epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Курэйчык

Згублены рай. Драма ў чатырох актах

З'яўленне ў літаратуры новага яркага імя заўсёды падзея, з'яўленне ж яркай творчай асобы ў драматургіі - удвая. Драматургія (вызначэнне належыць не мне) - вышэйшы літаратурны жанр. Яна ўбірае ў сябе і паэзію, і прозу, і публіцыстыку, і псіхалогію, і філасофію, і рэлігію, мінулае, цяперашняе і будучае. Яна - жыццё. І хто прысвячае гэтаму жанру сваё жыццё творчае, па-юнацку максімалістычна замахваецца на ўсебаковае спасціжэнне нават не жыцця свайго Народа ці чалавецтва, а спрабуе спасцігнуць увесь Сусвет, Чалавека ў ім і самыя-самыя галоўныя пытанні, якія заўсёды стаяць і будуць стаяць перад Чалавекам.

Андрэю Курэйчыку - 21 год. Гэта вы адчуеце, прачытаўшы яго «Загублены рай». І адчуеце не па нейкіх хібах, якія заўсёды бываюць у пачаткоўца, а па ўзнёсласці, зноў жа юнацкім максімалізме і вострым адчуванні Тэатра. Асабіста ў мяне было меркаванне, што п'есу стварыў акцёр, а калі не акцёр, то фанатык тэатра.

Андрэй Курэйчык - студэнт 5-га курса юрыдычнага факультэта БДУ. Ён яшчэ раз даказаў, што адчуванне тэатра - рэч прыроджаная, якой нельга навучыцца хоць ты пяць літінстытутаў скончы і пераглядзі ўсе тэатральныя пастаноўкі ў свеце! Гэта дар. І гэта адказнасць.

Роўна дваццаць гадоў таму Андрэй Ягоравіч Макаёнак напісаў мне на сваім двухтомніку: «Шчыра веру ў твой добры талент і жадаю, каб менш цяжкасцей і перашкод было на тваім шляху». Думаю, што маю права пераадрасаваць словы Мэтра свайму маладому калегу і ад сябе дадам, што ўсе знешнія цяжкасці і перашкоды нішто ў параўнанні з унутранымі, сваімі ўласнымі. Аднак веру, што малады драматург пераадолее іх. І дапамажы яму ў гэтым тэатральны талент і Гасподзь Бог.

 

Аляксей Дудараў

Дзейныя асобы:

 

Адам

Ева

Каін

Авель

Гасподзь

 

Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: атрымала я чалавека ад Госпада. І яшчэ нарадзіла брата яго Авеля. І быў Авель пастыр авец, а Каін быў земляроб. Праз нейкі час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду. І Авель таксама прынёс ад першародных ад статку свайго і ад тука іх. І ўпадабаў Гасподзь Авеля і дар ягоны, а Каіна і дар ягоны не ўпадабаў. Каін вельмі засмуціўся і схіліўся твар яго. І сказаў Гасподзь Каіну: чаму ты засмуціўся? І чаго схіліўся твар твой? Калі робіш добрае, хіба не падымаеш твар свой? А калі не робіш добрага, дык каля дзвярэй грэх ляжыць, ён заклікае цябе да сябе, але ты будзь уладаром над ім. І сказаў Каін Авелю, брату свайму: пойдзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго...

Быццё 4:1-8

 

АКТ 1. ЕВА

 

Дзея першая

 

Жытло Адама. Ева адна, завіхаецца каля агменю, гатуе ежу.

 

ЕВА (сама сабе). Так, так... Яшчэ вады. Здаецца, атрымалася. Агонь надта вялікі. Вось, так лепей... (Расстаўляе міскі, кліча.) Дзеці, дзеці мае, есці...

 

Уваходзіць Каін.

 

(Да Каіна.) Сядай сынок... Зараз усё будзе гатова.

КАІН. Як ты, мама?

ЕВА. Я? Я добра...

КАІН. Ты стамілася?

ЕВА. Не, зусім не стамілася. Ды й за шчасце мне вас, дзетак сваіх, карміць. Не, я не стамілася. Гасподзь Бог жанчыну такой стварыў і наказаў клапаціцца пра мужа свайго і пра дзяцей. Вось я і клапачуся...

КАІН. Дзякуй табе, мама. Толькі мы ўжо выраслі.

ЕВА. А, мужчыны што маленькія, што дарослыя - догляд адзін.

КАІН. Мне таксама хочацца пра цябе клапаціцца.

ЕВА. Ах ты мой хлопчык, радасць мая. Што б я без цябе рабіла? Вось так прытулю галаву тваю да грудзей, запушчу пальцы ў твае кучаравыя валасы, і так хораша... Так хораша на душы робіцца.

КАІН. Чаму?

ЕВА. Таму што кроў ты мая і плоць. Таму што нара-джала цябе ў пакутах і крыві.

КАІН. А брата?

ЕВА. І брата... Паслаў Бог нам з бацькам тваім двух сыноў: аднаго дзікага, каб застрашыць мяне і бацьку твайго, паслаў, каб не забывалі... І цябе, анёла, каб суцяшаў нас і праганяў журбу і смутак наш.

КАІН. Брат пераменіцца.

ЕВА. Думаеш...

КАІН. Ён дзёрзкі. Аднак ён зразумее.

ЕВА. Не, сынок. Я ведаю, я адчуваю, сэрцам маці адчуваю, каго я нарадзіла. Ён буян, ён нястрыманы, ён жорсткі. Ён ганарыцца перад намі, хаця мы і бацькі яго. Перада мной, якая ў страшных, надзвычай страшных, сынок, вялікіх пакутах дала яму жыццё. І вось ён вырас, а мой боль усё не сціхае. Не ведаю…

КАІН. Мама, я не дазволю яму.

ЕВА. Што ты, што ты...

КАІН. Сапраўды, я не дазволю з вамі дрэнна абыхо-дзіцца. Ніколі! Чуеш? Чэсна. Я прымушу, я прымушу яго зразумець, што нельга быць злым. Ён зразумее... У яго ёсць сэрца. Я...

ЕВА. Што ты, сынок. Нават і не думай. Не пярэч яму, не пярэч брату.

КАІН. Так нельга.

ЕВА. Я малю цябе. Не трэба, не пярэч яму. Ён заб'е цябе. Хай сам думае. Можа, ён сам потым пашкадуе. З узростам жа людзі мяняюцца... Ды і падумай пра мяне. Як жа я без цябе? Як жа мы з бацькам без цябе? Радасць мая! Паабяцай, што не будзеш сварыцца з братам.

КАІН. Добра, я не буду, калі ты так жадаеш. Я ўпэўнены, што гэта ў яго пройдзе.

ЕВА. Вядома. Бог злітуецца. Ён абразуміць яго.

КАІН. Я буду маліцца за гэта.

ЕВА. На вось, Каін, я табе прыгатавала лепшы кавалак...

 

Нечакана ўваходзіць Авель. Ён аграмадны і дужы. У яго на плячах туша забітага быка.

 

Дзея другая

 

АВЕЛЬ. Каму гэта лепшы кавалак? Га?

ЕВА. Дзень добры, Авель. Праходзь, ежа гатовая.

АВЕЛЬ. Прывітанне, брат Каін. Усё ясі...

КАІН. Дзень добры.

АВЕЛЬ. Дык каму гэта лепшы кавалак? Га? Мама? Ты ж хацела сказаць мне, праўда? (Падыходзіць да Каіна.)

КАІН. Ты добра чуў каму.

ЕВА. Каін, аддай яму.

КАІН (Авелю). Ты чуў каму.

ЕВА. Каін, аддай яму, я прашу цябе.

АВЕЛЬ. Чуеш, братка? Цябе мама просіць. Ці, можа, ты хочаш, каб цябе папрасілі мае кулакі?

ЕВА. Аддай яму.

КАІН. Але...

ЕВА. Аддай! (Каін аддае.)

АВЕЛЬ. Вось так, малайчына, добры братка. Запомні-це, лепшыя кавалкі павінны належаць лепшаму. Хіба не мяне стварыў Бог такім моцным? Я магу разадраць пашчу ільву. Хіба не я прыношу ў гэты дом мяса, якое ядуць усе? Я вас кармлю. Мой статак і маё паляванне вас корміць. Мы б і двух месяцаў не працягнулі на поліўцы з зерня, якой ты нас частуеш, братка. І цяпер тут хаваюць ад мяне маё ж мяса? Гэта справядліва?

ЕВА. Даруй, сынок...

КАІН. Мама, але ж ён...

ЕВА. Маўчы.

АВЕЛЬ. Не, навошта ты яму рот затыкаеш? Хай гаворыць, калі яму ёсць што сказаць. Маўчыш? Ну й маўчы... Запомніце, даведаюся, што такое яшчэ раз адбылося - наракайце на сябе. Я не дапушчу несправядлівасці!

ЕВА. Ну што ты, Авель, сынок мой...

АВЕЛЬ (адмахваецца ад яе). Не трэба, не трэба. Вунь у цябе ёсць любімчык - Каін. Ён умее падлізацца, сказаць патрэбныя словы. Таму ты яго і любіш. А я чалавек шчыры, чыстасардэчны. Бога люблю. Справядлівасць люблю. Паляванне люблю. Балбатуноў не люблю. І гультаёў не люблю. (Каіну.) Чаго глядзіш на мяне?

ЕВА. На вось, еш. Як статак, як тваё паляванне?

АВЕЛЬ. Добра, і статак добра, і паляванне. Гэтага (паказвае на тушу) загнаў ля паўночнай скалы. Галаву праламаў, кулаком. Вучыся... Гэта табе не матыкай зямлю калупаць.

ЕВА. Ну ешце, ешце... Тут яшчэ многа.

КАІН. А хіба бацька не будзе з намі есці?

ЕВА. Не.

АВЕЛЬ. Ён ізноў пайшоў?

ЕВА. Пайшоў.

АВЕЛЬ. Ну й няхай. (Каіну.) Ну чаго ты на мяне як звер глядзіш?

КАІН. Ды не, што ты.

АВЕЛЬ. Не трэба, я ж люблю цябе. Давай, сядай бліжэй, на, бяры гэты кавалак, тут болей мяса.

КАІН. Не хачу, я сыты.

АВЕЛЬ. Еш, еш. А то кволы ты, худы, нібы яшчарка. Трэба есці мяса, тады станеш дужым, як я. Зірні якія мускулы, га? Жалеза магу гнуць. А ў цябе?

КАІН. А навошта мне яго гнуць, калі я яго плавіць па форме ўмею.

АВЕЛЬ. Так, на такія штучкі ты майстра. Вечна як выдумаеш што-небудзь... Хм.

КАІН. Я і сёння прыдумаў. Чуеш, мама?

ЕВА. Усё чую.

КАІН. Зараз пакажу. (Бяжыць, дастае штосьці са свайго мяшка і прыносіць.) Вось.

АВЕЛЬ. Што гэта? Ну дай, пакажы. (Адбірае.)

КАІН. Асцярожна.

АВЕЛЬ. Нічога... Зробіш новую. Усё адно дома седнем сядзіш, пакуль пасеянае на тваім полі не вырасце. Што гэта? Палка нейкая з дзіркамі.

КАІН. Дай пакажу.

АВЕЛЬ. Ну. (Аддае.)

КАІН. Мама, падыдзі сюды. Я зараз усё пакажу.

АВЕЛЬ. Гэта ты любіш. Ну.

КАІН. Апошнім разам хадзіў я на поле, на тое, што за кедравым лесам. Я пасеяў там хлеб, стаміўся. Паклаў скуру быка і прылёг. На небе зоркі. Ціха, ціха... І раптам чую гук, нібыта спявае нехта, ціхенька так. Голас як у жанчыны або ў птушкі. То заспявае, то сцішыцца, і слоў не разабраць. Я ўстаў, прыслухаўся - гукі з гаю перад лесам. Я - туды. Усё абышоў, абшукаў усе кусты. І не магу зразумець, адкуль гэтыя гукі.

АВЕЛЬ. Ды падалося табе - ясней яснага. Ці птушка нейкая ў кустах спявала, а потым зляцела.

КАІН. Не, гукі не знікалі. І раптам я зразумеў. Там дрэва было, яго зваліў вецер, даўно ўжо. Яно засохла, а адзін сучок - пусты ўсярэдзіне. Пусты, і калі гуляе вецер, з яго гук гэты дзівосны і вылятае. Гэта ён. Вось паслухайце... (Падносіць да вуснаў і пачынае іграць.)

 

Паўза.

 

ЕВА. Госпадзі, вялікая сіла Твая... Як жа прыгожа. Дзякуй Табе, Госпадзі, што блаславіў яго...

АВЕЛЬ. Ну, брат, і знаходлівы ж ты. Толькі мелодыя гэтая нейкая сумная. Тужлівая песня. Аж сэрца сціскае. Не падабаецца мне яна.

КАІН. Дык я іншыя мелодыі прыдумаў. Вясёлыя. Табе спадабаюцца, Авель, паслухай. (Пачынае іграць вясёлую музыку.)

АВЕЛЬ. Нішто сабе...

ЕВА. Як хораша іграе, Госпадзі! Сэрца радуецца.

АВЕЛЬ. Дальбог хораша! Давай, давай, іграй... Хораша! (Ускоквае, пачынае скакаць.) Малайчына, малайчына, брат! Іграй! (Яго скокі робяцца ўсё больш заўзятымі і шалёнымі. Да Евы.) Мама, хадзі сюды. Ну патанцуй! Хораша танцуеш! (Каіну.) А ты іграй! Весялей іграй, я сказаў весялей! Яшчэ, яшчэ! Эх, братка! (Хапае Каіна, падымае яго, сціскае ў руках.) Іграй давай, іграй, бо весела!

ЕВА (спыняецца). Авель, пакінь яго! Ты ж яго задушыш. (Той не чуе яе. Каін іграе з апошніх сіл, збялеў, спрабуе вырвацца, і ўрэшце пачынае крычаць ад болю.)

АВЕЛЬ (як звер). Я сказаў табе іграць! Чуеш?! Іграць! (Сціскае яго яшчэ мацней.)

ЕВА. Ты задушыш яго! Пакінь! Кінь!

АВЕЛЬ. Не, хай іграе! (Каін нема крычыць і млее.)

 

Уваходзіць Адам.

 

Дзея трэцяя

 

АДАМ. Што тут робіцца?

ЕВА (Авелю). Што ж гэта, ты задушыў яго?! (Кідаецца да Каіна, цела якога Авель нарэшце адпускае.) Госпадзі, Авель! Ты забіў яго! Каін, Каін... Дзіця маё, Каін! Госпадзі не дапусці! Госпадзі, малю цябе, не дай яму памерці! Забяры ўсё маё, забяры мяне - пакінь яго. Госпадзі!

АВЕЛЬ (Агаломшана). Я... Я не хацеў. Я не...

КАІН (пачынае дыхаць). Мама...

ЕВА. Сынок!

КАІН. Не плач, мама. Я жывы. Гасподзь не прыняў мяне.

ЕВА. Жывы! (Плача, цалуе яго, абдымае.) Жывы... А я так напужалася, што не будзе цябе.

КАІН. Не трэба.

АВЕЛЬ. Я не хацеў. Брат, ну даруй мне. Сам не разумею, як забыўся... Сілы сваёй не чую. Здаецца, лёгенька так узяў.

КАІН. Нічога, нічога... Усё добра. Мне толькі... Мне аддыхацца трэба. Я выйду, на паветра выйду ненадоўга. Потым вярнуся.

ЕВА. Мне пайсці з табой?

АДАМ.. Няхай сам ідзе.

КАІН. Ага, лепш я сам... (Выходзіць.)

ЕВА (яму наўздагон). Каін...

АДАМ. Хопіць, пакінь яго, Ева, ён не дзіцёнак. (Авелю.) Як твой статак?

АВЕЛЬ. Тлусцее. Я знайшоў новы выпас на поўначы. Сакавітая там трава, добрая паша. Дзікія быкі пасвяцца. Вунь. (Паказвае на тушу.) Голымі рукамі бяры... Добрая паша.

АДАМ. Пільна сачы, я ўчора ваўкоў за пагоркамі бачыў. Акурат на поўначы.

АВЕЛЬ. Шмат?

АДАМ. Шмат.

АВЕЛЬ. Можа, абыдуць.

АДАМ. Можа...

ЕВА. (Адаму). Есці будзеш? Дзеці паелі ўжо.

АДАМ. Не, стаміўся я.

ЕВА. Ну што ты, муж мой, зусім засумаваў?

АВЕЛЬ. І то праўда, бацька. Можа, табе віна паднесці? Дзікі вінаград добра душу весяліць. Ці не, лепш паклічам Каіна. Ён такую дудку выдумаў... Я скажу, ён зайграе. Весела будзе. Толькі вы потым мяне трымайце, а то і сапраўды прыдушу каго-небудзь незнарок. Ну дык што? Хочаш паклічу?

АДАМ. Нічога не трэба. (Кладзецца.) Мне добра… Вы размаўляйце. А я паляжу, усё-ткі не малады ўжо.

ЕВА. Можа, малака?

АДАМ. Не.

ЕВА. Давай я табе накрыю ногі... Ноччу будзе холадна... (Накрывае яго.)

АВЕЛЬ. А па мне, дык хай сабе ноч, хай сабе дзень, хай сабе дождж, хай сабе снег - я магу спаць. Засну і не заўважу... Увогуле не разумею, навошта патрэбна жытло? Расклаў агонь у полі каля ручая - і ўсё...

ЕВА. Мы не маладыя, Авель. Мы не зможам у полі, мы нашмат слабейшыя за цябе.

АВЕЛЬ. Так, я дужы. Дзіўна. Як быццам я не ваш сын.

АДАМ. Ева, дай мне вады.

ЕВА. Зараз, вось. (Дае яму напіцца.) Ты ведаеш, Адам, я сёння бачыла сон.

АДАМ. Сон?

ЕВА. Так, звычайна я хутка забываю свае сны. А гэты вось і цяпер яшчэ перад маімі вачыма. І дзіўны такі сон. Як быццам я дзяўчынка... Ты ведаеш, Адам, я памятаю сябе толькі дарослай жанчынай, я не памятаю свайго дзяцінства, быццам бы яго зусім не было... Так дзіўна... А тут я дзяўчынка. І я іду голая па нейкай бязмежнай раўніне. Зямля цёплая і мяккая пад маімі нагамі, быццам па жывым крочу... Ноч. Зоркі яркія-яркія... І неба такое глыбокае. І я іду, маленькая, голая, і раптам бачу перада мной агромністы леў б'ецца з кракадзілам. У іхніх вачах ярасць і шаленства. Яны ірвуць адзін аднаго... Я адчуваю, як пырскі іх крыві трапляюць на мой твар і на мае грудзі... Гэтая кроў... Яна нібыта кіпень абварыла мяне. Мне стала горача. Я адчула... узбуджанасць.

АДАМ. Узбуджанасць?

ЕВА. Так, саромную ўзбуджанасць... Нібыта ад мужчынскай пяшчоты. І чым болей я глядзела на гэту бойку, тым больш гэтай крыві лілося на мяне, тым мацней мяне апаноўвалі жарсць і гарачае жаданне. Я заплюшчыла вочы, а калі расплюшчыла іх, - пачвары былі ўжо мёртвыя. І на маіх вачах з іх парваных целаў прарастала агромністая кветка. Яна была самая цудоўная з усіх, што я бачыла. Пялёсткі свяціліся, а водар яе быў чароўны. Я падышла бліжэй... Сцяблінка выгнулася, нахілілася да мяне, пупышка раскрылася і там, у кветцы, ляжала маленькае дзіцятка...

АДАМ. Дзіцятка?

АВЕЛЬ. Адкуль у кветцы дзіцё?

ЕВА. Так, хлопчык. Ён не плакаў, ён усміхаўся. Ён працягваў да мяне свае ручкі... Ён быў такі прыгожанькі, кучаравінкі залатыя... Здавалася, ён увесь свяціўся. Я ўзяла яго на рукі. Ён быў цяжкі... Для мяне, я ж была зусім дзяўчынка. Ён пачаў шукаць роцікам мае грудзі, але ў мяне яшчэ не было малака. Я падумала, што ён галодны. Я расплакалася, што не магу яго пакарміць. Я плакала ўсё мацней, мае слёзы цяклі па твары, змешваліся з крывёй забітых пачвар і падалі на дзіцятка. Адна сляза ўпала на яго губкі. Ён праглынуў і раптам сказаў мне, я памятаю, ён сказаў (Паўза.): «Не плач, Ева, табе ёсць суцяшэнне. Гэтая кроў і сляза будуць цяпер у кожным». І я прачнулася.

АВЕЛЬ. Дзіўны сон, мама. І нічога не зразумела.

АДАМ (устрывожана). Больш ён нічога не сказаў?

ЕВА. Не. Што гэта можа азначаць, Адам?

АДАМ. Нічога. Проста сон.

ЕВА. Але...

АДАМ (груба). Гэта проста сон! І не варта вяртацца да яго! Чуеш, Ева? Забудзь...

ЕВА (ціха). Добра.

АДАМ. Заўтра трэба будзе скурамі заняцца, а то пагніе ўсё.

ЕВА. Добра.

АДАМ. Толькі авечыя скуры будзем вырабляць асобна ад бычыных.

АВЕЛЬ. Як хочаце. А я заўтра пачну перагон статка на новую пашу.

АДАМ. Надоўга пойдзеш?

АВЕЛЬ. Дзён на дзесяць.

АДАМ (Еве). Прыгатуеш яму ежу. А заўтра з Каінам зоймемся скурамі. (Чуваць як выюць ваўкі.)

АВЕЛЬ. Ого. Пайду зірну статак. А то ваўкі... (Устае і выходзіць.)

 

Дзея чацвёртая

 

ЕВА (падыходзіць да Адама і сядае каля яго ног). Адам, Адам...

АДАМ. Што?

ЕВА. Адам, мне страшна.

АДАМ. Што такое? Ён прагоніць ваўкоў.

ЕВА (усміхаецца). Ваўкоў… (Паўза.) Я баюся, Адам. Я ўжо немаладая. Паглядзі на мяне, паглядзі на маё цела, на мае рукі, на мой жывот, на мае грудзі, на мой твар. Усё змянілася... Я старэю... Так страшна... Я баюся, што хутка... (Ёй цяжка гаварыць.) Хутка я ўжо не змагу мець дзяцей.

АДАМ. Пра што ты гаворыш?

ЕВА. Гэты сон. Сон, дзе я дзяўчынка... І гэтае дзіцятка. Я не зразумела яго.

АДАМ. Тут няма чаго разумець, забудзь.

ЕВА. Адам, я хачу дзіця.

АДАМ. Што?

ЕВА. Я хачу дзіця.

АДАМ. У нас ёсць сыны.

ЕВА. Ты не разумееш... Ах, як жа мне цяжка табе гэта растлумачыць. У мяне іншым разам так сціскаецца сэрца, што хутка мы станем старымі. Я буду старой, нямоглай. Я памру...

АДАМ. Мы не памрэм. Гасподзь не дазволіць.

ЕВА. Усё роўна. Ад гэтага так страшна робіцца. Што нас чакае... Я іншым разам як падумаю... Каханне сыдзе. Ты перастанеш кахаць мяне. Я не буду кахаць цябе. Сыны нашы сыдуць. І...

АДАМ. Ева...

ЕВА. Я разумею, што гэта толькі страхі. Жаночыя страхі. Жаночая слабасць... Але я так хачу нарадзіць дзіця, хачу прытуліць яго да сваіх грудзей і карміць яго. Хіба ты можаш зразумець, што гэта азначае для мяне? У нас сыны. Яны дарослыя і дужыя... А можа, народзіцца дзяўчынка...

АДАМ. (пагардліва). Яшчэ чаго...

ЕВА. Так, праўда, безумоўна, жанчына не такая карысная, як мужчына. Але яна магла б дапамагаць мне па гаспадарцы… Яна б шыла, мыла, прыбірала, гатавала. Я навучыла б яе ўсяму. Га, Адам? Мо паспрабуем?

АДАМ. У табе гаворыць плоць.

ЕВА. Ува мне гаворыць каханне, Адам.

АДАМ. І страх.

ЕВА. Так, і страх..

АДАМ. Чаго ты хочаш?

ЕВА. Давай я нараджу дзіця. Гэта будзе цудоўна. Памятаеш, як гэта было цудоўна. Гэта аблегчыць нам жыццё. Мне і табе. Давай я нараджу дзіця, га?

АДАМ. Ты ж ведаеш, гэта не я вырашаю.

ЕВА. Так, ведаю. Але ты хацеў бы? Мой муж, ты хацеў бы?

АДАМ. Так, гэта было б шчасцем.

ЕВА (шчаслівая). Як жа я кахаю цябе, Адам! Ты такі...

АДАМ. Але гэта не я вырашаю.

ЕВА. Дык папрасі Яго, Адам, папрасі Яго. Ён літасцівы, Адам, Ён цябе паслухае. Ён дазволіць.

АДАМ. Ты не разумееш. ЁН БОЛЬШ НЕ РАЗМАЎЛЯЕ СА МНОЙ. (Ева ад жаху крычыць, яе вочы наліваюцца слязьмі. Але яна нічога не гаворыць, а кладзецца і абдымае яго...)

 

АКТ 2. АДАМ

 

Дзея пятая

 

Адам і Ева ляжаць, але ні ён ні яна не могуць заснуць. Уваходзяць Авель і Каін.

 

АВЕЛЬ (трэ лоб). Колькі гадоў жыву, столькі б'юся аб гэтую перакладзіну.

КАІН. Цішэй, цішэй, бацькі ўжо спяць.

АВЕЛЬ. Што? Спяць?

КАІН. Ты гавары цішэй - голас у цябе, як горны абвал.

АВЕЛЬ. Нічога, яны прывыклі.

КАІН. Усё роўна, не трэба так гучна.

АВЕЛЬ. Добра. Што ты ўвесь час гундосіш? Гэтак дастаткова ціха?

КАІН. Не злуйся.

АВЕЛЬ. Ты спаць хочаш?

КАІН. Не.

АВЕЛЬ. Сядай. Пасядзім яшчэ. Я і так заўтра ў лузе высплюся. Там усё адно больш рабіць няма чаго, спі або еш, ці ўпаляваць нешта можна. Толькі вось гэтыя ваўкі мяне непакояць.

КАІН. Можа, яны сапраўды ў іншы бок ішлі.

АВЕЛЬ. Есці будзеш? Тут яшчэ засталося.

КАІН. Не, еш. Мама казала, што бацька напрадвесні хоча зноў ісці на Ўсход.

АВЕЛЬ (незадаволена). Ізноў?

КАІН. Цішэй. Цішэй...

АВЕЛЬ. Ізноў яму карціць! Колькі можна? Толькі мы знойдзем добрае месца, збудуем жытло, не паспеем абжыцца, і зноў збірай усё, усе манаткі і цягніся немаведама куды.

КАІН. Але ж ты ведаеш...

АВЕЛЬ. Ды мне статак збіраць. Куды я яго павяду? Ён што, не разумее? І твае пасевы... Успомні, колькі ты гэтую зямлю матыкай калупаў. Колькі камянёў перацягаў. Як канаву капаў. Ты што, не памятаеш, як хадзіў з абадранымі да касцей рукамі?

КАІН. Памятаю.

АВЕЛЬ. І цяпер усё кінуць?

КАІН. А што рабіць?

АВЕЛЬ. Але я не хачу!

КАІН. Цішэй...

АВЕЛЬ. Не затыкай мне рот. Хопіць! Нікуды я не пайду, мне і тут добра. Тут выдатныя лугі. У лясах ёсць дзічына. Авечкі ведаюць сваю пашу. Не хачу я нікуды сыходзіць.

КАІН. Але ж ты ведаеш, Авель. Яму гэта трэба. Гэта яго мара. (Паўза.) Ён шукае...

АВЕЛЬ. Ну як жа, шукае...

КАІН. Ён хоча знайсці Эдэм.

АВЕЛЬ. Колькі гадоў адно і тое ж.

КАІН. Ён хоча знайсці Эдэм.

АВЕЛЬ. Даўся яму гэты сад.

КАІН. Ён хоча...

АВЕЛЬ. Навошта? Я не разумею. За час нашых вандровак мы былі ў сотнях садоў. І што? І нічога! Вядома, ён хоча Эдэм. Толькі Эдэм. Там яго стварыў Гасподзь, і ён хоча туды. Але Гасподзь яго і выгнаў адтуль. Няўжо ён не разумее, што шлях у Эдэм яму ўжо закрыты назаўсёды! Што калі б Гасподзь пажадаў яго вярнуць, дык бацька даўно знайшоў бы гэты райскі сад. Тым больш мы столькі гадоў вандруем па зямлі.

КАІН. Але ён усё яшчэ спадзяецца.

АВЕЛЬ. А я лічу, што калі цябе выгналі з Раю, трэба плюнуць на яго і жыць там, дзе давядзецца. Трэба быць мужчынам. Чым дрэннае гэта месца? Чаго тут не хапае? Зямля нармальная, лясы нармальныя, у рэчцы рыба ёсць, авечкі тлусцеюць паціхеньку... Вунь, дзікім вінаградам увесь схіл зарос. Што яшчэ?

КАІН. Я не ведаю.

АВЕЛЬ. Рай, рай… Слова адно. Можа, там нічога добрага і няма. Можа, яму толькі здаецца, што там добра. Колькі гадоў прайшло. Вось ты ведаеш, што там, у гэтым раі? Ну?

КАІН. Бацька не расказваў, а маці баіцца - ён забараняе ёй.

АВЕЛЬ. Ай, ай, ай, якая таямніца... Можа, там і расказваць няма пра што.

КАІН. Можа, і няма пра што. Не ведаю... Цяжка меркаваць пра мясціну, у якой ніколі не быў.

АВЕЛЬ. Не быў і не будзеш. (Рагоча.)

КАІН (раптам). Стой. Цішэй... Слухай... (Яны прыслухоўваюцца, азіраюцца і бачаць, што Адам плача ў куце. Бачаць позірк Евы.)

АВЕЛЬ. Ён не спаў.

КАІН. Айцец! (Ён кідаецца да бацькі.) Айцец, даруй... (Адам адварочваецца.) Даруй. Мы...

ЕВА. Не трэба. Кладзіцеся, дзеці. Не трэба.

АВЕЛЬ. Пайшлі спаць. Тут усё зразумела.

КАІН. Даруй.

 

Яны ідуць у свой кут і кладуцца. Патухае агонь. Ноч. Праз нейкі час падымаецца Адам. Ён выходзіць, запальвае каганец і апускаецца на калені.

 

Дзея шостая

 

АДАМ. Госпадзі, Госпадзі, Ты ўжо не хочаш гаварыць са мной, хай, але хоць бы Ты мяне яшчэ пачуў. Вось я стаю перад Табой, стары, нямоглы, пусты чалавек. Зусім ужо не тое падабенства Тваё, якое Ты вадзіў некалі па сцяжынах Эдэма, з якім гутарыў, якому давяраў... Што засталося ад мяне? Хворая плоць, агеньчык душы, які ледзь тлее, некалькі думак... Ды Ты і Сам ведаеш, Госпадзі, Сам ведаеш... Я старэю. Я марнею, і целам, і душой. Я не магу перамагчы час. Час... Госпадзі, страшную рэч Ты стварыў. Там жа я не ведаў часу, а тут... Тут так страшна, так страшна... Навошта Ты прыдумаў гэтую пакуту? Ты ж выгнаў нас, няўжо гэтага было мала? Навошта забіваць нас, ды яшчэ так страшна?

Я ведаю, не мне папракаць Цябе. Даруй. Мой грэх, мая слабасць усяму пачатак. Я не быў варты Твайго даверу. Падабенства аказалася намнога горш... Але Ты не ўяўляеш, Госпадзі, што ёсць маё жыццё. Ты не ўяўляеш, што ёсць час і адзінота. Хоць, безумоўна, у мяне ёсць жонка, у мяне ёсць сыны. Добрыя сыны, дужыя, разумныя, умелыя, без страху. Гэта я ўсяго баюся, а яны - не. Яны не баяцца ні часу, ні цяжкасцяў, ні адзіноты. Ты ведаеш, напрадвесні я зноў збіраюся на Ўсход. Праз горы ў даліну Еўфрата. Я памятаю... Мы з жонкай пераходзілі нейкую даліну... Ах, як даўно гэта было... Мне здаецца, гэтым разам я дайду. Толькі вось мае сыны... Госпадзі, мае сыны лічаць, што я з'ехаў з глузду. Яны не хочуць шукаць рай. Але што яны разумеюць? Што яны ведаюць пра рай? Што яны ведаюць пра Цябе? Як, як я магу растлумачыць ім, што гэта такое гутарыць з Табой, кожнае імгненне адчуваць Цябе побач, адчуваць Тваё святло, адчуваць Цябе? Госпадзі, што ж мы нарабілі? Навошта Ты пакінуў мне памяць? Бо я памятаю, усё памятаю... Кожнае імгненне майго жыцця там, хоць забываю дзесяткі год свайго існавання тут. Я памятаю, што значыць не ведаць, што такое сорам, не ведаць клопату, не ведаць зла. Так, я яшчэ памятаю свет без зла...

Хіба ж ім зразумець, як цяжка жыць пасля такога... Госпадзі, але я не губляю надзеі. Калі я страчу надзею вярнуцца - я памру. Памру не целам - душой. Я знікну. Даруй мне, Госпадзі! Я быў слабым, але ты не ведаеш, як я раскаяўся, як я шкадую. Я жорстка пакараны! Я стары, я хворы, я прыгнечаны, я не магу так больш, забяры мяне назад! Калі ласка! Я ім ужо болей не патрэбны! Ім будзе лепш без мяне. Яны прызвычаіліся жыць тут, ім падабаецца... Госпадзі, забяры мяне ў Эдэм. Прашу цябе! Прашу цябе! Прашу цябе! Прашу цябе... (Падае, плача наўзрыд. Знак Госпада знікае.) Не хочаш... (Падымаецца, выцірае слёзы.) Напрадвесні мы пойдзем на Ўсход.

 

Дзея сёмая

 

ЕВА. Адам.

АДАМ. Што?

ЕВА. Чаму ты не спіш?

АДАМ. Не спіцца.

ЕВА. Адам, паслухай...

АДАМ. Пакінь мяне, Ева. Мне трэба пабыць аднаму.

ЕВА. Адам, не хавайся, не пазбягай мяне... Я ж твая жонка. Я кахаю цябе. Я ж бачу, ты пакутуеш.

АДАМ. Тут няма пра што казаць.

ЕВА. Любоў мая, муж мой, адкрый мне сваё сэрца, будзь са мной шчырым. Не адыходзь, не пазбягай мяне. Дазволь дапамагчы.

АДАМ. Не трэба, ідзі. Усё ўладзіцца. Ідзі, сапраўды позна ўжо.

ЕВА. Я не хачу адна. Ляж са мной. Пойдзем ляжам.

АДАМ. Не, я пайду зірну авечак. Я не хачу спаць, даруй. (Хоча пайсці.)

ЕВА (раптам здзіўлена). Ты так і не дараваў мне? Праўда?

АДАМ. Што?

ЕВА. Я кажу, ты так і не дараваў мне.

АДАМ. Я не разумею, пра што ты гаворыш.

ЕВА. Не, ты разумееш.

АДАМ. Ідзі спаць, Ева. Я не жадаю цяпер...

ЕВА. Ты так і не дараваў мне маю памылку? Так? Ты ведаеш, пра што я кажу. Гэта ж я вінаватая ва ўсім, так? Так ты лічыш.

АДАМ. Хопіць.

ЕВА. Столькі дзесяцігоддзяў мінула, цэлую вечнасць мы жывём разам, і ты ўсё адно не дараваў мне.

АДАМ. Ева!

ЕВА. Я ж адчуваю. Ты можаш падмануць каго заўгодна: дзяцей, сябе, можа, нават Яго, але не мяне. Я твая жонка, я частка цябе, я зроблена з цябе. Я адчуваю, я ведаю, ты не дараваў мне страты Эдэма. І не даруеш, праўда?

АДАМ. Усё мінула...

ЕВА. Не, і цяпер ты будзеш ненавідзець мяне яшчэ больш. Увесь час я адчувала тваю нянавісць, затоеную, адмыслова схаваную крыўду. Ты быццам радаваўся, што нехта вінаваты ў тваіх няшчасцях і што ты добры ў адносінах да гэтага вінаватага. Так, ты быў добры ў адносінах да мяне...

АДАМ. Я ніколі не папракнуў цябе.

ЕВА. ...І ніколі не папракнуў. Ніводнага разу за ўвесь час... Але ж і не дараваў. Маўчыш? Мы ніколі не гаварылі пра гэта, але ты ведаў, што ў мяне на душы... Ты жадаў, каб я адчувала сябе вінаватай. І я адчувала...

АДАМ. Не трэба.

ЕВА. Усе гэтыя гады, дзесяцігоддзі я адчуваю сябе вінаватай за тваё сапсаванае жыццё, за старасць, за час, за ўсё... Я так хацела што-небудзь выправіць. Я старалася, я акружыла цябе сваім клопатам, ва ўсім падтрымлівала, была лагоднай, я цярпела твой дрэнны настрой, твае крыўды... Я рабіла ўсё, каб ты не адчуваў сябе адзінокім. Адзіным маім жаданнем было аблегчыць тваё жыццё. Але ж я табе не патрэбная?

АДАМ. Ну пра што ты кажаш, Ева? Вельмі дрэнны дзень, дрэнны вечар, навошта ж рабіць усё яшчэ горш?

ЕВА. Ты пра сябе толькі думаеш. Свой боль беражэш, сваю крыўду песціш...

АДАМ. Я цябе вельмі прашу, не трэба...

ЕВА. Сцены! Сцены! Сцены! Адны сцены будуеш! І не прабіць іх, і не прадзерціся! Ты адзінокі, цябе пакінуў Гасподзь. Мяне ж пакінуў і Гасподзь, і муж. Што мне рабіць? Я цярпела. І буду цярпець, таму што кахаю цябе. Усёй душой, усім сэрцам кахаю цябе, Адам. Але толькі даруй мне! Малю цябе! (Падае перад ім на калені, цалуе яго ногі.) Даруй, даруй мне, неразумнай жанчыне! Я не магу без цябе! Я не магу сярод сценаў! Я на ўсё гатовая, жыццё аддаць гатовая, рабыняй тваёй быць гатовая, толькі не трэба злосці, не трэба крыўды, не трэба нянавісці... Даруй, даруй...

АДАМ. Ева, Ева.

ЕВА. Калі б я ведала, што так будзе, я б забіла сябе. Забіла! Таму што мне невыносна адчуваць, што гэта я ва ўсім вінаватая, што я сапсавала наша жыццё, што гэта я зрабіла цябе няшчасным... Я не магу больш несці на сабе гэтую віну! Я не магу больш так жыць! Зрабі што-небудзь!

АДАМ. Ева...

ЕВА. Ты не разумееш... Я прасіла Госпада, я маліла Яго... Кожны дзень, кожную ноч, я маліла Яго... за цябе. Не за сябе - за цябе! Але Ён не чуе мяне. І ты не чуеш мяне. Адам, Адам, муж мой, заклінаю цябе, не пакідай мяне. Не трэба сцен.

АДАМ. Ева, я кахаю цябе.

ЕВА. Праўда?

АДАМ. Я кахаю цябе, ты мая жонка. Не кажы так...

ЕВА. Кожны раз, калі мы збіраем усё і вандруем па зямлі, калі я бачу боль і тугу ў тваіх вачах, калі ты змаўкаеш, толькі пачуўшы слова Эдэм, быццам востры нож уваходзіць у маё сэрца. Так баліць, так баліць... Адам, я такая вінаватая перад табой. Я ведаю... Госпадзі, калі б я магла што-небудзь выправіць. Калі б ты толькі змог дараваць мне.

АДАМ. Ну даволі, Ева. Перастань, не ўсё залежыць ад нас.

ЕВА. Значыць, не даруеш. Вядома не даруеш.

АДАМ. Даволі.

ЕВА. Дзіўны ты чалавек, Адам. Ты вымольваеш прабачэнне ў Госпада, але не можаш дараваць сваёй жонцы. Чаго ты чакаеш? Думаеш, Ён не разумее?

АДАМ. Што?

ЕВА. Думаеш, Ён нічога не бачыць?

АДАМ. Маўчы, маўчы лепш, жанчына! Што ты разумееш у гэтым!

ЕВА. Што, не падабаецца?!

АДАМ. Ева, змоўкні!

ЕВА. Праўда не падабаецца?! Спалохаўся, што пачуе?

АДАМ. Ты хочаш праўды? Праўды ты хочаш? Так? Ты, якой увогуле варта было б маўчаць? У цябе хапае сумлення папракаць мяне? У ЦЯБЕ хапае сумлення мяне папракаць?

ЕВА. Убач сябе, муж мой…

АДАМ. У цябе хапае сумлення папракаць мяне?! А?! Ты знішчыла наш свет, ты пасварыла нас з Богам, ты, якая праз сваю прыхамаць парушыла ўсе законы Сусвету. Ты хацела падмануць Яго? Памятаеш? Мала таго, ты хацела, каб я зрабіўся саўдзельнікам твайго падману!

ЕВА. Але...

АДАМ. Не, цяпер маўчы! Маўчы! Ты, якая скрыва-душнічала перад Богам, ты, якая зганьбіла мяне, ты, якая абылгала мяне... Паглядзі, я старэю, я паміраю, паглядзі наўкола, а цяпер заплюшчы вочы і ўспомні! Успомні мяне, успомні Яго, успомні Эдэм! Успомніла? І цяпер ты патрабуеш, каб я зрабіў выгляд, што нічога не адбылося? Што ўсё цудоўна? Што так і трэба? Хай не будзе Бога, не будзе раю, не будзе святла, не будзе радасці... Ты хочаш, каб усё гэта забылася па адным тваім слове «ДАРУЙ»?

ЕВА. Але ж столькі часу мінула...

АДАМ. Час і ёсць самае страшнае! Ён не дае забыць! Я ўсё магу дараваць, усё, але часу я табе не дарую ніколі.

ЕВА (плачучы). Адам...

АДАМ. Ідзі ад мяне.

ЕВА. Адам!

АДАМ (крычыць). Ідзі ў дом! (Замахваецца на яе, яна крычыць, падае на калені.)

 

У гэты момант з'яўляюцца Каін і Авель.

 

Дзея восьмая

 

АВЕЛЬ. Што здарылася? Ваўкі?

КАІН (уражаны). Мама... Тата...

АДАМ. Ідзіце ў дом.

КАІН. Мама, чаму ты плачаш?

АДАМ. Я сказаў, ідзіце ў дом.

АВЕЛЬ. Пайшлі, пайшлі, брат, хай самі разбіраюцца.

КАІН. Не.

ЕВА. Каін, слухай, што табе кажуць.

КАІН. Не. Што тут адбываецца?

АДАМ. Не гняві Бога, Каін, не ідзі супраць бацькі. Праганю!

КАІН. Ты з-за Эдэма на яе крычыш?

АДАМ. Што?!

КАІН. З-за гэтых пошукаў? Ты зноў хочаш шукаць гэты сад? Мама супраць? Дык ведай, мы таксама супраць. Нам надакучыла. Нам абрыдла шукаць твае ўспаміны, твае мроі. Бацька, спыніся!

ЕВА. Каін, замаўчы! Адам, не слухай яго. Ён не ведае, пра што гаворыць.

АДАМ (не звяртаючы на яе ўвагі). Ды як ты можаш?! Як ты можаш?! Мроі? (Смяецца.) Дурань! Гэта тое, што цяпер - адна жудасная мроя. Гэта страшны кашмар, гэта руіны, гэта агрызкі, а я шукаю рэальнасць.

КАІН. Што там такога асаблівага? Раскажы нам, тата. Мы ж не ведаем. Чаму ты нічога не расказваеш?

АДАМ. Таму што вы ўсё адно нічога не зразумееце.

КАІН. А ты паспрабуй. Мы ж твае дзеці, твая плоць і кроў. Што там такога? Якая розніца паміж тым, што там, і тым, што тут?

АДАМ. Якая розніца? Ты хочаш ведаць якая розніца?

КАІН. Хачу!

АДАМ. Хочаш?

КАІН (крычыць). Хачу!

АДАМ. Добра, я пакажу табе. Ева, хадзі сюды. (Хапае яе і разрывае на ёй адзенне.) Глядзі!

КАІН. Што ты робіш?!

АДАМ. Вось стаіць яна, твая маці, голая і прыгнечаная перад табой. Бачыш? Бачыш яе? Яе нагату, яе страх, яе пакуты... Бачыш, як яна рукамі спрабуе закрыць сваё лона і грудзі? Гэта твая маці. Бачыш? Адчуваеш, як тваё сэрца сціскаецца, а ў вачах цямнее? Як цябе трасе ад болю і гневу, ад жалю і нянавісці да мяне, да бацькі свайго?! Праўда? Ненавідзіш жа? Ненавідзіш! Забіў бы, праўда? Сваімі рукамі забіў бы! І хочацца адвярнуцца, да болю хочацца, праўда? Але не можаш? Не можаш!

КАІН (крычыць). Прыкрый яе, Богам прашу. Мама!

АДАМ. Гэта сорам, Каін. Сорам! І я б аддаў усё на свеце, каб ніколі не зведаць гэтага пачуцця. Цяпер табе зразумелая розніца, шчанюк!

КАІН. Прыкрый яе! (Кідаецца да яго ў шаленстве.)

ЕВА. Стой. Каін! Ты не разумееш, Бог з ім больш не размаўляе...

 

Каін спыняецца ўражаны. Адам паварочваецца і моўчкі выходзіць. Ева пачынае плакаць.

 

КАІН. Мама... (Падыходзіць, прыкрывае яе.) Мама, даруй. Я зноў... Я... Даруй, мама...

АВЕЛЬ. Разбірайцеся самі з вашым раем. Рабіце што хочаце, а я пайшоў... (Выходзіць.)

КАІН. Мама...

ЕВА. Сынок, не пярэч бацьку. Ніколі не пярэч. Пакляніся мне, што не будзеш... Прашу цябе, калі ты мяне любіш, ніколі не пярэч яму. І ніколі не ўспамінай таго, што сёння адбылося. Вы ж малыя. Вы не ведаеце, што яму давялося перажыць. А цяпер ён зусім адзін застаўся. Дрэнна яму.

КАІН. Я ўсё зраблю, як ты загадаеш. Усё, усё... Толькі скажы адно: ці варты гэты рай усіх гэтых пакут?

ЕВА (паўза). Варты, сынок.

КАІН. Няўжо там так хораша?

ЕВА. Там цудоўна.

КАІН. Тады мы паедзем на Ўсход гэтай вясной. Я пераканаю Авеля. Ён зразумее... Я буду дапамагаць бацьку. Мы з Авелем дапаможам яму знайсці Эдэм. І не важна, колькі дзеля гэтага спатрэбіцца часу.

ЕВА. Мілы мой, сыночак мой, калі б усё залежала ад нашага жадання і ўпартасці. Шлях туды закрыты не гарамі, не лясамі і балотамі. Што вам горы і балоты, вы б пераадолелі горы, прабіліся б праз лясы. А шлях туды закрыты словам Госпада, яго проста так не абмінеш...

КАІН. Няўжо бацька гэтага не разумее?

ЕВА. У тым і справа, што разумее, у тым і справа...

КАІН. Тады я буду маліцца. Кожны дзень буду маліць Госпада, каб дараваў, каб дапамог, каб быў літасцівым. Апантана буду маліць, усёй душой, усім сэрцам. Я буду маліць Яго за бацьку. Няўжо ён не злітуецца? Ён жа ўсё бачыць, усё чуе.

ЕВА. Надта мы прад Ім вінаватыя. Я вінаватая.

КАІН. Няхай... Няма такой віны, якую нельга было б дараваць таму, хто пакаяўся. Я буду маліцца. Ты будзеш маліцца, бацька, Авель. Я веру, мы знойдзем Эдэм. Гасподзь даруе нам, і мы будзем шчаслівыя там - ты, я, Авель, бацька і Гасподзь... Мы будзем разам. Усе. Усе ў садзе Эдэмскім...

ЕВА. Ты мой анёл...

КАІН. Пойдзем, мама, пойдзем, скажам бацьку. Ён узрадуецца. Пойдзем. (Выходзяць.)

ЕВА (выходзячы). Госпадзі, дзякуй Табе за такога сына...

 

АКТ 3. АВЕЛЬ

 

Дзея дзевятая

 

Мінула некалькі месяцаў. Жытло. Уваходзіць Адам.

 

АДАМ. Гэй, дзе ўсе? Ева, Каін?

 

Уваходзіць Каін.

 

КАІН. Мы збіраемся, бацька.

АДАМ. Збірайцеся, збірайцеся. Праз тры дні мы рушым. О Госпадзі, як я чакаю гэтага імгнення. Дзе Ева?

КАІН. На двары. Мяса гатуе.

АДАМ. Добра, нам спатрэбіцца шмат ежы, шмат. Толькі б не пачаліся дажджы...

КАІН. А ты ўжо вызначыў шлях?

АДАМ. Ага... Шлях. Зараз я табе пакажу. Я нікому гэтага яшчэ не паказваў. (Дастае пергамент.) Табе пакажу. Гэта самая дарагая рэч, якая ёсць у мяне, самая дарагая. Вось глядзі... Я маляваў гэту карту шмат гадоў, кожны год я дамалёўваў маленькі кавалачак. Бачыш гэтую рэчку? Гэта Еўфрат. Вось яна цячэ. А гэта - Тыгр. Вы яшчэ не нарадзіліся, калі мы перайшлі цераз яго. Тут пустыня...

КАІН. А тут?

АДАМ. Мора. Вось яго ўзбярэжжа. І вада ў гэтым моры салёная.

КАІН. Няўжо?

АДАМ. Салёная.

КАІН. А зараз дзе мы?

АДАМ. Тут.

КАІН. А куды мы пойдзем?

АДАМ. Бачыш гэтую пустую пляму на пергаменце праз горы і пустыні. Мы пойдзем туды... Туды, адкуль бяруць свае вытокі жыватворныя Тыгр і Еўфрат. Туды, адкуль веюць доўгачаканыя свежыя вятры і прыходзяць выратавальныя дажджы. Я веру - ён там.

КАІН. Ты не ведаеш?

АДАМ. Я веру...

 

Уваходзіць Ева.

 

ЕВА. А, вы тут?

КАІН. Бацька мне паказаў карту. Мы пойдзем да вытокаў вялікіх рэк.

ЕВА. Добра, добра. Адам, трэба падшыць бурдзюкі. Усе працякаюць.

АДАМ. А дзе Авель?

ЕВА. У лузе яшчэ. Хутка, мабыць, прыгоніць статак. Ён сказаў, што авечкі ўдосталь павінны напасвіцца перад пераходам.

АДАМ. Гэта праўда. (Каіну.) А як твае палі?

КАІН. Не паспею ўбраць. Давядзецца кінуць увесь ураджай.

АДАМ. Нічога, сынок, нічога. Хутка ўсе клопаты пакінуць нас. Там мы будзем думаць зусім пра іншае, і ўсяго будзе ўдосталь. Ева, пойдзем паглядзім бурдзюкі. Можа, лепш новыя зрабіць.

ЕВА. Не ведаю, як скажаш. (Выходзяць.)

КАІН (глядзіць на карту). Госпадзі, які вялікі гэты свет! Незвычайна вялікі. Дзве вялікія ракі, два моры, сем далінаў, лясы і горы... шэсць месяцаў шляху з аднаго краю да другога. Неверагодна... І на краі свету, на пачатку пачаткаў - Эдэмскі сад. Госпадзі, я столькі маліўся, столькі прасіў за ўсе гэтыя месяцы. Няўжо не дойдзем?

 

Прыбягае Авель.

 

Дзея дзесятая

 

АВЕЛЬ. Каін, Каін, брат! Як я рады цябе бачыць! (Абдымае, той ускрыквае ад болю.) Даруй, я забыўся...

КАІН. Авель, нешта здарылася?

АВЕЛЬ. Здарылася? Здарылася! Дзе бацькі?

КАІН. На заднім двары, мяхі для вады рамантуюць. Ды што такое?

АВЕЛЬ. Тады табе першаму раскажу! Такое раскажу! (Рагоча.) Дай толькі вады напіцца. Піць хачу не магу. (П'е ваду і ліе на сябе.)

КАІН. Кажы ты ўжо!

АВЕЛЬ. Я сёння Бога сустрэў.

КАІН (паўза). Як?

АВЕЛЬ. Я сюды быццам на крылах ляцеў. Думаў, усе авечкі паздыхаюць ад стомы, пакуль дабярэмся. (Рагоча.) І ўсё толькі, каб вам расказаць. Ты можаш уявіць сабе, я - абраннік Божы.

КАІН. Як? А-а-а, чаму ты?

АВЕЛЬ. А хто? Ты іншым разам як скажаш. Я дам пачатак новаму народу. Людзей моцных, працавітых, але храбрых і верных. Во як! Яны будуць героямі. І яны будуць жыць на зямлі…

Зараз усё растулмачу. Усё як было. Толькі вось з'ем кавалак мяса. Галодны... Першы раз у жыцці забыўся пад'есці. (Зноў рагоча. Есці.) Чаго ты так на мяне глядзіш?

КАІН. Паслухай, Авель, пра што вы з Ім гаварылі, дзе, як?

АВЕЛЬ. Сядай, зараз раскажу. Ды сядзь табе кажу - от нецярпячка. (Каін сядае.) Мяса будзеш?

КАІН. Не... Я рады за цябе, брат, вельмі рады.

АВЕЛЬ. А ўжо ж як я рады! (Рагоча. Крычыць.) Гэй, бацька, маці, хадзіце сюды. Сюды хадзіце! Я вам такое раскажу... Каін, не адыходзь далёка, пастой вось тут. Сведкай будзеш. Мама, тата! (Уваходзіць АДАМ і ЕВА.) А вось вы дзе...

 

Дзея адзінаццатая

 

ЕВА. Авель, ты?

АДАМ (незадаволена). Што такое, чаго ты крычыш?

АВЕЛЬ. Чаго я крычу? Чуеш, Каін, яны пытаюцца, чаго я крычу! Вы нічога не ведаеце.

АДАМ. Чаго мы не ведаем? Ды кажы ты толкам, табе яшчэ рэчы збіраць.

АВЕЛЬ. Не.

АДАМ. Што не?

АВЕЛЬ. Ды паслухайце вы мяне, са мной сёння Бог гаварыў.

АДАМ (агаломшаны). Як?

АВЕЛЬ. Ды ноччу, сёння. Ён гаварыў са мной. Ён хоча, каб мы кінулі гэтую задуму з пошукамі рая. Каб перадаў бацьку свайму і брату свайму, і мацеры сваёй, што не мінуў іх час на зямлі і што не знайсці ім садоў Эдэмскіх ні на Ўсходзе, ні на Захадзе, ні на Поўначы, ні на Поўдні, ні пасярэдзіне, ні на краі свету. Казаў, каб жылі там, дзе пасяліліся, жылі праведна і сумленна. Казаў, што ён бачыць і чуе нас, што ведае пра нягоды і радасці нашыя. Казаў, што не пакіне нас. Чаго вы на мяне так глядзіце - гэта Ягоныя словы. Ён сказаў, што мы павінны жыць тут, на гэтых землях. Ясна? Так што мы нікуды не пойдзем. А Рай... Забудзецца рай. Мы дык з Каінам яго зусім ніколі не бачылі, а дзеці нашы... Гм. Для іх рай гэта ўвогуле пусты гук, казка, міф, прыгожае слоўца. Ім будзе хораша тут, у сваім жытле, каля свайго агменю, са сваім стадам. Навошта ім гэты рай?

АДАМ. Але... Але як жа так, ён жа тут. Я ведаю, я вылічыў, тут... (Паказвае на карту.)

АВЕЛЬ. Пакажы. (Бярэ карту.)

АДАМ. Зірні, тут. Дзе вытокі Тыгра і Еўфрата, у даліне паміж гарамі і пустыняю, глядзі...

АВЕЛЬ. Эдэма - няма! (Рве карту.) Усё, даволі гэтых размоў. Ды і не гэта галоўнае! Пра што вы думаеце? Пра што? Гасподзь нарэшце ўспомніў пра нас. Успомніў і выказаў міласць Сваю да нас. Во што галоўнае! А вы толькі пра сваё...

АДАМ. Што табе яшчэ Гасподзь сказаў?

АВЕЛЬ. Што Ён не пакіне нас.

ЕВА. І дапаможа?

АВЕЛЬ. І дапаможа. Ён будзе размаўляць з намі праз мяне. Чуеце? Праз мяне. Гасподзь блаславіў наш род. Нам трэба жыць па волі Яго і слухацца Яго...

АДАМ. Дай абдыму цябе, сынок. Добрую вестку прынёс. (Абдымае.) Я падумаў ужо, што адны мы засталіся, не дараваў Ён нам. А вось цяпер бачу, што Ён літасцівы. Грэх бацькі дзецям дараваў. Каін, абдымі брата. Ева, сын твой бласлаўлёны. Радуйцеся... радуйцеся... (Каін і Ева абдымаюць і цалуюць Авеля.) Няўжо вернуцца шчаслівыя часы?

АВЕЛЬ. Вернуцца, бацька. Хутка мы наладзім свята. Я ўжо казаў Каіну. Мы прынясём ахвяры Госпаду: я маладое ягня, Каін частку ад ураджаю. Будзе вялікае свята. Я кажу вам, мы хораша будзем жыць.

АДАМ. Хай будзе так, як ты кажаш. Так і зробім. Толькі цяпер цюкі трэба раскласці.

АВЕЛЬ. Пойдзем. Я дапамагу табе. Мама, ты ідзеш? (Авель і Адам выходзяць.)

ЕВА. Так, Авель, я зараз іду... (Каін падымае з падлогі кавалкі пергамента і спрабуе іх скласці.) Пакінь, Каін, цяпер ужо нічога не зробіш.

КАІН. Чаму Бог абраў Авеля?

ЕВА. Ты ж сам ведаеш.

КАІН. Але гэта несправядліва.

ЕВА. Нам не дадзена пярэчыць Яго волі. Нават і не думай, ты чуеш мяне?

КАІН (гледзячы на кавалкі карты). Можа, ён сапраўды там?

ЕВА. Не!

КАІН. Чаму?

ЕВА. Таму што Эдэма зусім не існуе.

КАІН. А бацька?

ЕВА. Адам яго выдумаў! Выдумаў, чуеш? (Вырывае карту і кідае яе.) Усё гэта яго фантазіі. Авель праўду кажа - Эдэма няма, ніколі не было і ніколі не будзе. Забудзь пра яго і больш ніколі не ўспамінай! Ніколі! Чуеш мяне?

КАІН. Эдэм ёсць.

ЕВА (з размаху б'е яго па шчацэ). Што ты сказаў?

КАІН. Ён існуе.

ЕВА (зноў б'е яго). Што?

КАІН. Ён ёсць.

ЕВА (зноў б'е). Каін... (Плача і абдымае яго.) Сынок... Госпадзі, даруй яму яго ўпартасць. Ён зразумее, ён скарыцца. Сынок мой, упарты... Але нават усёй сваёй упартасцю ты не зможаш тут нічога змяніць. Пройдзе час... Адам не любіць часу, баіцца яго, але час лечыць. Я заўважыла. Усё сціхне, усё пройдзе, будуць новыя клопаты, новыя думкі, новыя пачуцці... Трэба чакаць. Хто ведае, што нас чакае ў будучым?

КАІН. Так... Але чаму ўсё ж ён?

ГОЛАС АДАМА. Ева, Каін, колькі вас можна чакаць?

ЕВА. Хадзем, сынок, нас клічуць. Хадзем, у нас шмат спраў. Трэба зноў уладкаваць наш дом (выходзіць).

 

Дзея дванаццатая

 

Мінула некалькі месяцаў. Уваходзіць Авель. Ён змяніўся: пасвятлеў, стаў упэўненым, разважлівым. Ён есць і п'е. Следам уваходзіць Ева.

 

ЕВА. Як твой статак?

АВЕЛЬ. Нармальна.

ЕВА. Прыплоду чакаеш?

АВЕЛЬ. Жартуеш. Прыплод кожны дзень. Усе апошнія месяцы май статак толькі расце. І ягняты ўсе ладныя, здаровыя - ніводнай паршывай авечкі ва ўсім статку. Я казаў бацьку, хутка статак давядзецца дзяліць на дзве часткі. Ды й загон трэба павялічыць.

ЕВА. Будзеш павялічваць?

АВЕЛЬ. Трэба.

ЕВА. А мне б кросны зрабіць. Воўны ў нас багата будзе. Я б коўдры і кашулі цёплыя вам саткала.

АВЕЛЬ. З кроснамі - гэта не да мяне. Я такія рэчы не ўмею рабіць. Гэта да Каіна. Хай скажа, што яму спатрэбіцца, дрэва якое, колькі - я прывязу.

ЕВА. Вось гэта добра было б, а то рукамі я зусім не паспяваю. Трое вас.

АВЕЛЬ. Кажу ж, зробім.

ЕВА. А чаму ты ясі ўсухамятку? Я поліўку зварыла. Хочаш, падагрэю зараз?

АВЕЛЬ. Не трэба, я на хвілінку. У мяне справа яшчэ! На двары брус ляжыць, трэба яго да аўчарні перацягнуць. Каін не вяртаўся?

ЕВА. Не.

АВЕЛЬ. Калі прыйдзе, скажы, што ён мне патрэбны.

ЕВА. Добра, сынок.

АВЕЛЬ (п'е). Ваду з ручая далёка насіць. Трэба капаць калодзеж...

 

Уваходзіць Каін, ён ледзьве крочыць, бо нясе на плячах цяжкія мяхі.

 

КАІН. Так, так, так...

ЕВА. Каін, Госпадзі, Авель, дапамажы яму, ён жа зараз упадзе.

АВЕЛЬ. Што ж ты, брат. Не мог мяне пачакаць? Давай, давай памагу. (Бярэ ў яго адзін мех.) Нішто сабе... Як ты данёс?

КАІН (скідвае мех). У-у...

АВЕЛЬ. Што?

КАІН. Ура... (Задыхаецца.)

АВЕЛЬ. Што?

КАІН. Ураджай.

АВЕЛЬ. Ты зусім без галавы? Ты ж старэйшы брат. Такі цяжар на сабе цягаць, пры тваёй слабасці. Ты надарвацца хочаш?

КАІН (шчасліва). Гэта мой ураджай! Мама, Авель, мой ураджай.

АВЕЛЬ. Эх... Віншую. Ну, дай абдыму цябе. (Абдымае.) Малайчына, Каін. Рады за цябе.

КАІН. Дзякую. Мама, зірні. (Развязвае мех і паказвае зерне.) Паглядзі якое буйнае, паглядзі, ніводнага дрэннага. Зярнятка да зярнятка. Цуд нейкі, зірні. Такога багатага ўраджаю я яшчэ ніколі не збіраў. Нібыта ласка Божая на зямлі... Вось мяхі. Там яшчэ мяхоў на дзесяць, можа на дванаццаць. Уяўляеце? Авель, ты ўяўляеш колькі гэта?

АВЕЛЬ. Ты малайчына, брат. Рады за цябе.

КАІН. Мама, мы можам пячы хлеб, многа хлеба.

ЕВА. Радуеце вы мяне, дзеці мае. Нават плакаць хочацца - так хораша. Такія вы ў мяне абодва...

АВЕЛЬ. Ну, не трэба. Плакаць не трэба. (Каіну.) Кажаш, яшчэ мяхоў дзесяць будзе?

КАІН. Можа, і ўсе дванаццаць.

АВЕЛЬ. Так... І ўсё гэта змалоць трэба, праўда? Дай падумаць.

ЕВА. Каін, вадзіцы выпі. Халодненькай.

КАІН. Дзякую. (П'е.)

АВЕЛЬ. Нічога, павінны зрабіць, да свята павінны. Ох, спраў багата... (Ківае галавой.) Ці паспеем?

КАІН. Паспеем.

АВЕЛЬ. Калі Бог дапаможа. Я жорны выцягну на двор. (Выходзіць.)

ЕВА (Каіну). Ну як ты, аддыхаўся?

КАІН. Аддыхаўся.

ЕВА. Усё-такі не варта было гэтыя мяхі на сабе цягнуць. А раптам сапраўды надарваўся б...

КАІН. Не надарваўся б. (Усміхаецца.) З намі цяпер увогуле нічога дрэннага не можа здарыцца.

ЕВА. Ну хопіць... бурчыш, як твой бацька. Ты ўвогуле вельмі да яго падобны: характар упарты і думаеш надта многа.

КАІН. А да цябе не падобны?

ЕВА. І да мяне.

КАІН. Дзе бацька?

ЕВА. А ты не ведаеш? Ён яшчэ зранку пайшоў на рэчку рыбу лавіць. Павінен быў ужо вярнуцца.

КАІН. Рыба да свята?

ЕВА. Так.

КАІН. Ясна... Добра, пайду дапамагу Авелю. Трэба ўсё падрыхтаваць. Ты дапаможаш муку прасеяць?

ЕВА. Так, так... Я падыду.

КАІН. Добра. (Выходзіць.)

 

Дзея трынаццатая

 

Ева гатуе. Потым бярэ вялікае меднае блюда, прыстаўляе да сцяны, глядзіцца ў яго. Падбірае валасы, глядзіць на сваё аблічча: шыю, спіну, потым бярэ кветку і ўтыкае ў валасы. Уваходзіць Адам.

 

ЕВА. (не паварочваючыся). Я зноў бачыла гэты сон, Адам.

АДАМ. Што?

ЕВА. Той самы сон пра маленькае дзіцятка з чароўнай кветкі. Памятаеш, я расказвала табе?

АДАМ. І што?

ЕВА. Яно плакала. Я спрабавала суцешыць яго, але не змагла.

АДАМ. Ну й што?

ЕВА. Нічога... Проста мае сны ніколі не паўтараюцца.

АДАМ. Ну паўтарыўся аднойчы. Не бяры да галавы. Гэта пустое... Я сёння гэтулькі рыбы налавіў. Там пакінуў, на двары... Ты не ўяўляеш, рыба сама скакала мне ў рукі. Можна было браць колькі заўгодна. Мабыць, я прынёс занадта многа...

ЕВА. Я яшчэ падабаюся табе?

АВЕЛЬ. Што?

ЕВА. Як жонка. Я яшчэ падабаюся табе?

АДАМ. Ева, вядома. Чаму ты пытаешся?

ЕВА. У мяне ўсё не выходзіць з галавы гэтае дзіцятка. Чаму яно так плакала?

АДАМ. Зноў ты за сваё, жанчына. (Заўважае мяхі.) Што гэта?

ЕВА. Каін сабраў ураджай.

АДАМ. Якое буйнае зерне.

ЕВА. Ён кажа, будзе больш як дзесяць мяхоў!

АДАМ. Многа. Цяпер усяго ў нас удосталь. Авечкі даюць прыплод і тлусцеюць. Зямля дае багаты ўраджай. Трава сакавітая. Ваўкі зніклі... Я табе не казаў, Ева, за апошнія месяцы я не бачыў ніводнага ваўка тут. Нават слядоў няма. У лясах шмат дзічыны. У рэчцы рыбу можна лавіць голымі рукамі.

ЕВА. Гасподзь клапоціцца пра нас. Авель кажа, будзе яшчэ лепей. Так сказаў Гасподзь.

АДАМ. Яны часта размаўляюць?

ЕВА. Так, часта.

АДАМ. Калі Авель хоча наладзіць свята?

ЕВА. Не ведаю. Гасподзь яму скажа.

АДАМ. Нам паведамяць.

ЕВА. Ты робішся бурклівым.

АДАМ. Гэта ўзрост.

ЕВА. Можа, ты галодны?

АДАМ. Чаму ты спытала?

ЕВА. Таму што, калі муж бурчыць, значыць, або ён галодны, або хоча жаночай ласкі.

АДАМ. Я не галодны.

ЕВА. Госпадзі, чаму я цябе ўсё гэтак жа моцна люблю. (Абдымае яго.) Нашмат мацней, чым ты мяне...

АДАМ. Таму што тое рабро засланяла маё сэрца.

ЕВА. Так... Толькі на месцы таго рабра ў цябе даўно адрасло новае.

АДАМ. Ты прыйдзеш да мяне?

ЕВА. Пасля… Я абяцала дзецям муку прасеяць. Ты адпачывай. Паляжы... Я пайду. (Выходзіць.)

 

Дзея чатырнаццатая

 

АДАМ (счакаўшы, азіраецца, потым дастае з тайніка пергаментны скрутак, беражліва раз-гортвае яго, глядзіць, затым паспешліва хавае). Што ж гэта такое я раблю? Зусім галаву страціў. Стары дурань! (Выходзіць.)

 

Дзея пятнаццатая

 

Уваходзяць Каін і Авель мокрыя, стомленыя пасля цяжкай працы.

 

АВЕЛЬ. Усё, гэтага нам хопіць да наступнага года. Толькі ад вады захаваць, калі пойдуць дажджы.

КАІН. Так, хопіць...

АВЕЛЬ. Зірні, уся кашуля мокрая. (Здымае яе.) Спіна не баліць?

КАІН. Баліць.

АВЕЛЬ. З раніцы яшчэ мацней балець будзе. Пратры мокрай анучай, а заўтра маці прыпаркі зробіць.

КАІН. Што ты вырашыў?

АВЕЛЬ. Пра што?

КАІН. Ты ведаеш.

АВЕЛЬ. Праз тры дні. Мы пойдзем на пагорак, што на поўнач адсюль.

КАІН. Адны?

АВЕЛЬ. Бацькі пойдуць з намі да кургана. На вяршыню пойдзем толькі мы. Так сказаў мне Гасподзь. Там мы прынясём Яму ахвяры як падзяку за міласць Яго да нас, так што будзь гатовы.

КАІН. Я гатовы.

АВЕЛЬ. Добра. А цяпер пайшлі, трэба адпачыць. Яшчэ шмат работы засталося.

КАІН. Твая праўда, хадзем. (Выходзяць.)

 

АКТ 4. КАІН

 

Дзея шаснаццатая

 

Мінула тры дні. Паўночны курган. Ева, Адам і іх сыны падыходзяць да падножжа пагорка, на вяршыні якога ахвярны алтар. Над пагоркам сыходзяцца хмары.

 

АВЕЛЬ. Тут. Вы нас будзеце чакаць тут, а мы з Каінам пойдзем на вяршыню.

ЕВА. Госпадзі, непагадзь якая...

КАІН. Будзе навальніца.

АДАМ. Навальніца... Хм. Я адчуваю. Ён недзе побач. Я ўжо амаль забыў гэтае адчуванне, як быццам сэрца маё нехта кранае рукой... (Хапаецца за сэрца.) Баліць...

ЕВА (спалохана). Адам.

АДАМ. Ён побач... Ён зусім блізка... (Асядае долу.)

ЕВА. Ідзіце!

АВЕЛЬ. Час. Пайшлі.

ЕВА. Дзеткі мае, да самога Госпада ідзяце. Я такая шчаслівая, дайце хоць пацалую вас.

АДАМ. Ева, досыць. Час ужо, ім трэба ісці.

ЕВА. Так, так... Ідзіце. Мы вас будзем чакаць. Тут чакаць. Праўда, Адам? (Яна адыходзіць і сядае. Адаму ўсё яшчэ дрэнна. Яны моляцца. Авель бярэ ягня, Каін мех зерня і падымаюцца на курган. Неба над імі пачынае змяняцца. Авель кладзе ягня на ахвярнік і моліцца. Гасподзь прымае яго ахвяру. Затым Каін высыпае зерне на ахвярны алтар, моліцца, чакае. Нічога не адбываецца. Хмары сыходзяцца.)

АВЕЛЬ. Пойдзем, Каін, больш нічога не будзе...

КАІН (ціха). Так... (Падыходзіць да алтара і рэзкім рухам змятае зерне. Яны ідуць з кургана.)

АВЕЛЬ (бацькам). Ён прыняў маю ахвяру.

ЕВА (уражаная). Каін, сынок мой, няўжо...

КАІН. Вядома. Ён не прыняў маю ахвяру, мама. Няўжо ты напраўду чакала іншага?

ЕВА. Але... Чаму?

КАІН. Чаму? Ты ведаеш чаму, і бацька ведае. Праўда? Ведае. А вось Авель не ведае.

АВЕЛЬ. Пра што ты?

КАІН. Не ведаеш! І Гасподзь табе не скажа, а ска-жа - усё роўна не зразумееш.

АВЕЛЬ. Пра што ты гаворыш, брат?

КАІН (раптам). Мне трэба вярнуцца.

ЕВА. Што ты такое гаворыш?

АВЕЛЬ. Куды вярнуцца?

КАІН. Мне трэба пагаварыць.

АВЕЛЬ. З кім?

ЕВА. Каін, хлопчык мой, такая бура, такая навальніца пачынаецца...

КАІН. Я вярнуся на курган. Адзін. Ніхто не пойдзе за мной, зразумела?

АВЕЛЬ. Гэта проста дурнота. Мама, тата, скажыце яму!

ЕВА. Каін, сынок... Я ведаю, ты засмучаны, але нельга гневацца на Ўсявышняга.

КАІН. Не, я не засмучаны. Мне трэба проста пагаварыць.

АВЕЛЬ. Ён не будзе размаўляць з табой.

КАІН. Годзе! Я прымушу Яго! (Паварочваецца і ідзе на вяршыню.)

ЕВА. Госпадзі, гэта вар'яцтва. Адам, скажы што-небудзь.

АДАМ. Каін, спыніся! Я загадваю табе імем Госпада! Усё скончана, нічога не змяніць! (Каін ідзе далей.) Каін!

ЕВА (плача). Сынок, вярніся... Не гняві Яго!

АВЕЛЬ. Я яго спыню! (Збіраецца дагнаць.)

АДАМ (раптам). Стой!

ЕВА. Адам...

АВЕЛЬ. Бацька, гэта ж дурнота - Гасподзь сказаў сваё слова.

АДАМ. Пакінь яго.

ЕВА. Але...

АДАМ. Ева, не ўлазь! Не ўлазь, калі не разумееш, што адбываецца! Каін ведае, што робіць. А не ведае - яму ж горш. Не лезьце туды, куды вас не просяць, ні ты, Ева, ні ты, Авель.

КАІН (з вяршыні кургана). Я застаюся тут да таго часу, пакуль Ён не загаворыць са мной. Вы вяртайцеся.

ЕВА. Сынок...

КАІН. Ніхто, запомніце, ніхто не наблізіцца да мяне да таго часу. Ідзіце.

ЕВА. Каін, Госпадзі, зусім розум страціў... (Каін сядае каля алтара і моліцца, заплюшчыўшы вочы.)

АВЕЛЬ. Нічога, захоча есці, прыбяжыць. Пойдзем, мама, не плач.

АДАМ. Пойдзем. (Сабе.) Спадзяюся, усё будзе добра. (Выходзяць.)

 

Дзея семнаццатая

 

Каін сядзіць і моліцца. Над ім бушуе страшэнная бура, ліе дождж. Надыходзіць ноч, потым раніца, затым дзень, ноч, зноў дзень... Каін нерухомы, ён быццам не заўважае хады часу. Прыходзіць Ева, глядзіць на яго і плача.

 

ЕВА. Каін, Каін, сынок... Госпадзі, што з табой зрабілася? Сёмы дзень ты тут... Схуднеў зусім... Сынок, вярніся. Адступіся ад сваёй задумы, адступіся ад сваёй гардыні. Пакайся і вярніся. Ты ж і нам балюча робіш. Нам, сваім бацькам... Мне... Я ўжо каторую ноч не сплю. Сэрца пачало балець. Вярніся... Вярніся, ты ж памрэш... Я табе вадзіцы прынесла, хлебца. З твайго поля хлябок, зірні. Паглядзі які... Што ж гэта з табой? Спусціся да мяне, сыночак... (Ён нерухомы.) Госпадзі, будзь літасцівы да яго, не дай яму памерці. Ён упарты... Які ж ён упарты, Госпадзі. Злітуся над ім.

 

Каін нерухомы. Ева плача і выходзіць. Зноў мінаюць дні і ночы. Прыходзіць Адам.

 

АДАМ. Каін, сын. Я прыйшоў прасіць цябе, каб ты вярнуўся. Я мог бы табе загадаць як бацька, але... Я баюся, што ты мяне не паслухаеш. Я не ўмею ўгаворваць. Скажу толькі, што маці тваёй надта дрэнна. Яна цябе вельмі любіць, вельмі... Авель злуецца... А яна кожны дзень чакае цябе. Стаіць дзень пры дні на двары і глядзіць на даліну, можа, ты ідзеш... Спаць зусім перастала, плача. Паслухай, Каін, я не хацеў сюды прыходзіць. Мне няма чаго табе сказаць - гэта твая маці настойвала. Ідзі, маўляў, загадай... А я не магу. Я ведаю, чаму ты тут, ведаю, чаго ты хочаш. Ведаю, што і я вінаваты ў гэтым. Прашу цябе толькі - не памірай. Цяжка мне будзе без цябе. Цяжка... Падумай яшчэ раз, ці варта. А я з табой пры любым тваім рашэнні, бо ведаю, што не пра сябе дбаеш... Ведай, ты памрэш - і мне канец! Ведай... (Выходзіць.)

 

Дзея васемнаццатая

 

Зноў ідуць дні і ночы. Каін валіцца ад знямогі і голаду, ён амаль траціць прытомнасць... Да яго прыходзіць Гасподзь.

 

ГАСПОДЗЬ. Каін, Каін, ці ты гэта тут?

КАІН (слабым голасам, ледзьве чутна). Я, Госпадзі.

ГАСПОДЗЬ. Ты чакаў мяне, я прыйшоў.

КАІН. Так, прыйшоў... Ты ж не мог даць мне памерці, праўда?

ГАСПОДЗЬ. Пра што ты хочаш гаварыць?

КАІН. Не-е... Спачатку дай мне напіцца. Паміраю ад смагі... Спаталі маю смагу, Госпадзі. (Гасподзь дае Каіну персік. Каін смокча яго, п'е сок, але раптам са страшным крыкам адкідвае прэч.) Не! Не магу! Не магу!

КАІН. Гэта плод...

ГАСПОДЗЬ. Што?

КАІН. Ён жа адтуль? Адтуль… Так? Гэты плод... Варта мне было надкусіць яго, глынуць яго соку, адчуць яго мякаць на языку, і ўсё змянілася. Усё... Нібыта ў адно імгненне я пачуў спевы чароўных птушак, паветра напоўнілася водарам дзівосных кветак і траў... Нібыта нехта дакрануўся рукой да майго сэрца. І я адчуў сябе голым. І я на імгненне ўбачыў яго, Эдэм... Сады без канца-краю, горы, вадаспады, святло і зоркі адначасова... І Цябе... Гэты персік адтуль?

ГАСПОДЗЬ. Так.

КАІН. Ты наўмысна даў мне яго? Каб я зразумеў?

ГАСПОДЗЬ. Пра што ты хочаш гаварыць, Каін?

КАІН. Цяпер пра ўсё, Госпадзі.

ГАСПОДЗЬ. Навошта табе ўсё, калі ты з малым справіцца не здольны?

КАІН. Трэба, Госпадзі, трэба, табе не...

ГАСПОДЗЬ. Кажы...

КАІН. Я... (Схіляе галаву.) Не... Я жадаў сказаць...

ГАСПОДЗЬ. Ты хацеў бы ў Эдэм, Каін?

КАІН. Што?

ГАСПОДЗЬ. Эдэм. Ты хацеў бы туды?

КАІН. Я... (Паўза.) Так. Я хацеў сказаць - гэта так нечакана...

ГАСПОДЗЬ. А чаго ж ты чакаў? Ты прасядзеў тут семнаццаць дзён без вады і ежы, молячыся і заклікаючы Мяне. Дзеля чаго ж? Каб проста пагаварыць?

КАІН. Я... (Сціскае галаву рукамі.)

ГАСПОДЗЬ. Сам не ведаеш.

КАІН. Ведаю, але...

ГАСПОДЗЬ. Ты хацеў бы ў Эдэм? Ты паспытаў яго смак, адчуў яго водар, пачуў яго гукі... Я прыўзняў перад табой заслону. Ведай, ты апошні чалавек, не народжаны ў Эдэме, перад якім Я прыўзняў заслону. І ты апошні чалавек, якому Я прапаную. Я магу ўзяць цябе туды зараз. Падумай.

КАІН. Чаму я? Ты ж абраў не мяне, а Авеля. Чаму Ты прапануеш мне?

ГАСПОДЗЬ. Я так вырашыў.

КАІН. Ты хочаш забраць мяне аднаго?

ГАСПОДЗЬ. Толькі цябе.

КАІН. Без сям'і?

ГАСПОДЗЬ. Толькі цябе.

КАІН. Эдэм, Эдэм... Месца, дзе кожны шчаслівы. Дзе няма болю, сораму, зла, старасці. Эдэм... Светлая мара, казка, надзея. Госпадзі...

ГАСПОДЗЬ. Згодны ці не, Каін?

КАІН (ліхаманкава, пакутліва разважае). Згодны, згодны, згодны! Згодны! (Раптам.) Не! Чакай! Нешта не тое...

ГАСПОДЗЬ. Што?

КАІН. Нельга! Пастка... Не ўсё так проста, праўда? Гэта праверка? Ты ж правяраеш мяне? Я - чалавек.

ГАСПОДЗЬ. Пра што ты?

КАІН. Нас на зямлі ўсяго чацвёра: Адам - мой бацька і першы чалавек, які народжаны ў Эдэме, Ева - мая маці, таксама народжаная ў Эдэме, якая стала прычынаю выгнання з яго, я - першы, хто нарадзіўся на зямлі, і Авель. Нас усяго толькі чацвёра. Ты ведаеш, што будзе, калі я прыму тваю прапанову. Як жа я змагу быць шчаслівым там, разумеючы, як пакутуюць мае бацькі тут? Мой адыход заб'е іх. І я буду ведаць гэта. Ведаць, разумееш! А з другога боку, калі я не прыму Эдэма, дык усё жыццё буду пакутаваць, буду дакараць сябе за тое, што сам, уласнымі рукамі адрынуў жыццё райскае. Што можа быць страшнейшым за гэта? Бацька не па сваёй волі страціў рай, а я?

ГАСПОДЗЬ. Тваё рашэне, Каін?

КАІН. Госпадзі, што ж ты робіш са мной?! Гэты персік, гэты смак... Я страчваю розум... Гэта ж немагчыма! Я адчуваю...

ГАСПОДЗЬ. Тваё рашэнне, Каін?

КАІН (нема крычыць). Не! Не будзе рашэння! Не! Не будзе, таму што я адвяргаю Твой выбар! Ці не... Я згодны, вядома, згодны, бо не ідыёт жа я... Стой! Госпадзі, што ж гэта я раблю? (Ён сціскае галаву рукамі.) За што ты са мной так? За гардыню? Дык няма яе ўжо... Гэты смак, гэта неба, гэта шчасце, бязмежнае, боскае шчасце... Памажы мне!

ГАСПОДЗЬ. Тваё рашэнне, Каін?

КАІН. Але чаму не даць яго нам усім?! Ты ж можаш? Нас так мала, нас амаль няма, навошта ж нас разрываць? Забяры нас у Эдэм!

ГАСПОДЗЬ. Толькі ты.

КАІН. Але чаму?! (Гасподзь маўчыць.) Добра, добра... Гэта не мая справа. Нельга, я разумею. Добра, не трэба ўсіх. Забяры бацьку, забяры яго аднаго. Ты ж ведаеш, пра што ён марыць. Яму мроіцца толькі адно. Ты чуў яго малітвы. Гэта жыццё не для яго, ён стары, нямоглы, яму дрэнна тут. Ну дык злітуйся над ім! Даруй яму! Я пражыву без Эдэма. Я нарадзіўся тут, я магу араць зямлю. Я змагу... Але памажы майму бацьку!

ГАСПОДЗЬ. Ён застанецца на зямлі.

КАІН. (раптам пачынае смяяцца). Вядома, вядома ён застанецца. Ты ж ніколі не возьмеш яго. Ні яго, ні маю маці, ні Авеля, ні мяне - Ты ж ведаў, што я не прыму Тваю прапанову. Вядома, ведаў. Ведаў! Дык за каго ты нас лічыш?! Хто мы для Цябе?! Нашто мы Табе?! (Гасподзь маўчыць.) Гэта што, гульня? Мы цацкі ў руках Тваіх? А мы ж не ведаем нават, навошта жывём. Ты даў нам жыццё і розум. Навошта? З якой мэтай? Якую з Тваіх вялікіх задум мы павінны ўвасобіць? Ты ж не скажаш, праўда? Ізноў нельга. Ізноў не дадзена... Добра, тады пытанне прасцейшае: нас усяго чацвёра, што будзе з людзьмі далей? Будзе Авель апошнім з людзей ці нешта іншае?

ГАСПОДЗЬ. Я яшчэ не вырашыў. Але сёння вырашу.

КАІН. Ну і не трэба адказаў. Не трэба! Нічога не трэба... Вунь ідзе Авель, Твой абраннік, ідзе сюды, ідзе патрабаваць, каб я вярнуўся. Зірні, які ён упэўнены, які спакойны. Так, зразумела чаму ён твой абраннік, ён прымае ўсё, усё, што Ты дасі яму, без усялякіх сумненняў. Ён можа жыць і тут, і ў Эдэме, і ў гарах, і ў пустыні... Яму напляваць. Ён радуецца, што авечкі даюць прыплод. Кожнай авечцы радуецца. Ён не думае, пра тое, што магло б быць. Яму напляваць на ўсе сэнсы... Вось ён здзівіцца, што ты гаворыш са мной.

 

Авель падыходзіць да кургана.

 

Хадзі сюды, Авель.

 

Дзея дзевятнаццатая

 

АВЕЛЬ (пачціва). Госпадзі, ты тут...

ГАСПОДЗЬ. Я, Авель.

КАІН. Мы размаўляем.

АВЕЛЬ. Каін, ты дрэнна выглядаеш. Пойдзем дадому.

КАІН. Я ж казаў, ён прыйшоў мяне ўгаворваць.

АВЕЛЬ. Госпадзі, даруй яму, ён стаміўся... Каін, што ты нарабіў тут?

КАІН. Нічога. А што я магу нарабіць? Мы размаўлялі. Гасподзь прапанаваў мне вярнуцца ў Эдэм.

АВЕЛЬ. Табе?

КАІН. Мне. А я не захацеў. Ці захацеў... Сам не ведаю. Як ты лічыш, што я павінен зрабіць?

АВЕЛЬ. Пойдзем дадому, Каін, ты хворы. Пойдзем, нас чакаюць...

КАІН. Яшчэ не час.

АВЕЛЬ. Каін, пакінь гардыню. Ты хацеў пагаварыць, ты атрымаў тое, што хацеў. Цяпер пойдзем.

КАІН. Адкуль табе ведаць, чаго я хацеў? А зрэшты, твая праўда. Пойдзем... Пойдзем. Дзякую табе, Госпадзі. За тое, што не даў памерці, і за тое, што паказаў, як мы маглі б жыць, але ніколі не будзем.

АВЕЛЬ. Перастань!

КАІН. Дзякуй і бывай. (Збіраецца ісці. Раптам.) Хаця не, так проста нельга...

АВЕЛЬ (спрабуе схапіць яго за рукі). Каін, хопіць, пойдзем.

КАІН. Рукі, рукі... Што ж ты ў такім месцы даеш рукам волю?

АВЕЛЬ. Ты хворы, пойдзем.

КАІН. Зараз, зараз... Пастой тут, я на хвілінку.

АВЕЛЬ. Каін...

КАІН. Сказаў жа, зараз прыйду... Ух, які ты нецярплівы, брат. (Набліжаецца да Госпада. Гаворыць так, каб Авель не чуў яго.) Госпадзі, а ты ведаеш, што гэта за свет? У які свет ты пасяліў нас? Гэта свет, дзе магчыма зло. Хочаш, я здзіўлю Цябе? Хочаш, я пакажу Табе, на што здольны чалавек у гэтым свеце? Хочаш, я зраблю тое, што не ўвойдзе ні ў адну боскую задуму?

ГАСПОДЗЬ. Што ж ты зробіш?

КАІН. Зараз скажу. Толькі адкажы спачатку на адно толькі пытанне. Ці верыш ты, што я люблю брата свайго? Што ўсім сэрцам, усёй душой люблю Авеля?

ГАСПОДЗЬ. Веру.

КАІН. (крычыць Авелю). Брат Авель, ці верыш ты, што люблю цябе?

АВЕЛЬ. Вядома, пойдзем...

КАІН (зноў Госпаду). Дык вось, я заб'ю Авеля. Зараз...

ГАСПОДЗЬ. Што ты сказаў?

КАІН. Я заб'ю свайго брата тут на Тваіх вачах, Госпадзі.

ГАСПОДЗЬ. Апамятайся.

КАІН. Я заб'ю яго.

ГАСПОДЗЬ. Не.

КАІН. Чаму? (Гасподзь знікае. Паўза. Каін паварочваецца, на яго раптам налятае Авель. Каін падае.)

АВЕЛЬ. Таму, што Ён папярэдзіў мяне.

КАІН. Што? Пляваць! Мяне ўжо не спыніць! (Браты з неверагоднай лютасцю кідаюцца адзін на аднаго. Барацьба. Удар за ўдарам, па твары, па жываце, куды патрапіць... Авель дужэйшы. Ён б'е Каіна і як сабачку адкідвае ўбок.)

АВЕЛЬ. Што, не чакаў? Ён папярэдзіў мяне. Цяпер усё - табе канец. (Кідаецца на брата, б'е яго з усё большай лютасцю. Каін з ярасцю адбіваецца.) Чаго ты хацеў? Раю? Табе ўсяго было мала, так? З самага дзяцінства ты ніколі і нічым не быў задаволены!

КАІН. Затое ты быў усім задаволены! Прыдурак! (Каін хапае камень і спрабуе ўдарыць брата, аднак Авель не звяртае ўвагі.)

АВЕЛЬ. Вядома ж, вечна нешта было не так, не даспадобы, не па табе... Але я ніколі не думаў, што ты можаш зайсці так далёка. Чаго табе не дадалі? Чаго? Што табе такога дрэннага зрабілі? (Каін спрабуе ўцячы, але Авель даганяе яго і бязлітасна кідае на зямлю.) Стаяць! Табе не падабаецца гэты свет? Гэтая зямля? Гэтае сонца? Гэтае зерне? Гэты Бог? (З кожным пытаннем ён б'е ягоны ўсё мацней, крывяніць яго твар. Каін спрабуе захінуцца, але не можа.) І ў дадатак да ўсяго ты замахнуўся на забойства? За што? У чым я перад табою вінаваты? Зайздрасць замучыла? Што Гасподзь абраў мяне, малодшага, што ён загаварыў са мной, даверыўся мне?

 

Каін спрабуе нешта сказаць, але не можа - яго твар разбіты, ён амаль траціць прытомнасць. Супраціўленне слабее, а Авель працягвае наносіць удары.

 

Гасподзь адкрыў мне вочы, раскрыў твае планы, гадзіна! (Бярэ Каіна за горла і прыціскае да сцяны ахвярніка.) Але цяпер усё, табе канец. Шкада, што давядзецца гэта зрабіць, Каін, але ты не пакінуў мне выбару...

КАІН. Ты пра нешта забыўся, Авель...

АВЕЛЬ. Пра што?

КАІН. Ты забыўся, хто я.

АВЕЛЬ. І хто ж ты?

КАІН. Я? (Паўза.) Каваль! (Выхоплівае нож і б'е Авеля ў грудзі.)

АВЕЛЬ (паволі асядае). Госпадзі...

КАІН. Брат.

ГАСПОДЗЬ (страшны, доўгі, усепранікаючы крык). Не-е-е!!!

 

Дзея дваццатая

 

Усё вакол мяняецца. Прырода мяняецца. Грамы, буры, землятрус, адчуванне канца свету...

 

КАІН. Што, Госпадзі, не чакаў?.. Я забіў яго. Забіў! Ты ведаеш, што я нарабіў? Ты думаеш, я забіў свайго брата, забіў праведніка, забіў Твайго абранніка? Не, я забіў Твой вобраз і падабенства! Не будзе больш цацак. Не будзе больш рабоў. Я свабодны ад Тваёй волі. (Ярасць Госпада набліжаецца да яго.) Што? Што ты можаш зрабіць? Забіць мяне? Дык я толькі што гэта зрабіў! Што можа быць страшнейшым за забойства? Я зраўняўся з Табой... Ты разумееш, што гэта азначае? Гэта азначае, што цяпер усё! З гэтага часу кожны чалавек мае выбар паміж дабром і злом. І Яму больш не спатрэбіцца дзеля гэтага яблык пазнання, ён цяпер можа пазнаць сам. Выбраць сам, без аглядкі на Тваю волю. Можа выбраць, забіваць ці маліцца, верыць або не верыць, у каго верыць і што лічыць дабром і злом. Больш няма аднаго закона. І больш няма аднаго Бога. Я даў людзям тое, чаго не мелі ні бацька, ні маці, ні Авель.

ГАСПОДЗЬ. Што ты нарабіў, Каін...

КАІН. Я забіў яго, Госпадзі, я павінен быў гэта зрабіць. Ты пасяліў нас у свеце, дзе ёсць і дабро і зло. Няўжо ты лічыў, што гэта зло ніколі не вырвецца вонкі? Ведаеш, як страшна чакаць гэтага... Я дзіўлюся, што мой бацька яшчэ не з'ехаў з глузду. Я толькі цяпер разумею, наколькі ён моцны... Госпадзі, я абавязаны быў паказаць Табе, як тут страшна... Я абавязаны быў паказаць, што Ты пасяліў нас у свеце, дзе і Табе могуць зрабіць балюча. Навошта ж ты выгнаў нас з раю?

ГАСПОДЗЬ. Няўжо вам абавязкова патрэбен рай, каб жыць у дабры?

КАІН. Патрэбен, Госпадзі... (Знясілены сядае.) Патрэбен... Людзі заўсёды будуць шукаць рай. Без раю мы нішто. Пакуль будзе надзея, яны будуць шукаць яго на зямлі. Калі гэта надзея знікне, яны будуць шукаць яго на небе... І любая вера будзе грунтавацца на гэтым. Любая... У кожным гэта будзе жыць... У кожным... Толькі надзея, што калі-небудзь людзі трапяць у рай, у вечнае шчасце, будзе ўтрымліваць іх ад зла. Сёння я згубіў надзею, і зло прыйшло само па сабе... Не адбірай гэту надзею ў людзей, Госпадзі, не адбірай...

ГАСПОДЗЬ. Я вырашыў.

КАІН. Ты заб'еш мяне? Ці нехта іншы мяне заб'е?

ГАСПОДЗЬ. Ты - вольны. Ты, і нашчадкі твае. Народы ж Авеля, народы Боскія, ніколі не з'явяцца на зямлі. (Знікае.)

 

Каін схіляецца над целам брата. З'яўляюцца Адам і Ева.

 

Дзея дваццаць першая

 

ЕВА. Дзеці! (Кідаецца да іх. Бачыць цела Авеля, бачыць кроў на твары Каіна.) Што ж вы нарабілі?

КАІН. Ён мёртвы, мама. Я забіў яго.

ЕВА. Каін... (Схіляецца над целам і плача.) Што ж вы нарабілі, дзеткі мае? Што ж вы нарабілі...

КАІН (падыходзіць да бацькі). Я зараз пайду. Пайду назаўжды. Пра тое, што тут адбылося, ніхто ніколі не даведаецца. Ніхто не раскажа. Авель мёртвы. Я і Гасподзь будзем маўчаць. Але калі ўсё ж род чалавечы прадоўжыцца, і дзеці запытаюцца, чаму брат Каін забіў брата Авеля, скажы, ад зайздрасці, маўляў, пазайздросціў, што тады Гасподзь ахвяру Каінаву не прыняў, а Авелеву прыняў. Добра? Так будзе лепш.

АДАМ. Ты куды?

КАІН. Не ведаю. На Ўсход, мабыць...

АДАМ. Ён не дараваў нам?

КАІН. Не. Але цяпер усё зменіцца.

АДАМ. Вазьмі вось гэта... (Дае яму пергаментны скрутак.) Я ўзнавіў карту, патаемна ад Евы, але мне яна не спатрэбіцца ўжо. Там (паказвае на пергамент)... Там азначаны шлях. Будзе жаданне, паспрабуй...

КАІН. Дзякую. Калі не траплю ў гэты сад, хоць здаля зірну.

АДАМ. Ты ніколі не здаешся. Ты мой сын. (Абдымаюцца.) А цяпер ідзі. Ідзі, пакуль маці не зразумела, што адбываецца. Я сам ёй потым усё растлумачу.

КАІН. Скажы ёй, што я люблю яе. Спадзяюся, яна зразумее.

АДАМ. Не, яна не зразумее. Але даруе.

КАІН (паўза). Адно скажу: Авеля я любіў.

АДАМ. Я ведаю.

КАІН. І Госпада любіў. Любіў і люблю.

АДАМ. Ён ведае.

КАІН. Бывай.

АДАМ. Бывай, сынок. Ты зрабіў усё, што мог...

 

Каін выходзіць. Адам падыходзіць да Евы, абдымае яе, і яны разам плачуць над целам Авеля.

 

Дзея дваццаць другая

 

Мінуў час. Жытло Адама. Ева сядзіць нерухома, уваходзіць Адам.

 

АДАМ. Ева, Ева... (Яна не адгукаецца. Ён падыходзіць і накладвае міску ежы.) Ева, ты зноў нічога не ела? Чаму ты нічога не ясі? Нельга так, на вось... Бяры. Еш... (Ева пачынае механічна есці.) Быў сёння на Каінавым полі. Вялікае поле - нам не абрабіць. Я адгарадзіў кавалак, для нас. Агароджа ў загоне пачынае валіцца, не ведаю, што й рабіць. Гніе дрэва. Як замяніць? Авель дык слупкі з кедравага гаю прыносіў... Як каша? Нішто сабе? (Паўза.) Я вось думаю, можа, распусціць гэты статак. Навошта нам столькі авечак? Ды й пасвіць іх няма каму... Пакінем штук дзесяць-пятнаццаць, і хопіць. Як ты лічыш?

ЕВА. Добра.

АДАМ. Табе, можа, нясмачна? Можа, хочаш што-небудзь? Хочаш мёду?

ЕВА. Яны абяцалі зрабіць мне кросны.

АДАМ. Навошта нам цяпер кросны...

ЕВА. Я вельмі хацела кросны...

АДАМ. Я камень на магілцы паставіў. Добры, вялікі камень. Хочаш паглядзець?

ЕВА. Не.

АДАМ. Добра, я схаджу адзін.

ЕВА (паўза). Год... Гэтага ж дастаткова, каб дайсці.

АДАМ. Агмень ізноў задыміў...

ЕВА. Як ты думаеш, ён дайшоў?

АДАМ. Можа, і дайшоў.

ЕВА. Хай бы дайшоў. Хай бы дайшоў... Дайшоў і шчаслівы там, у кушчах райскіх, не ведаючы старасці, хвароб, болю, сораму, адчаю...

АДАМ. Ева...

ЕВА. Адзіноты... Ён дайшоў, і Гасподзь прыняў яго ў лона Сваё, і яны ходзяць разам па сцяжынках Эдэма, і размаўляюць, і размаўляюць, і ходзяць, і размаўляюць, і не ведаюць зла... Ён жа дайшоў, праўда?

АДАМ. Праўда, Ева... (Яна падымаецца, падыходзіць да ляжанкі, кладзецца і пачынае спяваць.) Трэба працаваць... Нам больш няма ад каго чакаць дапамогі. (Устае і выходзіць).

 

Ева спявае, затым засынае. І раптам дзіка крычыць у сне. Прыбягае Адам.

 

АДАМ. Што такое, Ева? Што здарылася?

ЕВА. Я... Я зноў бачыла сон. Той сон, памятаеш, пра дзіцятка?

АДАМ. І што?

ЕВА. Сёння зноў была бітва, зноў кроў, гарачая кроў, і жаданне, і страсць, а потым...

АДАМ. Што?

ЕВА. Яно сказала мне «мама». Разумееш?

АДАМ. Не.

ЕВА. Я зноў буду маці, Адам. Гасподзь дасць нам сына.

АДАМ. Ева! (Яна бяжыць да яго. Ён яе абдымае.)

ЕВА. Я буду маці, Адам! Я зноў буду маці. Я думала - я так і памру, так і памру... Авеля няма, Каін сышоў. Што з ім, не ведаю... А мы адны, мы старэем... Так страшна... Я думала, што ўсё, гэта канец. Канец... А цяпер... Цяпер мне здаецца, што гэта толькі пачатак, Адам.

АДАМ. Вось бачыш.

ЕВА. Усё-ткі Ён не пакінуў нас. Разумееш? Усё-ткі мы не адны.

АДАМ. Ён літасцівы...

ЕВА. Адам, які ж велічны Гасподзь. Які нязмерна вялікі Гасподзь у літасці сваёй. Ён даў нам надзею. Што можа быць лепш?

АДАМ. У жыцці заўсёды так, здаецца, што ўжо ўсё, канец, і раптам святло надзеі. Канца няма. У гэтым вялікая мудрасць Гасподняя. Самае страшнае перажываецца. За цемраю прыходзіць святло. За смерцю - жыццё.

ЕВА. Я такая шчаслівая, Адам.

АДАМ. Мы назавём нашага сына - Сіф - «аснова», бо яму цяпер наканавана стаць асновай роду чалавечага.

ЕВА. Ты рады за нас?

АДАМ. Рады. Вельмі рады.

ЕВА. А шчаслівы? (Адам маўчыць.) Шчаслівы, Адам? Шчаслівы? (Адам не адказвае.)

 

Дзея дваццаць трэцяя

 

ГОЛАС (пакуль гучаць словы, Адам і Ева ў сваім жытле, да іх падбягаюць іх маленькія дзеці. Яны забаўляюцца разам. Яны сям'я). Адам жыў сто трыццаць гадоў і нарадзіў сына па падабенстве сваім і па вобразе сваім, і даў яму імя Сіф. Дзён Адама па нараджэнні Сіфа было восемсот гадоў, і нарадзіў ён сыноў і дачок. Усіх жа дзён жыцця Адамава было дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр.

Сіф жыў сто пяць гадоў, і нарадзіў Еноса. Па нараджэнні Еноса Сіф жыў восемсот сем гадоў і нарадзіў сыноў і дачок. Усіх жа дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр.

Енос нарадзіў Каінана, сыноў і дачок. Каінан нарадзіў Малелеіла, Малелеіл нарадзіў Іарэда, Іарэд - Еноха, Енох - Мафусаіла, Мафусаіл - Ламеха. Ламех - Ноя.

І ўсе яны жылі доўга, як і прашчур іх Адам, і нараджалі сыноў і дачок, працягваючы род людскі. І ўсе жылі на зямлі, не шукалі Раю, забыліся пра Эдэм, як і было прадказана. Але ў кожнага ў глыбіні сэрца жыла надзея: пра жыццё іншае, жыццё вечнае, пра свет дабра і Бога.

Каін жа вандраваў па зямлі ўсё жыццё сваё, цераз горы і даліны, пустыні і лясы, і нідзе не знайшоў спакою пакуль білася сэрца ягонае. І пачаў ён род: і нашчадак яго Іавал быў бацькам усіх жывёлаводаў, Іўвал - бацькам усіх музыкаў, а Тувал-Каін - бацькам усіх кавалёў.

І да гэтага часу ўвесь род людскі бярэ свой пачатак ад Адама, чалавека, выгнанага з раю за пазнанне дабра і зла, і Каіна, які ўпершыню гэтае зло здзейсніў...

 

Адам і Ева бяруць дзяцей за рукі і выходзяць.

2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая