і Якубецкага - павесіць. За ўсім за гэтым спачатку не надалі ўвагі яшчэ адной навіне. Вярнуўся са Слуцка, з палону, адпушчаны бальшавікамі Карпаў Дзяніс і прынёс з сабой цікавую запіску, якая, на шчасце, абсалютна выпадкова, пазбегнуўшы публічнага прачытання, патрапіла ў рукі аднаму з лазутчыкаў. З яе вынікала, што Чайка савецкі шпіён. Акружаны спачувальнікамі, відаць, і глынуўшы крыху, акрыялы хлопец хваліўся цяпер на плошчы, як мужна вёў сябе ў палоне, блытана, усклізь расказваў пра Губмяна, Кецку і, між іншым, пра тое, што чырвоныя рыхтуюць на іх поўнамаштабную аблаву, з дазволу і адабрэння палякаў.

Замусоленая, пакамечаная паперка валялася на стале. Наконт яе выказаліся, праўда, усе. Бралі запіску, пасміхаючыся, паціскаючы плячыма, круцілі ў руках і кідалі назад на стол. Ну, на самай справе, не поўныя ж яны дурні, каб «кляваць» на такія прымітыўныя бальшавіцкія штучкі!.. Не падазраваць жа ім уласнага камандзіра палка!.. Што да аблавы, дык усё можа быць, і раней, і заўсёды было зразумела, што палякі здрадзяць рана ці позна; але пакуль не да гэтага - не такой страшнай здавалася небяспека будучая, аддаленая, як свая, што пад бокам.

Усе выступілі, выказаліся, усе адзін аднаму давялі, што маюць справу з фальшыўкай, на якую трэба хутчэй забыць і заняцца больш важным... А вось жа не забывалася! І мала-памалу штосьці на гэтай запісцы пачынала зацыкліваць! Прымушаючы альбо ўголас, альбо ў думках ужо дакладна да яе вяртацца, у рукі яе браць, перачытваць...

І сапраўды. Чаму ўвогуле сталася магчымай гэтая перапіска? Чаму ўсплыло само імя - Чайка? Дыму без агню... не, не - яшчэ рана! Канечне ж, Чайка невінаваты, тут не можа быць сумнення, ніхто пакуль нічога не кажа... Але чаму такія супадзенні, і з бунтам, і з гэтай запіскай, і з адсутнасцю яго?.. Выпадковасць? Але што гэта за камандзір палка, які дапускае да такіх крайніх, небяспечных выпадковасцяў? Тады, можа, і праўда, што на такой пасадзе варта мець дар прадбачання - інтуіцыю? На тое ж прызначаны. Стратэг, франтавы вопыт... Прадугледжваць, чым усё можа скончыцца, і, па магчымасці, прадухіляць - хто ж за цябе гэта рабіць будзе? Можа быць, варта было папярэдне «выпусціць пару» (ці «дурную кроў»), арганізаваць, каб астудзіліся галовы, пару вылазак - такіх, як Чуб з атрадам зрабіў, адцягнуўшы тым самым, дарэчы, як мінімум арышт іх... Чаму іхні камандзір палка не змог ці не хацеў, пакуль такія магчымасці, стварыць сабе аўтарытэт - як, прыкладам, той жа Балаховіч? Шмат, шмат пытанняў!.. І галоўнае, зноў-такі, што вось няма яго. Так, у Баранавічах, так, афіцэраў сустракае. Але ж як знарок, як падгадана - няма ў самы такі адчайны час! Калі толькі і трэба дзейнічаць рашуча. Выйсці на сярэдзіну плошчы, гаркнуць камандным голасам, расстраляць публічна, уласнай рукою парачку найбольш шустрых, каб іншыя раз-назаўсёды забыліся на «свабоду»!..

- Ну што, Мірановіч, - прамовіў і зусім не «медзяным», а разгубленым голасам Жаўрыд. - Ты ж контрразведка - думай!

- А што тут думаць? Нам трэба іншы камандзір палка, - сказаў контрразведчык. І дзіва: настолькі супала гэтае рэзкае выказванне з крамольнымі думкамі іншых, настолькі падпала ім у такт, што хоць бы хто запярэчыў. - Трэба мяняць камандзіра, - паўтарыў Мірановіч, падымаючыся з лавы, - шукаць чалавека, папулярнага, як Балаховіч, але свайго, нацыянальна свядомага.

- Дзе знайсці такога...

- Ну, святое месца пустым не будзе!

- Кутылоўскі некалі Чайку ўгаворваў, - адазваўся з кутка Пракулевіч, - а цяпер Кутылоўскага давядзецца...

І зноў тое ж самае! - ніякага здзіўлення ні ў кога не выклікала гэтая, па сутнасці, нечаканая прапанова, настолькі аднолькавыя былі ва ўсіх думкі. Усё прамежкавае выпускалася за непатрэбнасцю. Па ідэі для пачатку павінна было прагучаць хоць бы пытанне: а каго заместа Чайкі? Затым прапанова - Кутылоўскага, і тады ўжо заканамерным звяном у гэтым ланцугу занялі б сваё месца Пракулевічавы словы.

А далей проста пайшлі гудзець растрывожаным вулеем:

- Добра рабіць такія ракіроўкі ў спакойных абставінах, а тут, калі сам на валасінцы вісіш...

- Ды давайце сядзець і чакаць, пакуль саміх перавешаюць!

- Чакаць трэба Чайку! Як ні круці, а войска яго паважае! Прыедзе, скамандуе - і ўсё абыдзецца... можа быць...

- А хто з вас ведае, як скамандуе Чайка? - без усмешкі перабіў Мірановіч. - Я дык не. - І нібы машынальна, проста каб рукі заняць, узяў са стала Кецкаву запіску.

- Хто яго ведае, наш ён ці не наш... Але факт фактам - яго любяць!

- Ды нейтральны ён! Нічый! Проста апалітычны...

- Толку нам з яго франтавых заслуг?!

- Шаноўныя, вы думаеце, што вы гаворыце? Якое можа быць гаданне: чый у нас камандзір палка?! Ды такі чалавек павінен быць святым, каб нават думкі не ўзнікала яго падазраваць! І мы, улада цывільная, як за каменнай сцяной павінны за такім чалавекам пачувацца, а не гадаць, наш ён ці не наш! Такі чалавек адно рот раскрыць павінен - і каб у тысяч правая нага паднялася, а левая рука пайшла ў адлёт...

- Давайце толькі без лірыкі...

- Ды як увогуле можна падазраваць Чайку...

- Можна! - спыніў дэбаты Мірановіч. Ён увачавідкі пераймаў ініцыятыву верхавенства ад Жаўрыда, ды, мабыць, так і трэба было - Жаўрыд сам сказаў, ты контрразведка, ты і думай. - Як чалавека я Чайку люблю, усе вы гэта ведаеце, але як камандзір у нашай сітуацыі ён нікудышні. І вінаваты ён ужо тым, што такі бесхрыбетны, бязвольны, беспрынцыпны - згадзіўся ўзначаліць акцыю, а трэба было ведаць сваё месца і цвяроза (сказаў Мірановіч!) ацэньваць свае магчымасці. Таму мы і маем тое, што маем. Не проста ж так яму, а нікому іншаму, адрасавана гэтая вось перапіска - бальшавікі знаюць, што робяць.

Усе слухалі моўчкі.

- Я сказаў беспрынцыпны... Гэта не зусім так, нават зусім не так: прынцыпы-то ў яго якраз ёсць. Але настолькі скасабочаныя, што лепш бы іх не было зусім. Яму ўсё здаецца, што можна і за Беларусь ваяваць, і ў белых пальчатках бледным анёлам заставацца. Вось вам прыклад. Нядаўна адпусціў ён бальшавіцкага камандзіра Лебедзева («адпусціў» у вуснах Мірановіча прагучала двухсэнсоўна), тлумачачы гэта наступнай тэорыяй: «Ну, хоць бы самаго камуніста выпусцілі, дык мы гэтым нічога не трацім, а, наадварот, падумаем, што застанецца ў яго на душы? Ці зможа ён больш ваяваць супраць нас? Мы павінны біць духам, а не аружжам»... Тое самае і з гэтай вось перапіскай - у яе свая перадгісторыя. Неяк загаварылі пра Кецку, і Чайка сказаў: «Такога камуніста няма чаго нам баяцца. Я напішу яму пісьмо, і ён прыедзе да нас». Ну, і шмат накіруе, накамандуе чалавек з такімі дзіцячымі, набакір, мазгамі?

Ніхто не перабіваў яго.

- Чайку трэба мяняць - і баста! - сказаў Мірановіч. - Але не проста мяняць, а з толкам. З дальнім прыцэлам. Няхай ён напаследак яшчэ паслужыць беларускай справе; з паршывай авечкі хоць поўсці касмыль... Ну, што прыціхлі? Трэба рабіць тое, што звычайна ў такіх выпадках робіцца. Знаходзіцца крайні, «казёл адпушчэння», на якога вешаюцца ўсе сабакі (чамусь пайшла ў Мірановіча нейкая «жывёльная» лексіка). Трэба аб'яўляць яго, пакуль не позна, савецкім шпіёнам і пад той стаўбняк, пад тое здранцвенне, якія аб'ява выкліча, арыштоўваць балахоўцаў і зачыншчыкаў мяцяжу. І ніхто і слова не пікне! Вінаватыя будуць указаны, пакараны - пакуль разбяруцца, усё будзе скончана!

І тут адказам Мірановічу было маўчанне. Усё правільна, вывераны, надзейны, хоць і жорсткі план, але ж як ён, сябра Чайкі, цынічна яго «выкладае»!.. Вось, а не Жаўрыд і тым больш, канечне, не Чайка сапраўдны дыктатар!.. Такі прынясе ў ахвяру, абы спатрэбілася, любога з іх тут і вокам не міргне... Але што тут скажаш? Трэба ж нечым, а ў іхнім выпадку некім паступацца... Каб выратаваць акцыю, а заадно і Беларусь, трэба ж, і праўда, каб перш-найперш зберагчы ўласныя галовы... І іншага варыянта, іншага спосабу дзеяння ніхто ж не прапаноўвае.

- І вось што, дарагія мае, - выдатна разбіраўся ў іхнім маўчанні галоўны контрразведчык, - давайце без сюсюканняў. Гэтая вось цыдулка, гэтая наіўная фальшыўка, за своечасовасць якой трэба падзякаваць чырвоным, - адзінае, за што мы можам зачапіцца. У ёй наша выратаванне. І калі мы не скарыстаемся гэтай эпісталярыяй, нам нічога больш не застаецца, акрамя як сядзець баранамі і чакаць балаховічаўскага або бальшавіцкага абуха. У мяне ўсё.

І праўда, як пад абухом паапускаліся галовы канспіратараў.

- Адзін узвод - гэтага мала, - яшчэ засумняваўся нехта, ужо без усялякай сувязі з Чайкам.

- Хопіць! Трох дзесяткаў цвярозых надзейных хлопцаў больш чым дастаткова!

- Добра! Будзем лічыць, што Сокал-Кутылоўскі даў згоду. Застаецца драбяза: як гэтую камандзірскую перастаноўку ажыццявіць тэхнічна? Выйсці на плошчу і аб'явіць, што з заўтрашняга дня вольніцы канец, заместа Чайкі цяпер у вас будзе дыктатар?

- Дык пра гэта і давайце падумаць...

- Я ўсё бяру на сябе, - сказаў Мірановіч.

І хоць трохі яшчэ пашумелі, паспрачаліся, усё яшчэ самі сябе пераконваючы ў неабходнасці подленькай справы («Адцягнуць нечым увагу...»; «Ну, так! Калі арыштуецца сам Чайка, дык астатнюю драбязу і не заўважыць ніхто...»), але ўжо даволі вяла, ды і не па сутнасці. Усё радзей згадваўся Чайка, і ўжо проста не хацелася ўвогуле чапаць гэтую непрыемную, пры ўсім пры тым, тэму. Сасноўскі раптам падняў будзённае пытанне: як быць з начоўкаю? ці не дражняць яны гусей, застаючыся ўсе ў адным месцы, дзе лёгка іх могуць накрыць; можа, разумней будзе разгрупавацца? І ўсе з палёгкаю перакінуліся ўжо на гэты новы клопат і доўга яшчэ вялі па ім дыскусіі, пакуль, ці не пад раніцу ўжо, вырашана было не спаць увогуле, нікуды не разбрыдацца, проста сядзець тут, даверыўшыся ва ўсім Мірановічу і Капцу.

Цікава, што і ў супраціўным лагеры прыйшлі да высноў аналагічных, з той толькі розніцай, што роля закладнікаў - «ахвярных казлоў» - адводзілася Пракулевічу з Жаўрыдам.

А мяцежнікі на плошчы проста чакалі, да чаго ж нарэшце дадумаюцца і калі што пачнуць прадпрымаць узбаламучаныя, незгаворлівыя, нядружныя іхнія камандзіры.

 

XXII

 

Весела было ў Лодзі, калі займалі месцы ў вагоне, весела было ў поездзе, пакуль ехалі па Польшчы - ад прыроды за акном, ад таго, што многа іх, аж чатырнаццаць, што яны такія маладыя, а ўжо афіцэры, і форма ваенная на іх, з раменьчыкамі на грудзях, пагонамі на плячах, шэўронамі на рукавах, і едуць яны не на пагулянку, не да маткі на бліны - на фронт, змагацца за радзіму.

Удосталь было выпіўкі, не змаўкалі песні... Каму надакучвала, дык можна было проста стаяць каля акна і любавацца прыгажосцю краявідаў, дыхаць вольным, свежым паветрам.

Пасля Варшавы цягнік пайшоў марудна, падоўгу прастойваў на кожнай, нават самай занядбаленькай станцыі, а то і проста на перагонах, пасярод поля ці ў лесе. Скончылася выпіўка. Перасталі спяваць (а то штораз то адзін, то другі падымаўся, задзіраючы высока руку са шклянкай, ззяючы вачыма, зацягваў «Адвеку...», астатнія натхнёна памагалі)... Цягнік ледзь сунуўся. На другія суткі ўжо нават у акно не хацелася пазіраць. Нарэшце, дзякаваць Богу, Беласток! Уміг скінуліся грашыма, выбралі «ганцоў» - хоць піва раздабудзьце! Пайшло пяць, вярнуліся двое; праўда, з цэлай скрынкаю піва, так і прынеслі, з бакоў узяўшы. А тыя дзе?.. Знойдуцца, здагоняць!

Пахмяліліся. Пасвятлелі твары, ачысціліся вочы. Выдыхнулі з палёгкаю глоткі... «Дык а што, хлопцы, жыве яшчэ Беларусь?»

- Із-пад Слуцка, із-пад Клецка, - адкашляўшыся, густым басам пачаў завадатар; у камандзірскай школе ён быў самы дужы з усіх.

- Йдзе др-ружына маладзецка!!!

У Горадні зноў адкамандзіравалі ахвотных, - вярнуўся адзін з трох і без піва. «Сказалі, блізка жывуць тут, самі потым дабяруцца...»

- Та-а-к... Ну, а хто яшчэ тут блізка жыве? - Завадатар абвёў вачыма ўсіх, бо ўсе ўжо маглі памяшчацца ў адным купэ. - Усё! З гэтага моманту нават у прыбіральню па адным не выходзіць!

А кепска без піва. І не спяваецца, і ў акно не глядзіцца... І ад курыва аж мутарна! Нікому нічога не кажучы, завадатар падняўся, пайшоў у тамбур. Няма і няма. Устрывожаныя хлопцы кінуліся шукаць. Нікога ў прыбіральні, пуста ў тамбуры, толькі расчыненыя дзверы целяпаюцца на ветры, а поезд ледзь-ледзь паўзе - можна на хаду ў лес збегаць і вярнуцца... Успомнілі, што родам «завадатар» аднекуль адсюль, з-пад Ліды.

Ад злосці ўжо і не пазіралі адзін на аднаго. Не гаварылі. Ніхто нікому больш не верыў. Кожны меў выгляд, што гэта толькі ён герой, а іншыя - баязліўцы-здраднікі. На ледзь асветлены, мокрым снегам заляпаны баранавіцкі перон выходзілі не сябрамі, а амаль што ворагамі.

Зараз жа да іх наблізіліся трое, у сваіх клінчатых канфедэратках. Польскі патруль. Глянуўшы і вяртаючы дакументы, чамусьці ўсе трое засмяяліся. «Што-небудзь не так?» Палякі, не адказваючы, пасміхаліся... Потым адзін паказаў у бок станцыі: «До камендатуры! Туды! Разумеш?» - як да глухіх ці да дурных якіх.

А ад вакзала, спатыкаючыся на рэйках, ужо спяшаліся да іх Чайка з Данілам. Першы раз у жыцці «лодзеўцы» на ўласныя вочы бачылі тых самых «слуцкіх жаўнераў», аб якіх ведалі толькі з пафасных артыкулаў «Беларускага слова». І якая ж розніца была паміж імі сапраўднымі і тым, што ўяўлялася, або хоць бы ў параўнанні з гэтымі вось, у форме з іголачкі, смяшлівымі польскімі патрульнымі, якія сінхронна - адзін паперадзе і двое з бакоў і на крок ззаду - аддаляліся па пероне!.. Чайку ніхто не пазнаў, ніхто нават і не падумаў, што гэта можа быць камандзір - такі невысокенькі, у кароткім шыняльку, нявыспаны і задыханы... Хутчэй за старэйшага прынялі Данілу, дзякуючы жупану і сіняму з чырвонымі лампасамі галіфэ, падобнага на адчайнага непахмеленага рубаку з атрада Махно.

- Нех жые Польска! - іранічна прамовіў адзін, калі Даніла пацягнуўся да яго з працягнутай рукою - знаёміцца.

- Што, палякоў дужа любіш? - здзівіўся ардынарац, яшчэ не разумеючы нічога. Затым падняў вочы ўслед польскаму патрулю, сябе хутка агледзеў... Ясна! Ён сплюнуў ад прыкрасці. Каму тут будзеш тлумачыць, як здоўжылася ім (акрамя яго і Чайкі яшчэ двум вазніцам) трое сутак чакання гэтай «чарапахі», калі спалі ў вакзале на лавах, не распранаючыся, ні памыцца, ні пагаліцца, ні паесці як след, больш пра коней, чым пра сябе, дбалі...

Неўзабаве дзве падводы, калоцячыся на брукаванцы, выправіліся ў начны шлях. Ехаць было праз увесь горад, доўгай цэнтральнай вуліцай. Прыфрантавыя Баранавічы, поўныя ваенных, мала чым саступалі эўрапейскай Лодзі. Вуліца была асветлена электрычнымі ліхтарамі, гуляў народ - найчасцей афіцэры з барышнямі пад ручку. Поўна было розных падвальчыкаў, адкуль чулася музыка, акенцы якіх свяціліся, каля зазыўна расчыненых дзвярэй туманам вісеў цыгарэтны дым... З аднае такой рэстарацыі цэлым зладжаным хорам выводзілі: «Покі не загіну ад руцы большэвіцы!» Праз усё гэтае вяселле, як праз строй, барабанілі па бруку сваімі коламі падводы, і баранавіцкая «чыстая» публіка перш слупянела ад відовішча: што за бежанцы? чаму ў форме? што ў іх за гора, што такія панурыя і сярдзітыя? - а зразумеўшы, што гэта з беларускага войска, смяяліся ўслед тым жа смехам, як і патрульныя на пероне. Паненкі таксама смяяліся разам з афіцэрамі.

Што сорамна было ім, таксама аматарам пасядзець у рэстарацыі ды паспяваць пра бальшавікоў і Беларусь, якія і самі былі б не супраць, папырскаўшыся адэкалонам, пачапіўшы на боты шпоры і на бок шаблю, прайсціся пад ручку з дамачкай і якія змушаны цяпер калаціцца ў сялянскай скрыпучай падводзе і слухаць смешкі і кпіны з сябе, - не тое слова... І што ж гэта за нацыя ў нас такая, што мы за народ такі, што ўсё ў нас так убога, так усё прыземлена, так нецікава, па-мужыцку, па-сялянску, «па-прастому» - за што ні возьмемся?!.

На пярэдняй падводзе (Чайка з Данілам ехалі ў задняй) спачатку шапталіся. Затым усё гучней, усё больш сярдзіта гаварылі аб нечым... А ў канцы вуліцы, на мяжы святла і цемры - тр-р, стой! - падвода спынілася.

- Вось што, пан камандзір... Тут такая справа... У нас ёсць сваякі ў Баранавічах... Нам трэба памыцца, у парадак сябе прывесці... Пасля дарогі мы не можам у такім выглядзе...

- Я не трымаю нікога, - сказаў Чайка.

Толькі трое засталося на падводзе. Развітацца з нядаўнімі сябрамі яны не пажадалі.

- Камандзіры, ...вашу маць! Паркетныя героі! - крыкнуў Даніла, калі «героі» аддаліліся ў цемру.

- Гэта вы нейкія бальшавікі! - агрызнуліся яму.

- Абарванцы!

- Хоць бы лампасы свае чырвоныя спароў!

Трое, што засталіся, усю дарогу сядзелі маўчком, нахохленыя, бы вераб'і. Як ні дапякаў іх Даніла, на дэзерцірах злосць спаганяючы, не адказвалі ні словам. Зрэшты, маўчунамі яны былі і ў афіцэрскай вучэльні, і ў цягніку песень не спявалі, «Жыве Беларусь!» не гарланілі, ды і само слова «Беларусь» ужываць стараліся найрадзей, як бы баючыся зацерці яго ад частага і механічна-тупога паўтарэння, як і папутнае: «Бацькаўшчына-Маці», «Радзіма», «Краіна», «святая барацьба» і таму падобнае пафаснае шалупінне. (Яны стануць аднымі з лепшых афіцэраў брыгады, будуць з ёю да канца, і ўсе трое, як бы сплаціўшы доўг і за таварышаў-дэзерціраў таксама, загінуць: адзін зімою 21-га пры пераходзе Лані, другі ў польскім канцлагеры і трэці на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала.)

- Есці будзеце? - прапанаваў Даніла. - Тут жа набралі на цэлую вашу шоблу! І мяса, і сала, і ўсяго - толькі ваюйце!

- Не хочам...

У мястэчка ўязджалі пад раніцу. Было цёмна, і толькі па гадзінніку можна было зразумець, што гэта раніца. «Лодзеўцы» ўсе спалі.

А між тым штось не тое было ў мястэчку! Ціха неяк... Зарыва ад вогнішчаў не відаць над плошчай... Няма дазорных на ўездзе, там, дзе ім належыць быць... І толькі калі праехалі добрых паўвуліцы, з цемры паказаліся людзі.

- Пан капітан? Пачакайце тут.

Сталі падводы. Адзін з вайскоўцаў знік, і даволі доўга яго не было. У цемнаце ціха перагаворваліся людзі і ўздыхалі коні. Але вось вайсковец вярнуўся, і не адзін - з Мірановічам. Чайка пазнаў яго па кашлі і агеньчыку папяросы. Сябар спакойна павітаўся за руку з ім, з Данілам, агледзеў спячых «лодзеўцаў».

- А што іх мала так? Дзе астатнія?

- Сабакам сена косяць, - груба адказаў Даніла, якога і насцярожвала ўсё гэта, і не падабалася.

- Так, пастойце тут трохі. Ты, Павал, мне патрэбен.

- Што такое?

- Скажу.

Чайка саскочыў з падводы. Пайшлі вуліцай, павярнулі ў завулак, тады ў яшчэ адзін, перпендыкулярны, і далей - усё нейкімі цёмнымі дварамі, пра існаванне якіх Чайка і не здагадваўся. Але добра было ўжо хоць ногі размяць - проста ісці сабе бяздумна.

- Дык што здарылася?

- Ёсць навіны.

Нарэшце чарговая вулічка аказалася тупіковай. Уперадзе быў нейкі нізенькі хлеўчык, а з бакоў - шэрыя ў сутонні хлявы і хаты.

Пры іх з'яўленні падняліся з жэрдак двое з вінтоўкамі.

- Свае! - сказаў Мірановіч, раскурыў мацней папяросу і паднёс яе да гадзінніка.

Адчыніў дзверы, рухам гасціннага гаспадара прапускаючы ўперад Чайку, і сам, азірнуўшыся чамусьці напаследак, зайшоў за ім у хлеўчык. Канечне, ён бываў тут раней, бо добра арыентаваўся ў цемры. Адшукаў на падлозе лямпу. Прысеў, адкруціў больш кноту і падпаліў яго.

Лямпа высвеціла чатыры голыя сцяны. Мох у шчылінах... Акенца... Ворах саломы на падлозе ў кутку. Нічога больш.

Чайка ўсё яшчэ ні аб чым не здагадваўся.

- Штабс-капітан Чайка, - спіною да яго стоячы, прамовіў контрразведчык, - вы арыштаваны па падазрэнні ў здрадзе. Здайце зброю.

- Ты жартуеш?

- Я толькі прашу не задаваць лішніх пытанняў.

Мірановіч закурыў новую папяросу (ага, не такая і простая, аказваецца, падобная работка).

- Дзед твой сляпы... перахапілі яго. З тваёй да чырвоных запіскай. І табе таксама тут нештачкі перадалі... - працягнуў Чайку замусоленую Кецкаву цыдулку.

Чайка ўпіўся вачыма ў сапраўды знаёмыя каракулі... Хацеў штось сказаць. Зірнуў на Мірановіча, тады перачытаў тэкст ізноў, больш уважліва.

- Вы нічога лепшага не маглі прыдумаць? - сказаў, вяртаючы запіску. - Хіба ж чырвоныя так сваіх агентаў падстаўляюць? Ды яны бераглі б мяне, як вока, насіліся б са мной, як курыца з залатым яйкам... Ды і я, каб быў шпіён, знайшоў бы тысячу іншых спосабаў услужыць ім, перадаць інфармацыю... Інфармацыю! - узарваўся ён раптам, перайшоў на крык: - Якая ў нас можа быць інфармацыя?! Што ў нас за «сакрэты», што за «ваенныя тайны», аб якіх яны не ведаюць?! У нас што, ёсць планы «ваенных дзеянняў»? Ці, можа, у нас артылерыя, авіяцыя? Дык пакажы мне іх!

Мірановіч моўчкі пыхкаў дымам.

- Мірановіч, не дуры мне галавы! Калі я што паспеў напісаць? - давай так. Я ж усе гэтыя дні быў у Баранавічах!

- Раней. Ты яшчэ перад Баранавічамі напісаў.

- Тады пакажы мне!

Мірановіч марудна выцягнуў з-за пазухі складзены ў чатыры аркушык.

- Вось, - як паштальён чаканае пісьмо, падняў над галавою, нібы прапаноўваючы Чайку патанцаваць. Калі ж той працягнуў руку, Мірановіч не даў, схаваў аркушык назад за пазуху.

- Добра. Бяры зброю. - Чайка падабраў шынель і сеў на салому. - Я ўсё разумею... Зрабіўся няўгодны вам? Дык проста разжалуйце мяне, адпусціце, і ўсё!

- А Беларусі хто паслужыць напаследак? Жыцці аддаць дык мы ўсе гатовы, тут вялікага розуму не трэба, а вось чым іншым ахвяраваць, ды каб з большай карысцю... Тым жа добрым іменем...

- Перастань! Давай сур'ёзна. Навошта вам гэты цырк?

- Сур'ёзнасці хочаш? Вось у тым, Павал, і ўся справа. Усё табе хочацца, каб было сур'ёзна, ды спаважна, ды па справядлівасці... А не будзе сур'ёзна! Чуеш? Усё правільна - цырк! Дэфіліцыя, бутафорыя - дык так і было задумана ад пачатку! Пакуражыцца, пакуралесіць, колькі дадуць нам, колькі магчыма, шуму, чутак пра сябе нарабіць, прымусіць, нарэшце, каб загаварылі пра Беларусь і беларусаў, - а там вольнаму воля, там хоць тым жа палякам здацца! А пакуль трэба сваіх у чорным целе трымаць, а ты не здатны на гэта! Усё! Чуеш?

Але Чайка да другога прыслухоўваўся - да крокаў з двара. Мірановіч змоўк. Крокі наблізіліся, рыпнулі дзверы. Увайшлі Пракулевіч з Жаўрыдам. Пракулевіч кінуў на контрразведчыка трывожна-запытальны пагляд.

- Усё ў парадку, - буркнуў Мірановіч, яшчэ не астылы ад маналога.

- Ну что, Жаврид, спасай меня! - па-расейску, пасміхаючыся, сказаў Чайка, седзячы на саломе.

Цёзка адвярнуўся...

Усё далейшае пайшло як па пісаным.

Куля, адлітая начальнікам контрразведкі, пацэліла ў дзесятку; навіна, што любімы герой-камандзір - здраднік, маскоўскі шпіён, сваёй поўнай нечаканасцю перавысіла, засланіла ўсе іншыя, менш важныя падзеі, такія, як арышт пад раніцу салдатамі Капца, што ўварваліся, зламаўшы дзверы, у штаб, Мацэлі, Анцыповіча, Паўлюкевіча («паплечнікаў» Чайкі). Арышт іх нікога не здзівіў, ніхто за іх не заступіўся - ніхто й слова не сказаў: калі ўжо нячысты сам Чайка, дык астатнія толькі бледныя цені яго, і чакаць ад іх можна ўсяго!..

Зачыншчыкі былі абясшкоджаны, бунт скончыўся.

Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога - стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...

Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя - гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка?* Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, - прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і верыць, расчараваныя былі б.

* Гэтая гісторыя з запіскай, паступова ператворанай у «пакет з сакрэтнымі дакументамі» - увогуле самы цёмны эпізод ва ўсёй Слуцкай акцыі. Адчуванне такое, што ніхто яе ў руках не трымаў і ў вочы не бачыў. А між тым дакладны змест яе, калі яна існавала, павінны былі б ведаць проста на памяць усе: ад Жаўрыда да апошняга непісьменнага салдата. У.Пракулевіч, якога як старшыню Рады з такімі рэчамі павінны былі азнаёмліваць самага першага, успамінае так: «Было задержано его (Чайкі) письмо к известному в Слуцке комиссару Лебедю, в котором он, указывая на свое разочарование Слуцким восстанием... всё же предлагал ему не выступать против повстанцев. По другой версии, он даже предлагал Лебедю перейти на сторону повстанцев. Так говорили у нас об этом письме, но за достоверность не ручаюсь, ибо проверить не смог». У М.Бусла ўжо можна прасачыць зародак легенды: «Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо да Кецкі (заўважым блытаніну з адрасатамі). Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: «Я знаходжуся ў беларускай паўстанчаскай арміі і многа раблю карысці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіццем і аслабаняю палонных...» (вось такія ваенныя «тайны!»). Толькі ўсмешку можа выклікаць наіўны Ю.Лістапад: «Ён (Чайка) знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсьці, яго на фронце(!) затрымалі патрулі(!!)...» У 1950-я гады ў Ю.Харытончыка ўжо адназначна: «Гэтым часам высьветлілася таксама, што палкоўнік Чайка выслаў бальшавікам пакет й апісаў усю нашую сілу і род зброі» (два кулямёты). У А.Латышонка (пераклад з польскай): «Начальнік контрразведкі А.Мірановіч перахапіў яго (Чайкі) ліст да бальшавіцкага ваеннага камісара рэўкама Вызны Канстанціна Кецкі. Эсэравец К.Кецка быў сябрам і таварышам па службе П.Чайкі. Згаданы ліст загінуў, а рэляцыі на тэму таго, што ў ім было, вельмі значна розняцца...» А вось з тае завязі паспелы ў нашыя часы плод: «Ён (Чайка), былы савецкі работнік Слуцкага ваенкамата, спрабаваў перадаць пакет з таемнымі (так!) дакументамі на савецкі бок, але старога дзеда, якога П.Чайка паслаў у Слуцак з гэтымі дакументамі, затрымалі...» (Выдзяленні і каментарыі ў дужках мае. - А.Ф.)

А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом - вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...

- ...І вінаватыя будуць строга пакараны! - ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага. - Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце - вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...

- Гу-у-ура! - прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.

Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога - над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры - ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.

Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.

Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...

Дзяніс, памужнелы і нават пастарэлы за той кароткі час, пакуль быў у палоне, маўклівы з таго часу, прашыўся бліжэй да труны і таксама ў апошні раз паглядзеў - на таго, каму ўжо нічога не раскажа. Ні пра Лізку, ні пра дзядзьку Ладуся, ні пра свой палон... Ён марудна ўкленчыў на стылы дол і дакрануўся вуснамі да сябравага лба. Непадалёку выкапана была магілка, жоўты пясок хутка пакрываўся белым снегам.

А другі, кім ахвяравалі дзеля «сьвятой справы», нічога гэтага бачыць не мог.

У цёмным глухім катушку, які ахоўваў звонку вартавы, на саломе ў кутку ён спаў сабе, закруціўшыся з галавою ў шынель, як пшаніцу прадаўшы. Ці то ад таго, што халоднае, здаровае было паветра, ці ад таго, што не высыпаўся апошнімі днямі, а цяпер такая нагода, ці проста з той прычыны, калі чалавек зняволены па першым часе адчувае дзіўную палёгку, перастаючы залежаць ад самога сябе, - але яму даўно, ды ні разу, колькі ён у гэтым Семежаве, так спакойна, так па-дзіцячы соладка не спалася...

Аднак жа адразу прачнуўся, як толькі на двары сказалі штосьці голасам Мірановіча. Прачнуўся і сеў.

Бухнулі дзверы, расчыніліся, але ў катушку святлей не стала. У цемры чуваць было сапенне Мірановіча. Потым ён запаліў лямпу. Яна асвятліла яму твар, і Чайка не пазнаў яго. Упершыню Мірановіч быў непаголены, шчаціна расла кусцікамі, а сам твар выглядаў стомленым і азызлым... Калі ж Мірановіч нарэшце загаварыў, да Чайкі дайшло, што няверны сябрук яго проста п'яны - як цэп, у адкрытую ўжо дазволіў сабе расслабіцца пасля так удала праведзенай «аперацыі».

- Павал, на, вазьмі, - паклаў Мірановіч маўзер побач з Чайкам на салому. Чайка не ўзяў яго. - Бяры і йдзі куды хочаш.

- Усё, не трэба я больш?

Чайка падняўся. Мірановіч стаяў насупраць яго, апусціўшы галаву. На фуражцы блішчэў, растаючы, снег.

- Не трэба. Цябе там судзіць хочуць і таму падобнае... А я гэтага рабіць не збіраюся! Бо, - ён уздыхнуў цяжка, галава, ці што, балела, - бо люблю цябе і паважаю...

- Можа, заплач яшчэ? Сапраўды - такога нарошне не прыдумаеш!..

Чайка абіраў ад асцюкоў на сабе шынель.

- Да чырвоных не йдзі, - закурваючы, вучыў Мірановіч, - палякі цябе самі не возьмуць. Гэта за мяжу добра было б куды! У Эўропе дзе-небудзь...

Гэтыя клапатлівыя настаўленні і смешна было слухаць, і раздражнялі яны.

- Вы адпускаеце мяне, я правільна разумею?

- Ну, вы! Адпусцяць яны! Я адпускаю. Рызыкуючы сваёй шкураю, дарэчы...

- Бедненькі, - паспачуваў Чайка. Мысам бота падкалупнуў маўзер, падсунуў да Мірановіча. - Забяры!

- Павал, не крыўдуй. Калі-небудзь ты ўсё зразумееш і яшчэ мне дзякуй скажаш. Ці дзецям маім, ці магілцы маёй...

- Заплач! - Чайка, зашпільваючы на хаду шынель, пайшоў да дзвярэй.

- Куды, куды - так жа не робіцца... Дай мне выйсці, а ты вылезеш праз дах.

Мірановіч які б п'яны ні быў і ў якім бы сентыментальным настроі ні знаходзіўся, а галавы не губляў. Канечне, страхуецца! Быў здраднік - уцёк здраднік, ні да чога не дакапаешся, хоць і шыта ўсё белымі ніткамі.

Контрразведчык яшчэ пачакаў крыху. Няйначай хацеў і не адважваўся прапанаваць Чайку абняцца напаследак.

- Ну, бывай, Павал, не думай пра мяне кепска, - і выйшаў хутка, хоць і занесла трохі яго ў дзвярах.

На двары ён загаварыў з вартавым.

Нізкі, чаратом крыты дах быў над самай галавою. Чайка стукнуў у яго кулаком, прабіў дзірку. Пачаў расшыраць яе. Пасыпалася за каўнер труха... Прыкра было і ад гэтага, а яшчэ больш ад самой сітуацыі, што вось ён, здаровы дзяцюк, герой, «кавалер», вымушаны такім займацца. Разам з пацярухай праз дзірку сачылася і начное святло.

Расшырыўшы свой лаз, Чайка падцягнуўся на слабенькай, шашалем пабітай кроквіне - але яго вытрымала; вылез, віхляючы целам, на дах. Саскочыў на зямлю па другі бок хлеўчыка, у нечы двор. Знарок рабіў усё свабодна, без аніякай асцярогі, і, канечне, гэтыя яго дзеянні нарабілі шуму, хіба што глухі іх не ўчуў бы і не насцярожыўся б на іх. І ботамі гопнуў, саскокваючы, і сабака ў чужым двары зайшоўся брэхам. Аднак Мірановіч не столькі, здаецца, забіраў увагу вартавога, колькі проста папярэдзіў яго: стой спакойна і нічому не здзіўляйся, усё ідзе як трэба...

Ніхто не аклікнуў уцекача. Чайка пайшоў паўз сцяну хаты, прыгінаючыся пад яблынямі, адсоўваючы галіны; адна гучна і непрыемна, як па нервах, шкрэбнула па начной шыбіне... Перасігнуў цераз невысокенькі пляцень і апынуўся ў такім самым тупіковым завулачку, як і той, дзе знаходзілася нядаўняя яго турма. І справа, і злева, і ззаду былі толькі платы, сцены і дахі. Ён пайшоў уперад. Потым пабег - не так прыспешваючы блізкую волю, колькі каб не чуць за спіною сабачага брэху. Вузкая гэтая - двум не размінуцца - сцяжынка, пакручасты праход паміж дварамі як ні дзіўна ў тупік не ўпіраўся, хоць вунь, здавалася б, уперадзе калодзезь, ці сцяна, ці проста загародка - і ўсё, павяртай назад або зноў лезь у чужое селішча, аж не! - абгінала сцежка перашкоду, і вяла, і вяла яго некуды... Больш таго, пакрысе яна шырэла і святлела.

Чайка даўно перастаў бегчы і, аддыхваючыся, ішоў крокам - пакуль не заўважыў, што ідзе па той самай дарозе, на якой адпускаў Лебедзева, а потым вяртаўся па ёй у Семежава з бацькам гэтага беднага, забітага ўжо хлопчыка.

Ён прамінуў месца, дзе павінен быў быць першы дазор. Але ніводнага чалавека на прыдарожным, бярозамі ўкіданым пагорку не было. Механічна ён адклаў у памяць, што халтураць, чэрці, і трэба будзе... Што трэба?! - тут жа схамянуўся. Што мне цяпер да гэтага! Ды праваліцеся вы ўсе: і расейцы з беларусамі, і белыя з чырвонымі!..

Ён пайшоў яшчэ цішэй. Сапраўды, што за гон. Каб спяшыць, ці нават проста рухацца, трэба як мінімум ведаць куды, і да каго, і навошта. Неўзабаве і нагамі, якія рабілі ўсё меншыя крокі, і вачыма ён пазнаў месца, дзе стаяў тады, як віцязь на ростанях...

Як і тады, і цяпер свяціў з неба месяц. Сінню адбліскваў на дарозе снег, і чарнеў узбоч яе ціхі лес. Чайка звярнуў з дарогі і спыніўся пад той самай хвояй, адкуль сачыў за вяртаннем чубаўскай разведкі. А снегу падваліла з таго часу. Нават праз падэшвы ботаў і праз тоўстыя анучы адчуваўся холад. Аднак Чайка стаяў, не варушачыся, нібы жадаючы ў адно зліцца з гэтым шурпатым, смалой і гліцай пахнучым ствалом. Ён прыціснуўся да яго шчакою, і кара падалася яму цёплаю.

Як жа ж доўга ішоў ён да гэтай ночы! Да гэтай вось хвоі! Чаму не верыў розным кніжкам, у якіх мудрыя людзі пісалі пра слодыч адзіноты, пра раскошу адчування зліцця з прыродай, пра шчасце «ні-чога-ні-ад-кога-не-хацення»... Не, усё скончана! Да д'ябла вашыя рэвалюцыі, войны, вашыя межы і радзімы! У Бога няма ні межаў, ні граніц, ні нацыянальнасцей! Зямлі вам мала?! Неба мала?! Месца пад гэтым небам?!

Але раз ужо выбар, дык сто разоў правы Лебедзеў - тады на баку мацнейшых! Каб хутчэй скончылася ўсё гэта. Каб хоць хто перамог нарэшце. І напляваць хто: немцы ці палякі, расейцы ці беларусы! Галоўнае, будзе ціха. Будзе жыццё. Гэта для таго важна, усе гэтыя так званыя «перамогі», хто ўлады хоча, кіраваць хоча іншымі. А яму апастылела кіраваць! З яго вось так хопіць кавалачка зямлі, на якім хатка памесціцца...

Хатка! Дадуць яны табе хатку! Пакуль не пажруць адзін аднаго, як тыя шчупакі, - большыя меншых, а самы большы - апошняга, датуль і самі не супакояцца, і цябе з-пад зямлі дастануць!

І ўсё адно - ніколі раней не ведамае адчуванне волі не адпускала. Наадварот, рабілася мацнейшым. Ён дыхаў часта-часта, і лёгка было ад гэтага галаве. Падумалася ў прычэпку да апошняга - а і праўда, «з-пад зямлі»... Зашыцца ў які лес, зямлянку выкапаць і жыць у ёй, пакуль не скончыцца ўсё. А не скончыцца - да смерці жыць. Як?.. Зіма наперадзе... Есці што? Няважна. Горш не будзе!

Холадна было стаяць. Чайка выбраўся на дарогу і пайшоў, песцячы ў думках гэты новы, з нічога ўзніклы, план. Ён ішоў, нікуды не спяшаючыся і нікога не баючыся. Ён быў вольны. Нарэшце нічый. І амаль шчаслівы...

 

1998-2000




Беларуская Палічка: http://knihi.com