epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Алё, Алёна!

І
ІІ
ІІІ
IV


І

Пахучае, прывабнае бабіна лета стаіць.

Журавы пралятаюць раніцамі марознымі, калі агароды, як срэбрам, абсыпаны імжакай, і сумны іх клёкат над вёскай гучыць, як спеў развітальны.

А ўдзень лёгкае, нібы шоўк, павуцінне снуецца па полі. Ціша ў лесе стаіць. Шарахціць пад нагамі кляновы ліст, і красуецца крывавая рабіна. Мякка грэе стомленае сонца — не балюча воку глядзець на яго. І здаецца, нібы ад праменняў яго ўсё бледна-блакітнае неба напоўнена ціхім, ледзьве чутным дзынканнем крышталю.

Удзень бабы выйдуць на вуліцу, пасядуць белымі купкамі на прызбах і завядуць доўгія бяседы.

Між імі за старшыню Апанасіха, бабка сухая, як таран. Вочы ў яе маленькія, калючыя, як шпількі, а рот сухі, сцяты. Постаць зграбная, спадніца саматканая, яшчэ новая. Галава абвязана крамнінай.

Завуць яе Алёнай, але на вёсцы яна больш вядома як Апанасіха.

Апанасіха пра мужыка свайго размаўляе:

— Падумайце, пагадайце, бабачкі! Старога трэці дзень не чуваць! Дакляраваў мне яшчэ ўчора быць... У мяне, галубачкі, сэрца не на месцы! Ён жа слабы, удушлівы чалавек, каб чаго, не дай божа...

— Дык айдзе ж гэта твой Апанас? — у соты раз пытаюцца бабы. І заўчора пыталіся, і ўчора тое самае, і сёння трэба запытацца! Без гэтай формы не абыдзешся. А мо і сапраўды забыліся. Мала хто і куды пайшоў!

— Ды ў горад жа чмыхнуў! Прыйшла веста... Нейкі прыёмнік мой выйграў... Бясплатна за газету дадуць... дык пацягнуўся! — павольна, кожнае слова расцягваючы, кажа Алёна і глядзіць, якое ўражанне гэта робіць на ўсіх.

— Адвеку не чула і не бачыла, што яно такое! — паведаміла шчыра Рабчыха.

— А ты думаеш, я ведаю? Не, мая галубачка! І мае мазгі ўжо выкарчылі, аніяк у галаву не вазьму... Апанас мой таксама зроду не бачыў і не ведае, што яно і да чаго яно... А Ягорка мой кажа: гэта такая... як скажаш у Маскве ці ў Менску — тут чуваць будзе! Ну толькі, галубачкі, я не дужа веры даю гэтаму!..

— Ат! Дурасветы чаго-чаго не павыдумляюць! — як нажом адрэзала Луцэя, баба крамяная і не дужа разумная.

— Не, не! Сын твой мышляй у цябе! Што там гаварыць? Празукаваты хлопец! Камсамолец! Усюды паспее! — разам загаварылі бабы.

— Можа, што і ёсць такое! — сказала Апанасіха. — А толькі я не люблю гэтага. Як скажу сыну, дык ён ірзы спраўляе з мяне! Усё нырае па людзях, як галавы сабе не скруціць. Ён жа і падбіў бацьку, каб ішоў за гэтым... як яго... ой... забылася, як завуць радзімца гэнага...

Бабы таксама забыліся і доўга калуваліся ў галаве... Прыпамятала сама Апанасіха і ўжо ў каторы раз пачала гаварыць, як ўсё гэта было:

— Нешта ўраілася майму Апанасу газету чытаць... Ну дык мой чалавек што? Толькі склады і ўмее... Вечарамі сядзіць, сядзіць, пэкае, мэкае, гэкае, вэкае, аж упарыцца... і ў лазню не трэба... У мяне мутарна на сэрцы... Ашалеў бацька за сынам... Што Ягор ні скажа, дык і мой за ім. Злучыўся чорт з д’яблам... Вось і вычыталі яны надоечы, што майму шчаслівае чысло выпала — дадуць гэтую самую трубу! Ды не адну трубу, а на два вухі надзець, як боты на ногі! Як надзенеш на вушы, дык табе Масква ці Менск і затрубяць!

— Ой! Хоць бы хутчэй пабачыць усё гэта! — нецярплячым голасам усклікнула дачка Апанасіхі, дваццацігадовая Хрысціна.

— Пабачыш, пабачыш, дзога! — гаворыць матка і цягне далей, як нітку, сваю бяседу:

— Як прыйшла гэта веста, Ягор ад радасці галоча! А мая душа не прымае гэтага. Пытаюся, што яно, нашто яно, куды яно. Сын і кажа: у Маскве ці ў Менску на скрыпцы будуць іграць, ці гаварыць, ці пяяць, а тут у нашай цёмнай хаце чуваць будзе!.. А скора будзе яшчэ і так, што чалавек у Маскве будзе гаварыць, а мы будзем тутака на яго глядзець ды бачыць, які ён і што ў яго там ёсць!

— Ну, гэтага не можа быць! Гэта грэх, гэта д’ябал людзей падвучае! — жагнаючыся, сказала Лісеіха, самая старая і набожная бабуля.

— І я, Тэклечка, так думаю! — адказвае Алёна. — Я ж і казала Ягору: сынок, я ўжо кнізу расту, не да мяне твае забаўкі, не хачу іх. Калі можна, прадай гэту трубу там у горадзе. А сын кажа: у цябе, маці, старая ідалёгія!.. Ох, як гарэсна майму сэрцу ад гэтух слоў стала... Кажу: не баюся, сынок, тваёй ідалёгіі. Ты сам ідал! Што ты мне казкі гаворыш?

— А твой што? І ён услед?

— Апанасу майму як хваробай вушы заклала. Кажу і яму: прадай, прадай у горадзе трубільню гэту! Дык ён як не чуе! А падумайце, галубачкі, якое наша жыццё? На грошы ў нас няма воду! Як тая сляпая казала: шчуп у кішэнь, посны яўмень. Якое ў нас дабро? З-пад печы выгнаць некага. Пазычыла траяк на пераварот, вось і каламажымся! А ён яшчэ на разгары сабраўся, культуру заводзіць!

— Гора, гора, калі ўсё гола! — завойкалі бабы ў адзін голас.

— То ж та і ёсць! — згаджаецца Алёна. — А сын мой кажа: наша жыццё яшчэ не тое! Антан нам шкоду робіць, не дае супакойна жыць! А то мы не так бы. А я кажу: тады праўда і цалізм твой прыйдзе, як нас на свеце не будзе! Не падабаецца Ягору, як так кажу, круціць носам, як хрэну панюхаўшы...

 

ІІ

— Мамка! Вунь жа тата ідзе! — радасна сказала Хрысцінка. Яна сваімі зіркімі вачыма раней за ўсіх пабачыла Апанаса. Бабы так заюшыліся сваімі гутаркамі, што і не глядзелі ў той бок.

— Добра, хоць жывы вярнуўся! — лёгкім голасам сустрэла Апанаса яго жонка.

У Апанаса па твару бегае нейкая ўхмылка. У руках нейкі скрутак. Няўжо гэта і ёсць тая труба? Якая ж гэта труба? Мусіць, не далі! — думаюць бабы.

— Не далі? — пытае ў Апанаса яго жонка Алёна.

— Далі! Як не далі? Чаму не далі, калі ў газеце ўдрукавалі?.. Толькі не ведаю, ці добра гэта зрабіў… Мне гаварылі: калі хочаш, дык заместа апарату бяры боты, ці мануфактуру, ці плуг... як хочаш. Я падумаў ды ўзяў апарат...

— Які рапарат?

— Ды прыёмнік гэты! — Апанас павярцеў у руках скрутак.

— Ой, гора маё, гора трыногае! — застагнала Алёна. — Які ты не шабекаваты! Нашто браў ты цацку гэту? Ах каб жа ты па вадзе хадзіў ды піць прасіў. Было ліха цераз дзень, а цяпер будзе кожны дзень!

— Маўчы ты! Цярпець не магу тваёй грызні! — абараняўся Апанас. — Што ты мне агню ў масла падліваеш? — успомніў ён словы, якія чуў у горадзе. — Цьфу! Не тое хацеў сказаць!

— Яно і відаць... розум, які быў, страціў. Гэта ж трэба-ткі! Даюць боты, даюць плуг, манухвактуру даюць сівому чорту, а ён...

— Ды не ўсё разам, не ўсё! Ласая ты! І тое, і другое, і трэцяе! Даўбешка ты! Праўду кажуць: розум не кулеш, у галаву не накладзеш, калі дурань ад роду...

— Мой розум пры мне, а твой дзе дзеўся? Цяперака, не піўшы, не еўшы, слухай гэту трубільню ды скачы ашалеўшы! — сказала Апанасіха, звяртаючыся па маральную дапамогу да суседак.

— Ат! З гэтага карысці як ад казла малака возьмеш! — падтрымалі яе суседкі і разам загаварылі, асуджаючы Апанаса. — І што ты з ёю рабіць будзеш? Хлеб яна табе дасць, труба гэта?

— Салому еж, а фасону не губі! — адбіваў атаку Апанас. — Вам, бабачкі, толькі давай есці ды піці, а для галавы нічога не трэба... Во сабраліся гандзюліць... Як той казаў: прыйшлі куры на хаўтуры, верабейка памёр. Толькі і ведаеце, як лалэхаць языком. Цыгана аднаго не хапае, а то поўны кірмаш!

— Тата! Пакажы трубу, якая яна! — улучыла момант Хрысцінка, якая ўжо даўно з прагнасцю глядзела на рукі бацькі і скрутак, што быў у іх.

— Чаму ты тры дні марудзіў там? Ці табе ў хаце працы няма? Дзе цябе там насіла? — чакае адказу Апанасава жонка.

— Табе ўсё трэба ведаць! — усміхнуўся Апанас, і вочы яго зрабіліся вясёлымі. — Да дзевак хадзіў! Ну? Досыць з цябе?.. — пажартаваў ён.

Прыйшоў з гумна сын Ягор і вельмі ўзрадаваўся бацькаваму выйгрышу.

Апанас толькі цяпер рашыўся асцярожна развязаць скрутак і дастаць з яго скрыначку, а ў ёй нейкія белыя, каляныя шнуры, нейкую бліскучую паўабручыну з крутэлачкамі на канцох.

Усе хацелі памацаць рукамі, але Апанас нікому не дазволіў дакрануцца.

— Яшчэ згадзіш што. Не чапай!

Сам ён паказваў Ягору нейкія гузікі, катушачкі, матушачкі і гаварыў:

— Тамака мне казалі: гэта дадэхтар, гэта кондышлатар, гэта тэлехвонныя трубкі, гэта анодава катушка, гэта зазямельнік, а гэта... забыўся як. Далі яшчэ і кніжачку, як усё гэта прыладзіць. Дык гэта ўжо Ягору трэба... Яны мне гаварылі, гаварылі, паказвалі, паказвалі, аж самі потам абліліся... ды галава мая, як рэшата воду прапушчае.

Усе моўчкі глядзелі на Апанасавы «цацкі» і чакалі, што з гэтага будзе. Больш за ўсіх чакала ад гэтага Хрысцінка, якая яшчэ ў школе наслухалася шмат пра гэты цуд.

Ягор узяўся за кніжку. Але цяжка зразумець аднаму, хоць і добра напісана. Бацька — дрэнны памочнік. Трэба збегаць да настаўніка.

Апанас тым часам пайшоў рыхтаваць жардзіну, якая (сказалі яму ў горадзе) ёсць першая неабходная штука ў гэтым апараце. Пайшоў шукаць яе на агародзе каля гумна.

Прынёс жардзіну доўгую-доўгую. Ледзьве дацягнуў. Нават, пералязаўшы прасла, нагавіцы разадраў. Бабы смяюцца з Апанаса. А ён, каб схаваць сваё замяшанне, жартуе з іх:

— Бабы, бабы! Ад вас, як ад смерці, не схаваешся, не адчэпішся! Чаго вы чмыхаеце. Ой глядзеце, каб каторай з вас не папала ад мяне!

— Ад цябе? Ты ўжо стары! Не пападзе ад цябе!

— Эгэ-гэ! Не пападзе?! Калі мужык п’е і есць, дык і на баб можа глядзець! Вунь я ў горадзе паглядзеў, як хвокшрот танцуюць, дык, здаецца, і я б змог так вырабляць з катораю з вас!

— Эйш ты яго! Расхадзіўся пеўнем! — ушчыкнула яго Луцэя, баба крамяная і не дужа разумная.

Прыйшоў настаўнік, адразу расшалопіў, што і як. Мужчыны ўтрох пачалі жардзіну высокую-высокую на вільчыку ладзіць.

Бабы зноў у смех. Цяпер пытаюць у Апанасавай жонкі:

— Нашто яму гэта хлыбазіна? На неба палезе гарох сеяць, ці што?

— А я ведаю, нашто здалася яму хвароба гэта? Можа, узлезе на яе ды закукуе на старасці.

Апанас хоць і заюшыўся ўсім гэтым, але чуе знявагу ад жонкі і кажа:

— Ой глядзі, крупадзёрка, каб не папала табе! Ведай, жонка, і певень сэрца мае, а я ж чалавек. Дык часам джосу дам!

 

ІІІ

На другі дзень увечары Масква і Менск загаварылі ў хаце Апанаса. Колькі радасці было Ягору, Хрысціне і ўсёй вясковай моладзі! І колькі турботы Апанасавай жонцы! Удзень, на прызбе седзячы, жалілася яна суседкам:

— Як прыключылі гэтыя трубкі, дык увесь вечарочак ад тлуму хата стогне! Уся вуліца прэцца ў хату маю, як у мяне ціятры якія, ці што! Слухаюць, слухаюць ды хваляць! І перадыхнуць некалі... Як толькі сцямнее, трубкі ўжо голас падаюць!..

— А ты б не пушчала! — гавораць бабы, а самі думаюць: «Хаты шкадуеш, кашчэіха! Кожнаму ахвота паслухаць, не ўсім жа шчасце...»

— Як жа не пусціш, калі Ягор усю моладзь цягне... Дзеўкі кожную хвіліну шахаюць у хату і на вячоркі забыліся... А яму і на руку гэта... Жаніцца хлапец не хоча, а за дзеўкамі пацягацца чаму не! Мне за імі і паслухаць не прыходзіцца. Не ведаю, калі ім надабрыдне!

— Я першая паслухала б, нікому б раней сябе не дала! — сказала Луцэя, баба тоўстая.

— А ўжо сягоння вечарам паслухаю, загадзя абруч на галаву надзену і буду слухаць, пакуль наслухаюся!— сказала рашуча Апанасіха.

 

IV

Увечары, падаіўшы кароў, управіўшыся па гаспадарцы, Апанасіха падышла да цудоўнай скрыначкі, узяла «абруч», надзела яго на галаву сабе, села на лаву, зрабіла ўрачысты і застыглы выраз твару і нарыхтавалася слухаць. Ягор механіку рабіў.

Апанас запытальна глядзеў на сваю жонку і чакаў захаплення з яе боку. Ён сам, здаецца, слухаў бы гэта дзень і ноч — цэлы новы свет, цудоўны, адчыніўся перад ім. «Пабачым, ці будзеш ты клясьці мяне, як паслухаеш!» — думае ён.

Раптам здарылася нешта нечаканае, дзіўнае, недарэчнае!

Алёна, яго жонка, з жахам дзугнула трубкі, схапілася за галаву і закрычала:

— Ратуй мяне, Апанас! Заткні гэту трубку! Яна ж кліча мяне.

Алёна запалоханая, задыхаючыся ідзе да ложка і знясіленым голасам шапоча мужыку:

— Толькі ўзялася я за трубку, а там чую: Алё, Алён, Алён. Мяне кліча! Хутчэй разбэхай яе, а то памру! Жыва не буду!

Апанас галавой махае:

— Дурная, дурная, дурная! Алё, алё, алё!

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 226-232
Крыніца: скан