epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Абстрыкаўся

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

 

 

Мястэчка Кароза ў незвычайным ажыўленні. Рыхтуюцца ўсе да валаснога з’езду Саветаў. Ужо тыдзень, як кожны дзень па ўсіх установах пасяджэнні, пасяджэнні, пасяджэнні. Ужо па ўсіх вуліцах налеплены «чорныя спісы». Ужо народ цэльны дзень таўчэцца ў выканкоме з усялякімі справамі па перавыбарах.

Вось і сёння грамадзяне мястэчка з зацікаўленасцю ўбачылі, як да выканкому падскочыў на вараненькім коніку нейкі прыгожы мужчына ў бліскучай, туга зацягнутай, міліцэйскай вопратцы.

— Хто ж бы гэта? — пыталіся з усіх бакоў. — Нешта мы яго не ведаем.

— Ды як жа ж! Гэта ж т. Шмыцік, з павету, — адказаў нехта. — Ён прыехаў як сябар выбарнай камісіі.

Некалькі зацікаўленых грамадзян паперліся за ім услед, як быццам па сваёй справе. Яны ўбачылі, што ў выканкоме яго сустрэлі з прывітаннем, як жаданага госця.

 

ІІ

 

Як увайшоў т. Шмыцік, дык пасыпаліся з усіх бакоў пытанні. Ён развязываў іх і на ўсе адпаведываў катэгарычна і проста. Гэта ўсім спадабалася.

— Бачыш ты, як рэжа, — шапталіся сяляне.

Тут жа каля стала старшыні стаяў у парванай шынельцы рэжысёр мясцовай трупы т. Пячурка. Яго перад прыездам т. Шмыціка гукнулі наконт пастаноўкі спектаклю да з’езду.

Убачыўшы яго, прыезджы цікаўна зірнуў на Пячурку, быццам пытаючыся: хто гэта? Старшыня папярэдзіў:

— Гэта наш мясцовы рэжысёр трупы, мы яго пазвалі, каб папрасіць што-небудзь зрабіць для з’езду.

— Ага! Гэта добра! — сказаў т. Шмыцік. — А што ж вы пастановіце?

— Вялікай рэчы ў нас цяпер не маецца, не падрыхтавана, але ёсць невялічкая ды вельмі цікаўная рэч, асобна для сялян. Магу быць пэўным, што яна спадабаецца, як ніякая іншая, — казаў Пячурка.

— Што ж гэта за п’еса? — запытаўся т. Шмыцік.

— Гэта беларуская п’еса ў 2-х актах. Ды вось т. старшыня ведае: яе ў мінулую нядзелю ставілі — і ўсе былі здаволены!

— Якая-небудзь бяздзеліца, вясковы жарт? — перабіў Пячурку прыезджы. — Народу трэба ставіць сур’ёзную рэч, асобна для з’езду, дзе будуць больш свядомыя грамадзяне... А як назоў п’есы?

— «Паўлінка». Вы, пэўне, ведаеце яе. Як каму, а мне здаецца, што гэта п’еса — добры малюнак з жыцця сялян і не можа не спадабацца. Ды ў нас і нямашака ў сучасны момант іншай п’есы, падрыхтаванай так, як гэта.

— Вельмі шкода, — тонам дырэктара сказаў т. Шмыцік, — я, у прыватнасці, нічога ў гэтым беларускім руху не кемлю і нават не разумею, нашто ён... «Паўлінка»? Першы раз чую! Я бачыў вельмі шмат п’ес і ведаю ўсе славутыя п’есы, але гэтай не бачыў і не чуў пра яе... Чаму вы не паставіце якой-небудзь п’есы Талстога. Магутны талент. А то драбязгу...

— Талстога? Напрыклад, якую?

— Якую? Якую?.. Ды хоць бы... — Шмыцік замяўся і аж пачырванеў, бо, як на зло, не мог успомніць.

— «Власть тьмы», — падказаў Пячурка.

— Ага ж, ага ж! Во гэта рэч!

Пячурка нічога не адказаў і толькі крыху ўсміхнуўся. На некалькі хвілін працягнулася маўчанка. Т. Шмыцік курыў і круціў свае даўжэнныя бялявыя вусы.

— Дык у вас нямашака іншай п’есы? — перарваў маўчанку прыезджы. — Я зноў кажу: усе славутыя п’есы я ведаю, а гэтай і не бачыў, і не ведаю, падойдзе яна ці не... Як вы думаеце, — звярнуўся ён да сяброў выканкому, — вы бачылі яе?

— Бачылі, — стараючыся папасць яму ў тон, а тым часам, каб не зачапіць і Пячурку, адпавядаў адзін з іх, — п’еса так сабе. Нічога благога няма. Смешна дужа.

— Ведаеце што? — адвалокшы троху ўбок Пячурку, пачаў гаварыць т. Шмыцік. — Я спрачаюся па тэй прычыне, што гэта можа пашкодзіць, радзіць нацыяналізм, што зусім нежадана. Я чуў, што ў вас тут «рух» падняўся і што стварылася нейкая ініцыятыўная група, якая парашыла як можна часцей знаёміць грамадзян з «рухам». Трэба асцярожна гэта рабіць.

Пячурка ніяк не разумеў, у чым тут справа, і ўпарта стаяў на сваём. Ён быў дужа прастадушны чалавек і не бачыў, як коса пераглядаліся яны між сабой.

— Ну, калі іншага нічога няма, дык, мне здаецца, можна і гэту, — сказаў урэшце старшыня і, звярнуўшыся да т. Шмыціка, кінуў: вы самі будзеце рагатаць... Пабачыце.

На тым і парашылі.

 

ІІІ

Калі выйшаў за дзверы Пячурка, пачалі гутарыць між сабой аб гэтым зваліўшымся як з неба «руху». Т. Шмыцік дапытваўся. Яму цікаўна было даведацца, як гэта ў такім цёмным кутку нешта дзіўнае робіцца.

— Хто ж яшчэ тут у гэтым гуртку?

— А бадай што ўся інтэлігенцыя, — казалі яму, — жанчына-ўрач, хоць яна і яўрэйка, каморнік, ляснічыха, настаўніца і шмат вучняў.

— Гэта дужа цікаўна, — працягнуў т. Шмыцік, — толькі трэба сачыць, а то яны яшчэ пойдуць не па правідловаму шляху. Трэба сачыць.

Гутарка зноў перапынілася, бо прыйшлі прадстаўнікі прафсаюзаў, каб супольна з прыехаўшымі з павету сябрамі намеціць кандыдатаў у праўленне саюзу і потым зацвердзіць іх на агульным сходзе.

Намячаюць кандыдатаў.

— Ад працаўнікоў асветы кандыдат т. Варонка, — вымаўляў старшыня прафсаюзу.

— А хто ён такі? — пытаў т. Шмыцік.

— Ён, пэўна, таксама падтрымае рух?

— Не, ён не падтрымае, але з імі ў цеснай сувязі і дужа дружыць, — казалі яму.

— Ну, дык трэба пачакаць, а то, здаецца мне, ці няма тут і контррэвалюцыі... Трэба ўсё рабіць аглядаючыся, трэба быць вельмі асцярожным.

Гэткім чынам кандыдатура Варонкі была скасавана.

 

IV

Вечар. Вялізарны местачковы тэатр блішчыць ад газакалільнага асвятлення. У незвычайнай урачыстасці адбываецца з’езд. З напрудным інтарэсам сяляне слухаюць выдатнага прамоўцу сакратара укому, толькі прыехаўшага. Ён кажа аб міжнародным становішчы. Ціха, ціха, можна чуць, як муха праляціць. Бура воплескаў.

Потым справаздача выканкому. Ні жаднай спрэчкі. Поўны давер уладзе.

А ў вуборнай рыхтуюцца к спектаклю. Мажуць твары, прылепліваюць вусы, налепліваюць насы...

У перапынку сакратар укому пытае сакратара валячэйкі:

— Якую п’есу ставяць?

— Беларускую «Паўлінку».

— Вось як! Гэта дужа цікаўна! Гэта трэба ўсялякім чынам падтрымліваць! Бо вам, мусіць, вядома, што чым бліжэй к народу, тым лепей! Гэта дужа цікаўна, дужа добра.

Т. Шмыцік, чуючы гэта, паморшчыўся, але нічога не вымаўляў. Ён бегаў туды-сюды, забягаў туды, дзе былі артысты, глядзеў на іх цікавыя старадаўнія вопраткі і дзівіўся.

Ад нечага рабіць удзельнікі спектаклю гучна пелі беларускія песні. На яго ніхто не звяртаў увагі, бо ўжо дайшла чутка аб яго адносінах да спектаклю.

Урэшце т. Шмыцік не вытрываў і пачаў казаць, звярнуўшыся да запявалы:

— А мне дык зусім не падабаюцца беларускія песні, у іх мала музычнасці... Нуда, жаль, сум... Трэба вяселле, радасць...

— Няма музычнасці?.. У гэтым кірунку музычныя аўтарытэты не згодны з вамі! Папытайце расейскіх кампазітараў! Апрача гэтага, ёсць не толькі сумныя песні, але і жыццярадасныя і шмат гумарыстычных.

Спрачаліся доўга, упарта, і кожны застаўся пры сваім паглядзе.

 

V

Дзінь! Дзінь! Дзінь! Усё гатова. У будку падказчыка палезла жанчына-ўрач. Заслона ціха паднялася ўгару. Ціха, ціха стала ў тэатры. І калі толькі выходзілі Пранцысь і Агата, дык усе аж зубы сашчэрвалі, бо і рагатаць хацелася, і слухаць яшчэ больш.

Сакратар укому ажна з’ехаў з лаўкі на мост. Ды і т. Шмыцік, каторы сядзеў, прытуліўшыся да нейкай местачковай пышнёхі, таксама трымаўся, трымаўся, але мімаволі стаў пукацца ад смеху.

Яшчэ ніколі тэатр не бачыў такога перапоўненага сходу і гэткай буры воплескаў. Аж абурэлі, звар’яцелі ад шчырага пляскання.

 

VI

Павятовыя госці паехалі. На развітанні сакратар укому гаварыў удзельнікам спектаклю:

— Я ніколі не бачыў больш цікаўнага спектаклю, як гэты! Трэба вам працу пашыраць! Цяпер я бачу, што гэта не пустазвонства!

— Але ж т. Шмыцік, здаецца, не так думае, — пачалі гутарыць.

— Шмыцік? Ха-ха-ха!.. Ён добры арганізатар, толькі не чуткі. Не звяртайце на яго ўвагі. Ха-ха-ха. Пачакайце... Я яму накладу за гэта.

 

VII

Т. Шмыцік яшчэ застаўся ў мястэчку. Ён валачыўся за ўсімі пышнёхамі, круціў ім галовы, даваў ім шмат абяцанняў без усялякай задняй думкі выканаць іх. Яны аж млелі ад жадання пазнаёміцца, а можа, часам і больш інтымна зблізіцца з ім... Ды яшчэ пры ўсякім выпадку дразніўся з прыхільнікамі беларускай мовы. Дразніўся да тых пор, пакуль не паехаў.

І калі ён ехаў з мястэчка, па дарозе сустрэў сакратара вал’ячэйкі. Ён вяртаўся з губз’езду і прывітаў Шмыціка зычным рогатам.

— Ці ведаеш навіну? Наш жа павет далучаецца да Беларусі! Ха-ха-ха! Цяпер табе трэба будзе вучыць беларускую мову! Ха-ха-ха!

— Брэшаш, — казаў т. Шмыцік, але, зірнуўшы ў вочы сакратара, і сам зарагатаў.

— У паветры насілася, — толькі і вымаўляў т. Шмыцік.

— А што, абстрыкаўся, — кінуў яму ўдагонку сакратар і паехаў далей.

У гуртку доўга рагаталі.

«Жыль-Блаз у ролі палітыкана».

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 198-203
Крыніца: скан