epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Цікаўным вокам

Дарожныя нарысы

Па Гомельскай акрузе
  І. УВАРАВІЧЫ
  ІІ. ЦЕРАХОЎКА
Кааператары гандлююць!
  І. Чаму нам не пець, чаму не гудзець?!
  ІІ. Кірмаш у Паповай Гары
  ІІІ. Кірмаш у Прапойску
Па Дзвіне ў Сураж


 

 

 

Па Гомельскай акрузе

 

 

Краязнаўчыя нататкі

 

 

І. УВАРАВІЧЫ

Менскі цягнік прыходзіць на станцыю Узу каля адзінаццатае гадзіны раніцою. Адтуль да Уваравіч 6 кіламетраў. Бяру фурмана, і мы коцім туды. Праязджаем вялікую прытульную вёску Рудзянец. За ёю скора пад’ехалі і да Уваравіч. Перад самымі Уваравічамі прыгожы шлях з дубовымі прысадамі, якія надзіва захаваліся. Канчаюцца дубовыя прысады, пачынаецца з правага боку дарогі вялікі ў некалькі гектараў пладовы сад, які раней належаў пану Ліпінскаму. А ў самым пачатку саду прыгожае гарадзішча, праўда, невялікае ў размерах, але добра захаванае. Месца гэтае завецца тут «Гарадком», і пра яго шмат існуе тут легенд і паданняў. Кажуць аб бочках золата, якія быццам тут закапаны, і як хочаш абвяргай гэтую казку — старажылы ўпарта адстойваюць яе. На гарадзішчы растуць цяпер вялікія дрэвы — дубы, бярозы і розныя хмызнякі, а ўнізе разляглася балацяная Уза і адчыняецца бязмежная прастора палёў.

Сад канчаецца паркам, зусім невялікім, распланаваным на ангельскі манер. У парку дом былога пана, а цяпер тут змясціўся РВК. Нічога асаблівага ў будынку няма.

Насупраць РВК бровар. Да бровара ўвесь час цягнуцца сялянскія падводы з бульбай. Тут вельмі шумна: у раёне ў гэтым годзе бульба ўрадзіла, і сяляне спяшаюцца скарыстаць сухое надвор’е, каб падвезці на бровар па сходнай цане бульбу.

Заходжу ў РВК, пытаю пра краязнаўчае таварыства. Інспектара асветы няма, і няма каму даць мне весткі, ці ёсць тут арганізацыя, ці няма. Параілі пайсці ў школу-сямігодку. Іду праз доўгую і досыць шырокую вуліцу, якая ў той жа час з’яўляецца і рыначным месцам. Стаяць сялянскія падводы са збожжам, яблыкамі. Прыслухоўваюся да гутаркі. Выразнае аканне і цвёрдае р. Цікавыя звароты мовы, новыя словы ці новае разуменне вядомых мне слоў. Так слова «крыўляцца» разумеюць тут у сэнсе крыўдзіцца, быць незадаволеным. Адна баба перадае другой:

— Вы крыўляецеся, што маёй даццэ багата трэба, дык нехай дома сядзіць і нікуды ня йдзе!

Вось яшчэ цікавыя словы, якія пачуў тут: 1. златашыць крышу (пакрыць «латамі»); 2. нутры (вантробы); 3. подалека (не вельмі далёка); 4. глытачкі (рэўматычныя вузёльчыкі); 5. нажон (лік сжатага: сяголета нажон луччы); 6. удзечаства — урочышча: нам даюць зямлю ў Чапцовым імху, ды там плахоя ўдзечаства. Таксама вельмі цікавае тут вымаўленне, пявучае, мяккае, нягледзячы на шырокае аканне. Апошняе асабліва прыкметна са слоў аднае бабы, што жалілася другой:

— У міне, галубачка, гора, гора. Сына пабілі, дык дохтар гавора, што ў яго нешта параломана!

Загадчык школы-сямігодкі вядзе са мной доўгую гутарку. Ён сядзіць у настаўніцкай, лекцый у яго няма. Паведамляе, што краязнаўчае таварыства ў раёне ёсць, што гэтую працу вядзе настаўнік Купрэеў, што пры сямігодцы таксама ёсць вучнёўскі краязнаўчы гурток, але працы гуртка яшчэ няма, бо ён заснаваўся толькі ў гэтую восень. Мы гаворым аб форме і змесце працы вучнёўскіх гурткоў.

Прыходзіць сакратар таварыства т. Купрэеў. Да слоў загадчыка сямігодкі ён дадае вельмі мала: таварыства заснавалася толькі вясною, абрана праўленне з 3-х асоб, старшыня таварыства жыве ў 4—5 вёрст ад Уваравіч, і гэта перашкаджае наладзіць планавую працу. Папулярызацыя краязнаўчай працы вялася, і вынікам яе запісалася 60 сяброў. Праўленне заснавала 4 гурткі ў раёне, выпісала для іх «Наш край», але аб працы гурткоў нічога не чутна. Праўленне мае невялікія сродкі ад сяброўскіх складак. На настаўніцкай канферэнцыі ўвосень быў даклад ад таварыства, была інфармацыя аб плане працы таварыства. Цяпер таварыства пастанавіла троху змяніць план працы і правесці сталую працу ў адным напрамку. Такой працай таварыства лічыць вывучэнне рэўруху ў раёне. Гэтае вывучэнне будзе складацца з паасобных заданняў, якія будуць прапанаваны сябрам таварыства.

Доўга гаворым, як і ў якім напрамку ажывіць ці, правільней кажучы, распачаць працу таварыства. Але настаўнікам трэба закончваць лекцыі, і я прымушаны пакінуць школу. Мы ўмовіліся ў гэты дзень вечарам, калі ў школе будуць заняткі савецкіх служачых па вывучэнні беларускай мовы, сабраць краязнаўчы сход, на які запрасіць служачых і настаўнікаў местачковых школ.

Я іду «вывучаць мястэчка». Уласна кажучы, яно не падобна да мястэчка. Яўрэяў вельмі мала, няма цеснаты, збітасці ў адну кучу, як у іншых мястэчках. Уваравічы, ці, як тут завуць, «Варавічы» — вялікая, ва ўсе бакі расцягнутая вёска. Хаты, гумны з ёўнямі, двары, студні, увесь уклад жыцця такія самыя, як на Магілёўшчыне. Увесь местачковы характар Уваравіч выяўляецца з таго, што ёсць стары заезджы дом з дзіравай падлогай і некалькі прыватных крамак, якія невядома чым гандлююць. Усё жыццё каля кааператываў. Ад рання да вечара крамы перапоўнены народам. Усе тавары, што прывозяць, у адну хвіліну разбіраюць. Асабліва вялікі попыт на краміну, абутак, скуру, жалеза.

Праходжу вуліцу з канца ў канец, заходжу ва ўсе кааператывы, прыглядваюся, як і чым гандлююць, якія цэны, якія тавары, аб чым гамоняць спажыўцы-сяляне. Тут менш можна пачуць охання ды ахання з прычыны нашых гаспадарчых замінак, нездаволены толькі чэргамі, якія наглядаюцца пры продажы мануфактуры ды скураных тавараў. Невядома, каго і вінаваціць: прадаўцы працуюць да сёмага поту і не ў прыклад больш спрытна за менскіх прыказчыкаў у кааператыўных крамах.

Зноў іду да РВК і адтуль праз прыгожы парк і сад накіроўваюся да гарадзішча. Гэтае месца, па-мойму, лепшае і самае прыгожае месца ў мястэчку. Вымяраю яго, уважліва аглядаю паверхню ў надзеі, што, можа, што-небудзь знайду. Але ўсё зарасло векавымі дубамі і нават трава не ўзрыта. Толькі ў адным месцы, дзе, як відаць, быў уезд на гарадзішча, дзе стаяў надмагільны помнік пану, зямля разрыта, ад мармуровага помніка застаўся толькі адзін пастамент з надпісам на польскай мове, усё іншае, як відаць, з гневам было разбіта на дробныя кавалкі.

Як сцямнела, прыходзіць да мяне Купрэеў. Разам ідзем да сакратара РКПБ, яго няма дома. Заходзім да АПА (Аддзел прапаганды і агітацыі) райкому т. Музычкінай. З ёю гаворым аб краязнаўчай працы і неабходнасці падтрымання яе з боку райкому. Прыходзім да згоды і вызначаем некаторыя спосабы ажыўлення краязнаўчай працы ў раёне. На краязнаўчым сходзе думаем паставіць пытанне аб кааптаванні ў склад праўлення некаторых асоб. Т. Музычкіна згаджаецца на сваю кандыдатуру.

Сход праходзіць здавальняюча. Даклад аб змесце і метадах краязнаўчай працы слухаюць уважліва. Прысутнічала каля 35 асоб. Пасля дакладу пачынаецца гутарка. Некаторыя даюць паведамленні аб цікавых рэчах і фактах у раёне. Кажуць, што тут былі вельмі цікавыя летапісы, якія сабралі з усіх цэркваў і ў вялікім ліку адаслалі ў Гомель, а мясцовая краязнаўчая арганізацыя правароніла гэта і нават не пацікавілася праглядзець іх. Гаварылі яшчэ, што ў вёсцы Рудзянец жыве 120-гадовы дзед Рабіна (вельмі не любіць, калі яго так дражняць), сапраўднае прозвішча якога Варуеў, дык ён вельмі здатны апавядальнік розных жартаў, прыгод і яшчэ гэтым летам касіў і не адставаў. Назвалі некалькі жанчын уваравіцкіх, якія маюць добрыя галасы і яшчэ ведаюць старыя песні. У моладзі лепш не пытай — ніхто не ведае. Моладзь лічыць гэта адсталасцю, захапляецца мяшчанскімі рамансамі і прыпеўкамі. Падыходзіць яшчэ чорны барадач (пасля я даведаўся, што гэта быў страхагент Лукомскі) і гаворыць, што ён мае касцяны кінжал, які знайшоў каля Чачэрску ў рацэ, як сецямі лавіў рыбу. Дагадваюся, што гэта была прылада накшталт цяперашняй астрогі. Гаворыць яшчэ, што ў яго было шмат музейных рэчаў і бібліятэка, але ўсё гэта забралі, як пачалася «завіруха».

На другі дзень у мяне зрання вольныя гадзіны. Іду на вёску. Бачу цікавыя арнаменты надваконнікаў. Вымаю блакнот, рыхтуюся змаляваць іх. Раптам адчыняецца кватэрка, высоўваецца галава ўчарашняга барадача, і тэнар крычыць:

— Таварыш, можа, зайдзецеся зірнуць на кінжал?

Іду, гляджу. Праўда, прылада вельмі цікавая і мастацкі зробленая. Разглядаюць яе ўсе супрацоўнікі страхагенцтва, разглядаюць яе і некаторыя кліенты, што прыйшлі па справах. Забыліся на справы і паперы, усе заняліся гутаркай на краязнаўчыя тэмы. Барадач зноў кажа, што ў яго было шмат каштоўнага і цяпер яшчэ троху засталося. Але супрацоўнікі не вераць гэтаму і падзужваюць:

— Нічога ў цябе няма. Можа, было калісь!

— Ах вы ж, чэрці! У мяне няма? — крычыць барадач, спрытна нясецца ў другі пакой, дзе, як відаць, яго кватэра, і прыносіць скрыначку са старымі срэбнымі грашыма. Буйныя грошы, да 40 манет. Агент звяртае нашу ўвагу на мядзяныя кацярынскія грошы, што адбіты былі ў Кацярынбурзе. На грошах адчаканены дзве лісічкі.

Пагутарыўшы з гэтымі сімпатычнымі людзьмі, іду далей на вёску. Заходжу ў хату Ільлі Кабаева. Мне сказалі, што там ёсць жонка Ільлі і дзве дачкі, якія добра спяваюць. Але як адразу сказаць пра гэта? Трэба яшчэ намацаць глебу. Кажу, што ў мяне ёсць справа да іх. Здзіўлена паглядаюць то на мяне, то адна на адну — мужчын у хаце не было. Агледзеўшыся троху, кажу, што хацеў бы паглядзець, а можа, і купіць што-небудзь з іх хатніх вырабаў — рушнікоў, посцілак, настольнікаў. Нават не адгаварваючыся, адна дачка падыходзіць да вялізнай скрыні, адчыняе яе і просіць мяне падысці. Я падыходжу, і вочы мае разбягаюцца. О! Чаго тут толькі няма! Самае тонкае выбеленае палатно, старасвецкія жаночыя сарочкі, рушнікі і пратыканыя і вышываныя, безліч настольнікаў і на 5, і на 6, і на 8, і на 10 нітоў. Ёсць нават некалькі набіванак. Усё гэта так прыгожа і дабротна выглядае, што нельга пазбавіцца ад спакусы што-небудзь купіць, хоць самае таннае. Цэны запрошаны «прыстойныя» і без павароту. Сяляне цяпер ведаюць, як ацэньваць гэтую марудную працу. Купіў рушнічок, адклаў яго, сеў водаль, каля вакна, і перайшоў да больш важнай справы — запісаць мелодыі і словы песень. Надзіва, жанчыны не ламаліся і адразу пачалі спяваць: матка і дзве дачкі. Прыемна было слухаць іх гарманічныя песні і добрыя галасы. Жаль толькі, што я адарваў іх ад працы. Паспеў запісаць мелодыі і словы 4 песень: 1. Падымалася сы мора пагода; 2. Плавала вутка па мору хутка; 3. Пасадзіла чорныя зелля, зелійка ў гародзі...

Запрасілі мяне на вечар. Тады яны будуць вольнымі, абяцалі сабраць поўны хор жанчын і дзяўчат.

Ад Кабаевых я пайшоў да школы, дзе мы зноў абмяркоўвалі план працы, гаварылі аб фэнпункце і фэннагляданнях. Вырашылі заснаваць пункт пры школе.

Пасля абеду я зайшоў да Макара Жыліцкага, які лічыцца старэйшым на вёсцы. Мне цікава было распытаць яго аб гарадзішчы, аб паўстанні 63 года. На маё запытанне дзед кажа, што ён не самы старэйшы на вёсцы. Дзеду пры паншчыне было 18 гадоў. А ёсць другі дзед Мільлян, дык той быў ужо жанаты, а Макар яшчэ «бегаў па ляду». Неахвотна дзед успамінае мінулае. Адгаварваецца:

— Пражылае прайшло ўжо! Мабуць, і праўду кажуць, што старое плашэй було. Усё на пана рабілі. Тады і гаварылі так: пагода ваша, а нягода наша! А пра польскі бунт нічога не скажу! Ніякіх здзелак тады не было! Хадзілі на байдак (?) атрабатываць паншчыну, ды і ўсё!

— А як ты цяпер жывеш?

Дзед сумна смяецца.

— Жывем з бабай ды ажыдаем ад бога выспятка. Паміраць жа не хочам. А жыццё наша, дык во палядзі: два мяшочкі жыта намалаціў, пяць ёвянек, ды кароўку маем. Паечка ў балоце, яе выкашу, дык сенца ёсць. А зямельку ўсю сыны ўзялі, толькі 2 дзесяціны мне.

У размову ўступае і баба, якая дагэтуль моўчкі секла капусту ў карыце.

— Ламачча мы, нашто мы каму? Калані нас пад бок, дык капейкі ня нойдзіш! Ніхто нас не пажалее.

— Багата ў цябе сыноў? — пытаюся я.

— Э, мілы чалавеча! Два разы я быў жанаты, а дзяцей было ў мяне, як у Сроля. Ужо і забыўся, сколькі было!

Смешная гісторыя! Выходзіць, што гэтыя Філемон і Баўкіда па два разы шлюб бралі. Цяпер ім абодвым па 75 гадоў і абодвы з’яўляюцца вельмі чыстымі этнаграфічнымі тыпамі. Бадзёрыя людзі, нягледзячы на іх скаргі на старасць.

— Бывай здароў, дзед! — кажу на развітанне.

— Шчасліва скачы! — адказвае ён мне.

Вечарам у Кабаевых збіраецца вясёлая кампанія баб і дзяўчат. На стале пачастунак — яблыкі і скромная вячэра — параная бульба, салёныя агуркі і капуста. Моцна гучыць жаночы хор. Ад песень кружыцца галава, не ўсё магчыма занатаваць, бабы спяшаюцца спяваць, кажуць, што даўно яны гуртам спявалі. Запісаў каля 10 мелодый і словы да іх. Маральна супакоены і эстэтычна ўсхваляваны, каля 10-й гадзіны ночы пайшоў я спаць, каб заўтра рана ехаць далей.

 

ІІ. ЦЕРАХОЎКА

 

Сеўшы на цягнік на станцыі Узе, еду на Гомель і адтуль на Церахоўку рабочым цягніком. Абапал чыгуначнай лініі да самага Гомеля сады, сады і сады. У Гомелі спыняюся, заходжу ў Дзяржаўны музей, дзе змяшчаецца Акруговае таварыства краязнаўства. Завязваю сувязь, бяру ад таварыства розныя даручэнні, бегла аглядаю музей (некалькі разоў быў), заўважваю, што музей ужо мае краязнаўчы аддзел, які паступова папаўняецца. Ад Гомеля да Церахоўкі доўгі час едзем праз сасновы з бярэзнікам лес. Чамусьці здаецца, што нідзе няма такога прыгожага, стромкага непапсаванага прасекамі і ломам лесу, як па дарозе ад Гомеля да станцыі Вуць. Рабочы цягнік вязе галоўным чынам рабочых з гомельскіх фабрык і на кожнай станцыі і паўстанцыях пакідае групы рабочых, якія шпаркімі крокамі расплываюцца па блізляжачых вёсках. Месячны праезд рабочаму абыходзіцца ў 8 руб.

Ад станцыі Церахоўкі да раённага цэнтру — сяла Церахоўкі (мястэчкам яго нельга назваць) паўтара кіламетра будзе. Шлях абсаджаны прыгожымі старымі вербамі. Сярод пануючага тут бязлесся гэты шлях упрыгожвае ўсю мясцовасць, роўную, бязлесную, досыць аднастайную, асабліва цяпер, увосень.

Ужо цёмна, калі я іду да Церахоўкі. Выходзіць так, што Церахоўка — гэта доўгае, доўгае сяло, без усякіх адзнак прытулку, дзе можна было б спыніцца праезджаму чалавеку, мець ложак і шклянку гарбаты. Усе, хто па справах наведвае раённы цэнтр, спыняюцца каля чыгуначнай станцыі. Там ёсць «чайная», дзе ў асобным пакойчыку пастаўлена некалькі лавак, нічым не засланых, і праезджы такім чынам на гэтых пракруставых ложках можа так-сяк пераначаваць. Я не ведаў гэтага, і мне прыходзіцца прасіцца на начоўку ў першых хатах, якія папаліся. Але ніхто не пушчае. Адгаварваюцца цеснатой. І праўда, хаты больш-менш вольныя пазанялі савецкія служачыя, якія з вялікімі перашкодамі размясціліся тут, бо раён тут заснавалі нядаўна, і не дзіва, што зусім яшчэ няма тут умоў для размяшчэння не толькі служачых, але і самых устаноў. Толькі дзве ўстановы ў больш-менш пераносных умовах — гэта РВК і больніца, але яны знаходзяцца побач адно з адным, што зусім не адпавядае прынцыпам санітарыі. Пры РВК ёсць дынама, і, такім чынам, больніца і РВК карыстаюцца электрычным святлом.

Доўга я бадзяюся па сяле, шукаючы прытулку. Пытаюся ў групы дзяўчат, якія гутараць, стоячы каля хат. Завязваецца з імі цікавая гутарка. Цэлую гадзіну стаю з імі і выведваю ад іх усё, што ў гэтую хвіліну адбываецца ў вёсцы: нядаўна праводзілі прызыўнікоў і цяпер без хлапцоў засталіся. Я вельмі дзіўлюся, што мова тут досыць чыстая і яшчэ зусім непрыкметна ўплыву Украіны. Мова тут тая самая, што і ў Уваравічах, але нібы троху мякчэйшая, з невялікімі адхіленнямі ад акання. Дзяўчаты кажуць: гро*шэй, жаль цібе*, ну ня так, як сібе*, пад козну, пажывіце*, пры харошых дзі*ціх і г. д., але ўсе гэтыя прыклады рэдкія, часцей чуеш выразнае, «пераліўнае» аканне: адкрадаць, спробаваў, парамяніла, веям, пры*хамаці, прыцемкам і г. д.

Я так заюшыўся, гаворачы з дзяўчатамі, што забыўся нават пра тое, што мне трэба шукаць прытулку. Яны мне са смехам напомнілі гэта. Урэшце даюць мне раду завярнуць да аднаго селяніна, у якога на кватэры тры служачых. Іду да яго. І праўда: адразу пушчае мяне ў хату, даведаўшыся, што мне няма куды падзецца. Хата чыстая з кухняй. Праз пяць хвілін мы ўжо гаворым з гаспадаром, як добрыя прыяцелі.

Прозвішча селяніна Канцавы Сцяпан. Каля двох дзён прабыў я ў Церахоўцы і ўвесь час зацікаўлена прыглядаўся да яго. Калі б занатаваць усё тое, што гаварыў Сцяпан, дык, пэўна, выйшла б гісторыя, не менш цікавая за тую, што змясціў Дабравольскі ў І т. сваіх прац. Сцяпан — сын багацея, які ў старыя часы меў млын. Сям’я была шматлюдная, усе члены яе былі ў поўным паслушэнстве ў бацькі. Сыны «кала ’цца віньце*лі» — кажа Сцяпан. Матка Сцяпана мела 22 дзяцей, цяпер ужо штук 5 засталося. Сцяпану цяпер 38 гадоў. Год таму назад ён ажаніўся ў другі раз, і жонка, пражыўшы з ім 11 месяцаў і нарадзіўшы дзіцё, кінула Сцяпана. Мала таго, падала на суд, і прысудзілі яму 160 рублёў заплаціць жонцы і кожны месяц выплачваць па 5 рублёў. Гэта пранікненне «новага быту» ў жыццё Сцяпана моцна аглушыла яго, зрабілася нейкай idee fixe, якая кожную хвіліну спасцерагае чалавека. Гаспадарка яго няважная, толькі жыве ад кватарантаў, якія плацяць яму па 4 рублі ў месяц, а сям’я яго — Сцяпан ды дачка 16 гадоў ад першага шлюбу. Мімаволі прыходзіцца злавацца на жонку, што кінула і «зацягнула на шыі вяроўку», як ён кажа.

Сцяпан кожнаму, хто толькі ні прыйдзе ў хату, пачынае гаварыць пра сваю жонку і тую шкоду, што яна нарабіла. Разоў сем ці восем слухаю я гэту сумную гісторыю, якая падаецца на розныя лады і з розных пунктаў гледжання.

— Яе ўжэ кодла такоя було! — кажа Сцяпан. — Ета ж за міне, за трэцяга йшла! А ўсё харошыя людзі былі і цяпер йішчэ жывуць; а на іе і глядзець ні хочуць! У ваднаго було гуменца як трэба, дварэц (двор), хата, усё, што трэба на абыходку. Ні спанаравілася жыць ды работаць! Ціпер за міне пайшла. Конь у міне, дзве каровы, лашонак, авечка, свінкі. Што ж йішчэ трэба. Зямлі, праўда, мала. Бацька, як дзяліў міне, ні даў багата. Ды і на етай дозі — гавару я з ёю — мы змаглі б жыць, каб ты была хаця хазяйка. Я ж чалавек, і ўсё ў міне як у чалавека. Ні п’яніца я, ні гультай. Ці було калі, што б я набракаўся воудкі. Ні ведаю, якога ёй канавода трэба? Ціпер жа бяз бабы як быці? — пытае ён у мяне. — Бяз бабы бясцэнна жывеш. Мармашэлі якой і той ня наварыш! Баіцца да міне вярнуцца. Гавора мне: «Ты міне зарэжаш». Што я цібе буду рэзаць нажом? Я йішчэ і кулаком цібе нарэжу, каба толькі энэргія была! Ета ты толькі й думаяш, як мне зла ізьдзелаць, сваю сэрцу ня зьменіш аніяк, а я пражыву і так! Свет ня клінам сышоўся на табе! Людзі памагаюць, заплоціш — памагаюць! А ты як будзіш? Грошы мае ўжэ правяла — летам на станцыю, на кіныкі (кіносеансы) хадзіла. Я с сілы выбіваўся, споту ні схадзіў, а ты гігікі спраўляла. Ты лярва ’дным словам! Шчасьліў пуць хоць і век ня будзь! — гнеўна канчае сваю тыраду Сцяпан.

Запісваю некаторыя цікавыя словы і звароты мовы: 1) падолець (осилить); 2) шварка — гарсэт; на маёй бацькаўшчыне ў Чэрыкаўшчыне гэта завуць «кабат»; 3) юпка — жаноцкая «тужурка», куртка; 4) скарадзьбік (цікавы суфікс ік, чаму не скарадзьбіт, як у нас кажуць); 5) дылі — потым; 6) зладзіць — прыйсці да згоды; 7) шуець — чепуха, зброд (літ. «накипь»); 8) лабачнок — бугорок: як на лабачку дык бульба, як гарох, а ў лашчынцы добрая; 9) набузяніць — загрязниться; кнот набузяніўшы, трэба яго працярэць.

На другі дзень раніцаю іду ў РВК. Вяду гутарку з усімі, хто можа дапамагчы развіццю краязнаўчай працы ў раёне: з старшынёй РВК, з сакратаром райкому КПБ, з сакратаром РВК. Старшыня РВК паведамляе, што ён ніколі не чуў пра існаванне ў Церахоўцы краязнаўчай арганізацыі, яе, проста кажучы, і няма, бо, каб была, ён бы ведаў. Сакратар райкому недаверліва пытае пра сутнасць і змест працы такіх арганізацый. Відаць, што ў раёне шмат усялякіх грамадскіх арганізацый і цяжка ўсім арганізацыям надаць жыццёвы характар. Сакратар, як відаць, не мясцовы чалавек, чыстая велікаруская гаворка ў яго, і аб вывучэнні краю ён гаворыць тонам прыстойнага спачування. Абяцае быць на сходзе заснаваўцаў краязнаўчай арганізацыі ці паслаць свайго намесніка. На жаль, няма інспектара асветы, і я ніяк не магу даведацца, ці ёсць што-небудзь тут падобнае да краязнаўчага бюро.

Іду ў школу, каб даведацца аб гэтым. Там мяне настаўнікі ветла сустракаюць. Загадчык школы т. Бандарэнка інфармуе мяне, што ў мінулым годзе, магчыма, і была падобная арганізацыя, але сама сабой распалася, бо ўсе чыста настаўнікі перавяліся ў іншыя месцы, а тут цяпер усе новыя. Я гавару аб мэце свайго прыезду, і надзіва мы хутка прыходзім да поўнае згоды. Загадчык школы ад імя калектыву абяцае наладзіць тут хаця б самую мінімальную краязнаўчую працу. Дагаварваемся ў гэты дзень вечарам наладзіць сход у школе. Я зноў іду ў РВК, і там з дазволу старшыні РВК вывешваем абвесткі аб сходзе. Рассылаем іх. Яшчэ распытваю пра жалезную руду, якую ў значнай колькасці знайшлі ў Церахоўскім раёне. Невядома, хто прыслаў у Гомельскае акруговае таварыства ўзоры гэтай руды, і па доследах выявілася, што руда мае каля 90 працэнтаў чыстага жалеза. З гэтае прычыны я зацікавіўся месцазнаходжаннем руды. Мне паведамілі, што дакладных вестак аб раёне, дзе знаходзіцца руда, няма, але гэтую руду абследаваў майстар Гомельскага акрзему т. Рубінчык, і ад яго можна атрымаць усе весткі аб гэтым.

Перад вечарам заходжу да заштатнай настаўніцы М.Шымковіч, якая прапагандуе ў раёне развядзенне морвы. У гэтым годзе яна атрымала каля 15 фунтаў шаўкоўных коканаў, якія былі пасланы ў Маскву, і за гэта Масква выслала 15 рублёў (вельмі мала, канешне!). Беларускае бюро шаўкаводства ў Менску таксама вызначыла прэмію Шымковіч у 15 рублёў. Церахоўка — раён, дзе можна вельмі пашырыць гэты занятак насельніцтва. Каля школы ёсць некалькі дрэў, каля больніцы 20 дрэў, у Гадунскім сельсавеце старшыня сельсавету Лізагуб і яго жонка цікавяцца гэтым, там у Гардунах у былым маёнтку ёсць у значным ліку тутавыя дрэвы (морва). У сялян можна сустрэць гэтыя дрэвы, іх ахвотна разводзяць, дзякуючы смашным ягадам, якіх часта бывае больш, чым лісця. Шымковіч сама засадзіла каля 40 дрэўцаў у сваім садзіку, гэта самае ахвотна зробяць і другія сяляне, неабходна толькі наладзіць бясплатнае распаўсюджванне саджанцаў.

Вечарам наш сход не адбываецца: прыходзяць толькі настаўнікі. Другія запрошаныя ідуць на сход ячэйкі, які на гэты дзень яшчэ раней прызначылі. На другі дзень, у суботу, мы зноў прабуем у абедзенны час склікаць сход, але, зразумела, мы маем фіяска. Такім чынам, у Церахоўцы не прыйшлося аформіць існаванне краязнаўчай арганізацыі. Заснавалі невялікую групу настаўнікаў, на чале якой загадчык школы тав. Бандарэнка і настаўнік Гарбачэнка. Гэтая ініцыятыўная група ў бліжэйшы час аформіць існаванне арганізацыі і распачне працу. Заснавалі яшчэ фэнпункт і намецілі зарэгістраваць помнікі старасветчыны ў раёне — за гэта з ахвотай узяўся настаўнік Гарбачэнка, які ў бытнасць студэнта пад кіраўніцтвам менскіх археолагаў практычна знаёміўся з археалагічнай працай. Некаторая краязнаўчая праца праводзілася вучнямі Церахоўскай школы і да гэтага часу. Так, напрыклад, ёсць гербарыі, у якіх адбіліся мясцовыя азначэнні раслін. У памяці засталіся некаторыя мясцовыя назвы: цьмен (імортэлі), мацярынка (маці-мачыха), любісцік, душок ці каньфар.

Вечарам, перад ад’ездам, да дачкі Сцяпана прыйшлі дзяўчаты. Зразумела, я ўпрасіў іх спяваць песні. Доўга ламаліся яны і, як звяркі, пазіралі на мяне, і давялося шмат дыпламатычных фокусаў ужыць, каб дабіцца сваёй мэты. Ад іх я запісаў усяго 5 мелодый. Песні тут менш гучныя, чымся ў Уваравічах, пяюць з нейкім глотачным гогатам, канцоўкі афарбоўваюць спецыфічным прыгаласкам, крычаць на ўсе грудзі. Запісаны песні: 1. «Як у нашых палях юраджаю німа». 2. «Хвалілася ды дзевачка». 3. «Ой ляцелі гулубяткі». 4. «Чагось міне нудна, йішчэ будзя дзіўна». 5. «Ой ці скора вечар той будзя».

 

1924

 

Кааператары гандлююць!

 

 

Малюнкі з кааператыўнага жыцця

 

 

І. Чаму нам не пець, чаму не гудзець?!

Краснапольскі кааператыў (ЯПО) адчувае сябе вельмі моцным. Тавараў у яго заўсёды шмат. Адбудаваў ужо ў мястэчку тры вялізных крамы, не кажучы аб тых вясковых крамах, якія растуць, як грыбы пасля дажджу. Ён вядзе моцны гандаль: сталы капітал у яго да 12 000 р., месячны зварот каля 45 000 р., пайшчыкаў каля 1000, даўгоў у Дзяржбанку няма. Ды не толькі гандаль цікавіць яго. Ён усюды паспявае, напр., на культурныя патрэбы траціць шмат грошай. Во нядаўна на Нардом патраціў 500 р. Жарты гэта? На хату-чытальню штомесяц дае 30 р., на лік. пункт 20 р., піянерам даў 50 р., а страхавых узносаў штомесяц плаціць 200 р. Нават мае сур’ёзны намер правесці ў мястэчку электрычнасць (толькі, кажа, Брагін прыедзе з Масквы), а намеснік старшыні кааператыву Каплуноў хоча нават адбудаваць на царкве радыёстанцыю.

Адным словам, кааператыў выконвае загад — «вучыцца» гандляваць! Цяпер увесь раённы рынак у яго руках. Але гэты рынак ужо яго не можа здаволіць.

— Калі ў нас ёсць патэнт на гандаль, дык чаму не запусціць свае шчупальцы ў іншыя месцы, чаму не захапіць іншыя рынкі, калі там адна толькі бруда, спекулянты, прыватны гандляр? — часта разважалі кіраўнікі кааператыву.

Сказана — зроблена. На пасяджэнні праўлення адзін дакладчык так абмаляваў цеснату краснапольскага гандлёвага рынку, намаляваў такую захапляючую перспектыву апанавання іншымі суседнімі рынкамі, што ўсе аднагалосна пастанавілі зрабіць «таварную інтэрвенцыю» на іншыя рынкі, закупіць там сырцу і даць селяніну танныя вырабы прамысловасці.

Падхадзячым часам для гэтай інтэрвенцыі выбралі кірмашы, якія адбываюцца ў суседніх раёнах.

І вось перад самым Пакровам, калі абавязкова павінен быць кірмаш у Паповай Гары, краснапольскім кааператарам «затачыла» туды ехаць. Як паказваў эканамічны барометр, ім галоўна трэба было ехаць туды. Набралі ўсялякіх тавараў (некалькі вазоў), а грошай захапілі так багата, што аж кішэні былі аддудураны. Паслалі сяброў Лучынскага і Хэйфуліна, а таксама Моту, якія лічыліся добрымі шныпарамі — умелі адразу пранюхаць усё чыста.

 

ІІ. Кірмаш у Паповай Гары

Папова Гара — мястэчка на Бесядзі (Клінцоўскага пав.). Яно з даўніх часоў лічылася моцным пяньковым рынкам. Яшчэ ў мінулыя гады краснапольцы гандлявалі там, і папоўскім кааператарам дый прыватным гандлярам яны даліся ў знакі. Тады ўвесь гандаль адбываўся толькі каля краснапольскай кааператыўнай будкі. Сярод сялян краснапольцы зрабілі неапісуемы фурор. Гэта й зразумела! Чаму не зрабіць фурор, калі папоўскі кааператыў за адзін пуд жыта даваў сялянам 15 фунт. солі, а краснапольцы 25 ф. Гэта ж не жарты! Таксама ўсе іншыя тавары прадаваліся ў адзін з паловай — два разы танней. Сяляне казалі тады:

«Во гэта кааператыў! Во гэта карысць сялянам! А наш задрыпаны толькі здзірства робіць! Яго б у каршэнь, дый вон!» Усе лезлі да будкі, як мухі на мёд.

Тады паповагорскія кааператары хадзілі, як аблізаныя, бо гэткім чынам краснапольцы закупілі ўсё сваё ды, гагочучы, граманулі ў двор.

А ў гэтым годзе яны, папоўцы, узяліся за розум, рашылі правучыць «задавакаў», перашкодзіць ім гандляваць. Напярэдадні Пакрова вечарам паповагорскія кааператары пачалі абходзіць усе пастаялыя двары і пыталі, ці не прыехалі краснапольцы. Гэтыя выведкі сталі вядомы краснапольскім кааператарам. На другі дзень, ведаючы, што іх шукаюць, самі пайшлі ў выканком. Тут іх як абухом трэснулі па галаве. За сталом важна сядзеў старшыня кааператыву, міліцыя і шмат іншых.

— Мы вам забараняем гандляваць у нас, забараняем закупляць сырэц. Вы нам надта дасалілі. Вас усюды поўна. Вы забіваеце наш гандаль! Мы цярпелі раньш вас, а цяпер досыць! Каціцеся ад нас каўбасою! — урачыста заявіў старшыня.

— Як так? Вы не маеце права забараняць нам. Перш-наперш у нас ёсць дакументы, на падставе якіх мы маем права гандляваць!

— Якія дакументы? Пакажэце?

— Вось патэнт на гандаль па ўсіх мясцовасцях.

— Гэты дакумент-патэнт да нас не адносіцца! Ён дадзен беларускімі ўстановамі. Вы з Беларусі? Дык там і гандлюйце! А ў нас РСФСР! Разумееце?

— Вы, пэўна, смяецеся! Для вас Беларусь — нешта чужое, далёкае!.. А можа, і вы будзеце далучаны... Апрача таго, вы павінны ведаць, што згодна рэзалюцыі ХІІІ партз’езду ўсе мы павінны працаваць і рабіць усялякія захады, каб пашырыць, узмацніць, павялічыць агульны таварны зварот у СССР.

— Пустое вы трубіце! Прашу нас ня вучыць! Мы палітыку ведаем, ведаем, што робім... Адно скажам канчаткова — сверж, пяньку, семя вам нельга закупляць!.. Калі жадаеце — можаце закупаць лыкі — гэты тавар патрэбен для Беларусі. Проціў гэтага ў нас ня будзе ні жаднай спрэчкі. А пяньку, семя нельга, гэта нам патрэбна для клінцоўскіх фабрык.

— Але, паслухайце! Вы нас вельмі дзівіце! Мы закупляем не для сябе. У нас няма гэтых фабрык. Мы таксама закупляем для клінцоўскіх фабрык!

— Усё роўна! Вы нас не амамліце! Мы вас ведаем! Вы нам робіце заваду! Вы для нас заткала! Вы, канкурэнты, хвастом нас заціраеце! Не дадзем дазволу!

— Апошні раз выслухайце нас! Вось яшчэ вам прапанова! Ня кажучы аб тым, што мы зусім не канкурэнты, што мы такія цэны будзем плаціць, як вы, але мы згодны вось на што: закупленае мы кінем у вас! Калі Гомель ня згодзіцца — яно ў вас і застанецца!

— Не, не і не! — закрычалі раптам усе: і міліцыя, і старшыня, і кааператары. — Ня хочам, каб вы гандлявалі. У вас шмат грошай, вы нас у трубу загоніце!

Злосць абхапіла краснапольцаў.

— Мы не павінны ў тым, што вы зачаўрылі! Трэба праўду сказаць: які ў вас кааператыў? У вас хэўра, а не кааператыў! Кааператывам у вас верцяць тыя, якія раней былі буйнымі гандлярамі пянькою. Вы дабіваецеся смычкі ня з вёскаю, а з спекулянтамі! — кінулі яны.

Паповагорцы ўзвар’яваліся:

— Гэта абраза! Мы гэтага не дапусцім! Мы вас пацягнем у суд да адпаведнасці. Нешта вы дужа паўзнасіліся, — крычалі яны, грукалі кулакамі па стале і крыху не загрудкі бралі краснапольцаў.

Тыя драпанулі адтуль, ледзьве ногі ўняслі. Яны беглі па мястэчку, размахваючы рукамі, збіваючы з ног людзей. Разоў пяць апяразаліся аб слупы. Усю дарогу яны лаяліся. Якіх толькі праклёнаў яны не пасылалі: «каб яны сукам селі», «каб яны пухлі з сваім дабром»... Прылапацелі да сваёй будкі, якая ўжо была пастаўлена, на якой ужо красаваўся чырвоны кааператыўны флаг. Заставалася толькі дастаць тавары і разлажыць іх. Каля будкі было шмат народу, чакаўшага танных тавараў... Загадалі скручываць усё і збірацца дадому.

Сяляне цэлую арду паднялі. Як пчолы загулі. Чаго толькі не вярзлі яны на паповагорскіх кааператараў. Чуючы гэта, краснапольцаў апанавала вялікая гандлёвая скруха. Яны сталі сачыць, як тут гандлююць. І вось які малюнак яны ўбачылі. Увесь кірмаш быў завален пянькою. Але дзяржаўных акупшчыкаў было вельмі мала. Цэны на пяньку былі надта нізкія. І грошай хапіла не толькі ў папоўскіх кааператараў, але нават і спекулянты здаволіліся па горла. Гэтыя вынікі азначыліся яшчэ да паўдня. Сяляне пёрліся дамоў, не прадаўшы пянькі.

Сумныя, валачыліся краснапольцы па кірмашы; трэба было перахапіць чаго-небудзь дый брысці дадому. Падумалі купіць селядца, але думка ў галаву ўвілася, ці прададуць яшчэ ім селядца, бо яны з Беларусі, а ў Беларусі, як вядома, селядцоў не нарыхтоўваюць!

Купілі ў прыватнага гандляра селядзец, папрасілі яго, каб не казаў, што краснапольцы закупляюць селядцы для Беларусі.

 

ІІІ. Кірмаш у Прапойску

Пасля гэтае незадачы краснапольцы не павесілі насы на квінты: як і раней, яны лічылі, што яны маюць шырокія перспектывы ўзмацнення таварнай сувязі з вёскай.

Якраз на Міхайлу здарыўся кірмаш у Прапойску, які знаходзіцца ад Краснаполля ў 30 вярстох. Ён у межах Беларусі, тут ужо не будуць калоць вочы Беларуссю.

Паехалі туды. Прапойскі кааператыў раней таксама грымеў, але ў апошні час там перамог нэп.

У самы дзень кірмашу краснапольцы паставілі сваю будку, паднялі на ёй чырвоны сцяг і пачалі гандляваць. Гандаль пайшоў вельмі жывы. Але месца для будкі абралі не зусім добрае, як кажуць, «проціў ліха на ўзгорачку». Проціў гэтае будкі была крама самага магутнага спекулянта Розіна. Зразумела, што ніхто не йшоў да Розіна, а толькі да будкі. Гэты Розін напярэдадні набіваўся краснапольцам, каб купілі ў яго 200 пуд. семя, але яму давалі мала, бо не хацелі звязвацца са спекулянтам. І к алі ён убачыў, што яго справа кепска, што яму перашкаджаюць набіць кішэню, ён успомніў, што сын яго — вялікая шышка: у Прапойску старшыня кааператыву. Як падстрэлены, пабег ён да сына. Той — у выканком, у міліцыю, і праз якія-небудзь 10 мінут да будкі прыскочыла міліцыя, падзівілася на чырвоны сцяг, загадала зняць яго, спыніць гандаль і пацягнула Хэйфуліна ў выканком, каб асвятліць справу.

Там вельмі ўрачыста паведамілі, што краснапольскаму кааператыву забараняецца гандляваць.

— Чаго вы прыперліся ў наш раён? Мы вас ня звалі. Вы ваюеце з намі, псуеце нам цэны. У нас ёсць загад Магілёўскае вакругі, што забараняецца падвышаць ліміты. А вы гэта робіце!

— Гэта брахня. Мы таксама робім загатоўкі для Дзяржбанку, як і вы, і цэны плацім аднолькавыя! Вы ня маеце права нам забараніць. Пакажэце нам паперы, што іншыя раёны ня маюць права гандляваць на кірмашох, тады мы паслухаемся. А калі вы гвалтам нам перашкодзіце гандляваць, мы гэту справу так ня кінем — мы будзем дабівацца ў пракурора.

— Каму хочаце жальцеся. А мы вам прапануем «авэй гефор»! Апрача таго, вамі закупленае мы канфіскуем, бо вы закупілі без дазволу мясцовай улады!

— Добра, добра! Толькі ведайце, што гэта вам дарэмна ня пройдзе! Вы самі ня ведаеце, што робіце! Вас падбуражылі спекулянты, вы слухаеце паджыгайлаў-спекулянтаў. Яны крутэмус завялі!

За гэтыя словы краснапольцаў крыху не заарыштавалі, яны ледзьве выкруціліся.

А на кірмашы сяляне вымушаны былі прадаваць у прапойскі кааператыў семя да паўдня па 1 р. за пуд, а пасля паўдня, калі грошай у кааператыве не хапіла, спекулянтам па 80 к. У той час, як краснапольцы плацілі па 1 р. 20 к.

А Розін-бацька накупіў шмат семя па 80 к., а тады перадаў сыну ў кааператыў па 1 р. 20 к. Кажуць нават, што Розін-бацька выязджае на плячох сынка і нават патэнту ня мае. Ці праўда гэта — добра не ведаем.

Дык вось як гандлююць кааператары.

 

1924

 

Па Дзвіне ў Сураж

 

 

Краязнаўчыя нататкі

 

13-VІ. Роўна а 12 гадзіне параход на Вяліж выходзіць з Віцебску, і мы плывем па Дзвіне. Шмат народу едзе, а параходзік зусім маленькі, цяжка яму справіцца з яшчэ поўнай вадой і плысці ўверх па рачной плыні. Да Суражу, кажуць, будзе цягнуць не меней 9 гадзін, хоць тут усяго ад Віцебску 50 вёрст. Але не прыходзіцца шкадаваць, што так доўга будзе цягнуцца гэтае рачное вандраванне. Прыгаство Дзвіны і ўзгоркаў над ёю прымушае неадрыўна глядзець на зелянеючыя бярозавыя гайкі, цёмна-зялёныя стромкія хвоі і падобныя на кіпарысы высачэзныя елкі. А надвор’е, як у ліпні — цёплае, пахучае. Неба чыстае, сіняе, як келіх бірузовы.

Едуць госці з Ленінграду — рабочыя, служачыя з сем’ямі, едуць адпачыць у ціхіх вёсках Беларусі. Тут яны маюць сваякоў. Едуць сяляне дамоў пасля розных клопат у Віцебску, і яны трымаюцца асобнай купкай. Паціху гамоняць між сабою. Можна наперад сказаць, аб чым гавораць яны: кантрактацыя, калектывы, саўгасы, камуны. Цяжкі быў год, прымусіў сялян аб новых формах гаспадаркі думаць, і ўжо не чутна прынцыпова-негатыўных адносін да калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Крытыкуюць і часам злосна новыя формы яе, але пад агонь пападае людская неарганізаванасць, хцівасць, несвядомасць, гразь, а супраць карэннай перабудовы сялянскай гаспадаркі на кааперацыйных асновах ніхто не кажа. Гэта палажэнне заваявала агульнае прызнананне бядняцка-серадняцкіх мас. З сялянамі спрачаецца аграном і служачы бліжэйшага саўгасу. Сяляне прыводзяць факты:

— У нас (у саўгасе) работа восем часоў, у суботу ў абед звонюць, шабаш... А ў нядзелю выхаднэй дзень. Сена ляжыць. Панядзелкам дож пашоў, сена й паплуло! Якая гэта правіла?.. Не, з зямлёю трэба так: с пеўнямі ўставай, з курамі кладзіся! Во як трэба ў нашым жыцці! Ніхто етага ні перакруціць.

— Перакруцім! Навука ўсё пераробіць на карысць чалавека! — кажа служачы саўгасу.

— Мы на ета нічога ні скажам. Правільна. Людзіна невучоная, як сякера нетачоная! А толькі людзі пад свой бок скарэй цягнуць. У нас паставілі аднаго за начальства, а ён наеў, напіў на 6000 руб., а цяпер у Допрыі сядзіць. А на ўсіх худая гаворка...

— Паршывая авечка, як тэй казаў...

— А куды глядзелі рабочыя? — пытае аграном.

— Куды яны глядзелі? Такія рабочыя! Абы мяне ні чапалі, а казну ніхай скубець! Латрюгі сыбраліся. Калі ходзіць загадчык, тады яны нешта калупаюць, адышоў ён — сядуць, ды нічога ні робюць.

— Далей так не будзе! — запэўняе служачы саўгасу. — Цяпер узяліся за гэтых шкоднікаў. Праз год і паху не застанецца ад гэтай шумеці.

— Народ мы такей, без наглядатая ні звыклі ў рабоці. Калі не ўзыскуюць, дык гармідар, ні дзела выходзіць. Сабярэцца, скажам, дваццаць дзевак, гагатня, сміхатня, а дзела і на двох хапіла б... Як куры, пакалыпаюць зямлю, а трава бур’ян бур’янам. Мая жонка з дзеўкай скарэй за іх справілася б.

— А то пашлюць 10 чалавек распіліць паўсажні дроў... Гарнізатараў большы, ік рабочых. На гуце, што ля нас, 80 чалавек с пер’імі ходзіць, усё запісваюць, а што йны запісваюць, каб папытаць.

— Дзе ж лепшы ўраджай, ці ў вас, ці ў саўгасах? — пытаю я.

Селянін, якога звалі Сумон, кажа:

— Вядома, там раўней паля, зямля больш родзіць. І машыны ўсё ёсць, і гною як трэба, і яшчэ ўдабрэння даюць. Чаму не быць ураджаю?

— У камунах, калектывах таксама?

— І там, большы зямля даець. Усякую падмогу ім даюць у доўг, а калі йшэ вернуць... Ражжыца можна. Усё табе ў рукі: машыны, адборны сімян, супір-хасхат (апошняе слова, як цяжкае, селянін вымаўляе з нейкай усмешкай). Яно й выходзіць, хоць і мала работаюць, а ўраджай пабольшы за наш. Ета трэба ны праўду скызаць.

Цягнецца доўгая размова на гэтыя жыццёвы тэмы. І адзін толькі вывад можна зрабіць: селянін хоць і крытыкуе калектывізацыю, хоць на словах і не давярае ёй, але гэта ёсць толькі традыцыя, якая пачынае зжывацца. На практыцы ён сам імкнецца да гэтых новых форм жыцця.

Праязджаем каля вёскі Хатолі, што на правым беразе Дзвіны... А на левым, пад самай вадой стаіць найпрыгажэйшы вялізны курган, заросшы сасняком. Побач з ім зусім маленькі. Курган такі вялікі, што міжвольна яго зялёны кумпал зварачвае на сябе ўвагу ўсіх, хто едзе.

— Праз Хатолю збойная дарога йдзе, — кажа адзін дзед, — тута войны вялікі былі. Косці людзей тут ляжаць.

— Німа тама касцей, — адказвае нейкі хлопец, — у нас разрылі адзін такі, дык гаршчкі з попілам...

Падаецца шмат тлумачэнняў паходжання курганаў, шмат легенд, паданняў. Непрыкметна разгараецца дыскусія аб рэлігіі. Два стараверы люта спрачаюцца з маладымі хлопцамі. Адзін хлопец патрабуе паказаць яму бога, калі ён ёсць. Стары выходзіць з раўнавагі: «Бог не слухаець, што свіння рюхаець». Хлопец плюе і адыходзіць.

Пад вечар прыязджаем у Сураж. На беразе ўсё насяленне прыйшло сустракаць параход. Кожны грамадзянін мястэчка лічыць сваім абавязкам увечары сустрэць параход, а ўранні яго праводзіць. Кожнага, хто злязае з параходу, суражане пытліва аглядаюць, асабліва калі прыезджы для іх незнаёмы.

Сураж — досыць буйнае мястэчка, якое маляўніча раскінулася па берагах рэк Дзвіны, Касплі і Суражкі. Апошняя летам перасыхае, але ў гэтым годзе яе разліў шмат клопатаў прынёс — да палавіны заліў хаты і зусім паграбы з бульбай у некаторых жыхароў. З жахам паказваюць на сляды вясновай павадкі. Цяпер гэтаму і верыць не хочацца. У Суражы мост праз Касплю. Да гэтага году быў мост і праз Дзвіну, але зімою яго разабралі з прычыны яго нягоднасці. Між іншым, усё насяленне кажа, што вельмі паспяшаліся разбурыць мост: ён яшчэ прастаяў бы на малае 5 год. Не думаю, каб гэта была праўда: такая моцная павадка, як у гэтым годзе, знясла б мост і не ўдалося б ратаваць каштоўны будаўнічы матэрыял. Цяпер жа без маста як без ног. Значная тэрыторыя, эканамічна звязаная з Суражам, адрэзана. Парому яшчэ не зрабілі.

Пакінуўшы рэчы, іду бегла аглядаць горад Сураж. Між іншым, у Віцебскім акруговым таварыстве краязнаўства я прачытаў адносіну Віцебскага АВК*, які прапануе Таварыству выказацца аб праекце аднаго грамадзяніна перамяніць назву гэтага гораду на больш сучасную. Таварыства паслала гісторыю гораду з тлумачэннем самой назвы «Сураж» і падкрэсліла немэтазгоднасць перамены назвы. Былі спрэчкі аб сутнасці самой назвы. Па-мойму, Сураж (Сурож у стары час) — умацаваны горад (сурог — умацаванне). На гэтую думку наводзіць і той факт, што на Беларусі ёсць яшчэ Сураж на рацэ Іпуці (цяпер Бранская губерня) і ў Заходняй Беларусі, і гэтыя гарады ў даўні час адыгрывалі ролю ваенных заставаў.

Прыпамінаецца і песня, якую можна чуць на Гомельшчыне:

 

А хто міне маладую,

А хто будзе суражаць?

 

 

Абыходжу горад па ўсіх напрамках. Бачу шмат радыёўстановак. Пачынаю лічыць іх і толькі ў адным канцы гораду, за Каспляй, налічваю каля дзесяці. Праходжу ў другі канец гораду праз рыначную плошчу, у чаўне пераязджаю праз Суражку, іду ў поле. Пападаю на цікавае месца, якое знаходзіцца недалёка ад яўрэйскіх могілак і завецца «бандыцкім кладзішчам». Тут пахаваны пакараныя бандыты, якіх шмат было ў Суражскім раёне. Страх і роспач у людзей выклікалі яны. Цяпер ад гэтага жаху засталіся невялікія купкі зямлі. Ніхто сюды не заглядае — дрэнную памяць аб сабе пакінулі бандыты. На гэтым месцы, як відаць, былі старажытныя пахаванні — ледзьве прыкметныя ўзвышэнні.

На другі дзень уранні я іду ў вёску Храпыльну. Па праўдзе кажучы, гэта ўжо не вёска. Яна ўся рассялілася хутарамі. На Віцебшчыне, асабліва ў Суражскім і Межанскім раёнах, ужо няма вялікіх вёсак. Некаторыя яшчэ ў час вайны, іншыя ў 1924—25 гг., аднак разбіліся на хутары. І прыходзіцца шкадаваць, што на некаторы час тут будзе затрымана перабудова сельскай гаспадаркі на падставе калектывізацыі. Іду полем. Радасна глядзець на жыта, якое добра абышло. Рунь моцная, зялёная. Усё поле разагнана раўчакамі, каб жыта не адмякала. Сёлета, здаецца, у гэтым і патрэбы вялікай няма. Снег не затрымаўся, не заліў палі вадою.

Іду на хутар. Прашу вады. Гаспадыня прапануе бярозавіку, якога ўжо гадоў дзесяць не смакаваў. Прагна п’ецца. Заходжу ў хату. Гаспадара няма ў дварэ. Гарачы час — вясновая сяўба, недзе працуе на полі, недалёка ад хаты. Пытаю, як жывецца. Ці няможна падводу ўзяць.

— Еты год дапёк нам. Гарчышнае жыццё. Ішэш хата ня’бдзелана, дронам ні дакрыў. У закопах бульба прапала... А тут дробныя дзеці, калі сама не дагледзіш... Некалі, некаму вымесь хаты... А ў падводы не, ні паедзіць ён... Корм дарагой, пусцім у поля, што ён там ускубець... А вам куды трэба?

— У два канцы. У Мяжу альбо ў Віцебск.

— Ён сам скора прыдзіць. Яшчэ й не снедаў.

Я саджуся на лаву і аглядаюся. У хаце чыста, светла. У пярэднім куту два вялікія «лубачныя» абразы, і побач з ім з аднаго боку партрэт Леніна, з другога Маркса, за імі ўдоўж сцен партрэты правадыроў — Сталіна, Рыкава, Калініна і інш. У самым канцы гэтай галерэі, якая, відаць, запаўнялася храналагічна і цяпер падтрымоўваецца ў належнай чыстаце, ёсць і нашы беларускія правадыры. Вісяць прыгожыя набожнікі. Праўда, пад іх не папалі Ленін і Маркс. Як відаць, у жанчыны ў думцы ўсё ж была нейкая мяжа. А мо ў гэтым вінен яе сынок, які вучыўся ў Суражскай сямігодцы і кінуў яе, бо плату наклалі, праўда, вельмі малую. Для селяніна часта і гэта — нож у сэрца. Яшчэ адна цікавая Этнаграфічная дэталь, якая смешна злучае нейкія старыя перажыткі з новымі з’явамі. Перад абразамі я заўважыў на нітачцы духа святога, які сам сабою (deux ex maxine), аўтаматычна ўвесь час кружыўся. Гэты святы душок зроблены нібы мадэль самалёту: хвост з паперы, крыллі таксама, дзюба — я сам не ведаю з чаго, а тулава сплецена з саломы. Такім чынам, была настойлівая раўнавага, і галубок увесь час на пацеху дзецям кружыўся. Пад абразамі на століку ёлачка з насоджанымі на яе галінкі пафарбаванымі велікоднымі яйкамі. Фарбоўка вельмі разнастайная, і можна зрабіць вывад аб вельмі значным ліку прыродных фарб, якія вядомы мясцовым сялянам, і значным развіцці мастацкага густу ў узорах. Зрабіў нататкі аб гэтым.

Прыходзіць гаспадар, і, хоць адразу ж адмаўляецца ехаць са мной у падарожжа, мы доўга гаворым з ім. І тут спраўдзілася палажэнне, што цяпер асноўная думка, якая пануе ў думках селяніна, гэта пытанне аб калектывізацыі. Гаспадар хутару сам пачынае выказваць свае думкі аб новых формах сельскай гаспадаркі. У гэтых думках ёсць нейкая недагаворанасць. Селянін рэзюміруе свае словы:

— Я пайшоў бы ў каляктыў, каб тама работать не толькі за кавалак хлеба, а каб плацілі, як на землядзельнай фабрыкі. Тады б усе кінулі хутары і ў калякцівы падаліся б.

Я пакідаю хутар, прашу выбачэння за турботы. Селянін кажа:

— Не! Што вы! Свежаму чалавеку і мы рады.

Ён праводзіць мяне на шлях. Каля хаты ляжыць новая спрунжыновая барана. Пытаю, ці добра ёю скародзіць. Селянін хваліць яе, кажа, што нічым не падгадзіць старым даваенным баронам, а цана, бадай, тая самая. Дарожка ад хутару да шляху абсаджана дрэўцамі.

— Топілім абсадзіў, ніхай прыгажэй будзець! А цяпер пайду пад бульбу поля рабіць, біз іе німа як жыць. Хоць цана кусаецца, таварыш. Па два рублі пуд!

Мы развіталіся. Адышоўшы трохі, селянін раптам запытаўся:

— А што, таварыш, ці паказваець мэтэралогія, якое лета сёліта будзець? Зіма, як пісалі ў газетах, так і была...

Я адказаў, што можна толькі на месяц прыблізна беспамылкова вызначыць надвор’е, на большы тэрмін могуць быць памылкі. Як вырас селянін за гэтыя рэвалюцыйныя гады! Яго мова змянілася, павялічыўся запас слоў, новымі паняццямі аўладаў ён, новыя ідэі ім заўладалі. У гэтым адыграла ролю не толькі школа, розныя курсы, мітынгі, але ўсё жыццё, усе палітычна-грамадскія ўмовы новага ладу.

У РВК знаёмлюся з матэрыяламі, якія маюць выключна краязнаўчы характар і неабходны для працы мясцовай краязнаўчай арганізацыі. У кабінеце сакратара на сценах шмат параўнальных дыяграм, якія даюць уяўленне аб сельскай гаспадарцы раёну. Відаць, што дыяграмы досыць верагодна адбіваюць сапраўдны стан рэчаў. Як і па ўсёй Віцебшчыне, на працягу гэтых год у Суражскім раёне змяншаецца жытні клін і павялічваецца засеў бульбы, лёну і канюшыны. З году ў год расце плошча пасеву — у 1928 годзе пад пасевамі было 26 783 га, у 1926 годзе 24 578 га.

У краязнаўчым стасунку зварачае на сябе ўвагу праца раённага статыстага. Для нашых краязнаўчых арганізацый у ёй столькі важных момантаў, якія трэба выкарыстаць. На вялікі жаль, краязнаўчыя арганізацыі не толькі не цікавяцца зместам і формай працы раённага статыстага, але ў большасці і не дамагаюцца ўцягнуць гэтага працаўніка ў кола сваёй краязнаўчай чыннасці. А між тым гэта скромная фігура ў сваіх руках мае шмат краязнаўчых аб’ектаў. Я доўга і падрабязна знаёмлюся з працай раённага статыстага. Асноўны яго абавязак — вясці вясновыя і асеннія апытанні сялян-гаспадароў. Да 10 усіх сялянскіх гаспадарак (а ў раёне іх усяго 7604) трэба апытаць. Апрача таго, што гэтыя апытанні павінны даць матэрыял для меркавання аб спосабах апрацоўкі зямлі, аб наліччы жывога і мёртвага інвентару, аб угнаенні, у самым працэсе такіх абследаванняў шмат ёсць іншых краязнаўчых момантаў, якія не занатоўваюцца і якія надзвычайна карысна было б ведаць і старанна збіраць. Райстатыст шмат дае іншых вестак, як, напрыклад, весткі аб цэнах, аб стане рынку, аб руху заразлівых хвароб і г. д. Прыкладам сказаць, суражскі райстатыст ведае раён як свае пяць пальцаў, між тым яго веды ніхто не думае скарыстаць у краязнаўчым стасунку. Не кажучы ўжо аб тым, што з яго дапамогаю можна скласці карту прамысловасці раёну, ад яго можна нават сабраць весткі аб турыстычных аб’ектах раёну, аб месцазнаходжанні некаторых карысных выкапняў (торф у Касплянскай дачы ў урочышчы Вал, дзе глыбіня яго залягання даходзіць да 2½ сажняў). Найбольш прыгожыя месцы ў Суражскім раёне па яго думцы: 1) былы маёнтак Брыгітполь у двох кіламетрах ад Суражу, 2) урочышча Склютоўскі Лес каля вёскі Дубраўкі Марчонскага сельскага савету, 3) вёска Лагі Ботаніцкага сельскага савету, якая ляжыць між гор і некаторымі па сваёй прыгажосці завецца «Другім Каўказам».

Мясцовая краязнаўчая арганізацыя ўжо некалькі месяцаў не працуе. Між тым раней арганізацыя была досыць моцнай, заснавала краязнаўчы гурток пры школе-сямігодцы, мела некаторыя сродкі і фатаграфічны апарат (і цяпер ёсць). Вынікам працы краязнаўчага гуртка ёсць музейчык пры сямігодцы. Канешне, у ім у першую чаргу розныя карты раёну, калекцыі ўзораў, набоек. Самае цікавае — гэта матэрыялы па гісторыі бандытызму ў Суражскім раёне: фатаграфічны здымак усяго бандыцкага батальёну (фатограф, які рабіў здымак, быў расстрэляны), фатаграфія бандыцкага атамана Ардэна, дакументы аб зверствах і г. д. З археалагічных рэчаў вельмі цікавы ёсць каменны нож (7 век), знойдзены ў размыве берагу Дзвіны пасля павадкі па «замчышчы» (цяпер тэрыторыя дрэваапрацовачнага заводу). На відным месцы вісіць у музеі дыплом, які выдаў РВК краязнаўчаму гуртку за наладжванне краязнаўчага аддзелу на сельскагаспадарчай выстаўцы. У музейчыку шмат фальклорных матэрыялаў і «Тарас на Парнасе», запісаны ад селяніна, якому 65 год. Але самае цікавае, што ёсць у музейчыку, — гэта каля 60 апісанняў розных вёсак раёну. На жаль, апісанні не рабіліся па плану, прынятаму для складання геаграфічнага слоўніка раёну. Тым не менш сучасны стан апісаных вёсак досыць яскрава выпукляецца. Часта падаюцца такія весткі, якія іншым шляхам ніхто не зможа сабраць. Часта падаецца крупулёзная статыстыка невялікіх вёсак. Пры некаторых апісаннях прыкладзены вельмі добрыя планы сяліб і нават вёсак, даецца кароткая гісторыя вёскі са слоў старых жыхароў і г. д. Апісанні падкрэсліваюць рэзкі пералом, які адбыўся ў вёсцы пасля рэвалюцыі. Аўтар апісання вёскі Царковішча піша: «Шляхам газет нашы сяляне паляпшаюць сваю гаспадарку. Гавораць у нас на роднай мове. З 31 чалавека гутарыць толькі адзін настаўнік на расійскай мове. Ён улетку жыве ў Царковішчы, а ўзімку навучае дзяцей на Велікарусі». Аўтар другога апісання вёскі Харытонаўшчыны больш увагі аддае рэгістрацыі адмоўных бакоў у жыцці вёскі. «Усюды гразь, няхольнасць». Апрача вёсак апісаны некаторыя прадпрыемствы і фабрычны пасёлак Пудаць. Гэтыя апісанні вёсак добра сведчаць, што мы часта недаацэньваем вучнёўскіх краязнаўчых прац. Пры належным планавым кіраўніцтве краязнаўчага актыву настаўнікаў ад вучняў можна мець надзвычайна цікавыя краязнаўчыя працы. Працягнуўшы гэтую працу па апісанні вёсак, пракарэктаваўшы яе згодна існуючых праграм і інструкцый, праз некаторы час можна мець матэрыялы для геаграфічнага слоўніка Суражскага раёну.

Мы наладжваем сход суражскіх краязнаўцаў, абіраем старшыню праўлення і сакратара, абгаворваем план мінімальнай краязнаўчай працы на гэты час.

На другі дзень а 6 гадзіне раніцою я выйшаў на бераг Дзвіны чакаць параходу ў Віцебск. На берагу ўжо былі людзі. Параход спазніўся, і ад нечага рабіць прыслухоўваюся да размоў. Спачатку гавораць аб нейкіх таварах. Адна жанчына кажа:

— 8 рублей за ету гніль аддала, як у агонь уперла.

Другая дае тлумачэнне:

— На вырабыт дзелыюць, ні на дыбрату нылігаюць, а каб большы... Чулкі два разы надзеніш — разлезліся, шкло ны лямпі адзін дзень гаріць, місарубку купіла — два разы крутнула — усе вінты паслаблі.

Потым абмяркоўваюць мясцовы судзебны працэс аб жанчыне, якая падрабіла талон і не менш дзесяці раз атрымала ў кааператывах па гэтаму талону тавар. Жанчына абураецца:

— Пічатку падздзелыла, толькі дзве буквачкі ні сходзюцца. Набрала ўсюдых, дзе казёныя лаўкі. У адным на 15 рублей пазабірала. Я гляджу — ходзіць вясёлая, адзяецца, як панская. А ёй год толькі далі.

— Чорт яго дагледзіць, народу цяперака як людзей.

— Анёж! (А канешне.) Пасядзіць, прыдзець і знова красьці!

Міліцыянеры вязуць нейкіх арыштаваных у Віцебск. З іх адна жанчына, якая хацела лёгкай пажывы: узяла ў арэнду млын, не заплаціла ў тэрмін рабочым і цяпер яе з грудным дзіцём вязуць у папраўчы дом. Яна — звычайная сялянка па вопратцы, відаць, нехта падбіў яе ўзяць у арэнду гэты злашчасны млын. Ды яшчэ ўсю худобу апісалі. Вязуць яшчэ нейкага чалавека з тварам кваліфікаванага злачынцы. Ён пачынае некаму апавядаць аб несправядлівым прысудзе. Міліцыянер папярэджвае:

— Замаўчы! Арыштаваны павінен быць мёртвае цела.

На беразе сустракаю сакратара мясцкому працасветы, якая едзе ў Віцебск на нараду. Яна мне паказвае маляўнічую групу сялянак, якія прыйшлі здалёку, з нейкага самага глухога кутка раёну, і ніяк не могуць прызвычаіцца да параходных гудкоў. Учора забаўны эпізод быў з бабамі. Ні разу не бачылі параходу, прыйшлі сустракаць яго на бераг. Самі потым казалі:

— Як заравець, заравець, а мы аб землю ўсе. Такога рэву ў жыцці не чулі.

Завёў потым нехта гэтых баб у кіно. Таксама дзівіліся:

— Бягуць, бягуць коні, людзі на нас, во-во набягуць на нас.

Мы аж жыхануліся ўбок.

Прыходзіць параход. Дае тры моцных прывальных гудкі. Я ўсю ўвагу аддаю бабам, якія палахліва глядзелі на машыну і пры кожным гудку, як аўтаматы, падаваліся назад, чапляючыся адна за адну і смеючыся з свае палахлівасці.

Мы селі на параход, а на беразе бабы яшчэ доўга стаялі і моўчкі глядзелі на страшыдлу-параход.

Адыходзячы на Віцебск, параход нечакана для баб загудзеў што ёсць моцы. Зноў палахлівыя ўскрыкі і смех на параходзе.

 

1924

* Абласнога выканаўчага камітэта (рэд.).



Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 136-161
Крыніца: скан