epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Курэйчык

П'емонцкі звер. Гістарычная драма ў 3-х актах

Дзейныя асобы:

 

Ізабэла П’емонцкая

Маці-Ігумення

Біскуп Альберт

Рыцар Жафрэй

Сястра Ганорыя

Сястра Іаанна

Сястра Марыя

Сястра Вентурыя

Сястра Бернарда

Сястра Ганна

Філіп

Урбена

Рабэр

Жан

Брунсхальд

Сёстры манастыра

 

Дзея адбываецца ў Невельскім манастыры.

Сярэднявечча...

 

 

АКТ 1

 

Сцэна 1

 

(Выходзяць манашкі, за імі Маці-ігумення і біскуп Альберт. Пачынаецца абрад пастрыжэння Ізабэлы з П’емонта ў манашкі Невельскага манастыра. Чытаюцца малітвы на латыні. Чуюцца песнапенні).

 

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ізабэла з П’емонта, ты прымаеш пострыг і становішся манашкай Невельскага манастыра. Ад гэтага часу ты павінна забыцца на сваё імя, і тытул, і званне, па сваёй волі і назаўсёды адмовіцца ад усіх людскіх даброт і спакусаў. І ўбогай, пакорлівай ты ўваходзіш у гэтыя сцены, каб прысвяціць жыццё сваё Пану Богу нашаму Ісусу Хрысту.

МАНАШКІ: Аман.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Тваё рашэнне — добраахвотнае?

ІЗАБЭЛА. Так.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ці прымаеш ты дзеля славы Пана Бога Нашага зарокі нявіннасці, бясшлюбнасці і самаадрачэння, каб чыстай і беззаганнай служыць Яму?

ІЗАБЭЛА. Так.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты будзеш жыць згодна з заведзенымі тут здаўна правіламі і звычаямі, працаваць і маліцца разам з іншымі сёстрамі, падпарадкоўвацца і з радасцю і пакорлівасцю выконваць распараджэнні старэйшых сёстраў. Як патрабуе старажытная традыцыя нашага манастыра, у першы месяц ты будзеш размаўляць толькі з Богам — праз малітву сваю. Ніхто не павінен звяртацца да цябе, бо ў гэты час ты прысвечаная Богу. Ты будзеш працаваць адна, жыць і трапезнічаць асобна, каб ніхто не адхіліў цябе ад Яго. Толькі сястра Ганорыя будзе перадаваць табе мае распараджэнні. Калі парушыш правіла — будзеш пакараная.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ну, ну, Маці-Ігумення, не варта палохаць сястру Ізабэлу празмернай суровасцю. У манастыры ўсе служаць Пану Богу. І ўсе любяць адзін аднаго.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я спадзяюся, мне дазволена гаварыць у сваім манастыры ўсё, што я лічу патрэбным, біскуп Альберт? Можа вам здаецца, што вы ведаеце лепей, як наладзіць жыццё манастыра?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Не, не, што вы... Я ні ў якім разе не хачу аспрэчыць ваша права...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Тады не варта нічога і казаць. Невельскі манастыр, дзе Бог бязмежнай ласкаю сваёю даў мне быць ігуменняй, як вы выдатна ведаеце, з’яўляецца наймагутным апірышчам Царквы на Паўночным Захадзе. І вы, і Папа рэгулярна атрымліваеце немалы даход ад манастырных земляў.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта праўда... Невельскі манастыр заўсёды быў сцягам Царквы і нёс праўдзівы дух веры.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сястра Ізабэла, падыдзі да мяне. (Ізабэла падыходзіць). Служы Богу і Ён не пакіне цябе. Сястра Марыя, пакажаш ёй келлю. Астатняе — потым. А цяпер усе выйдзіце.

 

(Усе, акрамя біскупа, выходзяць).

 

Сцэна 2

 

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Усё ж такі вы ўскладаеце на сябе вялікую адказнасць, прымаючы ў манастыр Ізабэлу з П’емонта.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я ведаю, што раблю.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Безумоўна, матушка, безумоўна. Ваша мудрасць усім вядомая. Але, можа, зараз не самы лепшы час.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Каб служыць Богу, не бывае лепшага і горшага часу, біскуп.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ваша праўда, але палітычная сітуацыя пагражае вялікімі бедамі. Нармандыя ў полымі вайны. Англійскія бароны паспрабуюць скарыстаць гэта. Ужо спрабавалі. Папа — у роздуме. У гэтай сітуацыі П’емонцкі клан пайшоў на змову з баронамі і з таго стаў кроўным ворагам герцага Нармандскага. Вы разумееце, чым гэта пагражае.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Манастыр супраць войнаў.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Нам гэта вядома.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Мы не збіраемся падтрымліваць ніводзін з бакоў.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Але вы прынялі ў сваё лона спадкаемніцу П’емонцкага клана. Як гэта зразумець?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Святая Царква прымае ў сваё лона ўсіх пакутных. А ў сценах манастыра няма ні герцагаў, ні герцагінь.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта вельмі, вельмі не спадабаецца герцагу, які выставіў умовай спынення вайны жаніцьбу з Ізабэлай.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Позна. Манашка належыць Богу.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Але...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Хопіць! Калі герцагу штосьці не падабаецца, няхай утаймуе свае жаданні. Кім ён сябе лічыць? Заганарыўся! Сатана таксама за ганарлівасць быў звергнуты.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Але, Маці-Ігумення...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Хай ведае, што калі ён так заганарыўся, што вырашыў скарыстаць сілу...Бог забараняе пагрозы. Але папярэдзьце яго, што ніводзін правіцель не ўзяў яшчэ сілай Невельскі манастыр! Вось уж чатыры стагоддзі гэтая святыня недаступная для людскіх страсцей. А правіцелі, што ўзнялі свой меч супраць яго, загінулі пад яго мурамі. Можаце яму гэта перадаць.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Я спадзяюся, вы ведаеце, што робіце. Барані, Божа, і вас, і ваш манастыр.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзіце, біскуп Альберт, ідзіце і не турбуйцеся. Ізабэла П’емонцкая сёння памерла. Тут засталася толькі сястра Ізабэла — не спадкаемніца магутнага клана, але адданая сястра Госпада Ісуса Хрыста.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Аман. (Выходзіць).

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сястра Ганорыя! (Прыбягае сястра Ганорыя).

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я тут, матушка.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сястра ўладкавала новенькую?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Так, як вы і сказалі.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Добра. Няхай працуе на кухні.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. На кухні...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Даручыш ёй цяжкую працу. Хай мые падлогу.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Адна?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Адна. Ёй варта забыцца пра свет і кім яна там была. І няхай моліцца.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я перадам. Усё да слова перадам.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Перадай. І сачы за ёю. Слабыя душы — лёгкая здабыча князя цемры. Трэба злупіць з яе свецкае шалупінне. Здзерці!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я не спушчу з яе вачэй. Шоўкавай стане.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ячмень у свіран завезлі?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Сыры...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Зноў сыры?! Хадзем...

 

(Выходзяць).

 

Сцэна 3

 

(Уваходзяць біскуп Альберт і Філіп).

 

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Філіп.

ФІЛІП. Я тут, Ваша правялебнасць

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Усё чуў?

ФІЛІП. Усё.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Я бачу пытанне ў тваіх вачах.

ФІЛІП. Так, але...

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ну, смялей, мой хлопчык.

ФІЛІП. Чаму вы дазволілі ёй так размаўляць з вамі?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ты яшчэ малады, Філіп. Так, табе яшчэ шмат чаму давядзецца навучыцца.

ФІЛІП. Але вы біскуп Царквы божай.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Не заўсёды тытул азначае сілу. Такі свет.

ФІЛІП. Вы адступіце?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Пакуль. Не глядзі так на мяне, юны Філіп. Мы ж з табою не ваяры, а служкі Царквы. Так ці не?

ФІЛІП. Так, але...

БІСКУП АЛЬБЕРТ. І апроч таго, Бог нічога не пакідае беспакараным, асабліва ганарлівасць. І хто ведае, хлопчык мой, можа, праз нас і прыйдзе Ягоная адплата. І нават вельмі хутка. Усё ў руках Божых.

ФІЛІП. Мне здаецца, я разумею.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ты напішаш Папе ад мяне ліст. Раскажы ўсё падрабязна, пра ўсю нашу размову з Маці-Ігуменняй. У цябе свежая памяць. Філіп, спадзяюся, ты нічога не забудзеш?

ФІЛІП. Папрасіць чаго-небудзь?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Навошта? Не трэба нічога прасіць. Запомні, ніколі не прасі тое, што даць табе не могуць. Але лепш мы самі паведамім пра ўсё Папе, чым хтосьці іншы. Напішы сёння.

ФІЛІП. Напішу.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. А я сёння сустрэнуся з герцарам. І вось яшчэ, Філіп. Я хачу папрасіць цябе.

ФІЛІП. Усё, што магу.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Можаш, мой хлопчык. Я разлічваю на цябе, таму што бачу — у цябе вялікія перспектывы. Хоць ты яшчэ такі юны. У цябе аблічча анёла, Філіп. Ты ведаеш гэта? А вочы кажуць пра прастадушнасць і дабрыню і выклікаюць такі давер і прыхільнасць... Калі б зайздрасць не была грахом, я, пэўна... Гм... Каб я так выглядаў у тваім узросце, хто ведае, хто ведае... Дык вось, я хачу, каб ты стаў тут маімі вушамі і вачыма Я ад’язджаю, ты застаешся. Я павінен ведаць усё, што адбываецца ў гэтых сценах. Што галоўнае ў мастацтве палітыкі, мой хлопчык? Ну, я ж казаў табе.

ФІЛІП. Уменне слухаць?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Не, Філіп, уменне чуць. Гэта патрэбна ведаць вельмі добра. Дык ты зразумеў сваю задачу?

ФІЛІП. Так, Ваша Правялебнасць.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Яна няпростая.Здолееш выканаць?

ФІЛІП. Здолею, Ваша Правялебнасць. Вы верыце мне?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Вядома, мой хлопчык. А цяпер хадзем, хадзем — час не церпіць. Нам давядзецца яшчэ шмат зрабіць дзеля славы Божай.

 

(Выходзяць).

 

Сцэна 4

 

(Уваходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда і сястра Ганна, нешта заўзята абмяркоўваюць).

 

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Праўду кажу вам, яе пасялілі ва Ўсходняй вежы.

СЯСТРА ГАННА. Ва Ўсходняй вежы? Вой, там, пэўна, зараз холадна.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А вы яе бачылі?

СЯСТРА ГАННА. Я бачыла. Але адразу нават не пазнала. Яна цяпер такая разгубленая. Ходзіць панурая ўся, задуменная. Увесь час у падлогу глядзіць, быццам страціла што.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А кажуць, яна зусім дзікая была.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Жартачкі вам — П’емонцкі клан! Там усе такія.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Кажуць, што ворагаў сваіх яна лавіла і смажыла на агні, павольна. Акурат пад час баляў смажыла, каб гасцей пацешыць.

СЯСТРА ГАННА. Божа літасцівы, як жа такое магчыма...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Магчыма, сястра Ганна, магчыма. Племя Каінава!

СЯСТРА БЕРНАРДА. А потым скормлівала іх мяса сваім сабакам. Праўду кажу вам, скуру з жывых здзірала. На круках людзей вешала. Нікога не шкадавала. Нават брата свайго, графа Брандыёна, сваімі рукамі закалола. Нож па самае дзяржальна ў горла засунула і ўсміхаецца. І бацька яе побач.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ён, кажуць, звяруга. І на нагах ў яго мядзведжыя кіпцюры.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ну, кроў сваіх ворагаў ён п’е быццам...

СЯСТРА ГАННА. А яна?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Яна якраз любіць такіх беленькіх

СЯСТРА БЕРНАРДА. ...такіх маленькіх...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. ...манашак, як ты

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вось прыйдзе ўначы, перарэжа тваё горлачка і будзе піць...

СЯСТРА ГАННА. А-а-а... Сястра Бернарда, сястра Вентурыя, чаго вы мяне пужаеце? Мне страшна. Нашто вы мяне пужаеце?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Я чаго тут пужацца? Праўда, сястра Бернарда? Калі яна кім і перакусіць, дык у першую чаргу табою, сястра Ганна. Я б таксама не супраць...

СЯСТРА ГАННА. А-а-а-а... Страшыце, страшыце! Згіньце вы! Не буду больш з вамі размаўляць.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Сястра Вентурыя, ужо і месяц мінуў, а ніхто з сястрой Ізабэлай дагэтуль і не размаўляе.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Маці-Ігумення так і не зняла забароны. А забарона тая страшная. Пад пагрозай анафемы. Усе павінны трымацца ў баку ад яе. І дапамагаць нельга.

СЯСТРА ГАННА. Ёй далі такую цяжкую працу, такую цяжкую.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Па грахах і праца.

СЯСТРА ГАННА. Гэта так... Толькі яна ледзь не надрываецца кожны дзень мураваныя падлогі скрабсці. І ўсё на каленях. А камень халодны, востры. І вада цяпер зусім халодная. Уначы ледзяной скарынкаю пакрываецца. А рукі... Я бачыла яе рукі. Яны зусім ссінелі ад халоднай вады, скура сцерлася, крываточыць

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Але, за такой працай нядоўга працягне.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Так ёй і трэба. Настаў час адказваць за грахі. І гэта толькі пачатак тых пакутаў, што давядзецца ёй вытрываць, не тут, дык пасля жыцця.

СЯСТРА ГАННА. Памажы ёй, Божа.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Гасподзь наш — літасцівы.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Аман.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А вы чулі, што... Зірніце, няма нікога?

СЯСТРА ГАННА. (азіраецца): Нікога.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ну, хутчэй кажы. Не мучай.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Чула я, што яна пайшла ў манастыр не дзеля пакаяння і выратавання душы, а каб не ісці замуж за герцага Нармандскага.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна адмовіла герцагу? Якая дзёрзкасць! Можа, ёй у мужы імператара трэба?

СЯСТРА ГАННА. Хрысце Божа, адмовіла герцагу! А раптам цяпер герцаг пойдзе на манастыр? Мы ледзьве адбіліся ад паўночнага ліха.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Сапраўды, вікінгі прынеслі ў мінулым годзе вялікія разбурэнні.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Маці-Ігумення не баіцца герцага. Не баіцца вікінгаў. Маці-Ігумення нікога і нічога не баіцца, акрамя гневу Божага.

СЯСТРА ГАННА. Так, усё ў руках Божых. Найсвяцейшая Дзева Марыя не пакіне нас.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (змоўніцкім голасам): Хадзем на кухню.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вой, нядобра гэта.

СЯСТРА ГАННА. Калі сястра Ганорыя праведае...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Хіба мы туды на Ізабэлу ідзем глядзець? Хіба мы правілы манастыра ідзем парушаць, а, сястра Бернарда?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Не, не... Як такое можна падумаць? Мы — на Ізабэлу? Тфу. Мы туды агародніну ідзем разбіраць.

СЯСТРА ГАННА. І мы не вінаватыя, што там можа апынуцца сястра Ізабэла.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Малайчына, сястра Ганна. Слушна гаворыш.

СЯСТРА БЕРНАРДА. І нам трэба паспяшацца.

СЯСТРА ГАННА. Я згараю ад нецярпення, так хочацца... агародніну разбіраць.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Так, гэта вельмі захапляюча. (Смяюцца).

СЯСТРА БЕРНАРДА. Хадземце.

 

(Выходзяць).

 

Сцэна 5

 

(Ізабэла мые падлогу. Яна ледзь не падае з ног ад стомы і голаду. Вусны яе нешта шэпчуць).

 

ІЗАБЭЛА. (мармыча): Божа, памажы мне, Божа... (Заходзіць сястра Ганорыя і дэманстратыўна вылівае на падлогу памыі. Выходзіць. Ізабэла кленчыць, каб прыбраць іх, але траціць прытомнасць ад стомы і падае. Заходзіць сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. (падбягае да Ізабэлы) : Сястра Ізабэла, сястра Ізабэла... Уставай! Уставай... Ох, сіняя ўся. Ачуньвай! Не трэба табе на падлозе ляжаць. Камень надта халодны. Памрэш... Чуеш? Божа, не давядзі... (Падымае яе і ўсаджвае на лаўку). Ну, ну... Сястра Ізабэла.

ІЗАБЭЛА. (ледзь чутна): Што? Што такое...

СЯСТРА МАРЫЯ. Сястра Ізабэла, гэта я, я, сястра Марыя. Сястра Марыя. Пазнаеш мяне?

ІЗАБЭЛА. Так... Што са мною?

СЯСТРА МАРЫЯ. Ты ўпала. Упала. Нельга на халоднай падлозе ляжаць.

ІЗАБЭЛА. Так, гэта нічога... Я зараз... Зараз. (Спрабуе ўстаць). Мне трэба вымыць. (Паказвае на памыі). Вымыць... падлогу.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ну куды табе. Ты і на нагах не трымаешся. Ах, ах, ах...

ІЗАБЭЛА. Я нічога, нічога... галава крыху кружыцца. Я, я ўжо лепей... лепей сябе адчуваю.

СЯСТРА МАРЫЯ. Бачу я, як ты сябе адчуваеш. Ты хворая.

ІЗАБЭЛА. Не трэба, не трэба... Ідзі. Цябе пакараюць, калі ўбачаць са мною. Дзякуй. (Спрабуе падняцца і зноў падае).

СЯСТРА МАРЫЯ. Сядзі, сядзі. Ох, упартая ты. Сядзі, кажу табе! Я сама ўсё зраблю. (Ідзе да вядра).

ІЗАБЭЛА. Не, табе нельга.

СЯСТРА МАРЫЯ. Маўчы. Зараз лепш не крычаць. Сястра Ганорыя можа пачуць. Святая Марыя Магдаліна, памажы нам...

ІЗАБЭЛА. Навошта ты гэта робіш?

СЯСТРА МАРЫЯ. А хіба Хрыстос не вучыў дапамагаць людзям?

ІЗАБЭЛА. Дзякуй табе. Я проста стамілася...

СЯСТРА МАРЫЯ. Вельмі?

ІЗАБЭЛА. Нічога, гэта пройдзе. Я... я навучуся.

СЯСТРА МАРЫЯ. Маці-Ігумення правярае цябе. Гэта выпрабаванне. Табе проста трэба пацярпець.

ІЗАБЭЛА. Я пацярплю.

СЯСТРА МАРЫЯ. Я ведаю, ты моцная. Толькі без Бога якая можа быць моц? На вось. (Нешта перадае ёй).

ІЗАБЭЛА. Што гэта?

СЯСТРА МАРЫЯ. Гэта каўчэжац. Там мошчы святога Іераніма. Ён заўсёды мне дапамагаў. І табе дапаможа. Маліся толькі, і абавязкова дапаможа.

ІЗАБЭЛА. Дзякуй. (Вешае каўчэжац сабе на шыю).

СЯСТРА МАРЫЯ. Сёстры кажуць, што ты дачка звера. Што ты піла кроў сваіх ворагаў і ела іх смажанае мяса. Што ты адна магла забіць дзесятак рыцараў...

ІЗАБЭЛА. (смяецца): Яны праўда так думаюць?

СЯСТРА МАРЫЯ. Усім вядома, колькі нармандцаў было пакарана па загадзе твайго бацькі.

ІЗАБЭЛА. На вайне заўсёды шмат ахвяр.

СЯСТРА МАРЫЯ. Але кажуць, ты забіла нават роднага брата.

ІЗАБЭЛА. Ён быў здраднікам. Ён падаслаў да бацькі наёмнага забойцу. Той пралічыўся — бацька застаўся жывы. Толькі паранены — ён страціў вока. Брат зрабіў свой выбар.

СЯСТРА МАРЫЯ. І ты сама?..

ІЗАБЭЛА. Так, я забіла яго. Я выклікала яго на перамовы, нібы хачу аб’яднацца з ім і выступіць супраць бацькі, і там перарэзала яму горла. Я глядзела, як ён хрыпеў і захлынаўся сваёю крывёю.

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, даруй ёй яе грахі.

ІЗАБЭЛА. Але ўсё гэта ў мінулым.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ад мінулага не так лёгка пазбавіцца, мне здаецца.

ІЗАБЭЛА. Не, я зрабіла свой выбар. Назад шляху няма. З крывёю скончана. Я стамілася ад войнаў, стамілася нават болей, чым ад мыцця падлогі.Цяпер усё. Я закапала свой меч.

СЯСТРА МАРЫЯ. Хіба ў жанчыны можа быць меч?

ІЗАБЭЛА. У мяне быў. Толькі ў манастыры зброя не мае сэнсу. Бог тут адзіны абаронца. Толькі Ён...

СЯСТРА МАРЫЯ. Мне казалі, ты адмовілася выходзіць за герцага Нармандскага.

ІЗАБЭЛА. Ён вораг маёй сям’і. Што ж тут дзіўнага?

СЯСТРА МАРЫЯ. Проста... Герцаг Нармандскі такі магутны сіньёр. І хіба твой шлюб не мог стаць пачаткам усталявання міру?

ІЗАБЭЛА. Міру? Міру не існуе. Мір зараз — гэта толькі падрыхтоўка да вайны. А я... А я толькі разменная манета. Нармандыя хоча П’емонт. Захапіць яго праз шлюб са мною прасцей, чым праз вайну. Як толькі гэта адбудзецца, мяне заб’юць.

СЯСТРА МАРЫЯ. Заб’юць? Таму ты пайшла ў манашкі? Але гэта няправільна. Сюды ідуць служыць Богу.

ІЗАБЭЛА. А што мне было рабіць? Майго бацьку заб’юць. Гэта справа часу. Ён разумее гэта, таму і пайшоў на змову з баронамі. Але гэта яго не ўратуе. Я не ведаю... Усё страціла сэнс. Я заблыталася... (Ціха). І я хачу жыць.

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, памажы ёй... Колькі зла! Колькі зла! Нічога, тваё сэрца ачысціцца ад брыдоты. Пройдзе час, і ты зразумееш... Калі толькі ты не...

ІЗАБЭЛА. Ты яшчэ сумняваешся? Ну як табе даказаць, што я не ваўкалак?

СЯСТРА МАРЫЯ. (думае): Пакажы ногі.

ІЗАБЭЛА. Ногі?! (Паказвае). Вось.

СЯСТРА МАРЫЯ. Так...

ІЗАБЭЛА. А што, з маімі нагамі штосьці не так?

СЯСТРА МАРЫЯ. Мядзведжых кіпцюроў няма.

ІЗАБЭЛА. Мядзведжых кіпцюроў? (Рагоча). Ну вы даеце... А можа, у мяне яшчэ што-небудзь не так? Сёстры не казалі? Можа, у мяне вужачы хвост і жабіная скура на жываце? А? А іклы? Пра іклы яны нічога не казалі? А? (Яна рагоча).

 

Сцэна 6

 

(З’яўляецца Урбена. Па ўсім відаць, што гэта вельмі старая жанчына. Яе твар закрыты тканінаю, як у пракажонай. Яна абапіраецца на палку).

 

ІЗАБЭЛА. (напалохана) Хто гэта?

СЯСТРА МАРЫЯ. Дзе?

ІЗАБЭЛА. Там, у цемры...

СЯСТРА МАРЫЯ. Гэта...

УРБЕНА. Марыя, пастой там, у куце.

СЯСТРА МАРЫЯ. Я проста дапамагала ёй...

УРБЕНА. Выконвай.

СЯСТРА МАРЫЯ. Слухаю. (Адыходзіць у кут, кленчыць, моліцца).

УРБЕНА. (Ізабэле): Падыдзі да мяне.

ІЗАБЭЛА. Хто вы?

УРБЕНА. Мяне завуць Урбена.

ІЗАБЭЛА. Урбена...

УРБЕНА. Гэтае імя табе нічога не скажа.

ІЗАБЭЛА. Вы сястра Невельскага манастыра?

УРБЕНА. Я была сястрой Невельскага манастыра.

ІЗАБЭЛА. А цяпер?

УРБЕНА. Цяпер? Цяпер гэта не мае значэння. У цябе моцны прыгожы голас. Зусім як у твайго бацькі ў дзяцінстве.

ІЗАБЭЛА. Вы ведалі майго бацьку?

УРБЕНА. У дзяцінстве ён любіў душыць нагамі жабаў на П’емонцкіх балотах. Калі стаў дарослым, душыў абцасамі галовы дзяцей сваіх ворагаў. А ты ж таксама любіла душыць жабаў, а?

ІЗАБЭЛА. Хто вы? Адкуль вы мяне ведаеце?

УРБЕНА. Пачакай, пачакай са сваімі пытаннямі. Не пра тое хачу пагаварыць. Невельскі манастыр — дзіўная мясціна. Сюды не прыводзяць капрызы ці дзівацтвы.

ІЗАБЭЛА. Але я...

УРБЕНА. Зараз усё раскажаш. Ты прыгожая?

ІЗАБЭЛА. Вы мяне не бачыце?

УРБЕНА. Бачу — не бачу. Не твая справа! Падыдзі, падыдзі сюды да мяне, бліжэй. (Мацае яе твар рукамі). Ты прыгожая. Хоць і не такая прыгожая, як я ў твае гады. (Усміхаецца). У той час з-за маёй прыгажосці пачыналася палова ўсіх войнаў у свеце. Яны ўсе памерлі...усе.... Ты ведала мужчын?

ІЗАБЭЛА. Так.

УРБЕНА. Ты кахала іх?

ІЗАБЭЛА. Не.

УРБЕНА. Чаму?

ІЗАБЭЛА. Калі пачынаецца каханне, пачынаецца залежнасць. Не. Нельга! Мне нельга было нікому давяраць

УРБЕНА. А што з імі сталася?

ІЗАБЭЛА. З мужчынамі, якіх я ведала? Частка з іх загінула, некаторых забіла я, некаторых — мой бацька, частка яшчэ недзе, не ведаю... Увогуле, іх было не так шмат.

УРБЕНА. Навошта табе сюды? Ты прыгожая, а пагалоскі яшчэ больш перабольшаць тваю прыгажосць. Ты можаш знайсці сабе добрага мужа, не меней магутнага, чым герцаг Нармандскі. Ён абароніць цябе. Навошта табе сюды?

ІЗАБЭЛА. Я нікому не хачу належаць.

УРБЕНА. Пахвальна. Але навошшто манастыр?

ІЗАБЭЛА. Служыць Богу.

УРБЕНА. Хлусіш. Дрэнна пачынаць служэнне з хлусні.

ІЗАБЭЛА. Тут я ў бяспецы.

УРБЕНА. Ад герцага — так

ІЗАБЭЛА. А хто яшчэ мне пагражае?

УРБЕНА. Ведаеш, размова з табою нагадала мне адну старую гісторыю.

ІЗАБЭЛА. Раскажы.

УРБЕНА. Калісьці ў старадаўнія часы адзін храбры рыцар вяртаўся ўначы ў свой замак.

ІЗАБЭЛА. Адкуль?

УРБЕНА. Бог ведае адкуль. Але, галоўнае, ён быў вельмі храбры і не баяўся адзін выступіць супраць хеўры разбойнікаў. І вось ён пачуў нейкі шоргат у сябе за спіною. Рыцар павярнуўся і ўбачыў сатану, які гнаўся за ім. Сэрца рыцара сціснуў магільны холад. Ён прышпорыў каня і пагнаў наўскач, спадзеючыся ўцячы ад д'ябла. І вось у тую хвіліну, калі, здавалася, ён ужо ўратаваўся ад князя цемры, ягоны конь трапіў у яму, а рыцар упаў на корч і прапароў сабе жывот. Ён памёр праз тры дні ў страшэнных пакутах.

ІЗАБЭЛА. І чаму гэтая размова са мною нагадала вам гэтую гісторыю?

УРБЕНА. Таму што за д’ябла ён прыняў дварняка, які пабег за ім, спадзеючыся на прытулак і кавалак мяса. Гэтага рыцара забіў не чорт. Яго забіў уласны страх, які прымусіў яго выбраць няправільны шлях.

ІЗАБЭЛА. Вы думаеце, я выбрала няправільны шлях?

УРБЕНА. Ты ведаеш, як біцца з ворагам. Ты ўмееш адсячы галаву адным ударам. Ты ведаеш, каго трэба забіць, каб пазбавіць моцы варожае войска, і як не даць забіць сябе. Ты вучылася, як жыць. Твой бацька добра вучыў цябе. Але што ты ведаеш пра жыццё манастыра? Гэта шлях цёмны для цябе. Ягоныя ямы і пасткі табе невядомыя.

ІЗАБЭЛА. Якія тут могуць быць пасткі?

УРБЕНА. (усміхаецца): Ты мне не верыш. Сапраўды, хто я такая, каб указваць Ізабэле з П’емонта. Я прыйшла сюды, каб даць табе шанс.

ІЗАБЭЛА. Шанс?

УРБЕНА. Я магу зрабіць так, што ты паедзеш адсюль. А пагутару з Ігуменняй. Яна паслухае мяне.

ІЗАБЭЛА. Хто вы такая?

УРБЕНА. Не мае значэння. Ты згодная?

ІЗАБЭЛА. Не. Я прыняла рашэнне. Я прыйшла сюды служыць Богу.

УРБЕНА. Богу не патрэбная твая ўпартасць.

ІЗАБЭЛА. Не!

УРБЕНА. Як хочаш. Толькі будзь гатовая да карча ў тваіх грудзях. А гэта вельмі балюча. Вельмі...

ІЗАБЭЛА. Бог дапаможа мне.

УРБЕНА. Бог табе не дапаможа... (Раптам заходзіць сястра Ганорыя).

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Што тут адбываецца? Сястра Урбена?

УРБЕНА. Мяне тут не было, Ганорыя.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Слухаю.

УРБЕНА. Бывай, Ізабэла. (Ганорыя). Марыя — там... (Выходзіць).

СЯСТРА МАРЫЯ. Даруйце, сястра Ганорыя. Мяне не павінна тут быць. Гэта, гэта ўсё мая віна...

ІЗАБЭЛА. Не слухайце яе. Яна няпраўду кажа. Яна спрабуе выгарадзіць мяне...Гэта я...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Маўчаць! Ці вы забыліся на загад нашай Маці-Ігуменні? Я бачу, зусім прыстойнасць страцілі. Гандаль учынілі ў месцы служэння Богу нашаму?

СЯСТРА МАРЫЯ. Сястра Ганорыя, сястра Ганорыя, прашу вас, не кажыце Маці-Ігуменні. Сястра Ізабэла страціла прытомнасць, я проста...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Не трэба мне нічога тлумачыць. Ты парушыла манастырныя правілы — гэта анафема!

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя, малю вас...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. (Ізабэле): Ты — працаваць! (Сястры Марыя). Толькі таму, што тваё парушэнне адбылося з-за міласэрнасці.

СЯСТРА МАРЫЯ. Яна ўпала, я...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Толькі таму я... (паўза) я нічога не раскажу Маці-Ігуменні.

СЯСТРА МАРЫЯ. (Кідаецца ёй ў ногі). Дзякуй, сястра, дзякуй... Век не забуду вашае ласкі. Што ноч буду маліцца за вас...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ідзі. Спадзяюся, больш такое не паўторыцца.

СЯСТРА МАРЫЯ. Не, не... Даруйце. Саграшыла...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Блаславі цябе Бог. Ідзі. (Сястра Марыя выходзіць. Ізабэле). Што стаіш? Працы няма? (Ізабэла кідаецца да вядра). Толькі пакорлівасць, малітва і няўхільнае выкананне правілаў і распараджэнняў Маці-Ігуменні можа вылечыць твой хворы дух і выгнаць дэманаў з тваёй душы. Што глядзіш? Працуй!

 

(Выходзіць).

 

Сцэна 7

 

(Ізабэла працуе. З’яўляецца сястра Іаанна).

 

СЯСТРА ІААННА. Вазьмі корань мандрагоры і жука скарабея, патаўчы іх у меднай ступцы, змяшай з адварам ляцыны і бурштынавым парашком, а калі настане трэцяя поўня пасля Вялікадня, дай гэта злому, і ён стане добрым...

ІЗАБЭЛА. Ты хто?

СЯСТРА ІААННА. (паўтарае як у люстэрку): Ты хто?

ІЗАБЭЛА. Ты паўтараеш за мною?

СЯСТРА ІААННА. Ты паўтараеш за мною?

ІЗАБЭЛА. Табе нельга гаварыць са мною. Нікому нельга размаўляць са мною. Так загадала Маці-Ігумення.

СЯСТРА ІААННА. А табе можна размаўляць са мною?

ІЗАБЭЛА. Дзіўныя пытанні ты задаеш..

СЯСТРА ІААННА. А ты ведаеш, колькі зорак на небе?

ІЗАБЭЛА. Не.

СЯСТРА ІААННА. 999 разоў па 999. Вось колькі. Не ведаеш, а чаму не пытаешся?

ІЗАБЭЛА. Неяк да галавы не брала. Гэта справа астролагаў. А ты сама адкуль ведаеш7

СЯСТРА ІААННА. Вось бачыш, і ты пачала задаваць пытанні. (Смяецца). Калі з’есці пялёсткі кветкі грымотніку, запіць іх авечым малаком, а затым легчы на канюшыну, а за пазуху палажыць крывую іголку, то заснеш і ў сне ўбачыш адказ на ўсялякае пытанне.

ІЗАБЭЛА. Дзіўная ты, як цябе завуць?

СЯСТРА ІААННА. Але ты не з’ела пялёстак кветкі грымотніку, і ў цябе за пазухай няма крывой іголкі. Значыцца, мне нельга табе адказваць.

ІЗАБЭЛА. А я тады таксама не скажу, хто я.

СЯСТРА ІААННА. А я ведаю, ведаю. Ты — жанчына-зверанё, але Пан Бог злітасцівіўся над табою і адкрыў святую ісціну, адрэзаў твае кіпцюры і вырваў іклы. Але Ён яшчэ не зняў драконавую луску з твайго сэрца.

ІЗАБЭЛА. Што ты ведаеш пра маё сэрца?

СЯСТРА ІААННА. Яно падобнае да бутона ружы. Адкрыеш яго, а там аса! Вз-з-з-з... Кранеш пальцам, яна ўкусіць. І ўкус яе атрутны... А ўсім так хочацца адкрыць бутон.

ІЗАБЭЛА. Чаму?

СЯСТРА ІААННА. Бутон чароўны. Ён пахне цудоўна, як ружа, суніцы, сырадой і маленькае дзіця. Ён прыгожы, як улонне дзевы. Кожна захоча яго паглядзець. Захоча, і памрэ ад укусу атрутнай асы.

ІЗАБЭЛА. А ты даўно ў манастыры?

СЯСТРА ІААННА. Калі заплюшчыць вочы, час ідзе павольна, як уначы. Паглядзі на свечку, і час згарае хутка-хутка. Бог кожнаму даў сваю меру. У кветачкі — свая, у павучка — свая, у вала — свая, а ў анёла — свая...У кожнага стварэння зямнога і нябеснага свая...

ІЗАБЭЛА. А чым ты тут займаешся?

СЯСТРА ІААННА. Слухаю.

ІЗАБЭЛА. Што?

СЯСТРА ІААННА. Казкі...

ІЗАБЭЛА. Казкі?

СЯСТРА ІААННА. А ў адказ спяваю песні.

ІЗАБЭЛА. А хто табе распавядае казкі? Сёстры манастыра?

СЯСТРА ІААННА. Дурнічка ты. У манастыра няма сёстраў. Манастыр адзін. Ён магутны і стары. Раней гэта быў вялікі святы. Ён жыў у старажытнай пустыні Іардан, еў зямлю і скарпіёнаў, хадзіў голы і раздзіраў сабе скуру вострымі каменнямі. Каб раны ўвесь час крывавілі. Ён маліўся Богу і не ведаў людзей. І вырашыў Гасподзь, што ён занадта святы і магутны, і не ўзяў яго на неба, а пакінуў навечна на зямлі. Ператварыў яго ў камень, і стала спіна ягоная вежаю, рукі — мурамі, ногі — брамаю, сэрца — царквою, страўнік — трапезнай, галава — келлямі, печань — сутарэннем.

ІЗАБЭЛА. Паслухай, паслухай. Я бачу, што ты багата ведаеш. Толькі мне здаецца, што нам усё роўна нельга шмат размаўляць. Сястра Марыя ўжо паплацілася...

СЯСТРА ІААННА. Сястра Марыя — галубка. Ёй бы галінку пальмавую ў дзюбу ды на гору Арарат, а яна сярод людзей. Схавала свае пёры і лятаць не можа.

ІЗАБЭЛА. Хай так. Толькі калі сястра Ганорыя ўбачыць цябе са мною, табе ўсё роўна дастанецца. Так і ведай.

СЯСТРА ІААННА. А я вазьму яйка крумкача, звару яго ў балотнай вадзе, пратру яго з блёкатам і салетраю, пачытаю 9 разоў малітву і з’ем.

ІЗАБЭЛА. І што?

СЯСТРА ІААННА. І стану саламандраю. Ганорыя спалохаецца і збяжыць.

ІЗАБЭЛА. Гэта, безумоўна, суцяшае. Толькі вось Маці-Ігумення не спалохаецца.

СЯСТРА ІААННА. Маці-Ігумення — цвярдыня гэтага манастыра. Сіла вялікага праведніка перайшла да яе. Яе Бог таксама ператворыць у камень — столькі ў яе сілы. І стане гэты манастыр Градам Божым на зямлі. Праўду кажу табе... Толькі ты не бойся яе. Нікога не бойся. Я цябе ад усіх абараню.

ІЗАБЭЛА. Ты — мяне? Чым?

СЯСТРА ІААННА. Я ведаю шмат таямніц. Я ўмею слухаць травы. Яны захоўваюць вялікія таямніцы.

ІЗАБЭЛА. Ну добра... Дамовіліся. Будзеш мяне абараняць. (Працягвае ёй руку, тая паціскае яе).

СЯСТРА ІААННА. Я буду дапамагаць табе. Калі табе дрэнна, скажы траўцы, траўка скажа кветкам, кветкі — пчолам, пчолы — птушкам, птушкі — мне. Я даведаюся пра тваё гора і прыду. Я павяду цябе ў краіну Рэз.

ІЗАБЭЛА. Я ніколі не чула пра краіну Рэз.

СЯСТРА ІААННА. Там нас ніхто не знойдзе.

ІЗАБЭЛА. А дзе гэта?

СЯСТРА ІААННА. Бог стварыў краіну Рэз для мяне, але, я думаю, Ён не пакрыўдзіцца, калі я цябе таксама туды вазьму.

ІЗАБЭЛА. А што там?

СЯСТРА ІААННА. Там добра. Там цёпла і не патрэбна адзенне. Там няма сораму. Ляжыць белы снег, але ён цёплы, што дзіцянё, а на смак як мёд і хмель. Там няма зямлі і неба... Там ляціш, ляціш угару, як анёл. А ўгары — кветкі. І прыгажэй за гэтыя кветкі няма нічога на свеце...

ІЗАБЭЛА. А ўнізе? Што ўнізе?

СЯСТРА ІААННА. А ўнізе сядзіць птушка Крон, і крылы яе з золата, хвост — блакіт нябесны, грудзі — малахіт, вочы — камень гранат. Яна спявае светлыя песні. Яна сядзіць на дубе, замест лістоў у яго зацукраваныя фігі і смоквы, а замест жалудоў — сакавітыя дыні. На галінах яго танцуюць анёлы... Яны заўсёды запрашаюць мяне патанцаваць.

ІЗАБЭЛА. Прывабна. Толькі... толькі мяне чакаюць мае памыі. (Паказвае на падлогу). Хутка вячэрня, затым трапеза. У мяне яшчэ столькі працы. Вельмі холадна... чаму тут заўсёды так холадна? Рукі калеюць.

СЯСТРА ІААННА. А я табе пагрэю. (Бярэ яе рукі ў свае і грэе).

ІЗАБЭЛА. Дзякуй.

СЯСТРА ІААННА. Так лепей?

ІЗАБЭЛА. Лепей. А я ж так і не ведаю, як цябе завуць...

 

Сцэна 8

 

(Уваходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда і сястра Ганна).

 

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (шэпча) Вунь яна.

СЯСТРА ГАННА. Яна не адна. Давайце выйдзем.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Баязліўцы! Ну, не. (Вельмі гучна) У нас столькі працы, столькі працы... Ай-яй. Хадземце, сёстры, трапеза чакаць не стане. (Пачынаюць дэманстратыўна разбіраць гародніну. Ціха.) Хто з ёю? Не бачу...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А, можаце не хвалявацца. Гэта Іаана Блажэнная.

СЯСТРА ГАННА. Гэта блазнаватая. А мы баяліся.

ІЗАБЭЛА. (не стрымалася) Як вы сказалі?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Гэта Іаана.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Тутэйшая блазнаватая. Мы так і завем яе — сястра Іаана Блажэнная. Яна траўніца пры манастыры.

СЯСТРА ГАННА. Яна лекарка...

СЯСТРА ІААННА. А вы — тры гускі! Прыляціць каршун, схопіць вас і панясе венграм, каб пракарміць іхніх выпладкаў.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Тфу, ерась!

СЯСТРА ГАННА. (да Ізабэлы): Скажы, гэта ж ты сястра Ізабэла?

ІЗАБЭЛА. Я. І ў мяне няма мядзведжых кіпцюроў на нагах. (Манашкі пераглянуліся).

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Пакажы. (Ізабэла паказвае).

СЯСТРА ІААННА. Пакажы ім свой рот, ці няма там гадзючых зубоў.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Праўда, няма. Хм.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А можа ў яе ёсць хвост?

СЯСТРА ГАННА. Чый?

ІЗАБЭЛА. Дык хвост будзеце глядзець?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Фу, грэх які... Даруй, Божа. Пра хвост жа ніхто нічога не казаў. Можа, і няма яго...

СЯСТРА ГАННА. Ведаеш, у нас ёсць пры сабе крыху хлеба і морквы. Ты, пэўна, галодная. Цябе ж яшчэ не дапускаюць да агульнай трапезы?

ІЗАБЭЛА. Не.

СЯСТРА ГАННА. Дык вось мы... (Глядзіць на рэакцыю сёстраў) Я...

СЯСТРА БЕРНАРДА. (махае рукой) А, можа, мінуе... Мы...

СЯСТРА ГАННА. Так, мы падумалі, што ты, мусіць, не адмовішся і паеш крыху...

ІЗАБЭЛА. Але сястра Ганорыя...

СЯСТРА ГАННА. Мы ведаем.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Я пагляджу, каб яна не ўвайшла. (Падыходзіць да дзвярэй). Бедная сястра Марыя. Яна так плакала. Яе чакаюць епітым’і. Ды ты еш, не бойся, я папільную.

СЯСТРА БЕРНАРДА. На, вазьмі. (падае Ізабэле збан). Тут трохі вады з воцатам. Выпі...

СЯСТРА ІААННА. А ваўкалакі не любяць піць кроў старых казлішчаў...

ІЗАБЭЛА. (Есці і п’е) Чым яна тут займаецца? (паказвае на Іаану)

СЯСТРА ГАННА. Яна яшчэ сіроткаю трапіла ў манастыр.

СЯСТРА ІААННА. Божанька наш сіротка. Шкада яго. Няма ў яго ні татулі, ні матулі, але ж сыночак ёсць...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Кажуць, яна з самога нараджэння такая прыдуркаватая. Толькі, кажуць, нарадзілася, і давай усялякія казкі баіць. Ажно з маленства. Бацькоў яе паморак забраў. Вось Маці-Ігумення з дабрыні сваёй і ўзяла сіротку ў манастыр.

СЯСТРА ГАННА. Яна дзіўная. Гэта так... Толькі ў яе дар Божы.

ІЗАБЭЛА. Дар?

СЯСТРА ІААННА. Падарыла Святая Дзева Марыя Іісусу зорку з неба, ён яе з’еў, і галава яго засвяцілася, азараючы ўсё навокал...

СЯСТРА ГАННА. Яна ведае травы. Яна ведае ўсе травы на свеце. Яна іх адчувае. Ніхто іх так не адчувае, як яна. У кожнай траўкі таемныя ўласцівасці знаходзіць, усялякую хваробу можа травамі вылечыць, усялякі смутак суцішыць, душу заспакоіць. А яшчэ, хоць гэта, пэўна, і няпраўда...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Нам увогуле не варта такое казаць...

СЯСТРА ГАННА. Вядома, што траўкамі яна варожыць, сурокі здымае.

СЯСТРА БЕРНАРДА. (Шэптам): А яшчэ кажуць, што ўсялякую атруту можа зрабіць.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Такую, што нават не заўважыш, як памрэш.

СЯСТРА ІААННА. Дурныя вы. Траўкі быццам дзеткі: Плачуць і смяюцца. Ні дабра, ні ліха не ведаюць, самі беззаганныя і святыя. А вы іх топчаце сваімі нагамі! Вось дам вам падводнай травы каранар — і вы ператворыцеся ў жабаў.

ІЗАБЭЛА. Гэта яна праўду кажа?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Не ведаю. Ад яе ўсяго можна чакаць.

СЯСТРА ГАННА. Не, яна добрая. Добрая. Ты, сястра Ізабэла, не слухай, што яна кепскае кажа. Ёй Хрыстос ліхія справы здзейсніць не дазволіць.

СЯСТРА ІААННА. Хрыстос па зямлі ішоў, а там, дзе ступаў — касач ды канюшына прарастае...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Зусім блазнаватая, зусім блазнаватая.

СЯСТРА БЕРНАРДА. (Ізабэле): Ды ты еш, еш.

СЯСТРА ГАННА. А праўда, што ў цябе былі на тысячу чалавек балі?

ІЗАБЭЛА. Праўда.

СЯСТРА ІААННА. А ў краіне Рэз на балях заўсёды чалавек 999 па 999 разоў.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А колькі гэта?

СЯСТРА ГАННА. Можа, дзесяць тысяч.

СЯСТРА БЕРНАРДА. О...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А праўда, што пад час гэтых баляў на жанчынах было столькі каштоўных камянёў і золата, што нават уначы было светла, як удзень?

ІЗАБЭЛА. Не, уначы ўсё роўна цёмна...

СЯСТРА БЕРНАРДА. (недаверліва) Хм. Але, трэба багата золата, каб стала светла, як удзень. Кажуць, у Аахене, пры імператарскім палацы, дык там нават больш светла, чым удзень — там адно золата.

ІЗАБЭЛА. Я была ў Аахене. Там таксама па начах цёмна.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Цёмна? Хм. Дзіўна...

СЯСТРА ГАННА. А гэта праўда, што высакародныя жанчыны намошчваюць сябе ўсходнімі алеямі, якія каштуюць 50 валоў за меру і ад якіх мужчыны...

СЯСТРА БЕРНАРДА. (Засаромлена): Сястра Ганна...

ІЗАБЭЛА. Я намошчвала.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Які сорам! Сястра Ганна, як твой язык паварочваеца пытацца пра такое? Бессаромніца! Пра што думаеш? Ці не грэшныя думкі цябе апанавалі?

СЯСТРА ГАННА. Не, што ты.. Цікава. Столькі кажуць...

СЯСТРА ІААННА. Калі возьме аднарог сабе ў жонкі нарвала і будзе мілаваць, як муж жонку перстам сваім, ці не народзіцца ў іх чалавек?

СЯСТРА БЕРНАРДА. (не звяртае ўвагі на сястру Іаану) Кажуць? А ты слухай, слухай, сястра Ганна. Д’ябал можа багата параспавядаць. Хіба не сказана, што праз слых, зрок і рот твой прыдзе Д’ябал да душы тваёй. Раскрый слых, ён табе атруты ў вушы наліе і не будзеш ты чуць голас Бога, і станеш служкай Сатаны.

СЯСТРА ІААННА. Баіцеся Бога не пачуць? А вы сябе меней слухайце. А не ўмееце, вазьміце траўку дзядоўнік і кветкі васіліска, змяшайце з пчаліным воскам, і ў пару апошняга сонечнага промня тройчы перахрысціцеся, замажце сабе вушы і пачуеце песню цудоўную голасам анёльскім. І будзе спяваць голас анёльскі «Алілуя», і распавядзе вам пра Госпада нашага Ісуса Хрыста і вы паверыце...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Пра якую траўку яна казала?

 

Сцэна 9

 

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (Урываецца моцна напалоханая) Ідуць! Злітуйся над намі, Божа! Маці-Ігумення!

СЯСТРА БЕРНАРДА. Адна?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. З ёю сястра Ганорыя і сястра Марыя... Сюды ідуць.

СЯСТРА ІААННА. А з ёю анёлы малыя і вялікія, ідуць, за ручкі трымаюцца...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Хлеб! Хавай! Агародніна!

СЯСТРА ГАННА. (Ізабэле): Жуй, жуй, жуй! Запівай!

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. За працу, сёстры.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Мы з табою ні пра што не размаўлялі!

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Працуем. (Робяць выгляд, што разбіраюць агародніну).

СЯСТРА ГАННА. (паспявае шапнуць Ізабэле) Галоўнае — не пярэч, не пярэч...

 

(Уваходзяць Маці-Ігумення, сястра Ганорыя, сястра Марыя і Філіп).

 

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. ...праўду кажу вам, застала іх.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Брат Філіп, я хачу, каб вы былі сведкам.

ФІЛІП. З радасцю...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сястра Марыя, гэта праўда?

СЯСТРА МАРЫЯ. Праўда.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. (Сёстрам). Што вы тут робіце?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Да манастырнай трапезы рэпу ды моркву разбіраем.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Гнілаты цяпер зашмат.

СЯСТРА ГАННА. Сырасць сутарэнная.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не чапай іх, сястра Ганорыя. Няхай працуюць. (Ізабэле). Сястра Ізабэла, падыдзі. Я толькі што даведалася ад сястры Ганорыі, якая адкрылася мне, як таго патрабуе хрысціянскі абавязак: было парушана адно са старажытных правілаў гэтага манастыра, якія ўжо чатыры стагоддзі не адважваўся зневажаць ніводзін чалавек. Правіла, паводле якога манашка, перад тым як быць прынятай у лона святога прыстанку, павінна прайсці ачышчэнне ад агіды свету і грэшных думак, ачышчэнне праз самапрыніжэнне і самаадрачэнне. У гэты час адзінае, пра што яна павінна думаць — слава Божая. У гэты час малітва — гэта хлеб і сон, і радасць яе. Вера — прытулак яе. Гасподзь — спавядальнік і настаўнік яе. Гэты запавет пакінулі нашаму манастыру настаўнікі веры. І вось ужо чатыры стагоддзі Невельскі манастыр свята захоўвае яго, таму што цвярдыня яго — не камень, не муры і вежы, але вера. Вера! І вось я даведваюся, што сёння гэты запавет быў парушаны...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Праўдзіва, праўдзіва кажу вам, парушаны...

СЯСТРА МАРЫЯ. Маці-Ігумення...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Маўчы. Табе ніхто не даў права гаварыць. Ты сваё ўжо сказала.

ІЗАБЭЛА. Маці-Ігумення, яна проста...

ФІЛІП. Матушка, быць можа сястра Марыя сапраўды...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я прасіла вас быць сведкам, брат Філіп. Калі мне спатрэбіцца вашая парада, я папрашу яе.

ІЗАБЭЛА. Але Марыя...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты дзёрзкая. А манастыр — прыстанак пакорлівых.

ІЗАБЭЛА. Я хачу патлумачыць...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Што зменяць твае тлумачэнні? Навошта яны? Хіба перада мною табе трэба апраўдвацца? Ці ганарлівасць прамаўчаць не дазваляе?

ІЗАБЭЛА. Але я хачу справядлівасці!

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Што ты ведаеш пра справядлівасць? Братазабойца адважваецца гаварыць пра справядлівасць? Каін папракаў Бога ў нясправядлівасці. Не даюць спакою ягоныя лаўры? Бог — гэта справядлівасць!

ІЗАБЭЛА. Але...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты «хочаш». Паглядзіце на яе. Яна «хоча». Ты забылася, дзе ты? Зайграла п’емонцкая кроў? Манастыр — не месца для задавальнення ўласных жаданняў.

ІЗАБЭЛА. Я...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (Стомлена): Памаўчы. Табе няма чаго сказаць. Сястра Марыя, падыдзі...

СЯСТРА МАРЫЯ. Я тут, матушка.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты саграшыла.

СЯСТРА МАРЫЯ. Так, матушка.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Бог літасцівы. Бог даруе таму, хто пакаяўся.

СЯСТРА МАРЫЯ. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты паспавядаешся брату Філіпу, вы ж не адмовіце нам у гэтым, брат?

ФІЛІП. Як можна? Але я яшчэ не гатовы...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (Філіпу): Хопіць. (Да сястры Марыі). Затым ты пойдзеш у манастырнае сутарэнне і не выйдзеш адтуль тры дні і тры ночы. Там, без хлеба і вады, ты будзеш замольваць свае грахі. Малітва ачысціць душу. Самаадрачэнне ўмацуе дух. Маліся, маліся, дачка мая, каб гасподзь не пакінуў цябе ў сваёй літасці...

СЯСТРА МАРЫЯ. Дзякуй вам, матушка. Дзякуй вам за вашую дабрыню. Дзякуй. (Кланяецца). Век, век не забуду...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзі... (Сястра Марыя выходзіць).

СЯСТРА БЕРНАРДА. (Ціха): Ох, што зараз будзе. Памажы нам, святы Селясцін.

СЯСТРА ГАННА. (шэптам) Толькі б яна адразу скарылася...

ІЗАБЭЛА. (цвёрда): Яна не вінаватая.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ты адважваешся пярэчыць Маці-Ігуменні? Паскудніца!

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Памаўчы, сястра Ганорыя. (Ізабэле). Сястра Ізабэла, ты ведаеш, што такое пакорлівасць? Напэўна, часам вельмі цяжка скарыцца сэрцу гордаму і вольналюбіваму, духу моцнаму і ваяўнічаму. Я разумею, як гэта складана. Больш таго, я ведаю... Ведаю. А вось ці ведаеш ты?

ІЗАБЭЛА. Са злом нельга мірыцца.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Добра. Але ці ёсць тое, перад чым ты гатовая скарыцца? Маўчыш? Добра. Я пакажу табе, што такое пакорлівасць. Падыдзі сюды, сястра Ізабэла. (Ізабэла падыходзіць). Схілі калені. (Ізабэла стаіць. Маці-Ігумення з размаху б’е яе па твары, разбівае яго ў кроў.) Укленчы! (Ізабэла стаіць. Маці-Ігумення зноўку б’е яе). На калені! (Ізабэла апускаецца). Не апускаць вочы! Глядзі на мяне. А зараз цалуй руку. Цалуй руку! (Ізабэла цалуе). Ганорыя, падай ёй руку. Цалуй! Цалуй! (Ізабэла цалуе руку Ганорыі). Ганна, Бернарда, Вентурыя. Пакорліва цалуй. І ў вочы глядзі, кожнай — у вочы. (цалуе іхнія рукі). Іаана, падай руку..

СЯСТРА ІААННА. Рукі не дам, асы баюся. Аса атрутная ў бутоне ружы.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (Ізабэле). Цалуй ёй ногі. Цалуй ногі Блажэннай. (Б’е Ізабэлу па твары. Ізабэла падае. Потым цалуе). Добра. Цяпер устань, сястра Ізабэла. Няма ганарлівых у Градзе Божым. Ты саграшыла. Бог даруе, як я табе дарую. Я не лепшая за цябе. Прашу і твайго прабачэння. (Падыходзіць да Ізабэлы, кленчыць і схіляецца да яе ног) Люблю цябе. Усіх вас люблю. Усіх шкадую. Памаліся, памаліся Госпаду, і Ён не пакіне цябе.

 

(Выходзіць. За ёю выходзяць астатнія манашкі).

 

СЯСТРА ІААННА. (выходзячы) Мяне ўкусіла атрутная аса, мяне ўкусіла атрутная аса...

 

(Ізабэла выцірае кроў з твару, яе калоціць ад бязгучных рыданняў. Яна падае на падлогу, плача, потым устае і выходзіць).

 

АКТ 2

 

Сцэна 10

 

(Заходзіць Ізабэла, кленчыць, моліцца, затым падымаецца і пачынае працаваць. Яна вельмі змянілася. Стала ціхай і светлай. Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда і сястра Ганна).

 

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Глядзіце, глядзіце... Зноў моліцца.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Колькі разоў на дзень, і не злічыць.

СЯСТРА ГАННА. Небарака. З таго самага дня зусім пакорлівая стала. Лагодная.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Вось так... Быццам бы падмянілі. Можа, пагутарыць з ёю?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Сёстры кажуць, яна цяпер зусім мала размаўляе. Больш па манастырных справах. А так маўчыць...

СЯСТРА ГАННА. А можа. Усё ж такі паспрабуем? Шкада яе.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ой, наклічаш на нас бяду.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Сястра Ізабэла, сястра Ізабэла. Э-э-э... Надвор’е сёння халоднае.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Так, пахмурнае, пахмурнае...

ІЗАБЭЛА. Напэўна...

СЯСТРА ГАННА. Табе, пэўна, вельмі халодна вось так, на каленях, на халоднай падлозе гадзінамі прастойваць?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Бязглуздзіцу пытаешся. Вядома, не сонцапёк.

ІЗАБЭЛА. Я, відаць, перастала адчуваць холад. Гасподзь сагравае мне душу, а душа — цела.

СЯСТРА БЕРНАРДА. (скептычна глядзіць на Ізабэлу) Пэўна ж, у такім целе душа ледзь-ледзь цепліцца.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ага. Добра было б усім так навучыцца грэцца. А чаму з сёстрамі не размаўляеш?

ІЗАБЭЛА. Размаўляю. Яны ў мяне пытаюцца, я адказваю.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А сама чаму не пытаешся?

ІЗАБЭЛА. Працы шмат. Ды ў каго мне яшчэ пытацца, як не ў Бога? І хіба не дзеля Яго я тут?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Паслухай, можа, ты Маці-Ігуменні спалохалася?

ІЗАБЭЛА. Не.

СЯСТРА ГАННА. Дык не бойся, не бойся. Яна пасварыцца і адыдзе. Яна даруе, яна ўсім даруе. Ты не бойся...

СЯСТРА БЕРНАРДА. (сястры Вентурыя) А рукі, рукі зусім сінія...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (сястры Бернардзе) Так яна нядоўга працягне.

СЯСТРА ГАННА. (сёстрам) Няўжо Маці-Ігумення не злітасцівіцца над ёю?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Я думаю, хутка яе перавядуць на іншую працу.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Так, так... (Ізабэла спакойна працуе, затым зноў кленчыць для малітвы).

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ізноў моліцца.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ну, Маці-ігумення яе як нельга лепей навучыла.

СЯСТРА ГАННА. Так шкада яе, так шкада...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Хадземце, сёстры, ёй зараз добра...

 

(Сёстры выходзяць).

 

Сцэна 11

 

(Заходзіць Іаана. Моўчкі падыходзіць да Ізабэлы і пачынае дапамагаць).

 

ІЗАБЭЛА. Ты прыйшла дапамагчы мне?

СЯСТРА ІААННА. Я прыйшла пабыць з табою. (Моўчкі працуюць).

ІЗАБЭЛА. Ты не павінна гэтага рабіць

СЯСТРА ІААННА. Што мы ведаем пра нашыя павіннасці?

ІЗАБЭЛА. Я ведаю. Я павінна цяпер працаваць і маліцца аб выратаванні сваёй душы.

СЯСТРА ІААННА. Але ты не павінна рабіць гэта ў самоце. (Зноў моўчкі працуюць).

ІЗАБЭЛА. Мне сказалі, што ты вар’ятка.

СЯСТРА ІААННА. Няхай кажуць.

ІЗАБЭЛА. Гэта праўда?

СЯСТРА ІААННА. А ты сама як думаеш?

ІЗАБЭЛА. Я... я не ведаю.

СЯСТРА ІААННА. Не падманвай. Гэта грэх. Не бойся мне зрабіць балюча. Я не баюся болю.

ІЗАБЭЛА. Ты дзіўная.

СЯСТРА ІААННА. Табе гэта агідна?

ІЗАБЭЛА. Не, але... Раней я не любіла такіх.

СЯСТРА ІААННА. Я ведаю, твой бацька любіў рэзаць блазнаватых і ўбогіх. Іх катаваць цікавей за ўсё, яны ж безабаронныя.

ІЗАБЭЛА. Гэта ў мінулым.

СЯСТРА ІААННА. Прабач. Калі хочаш, я магу прыкінуцца нармальнай.

ІЗАБЭЛА. Навошта?

СЯСТРА ІААННА. Трэба ж каму-небудзь прыкідвацца нармальнай? (Паўза). Я назіраю за табою.

ІЗАБЭЛА. Назіраеш?

СЯСТРА ІААННА. Ад самага твайго прыезду. Яны ўсе не ведаюць, не ведаюць, якая ты на самой справе. Ты сама не ведаеш. Толькі я ведаю. Ты незвычайная...

ІЗАБЭЛА. Незвычайная?

СЯСТРА ІААННА. Іншая. У тваім маленькім целе схаваная вялікая сіла. Магутная, як паўночны вецер. Вольная. Вольная моц, і нават Маці-Ігумення сваімі аплявухамі не зламала яе. Яна думае, што зламала. (Смяецца) Як ты яе падманула!

ІЗАБЭЛА. Не ведаю, чаму ты так падумала... Я не...

СЯСТРА ІААННА. (Не слухае яе) Толькі цябе трэба ахоўваць.

ІЗАБЭЛА. Ад чаго?

СЯСТРА ІААННА. Ад цябе самой...

ІЗАБЭЛА. Не, сястра Іаана, ты памыляешся. Памыляешся... Апошнія дні вельмі змянілі мяне. Я шмат што зразумела. Мне здаецца, я стала зусім іншай...

СЯСТРА ІААННА. Можна, я сяду побач?

ІЗАБЭЛА. Сядай. (Яны садзяцца побач). Ты ведаеш, гнеў, страх, страсць, боль, свет — усё тое, што яшчэ нядаўна раздзірала маю душу... Яно сышло. Я сама здзіўляюся. Я адчуваю, што мая душа стала гладкай і чыстай, быццам возера ў зацішшы. І я адчуваю спакой і радасць ад таго, што служу Госпаду.

СЯСТРА ІААННА. Возера, кажаш. Надвор’е можа змяніцца. А ўвогуле, я бачу, ты таксама любішь прыдумляць.

ІЗАБЭЛА. Не, гэта праўда. А вось ты прыдумляеш.

СЯСТРА ІААННА. Адкуль ты ведаеш?

ІЗАБЭЛА. Таго, пра што ты кажаш, не бывае.

СЯСТРА ІААННА. Бывае. Ты ж не спрабавала.

ІЗАБЭЛА. Што, сапраўды бывае?

СЯСТРА ІААННА. Іншым, можа б, і схлусіла. Табе — не.

ІЗАБЭЛА. Гляджу ў твае вочы і не ведаю, што падумаць... Вочы ў цябе дзіўныя.

СЯСТРА ІААННА. Чаму?

ІЗАБЭЛА. Дзіўныя. Не ведаю.. Правальваешся ў іх, як у палонку. І дна не відаць.

СЯСТРА ІААННА. Можна, я буду да цябе часцей прыходзіць?

ІЗАБЭЛА. Добра. З табою цікава.

СЯСТРА ІААННА. О, я магу табе такога расказаць. Я тут усё пра ўсіх ведаю.

ІЗАБЭЛА.Адкуль?

СЯСТРА ІААННА. Мне Траўкі распавядаюць. Траўкі ўсё чуюць, усё ведаюць.я і яшчэ спосабы ведаю.

ІЗАБЭЛА. Праз крывую іголку?

СЯСТРА ІААННА. Ёсць багата спосабаў... Гасподзь адкрыў мне шмат загадак.

ІЗАБЭЛА. Я ўсё хацела цябе запытацца, хто гэтая старая, што закрывае твар анучай?

СЯСТРА ІААННА. Урбена?

ІЗАБЭЛА. Так, яна сказала, што яе завуць Урбена.

СЯСТРА ІААННА. Яна размаўляла з табою?

ІЗАБЭЛА. Так.

СЯСТРА ІААННА. Дзіўна...

ІЗАБЭЛА. Хто яна?

СЯСТРА ІААННА. Невельскі манастыр захоўвае шмат таямніц. А гэтая таямніца вельмі старадаўняя.

ІЗАБЭЛА. Яна была сястрой манастыра?

СЯСТРА ІААННА. Была.

ІЗАБЭЛА. А зараз?

СЯСТРА ІААННА. Напэўна. Усе лічаць, што яна вечная. Але пра гэта не трэба гаварыць. Чуеш, Ізабэла, ніколі ні з кім пра яе не гавары.

ІЗАБЭЛА. Чаму?

СЯСТРА ІААННА. Нельга. Проста запомні, Урбены не існуе. Гэта старадаўні дух. Мы — асобна. Яна — асобна. Калі будзе трэба, яна сама прыдзе. Часам яна да мяне прыходзіць.

ІЗАБЭЛА. Дзіўна гэта.

СЯСТРА ІААННА. Ты прызвычаішся... Слухай, а хочаш, я табе прынясу сырадою?

ІЗАБЭЛА. Малака?

СЯСТРА ІААННА. Так, зусім свежага, нават яшчэ цёплага, з такой лёгкай, духмянай пенкай? Ад нашай манастырнай каровы. Хочаш? Гэта падсілкуе цябе...

ІЗАБЭЛА. Малака... Я так даўно не піла малака. Здаецца, цэлую вечнасць.

СЯСТРА ІААННА. Я ведаю, ведаю. Як ты па ім засумавала. Напэўна.

ІЗАБЭЛА. Вельмі...

СЯСТРА ІААННА. Дык ты хочаш?

ІЗАБЭЛА. Так. Я вельмі люблю малако.

СЯСТРА ІААННА. Вельмі, вельмі хочаш?

ІЗАБЭЛА. Вельмі.

СЯСТРА ІААННА. А ў мяне няма малака!

ІЗАБЭЛА. Дык навошта ты?!..

СЯСТРА ІААННА. Неразумная ты яшчэ... Бывай, я да цябе яшчэ прыйду.

 

(Выходзіць. Ізабэла сціскаецца ад крыўды і болю, затым падымаецца і таксама выходзіць).

 

Сцэна 12

 

(Выходзіць сястра Марыя, яе чакае Філіп).

 

ФІЛІП. Стой.

СЯСТРА МАРЫЯ. Брат Філіп, што ты тут робіш?

ФІЛІП. Чакаю.

СЯСТРА МАРЫЯ. А чаго ты тут чакаеш?

ФІЛІП. А ты на маслабойку хадзіла.

СЯСТРА МАРЫЯ. А ты адкуль ведаеш?

ФІЛІП. А потым на гарод пойдзеш.

СЯСТРА МАРЫЯ. Пайду...

ФІЛІП. А раніцай займалася шыццём. І ўчора зранку шыццём займалася.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ты што, сачыў за мною?

ФІЛІП. Сястра Марыя, я штосьці прынёс табе, глядзі. (Паказвае на кош)

СЯСТРА МАРЫЯ. Што гэта?

ФІЛІП. Гэта? Гэта рыба. Смажаная фарэль, яйкі, руанскі сыр. Паглядзі.

СЯСТРА МАРЫЯ. Навошта гэта?

ФІЛІП. Табе.

СЯСТРА МАРЫЯ. Але, брат Філіп, гэта...

ФІЛІП. Пачакай, пачакай... Нічога не кажы. Пачакай... Я хачу нешта расказаць табе. Я ведаю, табе здаецца, я зусім яшчэ хлапчук. Няхай. Я ведаю, у мяне зусім юны твар, дзіцячы твар, дзіцячыя вочы, кволыя рукі... Але ты не ведаеш... Ніхто не ведае. Я ўбачыў цябе тады, на пастрыжэнні П’емонцкага звераняці. І тады я заўважыў цябе больш за астатніх. Штосьці надзвычайнае было ў тваіх вачах, святло нейкае... Затым споведзь. Я буду гарэць у пекле, але тады на споведзі, калі я бачыў твой твар, па якім каціліся слёзы, вялізныя, быццам мальтыйскія вінаградзіны, я адчуў... Што гэта са мной было? Божа Ўсемагутны, я ўбачыў твой твар, і з тае пары бачу яго ўвесь час. Дзень і ноч яго бачу. Заплюшчваю вочы і ўсё роўна яго бачу. І чую голас. Голас праведніцы, якая просіць літасці ў грэшніка. Голас анёла... І не было ніводнай ночы, каб я не чуў яго, каб ён не клікаў мяне. Што гэта?

СЯСТРА МАРЫЯ. Ды што ты такое гаворыш?

ФІЛІП. Ну, паслухай, паслухай. Я не ведаю, што са мною адбываецца, калі я думаю пра цябе.

СЯСТРА МАРЫЯ. Бог з табою, брат Філіп. Падумай, што ты гаворыш!

ФІЛІП. Табе здаецца, што я яшчэ вельмі малы? Так? Я ведаю, ты лічыш мяне хлапчуком. Гэта мой твар цябе падманвае. Я ненавіджу свой твар! Я гатовы здзерці з яго скуру, каб толькі ты...

СЯСТРА МАРЫЯ. Я пайшла...

ФІЛІП. Пачакай! Я ненавіджу свой твар і вельмі люблю твой!

СЯСТРА МАРЫЯ. Памажы яму, Божа. Філіп, хлопчык мой, гэта насланнё. Д’ябальскія спакусы, вось што гэта. Гэта пройдзе. Усё пройдзе. Прасі ў Бога і Ён дапаможа...

ФІЛІП. Ты не разумееш! Не буду я нічога прасіць! Не буду! Хопіць! День за днём, ноч за ноччу я прасіў толькі аднаго. Маліўся, утаймоўваў плоць, прычашчаўся... Хопіць!

СЯСТРА МАРЫЯ. Філіп...

ФІЛІП. Пакахай мяне.

СЯСТРА МАРЫЯ. Гэтага ніколі не будзе.

ФІЛІП. Прашу цябе.

СЯСТРА МАРЫЯ. Нельга.

ФІЛІП. Будзеш браць ежу?

СЯСТРА МАРЫЯ. Паслухай мяне...

ФІЛІП. (выкідвае кошык) Як хочаш! Не буду прасіць.

СЯСТРА МАРЫЯ. Пабойся Бога...

ФІЛІП. Не баюся. Нічога не баюся. Калі гэта спакусы д’ябла — то я прымаю іх! Калі гэта насланнё — то я падпарадкоўваюся яму! Ты павінна гэта зразумець. Чуеш? Павінна! Павінна! Я не магу іначай. Не магу. Паслухай, Марыя, калі ты пакарышся мне, я цябе азалачу. Біскуп адпусціць усе грахі. У мяне ёсць грошы. Шмат грошай. Ніхто не ведае. Біскуп не ведае. Ты будзеш жыць як герцагіня. Я буду кахаць цябе!

СЯСТРА МАРЫЯ. Але ж ты яшчэ дзіця. Філіп, гэта дзіцячая страсць. Ды і не да гэтага ты прызначаны. Філіп, падумай...

ФІЛІП. Дзіцячая? Зноў? Як ты не разумееш, што гэта ты мяне давяла! Што глядзіш? Ты! Ахмурыла. Прымусіла пакахаць пакорлівасцю сваёю, пяшчотаю, лагоднасцю... А цяпер? Не! Не1 Калі прымусіла мяне пакахаць, я таксама цябе прымушу! Прымушу! Хочаш ты гэтага ці не. І ўсе легіёны Рая і Пекла не стрымаюць мяне. Што глядзіш? Ты зразумела мяне? (Хапае яе і трасе).

СЯСТРА МАРЫЯ. Што ты робіш? Філіп. Філіп. Злітуйся. (Крычыць) Злітуйся!

ФІЛІП. Сціхні! (Б’е яе).

 

Сцэна 12

 

(З’яўляецца сястра Іаана).

 

СЯСТРА ІААННА. Пакахаў галубок галубку і давай таптаць (смяецца). Топча, курлыкае, радуецца і не ведае, што янот ужо блізка...

ФІЛІП. Хто гэта? Хто тут?

СЯСТРА ІААННА. А табе хто трэба, галубочак? (Сястра Марыя выбягае).

ФІЛІП. Ты хто? А-а-а, я бачыў цябе. Так, я цябе ведаю. Ты Іаана — вар’ятка.

СЯСТРА ІААННА. А ты анёлачак з целам казляняці. Небарака... Матчыны вымя згубіў, вось і тыцкаеш мыскаю кожнай сучцы.

ФІЛІП. Паслухай, ты ж нікому не раскажаш пра тое, што бачыла?

СЯСТРА ІААННА. А што я бачыла?

ФІЛІП. Нікому не раскажаш, што я размаўляў з сястрою Марыяй?

СЯСТРА ІААННА. Ты размаўляў з сястрою Марыяй? Дзіўна... А мне здавалася, што ты хацеў засунуць у яе свой член.

ФІЛІП. Ты дурная вар’ятка, вось і вярзеш усялякую лухту.

СЯСТРА ІААННА. Ах, як нядобра ты гаворыш. Як ты лічыш, што падумае біскуп, калі даведаецца?..

ФІЛІП. Адкуль ён даведаецца?

СЯСТРА ІААННА. Ластаўка ў дзюбе прынясе. Багата спосабаў ёсць...

ФІЛІП. Глупства кажаш.

СЯСТРА ІААННА. А ручкі падрыгваюць... Страшна?

ФІЛІП. Так і ведай, калі ты і надалей лапатаць будзеш, знойдуцца сіла, якія прымусяць цябе змоўкнуць назаўсёды.

СЯСТРА ІААННА. (Ціха) Боязна...

ФІЛІП. Што?

СЯСТРА ІААННА. Боязна. Ты... ты такі страшны. У-у-у... Страшны анёлачак... мне падабаюцца страшныя анёлачкі. А што ты ёй прынёс?

ФІЛІП. (Не зразумеўшы) Што?

СЯСТРА ІААННА. Там, у кошыку. Што ты прынёс ёй?

ФІЛІП. Фарэль... смажаную, руанскі сыр, яйкі.

СЯСТРА ІААННА. (здзіўлена) І яна не згадзілася легчы з табою за руанскі сыр? (Бярэ кошык). Дурная, дурная Марыя.

ФІЛІП. Як?!

СЯСТРА ІААННА. Розум птушыны. Упусціць такі сыр і яйкі...

ФІЛІП. А ты што, згадзілася б... за гэта?

СЯСТРА ІААННА. Хто ведае, што можа прывабіць жанчыну? Хто ведае? Чаму табе спадабалася Марыя?

ФІЛІП. Я не...

СЯСТРА ІААННА. Ты такі смешны. Я табе раскажу. Мне іншы раз хацелася пакахаць анёла. Толькі сапраўднага, а то ёсць чарцяняты зусім як анёлы. Я хацела сапраўднага: з абліччам анёла, з голасам анёла і каб з вачэй — промні... У тваіх вачах свецяцца промні?

ФІЛІП. Слухай, хочаш быць са мною,а? Я табе прывязу шмат ежы...

СЯСТРА ІААННА. Як добра кахаць анёла! А яшчэ лепей, калі анёл кахае цябе...

ФІЛІП. Паслухай...

СЯСТРА ІААННА. Толькі анёлы такія наравістыя...

ФІЛІП. Паслухай, сястра Іаана, пакахай мяне. Пакахай мяне, я прывязу табе шмат ежы. Я прывязу табе самага лепшага казінага сыру, аліваў, апельсінаў. Чаго пажадаеш табе прывязу. Калі ласка...

СЯСТРА ІААННА. Ну, чаго ты хочаш?

ФІЛІП. Калі ласка. Я прывязу табе шмат ежы.

СЯСТРА ІААННА. Ты хочаш засунуць у мяне свой член? Ну, гэта нікуды не варта. Ты ж не ведаеш, хто я. Ды і ты не анёл — у анёла няма члена (Смяецца). Не. Я не буду цябе кахаць нават за казіны сыр. Ты не анёл. Ты казляня. Я ведаю, хто анёл, ведаю, але табе не скажу. (Філіп садзіцца і плача, закрыўшы твар рукамі). Ну, не плач...

ФІЛІП. (плаксівым голасам) Калі ласка.

СЯСТРА ІААННА. Маленькі... Ну чаго ты хочаш? Сам падумай. Гэта ўсё з-за Марыі. Дурная Марыя, зусім дурная... Не засмучайся, я табе таямніцу адкрыю. Я ўмею чытаць будучае. Ёсць спосабы... У цябе ўсё будзе добра. Ты знойдзеш жанчыну, якая прадасць сябе за казіны сыр. Яны ўсе прадаюцца за казіны сыр. А гэты сыр забяру я. Не бойся, я не ўсім раскажу, што ты хацеў... Ну што ты. Не плач, вазьмі кветачку. Да пабачэння, маленькі мой, табе трэба шмат, шмат сыру... Ага, забылася сказаць, Марыя пакахае цябе, пакахае...

 

(Смяецца і выходзіць, затым выходзіць і Філіп).

 

Сцэна 14

 

(Уваходзяць Маці-Ігумення і сястра Ганорыя).

 

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Мне дакладвалі, што раніцаю зноў заядаў замок у заходніх веснічках.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Сапраўды, матушка, заядаў. Ужо яго і так, і гэтак. Заржавеў зусім. Восень сёлета такая дажджлівая...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Восень дажджлівая, а галовы дурныя! Тое, што замок ржавее, які год вядома?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ён і раней заядаў. Сапраўды, толькі не так. Заўсёды можна было штыром пакалупаць, ён і адчыняўся...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Па каваля паслалі?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Заўтра прыедзе.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Добра, добра. Калі не галовы вашы, дык хоць замок няхай паправіць. Надалей... чуеш мяне? Надалей, каб загадзя глядзелі!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Буду глядзець, буду. І сёстрам скажу.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Толькі так скажы, каб зразумелі. А то думаюць, што як стаяў манастыр чатырыста гадоў, дык і яшчэ столькі ж вось так і прастаіць. Дык вось не прастаіць!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Скажу, матушка, усё скажу...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (Махаючы рукою): Ну добра... Бог з вамі. (Уваходзіць сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. Матушка, вы тут. А я вас усюды шукала. І ў трапезнай шукала, і ў капліцы шукала, і ў келлі, і ў...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Чаго табе?

СЯСТРА МАРЫЯ. Там такое... У нас жа ў Невельскім лесе разбойнікі.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. У Невельскім лесе заўсёды былі разбойнікі. Дык што здарылася?

СЯСТРА МАРЫЯ. Ноччу, у цемры, яны напалі на картэж біскупа Альберта.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ну...

СЯСТРА МАРЫЯ. (разгубілася) Яны...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ну скажы ты толкам! Біскупа забілі?

СЯСТРА МАРЫЯ. Не,не, дзякаваць Богу. Гасподзь засцярог яго. Нават не паранілі. Рыцарам, што суправаджалі яго, пашчасціла адбіць напад.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Слава Богу. Яны адбіліся.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ.. (усміхаецца) Як жа ж не адбіцца? Хіба там разбойнікі? Зброд адзін! Беглыя сяляне, рабы... Я магла б ад іх адбіцца. Дык што?

СЯСТРА МАРЫЯ. Самі то яны адбіліся. Так. А вось рыцар адзін быў паранены. Цяжка паранены. Ледзь не сцёк крывёю...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ну кажы хутчэй...

СЯСТРА МАРЫЯ. Біскуп Альберт, памятаючы гасціннасць вашую, пакорліва просіць вас прыняць на вылячэнне ў наш святы прыстанак гэтага рыцара, які пацярпеў за абарону веры...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Лепш сказаць, за абарону біскупа...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ох, нядобра гэта.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Што нядобра?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Усё ж такі мужчына ў сценах манастыра...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Як ён сябе адчувае?

СЯСТРА МАРЫЯ. Дрэнна... Кажуць, што вельмі. Па ўсім відаць, што дрэнна. Ён амаль увесь час без прытомнасці. Шмат трызніць. А раны крываточаць, як іх не затыкай.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А чаму адразу нам? Навошта нам? Хіба не мог біскуп яго каму-небудзь іншаму даручыць, каб вылечылі?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Замаўчы. Ты хоць сама разумееш, пра што гаворыш? Чалавек гэта, не смецце...

СЯСТРА МАРЫЯ. Дык што адказаць? Пасланец чакае.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Мы прымем яго. Невельскі манастыр нікому не адмаўляў у дапамозе. Чуеш, Ганорыя? Нікому! І ніколі не забывайся на свой хрысціянскі абавязак. Калі гэты рыцар памрэ, значыць, такая воля Божая. Мы памолімся за супакой душы яго і пахаваем ганарова, як абаронцу веры. А калі выжыве, аддзякуем Бога нашага за ласку Яго. Такая мая воля. Ідзі скажы, што мы прымем яго.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А хто будзе даглядаць яго?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Хто? (Хмурыцца). Сястра Ізабэла.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Сястра Ізабэла? Матушка, але гэта... Гэта неабачліва. Яна яшчэ...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сама ведаю. Будзе так, як я сказала. Яна будзе даглядаць яго. Ізабэла з П’емонта так лёгка пралівала кроў і наносіла раны людзям, што каму, як ні ёй, цяпер адчуць, колькі працы і пакут каштуе выратаванне хаця б аднаго параненага. Сястра Ганорыя, перадасі ёй: яна павінна адна, неадлучна, і ўдзень, і ўначы сядзець з ім, даглядаць яго, прамываць ягоныя раны і маліцца за ягоную душу. Усё. Такое маё рашэнне.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Вельмі мудра. Я дурніца, дурніца...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты чула, сястра Марыя?

СЯСТРА МАРЫЯ. Так, матушка.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ну дык чаго стаіш? Выконвай!

СЯСТРА МАРЫЯ. Бягу, матушка.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзі, Ганорыя, табе даручаю прасачыць за ўсім. Я зайду да яго перад абедняю.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Усё праверу, за ўсім прасачу.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзіце... Няхай сястра Ізабэла падрыхтуецца...

 

(Сястра Ганорыя і сястра Марыя выходзяць).

 

Сцэна 15.

 

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Урбена! Урбена, дзе ты? (Выходзіць Урбена).

УРБЕНА. Я чакала, пакуль ты вызвалішся.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Слухай, даўно хацела пагутарыць з табою.

УРБЕНА. Пра што?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Няўжо заўсёды было так?

УРБЕНА. Як?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Цяжка. Я даўно стала заўважаць за сабою... Я стамляюся. Вельмі стамляюся...

УРБЕНА. Верыць?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не, не, вера мая такая ж моцная, як і раней. Але я стамляюся змагацца. Граху ўсё болей... А сілы канчаюцца. Ці ўсё гэта мне здаецца, скажы мне?

УРБЕНА. Навошта?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Таму што... Таму што я губляю надзею. А з надзеяй страчваю сілу. І я баюся, што калі я страчу сілу, то ў рэшце рэшт пахіснецца і мая вера. Раскажы мне, дай мне добрую параду. Ты старая, ты бачыла пачатак свету. Ты павінна ведаць.

УРБЕНА. Так, я шмат што бачыла... Ведаеш, мала, мала што змянілася з тых часоў. Мала... Ці стала больш граху? Можа і не. Менш стала праведнікаў. Венгры, венгры спустошылі нашыя душы. Яны паглынаюць іх. Марудна, але напэўна... Грэх памнажаецца. І хутка ён перапоўніць чашу...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Хутка?

УРБЕНА. А ты сама не заўважаеш знакі?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Заўважаю. Я спрабую паўстаць супраць іх.

УРБЕНА. Як?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Праз веру. Праз веру ў Бога Нашага Ісуса Хрыста.

УРБЕНА. Як заўсёды. Таму і прыняла Ізабэлу?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Думаеш, мне гэта было лёгка? Памятаеш, праз адну ахвяру свет быў выратаваны. А я веру, веру, Урбена, што праз святло адной душы выратуецца Невельскі манастыр.

УРБЕНА. А чаму думаеш, што праз яе?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ёсць у ёй нешта. Сіла. Вось толькі не ведаю, Бог гэта ці Д’ябал. Я веру, што Бог. Як ты думаеш, Урбена?

УРБЕНА. А навошта табе мая думка? Ты заўсёды сама прымаеш рашэнні... Твая вера вядзе цябе. Яна вядзе цябе лепш, чым мае парады. Ты лепшая ігумення сярод тых, каго я памятаю. Мяне заўсёды здзіўляла, як сіла цягнецца да сілы. Ты ад самага пачатку вылучала Ізабэлу сярод іншых.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. І што?

УРБЕНА. Калі Бог у ёй пераможа, яна будзе лепшая за цябе.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я ведаю, Урбена, ведаю...

УРБЕНА. (Усміхаецца) Гм... Папярэдняя ігумення таксама прасіла ў мяне парады. (Паўза). Наконт цябе...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Што ты ёе сказала?

УРБЕНА. Тое, што і табе. Яна зрабіла правільны выбар. Справа за табою...

 

(Урбена выходзіць. За ёю выходзіць Маці-ігумення).

 

Сцэна 16

 

(Уваходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда, сястра Ганна, а з імі і сястра Марыя. Яны ўцягваюць у келлю параненага рыцара. Таксама ўваходзіць і Філіп, але ўсю сцэну маўчыць, глядзіць на сястру Марыю.)

 

СЯСТРА БЕРНАРДА. Асцярожненька, асцярожненька, так,так, так.... Сюды яго.

СЯСТРА ГАННА. Ён такі бледненькі...

СЯСТРА МАРЫЯ. Не дзіва, што ён як палатно. Столькі крыві страціў...

СЯСТРА ГАННА. Балюча яму, напэўна.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ой, ён зараз прытомнасць страціць. Монсеньёр Жафрэй, монсеньёр...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Не разумее нічога...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яго завуць Жафрэй?

СЯСТРА ГАННА. Так, ён...Ой...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ён, здаецца, падае.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Трымай яго!

ЖАФРЭЙ. (слабым голасам) Не, не... Я магу ісці сам...

СЯСТРА ГАННА. Дзе табе сам! Зараз мы вас пакладзем. Вось тут.

ЖАФРЭЙ. Я сам...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. У вас бядро восцем раскурожанае, а ён сам!

СЯСТРА МАРЫЯ. Вядома, вядома вы самі... Мы проста вам дапаможам.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Не марнуй словы, ён зноў страціў прытомнасць.

СЯСТРА МАРЫЯ. А можа яго па шчоках, па шчоках?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Трэба яго спачатку пакласці.Ух, які цяжкі!

СЯСТРА БЕРНАРДА. Правільна, кладзі. (Укладваюць яго на лаву.)

СЯСТРА ГАННА. (паказвае) У яго, здаецца, зноў рана адкрылася. Глядзіце, кроў... (Усе з цікавасцю паглядзелі.)

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. І праўда адкрылася. Глыбокая.

СЯСТРА БЕРНАРДА. (унушальна) Рана адкрылася, рана і закрыецца. Кровапусканне заўсёды карыснае.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. О, відаць, разбойнікі так і падумалі. (Хіхікаюць.)

СЯСТРА МАРЫЯ. З яго, напэўна, ужо цэлая бочачка выцекла.

СЯСТРА ГАННА. Трэба яму пад галаву што-небудзь. Вось так...

ЖАФРЭЙ. Баліць...

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, кроў...

ЖАФРЭЙ. Баліць...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вядома, баліць. Яшчэ як. Яму ж рагаціну, напэўна, на два пальцы загналі.

СЯСТРА МАРЫЯ. А што рабіць?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Тоўчанымі рубінамі яго карміць трэба. Праўду кажу. Гэта кроў узнаўляе.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А дзе ж гэтых рубінаў узяць?

СЯСТРА ГАННА. (паказвае) Сціх...

 

(Уваходзіць сястра Ганорыя)

 

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ну што, паклалі яго?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Пакласці то паклалі... Цяжкі...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Жывы?

СЯСТРА ГАННА. Жывы, дзякуй Богу. Толькі рана крывавіць. Перавязаць трэба было б...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Гэта не ваш клопат. Зараз прыйдзе сястра Ізабэла, яна і перавяжа.

СЯСТРА МАРЫЯ. Можа, ёй дапамагчы?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Вам сказалі — ніякай дапамогі! Маці-Ігумення строга загадала перадаць гэтага чалавека пад апеку сястры Ізабэлы. Ізабэлы. Зразумелі? Для яе гэта новае выпрабаванне. Зразумелі? Я пытаюся, зразумелі?

Усе: Зразумелі.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А цяпер ідзіце, ідзіце... Каб я вас тут больш не бачыла. (Філіпу.) Можаце напісаць біскупу, што мы паклапоцімся пра лёс абаронцы веры. Маці-Ігумення блізка да сэрца прымае ўсё, што адбылося, Так і напішыце.

ФІЛІП. (холадна і няўважліва) Абавязкова...

 

(Сёстры і Філіп выходзяць. Уваходзіць Ізабэла)

 

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Падыдзі сюды.

ІЗАБЭЛА. (падыходзіць): Я слухаю вас, сястра.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Вось гэты чалавек. Усё ведаеш, што рабіць. Глядзі за ім, глядзі за ім нястомна. І маліся за яго...

ІЗАБЭЛА. Добра, сястра, усё выканаю.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ежу вам будуць сюды прыносіць. (Збіраецца выходзіць, паварочваецца.) Што глядзіш? Атрымала па мордзе? Навучылася рукі цалаваць, а? Казала я, будзеш у мяне як шоўкавая. Скарылася,а? Што глядзіш, скарылася?

ІЗАБЭЛА. (ціха): Скарылася.

 

(Сястра Ганорыя задаволеная выходзіць.)

 

Сцэна 17

 

(Ізабэла падыходзіць, здымае ягоныя павязкі і пачынае аглядаць ягоныя раны).

 

ІЗАБЭЛА. (З жахам і спачуваннем) Божа, памажы гэтаму чалавеку. (Датыкаецца да ягоный раны. Ён крычыць). Даруйце, даруйце, мансеньёр... Вельмі балючы? Я... Ах, святая дзева Марыя, памажы мне. Мансеньёр, мансеньёр, чуеце мяне?

ЖАФРЭЙ. Баліць...

ІЗАБЭЛА. Мне трэба прамыць рану. Там гнайнік... Калі не прамыць, вы можаце памерці.

ЖАФРЭЙ. (ледзь чутна) Ты, ты хто?

ІЗАБЭЛА. Маё імя — сястра Ізабэла. Я пастаўлена дагладаць вас.

ЖАФРЭЙ. Вады...

ІЗАБЭЛА. Што?

ЖАФРЭЙ. Піць...

ІЗАБЭЛА. А. Зараз, зараз. Вось. (Падае яму вады, але той не можа піць).

ЖАФРЭЙ. Не магу.

ІЗАБЭЛА. Гэта пройдзе... Паслухайце, мне трэба прамыць рану. Гэта будзе балюча. (Пачынае прамываць).

ЖАФРЭЙ. Я не баюся болю.

ІЗАБЭЛА. Дзіўна, адна мая сяброўка так сказала. Такім самым голасам.

ЖАФРЭЙ. Сяброўка?

ІЗАБЭЛА. Вы яе не ведаеце. Яна зусім асаблівая. Яна траўніца. Калі яна прынясе гаючыя травы для вас, вы яе ўбачыце. Яна цудоўная. Балюча? Мансеньёр, вы гаварыце, гаварыце, каб я ведала, што вы яшчэ...

ЖАФРЭЙ. Жывы?

ІЗАБЭЛА. У прытомнасці...

ЖАФРЭЙ. Я калі ўбачыў зараз твой твар, падумаў, што ўсё... Што ўжо анёлак прыйшоў па мяне. Яшчэ падумаў: прыгожы анёл маёй смерці...

ІЗАБЭЛА. Рана вам яшчэ такое думаць. Толькі Гасподзь ведае, калі Ён вас да сябе пакліча. Нам пра гэта ведаць не дадзена.

ЖАФРЭЙ. Не дадзена... Гм. Усё роўна неяк недарэчна атрымалася.

ІЗАБЭЛА. Пра што вы?

ЖАФРЭЙ. У іх жа і зброі неякай не было. У разбойнікаў гэтых... Так, восці драўляныя. Цёмна было. Мяне першага ўдарылі, а калі разгледзілі, што картэж ваенны, тут і разбегліся... А я вось...

ІЗАБЭЛА. Так, такое здараецца.

ЖАФРЭЙ. А ты адкуль ведаеш? Ты, пэўна, сядзіш сабе ў манастыры і носа за сцены не паказваеш. Усё жыццё, пэўна, так і праседзела.

ІЗАБЭЛА. (дзіўным голасам) Адкуль ведаеш?

ЖАФРЭЙ. Кажаш мне «ты»?

ІЗАБЭЛА. Кажу. Права не маю, але кажу. Дзіўна, так?

ЖАФРЭЙ. І кажы. Мне так лепей падабаецца. Больш па-людску.

ІЗАБЭЛА. Ты адкуль ведаеш пра мяне?

ЖАФРЭЙ. Па твары бачу. Багамолка ты ціхія. Авечка рахманая. Вецер падуе — і цябе знясе. Адзінае выратаванне для такіх, як ты, — манастыр.

ІЗАБЭЛА. Ну, ну... Хоць пра выратаванне ты верна заўважыў.

ЖАФРЭЙ. Я ж кажу. Па твары ўсё можна прачытаць, умеючы... Дрэнна, што ляжаць тут доўга давядзецца. Калі не памру, вядома. Тыдні тры, пэўна...

ІЗАБЭЛА. Ды ўжо неяк не меней.

ЖАФРЭЙ. Так, трапіў у пераплёт...

ІЗАБЭЛА. Зараз балюча зраблю, глыбіню прамыць трэба.

ЖАФРЭЙ. Адна радасць, ад цябе цярплю.

ІЗАБЭЛА. (Ён стогне ад болю) Цярпі, цярпі.

ЖАФРЭЙ. Нічога, крыху папраўлюся, пашлю ганца, каб біскуп па мяне людзей прыслаў. Не хачу ў манастыры ляжаць. Ціха ў вас тут, як ў магіле.

ІЗАБЭЛА. У магіле цішэй.

ЖАФРЭЙ. Так, там такіх як ты няма.

ІЗАБЭЛА. Якіх?

ЖАФРЭЙ. Гаварлівых. Як там у мяне?

ІЗАБЭЛА. Дрэнна. Кроў не перастае ісці.

ЖАФРЭЙ. Дробязь кряві ў мяне шмат...

ІЗАБЭЛА. Табе трэба паспаць.

ЖАФРЭЙ. Я не хачу.

ІЗАБЭЛА. (павучальна) Трэба. Каб сілы ўзнавіць. Сілы табе яшчэ спатрэбяцца. Я табе абяцаю. Так што лажыся, заплюшчвай вочы і спі. Спі. Я хутка прыду.

ЖАФРЭЙ. Прыйдзеш?

ІЗАБЭЛА. Прыйду. Адстаю абедню і прыйду. Я буду маліцца за цябе. Спі... (Збіраеца выходзіць)

ЖАФРЭЙ. Пачакай. Мне здаецца, я памру ў сне.

ІЗАБЭЛА. Ты баішся?

ЖАФРЭЙ. Не.

ІЗАБЭЛА. Я веру. Такі як ты нічога не баіцца. Нічога, калі кінуўся на хеўру разбоўнікаў.

ЖАФРЭЙ. Смяешся...

ІЗАБЭЛА. Спі. (Зноў хочы ісці)

ЖАФРЭЙ. Пачакай яшчэ... Як ты сказала тваё імя?

ІЗАБЭЛА. Сястра Ізабэла.

ЖАФРЭЙ. Ізабэла. Ізабэла. Сястра Ізабэла...

 

(Яна выходзіць. Ён засыпае).

 

Сцэна 18

 

(Заходзіць Ізабэла, ціха падыходзіць да Жафрэя, правярае, ці спіць ён).

 

ЖАФРЭЙ. Я не сплю.

ІЗАБЭЛА. Ты зусім не спаў?

ЖАФРЭЙ. Галава баліць.

ЖАФРЭЙ. Ужо трэці дзень не спіш.. Столькі гадзін. Так доўга не працягнеш... Як твае раны?

ЖАФРЭЙ. Дрэнна іх адчуваю. Усё анямела...

ІЗАБЭЛА. Дзе ж Іаана?. Я не ведаю, што рабіць. Мне зусім няма чым цябе лечыць.

ЖАФРЭЙ. Словам Божым

ІЗАБЭЛА. Так. Я ведаю. Але Іаана вельмі добрая траўніца. Яна ўмее рабіць гаючыя эліксіры. Яна табе дапаможа. Толькі я неяк не магу яе знайсці. Трэці дзень. І куды яна магла падзецца?

ЖАФРЭЙ. Нічога... Знойдзецца. Пасідзі са мною. Неяк цяжка... Мне здаецца ў мяне пачынаецца ліхаманка.

ІЗАБЭЛА. (кранае ягоны лоб) Ты ўвесь гарыш...

ЖАФРЭЙ. Нічога. Нічога... Я адужаю. Я моцны...

ІЗАБЭЛА. Зразумела, ты адужаеш. З сілай Бажаю чалавек усялякую хваробу адолее, нават саму смерць адолець можа.

ЖАФРЭЙ. Добра, што ты прыйшла. Так страшна ляжаць у адзіноце. Цемра па табе поўзае. Усялякая мярзотнасць мроіцца. А ты прыйшла, і ўсё святлом вакол асвяцілася.

ІЗАБЭЛА. Я свечку прынесла.

ЖАФРЭЙ. Думкі блытаюцца...

ІЗАБЭЛА. Не паддавайся. Чуеш мяне? Не паддавайся. Ты ж ваяр, Жафрэй, змагайся. Змагайся!

ЖАФРЭЙ. Ты назвала мяне па імені? Ці мне зноў мроіцца...

ІЗАБЭЛА. Я назвала цябе па імені. Мне страшна за цябе. Я баюся, што ты памрэш. Я малілася за цябе...

ЖАФРЭЙ. Дзе ты была?

ІЗАБЭЛА. На абедне. (Ён траціць прытомнасць) Жафрэй, Жафрэй, не памірай. Вярніся, вярніся...

ЖАФРЭЙ. Так... Я,я... Я нічога... Усё добра...

ІЗАБЭЛА. Паглядзі на мяне. Гэта я, сястра Ізабэла. Ты мяне памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Ты мне снілася...

ІЗАБЭЛА. Гэта быў не сон, Жафрэй. Ты не спаў. Мы размаўлялі з табою. Я прамывала раны. Памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Напэўна... Напэўна... Вада...

ІЗАБЭЛА. Ўто?

ЖАФРЭЙ. Там была гнілая вада. Я адпіў яе, а яна гнілая, з цінаю. Ціна ў горла лезла...

ІЗАБЭЛА. Так, дрэнная была вада. (Ён стогне). Рана баліць?

ЖАФРЭЙ. Пячэ. Жывот гарыць. Жывот...

ІЗАБЭЛА. Гэта ліхаманка. Ліхаманка. Гэта пройдзе, трэба толькі пацярпець. Вазьмі, вось, сцісні гэта ў руцэ. (Нешта дае яму) Гэта дапаможа.

ЖАФРЭЙ. Што гэта?

ІЗАБЭЛА. Крыжык. Крыжык мой нацельны.

ЖАФРЭЙ. Я паміраю?

ІЗАБЭЛА. Не, не... Жафрэй, ты будзеш жыць. Маліся толькі, маліся Богу.

ЖАФРЭЙ. Не, не хачу. Я хачу размаўляць з табою. Мне так лягчэй.

ІЗАБЭЛА. Добра, добра. Я буду маліцца за нас дваіх.

ЖАФРЭЙ. Мне так лягчэй... Як тут холадна.. Холадна... А ў жываце пячэ.

ІЗАБЭЛА. Жафрэй, толькі не памірай. Не памірай, чуеш?

ЖАФРЭЙ. Ты анёл. Ты прыйшоў па мяне?

ІЗАБЭЛА. Я сястра Ізабэла. Памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Ізабэла... Прыгожае імя. Я пайду з табою.

ІЗАБЭЛА. Жафрэй, гэта ліхаманка.

ЖАФРЭЙ. Я бачый цябе ў сне... Дай мне руку... (Зноў траціць прытомнасць).

ІЗАБЭЛА. (плача) Жафрэй, мілы мой, Жафрэй, не памірай, харошы мой, прашу цябе. Ну збярыся, ну калі ласка... Паслухай мяне, Жафрэй. Божа, не дай яму памерці. Малю цябе, вазьмі мяне — злітуйся над ім! Божа, молю цябе, бо ты міласэрны. Злітуйся над ім, злітуйся! Малю цябе...

ЖАФРЭЙ. (апрытомнеў) Пячэ...

ІЗАБЭЛА. Жафрэй.

ЖАФРЭЙ. Ізабэла, Ізабэла, ты са мною?

ІЗАБЭЛА. З табою, мілы мой, з табою. Не адыду ад цябе. Заўсёды буду з табою. Змагайся, змагайся, не здавайся... Ты ж ваяр, змагайся.

ЖАФРЭЙ. Цяжка... Ён стаў мне на грудзі...

ІЗАБЭЛА. Хто?

ЖАФРЭЙ. Ён цісне... Чаго ж ён так цісне...

ІЗАБЭЛА. Хто цісне?

ЖАФРЭЙ. Цёмна Не магу...

ІЗАБЭЛА. Я скіну яго (Кідаецца яму на грудзі). Дыхай, дыхай... Так лягчэй?

ЖАФРЭЙ. Лягчэй.

ІЗАБЭЛА. Нікому цябе не аддам. Я буду ахоўваць цябе. Чуеш?

ЖАФРЭЙ. Ты анёл... Я кахаю цябе. (Траціць прытомнасць).

ІЗАБЭЛА. Жафрэй... (Застаецца сядзець побач з ім, чытае малітву).

 

Сцэна 19

 

(Ізабэла моліцца. Уваходзіць Іаана).

 

ІЗАБЭЛА. Хто тут?

СЯСТРА ІААННА. Птушка Гон. Пер’е ў яе расце ўнутр, а сэрца — вонкі.

ІЗАБЭЛА. Іаана? Сястра Іаана? Ты? Як я рада, што ты прыйшла. Я цябе чацвёрты дзень шукаю. Усюды шукаю. Дзе ты была...

СЯСТРА ІААННА. У краіне Рэз траўкі збірала.

ІЗАБЭЛА. Траўкі? Так, так... Я як раз дзеля таго цябе шукала. Іаана, паглядзі, там ляжыць чалавек. У яго страшныя раны. Ён ў ліхаманцы. Яму дрэнна, а я зусім не ведаю, як аблегчыць ягоныя пакуты. Я не ўмею, падкажы.

СЯСТРА ІААННА. Натры яго смалою з тоўчанаю цыкутай і скарлупай арэха.

ІЗАБЭЛА. Не кажы глупства. Не час жартаваць. Ён памірае. Я ведаю, ты можаш выратаваць яго. Ты ведаеш таямніцы траваў. Вылечы яго. Памажы, памажы яму дзеля славы Божай...

СЯСТРА ІААННА. Дапамагі яму сама. Табе даручана.

ІЗАБЭЛА. (сумелася) Іаана, што ты такое гаворыш?

СЯСТРА ІААННА. Нічога! Ты здрадніца. Я думала ты мая лепшая сяброўка, сястра...

ІЗАБЭЛА. Але я табе сяброўка...

СЯСТРА ІААННА. Хлусня! У цябе ёсць сябар. І хоць ён, пэўна, хутка памрэ, ты яшчэ паспееш нацешыцца з ім.

ІЗАБЭЛА. (уражаная) Іаана, што ты такое кажаш?!

СЯСТРА ІААННА. Тое, што ведаю. Тое, што бачыла на ўласныя вочы.

ІЗАБЭЛА. Ты была тут?

СЯСТРА ІААННА. Ад самага пачатку.

ІЗАБЭЛА. Ты бачыла?

СЯСТРА ІААННА. І бачыла, і чула. Усё зразумела. Бутон распусціўся, а ў ім аса. Толькі джаліць яна мяне, мяне... (Плача).

ІЗАБЭЛА. Іаана, ён памірае...

СЯСТРА ІААННА. (раз’юшана) Ён! Ён! Ён! Ён! А да мяне табе ўжо зусім справы няма? Пагуляла з блазнаватай і кінула, так?! Варта было з’явіцца першаму ж казлішчу, і ты... Такое тваё боскае служэнне?

ІЗАБЭЛА. Ды як у цябе язык паварочваецца такое казаць? Ён памірае...

СЯСТРА ІААННА. Нічога ты не разумееш! Ты чэрствая, жорсткая, дурная! Я паверыла ў цябе... Я думала... Я... (Рыдае). Ты! Ты не ўяўляеш, кім тя была для мяне! Ты не... І вось цяпер ён! І ты! Невыносна1

ІЗАБЭЛА. (у разгубленасці) Іаана, я жанчына. Мы не можам...

СЯСТРА ІААННА. Дурніца! (выбягае, рыдаючы). Якая ж ты дурніца!

ІЗАБЭЛА. (спрабуе спыніць) Іаана...

СЯСТРА ІААННА. (На бягу) Траўка? Будзе табе траўка! Вылечу я яго. Радуйся!

 

(Выбягае).

 

Сцэна 20

 

ЖАФРЭЙ. (прыйшоў у сябе, слабым голасам) Ізабэла, Ізабэла.

ІЗАБЭЛА. Жафрэй, ты прыйшоў у сябе? Дзякуй Богу, Ён пачуў мае малітвы...

ЖАФРЭЙ. Колькі я ляжаў?

ІЗАБЭЛА. Некалькі дзён.

ЖАФРЭЙ. А да гэтага...

ІЗАБЭЛА. Трызніў.

ЖАФРЭЙ. Дрэнна памятаю... Усё як скрозь полымя.

ІЗАБЭЛА. Ліхаманка. Як сябе зараз адчуваеш?

ЖАФРЭЙ. Гарачка крыху спала. Лягчэй. Дыхаць лягчэй.

ІЗАБЭЛА. А раны?

ЖАФРЭЙ. А... Бог з імі...

ІЗАБЭЛА. Хочаш чаго-небудзь?

ЖАФРЭЙ. Вады...

ІЗАБЭЛА. Зараз. (Падае яму вады. Ён п’е). Бачыш, ты ўжо і піць можаш. Самае страшнае ўжо прайшло. Паправішся, дзякуй Богу.

ЖАФРЭЙ. Папраўлюся... Далёка яшчэ да гэтага. Галава баліць.

ІЗАБЭЛА. Гэта пройдзе.

ЖАФРЭЙ. Ты ведаеш, у мяне да гэтае пары ў руцэ твой крыжык. Ні на імгненне яго з рукі не выпусціў.

ІЗАБЭЛА. Вось і не выпускай. Ён табе дапаможа.

ЖАФРЭЙ. Я табе казаў, што ты анёл?

ІЗАБЭЛА. І не аднойчы. У трызненні.

ЖАФРЭЙ. Я праўду казаў.

ІЗАБЭЛА. Добра, добра... Толькі не хвалюйся. Табе нельга зараз хвалявацца. Табе трэба берагчы свае сілы, іначай не ачуняеш.

ЖАФРЭЙ. Я думаў, што памру сёння.

ІЗАБЭЛА. Не кажя так.

ЖАФРЭЙ. І цяпер вось, гляджу на цябе, на твой твар, і думаю, што лепей бы памёр.

ІЗАБЭЛА. Нельга так казаць, гэта грэх.

ЖАФРЭЙ. Мне ўсё роўна. Я кахаю цябе.

ІЗАБЭЛА. Не.

ЖАФРЭЙ. Я кахаю цябе.

ІЗАБЭЛА. Маўчы! Маўчы!

ЖАФРЭЙ. Я ведаю, гэта гучыць як блюзнерства тут, у святых сценах манастыра, казаць такое сятры Бога Нашага Ісуса Хрыста. Мне ўсё роўна! Няхай я загублю душу гэтымі словамі, але... Я кахаю цябе!

ІЗАБЭЛА. Маўчы! Ну што ж ты робіш? Ты загубіш мяне. Ты загубіш мяне.

ЖАФРЭЙ. Мне ўсё роўна.

ІЗАБЭЛА. Гэта грэх. Ты не можаш. Я дала зарок.

ЖАФРЭЙ. Але Гасподзь не забараняў каханне. Ён дарае каханне. Каханне сапраўднае (Ізабэла маўчыць). Божа, навошта ты мучыш мяне. Чалавек не мае ўлады над сваім сэрцам. Чаму я не памёр сёння?! Я маліў цябе аб смерці, Божа...

ІЗАБЭЛА. Жафрэй, Жафрэй... Мы ніколі не зможам быць разам, зразумей жа гэта. Скарыся і пакінь... Боль пройдзе, ты паправішся, ты забудзеш.

ЖАФРЭЙ. Паглядзі мне ў вочы.

ІЗАБЭЛА. Што?

ЖАФРЭЙ. Паглядзі мне ў вочы. (Глядзіць). Ты таксама не маеш улады над сваім сэрцам.

ІЗАБЭЛА. Божа... (Падае на калені, пачынае маліцца). Божа, даруй, даруй... І злітуйся, Божа. Я не вытрымала выпрабавання, слабая, слабая... што мне цяпер рабіць, Божа...

ЖАФРЭЙ. Не дакарай сябе. Мы ўжо праклятыя.

ІЗАБЭЛА. Жафрэй...

ЖАФРЭЙ. Я забяру цябе адсюль. Як толькі я змагу сесці на каня, мы паедзем. Паедзем далёка. У Навару. Ніхто не даведаецца.

ІЗАБЭЛА. Я не магу. Я дала клятву!

ЖАФРЭЙ. Усе клятвы ўжо парушаныя.

ІЗАБЭЛА. Злітуйся!

ЖАФРЭЙ. Я не магу жыць без цябе.

ІЗАБЭЛА. (Крычыць): Я не магу ўехаць!

ЖАФРЭЙ. Чаму?

ІЗАБЭЛА. Ты не ўсё ведаеш. Я... я Ізабэла з П’емонта.

ЖАФРЭЙ. (збянтэжаны) Як...

ІЗАБЭЛА. Я не магу паехаць. Ты не разумееш. Варта мне апынуцца за сценамі Невельскага манастыра, герцаг Нармандскі спусціць усіх сваіх сабак. Я заложніца гэтых муроў. У мяне ныма шанцаў... Мяне заб’юць. Заб’юць, разумееш? А калі ты будзеш разам са мною, дык і цябе таксама.

ЖАФРЭЙ. Я магу абараніць цябе.

ІЗАБЭЛА. Любы мой, храбры мой. Ваяры герцага — гэта не сялянскія разбойнікі з драўлянымі коламі. І іх нашмат болей.

ЖАФРЭЙ. Я папрашу за нас біскупа Альберта. Ён дапаможа...

ІЗАБЭЛА. Біскуп сам марыянетка герцага. Ён не возьме на сябе адказнасць за жыццё Ізабэла з П’емонта. Ідзе вайна. Ніхто, ніхто не возьме на сябе такую адказнасць. Невельскі манастыр — адзінае месца, дзе герцаг не можа дастаць мяне, пакуль...

ЖАФРЭЙ. Але я кахаю цябе. Клянуся, я што-небудзь прыдумаю.

ІЗАБЭЛА. Безумоўна, базумоўна. У цябе будзе час паразважаць, пакуль загояцца раны.

ЖАФРЭЙ. Ізабэла, Ізабэла з П’емонта. Зверанё. Я не магу паверыць... Я бачыў яе... цябе. Тая была як сама смерць. У кожным яе воку сядзелі дзясятак дэманаў. Я памятаю, як яна рубіла рукі і галовы сваіх палонных. Сама... Я памятаю пырскі крыві на яе твары. Я памятаю выскал... А ты, ты зусім іншая... Не, не, ты — не яна. Ты анёл.

ІЗАБЭЛА. Яна. Яна, Жафрэй.

ЖАФРЭЙ. Сапраўды, Бог здзяйсняе цуды.

ІЗАБЭЛА. Мы будзем разам. Толькі спачатку табе трэба вылечыцца. Паабяцай, паабяцай мне на святым крыжы, які трымаеш у сваіх руках, што ты нічога не будзеш распачынаць да тае пары.

ЖАФРЭЙ. Ты патрабуеш ад мяне зароку?

ІЗАБЭЛА. Абяцай!

ЖАФРЭЙ. Я паабяцаю, але ты мяне пацалуеш.

ІЗАБЭЛА. Абяцай!

ЖАФРЭЙ. Абяцаю табе... (Яна яго цалуе).

ІЗАБЭЛА. Я буду гарэць ў пекле.

 

Заслона.

 

Сцэна 21

 

(Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда і сястра Ганна).

 

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Дзе яна?

СЯСТРА ГАННА. Усё яшчэ з ім.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна з ім днямі сядзіць. Ні на хвіліну не адыходзіць. І так тры тыдні запар.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Не да дабра гэта.

СЯСТРА ГАННА. А я думаю, богаўгодная гэта справа, даглядаць хворага, які пацярпеў за веру.

СЯСТРА БЕРНАРДА. справа, бясспрэчна богаўгодная. Алнак гэта можа далёка зайсці.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Я згодная з сястрой Бернардай. Быць так доўга сам-насам з мужчынаю, з рыцарам...

СЯСТРА ГАННА. Не разумею, пра што вы.

СЯСТРА БЕРНАРДА. З другога боку, ён яшчэ вельмі слабы, целам, і наўрад ці здольны...

СЯСТРА ГАННА. А што, калі папрасіць Маці-ігуменню прызначыць ёй каго-небудзь у дапамогу? Ну каб спыніць гэтыя размовы...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Маладая ты яшчэ, сястра Ганна, шмат чаго не разумееш. Няўжо мы можам ўказваць Маці-ігуменні, што рабіць? Балазе, мудрасцю нашую матушку гасподзь не абдзяліў. Яна сама ведае, як трэба. Ды і не згадзіцца яна ніколі змяніць сваё рашэнне.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ага, праўда... Скажаш ёй што — зазлуецца. Тады склепу не пазбегнуць.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А склеп цяпер халодны, сыры... Ды і погані там усялякай завялося. Кажана нядаўна бачылі.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Да ну?

СЯСТРА ГАННА. А можа нашыя страхі, ну, наконт сястры Ізабэлы дарэмныя?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Дай Бог, дай Бог...

СЯСТРА ГАННА. Так яно і ёсць, бо сястра Ізабэла такая набожная, такая ціхая.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А да споведзі не ходзіць.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А калі пра хворага, пра рыцара гэтага пачынаюць раварыць, маўчыць. Маўчыць або выходзіць адразу.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Падазрона гэта.

СЯСТРА ГАННА. Проста вам пагутарыць няма пра што. Вось і ўсё.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Дай Бог, дай Бог.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Даруй нам, Божа, нашыя страхі. Людзі грэшныя. І думкі ў іх грэшныя...

СЯСТРА ГАННА.. А ўсё ж такі шкада іх...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Каго?

СЯСТРА ГАННА. Ізабэлу і гэтага рыцара. Цяжка ім, напэўна.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Дурніца ты. І гэтага ўжо нічым не паправіш. Хадзем.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А мне казалі, што ён яе проста па імені называе.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Да ты што? А хто казаў?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ёсць крыніцы...

СЯСТРА ГАННА. Напэўна, гэта ён, калі трызніў.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ага, калі трызніў.

 

(Перамігваюцца і выходзяць).

 

Сцэна 22

 

(Заходзіць Урбена і чакае. Заходзіць сястра Іаана).

 

УРБЕНА. Іаана, пачакай.

СЯСТРА ІААННА. Хто кажа «Іаана пачакай»? Урбена, ты?

УРБЕНА. Куды ты?

СЯСТРА ІААННА. Куды ногі ідуць. Куды вочы глядзяць. Ад болю прэч!

УРБЕНА. Табе прычынілі боль?

СЯСТРА ІААННА. Боль... (Плача). Сэрца колюць іголкаю. Колюць і колюць...

УРБЕНА. Гэта Ізабэла коле тваё сэрца іголкаю? Так?

СЯСТРА ІААННА. І няма трыпутніку, каб прыкласці да ранкі.

УРБЕНА. Хадзі сюды. Хадзі да мяне. Раскажы мне пра свой боль, табе стане лягчэй.

СЯСТРА ІААННА. Лягчэй? А можа, я не хачу, каб мне было лягчэй?

УРБЕНА. Можа і не хочаш...

СЯСТРА ІААННА. Хто ведае, чаго я хачу? Я хачу, каб сонца зрабілася сінім, а зямелька — мягкай і цёплай, як немаўля, каб ляжаць ў ёй глыбока-глябока і бачыць сны... Або не!

УРБЕНА. Што не?

СЯСТРА ІААННА. Апошнім часам у сне я бачу чартоў замест анёлаў. Нават у краіне Рэз завяліся д’яблы, чарцяняты, макрыя, слізкія, з лускаю на храпе і членамі стаўма. І ўсе рагатыя! Да чаго гэта, Урбена?

УРБЕНА. Я не ўмею тлумачыць сны. Ты шмат думаеш пра Ізабэлу?

СЯСТРА ІААННА. Шмат? Не. Я думаю пра яе ўвесь час. Хіба гэта шмат? Але думаць гэта яшчэ нічога.. Уяўляць яшчэ нічога... Але бачыць!

УРБЕНА. Нешта адбываецца з табою, калі ты яе бачыш?

СЯСТРА ІААННА. Навошта ты ў мяне пытаеш?

УРБЕНА. Раскажы мне.

СЯСТРА ІААННА. А ты пакажы мне свой твар.

УРБЕНА. Ты хочаш бачыць мой твар?

СЯСТРА ІААННА. Так.

УРБЕНА. Добра (Паднімае пакрывала).

СЯСТРА ІААННА. Ух. Які ён брыдкі. Навошта ты хаваеш такі брыдкі твар? (Смяецца). Даўно гніеш?

УРБЕНА. Даволі даўно.

СЯСТРА ІААННА. Але ты яшчэ не зусім згніла. А вочы? Ты што-небудзь бачыш імі? Ххіба можна бачыць гнілымі вачыма? Напэўна, праз іх увесь свет здаецца гнілым. А ў цябе на твары яшчэ не завяліся чарвякі? Гэта, напэўна, будзе вельмі казытаць... Цікава, толькі ты так смярдзіш. Фу. Як гэта — жыць і адчувацб смурод уласнага гніення?

УРБЕНА. Непрыемна.

СЯСТРА ІААННА. Хутка ў цябе зусім не будзе ні носа, ні вачэй, ні языка. Тады мы зможам узяць пчаліны воск і хваёвую смалу і зляпіць табе новы нос, які захочашю а замест вачэй засунуць балотных мушак, а замест языка — яловую шышку, ўчокі мы намажам бурачным сокам, і будзеш ты ў нас красуня-прыгажуня...

УРБЕНА. Я хутка памру, Іаана...

СЯСТРА ІААННА. Я таксама хуіка памру. Калі буду глядзець на яе!

УРБЕНА. Раскажы мне, што з табою адбываецца, калі ты глядзіш на яе.

СЯСТРА ІААННА. Я калі ўбачыла яе, падумала, Гасподзь мне анёлка прыслаў, анёлачка...І загаварыла з ёю і зразумела, што яна і я — адзінае. Сёстры мы. Яна мне, я ёй... Быццам блізняткі, яе боль — мой боль, яе радасць — мая... Я хацела, каб мя ніколі не расставаліся, ніколі! Толькі яна падманула мяне.

УРБЕНА. Ты казала, штосьці адбываецца зтабою, калі ты яе бачыш...

СЯСТРА ІААННА. Так, адбываецца... Калі я бачу яе, яе твар, белы нібы шлюбны ўбор, яе вочы, блікучыя, як ільдзінк, яе вусны, пунсовыя і мяккія, яе шыю... Калі я бачу яе пальчыкі на нагах, Урбена.... Мне становіцца цёпла. Па ўсім целе разліваецца дзіўная млосць... Я адчуваю, як наліваюцца мае грудзі і саскі становяцца як дзве маленькія цвёрдыя пацеркі. Дакранешся да іх — і ўся задрыжу! І ўнізе стане цёпла і прыемна. Улонне маё адкрыецца.. Гэта так салодка і прыемна! І мне захочацца стаць змяёю і кошкаю, і ашчаркаю, і расамахаю, выгінацца і курчыцца, і вярцецца, і лашчыцца, і каб хто-небудзь рваў і расцягваў, гнуў і душыў мяне...

УРБЕНА. Ты праўду гаворыш?

СЯСТРА ІААННА. Не. Вядома, не. Усё выдумала. Усё... Ляжала ўначы і ўсё прыдумла. А ты паверыла? (Раптам хітравата ўсміхаецца). А можа і не ўсё. Можа, толькі крышку прыдумала. Сама не ведаю. А як гэта называецца?

УРБЕНА. Гэта страсць, Іаана.

СЯСТРА ІААННА. Ты ведаеш, што такое страсць?

УРБЕНА. Кожная жанчына зазнае ў жыцці страсць, Іаана. Калісьці мне таксама хацелася лашчыцца і выкручвацца ад жаданняў, што апаноўвалі мяне. Толькі гэта было даўно.

СЯСТРА ІААННА. А Ізабэла чэрствая! Яна ведае ўсё і мучыць мяне!

УРБЕНА. Хочаш, я прывяду табе мужчыну?

СЯСТРА ІААННА. Мужчыну?

УРБЕНА. Ён спаталіць тваю страсць. Я прывяду табе прыгожага, маладога мужчыну. Ён будзе нават высакародным, калі пажадаеш.

СЯСТРА ІААННА. Не! Мужчыны ўсе падобныя на казлішч. У іх барада і рогі! Яны б’юцца паміж сабою, гаварыць не ўмеюць, а толькі мекаюць і бекаюць. Навошта мне казлішча? У яго ж няма такіх пальчыкаў на нагах?

УРБЕНА. Але Ізабэла не зможа спаталіць твае страсці...

СЯСТРА ІААННА. Ды няма ў мяне аніякай страсці, Урбена! З чаго ты ўзяла? Няма... Табе проста скрозь гнілыя вочы здалося... Ды і няважна гэта. Я запытаю ў травак. Яны ведаюць, яны дапамогуць... Яны заўсёды мне дапамагаюць. Галоўнае знайсці трапутнік і прыкласці яго да сэрца, дзе іголка ўкалола — рана і загоіцца. І іншыя траўкі ёсць.. І яшчэ трэба выгнаць чарцянятаў з краіны Рэз... (Забягае сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. Ізабэлу, Ізабэлу не бачылі?

СЯСТРА ІААННА. Бачылі Ізабэлу — яна стала як абгрызеная костка. Толькі хто яе абгрыз?

УРБЕНА. Яе няма тут. Што такое, Марыя?

СЯСТРА МАРЫЯ. Сястра Ганорыя яе шукае. Ой, ктосьці ёй нешта сказаў пра Ізабэлу. Яна такая раз’юшаная!

СЯСТРА ІААННА. Калі ў раз’юшанасці з’есці вугельчык — можна дыхаць полымем, як дракон!

УРБЕНА. Што ёй сказалі?

СЯСТРА МАРЫЯ. Ніхто не ведае.

СЯСТРА ІААННА. Яе трэба папярэдзіць! Яе трэба схаваць ад Ганорыі. Я адшукаю яе. Бяжым, сястра Марыя, хутчэй. (Яны выбягаюць).

УРБЕНА. Позна ўжо папырэджваць. Позна...

 

(Урбена выходзіць).

 

Сцэна 23

 

(Заходзіць сястра Ганорыя, за ёю Ізабэла).

 

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя, сястра Ганорыя, я праше вас!..

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Позна!

ІЗАБЭЛА. Малю, выслухайце мяне!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я ўсё ведаю.

ІЗАБЭЛА. Вы не так..

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. (перапыняе) Так! Так! Цябе чакае анафема. Д’ябальскі ты выпладак. Чартоўка, чартоўка — вось ты хто! Гарэць табе ў пекле.

ІЗАБЭЛА. Усё не так, як вы думаеце...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Дрэнь! Цябе спаляць! Цябе і твайго палюбоўніка!

ІЗАБЭЛА. Не кажыце так.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Як ты смееш?! Распусніца! Як ты адважылася ў святых сцянах, што далі табе прытулак, такое распуства ўчыніць!

ІЗАБЭЛА. Я...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Што? Скажаш, выпадкова атрымалася? Так? Чорт падбіў? Без памяці была? Сілай цябе прымусілі? А? Маўчыш? Адказаць няма што? Дрэнь! Распусніца! Вядзмарка! Але цяпер табе канец. А я ж адразу ведала, адразу, як толькі цябе ўбачыла, як толькі ты пераступіла паог манастыра, я адразу зразумела, што ты не Богу, але д’ябалу, страсцям сваім служыць прыйшла. Ну што, нецешылася? Задаволіла Страсці? Ганарышся грэхападзеннем сваім, а? Юрлівая дрэнь!

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя, умаляю вас, заклінаю вас, злітуйцеся...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Сама падсцілаешся, пралюбадзейнічаеш, а цяпер злітуйцеся? Не ўжо! Канец табе! Табе і твайму палюбоўніку!

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я буду глядзець, як ты будзеш курчыцца на агні.

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А яму адсякуць ягоны адростак, скормяць яго псам, а самога павесяць на круках! Ён доўга будзе пакутаваць!

ІЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Але перад вогнішчам ты паглядзіш на гэта! Дрэнь!

ІЗАБЭЛА. (раптам у шаленстве): Сама дрэнь! Не смей так са мной размаўляць! (Хапае камень і ў шаленстве б’е сястру Ганорыю па галаве. Тая нежывая падае). Не смей! Я Ізабэла з П’емонта! І ты — тля! Ніхто не можа мне гаварыць такое! Ніхто! Ніхто! Ніхто! (Паўза. Камень выпадае з рук. Яна глядзіць на труп). Божа... Што ж ты нарабіла, сястра Ганорыя. (Схіляецца над целам. Плача). Што ты нарабіла?.. Божа, за што ўсё гэта. Няўжо ты ўззлаваўся на мяне, Божа? Я шчыра, шчыра імкнулася да Цябе. Служыць Табе хацела...Як жа гэтак? Цяпер усё, усё страціла сэнс. Хто я цяпер? Хто? Што ты нарабіла, сястра Ганорыя...

 

Сцэна 24

 

(Заходзіць Маці-Ігумення, за ёю астатнія манахіні. Усе бачаць, што адбылося).

 

ІЗАБЭЛА. Я не хацела... Я. Я не ведаю... (Плача. Сёстры кленчаць і пачынаюць маліцца).

СЯСТРА МАРЫЯ. Мёртвая.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Маліцеся. Маліцеся за спачын яе душы. І радуйцеся. Ясстра Ганорыя зараз у Бога Нашага Ісуса Хрыста, абагрэтая святлом Ягоным, суцешаная словам Ягоным. Ёй добра.маліцеся, маліцеся і за іншую душу, за душу аблудную, за душу скалечаную, за душу грэшную, за душу гордую. Маліцеся, каб Гасподзь не пакінуў яе ў літасці сваёй. (Ізабэла таксама пачынае маліцца). Ізабэла з П’емонта, Невельскі манастыр ад чыстага сэрца прыняў цябе ў свае сцены. Сёстры манастыра сталі табе сёстрамі. Я хацела стаць для цябе маці. Шляхі да святасці і Бога былі адкрытыя перад табою. Але ты аддала перавагу людскім страсцям. Ты пайшла іншым шляхам. Ты заблудзілася... Ты праклята.

ІЗАБЭЛА. Матушка! (Кідаецца ёй у ногі.) Матушка! Як жа?..

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Гасподзь літасцівы. Ён зразумее. (Сёстрам) Закаваць яе!

ІЗАБЭЛА. Бярыце мяне! Паліце мяне! Усё вытрымаю, усё прыму. Толькі не чапайце яго! Ён не вінаваты. Гэта я, я...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Маўчы! Святая Царква не пакіне цябе. (Ізабэлу звязваюць і прыкоўваюць да сцяны. Сёстрам). Сястру Ганорыю занясіце ў царкву. Я сама буду адпяваць яе. Падрыхтуйце месца на манастырных могілках.

СЯСТРА МАРЫЯ. Што будзе з сястрой Ізабэлай?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Што будзе? Гасподзь пакажа!

 

(Выходзіць. За ёю выходзяць манашкі, з сабою нясуць цела сястры Ганорыі).

 

Сцэна 25

 

(Заходзіць сястра Іаана).

 

СЯСТРА ІААННА. Ізабэла.

ІЗАБЭЛА. Што? Хто тут?

СЯСТРА ІААННА. Цень ад ценю...

ІЗАБЭЛА. Іаана, ты?

СЯСТРА ІААННА. (рэхам) Ты, ты, ты, ты...

ІЗАБЭЛА. Дзе ты? Тут цёмна. Я не бачу цябе.

СЯСТРА ІААННА. (рэхам): Цябе, мяне сябе, кахаць...

ІЗАБЭЛА. Ты прыйшла, каб пасмяяцца з мяне?

СЯСТРА ІААННА. Як ты забіла яе?

ІЗАБЭЛА. Што?

СЯСТРА ІААННА. Ты забіла яе каменем?

ІЗАБЭЛА. Так.

СЯСТРА ІААННА. А калі ты праламіла ёй галаву, адтуль не вылецела тпушка зімародак?

ІЗАБЭЛА. Не.

СЯСТРА ІААННА. Дзіўна. Я была ўпэўненая, што ў яе галаве сядзіць птушка зімародак.

ІЗАБЭЛА. Іаана, паслухай, я, напэўна, пакрыўдзіла цябе нечым.

СЯСТРА ІААННА. Напэўна...

ІЗАБЭЛА. Паслухай, я, можа нетак паставілася да цябе.

СЯСТРА ІААННА. Можа...

ІЗАБЭЛА. Даруй мне.

СЯСТРА ІААННА. Дараваць? Ты просіш мяне дараваць тое, што разарвала мне душу, што ты затаптала яе так, што яна ператварылася ў маленькі, шэранькі блін?

ІЗАБЭЛА. Я не хацела гэтага. Ты ведаеш...

СЯСТРА ІААННА. Я ведаю? Я ведаю, што ў тваёй галаве сядзіць не зімародак, а мядзведзь. Я ведаю, што, хоць у цябе і няма звярыных кіпцюроў на нагах, ты ўсё роўна напалову зверанё.

ІЗАБЭЛА. Няхай, няхай так. Аднак жа я люблю цябе, Іана, люблю як сястру, якой ў мяне ніколі не было. Ты мне вельмі, вельмі дарагая.

СЯСТРА ІААННА. Дай руку.

ІЗАБЭЛА. Што?

СЯСТРА ІААННА. Дай мне сваю руку

ІЗАБЭЛА. Навошта?

СЯСТРА ІААННА. (Бярэ руку і прыкладае яе да свёй шчакі). У цябе такая мяккая скура. Цудоўная скура. Мяккая і гладкая.

ІЗАБЭЛА. Паслухай, у мяне ёсць да цябе адна просьба.

СЯСТРА ІААННА. ...мяккая, яе хочацца цалаваць (Цалуе). Гэтая скура сама як пацалуй анёла. Цябе ніколі не цалавалі анёлы? Я люблю, калі яны цалуюць мяне. Я сплю, а яны цалуюць мяне...

ІЗАБЭЛА. Паслухай... Калі ты маеш хоць кроплю спачування і любві да мяне, малю цябе, памажы яму..

СЯСТРА ІААННА. Каму?

ІЗАБЭЛА. Жафрэй хварэе. Яму трэба паехаць адсюль. Я ведаю, ты можаш вылечыць яго. Ты неяк казала, што вылечыцш. Калі ласка.

СЯСТРА ІААННА. А яшчэ твая скура падобная на пялёсткі маку і паўднёвы вецер...

ІЗАБЭЛА. Памажы яму! Вылечы яго! Чуеш мяне? (Вырывае руку) Чуеш?

СЯСТРА ІААННА. Не!

ІЗАБЭЛА. Але чаму?

СЯСТРА ІААННА. Таму што не хачу! Не хачу!

ІЗАБЭЛА. Калі ласка, прашу цябе...

СЯСТРА ІААННА. Што мне ад тваіх просьбаў?

ІЗАБЭЛА. Чаго ты хочаш? Я зраблю ўсё. Усё!

СЯСТРА ІААННА. А ножку яшчэ раз пацалуеш?

ІЗАБЭЛА. Пацалую, памажы яму... (Схіляецца, каб пацалаваць) Рабой тваёй буду...

СЯСТРА ІААННА. Не трэба. Ды і навошта яго лячыць? Я зрабіла так, што яго ўсё роўна пакараюць смерцю.

ІЗАБЭЛА. (з жахам) Што?!

СЯСТРА ІААННА. (задумліва) Заўтра зменіцца надвор’е... Вецер перастае пахнуць. Будзе навальніца.

ІЗАБЭЛА. Што ты зрабіла? (Трасе яе) Адказвай! Што? Што?

СЯСТРА ІААННА. (вырываецца) Ты злая! Я думала, ты змянілая, Я памылялася! Крывадушніца! Я прыйшла дапамагчы табе. Я ведаю, як збегчы адсюль.

ІЗАБЭЛА. Я не хачу збягаць! Скажы, што ты зрабіла!

СЯСТРА ІААННА. Гэта я сказала сястры Ганорыі, што Жафрэй спакусіў цябе. Я! Я! Я! Я! Яго пакараюць! А ты дурніца! Дурніца! Дурніца! Дурніца! Я магла зрабіць цябе шчаслівай... Ўсё з-за яго!

ІЗАБЭЛА. Іаана.

СЯСТРА ІААННА. Як толькі ён з’явіўся ты была толькі з ім, гаварыла толькі пра яго. Думала таксама толькі пра яго. Ты звар’яцела! Звар’яцела! А я выратавала цябе. Няўдзячная! Ізабэла, я яшчэ магу цябе выратаваць. Дазволь, дазволь мне толькі, малю цябе... Я вызвалю цябе. Мы збяжым. Я ведаю, дзе можна сзавацца. Я ўсё падрыхтавала. Там нас ніхто не знойдзе. Ніхто! Я буду клапаціцца пра цябе. Я буду цалаваць твае ногі.. Дазволь, толькі дазволь...

ІЗАБЭЛА. Ты нават не ўяўляеш, што ты нарабіла.

СЯСТРА ІААННА. Гэта твая аса мяне ўкусіла. Твая! (Выбягае).

ІЗАБЭЛА. Ты проста не ўяўляеш, што ты нарабіла...

 

Зацямненне.

 

АКТ 3

 

Сцэна 26

 

(Заходзіць Маці-Ігумення).

 

ІЗАБЭЛА. Хто гэта?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я.

ІЗАБЭЛА. Колькі я ўжо тут?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Чацвёрты тыдзень пайшоў.

ІЗАБЭЛА. Так мала? Я думала амаль год. Час так павольна ідзе тут, без святла. Дзень і ноч — адное і тое ж. І пацукі. Часам мне здаецца, што іх так шмат, што яны поўзаюць па сценах і нават па столі. Калі сплю, я адчуваю іх халодныя, мокрыя лапкі ў сябе на шыі. Ведаеш, усё ж такі гэта лепей, чым калі зусім нікога няма. Бог жа да мяне не прыхадзіць...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ён заўсёды побач з намі.

ІЗАБЭЛА. Не... Побач са мною яму няма чаго рабіць. З мяне даволі і пацукоў Дык навошта вы прыйшлі?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Сёння прыйшлі весткі з П’емонта. Твой бацька забіты.

ІЗАБЭЛА. Забіты?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Яго знайшлі ў сваіх пакоях з кінжалам у грудзях. Забойца закалоў яго ў сне.

ІЗАБЭЛА. Божа... Ён так хацеў памерці ў бітве... Я ж ведала, што так будзе. Даўно ведала. Чаму цяпер гэтая вестка так палохае мяне?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Гэтая смерць багата што выкліча. Набліжаюцца смутныя часы.

ІЗАБЭЛА. Вось чаму вы мяне не спалілі адразу?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. П’емонцкі клан застаўся без важака. Герцаг святкуе перамогу. Але гэтае святкаванне часовае. Ён сам гэта адчувае. Ёе слабы. у адкрытай вайне яму не выстаяць. Калі новага важака падтрымаюць англійскія бароны, ён прайграў. А смерць твайго бацькі толькі адкладвае развязку.

ІЗАБЭЛА. Вось чаму вы не аддаеце мяне на суд?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. І таму таксама.

ІЗАБЭЛА. Хочаце пагандляваць мною?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Проста я яшчэ не ведаю, не ведаю. як правільна зрабіць.

ІЗАБЭЛА. Я хачу запытацца ў вас аб нечым. Я ведаю, гэта неправільна. Гэта грэх. Гэта толькі пагоршыць маё становічша, але...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Жафрэй памёр.

ІЗАБЭЛА. Што?!

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ён памёр. Ты аб гэтым хацела мяне запытаць?

ІЗАБЭЛА. (уражаная) Як...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ён памёр ад ран два тыдні таму. Сястра Іаана спрабавала выратаваць яго, але яе травы не дапамаглі. Ён памёр.

ІЗАБЭЛА. Жафрэй...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Бог пакараў яго за грэх.

ІЗАБЭЛА. Бог? (у раз’юшанасці) Бог?! Ты нічога не разумееш! Іаана... Як яна магла? Ён жа быў зусім безабаронны... Зусім... (Маці-Ігумення рэзка разварочваецца і выходзіць). Божа... За што?..

 

Сцэна 27

 

(З цемры з’яўляецца Урбена. Здаецца, яна ўвесь час была тут).

 

УРБЕНА. Ты плачаш...

ІЗАБЭЛА. Ён быў зусім безабаронны...

УРБЕНА. Я цябе папярэджвала. Памятаеш гісторыю пра рыцара і д’ябла?

ІЗАБЭЛА. Не хапае толькі канца, так?

УРБЕНА. Ты хочаш памерці?

ІЗАБЭЛА. (у лютасці) Так, я хачу памерці! Так, яхачу памерці! Хачу памерці! Зразумела? Нашто мне такое жыццё? Пляваць я хацела на такое жыццё! Я хачу памерці!

УРБЕНА. Ты ж думала пра тое, каб пазбавіць сябе жыцця?

ІЗАБЭЛА. Так.

УРБЕНА. Ты ўжо нават вырашыла.

ІЗАБЭЛА. Я сама ведаю, што вырашыла.

УРБЕНА. Ты ж не спынішся на гэтым, праўда?

ІЗАБЭЛА. Мне няма сэнсу спыняцца.

УРБЕНА. Я прыйшла дапамагчы табе. (Бярэ кубак і нешта туды налівае). Гэтую атруту зрабіла Іаана. Ён з таго кораня, што і адвар, які забіў твайго рыцара. Але ты памрэш хутка і не будзеш моцна пакутаваць. На, пі... (Падае ёй кубак).

ІЗАБЭЛА. Так. Гэта добра... (Прымае і ўжо амаль п’е, але Урбена спыняе яе).

УРБЕНА. Толькі спачатку запытай сябе: ЦІ ВЕРЫШ ТЫ, ШТО ТЫ МОЖАШ ПАМЕРЦІ?

ІЗАБЭЛА. (апуска кубак) Не магу. (Ціха) Я... Я хачу жыць.

УРБЕНА. Тут ты была зламана і знайшла пакорлівасць. Праз пакорлівасць та прыйшла да Бога. Затым каханне прайшло да цябе і ты страціла і пакорлівасць, і Бога. Цяпер ты страціла і каханне. Твой рыцар забіты. Твой бацька забіты. Ты сама стала забойцай манашкі. Усе надзеі разбітыя... У цябе нічога не засталося. Ты знішчана. Ты скрозь гнайнік. Ты мой твар. Дык ці не лепей для цябе памерці?

ІЗАБЭЛА. (цвёрда) Я хачу жыць.

УРБЕНА. Так?

ІЗАБЭЛА. Мне плеваць як! Жыццё мяне не пашкадавала. І цяпер мне таксама будзе ўсё роўна. Я буду жыць так, як атрымаецца. І нікому не параю стаць на маім шляху! (З размаху кідае кубак) Калі б была магчымасць, пазабівала бы ўсіх. Усіх! Без рабору! Усіх! Усіх ненавіджу! (Моцна крычыць). Уісх вас ненавіджу!

УРБЕНА. (Паўза): Галоўнае — ты будзеш жыць. (Ідзе да выхаду).

ІЗАБЭЛА. Дык хто ты?

УРБЕНА. Я... Якая розніца...

 

(Выходзіць).

 

Сцэна 28

 

(Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда, сястра Ганна і сястра Марыя).

 

СЯСТРА БЕРНАРДА. Што адбываецца? Што адбываецца? З часоў заснавання Невельскага манастыра не было такога. Быццам праклён які...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А я вам кажу, гэта ўсё праз яе... З тае пары, як гэтая Ізабэла пераступіла парог нашай святыні, усё і пачалося. Цёмныя сілы яе вядуць праўду вам кажу, яна прывяла з сабою д’ябла.

СЯСТРА ГАННА. Зберажы, Божа...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вось, вось... І хіба гэта канец?

СЯСТРА МАРЫЯ. Два забойствы. І абодва разы манашкамі. Такога свет яшчэ не ведаў.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Без Д’ябла тут не абыйшлося. Гэта ўжо так...

СЯСТРА ГАННА. А можа, сястра Іаана не...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (перапыняе) Забіла, забіла. Цяпер дакладна вядома. Маці-ігумення правяла падрабязнае расследаванне. Сястра Іаана прамывала ягоныя раны сокам аканіту і цыкуты. Пэўна, ён так пакутаваў.

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, ды навошта яна гэта рабіла?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Зразумела навошта. Апантаная.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Праўда, праўда... Ніколі ёй не давярала. З выгляду ціхія, непрыкметная, песні спявае, дзіўныя рэчы распавядае. Але я даўно чакала, што яназробіць штосьці падобнае. І вось — наце вам, дачакаліся!

СЯСТРА МАРЫЯ. Нядобрая слава панясецца цяпер пра Невельскі манастыр.

СЯСТРА ГАННА. Так, хрысціянскі свет скалынецца ад такога... Кажуць, што ўжо да самога Папы дайшло.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Хлусня. Не малго яшчэ дайсці, не магло. Ды і хто паведаміць?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Трэба ж, далі прытулак па дабрыні сардэчнай звераняці і апантанай — вось і паплаціліся!

СЯСТРА МАРЫЯ. Пашкадаваць іх трэба.

СЯСТРА ГАННА. Правільна, сястра Марыя. Пашкадаваць. Богу памаліцца, Ён і дапаможа.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Так, дапамога нам яшчэ спатрэбіцца

СЯСТРА ГАННА. Нешта яшчэ здарылася?

СЯСТРА БЕРНАРДА. А вы не чулі?

СЯСТРА МАРЫЯ. Пра што вы?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Гэта тайна. Увесь манастыр ужо ведае. Сюды едзе герцаг Нармандскі.

СЯСТРА ГАННА. Герцаг? Сам?

СЯСТРА БЕРНАРДА. З ім восемсот рыцараў. Пасля смерці правадыра П’емонцкага клана толькі Ізабэла можа яму перашкодзіць. Ён едзе па яе. Прадстаўнікі клана таксама накіроўваюцца сюды.

СЯСТРА МАРЫЯ. Які жах! Адусюль напасці. Што ж нам рабіць?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Герцаг адважыцца на ўсё, каб здабыць яе. Можаце не сумнявацца...

СЯСТРА БЕРНАРДА. З ім яшчэ і біскуп Альберт сюды едзе.

СЯСТРА ГАННА. Навошта?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Каб судзіць сястру Іаану. Жафрэй быў яго васалам.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ах... Колькі гора, колькі напасцяў... І ў каго нам прасіць абароны?

СЯСТРА ГАННА. Толькі ў Бога і святой Дзевы Марыі. Няма ў нас іншых абаронцаў...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Шкада, аднак, сястру Ізабэлу. Яе выдадуць.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Зверанё трапіць ў лапы звера.

СЯСТРА МАРЫЯ. Мы нічога не можам зрабіць дзеля яе. Толькі маліцца.

Усе: Аман.

 

(Выходзяць).

 

Сцэна 29

 

(Заходзяць Маці-Ігумення і біскуп Альберт).

 

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я слухаю вас, біскуп. Толькі гаварыце коратка і ясна, без вашых высакапарных словаў. Дзеля чаго прыехалі?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Калі ласка. Па-першае, я прыехаў, каб расследаваць забойства майго рыцара і знайсці вінаватага, каб аддаць яго пад суд. І хоць забойства здзейсніла манашка, над якой толькі вы...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (перабівае) Я выдам вам яе. Задаволены? Рабіце з ёй усё, што знойдзеце патрэбным.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Я буду судзіць яе.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Гэта вашае права. Што яшчэ?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Тэма вельмі далікатная... Ну, вы мяне разумееце. Неабходна ўзяць пад увагу ўсе абставіны, што склаліся. Суадносіны сіл зараз такія...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (груба) Хопіць! Гаварыце без хітрыкаў!

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Як вам будзе заўгодна. Бацька Ізабэлы забіты. Герцаг не ўтойвае, што гэта зрабілі па яго загаду. Зараз пераломны момант супрацьстаяння. Бароны ў нерашучасці. Усё залежыць ад таго, хто стане новым правадыром П’емонцкай клікі. Гэты момант і вырашыць будучае Нармандскага герцагства і П’емонта.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. І што?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг не хоча даводзіць справу да вайны. Ён хоча знайсці паразуменне.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Паразумення?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ён прапаноўвае мір.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. З гэтай мэтай ён раз’язджае па Невельскіх землях з атрадам у восемсот чалавек? Цікавы спосаб. Ну-ну, працягвайце.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Вашая іронія не да месца. Вядома колькі магутных правіцеляў жадаюць смерці герцага.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Вядома, вядома, восемсот рыцараў якраз дастаткова, каб абараніць герцага ад сялян Невельскага лесу, якія, помніцца, так неабачліва адважыліся напасць а на вашую асобу.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг прыехаў сюды, каб паўтарыць сваю прапанову, якую так непрадбачліва адхіліў бацька Ізабэлы.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ён не можа рабіць ёй аніякіх прапаноў. Яна манашка.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Стправа вельмі важная.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Няма справы больш важнай, чым служэнне Госпаду.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Вам лепей падумаць.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Пра што? Я паўтараю, яна манашка.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта можна ўладзіць. Папа зацвердзіць...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Тут я рашаю, што зацвярджаць, а што не. Манастыр — мая юрысдыкцыя..

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Бясспрэчна. Менавіта таму я і прыйшоў пагаварыць. Пагаварыць напрамую

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Добра, я слухаю.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Выдайце яму Ізабэлу. Здыміце з сябе гэты цяжар. Нашто яна вам? Ад яе ж толькі праблемы і непрыемнасці. Калі вы выдадзіце яе, вы ўсталюеце мір.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Вы ж ведаеце, што варт ёй выйсці за сцены манастыра, яе заб’юць.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг паабяцаў ёй жыццё.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я ведаю цану ягоных абяцанняў.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Але вас не павінна цікавіць, што будзе з ёю потым. Гэта ўжо не ваш клопат.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Мой, біскуп, мой.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Не разумею, не разумею. Не можаце ж вы праз яе, забойцу і пралюбадзейку, якая і так павінна быць пакарана за свае злачынствы, ставіць пад небяспеку Хрыстову апору на гэтых землях.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не вам мне ўказваць

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Вы разумееце, чым пагражае вашае самадурства? Чым можа скончыцца вашая адмова?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я разумею адно. Яна ўсё яшчэ манашка Невельскага манастыра. Яна налэжыць не мне, не вам, не герцагу, але Богу. Яе не існуе для свету. Так і скажыце герцагу. Невельскі манастыр абараняе веру кожнай, кожнай сваёй прабывальніцы. Яны ўсе для мяне роўныя, усіх люблю. Усіх — як адну. Так і скажыце.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Але ён не адступіцца.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Горды? (Ганарлівы?) Хоча яе? Дык няхай спачатку заб’е ўсіх нас, калт адважыцца. Але гэта будзе не так лёгка. Я абяцаю. Спустошыць (Разбурыць) Невельскую святыню — значыць пайсці супраць усёй Царквы Хрыстовай. Усёй! Няхай падумае, як мае быць падумае, што гэта значыць. Калі Царква будзе на баку яго ворагаў — яму канец! Дык няхай, няхай паспрабуе ўзяць яе.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта ваша каначатковае слова?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я яе не выдам.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Ні пры якіх умовах?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Размова скончаная, біскуп. Заўтра прыходзьце судзіць Іаану.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Прыйду... А вы ўпартая (свавольная), Маці-Ігумення.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Затое вы занадта падатлівы, біскуп.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Спадзяюся, вам не давядзецца потым шкадаваць...

 

(Біскуп выходзіць. З’яўляецца Урбена).

 

Сцэна 30

 

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я правільна зрабіла?

УРБЕНА. Так.

 

(Выходзяць).

 

Сцэна 31

 

(Заходзіць сястра Марыя. Яе чакае Філіп).

 

ФІЛІП. (Выступае з цемры) Будзь са мною...

СЯСТРА МАРЫЯ. Не хадзі больш за сною. Грэх смяратны... Пакайся, пакуль не позна, Філіп. Ты яшчэ можаш уратавацца...

ФІЛІП. Не трэба ўгаворыў. Ты ўратуй мяне.

СЯСТРА МАРЫЯ. Прыгадай, каму служыш, — Ён дапаможа...

ФІЛІП. Не магу без цябе. Кахаю цябе. Праз каханне кожны ўратуецца.

СЯСТРА МАРЫЯ. Я ніколі не змагу быць з табою, Філіп. Няўжо ты гэтага яшчэ не зразумеў?

ФІЛІП. Значыць, не?

СЯСТРА МАРЫЯ. Не.

ФІЛІП. Я зараз пайду. Пайду з манастыра. Толькі ты не думай, я хутка вярнуся. Хутка тут будзе герцаг нармандскі. Ён прйдзе па Звера. Тады я зноў прыйду па цябе. Чуеш мяне? Я вярнуся, каб не прасіць, а патрабаваць

СЯСТРА МАРЫЯ. Ты яшчэ зусім хлопчык... Мне шкада цябе, шкада, што ты так заблытаўся. Слабы яшчэ...

ФІЛІП. (Упарта) Я вярнуся.

СЯСТРА МАРЫЯ. Вяртайся.

ФІЛІП. Ты хіба не разумееш, што з табою будзе?

СЯСТРА МАРЫЯ. Я ведаю.

ФІЛІП. Ты не баішся?!

СЯСТРА МАРЫЯ. Не? Чаму? Са мной жа Гасподзь. Я за цябе маліцца буду. Абдумайся... (Філіп хутка выходзіць. Яму наўздагон шэптам). Памажы яму, Божа...

 

Сцэна 32

 

(Пачынаецца суд над Іаанай. Выходзяць усе манашкі. Затым біскуп і Маці-Ігумення. Прыводзяць Ізабэлу).

 

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Царква Хрыстовая ёсць слова і воля Ягоныя на зямлі. Улада Царквы ёсць улада Бога Нашага Ісуса Хрыста, які пацярпеў за людзей на крыжы і ўзнёсся на Нябёсы, каб, калі надыдзе час, вярнуцца зноў і чыніць суд над кожным. Пакуль жа Царква — перст Божы на зямлі і чыніць суд (з) імем Ягоным над усякім : над высакародным і простым чалавекам, імператарам і рабом. Сёння я, уладаю Бога Нашага, біскуп Альберт выклікаю на суд манашку Невельскага манастыра Іаану. Увядзіце падсудную.

 

(Уводзяць Іаану. Яна ў адной кашулі, басанож).

 

СЯСТРА ІААННА. (Напявае):

 

Птушкі боскія лятаюць

І шчабечуць, і ляпечуць.

Залацістымі крыламі

Б’юцца з чорнымі арламі.

 

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна зусім звар’яцелая...

СЯСТРА ГАННА. Няшчасная. Розум пакінуў яе.

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Бог пакінуў яе!

СЯСТРА ІААННА. Бог любіць дудачкі. Не чытайце Яму малітваў. Малітвы — словы. Не рабіце яму пастоў. Пасты — гардыня. Не ўтаймоўвайце дзеля яго сваю плоць. Плоць — марнасць. Грайце яму на дудачцы, на чараціне. Толькі грайце радасна, Ён любіць, калі радасна... Ён любіць танцы.... (Танцуе). Ну чаму ж вы не танцуеце? Бог любіць, калі яму танцуюць. Танцуюць і спяваюць. (Спявае).

 

  Птушкі боскія б’юцца храбра:

  Крылы з золата, дзюбы цвёрдыя,

  Вырываюць сэрцы гордыя,

  Кроў хлябтаюць, быццам воду п’юць...

 

СЯСТРА МАРЫЯ. Спыніце яе. Гэта невыносна! Матушка... (Маці-Ігумення маўчыць).

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Сястра Іаана, адкажы шчыра, як будзеш адказваць перад Богам Нашым, ці забіла ты траўнымі зёлкамі або вядзьмарскім чараўніцтвам высакароднага рыцара, які пацярпеў за веру, сіра Жафрэя Гі, графа Дзюмалон?

СЯСТРА ІААННА. Дайце чалавеку кветачку, а можа, ён Гасподзь. Вы дадзіце кветачку, ён усміхнецца. Гасподзь усміхнецца: і стане неба золатам, вада — срэбрам, лістце — малахітам, зямля — сурмою. Людзі стануць анёламі і паляцяць ва ўсе бакі, як райскія птушкі... Паляцяь і ўбачаць зверху, што зло малае, а дабро вялікае. І палюбяць божаньку. Дайце чалавеку кветачку...

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Якія травы ты дала параненаму рыцару Жафрэю Гі?

СЯСТРА ГАННА. Яна нічога не разумее. Нашто яе пытацца?

СЯСТРА ІААННА. А раптам я ведаю адказ? Я яму травак не давала. Я яго дала травкам. Ён лёг у зямельку і стаў ён улоннем жыватворным для ўсялякага насення, і з яго праратуць верас духмяны і казялец, і макі, і цэлы луг, і цэлы лес... Дзеля таго, каб стварэнні божыя ласкай боскаю ўзрадаваліся...

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта дарэмна. Яна не хочы адказваць.

СЯСТРА ІААННА. Адказваць? А навошта? Хіба ёсць справядлівасць на гэтай зямлі? Калі самы блізкі чалавек табе здраджвае, а ты яму, а ён зноў табе? Ці ёсць дабро? Не! Не! Не! Што, радуецеся? Па мордах бачу, радуецеся! Толькі вы рана радуецеся! Рана! Бо драконавы зубы сееце. Я ведаю таямніцу. Чуеце мяне? Я ведаю таямніцу! І сказаў мне ЁН!

СЯСТРА МАРЫЯ. Гасподзь?

СЯСТРА ІААННА. Д’ябал! Д’ябал! Сатана! Вельзевул! Люцыфер! Ён тут, чуеце мяне? Тут! З намі, сярод вас. Вы самі вырасцілі яго ў вашых каменных сэрцах. Як скарлупаю абаранілі імі зародкі зла. Але ўзмацнеў Сатана. І валадарства ягонае блізка!

СЯСТРА ВЕНТУРЫЯ. Яна апантаная...

СЯСТРА ІААННА. Маўчаць! Бо кожнае слова ваша — змяя. І распаўзаюцца яны па зямлі. І джаляць, і пажыраюць адзін аднаго, і пладзяць новых гадоў, а тыя — новых... І пакрыюць яны зямлю, ад пекла да неба! А вы ўсё вырыгваеце змеяў, жабаў, каб была пажыва чортам!

СЯСТРА БЕРНАРДА. Божа, уратуй...

СЯСТРА ІААННА. Не ўратуе! Набліжаецца Армагедон. Бо зло авалодала зямлёй. Праўда — здохла. Труп яе вы штурхаеце нагамі. Няма людзей на зямлі. Зверы, звяругі пазапаўзалі ў чалавечую скуру, гавораць чалавечыю моваю, суюць члены свае ў жанчын, каб тыя нараджалі ім ў слізі і крыві новых пачвар. І маўчыць Гасподзь! Слёзы ягоныя горкія як палын. Але вы не адчуваеце смаку. У вас у роце кроў і жабы. Жарыце іх! Жарыце! Душыце іх зубамі, каб адчуць кішкі іх на языку! Але радуецца Сатана! Служыце яму! Маліцеся яму! Пасціцеся! Прымайце прычасце! Абдзірайце каменныя сэрцы вашыя. (Пераможна смяецца). Таму што хутка канец!

ІЗАБЭЛА. Іаана, Іаана...

СЯСТРА ІААННА. Хто кліча мяне анёльскім голасам?

ІЗАБЭЛА. Гэта я, Ізабэла. Ізабэла. Ты пазнаеш мяне?

СЯСТРА ІААННА. Ізабэла.

ІЗАБЭЛА. Хадзі сюды. (Бярэ яе рукі з свае). Супакойся. Супакойся.

СЯСТРА ІААННА. Вакол мяне скрозь чэрці. Яны хочуць спаліць мяне.

ІЗАБЭЛА. Забудзь пра іх. Ты хворая...

СЯСТРА ІААННА. Мне страшна... Я не чую песень кветак. Іх хтосьці вытаптаў. Паглядзі. (Кленчыць і цалуе каменную падлогу). Паглядзі, зусім няма травы... пустэча. Халодны камень... Усё памерла.

ІЗАБЭЛА. Гэта тут. Але ты ж мне распавядала пра краіну, дзе заўсёды растуць цудоўныя кветкі...

СЯСТРА ІААННА. Пра краіну Рэз?

ІЗАБЭЛА. Так, пра краіну Рэз... Там луга і даліны Госпада, там кветкі і святло круглы год...

СЯСТРА ІААННА. Там туберозы...

ІЗАБЭЛА. Так, там туберозы...

СЯСТРА ІААННА. І ходзіць Гаподзь?

ІЗАБЭЛА. І ходзіць Гасподзь.

СЯСТРА ІААННА. Я вельмі люблю краіну Рэз. Скажы, толькі не хлусі мне, я буду там?

ІЗАБЭЛА. Так.

СЯСТРА ІААННА. А ты?

ІЗАБЭЛА. І я... Я таксама буду там.

СЯСТРА ІААННА. Будзеш?

ІЗАБЭЛА. Абавязкова буду. Ты мяне чакай.

СЯСТРА ІААННА. Я буду цябе чакаць. Я спляту табе вянок.

ІЗАБЭЛА. Добра...

СЯСТРА ІААННА. Мы будзем гуляць з табою. І Гасподзь будзе гуляць з намі...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. (Біскупу) Вашае рашэнне?

БІСКУП АЛЬБЕРТ. Яна апантаная. На агонь! (Іаану хапаюць і цягнуць прэч).

СЯСТРА ІААННА. (крычыць) Ты абяцаеш, што будзеш там?

ІЗАБЭЛА. Абяцаю! Чакай мяне!

 

(Усе выходзяць акрамя Маці-Ігуменні і Ізабэлы).

 

Сцэна 33

 

ІЗАБЭЛА. Навошта гэта ўсё было?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Так хацеў біскуп.

ІЗАБЭЛА. Даўно яна такая?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Усё жыццё.

ІЗАБЭЛА. Яе спаляць?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Так.

ІЗАБЭЛА. Вы нічога не зробіце, каб уратаваць яе?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не.

ІЗАБЭЛА. Яна зусім, зусім безабаронная. Яна ад любві яго забіла, ад любві да мяне.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Цяпер гэта неважна. Яе сёння спаляць

ІЗАБЭЛА. А мяне?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Цябе?

ІЗАБЭЛА. Калі мяне спаляць?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Пад сцянамі манастыра стаіць войска герцага Нармандскага. Ён патрабуе, каб я выдала цябе.

ІЗАБЭЛА. Дык вось чаму я яшчэ жывая. Гэта гандаль. Ну як, пашчасціла пагандляваць?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Пашчасціла.

ІЗАБЭЛА. І колькі я каштую?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Дорага.

ІЗАБЭЛА. Выдатна! Ты прадбачліва паступіла, калі прыняла мяне ў манастыр. Пад тваёю ўладаю зусім задарам апынулася Ізабэла з П’емонта. Грэх гэта не скарыстаць. А заадно і пазабаўляцца. Усе гэтыя жарты з пакорлівкасцю, мыццём падлогі. Параненага мне падсунула. Ты дрэсіравала мяне як сабаку. Толькі сталася так, што воўка выдрэсіраваць нельга. І вось цяпер, ты цягнула да апошняга, каб пазбавіцца ад мяне як мага выгадней. Выдатна! Невельскі манастыр будзе толькі квітнець пад такім кіраваннем. Дык калі ты мяне выдаш?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я магу цябе выдаць.

ІЗАБЭЛА. Дык вось і выпадак. Што ты марудзіш? Клянуся, герцаг не забудзе такога падарунка. Ты аддала Іаану біскупу, мяне — герцагу. Ад абодвех злачанак пазбавілася, а сама быццам чыстая перад Богам засталася. Добрая здзелка з сумленнем.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты скончыла?

ІЗАБЭЛА. Так.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я адмовіла герцагу.

ІЗАБЭЛА. Адмовіла?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты паедзеш з манастыра сёння ж. Васалы твайго бацькі чакаюць цябе. Яны даставяць цябе ў П’емонт.

ІЗАБЭЛА. Ты адпускаеш мяне?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Так.

ІЗАБЭЛА. Чаму?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты не манашка. І ніколі не была ёю. Ты не змагла пакінуць свет, свет прыйшоў з табою. Я не магу судзіць цябе. Я не магу судзіць свет, бо такім яго стварыў Гасподзь. Ніхто не вінаваты. Але ты паедзеш...

ІЗАБЭЛА. А герцаг...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Герцаг. Герцаг проста не ўяўляе сабе, што яго чакае. Ты ўзначаліш П’емонцкі клан, аб’яднаеш баронаў. Ты заб’еш яго.

ІЗАБЭЛА. Альбо ён заб’е мяне...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не, Ізабэла. Я бачу агонь у тваіх вачах. Ты заб’еш яго. Ты будзеш магутнай, Ізабэла. Ты зноў закладзеш Невельскі манастыр.

ІЗАБЭЛА. Што?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Заўтра герцаг пачне штурм.

ІЗАБЭЛА. Але...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ён прыехеў па цябе. Ты ягонае выратаванне або пагібель. Ён не паедзе без цябе. Заўтра ён пачне штурм.

ІЗАБЭЛА. Навошта ты ідзеш на гэта?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не дзеля цябе.

ІЗАБЭЛА. Навошта? Ён жа заб’е ўсіх, усіх. Каб не засталося ніводнага сведкі ягонага злачынства.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты думаеш, я баюся смерці?

ІЗАБЭЛА. Ты — не. А астатнія? Пра іх ты падумала? Іх жа ўсіх пусцяць пад нож.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты не зразумела. Манастыр пракляты, апаганены.

ІЗАБЭЛА. Але я...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ты толькі сродак. Я памылілася, калі прыняла цябе. Хоць, пэўна,ўсё роўна б не адмовіла, нават, калі б ведала, да чаго гэта прывядзе. Праз цябе мы страцілі святасць, мы страцілі дух, які гэтыя сцены захоўвалі чатырыста гадоў. У манастыры пасяліўся грэх. Значыць манастыру канец. Мы абавязаны загладзіць віну сваёй крывёю. Усе... Пакорлівасць і лагоднасць. Не рабі зла, але прымай. Прымай як пакаранне Бажае за грахі. Пакорлівасць перад злом, гордасцю, жорсткасцю... Лагоднасць... Ягняты, якіх вядуць на пагібель.. Хіба не пра гэта казаў Хрыстос? Хіба не праз гэта мы здабываем збавенне і веру. Я не магла выдаць цябе. Але ўсе мы, калі захоча Гасподзь, усе мы, хто верай і праўдай служылі яму, прымем смерць пакорліва, з радасцю і надзеяй...

ІЗАБЭЛА. А Іаана? Чаму ты аддала Іаану?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Я не аддала Іаану. Яна проста ідзе раней за нас.

ІЗАБЭЛА. Дык што, я больш цябе не ўбачу?

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Не ведаю. Але помні пра сваё абяцанне. На месцы гэтага манастыра ты пабудуеш новы.

ІЗАБЭЛА. Я клянуся, не ведаю, ці ёсць у мяне штосьці святое, але я клянуся, што вярнуся сюды. Вярнуся з войскам. Вам трэба толькі пратрымацца.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзі і памятай пра сваё абацянне.

ІЗАБЭЛА. Не забуду, матушка. (Кленчыць і цалуе ёй руку). Дзякуй вам, мне здаецца, я зразумела...

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Ідзі, развітайся з сёстрамі.

ІЗАБЭЛА. Сцеражы вас, Бог. (Заходзіць сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. Матушка, сястра Урбена памірае. Яна кліча вас.

МАЦІ-ІГУМЕННЯ. Іду...

 

(Маці-Ігумення і сястра Марыя выходзяць).

 

Сцэна 34

 

(Забягаюць Жан, Брумсхальд і Рабер).

 

ІЗАБЭЛА. Жан! Брумсхальд! Рабер! Божа, як я рада вас бачыць1

ЖАН. Ізабэла!

ІЗАБЭЛА. Што, я спадзяюся, сумавалі па сваёй пані!

РАБЕР. Ды я зараз хіба толькі не лятаю ад радасці.

БУМС АЛЬД. Дзе табе лятаць, качар!

РАБЕР. Маўчы, нармандскі мядзведзь! Захачу і палячу! Разганюся і палячу!

БУМС АЛЬД. Ён п’яны.

ІЗАБЭЛА. А пуза, я бачу, выгадаваў на п’емонцкіх парсючках. А?

РАБЕР. А што нам без цябе было рабіць? Толькі жэрці! (Рагоча).

ЖАН. Ізабэла, як ты дзіўна выглядаеш у манаскім адзенні.

БУМСХАЛЬД. Роўна багамолка! Ха-ха...

ЖАН. Можа, нам трэба звяртацца да цябе «сястра Ізабэла»?

ІЗАБЭЛА. Усё! З манаствам скончана! Да д’ябла! Ізабэле з П’монта не быць манашкаю.

БУМСХАЛЬД. Значыцца, недарэмна я захоўваў твой меч?

ІЗАБЭЛА. Дзе ён?

БУМСХАЛЬД. Трымай (Кідае ёй меч). Больш чым уласнае жыццё зберагаў.

ІЗАБЭЛА. Тваё жыццё не вартае і пядзі гэтага мяча. (Гледзячы на меч). Ах, як я сумавала па табе. Як сумавала па гэтым цяжары ў руцэ. (Гуляе ім). Ён усё яшчэ такі ж востры! (Спрабуе на язык). І ў яго ўсё яшчэ смак крыві. Няма нічога лпшага за смак сталі і крыві. Што, засумаваў? Заляжаўся? Хутка, хутка я напаю цябе...Напаю цябе крывёю! (Васалам) Што, стаіцё, як слупы, дакладвайце!

БУМСХАЛЬД. Давай, Жан. Ты гэта ўмееш...

ЖАН. У Невельскім лесе цябе чакае атрад. Сорак рыцараў твайго бацькі. Яны даставяць цябе ў П’емонт. Там стаіць яшчэ тысяча. Яны ўсе чакаюць цябе.

ІЗАБЭЛА. А бароны?

РАБЕР. Тфу, сабакі.

БУМСХАЛЬД. Яны спалохаліся. Смерць твайго бацькі...

ІЗАБЭЛА. Пляваць! Збярыце іх. Я думаю, я змагу іх пераканаць.

РАБЕР. Слухай, змрочная мясціна. Як ты тут жыла? Тут, пэўна, і папаляваць нармальна нельга?

ІЗАБЭЛА. Да д’ябла паляванне! А зрэшты — не. Паляванне яшчэ наперадзе! Нам трэба загнаць вяпрука. Нармандскі герцаг — знатная здабыча, а?

БУМСХАЛЬД. Паляванне будзе як мае быць!

РАБЕР. Добра будзе засадзіць яму восці ў карак...

ІЗАБЭЛА. Не! Герцаг мой! Я сама перарэжу яму горла. Чулі? (Хапае меч і надразае сабе руку). Прысягаю гэтай крывёю, што не спынюся, пакуль не заб’ю ўсіх, усіх да адзінага ягоных шакалаў. (Зрывае з сябе белую манаскую тканіну, выцірае меч і сваю руку). Вось цяпер наш сцяг! Трымайце! Пад ім мы пойдзем на Нармандыю. Чулі?

ВАСАЛЫ. Так!

ІЗАБЭЛА. Я сама заб’ю яго!

ВАСАЛЫ. (крычаць) Слава Ізабэле з П’емонта!

ІЗАБЭЛА. Д’ябал! Хачу віна!

РАБЕР. Вось гэта справа! Вось гэта я разумею. (Падае ёй бурдзюк з віном. Ізабэла п’е).

ЖАН. Ды яна зараз захлынецца!

РАБЕР. Ды хутчэй я палячу, чым яна...

БУМСХАЛЬД. Цяпер мы ім усім пакажам!

ЖАН. Кроў залье Нармандыю, гэта праўда.

РАБЕР. Першую кроў мы ўжо пусцілі.

ІЗАБЭЛА. Добра! (П’е яшчэ.) П’емонцкае віно. Што можа быць лепей для П’емонцкай крыві? Каго вы ўжо зарэзалі?

РАБЕР. Мне таксама віна!

БУМСХАЛЬД. Тут шпіёна герцагскага... Злавілі ўчора. Па сцежцы прабіраўся. Спачатку прызнавацца не хацеў.

РАБЕР. Не-а. Не ха-цеў. Плакаў усё, прасіў...

ЖАН. Затым Рабер пакалупаў ножыкам яго прыгажэнькі тварык — і той загаварыў.

РАБЕР. Яшчэ як загаварыў. Заспяваў. (Рагоча). Маладзенькі яшчэ такі.

БУМСХАЛЬД. Як выявілася, ён сакратар біскупа. Уяўляеш? Казаў, ён у вас тут у манастыры абіваўся, а потым вырашыў вярнуцца да герцага.

ЖАН. Цяпер яму будзе цяжкавата гэта зрабіць.

ІЗАБЭЛА. Я памятаю яго. Я... Што вы з ім зрабілі?

РАБЕР. А што мы робім са шпіёнамі герцага? Распаролі жывот і пакінулі крумкачам.

ІЗАБЭЛА. (Ціха) Ён зусім маладзенькі быў.

РАБЕР. Ну і д’ябал з ім. Звярам на ежу пойдзе. Выпі лепш віна! (Яна доўга п’е).

ІЗАБЭЛА. (раптам раз’юшана) Ну і д’ябал з ім! Д’ябал з імі з ўсімі, з вырадкамі! Дык вы радыя мяне бачыць?

ВАСАЛЫ. (крычаць) Радыя! Слава П’емонцкаму клану!

ІЗАБЭЛА. Звяр’ё! Хачу танцаваць! Музыку! Ну!

БУМСХАЛЬД. Тут? Можа, пачакаеш...

ІЗАБЭЛА. Сціхні! Тут! Зараз жа! Я тьысячу гадоў не танцавала. У гэтай труне! Танцаваць усім! Чуеце мяне? Усім! (Усе танцуюць). Танцуйце! Танцуйце! Весяліце вашую пані! Весялей! Морды весялейшыя! Д’ябал, як я люблю вашы морды! (Раптам спыняецца). Усё. Хопіць. Ідзіце, запрагайце каней. Мы яшчэ павесялімся. Дома... Я хутка прыйду.

РАБЕР. Што?

ІЗАБЭЛА. Я хутка прыйду. Мне трэба закончыць адну справу...

 

(Васалы выходзяць).

 

Сцэна 35

 

(Уваходзяць манашкі).

 

ІЗАБЭЛА. Я пакідаю вас. Вы ведаеце. Адно абяцаю. Я буду памятаць вас. Я буду маліцца за вас. Чакайце мяне, хутка я вярнуся.

СЯСТРА ВЕНТУРЫЯ. Вяртайся.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Няхай Бог не пакіне цябе.

СЯСТРА ГАННА. Злітуйся над якім-небудзь палонным у імя нашай памяці, і нам на нябёсах лепш будзе.

ІЗАБЭЛА. Добра. Я абяцаю.

СЯСТРА МАРЫЯ. Беражы сябе.І даруй нам, калі што не так...

СЯСТРА ГАННА. Сястра Ізабэла...

ІЗАБЭЛА. Не! Усё! Сястра Ізабэла памерла. Яе спалілі разам з Блажэннай Іаанай. Засталася толькі Ізабэла П’емонцкая! Засталося зверанё. І яно хоча крыві! Я вярнуся. Я вярнуся, каб забіваць. Я вярнуся, каб помсціць. Мой меч чакае мяне. Але калі мяне заб’юць, мы сустрэнемся зноў. Захоўвайце вашую веру. І яна перажыве вас. Бо сказана ў Евангеллі: «Праўдзіва кажу вам: калі пшанічнае зерне, што ўпала ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то дасць шмат плёну». Вы гэтыя зярняты. Вы... Мне ўжо час... Бывайце!

 

(Яна выходзіць. Сёстры кленчаць і пачынаюць маліцца. Чуваць песнапенні).

 

Сцэна 36

 

З’яўляецца сястра Іаана. Яна танцуе і спявае, і смяецца, і плача, і танец яе дзіўны і прыгожы, таму што ў ім і Бог, і Сатана, і цемра, і святло...

 

Зацямненне...

1999-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая