epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Курэйчык

Выканаўца жаданняў. Фантастычная камедыя ў 2-х актах

АКТ 1
  Дзея 1
  Дзея 2
  Дзея 3
  Дзея 4
  Дзея 5
  Дзея 6
  Дзея 7
АКТ 2.
  Дзея 8
  Дзея 9
  Дзея 10


Дзейныя асобы:

 

Багдан

Марына

Аляксей

Наташа

Палюбоўнік

Выканаўца жаданняў

 

АКТ 1

 

Дзея 1

 

(На сцэне з’яўляецца Выканаўца жаданняў.)

 

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. (Звяртаецца непасрэдна да публікі. Можа размаўляць столькі, колькі дазваляюць яго аратарскія здольнасці і магчымасці публікі.) Што, сабраліся? Месцаў усім хапіла? Так, зала ў нас вялікая. Месцаў шмат... значна болей,.. чым гледачоў... Усё, цішэй, цішэй... Добры вечар. Як жыццё? Добра, а што далей рабіць будзем? Я так разумею, вы пазабавіцца сюды прыйшлі. Праўда? Якая наіўнасць. Ну на конт вас не ведаю, а я дык пазабаўлюся. (Глядзіць на гадзіннік.) Так, тры хвіліны спекталя ўжо прайшлі — засталася яшчэ гадзіна пяцьдзесят сем хвілін. Вось... Ды вы не хвалюйцеся, я адсюль не пайду. Вось так і буду... А што, ідэя новая, цікавая, сядзець вось так, балбатаць дзве гадзіны — авангард, эксперымент. Толькі вось чым вас заняць? Не, не. Зараз што-небудзь прыдумаем. Як знарок забыў у грымёрцы зборнік анекдотаў. Можа схадзіць? А-а-а, ведаю я вас. Варта толькі на хвіліну пакінуць, потым і крэслаў не знойдзеш. Можа ў каго-небудзь з сабою выпадкова ёсць? Зборнік ці газета? Не? Вы не бераце ў тэатр газеты? А што вы тут робіце? Толькі не кажыце, што атрымліваеце асалоду ад мастацтва. Я вам гэтага не дазволю. Разнявольцеся, уладкуйцеся паўтульней у крэслах, паспіце... Мы святло выключым. (Робіць знак, у зале выключаюць святло.) Што можа быць лепш, чым дзве гадзіны здаровага сну. Вось гэта тэатр — Арто не снілася! Ну, а тым, у каго бяссонніца, я, так і быць, раскажу адну гісторыю. Між іншым, гісторыя гэтая, хоць і фантастычная, але даволі банальная. Сюжэт не новы, заезджаны. Ды я нават фільм нейкі бачыў з такімі ж прыкладна паваротамі. Ну і што з таго? Усё роўна лепш, чым нічога. (Глядзіць на гадзіннік.) Вось ужо дзесяць хвілін прайшло. Як прыемна ўсведамляць, што такая колькасць дарослых людзей цэлых дзесяць хвілін слухалі ўсялякую лухту, ды яшчэ і грошы за гэта заплацілі. Гэта ж не публіка, а скарб (Паўза.) для махляра. Дык вось, гісторыя гэтая пра сямейныя каштоўнасці, як лічыць той ідыёт, які напісаў мне тэкст. Гісторыя пра маладую сям’ю, якая пражыла пэўную колькасць гадоў у шлюбе. І пра некаторыя загадкавыя метамарфозы. Увогуле, гэта не растлумачыш — гэта трэба бачыць. Я пакажу вам, тым больш, што размаўляць мне з вамі ўжо надакучыла. Карацей, глядзіце...

 

(Выходзіць.)

 

Дзея 2

 

(На сцэне з’яўляецца Марына. Яна прыбірае пакой, збірае раскіданыя рэчы мужа. Затым садзіцца і адпачывае. Уваходзіць Багдан.)

 

БАГДАН. Прывітанне.

МАРЫНА (халодна). Прывітанне.

БАГДАН. Як справы?

МАРЫНА. Нармальна.

БАГДАН. Што новага?

МАРЫНА. Нічога.

БАГДАН. Хто-небудзь тэлефанаваў?

МАРЫНА. Не.

БАГДАН. Марына, у цябе дрэнны настрой?

МАРЫНА. У мяне нармальны настрой.

БАГДАН. У цябе дрэнны настрой.

МАРЫНА. Ды не, усё нармальна.

БАГДАН. Гэта нармальна?

МАРЫНА. Нармальна.

БАГДАН. Так... Што здарылася?

МАРЫНА. Усё добра.

БАГДАН. Я бачу. Толькі калі так кажуць, звычайна ўсміхаюцца.

МАРЫНА (нацягнута ўсміхнуўшыся). Так добра?

БАГДАН. Для здымкаў у серыяле «Свет драпежнікаў».

МАРЫНА. Багдан, што табе ад мяне трэба?

БАГДАН. Ты лічыш, што вось так — гэта ўсё добра? Так? Не, адкажы. Я прыходжу дадому. З працы, практычна... І што? Ты паводзіш сябе, нібы я чужы чалавек. Што я табе зрабіў?

МАРЫНА. Нічога.

БАГДАН. Не, што я табе зрабіў? У чым прычына?

МАРЫНА. А што ты на мяне крычыш?

БАГДАН. Гэта я крычу?

МАРЫНА. Што я табе зрабіла, крычыш на мяне і крычыш...

БАГДАН. Пачакай, я цябе чым-небудзь пакрыўдзіў?

МАРЫНА. Не.

БАГДАН. Ты за штосьці на мяне крыўдуеш... Я ж бачу. Ну скажы. Ну скажы як ёсць. Я твой муж, я маю права ведаць, у рэшце, што адбываецца? Маю?

МАРЫНА. Нічога не адбываецца. Вось менавіта нічога і не адбываецца. Усё адно і тое ж, ажно і тое ж, кожны месяц. Мы жывём, нібы ўжо гадоў сто разам.

БАГДАН. Я не разумею, чаго ты хочаш ад мяне.

МАРЫНА. Канешне, не разумееш.

БАГДАН. Ну растлумач мне.

МАРЫНА. Ты не разумееш, што патрэбна кожнай жанчыне.

БАГДАН. Грошы?

МАРЫНА. Увага. Багдан, кожная жанчына жадае толькі аднаго, каб пра яе клапаціліся, каб ставіліся да яе з пяшчотай, каб любілі. Увага, разумееш?

БАГДАН. Вось дык раз, а я што, на цябе ўвагі не звяртаю?

МАРЫНА. А ты лічыш, што звяртаеш?

БАГДАН. А я так разумею, ты лічыш, што не звяртаю.

МАРЫНА. Калі? Ты прыходзіш з працы — ты стомлены.

БАГДАН. Я працую...

МАРЫНА. Але ты стомлены. Ты жадаеш паглядзець тэлевізар. Кожны дзень ты прыходзіш і глядзіш тэлевізар. Уставішся ў яго...

БАГДАН. Мне трэба адпачыць. Любы чалавек мае права на адпачынак. Што ў гэтым такога?

МАРЫНА. Нічога. Канешне, адпачываць з тэлевізарам табе прыемней, чым са мной. Як жа мы прапусцім нашых тэлепузікаў? (Пачынае яго перадражніваць.) «О, навіны, пакінь, пакінь, пакінь... О, кіно, адыйдзі. О, мульцік...» Футбол, дваццаць два мужыкі ў трусах ганяюць туды сюды адзін мячык.

БАГДАН. Не смей так гаварыць! Футбол гэта святое...

МАРЫНА. Тэлевізар, тэлевізар, тэлевізар. Са мной ты ўжо не адпачываеш. Я магу голая па кватэры шастаць — ты нават увагі не звернеш!

БАГДАН. Ну чаму, звярну.

МАРЫНА. Калі патраплю ў рэкламную паўзу.

БАГДАН. Я ж табе кажу, на працы вельмі стамляюся. Працую. Для цябе ж грошы зарабляю.

МАРЫНА. Тваіх грошай нам ледзьве хапае на прадукты. Я і так ва ўсім сабе адмаўляю. Вось, паглядзі, у чым я хаджу. Паглядзі...

БАГДАН. У адзенні.

МАРЫНА. Ты здзекуешся.

БАГДАН. Чаго ты ад мяне хочаш? Грошай табе мала — знайдзі працу.

МАРЫНА. Ну канешне, я цябе кармлю, даглядаю, я раблю ўсю хатнюю працу — ты палец аб палец за час нашага сямейнага жыцця не ўдарыў. І я яшчэ павінна грошы зарабляць?! Так?

БАГДАН. Ты проста сцерва. Вось што я табе скажу. І колькі б я не зарабляў, хоць мільён, хоць сто мільёнаў, табе ўсё роўна будзе мала.

МАРЫНА. А ты паспрабуй, зарабі...

БАГДАН. Не збіраюся я высвятляць з табой адносіны з-за тваёй прагнасці.

МАРЫНА. Канешне, ты заўсёды пазбягаеш адказу.

БАГДАН. Тое, што жанчыны — гэта ненажэрныя драпежныя істоты, прагныя да крыві, мяне папярэдзілі. Папярэдзілі!

МАРЫНА. Што ж ты не паслухаўся «добрых» парад? Навошта тады жаніўся?

БАГДАН. Таму што спадзяваўся на лепшае. Так, спрадзяваўся. Тым больш, што да вяселля яно ўсё па-іншаму было. Памятаеш? Памятаеш, як ты сябе паводзіла? Ніводнага скандала. Ніводнай істэрыкі. Ніводнага папрока. І з такой сціпласцю, усё з мілай, пяшчотнай усмешкай. «Багдан, я кахаю цябе такім, які ты ёсць... Я зраблю ўсё, каб табе было добра...» І так далей. Які мужык не клюне на такую прыманку? А варта было толькі пярсцёнак надзець. І на табе... Асвенцым. Пякельныя колы Дантэ — курорт у параўнанні з тым, што мне даводзіцца цярпець.

МАРЫНА. Ах, бедненькі... Як жа ты не памёр ад такіх пакутаў, а ўсё тлусцееш і тлусцееш. Ахвяра Асвенцыма.

БАГДАН. Вось такія здзекі мне і даводзіцца цярпець.

МАРЫНА. А мне? А мне?! Што мне даводзіцца цярпець, ты падумаў? Між іншым, ты таксама ад вяселля сябе па-іншаму паводзіў. Памятаеш? Водзіў мяне ў кіно, тэатры, вершы чытаў. Рамантыка, свечкі, прагулкі зімовымі вечарамі... А цяпер успомні, калі ў апошні раз ты падарыў мне кветкі?

БАГДАН. Калі?.. Ну?..

МАРЫНА. Не старайся, не ўспомніш. Я таксама не памятаю.

БАГДАН. Мне ўвогуле не падабаецца нічога дарыць. Асабліва кветкі — ты ж ведаеш. Ды і не разбіраюся я ў гэтым.

МАРЫНА. Успомні, калі ты ўвогуле пастараўся зрабіць мне штосьці прыемнае. Не сабе — а мне? Калі? Чаму іншым жанчынам аказваюць хоць нейкую ўвагу, а я павінна сама сабе і кветкі купляць і марожаным частаваць. І сама прыдумваць, як правесці вечар.

БАГДАН. Вось ты таксама не разумееш...

МАРЫНА. Я не разумею?

БАГДАН. Ты не разумееш, што нельга мужчыну прымушаць. Нельга. Ты стварыла сабе ў галаве нейкі ідэал, маўляў, з’явіцца чароўны прынц на белым кані і будзе ўсё сваё жыццё дагаджаць тваім жаданням. Так? Табе ж гэта трэба?

МАРЫНА. Не.

БАГДАН. Вось і не будзе гэтага! Таму што гэтая планета населена не ідэаламі, а рэальнымі людзьмі. Разумееш? Рэальнымі! Са сваімі праблемамі, са сваімі жаданнямі, са сваімі ідэаламі, са сваімі ўяўленнямі пра сям’ю, якія, між іншым, таксама не заўсёды могуць быць ўвасбленыя ў рэальным жыцці. Але ж я з-за гэтага не пачынаю істэрыкі. Я не спрабую сапсаваць табе жыццё дробнымі скандаламі.

МАРЫНА. А што тут псаваць? Скажы, што ў маім жыцці такога добрага, што можна сапсаваць?

БАГДАН. А што дрэннага?

МАРЫНА. А што добрага?

БАГДАН. Ну нічога ж дрэннага.

МАРЫНА. Ды гэта проста жах!

БАГДАН. Ну, зноў ты перабольшваеш. Жах. Многія яшчэ горш жывуць.

МАРЫНА. Дзякуй, Багдан, ты заўсёды ведаеш, чым суцешыць.

БАГДАН. Проста ты не ведаеш, чым сябе заняць, вось і шалееш...

МАРЫНА. Гэта я не ведаю?

БАГДАН. Не ведаеш.

МАРЫНА. А ты запытай, што мне трэба?

БАГДАН. Э, не. Ведаю я, што будзе потым.

МАРЫНА. Кожная жанчына жадае, каб аб ёй клапаціліся, каб яе кахалі. Каб ёй рабілі падарункі, каб ёю захапляліся. А ты ўжо забыў, калі гаварыў мне кампліменты. І ўвогуле з табой сумна!

БАГДАН. Затое з табой весела. Ха-ха-ха, гэта падобна на пякельны смех?

МАРЫНА. Дурны. Гэта не жыццё, гэта такое мяшчанства. Такая пустата.

БАГДАН. О, чэхаўская гераіня. А чаму я павінен цябе весяліць? Муж гэта што, персанальны клоўн? Ці ты ўяўляеш сабе сямейнае жыццё як пастаяннае цыркавое прадстаўленне?

МАРЫНА. Не, што ты мілы, я ўяўляю сабе жыццё як могілкавы спакой.

БАГДАН. Ну вось бачыш. Нам ужо весялей.

МАРЫНА. Блазнюк.

БАГДАН. Марына, ну што ты ад мяне хочаш? Хочаш, каб я на галаве перад табой хадзіў.

МАРЫНА. Мне сумна!

БАГДАН. Зноў здароў!

МАРЫНА. Ты проста не ўяўляеш, што азначаюць для жанчыны такія адносіны. Я, я і так для цябе ўсё раблю. Думаеш, гэта лёгка? І за ўсё гэта я атрымліваю толькі адно — абыякавасць, абыякавасць, абыякавасць...

БАГДАН. А ты не ўяўляеш, што значыць такое жыццё для мужчыны, калі яго прымушаюць выконваць пажаданні сцервознай жонкі. Адны абвінавачванні і прычытанні, і так цэлымі днямі. У каго заўгодна з’явіцца жаданне глядзець тэлевізар. Ты кажаш, што не адчуваеш увагі — а я не адчуваю сябе мужчынам!

МАРЫНА. Пабыў бы ты ў маёй скуры.

БАГДАН. Пабыла б ты ў маёй. Так што не трэба, не трэба...

МАРЫНА. Мярзотнік! (Плача, званок у дзверы.)

 

Дзея 3

 

МАРЫНА (выцірае слёзы). Што стаіш? Ідзі адчыні.

БАГДАН. Ну, супакойся. Давай, давай, прывядзі сябе ў парадак.

МАРЫНА. Я ў парадку. У гэтым доме ўвогуле ўсё ў парадку.

БАГДАН. Праўда?

МАРЫНА. Адчыняй...

(Багдан адчыняе дзверы, уваходзіць Выканаўца жаданняў з велізарнай валізкай у руках.)

БАГДАН. Чым магу...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Добры дзень. Дазвольце прадставіцца, Дзмітрый.

БАГДАН. Вельмі прыемна — Багданій. Жартую. А вы, уласна, па якіх справах?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. А я, уласна, па вашых.

БАГДАН. Па якіх нашых?

МАРЫНА. Вы хто?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Зараз вам усё стане зразумела. Дазвольце. (Праходзіць на сярэдзіну сцэны.) Вялікі дзякуй. (Марыне.) Як вы цудоўна выглядаеце.

БАГДАН. Ты гэта... Асцярожней...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Спяшаюся вас абрадаваць, дарагія сябры, але нарэшце вам у гэтым жыцці пашанцавала!

БАГДАН (насупіўшыся). Чаму?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. О, як я вам зайздрошчу...

БАГДАН. А вось я табе не пазайздрошчу, калі зараз жа не раскажаш, што...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Разумею. Я з’яўляюся гандлёвым прадстаўніком сусветна вядомай міжнароднай карпарацыі «Вішс Рэалізэйшн ЛТД». І, як я ўжо сказаў, у вас сёння шчаслівы дзень, паколькі суперкамп’ютэр карпарацыі, які знаходзіцца ў штаце Вісконсінт, ЗША, абсалютна выпадкова выбраў вашу сям’ю для бясплатнай дэманстрацыі паслуг карпарацыі «Вішс Рэалізэйшн»! Ах, як я вам зайздрошчу!

БАГДАН (скептычна). Бясплатнай?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Абсалютна. Сеанс усяго пяцьсот рублёў.

МАРЫНА. Я нічога не разумею...

БАГДАН. Гэта каміваяжор, дарагая. А мы яго ўпусцілі ў дом. Цяпер усё, нам крышка.

МАРЫНА. Вы чымсьці гандлюеце?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. О, пытанне ў самае яблычка. Прыемна бачыць такіх разумных людзей. Я гандлюю многімі рэчамі вытворчасці «Вішс Рэалізэйшн», якія, несумненна, прыйдуцца дарэчы ў вашай утульнай кватэры. І, для пачатку, — пыласос.

БАГДАН. Ён намякае, што ў нас бардак.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Наадварот, мая задача ў іншым: зрабіць жыццё кожнай жанчыны, кожнай гаспадыні максімальна камфортным і зручным. Ніякая праца не павінна яе абцяжарваць, у тым ліку і занудная, брудная, ад якой баліць спіна і псуюцца рукі. Цяпер вы можаце забыць пра гэтыя пакуты, калі, канешне, набудзеце найноўшы суперпыласос «Вішс Рэалізэйшн Супер 3». Гэта трэба бачыць. Зараз я пакажу вам, як ён працуе. (Дастае з валізкі пыласос.)

БАГДАН. Можа, не трэба?

МАРЫНА. Ну няхай пакажа, цікава ж.

БАГДАН (сабе). Галоўнае схаваць грошы...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Вы можаце заліць ваш дыван кетчупам (залівае),..

БАГДАН. Дарагая, ён сапсаваў нам дыван.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. (Працягвае рабіць тое, пра што гаворыць) ... засыпаць пылам, выцерці аб яго брудныя ногі, вымазаць яго ваксай, плюнуць...

БАГДАН. Я яго зараз заб’ю...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Разбіць на яго яйка і пасля гэтага дыван можна...

БАГДАН. Выкінуць.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Не, не выкінуць. Проста ўзяць суперпыласос «Вішс Рэалізэйшн Супер 3», і ён зноў зробіць ваш дыван бездакорна чыстым. (Пачынае пыласосіць).

БАГДАН (крычыць праз шум). Толькі ты май на ўвазе...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ (таксама крычыць). Што?

БАГДАН. Кажу, ты май на ўвазе, што калі гэты пыласос будзе не такі ўжо супер, ты адсюль не выйдзеш.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Дзякуй, я ўжо папіў гарбаты... (Выключае пыласос.) Палюбуйцеся.

МАРЫНА. Цудоўна, праўда, Багдан?

БАГДАН. Праўда, толькі вушы крыху закладвае. У яго, напэўна, рухавік ад самалёта.

МАРЫНА. Як чыста. А колькі каштуе?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Для вас увогуле скідка. 20 — не! 30 — не! 35 працэнтаў! Плюс бесплатная дастаўка і гарантыя. Усяго 499 даляраў, можна па курсу...

БАГДАН (Марына пачынае на яго жаласліва глядзець.) Не глядзі на мяне так. Калі мы купім гэтага монстра, у нас ніколі не будзе ні кетчупа, ні яек. Навошта нам яго купляць, калі нам усё роўна няма чым яго карміць? Ды і небяспечна гэта, раптам засмокча...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Як добра, што вы ўзгадалі пра ежу.

БАГДАН. Я ўзгадаў? Табе падалося...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Дык вось ежа — гэта ж важнейшая частка жыцця кожнага сучаснага чалавека. Вы ведаеце, што па статыстыцы 80 працэнтаў мужчын паміраюць раней тэрміну з-за няякаснага харчавання?

БАГДАН. Ага, а астатнія 20 працэнтаў, відаць, халасцякі...

МАРЫНА. Багдан! Ой, вы не звяртайце на яго ўвагі. Не, мы гэтага не ведалі...

БАГДАН. Канешне, навошта ж на мяне звяртаць увагу, я ж усяго толькі муж. Хто на мужа зараз звяртае ўвагу?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Дык вось, толькі ў гэтым месяцы карапрацыя «Вішс Рэалізэйшн» прапануе сваім кліентам унікальны комплекс кухоннай пасуды «Кітчэн Вішс». Такога вы яшчэ не бачылі. На ёй можна гатаваць абсалютна без тлушчу...

БАГДАН. І без газы.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Гэта дазволіць вам сэканоміць 15 працэнтаў вашага прадуктовага бюджэту.

МАРЫНА. Гэта цудоўна, Багдан, праўда?

БАГДАН. Зараз даведаемся. Колькі каштуе?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Пачакайце, пачакайце. Вы ж яшчэ не ведаеце пра гэты ўнікальны камплект кухоннай пасуды «Кітчэн Вішс»...

БАГДАН. Ён яшчэ і ў шахматы гуляе?

МАРЫНА. Што мы яшчэ не ведаем?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Ох, мне падабаецца ваша зацікаўленасць. Яна сведчыць пра вялікі інтэлект. Вы цікавіцеся, таму што вы жанчына. А гэта значыць, што толькі вы па-сапраўднаму ведаеце, чаго вартыя ўсе гэтыя кухонныя клопаты. Гадзіны жыцця на кухні толькі дзеля таго, каб ваш муж прыйшоў і за адзін раз знішчыў плён вашай працы. І так з дня ў дзень, з месяцу ў месяц, з году ў год...

МАРЫНА. Гэта жахліва, праўда...

БАГДАН. Як жахліва! Так, так, так... І вось дзіўна, зноў муж ва ўсім вінаваты!

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Колькі намаганняў. І як прыгожа гэта выглядае на талерцы...

БАГДАН. Вось жа д’ябал, знайшоўся змагар за правы жанчын. Роза Люксембург.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Дык вось, карпарацыя «Вішс Рэалізэйшн» знайшла сродак дапамагчы вам. Гэта не жарты. З гэтым унікальным посудам вы будзеце затрачваць на прыгатаванне ежы на 30 працэнтаў менш часу, а на мыццё посуду ў два разы меней часу. Вы толькі ўявіце сабе...

МАРЫНА. Багдан, давай купім, а?

БАГДАН. Колькі?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. З улікам сезонных скідак, а таксама таго, што суперкамп’ютэр абсалютна выпадкова...

БАГДАН. Слухай, прыхільнік жаночага розуму, хочаш, я пакажу табе свой суперпрадукт — біту бейсбольную, звычайную?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Усяго 299 даляраў.

БАГДАН. Колькі?!

МАРЫНА. Багдан, ну не так гэта і дорага. Затое колькі часу сэканоміцца...

БАГДАН. У гэтыя патэльні што, тэлевізар уманціраваны? 300 даляраў за каструлю і пару патэльняў! Ды я лепей сырое мяса есці буду.

МАРЫНА. Ну калі ласка, Багдан. Я так стамляюся ад гэтага гатавання, кожны дзень... Мы маглі б больш часу праводзіць разам...

БАГДАН. Ды ты падумай галавой, атрымліваецца, я павінен два месяцы толькі на твае патэльні працаваць!

МАРЫНА. Зноў ты думаеш толькі пра сябе!

БАГДАН. А ты ўвогуле не думаеш.

МАРЫНА. Ты проста не ўяўляеш сабе, што значыць пратырчаць паўдня каля пліты!

БАГДАН. А ты не ведаеш, што значыць зарабляць грошы. Гарбацішся цэлы месяц, каб ты магла ўсё спусціць на нейкую патэльню!

МАРЫНА. Быў бы ты ў маёй скуры!

БАГДАН. А ты ў маёй!

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Мне здаецца, што вам сапраўды сёння пашанцавала! Пыласос, кухонны посуд, супернажы і сродкі для дагляду за мэбляй — гэта толькі пабочныя тавары, якія прапануе «Вішс Рэалізэйшн». Галоўнае я пакінуў на дэсерт.

БАГДАН. Што, дыван-самалёт?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Нашмат, нашмат лепей. Толькі сотні шчасліўчыкаў па ўсяму свету карапрацыя «Вішс Рэалізэйшн» прапануе бясплатна — о, як я вам зайздрошчу! — выкананне жадання!

БАГДАН. Жадання?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Жадання.

БАГДАН. Бясплатна?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Бясплатна.

БАГДАН. Угаварыў. Хачу, каб ты праваліўся. О! Не дзейнічае.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Мне падабаецца ваша пачуццё гумару.

МАРЫНА. Багдан, не паяснічай. Заўсёды ты выстаўляеш сябе ў самым ідыётскім святле. (Выканаўцу жаданняў.) А што вы маеце на ўвазе?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Гэтую паслугу вам не прапануе больш ніводная кампанія свету, акрамя хіба што «Санта-Клаўс Карпарэйшн», але ў іх яна мае выключна сезонны характар. Дык вось, тое, што я вам сказаў, гэта абсалютная праўда — мы выконваем жаданні, не любыя, канешне...

БАГДАН. Ну ўжо канешне.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Усё-такі і ў нас ёсць прафесійная этыка. Ды і магчымасці нашы не бязмежныя. Але... я бачу па вачах, вы мне не верыце.

БАГДАН (саркастычна). Ну чаму ж...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Не, не верыце.

БАГДАН. Веру, веру, веру... (Марыне.) Выклікай хуткую — ён шызік.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ (сумна). Не верыце...

БАГДАН. Ну як жа ў гэта не паверыць? Ты прыйшоў нам прапанаваць абсалютна бясплатна за 400 даляраў пыласос, патэльні, і яшчэ выканаць якое-небудзь наша запаветнае жаданне. Што ж тут незразумелага?

МАРЫНА. А як гэта?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Добра, зараз вы самі ва ўсім упэўніцеся. Наколькі я памятаю, вашым апошнім жаданнем было зразумець, што адчувае ваш партнёр на сваёй гендэрнай ролі.

БАГДАН. Сам ты гендэрны. Дзякуй за ўсё, давай цяпер ідзі адсюль.

МАРЫНА (злосна). Багдан!

БАГДАН. А што, ён сам першы пачаў. Чула, як ён сказаў?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Што ж, кампанія «Вішс Рэалізэйшн» з радасцю выканае ваша жаданне і прадставіць бяспланую гарантыю якасці на працягу трох месяцаў. Трох месяцаў! Дзякуй за тое, што скарысталі паслугі нашай кампаніі. З вас пяцьсот рублёў за прэзентацыю. Сума будзе ўключана ў ваш рахунак за тэлефонныя пермовы. Спадзяюся, вы застанецеся задавольныя.

 

(Поўная цемра. Моцны гук.)

 

Дзея 4

 

(Уключаюць святло. Выканаўцы жаданняў ужо няма. Багдан і Марына, здзіўленыя, стаяць адзін насупраць аднаго.)

 

БАГДАН. Што гэта было?

МАРЫНА. Не ведаю. (Глядзяць адзін на аднаго, затым на сябе. Доўгая паўза.)

БАГДАН. А-а-а! У мяне грудзі!

МАРЫНА. Багдан, што са мной?

БАГДАН. Ты глядзі, ты глядзі, у мяне грудзі.

МАРЫНА. Багдан, я мужчына... (Глядзіць на сябе а потым пачынае нястрымна рагатаць.) Я мужчына, Багдан.

БАГДАН. Чаго ты смяешся — дура. І што ў цябе з голасам? (Глядзіць на яе.) А-а-а! Ты — гэта я. Ты — гэта я! А я хто? Чые гэта грудзі?

МАРЫНА. Мае.

БАГДАН. Я звар’яцеў.

МАРЫНА. Слухай, а што гэта ў цябе... (Глядзіць уніз.)

БАГДАН. Гэта жах!

МАРЫНА. Так, гэта жах. А як ты ходзіш, гэта ж нязручна...

БАГДАН. Пакінь яго ў спакоі, дурніца! Ты што, не разумееш, што адбылося?

МАРЫНА. Ну што адбылося, Багдан? Мне здаецца, ён выканаў тое, што абяцаў.

БАГДАН. Ён нас забіў — трэба выклікаць доктара! Хуткую! І святара! Так, так, так, гэта відмы... Гэта кома. Мы спім... Я недзе чытаў пра такое.

МАРЫНА. Паслухай, гэты каміваяжор. Ён сказаў, што выканае наша жаданне.

БАГДАН. Божа, дапамажы мне. (Спрабуе пайсці, але падае.) Д’ябал, як можна хадзіць на такіх абцасах!

МАРЫНА. Багдан, у цябе такі голас. Уражанне такое, што праглынула трамбон. (Смяецца.) А-а-а. О-о-о.

БАГДАН. Затое ты, відаць, пішчэлкай падавілася. Размаўляеш, быццам кошку душыш.

МАРЫНА. І слухай, Багдан, у цябе ў роце такі смак. Што ты ясі?

БАГДАН. Я п’ю. Зараз мы і цябе паправім. Трэба выпіць. Трэба шмат выпіць.

МАРЫНА. Не смей, алкаголік!

БАГДАН. Адчапіся, белая гарачка! Я звар’яцеў. У мяне грудзі. Мне неабходна выпіць. Зараз, зараз, мне будзе добра... (Бярэ бутэльку.)

МАРЫНА. Не смей ліць гэтую дрэнь у маё цела!

БАГДАН. А ну адсунь маё цела ад свайго цела. Дура! Мардаварот! Я табе хто, у рэшце рэшт, я табе муж!

МАРЫНА. Не смей на мяне крычаць, хам! (Дае яму аплявуху. Ён адлятае.) Ой, Багдан, прабач, прабач, я зусім забыла, што ў мяне цяпер усё зусім іншае. Фу, дрэнная Марына, вось ёй па руках, вось...

БАГДАН. Нішто сабе.

МАРЫНА. Я зусім забыла, які ты ў мяне моцны, якія мускулы... Памацай.

БАГДАН. Я трапіў у пекла.

МАРЫНА. Ну што ты, мілы, усё выправіцца. Паглядзі на мяне, ну паглядзі, ну паглядзі — гэта ж я, твая маленькая Марына. Ну, твая жонка, твая лапачка, твой коцік, твая мышка. Ну, ты мяне пазнаеш?

БАГДАН. Не.

МАРЫНА. Усё будзе добра, ты верыш?

БАГДАН. Не.

МАРЫНА. Ты такі песіміст...

БАГДАН. Я песіміст? Што будзе добра? Я жанчына!

МАРЫНА. Дарэчы, і не самая брыдкая. Нават вельмі нішто сабе жанчына. Шукай ва ўсім перавагі. І ўвогуле, па-мойму, гэта вельмі цікавы эксперымент. Ён нейкім чынам пераменіць наша жыццё. Нешта новае...

БАГДАН. Радуе толькі адно, мазгі ў цябе засталіся твае! Нешта новае?! Эксперымент?! Ды гэта катастрофа! О, Божа, я — жанчына, у мяне грудзі, і ў мяне жонка цяпер вагою дзевяноста кілаграмаў... За што мне ўсё гэта?! Я пайду. Я пайду адсюль. (Паўза.) Не, я не пайду. Куды я магу выйсці ў такім выглядзе? Мяне ж усе засмяюць?

МАРЫНА. Не засмяюць.

БАГДАН. Ты паглядзі на гэтыя ногі. Выходжу на вуліцу, а мне: «Багдан, ты сёння неяк дзіўна выглядаеш на гэтых абцасах, а каса проста цуд...» А я ім: «Ды не, хлопцы, усё нармальна, толькі на некаторы час я памяняўся з жонкай целам.» Ты ўяўляеш, што пасля гэтага здарыцца?

МАРЫНА. Нічога не здарыцца, калі ты не будзеш крычаць на ўсіх вуглах, што ты Багдан.

БАГДАН. А хто ж я?

МАРЫНА. Ты — Багдан. Але цяпер ты — гэта не ты. Падрыхтуйся як след да таго, што я зараз скажу.

БАГДАН. Мне ўжо дрэнна.

МАРЫНА. Ты — Марына.

БАГДАН. Марына, так?

МАРЫНА. Ну, атрымліваецца... А я, як бы табе гэта сказаць, а я, значыць, Багдан.

БАГДАН. Хто?

МАРЫНА. Багдан. Але гэта толькі для іншых.

БАГДАН. Давай расставім усе кропкі над «і». Значыць я — Марына. Ты — Багдан. Вар’яцтва. Ды ты смяешся з мяне! Я здаровы мужык — Марына?

МАРЫНА. Ну хто з цябе смяецца, дурненькі? Хто з цябе смяецца? Ну падумай сам, сваімі мужчынскімі мазгамі. Што нам цяпер застаецца рабіць? Усё жыццё ў кватэры не прасядзіш? Паглядзі на сябе ў люстэрка, у рэшце рэшт. Нічога не зробіш, мілы, — гэта рэальнасць.

БАГДАН. ( Крычыць пранізліва і адчайна, затым раптам спакойна.) Яго трэба знайсці.

МАРЫНА. Каго?

БАГДАН. Гэтую скаціну з пыласосам. Ох, знайду — падсмажу на ягонай уласнай патэльні, без солі і тлушчу. Пяцьсот даляраў на гэта не пашкадую. У мяне зараз настрой драпежніка — хачу задавіць гэтага мярзотніка!

МАРЫНА. (Смяецца.) Мілы, ты такі забаўны бываеш, калі злуешся. Асабліва ў такім выглядзе...

БАГДАН. Ты думаеш, я жартую? Я не жартую! Гэта прста немагчыма! Зрабіць такое з абсалютна безабароннымі людзьмі. Гэта жахліва. Я яго заб’ю! (Думае.) Не. Тады мяне пасадзяць у жаночую калонію Не, я яго не заб’ю, я яго засуджу! Я падам на яго ў суд. За здзекі над маімі гонарам і годнасцю!

МАРЫНА. О, на гэта варта будзе паглядзець. Марына патрабуе, каб яе зрабілі мужчынам. Памятаеш як у нейкім фільме: «Хачу быць мужчынам! Хачу быць мужчынам!» (Смяецца.).

БАГДАН. Колькі трагізму ў гэтых словах. Куды табе, тваімі курынымі жаночымі мазгамі зразумець гэта. Зразумець, што значыць для чалавека страціць сваю мужчынскую годнасць.

МАРЫНА. А што значыць яе набыць...

БАГДАН. Зладзюга!

МАРЫНА. А я ні ў чым не павінная. Не павінная я, не павінная.

БАГДАН. Хопіць блазнаваць. Гэта ўсё ты!

МАРЫНА. Я?

БАГДАН. Ляпнула, што, маўляў, калі б ты ведаў, як гэта быць жанчынай... І ля, ля, ля! Не выношу вось гэтую ідыётскую жаночую манеру гаварыць пра тое, пра што не просяць!

МАРЫНА. А сам, а сам... (Пачынае плакаць.)

БАГДАН. Дык гэта ты мяне завяла!

МАРЫНА. Ды цябе і заводзіць не трэба — бесішся з-за кожнай дробязі. А-а-а... Крычыш на мяне. (Плача.)

БАГДАН. Ну, ну перастань, мая маленькая. Мая дзяўчынка.

МАРЫНА. Злуешся на мяне з-за дробязей.

БАГДАН. Гэта, па-твойму, дробязь?!

МАРЫНА. Ну, усё ж не ў балонку цябе ператварылі...

БАГДАН. Як называлася гэтая фірма ідыётская? «Вішс Дурнілізэйшн»...

МАРЫНА. Нешта накшталт...

БАГДАН. Не, не, неяк па-іншаму! З галавы вылецела! Ну давай, давай, давай! «Вішс Ля-ля-лейшн», «Вішс Афігейшнз», дапамагай, дапамагай, «Вішс Афанарэйшнз». А-а-а! Не памятаю! Праваліся ўсё пропадам! Казаў я, нельга гэтых каміваяжораў пускаць у дом!

МАРЫНА. Не казаў.

БАГДАН. Казаў.

МАРЫНА. Не казаў.

БАГДАН. Ды я якраз хацеў гэта сказаць, але ты мяне перабіла. Канешне, нам жа пра пыласос цікава паслухаць. Што рабіць? Што рабіць?

МАРЫНА. Папі вадзічкі.

БАГДАН. Дактары. Так, дактары могуць дапамагчы. Да каго ісці? Да ўролага? Гінеколага?

МАРЫНА. Да псіхіятара.

БАГДАН. Не, дактары не дапамогуць. Што могуць дактары? Нам патрэбны ведзьмары, магі. У нас жа недзе ёсць гэтыя...

МАРЫНА. Хто?

БАГДАН. Ну гэтыя, па паранармальных з’явах. Шаманы... Ці да бабулькі якой звярнуцца? Яны ведаюць, яны на руку плюнуць, замову прамармычуць, траўкі дадуць... Ты ведаеш якую-небудзь бабульку?

МАРЫНА. Бедненькі, зусім розум страціў...

БАГДАН. Нічога, нічога, я што-небудзь прыдумаю. Нейкае выйсце ёсць. А-а-а. Выйсця няма...

 

Дзея 5

 

МАРЫНА. Галоўнае не вешаць нос. Што здарылася, тое здарылася. Ну што мы з табой можам зрабіць? Трэба неяк змірыцца з новымі абставінамі... Чуеш, дарагі?

БАГДАН. Гэта праўда. Нельга зараз раскісаць! Мужык я ці не, у рэшце рэшт?! Досыць слюні распускаць. Багдан, вазьмі сябе ў рукі. Мужчыну адрознівае не цела, не моцныя рукі і валасатыя грудзі, а... зусім іншае.

МАРЫНА. Што?

БАГДАН. Маўчы, жанчына. Табе ніколі гэтага не зразумець. (Падыходзіць да люстэрка. Паўза.) Так...

МАРЫНА. Што-небудзь не так?

БАГДАН. Слухай, як можна жыць з такім целам?

МАРЫНА. А што? Табе ж раней яно падабалася...

БАГДАН. Ды я не пра гэта. Ніводнага нармальнага мускула. Нейкія курыныя ногі. Божа, а дзе ў вас цэнтр цяжару?

МАРЫНА. Затое ў мяне ёсць цудоўная магчымасць адчуць сябе малпай.

БАГДАН (глядзіць на спадніцу). Ну, ну... Але тут жа паддзімае.

МАРЫНА. Уяві сабе, што ты шатландзец.

БАГДАН. Шатландцы не носяць ліфчыкі. У цябе які памер? Трэці?

МАРЫНА. Чацвёрты...

БАГДАН. Цікава.

МАРЫНА. Слухай, ты такі валасаты. А там...

БАГДАН. Рукамі не чапай! Ох, адчуваю сябе па-ідыёцку. На гэтых абцасах як страус. Ну добра, я разглядзеў гэтае цела — з ім усё зразумела. Што будзем рабіць далей?

МАРЫНА. Я табе ўсё ўжо сказала. Адзінае, што нам цяпер застаецца, калі мы не жадаем трапіць у псіхушку...

БАГДАН. Знайсці бабульку.

МАРЫНА. Далася табе, Багдан, гэтая бабулька... Паслухай, нам трэба прыкінуцца, прыкінуцца.

БАГДАН (з разуменнем). А-а-а... Не атрымаецца.

МАРЫНА. Чаму?

БАГДАН. Ніхто не паверыць.

МАРЫНА. Яшчэ як павераць. У рэшце рэшт, мы столькі пражылі разам. Няўжо не зможам сыйсці адзін за аднаго?

БАГДАН. Ты не зможаш.

МАРЫНА. Чаму?

БАГДАН. Таму. Не зможаш, і ўсё. Харызмы ў табе маёй не хапае.

МАРЫНА. Ой, ой, ой, харызматык. Абыйдуся і без харызмы. Акрамя таго, у нас усё роўна няма іншага выйсця. Ну, Багдан, калі ласка, ну дай мне шанц.

БАГДАН (думае). Добра, давай паглядзім на што ты здольная.

МАРЫНА. Я гатова, я гатова. Ой, як гэта цікава! А што мне рабіць?

БАГДАН. Значыць, уяві сабе, што ты — мужык. Уяўляеш? Значыць, ты — мужык.

МАРЫНА. Ага. Я адчуваю.

БАГДАН. Гэта самае галоўнае. Словамі тут не раскажаш — гэта патрэбна адчуваць.

МАРЫНА. Я адчуваю.

БАГДАН. Толькі не размаўляй такім ідыёцкім голасам.

МАРЫНА. Гэта твой голас.

БАГДАН. Я ведаю. Але не трэба вось гэтак: «Ах, я адчуваю, дарагі». Цьфу. Брыдота. Мужна скажы. Ты мужык, ты моцны, грубы. Зразумела?

МАРЫНА. Зразумела. Ой, прабач. (Гаркае.) Зразумела. Ну як, атрымалася?

БАГДАН. Пацягне. Значыць, уяві сабе, ты ідзеш па вуліцы. У, секс меншасць нейкая... Ты нармальна ідзі. Клубамі не віхляй. Лепей, лепей... Вось ты так ідзеш, ідзеш, і, дапусцім, прыходзіш да мяне на працу. І каго ты там сустракаеш? Гэтых свалачуг маіх саслужыўцаў ты там сустракаеш. Ага. І што ты ім кажаш? Ну вось я твой напарнік. Кажы што-небудзь.

МАРЫНА (прыветліва). Добры дзень, Сярожа.

БАГДАН. Вось так скажаш, і ўсё. Можаш знайсці вяроўку, намыліць яе і павесіцца...

МАРЫНА. А што, нешта не так?

БАГДАН. Не, не, усё дарэмна. У цябе нічога не атрымаецца.

МАРЫНА. Я здолею, Багдан, праўда. Ты мяне навучыш. Ну, калі ласка, дай мне шанц.

БАГДАН. Як быццам у мяне ёсць выбар. Добра, паспрабуем яшчэ раз.

МАРЫНА. Можа для пачатку ты пакажаш, як трэба?

БАГДАН. Давядзецца. Значыць ты — мой напарнік Сяргей Сёмушкін.

МАРЫНА. Так, так, я твой сябра.

БАГДАН. Раздалбай. Ну добра. Я цябе сустракаю, глядзі. «О, Серы, прывітанне. Як справы — я бачу ўсё пуцём. Учора, чуў, вы з хлопцамі зноў у рэстаране водку пілі?»

МАРЫНА. А мне што адказваць?

БАГДАН. А я ведаю? Ну скажы, маўляў, добры вечар быў. Вельмі добры, так што нават потым не ванітаваў.

МАРЫНА. Фу, якая пашляціна. Няўжо вы так размаўляеце? Жывёлы.

БАГДАН. Ну прабачце, прабачце... Хочаш стаць мужыком, патрэбна размаўляць як мужык.

МАРЫНА. Добра, добра, я зразумела. Відаць, давядзецца ўсё ж апусціцца да вашага ўзроўню. Цяпер я паспрабую.

БАГДАН. Давай. (Ідуць насустрач адзін аднаму.)

МАРЫНА. Ну, прывітанне, карыфан.

БАГДАН. Стоп. Дзе ты гэтай брыдоты набралася? Ты ўсё ж у прыстойнай арганізацыі працуеш. Коза Ностра знайшлася. Яшчэ раз.

МАРЫНА (спрабуе зноў). Прывітанне, Серы. Як справы, што новага ў жыцці?

БАГДАН. Лепей, лепей... Але на сёння хопіць. Потым яшчэ патрэніруешся. Потым... О, Божа, як гэта ўсё цяжка.

МАРЫНА. А цяпер ты.

БАГДАН. Што я?

МАРЫНА. Ты пакуль таксама не падобны на прыстойную дзяўчыну.

БАГДАН. Ай-ай-ай... Як шкада. Мяне хлопчыкі любіць не будуць.

МАРЫНА. Не блазнуй. Думаеш, быць сапраўднай жанчынай лёгка?

БАГДАН. А што тут складанага? Закатвай сабе вочкі, ўздыхай, вось так, можна зрабіць што-небудзь сексуальнае...

МАРЫНА. Пашляк. І ўвогуле, адкуль у цябе такое ўяўленне пра жанчын? Гэта проста абражае!

БАГДАН. Я дзяўчына цнатлівая, а вы хаміце.

МАРЫНА. Цьфу.

БАГДАН. Валасатая жывёла.

МАРЫНА. Што?! У мяне няма слоў.

БАГДАН. Вось бачыш, а ты казала, у мяне не атрымаецца. Не так ужо гэта і складана. Галоўнае знайсці цэнтр цяжару...

МАРЫНА. Сапраўды, Багдан, што з мяне мужчына, што з цябе жанчына. Ну што ж, жыццё пакажа, куды ўсё гэта прывядзе. Хадзем...

БАГДАН. Як, усё ж такі, гэтая фірма называлася? «Вішс Адурнейшнз», «Вішс Атупейшнз»...

МАРЫНА. Ну, супакойся, дарагая.

БАГДАН. Ідзі к чарцям, дарагі.

 

(Выходзяць.)

 

Дзея 6

 

(Прайшоў яшчэ тыдзень. Выходзіць Багдан, садзіцца і спрабуе накласці макіяж. У яго гэта атрымліваецца не вельмі добра.)

 

БАГДАН. О, божухна! Як яны гэта робяць? Дык у люстэрку тое, што злева, — справа. А тое, што справа, — злева... Сам чорт галаву зломіць. (Спрабуе накласці туш, але трапляе сабе ў вока.) Ай, д’ябал. Гэтыя жаночыя штучкі. Божа, і так кожны дзень, кожны дзень. Якія пакуты. (Спрабуе прыпудрыцца, чыхае.) Цьфу! (Уваходзіць Марына.)

МАРЫНА. Што ты з сабою зрабіў! Гора ты маё. Я ж табе колькі разоў паказвала? І не трэба дзьмуць на пудру...

БАГДАН. Я не дзьмуў. Я проста ў люстэрка глядзеўся.

МАРЫНА. Ты носам дыхай.

БАГДАН. А яшчэ, ты не будзеш на мяне крычаць?

МАРЫНА. Што яшчэ?

БАГДАН. А яшчэ я адны калготкі парваў. Я не вінаваты, праўда. Яны самі ірвуцца.. Глядзі. І ногі ад іх чэшуцца.

МАРЫНА. Ты не чашы.

БАГДАН. Не магу. (Чэша.)

МАРЫНА. Што, што ты робіш?

БАГДАН. Ой, зацяжка...

МАРЫНА. Мама родная, гэта ж італьянскія калготкі. Ты мяне даканаеш. Проста немагчыма. А гэта што?!

БАГДАН. Што?

МАРЫНА. Вось гэта! (Паказвае на яго галаву.)

БАГДАН. Гэта валасы.

МАРЫНА. Што ты зрабіў з маімі валасамі? Варвар. На што яны сталі падобныя?!

БАГДАН. Я проста іх памыў.

МАРЫНА. Ідыёт, ты павінен карыстацца маім шампунем. І маімі духамі.. Разумееш?

БАГДАН. Ды я разумею, разумею. Проста складана прывыкнуць.

МАРЫНА. Давядзецца прывыкаць хутчэй. У нас сёння з табой першае сур’ёзнае выпрабаванне.

БАГДАН. Што за выпрабаванне? Ты мяне не палохай.

МАРЫНА. Кінь паяснічаць, да нас сёння прыйдуць госці.

БАГДАН. Госці? Якія госці?

МАРЫНА. Сябры нашы. Аляксей прыдзе з жонкай. Яны тэлефанавалі ўчора.

БАГДАН. Калі?

МАРЫНА. Калі ты ў прыбіральні ўсё ж такі папісаў стоячы.

БАГДАН. Не ўспамінай, не ўспамінай. Я не знарок.

МАРЫНА. А яшчэ...

БАГДАН. А вось гэта ўвогуле не будзем успамінаць.

МАРЫНА. Не?

БАГДАН. Не варта...

МАРЫНА. Дык вось, яны прыйдуць сёння.

БАГДАН. Чаму ты ім не сказала, што мы захварэлі?

МАРЫНА. Я ім сказала, што мы, ну, не ў сабе.

БАГДАН. Калі яны прыйдуць, яны пераканаюцца, наколькі гэта праўда. Калі іх чакаць?

МАРЫНА. Гадзін у сем. Прыгатаваць патрэбна што-небудзь.

БАГДАН. Ну што ты на мяне глядзіш, Марына. Добра, пойдзем, пакажаш мне што і як, я вазьму касметыку. (Выходзяць. Праз секунду чуваць звон разбітага посуду.) Прабач.

МАРЫНА (з кухні). Ах ты скаціна, гэта быў мамін сталовы сервіз! (У хуткім часе з’яўляюцца зноў і кідаюцца пераапранацца.) Давай, давай, час ужо.

БАГДАН. Мне не падабаюцца твае сукенкі.

МАРЫНА. Апранай.

БАГДАН. Не хачу гэта апранаць. У светлым я падаюся таўсцей.

МАРЫНА. Ах, які пераборлівы. Ды ты што? Гэта ж мая лепшая сукенка! Мне ўсе гаварылі, што я ў ёй выглядаю проста цудоўна.

БАГДАН. Праўда?

МАРЫНА. У ёй ты будзеш самй сексуальнай жанчынай, якую я бачыла.

БАГДАН (апранае і глядзіцца ў люстэрка).Няблага, няблага. Сапраўды, патрэбна прызнаць, ува мне ёсць некаторае абаянне, шарм, гарцыя, я б нават сказаў. Не, зусім няблага...

МАРЫНА. Ах ты які нарцыс.

БАГДАН. Табе таксама няма на што скардзіцца (Красуецца перад люстэркам. Раптам званок.)

МАРЫНА. Званок. Я адчыню.

БАГДАН. Стой, стой! Не адчыняй! Калготкі!

МАРЫНА. Што?

БАГДАН (ліхаманкава нацягваючы калготкі). Як яны надзяваюцца, д’ябал! Дзе мае туфлі?

МАРЫНА. Вось, гора ты маё. Чуеш, як звоняць...

БАГДАН. Канешне, пажраць ім хочацца. Нічога, пачакаюць. Ну як я?

МАРЫНА. Бліскуча.

БАГДАН. Я гатова, запускай.

МАРЫНА. Памятай, хто ты.

БАГДАН (развязна). Багдаша, адчыняй. (Марына адчыняе і ўваходзяць госці.) Добры вечар. (Ідзе да іх насустрач, але няўдала становіцца на абцас і падае). Б...

МАРЫНА (паспешна). Дарагая, ты не ўдарылася?

БАГДАН. Задралі мяне гэтыя туфлі. (Паўза). Як я рада вас бачыць.

МАРЫНА. Праходзьце, мы вас ужо зачакаліся...

АЛЯКСЕЙ. Прывітанне, Багдан. Марына, ты цудоўна выглядаеш.

БАГДАН. Дзякуй.

НАТАША. Добры вечар, Марыначка. А для мяне камплімента ў яго і кляшчамі не выцягнеш. Але гэта праўда, ты сёння такая незвычайная.

БАГДАН. Ага. Надзвычай.

НАТАША. Ты не ўдарылася? Гэта так небяспечна. Можна запраста галёнку зламаць.

АЛЯКСЕЙ. Багдан, ты чаму не тэлефануеш? Зачыніліся тут у сваім логаве, і не дастаць вас ніяк.

МАРЫНА (скрозь зубы). З намі ўсё нармальна. Мы проста... хварэлі.

НАТАША. Абодва? Чым?

МАРЫНА. Ой, зараз такі грып ходзіць.

БАГДАН. Ага, з вельмі дзіўнымі наступствамі.

НАТАША. Ой, а ў вас заўсёды такі парадак, Марыначка. Ты такая цудоўная гаспадыня. Працуеш і працуеш.

БАГДАН. Літаральна дзень і ноч.

НАТАША. І ніхто табе не дапамагае. Багдан, як ты можаш так здзеквацца са сваёй жонкі. Ды на ёй жа твару няма. Ізверг ты.

МАРЫНА. Гэта я здзекуюся? Наташа...

НАТАША. Ды годзе, Багдан. Ведаю я, што ты скажаш. Вось усе мужчыны так, Марына. І мой, ты ведаеш, таксама, — каб ён што-небудзь па дому зрабіў... Лягчэй месяц з неба дастаць.

БАГДАН. Так, так... Чыстая праўда. Яны абсалютна да жыцця не прыстасаваныя. Толькі і існуюць дзякуючы нам, жанчынам.

МАРЫНА. Багдан.

БАГДАН. Гэта тваё імя.

АЛЯКСЕЙ. Ай, Багдан, не спрачайся ты з імі. Самому ж даражэй будзе.

МАРЫНА. Не ўжо, пачакай...

БАГДАН. Канешне, Наташанька, такая ўжо наша жаночая доля.

МАРЫНА (да Багдана). Ах ты скаціна.

АЛЯКСЕЙ. Кінь, Багдан. Пойдзем, пагаворым, пакурым. Няхай пачэшуць языкамі. Што ў жанчын за размовы — адны плёткі.

МАРЫНА. Добра, я з ім, м-м-м, ёй, я з ёй потым пагавару. (Адыходзяць на іншы канец сцэны.)

НАТАША. Ну як ты, Марыначка, раскажы.

БАГДАН. Не, лепей ужо ты,.. Наташанька.

НАТАША. А ў мяне што? У мяне ўсё па-старому. На працы завал. Вось я там і не з’яўляюся.

БАГДАН. Не з’яўляешся?

НАТАША. Час ад часу. Ды там што? Справаздачы, справаздачы, справаздачы... Да нас нейкая праверка прыйшла з міністэрства. Наш Уладзімір Аляксандравіч, ну Валодзька з трэцяга аддзела, ты ж яго ведаеш...

БАГДАН. Брунет...

НАТАША. Шатэн. Дык ён жаніўся.

БАГДАН. Ды ты што?

НАТАША. Жаніўся.

БАГДАН. Які дурны.

НАТАША. Чаму дурны? Разумны чалавек. Дзяўчына нібыта нармальная, з канцэлярыі. Праўда, кажуць, студэнтка яшчэ. Апошні курс. Кажуць, што па каханню. А яна дзяўчынка мілая, кемлівая. З характарам. Гэта самае галоўнае. Значыць за сябе здолее пастаяць, яго крыху розуму павучыць. Вунь як ты свайго выдрэсіравала.

БАГДАН (устрывожана). Як?

НАТАША. Ён жа што быў да вяселля?

БАГДАН. Што?

НАТАША. Бомж, алкаш, брудны, няголены, нямыты. Ты прабач, канешне, што я так пра твайго мужа...

БАГДАН. Нічога, нічога...

НАТАША. Але гэта ўсё праўда. А ты яго хоць у парадак прывяла. На чалавека стаў падобны.

БАГДАН. А мне здаецца, ён і быў нічога...

НАТАША. Але пагадзіся, што тое, што ён уяўляе з сябе цяпер, і тое, чым ён быў тады — гэта два розныя бабуіны.

БАГДАН. Ну, на конт цяпер і тады — гэта сапраўды. (Яны адыходзяць на задні план. Увага пераносіцца на Марыну і Аляксея.)

МАРЫНА. Ты кажаш, грошы схаваў?

АЛЯКСЕЙ. Схаваў, а яна знайшла. Нюх, як у сабакі. Яны заўсёды так: лакатары свае растапыраць і рыскаюць, і рыскаюць, і рыскаюць, і рыскаюць, абнюхваюць цябе і прасвечваюць... Я табе кажу — у іх нюх на грошы.

МАРЫНА. Праўда... Мая вось таксама.

АЛЯКСЕЙ. Табе я ўвогуле не зайздрошчу.

МАРЫНА. Чаму?

АЛЯКСЕЙ. Тваёй ва ўгалоўным росшуку працаваць трэба. А ты дзе ад яе грошы хаваеш?

МАРЫНА. Я хаваю?

АЛЯКСЕЙ. Ты ж сам казаў. Не памятаеш, ці што?

МАРЫНА. Пачынаю прыгадваць. І многа хаваю?

АЛЯКСЕЙ. Ну, пагуляць у рэстаране хопіць. Ды ты што, Багдан? Ну дык дзе хаваеш?

МАРЫНА. Дзе я ад жонкі грошы хаваю? Вось гэта цікавае пытанне. Дзе ж я сапраўды грошы хаваю? Трэба будзе ў жонкі запытацца...

АЛЯКСЕЙ (смяецца). Ну ты жартаўнік, Багдан. Бачыў, як учора нашы з «Барселонай» змагаліся?

МАРЫНА. А што, ідзе нейкая вайна?

АЛЯКСЕЙ. Ды яны нашых проста раздавілі!

МАРЫНА. Які жах, Аляксей... Усіх?

АЛЯКСЕЙ. Усіх.

МАРЫНА. Так шкада іх родных...

АЛЯКСЕЙ (устрывожана). Багдан, як ты сябе адчуваеш? (Наташа і Багдан зноў выходзяць наперад.)

НАТАША. Я спачатку думала фланель купіць. Убачыла ў нашым універсаме. Бежавы колер — думаю, якраз будзе пасаваць да маёй карычневай блузы. Памятаеш яе?

БАГДАН. Каго?

НАТАША. Блузу. Ну мы яшчэ з табой яе па «Бурдзе» шылі. Памятаеш?

БАГДАН. Па чым шылі?

НАТАША. Слухай, Марыначка, з табой штосьці не так.

БАГДАН. З чаго ты ўзяла?

НАТАША. Ты мне штосьці не дагаворваеш.

БАГДАН. Ды не, што ты.

НАТАША. Вы пасварыліся.

БАГДАН. Хто?

НАТАША. Вы.

БАГДАН. З кім?

НАТАША. Ён б’е цябе.

БАГДАН. Ды хто?

НАТАША. Багдан.

БАГДАН. Я? Ды не, канешне. Мы ўвогуле жывём, як кажуць, нага ў душу... Гэта значыць. Ну ты разумееш. Ты прабач, у мяне проста зараз нейкая затрымка. Як кажуць, затрымка пакуль толькі ў галаве. (Смяецца.) Не ведаю, Наташачка, я так стаміўся.

НАТАША. Стаміўся?

БАГДАН. Ну стамілася — якая розніца? Дык што ты там гаварыла пра гэтую...

НАТАША. Пра што?

БАГДАН. Пра херню.

НАТАША. Пра што?!

БАГДАН. Ну, херня, фігня, байда. Па якой мы з табой гэтую кашулю дурацкую...

НАТАША (шакіравана). Марыначка...

БАГДАН. Пайшлі есці. Ну што ты глядзіш на мяне, Наташа? Есці хачу. Прагаладалася. Хлопчыкі, калі ласка, да стала.

НАТАША (Аляксею). З Марынай штосьці не так.

АЛЯКСЕЙ (Наташы). З Багданам таксама.

НАТАША (Аляксею). Яны пасварыліся, ён яе б’е.

МАРЫНА. Ну што ж вы не садзіцеся? (Багдану.) Прашу вас, Марыначка.

БАГДАН. Ага, сядайце, Багданчык. (Усе садзяцца, пачынаюць есці.)

НАТАША. Смаката. Ммм... Марыначка, толькі ты ўмееш так гатаваць. Проста чараўніца. А што ты паклала ў гэты салат? У яго такі ўсходні смак.

БАГДАН. У гэты?

НАТАША. Угу.

БАГДАН (глядзіць на салат). Памідоры.

МАРЫНА. Каляндру.

АЛЯКСЕЙ. Багдан, ты што, таксама палез у кулінарыю? Не чакаў ад цябе...

МАРЫНА. Ну не, канешне. Ты ведаеш, Алёша (Багдан штурхае яе ў бок.), Лёха, я ненавіджу гатаваць.

БАГДАН. Гэта я яму сказала.

АЛЯКСЕЙ. А-а-а...

НАТАША. Не, вось пагадзіся, Аляксей, праўда, Марына — проста золата, і твайму Багдану несказана пашчасціла?

АЛЯКСЕЙ. Тут няма пра што і спрачацца.

БАГДАН. Я павінна ўмяшацца. А ці ведаеце, як мне пашанцавала з маім мужам? Гэта ж проста фантастыка. Чым я заслужыла такое шчасце?

МАРЫНА. Ну не трэба, не такое ўжо і шчасце...

БАГДАН. Проста ён такі сціплы, мой Багдан. Ніколі пра сябе добрага слова не скажа. І я, вы ведаеце, так рэдка кажу праўду пра яго. Можна сказаць нават, ніколі не казала. Але цяпер час прыйшоў. (Марына штурхае яго пад сталом.) Не трэба, Багдан. Не стрымлівай мяне. Ён такі сціплы. Дык вось, я хачу сказаць, што ён цудоўны, дзівосны, працавіты, няхай не заўсёды відаць, але — працавіты, чулы...

МАРЫНА. Самаўлюбёны...

БАГДАН. Любіць мяне вельмі. Ведаеш, Наташанька, я самая шчаслівая жанчына на свеце, раз у мяне ёсць такі муж. Але я яго так мала цаню. Мне зараз так сорамна...

МАРЫНА. Ну супакойся, дарагая, папі вадзічкі. А мы з табой потым абмяркуем мае пекнасці і недахопы.

БАГДАН. Тут няма чаго абмяркоўваць. Багдан — ідэальны.

АЛЯКСЕЙ (Наташы). А ты кажаш «пасварыліся»...

НАТАША (Аляксею). Нічога не разумею...

АЛЯКСЕЙ. А ці не выпіць нам чаго-небудзь?

БАГДАН. Цудоўная ідэя, я...

НАТАША. Марыначка, ты ж не п’еш.

БАГДАН. Я... я не п’ю? А, так. Я не п’ю. (Марыне.) Ты п’еш.

МАРЫНА (спалохана). Я?

АЛЯКСЕЙ. Канешне, Багдан вып’е. Калі ён адмаўляўся ад чарачкі? Правільна — ніколі!

МАРЫНА. А можа...

БАГДАН (ціха Марыне). Пі, не тое ўсю справу праваліш.

МАРЫНА. Але я...

БАГДАН. Пі, сказаў!

АЛЯКСЕЙ. Ну, за сустрэчу. (П’юць.)

БАГДАН (ціха Марыне). Ну як, жывая?

МАРЫНА. Нармальна.

АЛЯКСЕЙ. Яшчэ па адной? А то, як у нас кажуць?

БАГДАН (устрывожана). Можа, не трэба?

МАРЫНА. Не ўжо, давай.

АЛЯКСЕЙ. За мір. (П’юць.)

НАТАША (Багдану). Ах, Марыначка, дарэмна ты яго так расхвальвала. П’е ж.

МАРЫНА. Што? Каго я дарэмна рас-хва-лі-ва-лі-на-лі-вай...

БАГДАН. Памаўчы, даражэнькі. Ах, казала я, не давядзе гарэлка да дабра. Колькі сябе памятаю, заўсёды на гэтым стаяла.

МАРЫНА (Аляксею., Слухай, Лёха. Давай яшчэ вып’ем, а? Як гэта водзіцца сярод нас, сапраўдных мужчын. А потым і песенькі запяём. (Раве.) «Ой, сівы конь бяжыць...»

НАТАША. Марына, нейкі ён дзіўны сёння ў цябе.

БАГДАН. Вось дзе гуманоід. Гэта даюць аб сабе ведаць наступствы дзіцячай траўмы чэрапа... З каляскі ўпаў, галавой ударыўся.

МАРЫНА. Алёша, Алёша, давай вып’ем яшчэ.

НАТАША. Не, відаць, нам ужо час ісці.

АЛЯКСЕЙ. Сапраўды, я ўспомніў, у мяне сёння яшчэ справа адна ёсць.

БАГДАН. Разумею.

АЛЯКСЕЙ. А вам адпачыць бы як след, чуеш, Багдан? Багда-ан.

БАГДАН. Ён чуе, чуе.

НАТАША. Ну дзякуй табе, Марыначка, за стол. Усё было вельмі смачна. Я табе патэлефаную вечарам. Лёша, ты гатовы?

АЛЯКСЕЙ. Гатовы. Будзь, Багдан.

МАРЫНА (п’яным голасам). Да-паба-чэн-ня.

БАГДАН. Дзякуй, што зайшлі. Усяго добрага.

МАРЫНА (пачынае спяваць). Я мужчына! Я мужчына!

БАГДАН. Я сама спраўлюся. (Наташа і Аляксей выходзяць.)

МАРЫНА (працягвае спяваць). Я Марына! Я мужчына! Я мужчына і Марына!

БАГДАН. Ну што, надралася? А?

МАРЫНА. Я падтрымліваю імідж. Вып’еш?

БАГДАН. Каб мне выпіць прапаноўвала мая ж уласная жонка — дзеля гэатга варта было жыць.

МАРЫНА. Я табе не жонка.

БАГДАН. А хто?

МАРЫНА. Я табе муж! Гы-гы-гы.

БАГДАН. Хто?!

МАРЫНА. Муж. (Стукае кулаком па сталу.)

БАГДАН. Вось да чаго даводзіць алкаголь. Хоць зараз у псіхушку.

МАРЫНА. Дык вып’еш?

БАГДАН. Налівай.

МАРЫНА. Ты жанчына, табе палову. За моцную сям’ю. (П’юць.)

БАГДАН. А цяпер спаць. (Бярэ яе пад руку і выводзіць.) Што будзе, што будзе? Не, я мірыцца не згодны. Трэба нешта прадпрымаць, трэба змагацца! Я буду змагацца! Ты ідзеш?

МАРЫНА. Іду.

БАГДАН. Змагацца за гордае імя мужчыны!

МАРЫНА. Я мужчына!

БАГДАН. Не трэба.

МАРЫНА. Добра.

БАГДАН. Я буду змагацца! Бо мужчына — гэта не цела, не рукі і ногі...

МАРЫНА. А яшчэ...

БАГДАН. Я ведаю. Не, я не дазволю страціць свой гонар. Я застануся мужыком да канца! (Выводзіць яе ў спальню.)

МАРЫНА (са спальні). Тыца дрыца дра ца-ца...

 

Дзея 7

 

(Багдан выходзіць са спальні.)

 

БАГДАН. Не, мы яшчэ не падрыхтаваныя як след. Праўда, варта прызнаць, што магло быць і горш. Мне патрэбна выпіць. Праклятыя туфлі.. Ходзіш як на хадулях. О, блін, зноў калготкі парваў. Жонка заб’е. (Налівае сабе, раптам — званок.) Што за людзі, нармальна выпіць не дадуць. Хто там? Можа гэтыя што забылі? (Ідзе адчыняць, спыняецца.) Д’ябал, я ж забыў, хто я. (Прымае адпаведны выгляд.) Зараз, зараз, іду, іду... (Адчыняюцца дзверы, у пакой уваходзіць палюбоўнік.)

ПАЛЮБОЎНІК. О, нарэшце... (Хапае Багдана і цалуе яго).

БАГДАН. (зусім ашарашана). Прабачце...

ПАЛЮБОЎНІК. Дзе ён?

БАГДАН. Хто?

ПАЛЮБОЎНІК. Твой муж.

БАГДАН. Тут.

ПАЛЮБОЎНІК. Як, не на працы?

БАГДАН. Не на працы. Спіць...

ПАЛЮБОЎНІК. Я як ведаў! О, ты не ўяўляеш, як я знемагаў без цябе. Цэлы тыдзень без тваёй пяшчоты. Гэтая праклятая камандыроўка. Кожная клетачка майго цела сумавала без цябе. Я ўвесь час думаў пра цябе, дзень і ноч. Кожную хвіліну. А ты?

БАГДАН. Што я?

ПАЛЮБОЎНІК. А ты думала пра свайго галубка, пра свайго прынца, пра свайго Казанову? (Зноў хапае яго і прыціскае да сябе.)

БАГДАН. Ну як сказаць...

ПАЛЮБОЎНІК. Ён моцна спіць?

БАГДАН. Думаю, моцна.

ПАЛЮБОЎНІК. А чаму не на працы?

БАГДАН. Х-х-хварэў.

ПАЛЮБОЎНІК. Ну і д’ябал з ім. Ах, Марыначка, радасць мая, як я сумаваў па табе. Я ведаю, я ведаю, гэта вар’яцтва прыходзіць да цябе вось так, без званка, без дамовы. Але я не мог стрымацца. І акрамя таго, калі што — я з ЖЭСа, правяраю столь на вільготнасць, альбо на наяўнасць насякомых. «Дзень добгы, спадагства, насякомыя ў каватэгы ёсць?» (Смяецца.) Ну як?

БАГДАН. Няблага. Дык значыць на наяўнасць насякомых...

ПАЛЮБОЎНІК. Ведаю, нагода дурацкая. Але і ён у цябе не Ламаносаў.

БАГДАН. Хто?

ПАЛЮБОЎНІК. Муж. Ён праглыне. Ты ж сама гаварыла, што ён дурны, як корак.

БАГДАН. Праўда? А што я яшчэ гаварыла?

ПАЛЮБОЎНІК. Ну, што ён самадавольны асёл, што нават калі ён у ложку нас заспее голымі, яму дастаткова сказаць якое-небудзь глупства, і ён паверыць. Галоўнае, каб мы яму тэлевізар не закрывалі. Што абвесці яго вакол пальца лягчэй лёгкага. І вось цяпер ён так блізка.

БАГДАН. Нават бліжэй, чым ты сабе можаш уявіць.

ПАЛЮБОЎНІК. Слухай, Марына, ты нейкая дзіўная. Ты што, не рада мяне бачыць?

БАГДАН. Наадварот, ты нават не ўяўляеш, у які ўдалы момант ты прыйшоў. Я проста саромеюся. Сарамлівая я...

ПАЛЮБОЎНІК. Не заўважаў.

БАГДАН. Вып’еш?

ПАЛЮБОЎНІК. Ты ж ведеш, што я не п’ю, у адрозненне ад гэтага жлаба, твайго мужа.

БАГДАН. Ах, прабач, забыла. У апошні час такая рассеяная стала, мой коцік, забываю літаральна ўсё. Уяўляеш, нават не памятаю, калі мы з табой пазнаёміліся.

ПАЛЮБОЎНІК. Ну як жа! Тры месяцы таму ў бібліятэцы...

БАГДАН. А-а-а, вось чаму я так часта ў бібліятэку стала хадзіць. Хадзіла і хадзіла, хадзіла і хадзіла... Дысертацыю магла б ужо напісаць. А гэта аказваецца мы з табой... (Нервова смяецца.) Як гэта міла.

ПАЛЮБОЎНІК. Сапраўды, цудоўна. А памятаеш, як я прыходзіў к табе дадому?

БАГДАН. Ты прыходзіў ка мне дадому?

ПАЛЮБОЎНІК. І мы кахалі адзін аднаго ў тваёй спальні.

БАГДАН. Мы спалі на сямейным ложку?!

ПАЛЮБОЎНІК. Ты што, не памятаеш?

БАГДАН. Як жа, як жа... І часта?

ПАЛЮБОЎНІК. Марына, што з табой? Праўда, ты крыху не ў сабе, але нічога, зараз я цябе вылечу. Твой супермен прынёс табе лекі. Ідзі, ідзь да мяне, дай я цябе пацалую, дай абдыму.

БАГДАН. А раптам муж прачнецца. Ён у мяне раўнівы.

ПАЛЮБОЎНІК. Але дурны.

БАГДАН. Але вельмі раўнівы. А магчыма, не такі ўжо і дурны...

ПАЛЮБОЎНІК. Ну ідзі да мяне, я ўжо знемагаю ад жадання.

БАГДАН. Бачу, бачу. Але давядзецца пачакаць літаральна адну хвіліначку.

ПАЛЮБОЎНІК. Але чаму. Няўжо ты не прагнеш мяне?

БАГДАН. Прагну, прагну. Вельмі прагну. Толькі мне ў падвал трэба схадзіць. Я хутка.

ПАЛЮБОЎНІК. У падвал. Навошта?

БАГДАН. За сякерай. (Смяюцца.) За варэннем, мой галубочак.

ПАЛЮБОЎНІК. А можа, потым сходзіш?

БАГДАН. Не, не, зараз. Толькі ты мяне дачакайся. А потым я табе такое пакажу. У-у-у, адразу ўсе твае жаданні спраўдзяцца.

ПАЛЮБОЎНІК. А што ты мне пакажаш?

БАГДАН. Сюрпрыз. (Выходзіць.)

ПАЛЮБОЎНІК. Нешта тут не так. А, зразумела. У іх госці былі. Яна выпіла. Зразумела... (Выходзіць заспаная Марына, бачыць яго.)

ПАЛЮБОЎНІК. Дзень добры, я з ЖЭСа...

МАРЫНА. Ты што тут робіш? Ён жа можа ўбачыць цябе! Ах, як я па табе сумавала, мой любы! (Хапае яго і палка цалуе.)

ПАЛЮБОЎНІК (ашалела). А-а-а... Што, што такое...

МАРЫНА (не адпускае яго).Я ўвесь час думала пра цябе. У гэтым жыцці ты мая адзіная ўцеха, мая радасць. Толькі нельга, каб ён цябе ўбачыў!

ПАЛЮБОЎНІК. Хто?

МАРЫНА. Муж.

ПАЛЮБОЎНІК. А... вы хто? (У гэтую хвіліну ўбягае Багдан з сякерай.)

БАГДАН. Ага! Я вас застукаў — вы цалуецеся!

ПАЛЮБОЎНІК. Гэта не я — гэта ён!

БАГДАН. Дрэнь, сволач, прастытутка! Заб’ю!

МАРЫНА (палюбоўніку). Любы, бяжы.

ПАЛЮБОЎНІК (Багдану). Марына, ты што, гэта ж я, твой любы.

БАГДАН. Я ведаю. (Спрабуе ўдарыць яго сякерай, але прамахваецца).

ПАЛЮБОЎНІК. Яна з глузду з’ехала!

БАГДАН. Распусніца!

МАРЫНА (Багдану). Любы, ты не правільна зразумеў. Ён з ЖЭСа.

БАГДАН. Я правільна ўсё зразумеў. У бібліятэку яна хадзіла! Хай будзе пракляты той, хто навучыў цябе чытаць! У бібліятэку! Я цябе заб’ю! Цябе і твайго палюбоўніка!

ПАЛЮБОЎНІК. Марына, ды я яго першы раз бачу!

МАРЫНА (Багдану). Ды ты сам давёў мяне сваёй абыякавасцю!

БАГДАН. Прадажнае стварэнне! Значыць, я дурань? Так? Я асёл? Я жлоб? Я не заўважу? Праўда?

ПАЛЮБОЎНІК. Што яна такое гаворыць? Гэта ж вар’ятня!

БАГДАН. Стой, скаціна. Я ж табе абяцаў асалоду!

МАРЫНА (адчыняе яму дзверы). Любы, бяжы, бяжы, ратуй сваё жыццё. (Палюбоўнік уцякае. Марына хапае яго і яшчэ раз на развітанне цалуе.)

ПАЛЮБОЎНІК (канчаткова звар’яцелы). Ды гары ўсё агнём... (Уцякае.)

БАГДАН. Усё роўна я цябе заб’ю, няверная... (Ад бяссілля губляе сякеру.) Падманула. Мярзотніца! Я табе так верыў, а ты... (Пачынае плакаць.)

МАРЫНА. Ну Багдан, ну... Ты проста давёў мяне. Я ж табе гаварыла, а ты нічога... Я жанчынай перастала сябе адчуваць. Што мне было рабіць? Так атрымалася...

БАГДАН. Так атрымалася?.. Ілжывае стварэнне! Усё — толькі развод!

МАРЫНА. Немагчыма. Ад цябе ніхто не прыме заяву. Юрыдычна — гэта ты мне здрадзіў.

БАГДАН. Мярзотніца. Мы, мужчыны, такія даверлівыя...

МАРЫНА. Затое можаш радавацца. Пасля гэтага мой раман, я думаю, можна лічыць закончаным.

БАГДАН (усміхаецца). Сапраўды.

МАРЫНА. Толькі б бедны хлопец розум не страціў. Думаю, не ў кожнага нервы вытрымалі б такое. (Смяецца.)

БАГДАН. Няхай падзякуе, што жывы застаўся. Калі б я быў у сваім целе...

МАРЫНА. Ты б ні пра што не даведаўся. (Глядзіць навокал.) Ох, колькі тут прыбіраць...

БАГДАН. Слухай, Марына, ты што, сапраўды мяне лічыш такім дурным?

МАРЫНА. Ну што ты, што ты, мой сокал. Канешне, не. Гэта я так... Любому мужчыне падабаецца, калі яго суперніка паліваюць брудам. Гэта мужчынская псіхалогія. Нічога асабістага... Учора ты дурны, сёння — ён.

БАГДАН. Ну вы, жанчыны, і сволачы.

МАРЫНА. Уставай, пойдзем.

БАГДАН. Ты ведаеш, я сёння першы раз у маім жыцці пацалаваўся з мужчынам.

МАРЫНА. І што?

БАГДАН. Мне спадабалася.

 

(Заслона)

 

АКТ 2.

 

Дзея 8

 

(Прайшоў тыдзень. Выходзіць Марына, падыходзіць да люстэрка і глядзіцца.)

 

МАРЫНА. Прывітанне. Н-так... Нарэшце ў гэтым гарадку з’явіўся сапраўдны мачо. А нядрэнны, праўда? Каўбой. Я вось так магу. А яшчэ вось так! І вось так! А, не бачылі такога? Н-так... Такі патэнцыял прападае. Непарадак. Трэба патрэніравацца. Я на вуліцы, іду, іду, іду, бачу класнага маладога чалавека. Не, цяпер умовы не тыя. Бачу класную маладую дзяўчыну. Дзякуй Богу, я іх ведаю як аблупленых... Ідзе яна. А я... «Даражэнькая, не падкажаце, дзе тут бліжэйшы валютны банкамат?» А яна мне... (У гэты момант у пакой урываецца Багдан.)

БАГДАН. Пайшоў к д’яблу, казёл! (У яго падбітае вока і брудная, разарваная сукенка.)

МАРЫНА (ашарашана). Багдан!

БАГДАН. Каб ён праваліўся гэты горад, гэтая планета з усімі мужыкамі на ёй! А-а-а!

МАРЫНА. Божачкі, дарагая, Багдан, што з табой?

БАГДАН. Не пападайся пад руку! Папярэджваю, я зараз за сябе не адказваю? О, які я злосны! Ох, які я злосны! Я проста ў ярасці!

МАРЫНА (з жахам). Багдан, што ты зрабіў з маім целам? Яно ж сапсаванае...

БАГДАН. Спакойна. Затое я яму таксама рожу набіў. Ці набіла... Увесь час блытаюся! Ну, але ж не важна. Ты разумееш, ён мяне схапіў. А я яму ў нос! Потым каленам. У сківіцу! Па шыі! Зноў у нос! Яшчэ каленам! Хук! Бакавы... Бачыш? (Паказвае руку.) Гэта сляды ягоных зубоў у мяне на кулаку.

МАРЫНА. Чые сляды?!

БАГДАН. Ды кажу ж — ягоных зубоў!

МАРЫНА. Я пытаюся, чыіх зубоў?

БАГДАН. Ды мужыка гэтага. Чыіх яшчэ? О! (Дастае дастаткова ўнушальны пачак грошай.) Нядрэнна, а?

МАРЫНА. Што гэта? Багдан, ты ў кагосьці іх украла? Навошта?

БАГДАН. Выіграла! Усё справядліва. Зараз раскажу... Эх, дагэтуль кулакі гудзяць. Ты ведаеш, іду сёння з працы, і раптам такі сум па старому жыццю... Хоць вый. Дай, думаю, хоць у піўнуху зайду, як у былыя часы. Усё-такі гэта лепшае месца для настальгіі... Вырашыў па-старому — піва, так, альбо гароэлачкі...

МАРЫНА. Мяркуючы па паху, і піва, і гарэлачкі...

БАГДАН. Ну, мне дрэнна было. Самотна... Душа балела, што я мог зрабіць? А там усё па-старому. Усё тыя ж рожы... Толькі на мяне неяк дзіўна паглядзелі, спачатку... А потым нармальна, выпілі, разгаварыліся... Ты ведаеш, я там, аказваецца, карыстаюся вялікім поспехам. Праўда... Мне нават у каханні тры, не, чатыры алкаголікі прызналіся...

МАРЫНА. Сапраўды, гэта дасягненне.

БАГДАН. Табе такое і не снілася, паўда? Карацей, выпілі, слова за слова... І ўсё роўна душа чагосьці просіць! Хочацца чагосьці такога... Вось такога! Ну я і кажу: маўляў, стаўлю паўсотні, што наб’ю рожу любому мужыку з гэтай піўнухі! Уяўляеш? Я зразумела, чаго мне не хапала...

МАРЫНА. Цяпер, спадзяюся, табе дастаткова.

БАГДАН. Ты нічога не разумееш. Табе ўвогуле не дадзена зразумець, што патрэбна сапраўднаму мужыку. Гм, яны думалі, што я дзяўчына, што я размазня... Але я ім усім даказала! Я ім даказала, што ў гэтым свеце яшчэ ёсць жанчына, здольная пастаяць за сябе. (Паўза.) Шкада толькі, што жанчына — мужчына. Карацей, я выіграла пяцьдзесят да аднаго. Нядрэнна, праўда?

МАРЫНА. Ты паглядзі на сябе ў люстэрка, тэрмінатар.

БАГДАН. Д’ябал з ім. Жанчына можа быць жаданай у любым выглядзе. Галоўнае шарм... Зато хоць на хвілінку адчуў сябе ранейшым. Так, я — Багдан. І гэта гучыць горда!

МАРЫНА. Ідзі пераапраніся, гераіня.

БАГДАН. (Выходзячы, задаволена). І ўсё-такі, я яму два зубы выбіла! Уаў! (Выходзіць.)

МАРЫНА. Не хапае мне толькі байцовай жонкі. (Бярэ тэлефон і набірае нумар.) Алё, Лёха, прывітанне. Слухай, я сёння не змагу прыйсці. Ведаю, ну папрасі прабачэння там у хлопцаў. Не, я футбол па тэлеку пагляджу. Не магу, жонку трэба даглядзець. Нічога сур’ёзнага. Яна проста пабіла кагосьці ў піўной. Не, навошта з нагоды? Для асалоды... Ну, і за грошы. Увогуле, гэта складана растлумачыць... Але ты павінен мяне зразумець. Наташы толькі не кажы, добра? Ну пакуль. (Кладзе трубку. Крычыць.) Багдан, Багдан, як ты там? Вока не баліць?

БАГДАН. (Са спальні.) А ты ідзі сюды, разумнік. Я табе пакажу, як над беднай жанчынай здзеквацца...

 

(Марына выходзіць.)

 

Дзея 9

 

(Прайшло тры месяцы. Выходзіць Багдан, падыходзіць да люстэрка і прафесійнымі рухамі пачынае наводзіць макіяж.)

 

БАГДАН. Дурацкая туш, зноў раснічкі зліпаюцца. (Ацэньваюча глязіць на сябе.) Нішто сабе... (Крычыць Марыне.) Дарагі, дарагі, час прачынацца. Чуеш мяне, Марыначка? На працу спознішся... Уставай. (Выходзіць заспаная Марына.) Прачнуўся?

МАРЫНА. Чаго?

БАГДАН. Пракалупай вочы і паглядзі на гадзіннік. Час уставаць, на працу спознішся.

МАРЫНА. Нічога. Перажыве праца. Есці хачу.

БАГДАН. Сняданак на стале.

МАРЫНА. Малайчына, Багдан, цудоўная ты ў мяне жонка.

БАГДАН. Я ўвесь ранак на кухні правяла... І ты толькі гэта можаш сказаць?

МАРЫНА. А дзе піва?

БАГДАН. Марына, якое піва з ранку? Ты ж не алкаголік нейкі, з раніцы напівацца, а прыстойны малады чалавек. Падумай сам, Марына.

МАРЫНА. Не жаночая гэта справа, Багдан, меркаваць пра такія рэчы. Хто ў нас гаспадар у сям’і, у рэшце рэшт, ты ці я? Акрамя таго, у нас на працы ўвогуле так прынята. Забыла, ці што?

БАГДАН. Ах, гэтыя мужыкі. Часам сапраўдныя жывёлы.

МАРЫНА. Учора начальнік прыйшоў, усё дапытваўся, чаму офіс качаецца. Хацеў тэлефанаваць у архітэктурнае ўпраўленне. Але сакратарка адгаварыла. Ты ведаеш, ён спрабаваў пералічыць супрацоўнікаў — атрымаўся дроб. Так што ўсё нармальна.

БАГДАН. Звярынец. Якая я шчаслівая, што там ужо не працую. Не ведаю, як мне магло гэта падабацца? Дзякуй Богу, на маёй працы такога няма — дзяўчаты ўсе прыстойныя, добрыя...

МАРЫНА. Ага, языкі без касцей. Цьфу, выносіць гэтага не магу. Бабскія размовы.

БАГДАН. Марына, у цябе тыповы мужчынскі штамп. Не такія ўжо мы і пляткаркі. Проста навіны. Што ў гэтым дрэннага? Мне пасуюць гэтыя завушніцы?

МАРЫНА. Новыя? Я іх не насіў. Багдан, ты купіў сабе завушніцы?

БАГДАН. А ты лічыш, я павінна даношваць твае старыя рэчы? Хочаш, каб я хадзіла ў абносках? Вось як ты пра мяне клапоцішся! Гэта называецца муж, так, Марына?

МАРЫНА. Добра, добра, твае штучкі мяне не цікавяць.

БАГДАН. Раней цікавілі. Я табе купляла і сукенкі, і ўпрыгожванні.

МАРЫНА. Раней у мяне ўвогуле былі дурацкія інтарэсы.

БАГДАН. Ты называеш нашы жаночыя інтарэсы дурацкімі? Але я імкнуся быць прыгожай для цябе...

МАРЫНА. Херня.

БАГДАН. Марыначка, яны цябе і дрэннымі словамі навучылі лаяцца?!

МАРЫНА. А таму што надакучылі мне гэтыя сюсюканні, масюканні, штучкі, дручкі. Глупства гэта...

БАГДАН. Ладна, мой даражэнькі. Не кіпяціся. Хочаш што-небудзь на вячэру?

МАРЫНА. Галубцы.

БАГДАН. Я яшчэ не ўмею.

МАРЫНА. Што? Я цябе вучыць больш не буду. Хопіць! Ты — жанчына, ты і гатуй!

БАГДАН. Але дарагі, некаторым жанчынам мужы дапамагаюць на кухні. Гэта так цяжка... Паглядзі на мае рукі.

МАРЫНА. Ты мне не дапамагала, калі была мужчынам.

БАГДАН. Але я не ведала.

МАРЫНА. Вось і даведалася.

БАГДАН. Але Марына! Сапраўды, я была чэрствай, бессардэчнай! Але цяпер я ўсё зразумела. Усё зразумела. Магчыма, ты даруеш мне. Марына, ты апошнім часам перастала быць пяшчотная са мной. Увесь час праводзіш з маімі, ну, сваімі сябрамі. П’еш. Мне зусім дрэнна без тваёй пяшчоты. Мне адзінока. Я ведаю, я не маю права цябе абвінавачваць. Я сама была такім мужам. Але ўспомні, табе ж таксама было дрэнна ад маёй абыякавасці, ты плакала, няўжо ў цябе зусім няма суперажывання да мяне? Няўжо табе зусім мяне не шкада? (Плача.)

МАРЫНА. Добра, добра... Ну не плач, не плач... Ну, што ты. Божа, жаночыя слёзы гэта проста жах. Асабліва калі плача такая жанчына, як ты, Багдан.

БАГДАН. Мне адзінока. Я стамілася ад гэтай кухні...

МАРЫНА. Ну, супакойся. Я з табой.

БАГДАН. Праўда?

МАРЫНА. Канешне. І не важна, муж я табе ці жонка. Я кахаю цябе.

БАГДАН. Я таксама.

МАРЫНА. Хочаш, я навучу цябе гатаваць галубцы?

БАГДАН. Праўда, навучыш?

МАРЫНА. Шчыра кажучы, я таксама крыху засумаваў па кухні... Слухай, гэта цудоўныя завушніцы.

БАГДАН. Яны так пасуюць да тваёй шэрай сукенкі.

МАРЫНА. Толькі ты ведаеш, я падумаў... Не называй мяне больш Марынай.

БАГДАН. Чаму?

МАРЫНА. Не трэба. Глупства гэта нейкае. У рэшце рэшт, я мужчына. А тут такое імя — Марына. Учора новы кліент зайшоў. Запытаў, як маё імя. «Марына», — кажу. І няма ў нас ужо гэтага кліента. Карацей, калі ўжо мы памяняліся целамі, дык і імёнамі варта карыстацца адпаведнымі. Так я лічу.

БАГДАН. Магчыма, ты і маеш рацыю. Мне таксама крыху нязручна. Паслухай,.. Багдан.

МАРЫНА. Што?

БАГДАН. Я паглядзела па календару. Сёння ж наш юбілей.

МАРЫНА. Які юбілей?

БАГДАН. Сёння роўна тры месяцы з таго часу, як ты — мужчына, а я — жанчына. Памятаеш?

МАРЫНА. Праўда? Як час хутка ляціць? Хаця ты ведаеш, мне часам здаецца, што я ўсё жыццё быў мужыком. Што ў мяне ўсё жыццё была ранішняя эрэкцыя і валасатыя ногі.

БАГДАН. А я ніяк не магу прызвычаіцца да месячных. Так па-ідыёцку сябе адчуваю...

МАРЫНА. Ага, цяпер зразумела, што значыць у такі час ідыётская просьба, кшталту «пойдзем куды цямней».

БАГДАН. Цяпер я многае ведаю.

МАРЫНА. Слухай, а гэты хмыр, ну, каміваяжор. Што ён тады сказаў наконт гарантыі?

БАГДАН. Якой гарантыі?

МАРЫНА. Ну, што, маўляў, гарантыя на паслугі тры месяцы. Сёння гарантыя заканчваецца.

БАГДАН. Гэта значыць, што мы ўжо не зможам запатрабаваць нашы грошы назад. Я так і не змагла ўспомніць назву гэтай дурацкай кампаніі.

МАРЫНА. У любым выпадку, гэта патрэбна адзначыць.

БАГДАН. Толькі рамантычна, добра, Багдан? Няхай гэта будзе рамантычна. Я толькі зараз зразумела, якою цудоўнай бывае рамантыка. Я зраблю галубцы. І калі я сабе не адрэжу рукі ці што-небудзь яшчэ, мы адкрыем бутэльку віна, а потым, потым... Што потым? Мне спаць з маім былым целам? Не тое, канешне, каб я была ў захапленні. Не ведаю, як ты, а я сябе не надта ўзбуджаюся ад свайго выгляду. Але з іншага боку...

МАРЫНА. Добра, добра... Няхай будзе як ты пажадаеш, мая радасць. Д’ябал, колькі часу? Мне патрэбна бегчы... Пакуль...

БАГДАН. Я буду чакаць цябе, Багдан.

МАРЫНА. Бягу, бягу, бягу...

БАГДАН (бярэ тэлефон). Алё. Наташанька? Добры дзень, дарагая. Як справы? Так, так... Мой таксама на працу пайшоў. Ты не ўяўляеш... так, пагаварыла. Ды нібыта зразумеў, але ты ж іх ведаеш — кажуць адно... Кажуць, што кахаюць, што будуць ласкавымі, пяшчотнымі, што паклапоцяцца... Абяцаў мне рамантычны вечар. Так, так, з працягам... А ты чым займаешся? У краму збіраешся? А за чым? Дублёнку хочаш купіць? Гм, я таксама хачу. Дублёнку, кажу, хачу. Муж ніколі ж не паклапоціцца — гэта я па сабе ведаю. Пайду, канешне. Што, грошы? Ёсць, я пары выіграла. Як? Ну, ты не зразумееш. Так, сустракаемся каля крамы. Ну бывай, Наташанька. (Кладзе трубку. Думае, затым бярэ блакнот і набірае іншы нумар.) Алё... прывітанне, гэта я... (Там кладуць трубку.) Алё, алё... Паклалі трубку. Падлюга. (Набірае зноў, нясмела.) Алё, прывітанне. Не кідай трубку! Не кідай... Гэта я. Я вырашыла патэлефанаваць і папрасіць прабачэння. Я не хацела ганяцца за табой з сякерай. Я была не ў сабе. Не, я нічога гэтым не мела на ўвазе. Ты пакрыўдзіўся, мой сокал? Не разумею, на што тут крыўдзіцца... Ах, на мужа? Так, ён дзіўны. Але ён таксама быў не ў сабе. Але цяпер усё прайшло. Так, у абодвух... Ты ведаеш, я сябе адчуваю такой вінаватай перад табой. Мне хочацца загладзіць віну... Магчыма, мы сустрэнемся з табой, мой коцік? Не, не сёння... Заўтра. Так, гэта пачуццё... Я таксама хачу... Што ты зробіш са мной? Куды?!. бок.) Божа! (У трубку.) І ў мінулы раз я засталася жывая пасля такога? Дзіўна... Добра, паспрабуем. Усё, а цяпер мне патрэбна бегчы. Так, я табе яшчэ патэлефаную. Я цябе таксама цалую, мой супермен. Пакуль... (Кладзе трубку.) Гм, але як гэта? Гм, цікава...

 

(Выходзіць.)

 

Дзея 10

 

(Наступная раніца. Выходзіць заспаны Багдан. Ён зноў мужчына, але на ім жаночая начная сарочка і касметычная маска. Ён садзіцца і аўтаматычна пачынае фарбавацца.)

 

БАГДАН. Гэтая касметыка нікуды не годная! Ну што такое! Толькі ўчора тончык накладвала, а сёння скура як наждак. Гэтая маска ні да чаго не прыдатная. Трэба паспрабаваць маску з маласольных агуркоў. (Кліча.) Багдан! Багда-а-ан! Сонейка маё, прачынайся. Ты быў цудоўны. Я адчуваю сябе... Я адчуваю сябе... Неяк не так я сябе адчуваю. Але якая была ноч! Суцэльная рамантыка... Ах. Нарэшце я адчула сябе па-сапраўднаму жанчынай... Гэта так цудоўна адчуваць сябе жанчынай... Адчуваць сябе такой слабай, безабароннай у моцных руках мужчыны, што ні кажы, у гэтым ёсць свой шарм. Хочацца адчуць гэта зноў. Сёння раскажу дзяўчатам, вось яны мне пазайздросцяць. Багдан! Багдан! Коцік мой, прачынайся... Соня. І ўсё ж, што ў мяне з тварам. Нічога не разумею... Выглядаю, як пудзіла. Даражэнькі, ты спіш? Я ўчора так крычала, што голас сарвала. Прастудзілася, ці што... (Выходзіць Марына ў сямейных трусах і майцы, яна зноў жанчына, і яна адразу ідзе да стала.)

МАРЫНА. Паспаць не дадуць. Слухай, жонка, сёння ж субота?

БАГДАН. Правільна, дарагі, субота.

МАРЫНА. Значыць, футбол. Неяк я сябе не так адчуваю. Жывот баліць, ці што. (Глядзіць на сябе.) Марына, ідзі-ка сюды.

БАГДАН. Што такое?

МАРЫНА. А-ну, паглядзі.

БАГДАН. Што? Майка брудная?

МАРЫНА. У мяне грудзі.

БАГДАН. Багдан, у цябе што?

МАРЫНА. У мяне грудзі. Дзве.

БАГДАН. Дзе?

МАРЫНА. Вось.

БАГДАН. Так, сапраўды. У цябе грудзі. Дзіўна. А ў мяне?

МАРЫНА. А ў цябе няма.

БАГДАН. Як няма? А дзе яны?

МАРЫНА. І ўвогуле, штосьці ў табе не так.

БАГДАН. І ў табе штосьці не так.

МАРЫНА. Што мы ўчора пілі?

БАГДАН. Віно.

МАРЫНА. Падазрона... Значыць так, давай заплюшчым вочы, адкрыем і зноў паглядзім на сябе.. Пачакай не адкрывай. На раз, два, тры.

БАГДАН. Гэта мая начнушка. А ногі не мае. Нейкія валасатыя. Страшныя ногі. Я — не я. (Глядзіць уніз). Д’ябал, я мужчына! У мяне...

МАРЫНА. А ў мяне якраз няма.

БАГДАН. Гэта нешта азначае.

МАРЫНА. Гэта азначае... Гэта азначае, што я зноў жанчына. А ты — мужчына. Вось і ўсё што гэта азнача-а-е! (Пачынае стагнаць.) Я зноў жанчына-а-а...

БАГДАН (з радасным воплем пачынае скакаць). Я мужчына! Я мужчына! Якое шчасце! Цяпер усе даведаюцца, які я мужчына! Так, я заўсёды верыў, што гэта рана ці позна пройдзе. Бо сапраўдны мужчына застаецца мужчынам у любой сітуацыі! Нават у гэтай ідыётскай сарочцы. А галоўнае што? Галоўнае — годнасць. Не дарэмна я захоўваў яе, хаця гэта было і нялёгка... А з іншага боку...

МАРЫНА. Так, з іншага боку. (Уздыхае.)

БАГДАН. З іншага боку, як жа я цяпер без касметыкі?

МАРЫНА. А я без брытвы.

БАГДАН. І куды мне цяпер устаўляць завушніцы?

МАРЫНА. Так, зноў давядзецца мяняць усё жыццё. Перавучвацца. Прывыкаць да іншага імені. Спаць са сваім былым целам.

БАГДАН. І што мы цяпер будзем рабіць?

МАРЫНА. Сёння субота. Пойдзем на футбол.

БАГДАН. А потым я прыгатую вячэру.

МАРЫНА. Ты хацеў сказаць — я прыгатую.

БАГДАН. Не, мне падабаецца гатаваць. І шыць. Я звязала-ў світар для цябе. Гэта павінен быў быць прыемны сюрпрыз. (Паўза.) Ён мне павінен спадабацца...

МАРЫНА. У любым выпадку, дзякуй.

БАГДАН. Ты ведаеш, я думаю, усё-такі нядрэнна, што яно так атрымалася. Мы шмат чаму навучыліся. Я многае зразумеў.

МАРЫНА. Спадзяюся.

БАГДАН. Асабліва гэтыя менструальныя мігрэні... Нешта жахлівае.

МАРЫНА. Ну, хоць гэта зразумеў.

БАГДАН. І ўсё-такі адна рэч мяне бянтэжыць.

МАРЫНА. Што?

БАГДАН. Я цалаваўся з мужчынамі.

МАРЫНА. Херня. А я — з жанчынамі.

БАГДАН. З якімі?

МАРЫНА. З табой.

БАГДАН. Гэта наводзіць на роздумы. (Пачынаюць смяяцца.)

МАРЫНА. Ну і хто мы пасля гэтага?.. (Смяюцца.) Я зараз вярнуся... (Багдан адзін. Званок у дзверы. Багдан аўтаматычна адчыняе. Там палюбоўнік.)

ПАЛЮБОЎНІК. Э...

БАГДАН. Заходзь. (Паўза.) Гарбаты, кавы, гарэлкі? Не?

ПАЛЮБОЎНІК. Марына... Марына, Божа... Да гэтага часу не веру... Як у гэта можна паверыць? Ты тэлефануеш мне і мужчынскім голасам і расказваеш гэтую фантастычную гісторыю. Гэта ж фантастыка! Проста неверагодна! Як гэта — перасяленне... Так, так, так, я чытаў пра гэта. Відавочнае неверагоднае, астрал, рэінкарнацыя, марсіяне...

БАГДАН. Ага.

ПАЛЮБОЎНІК. Фантастыка... У жыцці б не паверыў. І не паверыў! Думаю, пакуль сам, на ўласныя вочы не пабачу... Гэта і праўда ты?

БАГДАН. Я

ПАЛЮБОЎНІК. Які жах.

БАГДАН. А то...

ПАЛЮБОЎНІК. Ну і як табе?

БАГДАН. Нармальна.

ПАЛЮБОЎНІК. Ты не падумай, Марына, я буду кахаць цябе ў любым выглядзе.

БАГДАН. Праўда?

ПАЛЮБОЎНІК. Ну... так бы мовіць, платанічна.

БАГДАН. Малайчына.

ПАЛЮБОЎНІК. А можа, мы застанемся проста сябрамі?

БАГДАН. Што?

ПАЛЮБОЎНІК. Жартую... Марына, ты мне лепей раскажы ведаеш што, як табе ў тваім мужы... жывецца. Я ўявіць сабе не магу: ты такое мілае, эфемернае, трапяткое стварэнне ў клетцы гэтага махнатага, бруднай пачвары. Скажы, гэта вельмі балюча?

БАГДАН. Не вельмі.

ПАЛЮБОЎНІК. Але, напэўна, так непрыемна. Ты прабач за той інцыдэнт. Я тады ўсё расказаў твайму мужу. Але я ж не ведаў! Я не ведаў! Адкуль я мог ведаць? Гэтая сволач скарыстала твай цела! Адкуль я мог ведаць?

БАГДАН. Справядліва.

ПАЛЮБОЎНІК. Больш за тое, ён сам спрабаваў мяне спакусіць!

БАГДАН. Праўда?

ПАЛЮБОЎНІК. Сур’ёзна! Уяўляеш? Маньяк! Патаскун! Я калі даведаўся, калі ты мне патэлефанавала і адкрыла вочы, я... У мяне няма слоў! Жах... Як падумаю... Я таму і прыйшоў. Я прыйшоў яму сказаць, ведаеш што, Марына, ведаеш, што я яму скажу проста ў твар?

БАГДАН. Ну.

ПАЛЮБОЎНІК. Я скажу, сапраўды, я з табою спаў, але ты мяне падмануў, скарыстаўшы цела той, якую я кахаў, кахаю і буду кахаць. Ведай, скажу я яму...

БАГДАН. Ну, ну.

ПАЛЮБОЎНІК. Ведай, я буду кахаць тваю жонку ў любым абліччы. Так! Паколькі для мяне галоўнае — яе душа, яе ўнутраная прыгажосць, яе абаяльнасць, яе каханне! О, Марына, даруй мне, калі зможаш! Прабач, я здрадзіў табе, але здрадзіў з тваім мужам! Ці зможаш ты дараваць мне пасля таго?! О, Марына! (Падбягае да Багдана і спрабуе яго абняць.)

БАГДАН. (Не падпускае яго.) Пачакай. (Уваходзіць Марына.)

МАРЫНА. Сонца маё, у нас што, госці?

БАГДАН. Ага.

ПАЛЮБОЎНІК. Што гэта значыць? (Паўза.)

БАГДАН. Сядайце, малады чалавек, зараз будзем размаўляць.

ПАЛЮБОЎНІК. Ды я...

БАГДАН. Сядай, сядай, мой коцік, пагуляем ва ўгадайку...

 

(Нямая сцэна. Зацямненне.)

 

Фінал.

 

(Выходзіць Выканаўца жаданняў, а за ім выбягаюць Багдан і Марына.)

 

МАРЫНА. Ну, пастойце...

БАГДАН. Гэй... Пачакай ты...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Ды ачапіцеся ад мяне!

БАГДАН. Ну паглядзі на мяне. Пазнаеш? Ну паглядзі!

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Ды я вас бачу першы раз.

МАРЫНА. А мяне?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. І вас. Такі мілы твар я б ніколі не забыў... (Спрабуе пайсці.)

БАГДАН. Але ты ж да нас заходзіў, тры месяцы таму. Тваё імя Дзмірый. Ты — каміваяжор. З фірмы з гэтай ідыёцкай «Вішс Гм-лізэйшн». Ну ці нешта накшталт таго... Ты нам патэльні прапаноўваў...

МАРЫНА. Пыласос.

БАГДАН. Так. Пыласос. Памятаеш? З рухавіком ад самалёта... А потым жаданне нам выканаў. Ну, паслуга такая ў гэтай фірмы. Нас камп’ютэр выбраў. Па вачах бачу — ты памятаеш.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. (Б’е сябе па ілбе.) А-а-а!

БАГДАН. Ну...

МАРЫНА. Ён успомніў!

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Скажыце праўду, вы з псіхушкі? Так?

БАГДАН. Ты не памятаеш?

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Я прыехаў у горад месяц таму, я доктар, маё імя Аляксандр Уладзіміравіч, і я вас ніколі ў сваім жыцці не бачыў.

БАГДАН. Я разумею, ты баішся нам адкрыцца. Ты думаеш, мы на цябе раззлаваліся пасля таго. Ну, ты сам разумееш...

МАРЫНА. Сапраўды, нам шмат чаго давялося вынесці...

БАГДАН. Напрыклад, абцасы. Я падаў разоў трыста. А потым ліфчыкі, чулкі, пазногці.

МАРЫНА. А я брытву, валасы пад мышкамі і «маланку» на шырынцы...

БАГДАН. Але мы на цябе зусім не злуёмся. Гэта ж дробязі. На што тут злавацца?

МАРЫНА. Адкрыйцеся нам...

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Мне сапраўды час ісці. Вы, канешне, прыемныя людзі, але, дзякуй Богу, у мяне як раз важная справа... (Зноў спрабуе пайсці.)

БАГДАН. (Кідаецца яму ў ногі і крычыць.) А-а-а... Вярні ўсё назад! Калі ласка. Калі ласка. Я ўсё дарую. Я заплачу. Мы заплацім. Вярні ўсё назад.

ВЫКАНАЎЦА ЖАДАННЯЎ. Што вы робіце? (Уцякае.) Псіхі!

МАРЫНА. Стой...

БАГДАН. Ну, пачакай. Як там цябе... Эй. Стой! Мы купім твае патэльні...

 

P. S.

 

(Прайшоў нейкі час. Выходзяць Марына і Багдан.)

 

МАРЫНА. Як справы?

БАГДАН. Усё нармальна... Не, сапраўды... Вось толькі адно мяне клапоціць.

МАРЫНА. Што?

БАГДАН. Не, ты не палохайся, нічога страшнага... Мне сёння было дрэнна.

МАРЫНА. І што?

БАГДАН (паўза). І вельмі хочацца салёненькага (Нямая сцэна.)

 

Парад Але.

2002

Пераклад: Таццяна Команава
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая