epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

«Цар Максіміліян» у вёсцы

І
ІІ
ІІІ


З натуры

 

І

Падумаць толькі: у мястэчку Краснаполле Калінінскай вакругі нядаўна паставілі ў Нардоме на беларускай мове «Цара Максіміліяна»! Можна смяяцца з гэтага, можна з жалем ціскаць плячыма, але гэты вопыт вельмі цікавы і ў ім, як у люстэрку, адбілася жыццё далучанай часткі Беларусі, у якой яшчэ нядаўна ўсё было мёртва, непарушна!

А цяпер і там пачалася культурная рэвалюцыя, і там выяўляецца творчасць шырокіх масаў, і там можна заўважыць, якія вялікія перспектывы адчыніліся перад геніем народу, які скінуў кайданы!

Шпарка рушыцца наперад глухі куток Беларусі! Тут ужо намеціўся прыкметны асяродак беларускае савецкае культуры. У Краснаполлі ўжо ёсць 10—15 чалавек, якія праканаліся, што беларуская мова — новы моцны фактар адраджэння краіны. Яны паставілі з вялікім поспехам «Чырвоныя кветкі», яны таксама ініцыятары пастаноўкі «Максіміліяна». Яны адшукалі беларускі тэкст, і за справу вельмі смела ўзяўся адзін настаўнік.

Ён, можа, нічога і не разумеў у драматычным мастацтве, але калі няма больш свядомага беларуса, дык, як кажуць, на бязлюддзі і поп чалавек! Ён захапіўся гэтай справай.

— Абавязкова паставім! У Маскве і ў нас — якая супаства! Правалімся, затое з трэскам! — казаў ён і рагатаў.

Пробавалі яго адгаварыць: «Гэта вар’яцтва! Цябе дурны поп ксціў! Кінь! Толькі смяяцца будуць!» — Нічога не памагло.

Перапісаў для ўсіх ролі, назбіраў у якасці артыстых усялякі «збор дружыны» каля 40 чалавек. Трэба было дзівіцца, каго там толькі не было: загадчык земаддзелу, тры настаўнікі, настаўніца, тэлефаніст, тэлефаністка, загадчык хаты-чытальні, сакратар камсамолу, бухгалтар кааператыву і старшыня, 3 служачых райвыканкому, дзелавод лясніцтва (самы даўжэнны чалавек на Беларусі), касір кааператыўнай крамы, 12 вучняў сямёхгодкі і г. д.!

Пачаліся рэпетыцыі. Але пытанне аб вопратках адразу зрабілася гострым.

— Мы ўсе паабнасіліся, трасём рыззём як старцы! Няўжо ж мы выйдзем у гэтых фрэнчыках, у гэтых трантах, у гэтых абрыдлых галіфэ? — казалі артыстыя.

— Мы знойдзем выхад, — сказаў настаўнік і заклаў сваіх 30 рублёў. Ехаў чалавечык у Менск: даручылі яму закупіць шмат залатое, срэбнае, рознакалёрнае паперы, усякай мішуры, брындзюлек, агнявых эфектаў! Прывёз усё гэта.

Паглядзелі на гэту мішуру, бліскучасць, вар’яцтва зрабілася заразлівым. Ужо не казалі аб немагчымасці пастаноўкі. Кааператыў даў дзяруг на папоўскія рызы, фанеры на мячы, на картон пайшла вялізная папка малюнкаў «Священной Истории», якая ляжала на чардаку ў школе! Пачалі шыць вопраткі і дзесяць дзён у двох дамох бесперарыўна шылі, клеілі, ляпілі.

 

ІІ

Дзень спектаклю прыйшоўся на Апанаса, калі ў мястэчку быў кірмаш. Панаязджала шмат народу, нават з Гомельшчыны. Кошт квіткоў быў надта нізкі: ад 20 да 60 капеек. Квіткі расхапваліся. Калі прыйшоў час спектаклю, Нардом быў бітма набіты. Той, каго намецілі быць распарадчыкам, адмовіўся, і ніхто не хацеў стаць ім, бо як зірне на вялікі натоўп народу, што стаяў каля тэатру, ды паглядзіць на залю, ужо перапоўненую, дык толькі рукамі развядзе. Урэшце распарадчыкам стаў настаўнік Міхалка, які быў таксама і падказчыкам. Парадак вельмі цяжка было наладзіць: 5 дзвярэй, і каго ні паставіш, усё роўна сваіх прапусціць, а камсамольцы і піянеры, як звычай, абавязкова пралезуць зайцамі, ды яшчэ ў зале зацягнуць песню.

Квіткоў было 250, а наперлася людзей больш за 300, ды ўсё падходзілі новыя людзі, якія не верылі, што квіткоў няма, і лезлі напралом. Распарадчык быў увесь вапрэлы, насіўся як угарэлы, лаяўся, крычаў, як жылы не лопнулі. Нічога не памагала: усе чакалі чагосьці надзвычайнага і ўсімі спосабамі пралязалі.

Урэшце распарадчык прыбег за куліся, дзе ў двох невялічкіх каморках 40 артыстых мазалі твары, апраналіся, абшывалі папераю. Там пальца нельга было прасунуць.

Тэатральны парыкмахер беспамоцна варочаў вачмі, прыклейваў машынальна бароды, вусы і стагнаў: «Ой, што гэта дзеецца! Я захварэю!»

Распарадчык крыкнуў ініцыятару, які апранаў царскую мантыю:

— Рабі як хочаш, я больш не магу! Мяне затуркалі!

— Вісус ты! Ты як штылетам прабіваеш маё сэрца! Што нам рабіць? Ну, добра: адкладзём спектакль! — адказаў ініцыятар. Ён быў вельмі смешны ў сваёй парфіры, са скіпетрам у руцэ, якім з’яўлялася ножка ад пісоўнага стала, і з дзяржавай, якая была зроблена з клубка нітак, абверчанага залатою паперай. Паглядзеўшы на гэтага цара, распарадчык зарагатаў і моўчкі пайшоў у залю. Яго злосць прайшла.

Ініцыятара яшчэ больш тармашылі. З яго пот ліўся руччом. З кожнай дробяззю лезлі. Ён аж хрыпеў і ўрэшце пачаў лаяцца:

— Сатаннё гэта, каб вас рак убрыкнуў! Чаго вы прывязаліся ка мне? Колькі разоў трэба растлумачваць!

Дапяклі яму і кантрамаркамі: адзін хацеў, каб прапусцілі ўсіх, хто ходзіць у хату-чытальню, другая дамагалася, каб усіх чэлядак прапусцілі, трэці, каб дапрызыўнікоў.

— Таварышы, куды ж мы іх пасадзім? Мы самі, якія прымаем удзел, не маем кантрамарак! — адбіваўся ён.

Была ўжо 10-я гадзіна, але не ўсё яшчэ было на месцы. Публіка дурэла, са штурмам брала нардомаўскі буфет, каб прагнаць смагу: выпіла бочку піва. У дзесяць гадзін за кулісы прыйшла дэлегацыя ад публікі і запыталася:

— Чаму не пачынаеце? Пачатак павінен быць у 9 гадзін!

— Выбачайце, таварышы, але раней не можам! Шпаркасць патрэбна, каб блох лавіць, а 40 чалавек не так лёгка падрыхтаваць! — адказаў нехта дэлегатам.

 

ІІІ

Хутка адчынілася заслона. Публіка пабачыла такія анекдатычныя вопраткі, шаломы, галаўныя ўбранні, якія і ва сне не ўбачыш.

Адольфа грала настаўніца, Мамая — таксама жанчына, ды пры гэтым даволі буйная. Грабакапацель меў лапці даўжынёю ў адзін аршын. Кароны, парфіры, мячы, алебарды, арлы, паўмесяцы, рагожныя рызы з наклеенымі крыжамі — усё гэта было вельмі арыгінальна. У спектаклі, нягледзячы на слабую ігру, была ўзрушанасць. Спектакль быў стракаты. Была і сучаснасць унесена ў п’есу. Асабліва спадабалася, як мужык пасля забойства Максіміліяна ўзабраўся на трон і магутным голасам закрычаў:

— Пралетарыят перамог! Няма больш цароў!

П’еса разбудзіла думку грамадзян: у антрактах вяліся спрэчкі аб п’есе і аб тым, якія п’есы трэба ставіць. Вынікі спрэчак: старыя, буржуазныя п’есы, прапітаныя наскрозь буржуазнай ідыялогіяй, нават у Краснаполлі ўжо не будуць мець поспеху.

Збор быў небывалы: не толькі аплацілі ўсе выдаткі, але далі значную карысць Нардому, Чырвонаму Крыжу і Паўмесяцу.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 167-170
Крыніца: скан