epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну (Ліст)

 

 

Цвёрда памятаючы Вашы словы аб чулым, уважлівым стаўленні да жывога чалавека, я пішу Вам пра свае няшчасці, спадзеючыся знайсці ў Вас найвышэйшую праўду і справядлівае да мяне стаўленне.

Я — былы беларускі пісьменнік-гумарыст Шашалевіч Андрэй Антонавіч (псеўданім Мрый), які напісаў у 1929 г. раман «Запіскі Самсона Самасуя». З’яўленне ў друку першых частак гэтага рамана было пачаткам маіх нягод. Спачатку раман хвалілі і тэрмінова, без усялякай ініцыятывы з майго боку, пусцілі ў набор для масавага выдання. І калі гэта мелася ажыццявіцца, тады няшмат якія людзі, у далейшым абвінавачаныя ў контррэвалюцыі, раптам выявілі, што раман — зласлівая насмешка з савецкай культурнай рэвалюцыі, пасквіль на савецкае жыццё.

Гэтыя няшмат якія людзі, галоўным чынам члены літаратурнага аб’яднання «Маладняк» — Вольны, Дудар, Гародня і інш., аплявалі раман агульнымі фразамі і амаль вулічнаю лаянкай, нават не спрабуючы даць сур’ёзны крытычны аналіз зместу і формы рамана.

Раман спынілі друкаваць.

Між тым у сваім рамане я зусім не хацеў агітаваць супроць новага жыцця, супроць прынцыпаў Савецкай улады. Я хацеў паказаць тыповага выскачку Самасуя, што прабіраецца з мяшчанскіх нізоў да вяршынь Савецкай улады.

Я быў ашаломлены агульным ахайваннем майго рамана і не стаў змагацца за яго працяг у друку. Я спадзяваўся, што больш спакойныя людзі аб’ектыўна, справядліва ацэняць раман. Мне было вядома, што масавы чытач у галоўным герою рамана цудоўна разабраўся і бачыў у ім прайдзісвета, што сваімі адміністрацыйнымі дзеяннямі дыскрэдытуе Савецкую ўладу і дэмаралізуе новае жыццё. У рэдакцыю часопіса, у якім друкаваўся раман, ішлі пісьмы з патрабаваннямі «выключыць з партыі і выгнаць з апарату Самасуя, як прымазанніка Савецкай улады». Героя прымалі за сапраўдную асобу, а яго «Запіскі» за праўдзівыя дакументы жыцця. Якраз таму здзіўляліся яго беспакаранасці.

Гэтыя наіўныя лісты падбадзёрвалі мяне. Мяне натхняла думка, што кніга пра Самасуя будзе адною з вясёлых, жыццярадасных кніг, што выкрываюць прайдзісветаў, жулікаў, дармаедаў і паскуднікаў.

На жаль, раман астаўся невядомы рускаму чытачу. Часам мне здаецца, што калі б ён зрабіўся вядомым тады рускаму чытачу, — мне дапамаглі б пераадолець памылкі. Нават цяпер, праз 10 гадоў, у мяне мільгае ерэтычная думка, што калі б выпадкова гэтая кніжка была прагледжана Вамі, яна выклікала б у Вас вясёлы смех і ніякага непрыязнага пачуцця да «рэакцыйнага пісакі, што руйнуе асновы новага жыцця». Былі выпадкі, што чытанне ўрыўкаў рамана ў публікі выклікала аднадушны смех. Гэты смех, на маю думку, сведчыць пра бясшкоднасць рамана, калі нават адмаўляць, што ён проста трапляе ў цэль, высмейваючы паганых людзей.

Аднак з 1930 да 1934 года ў друку працягвалася беспадстаўнае ганьбаванне рамана. Зноў-такі ніякай крытыкі, адна лаянка ў 2-х радках.

Я прызадумаўся. Няўжо сапраўды высмейванне адміністратараў, падобных Самасую, дасягае адваротных вынікаў і зусім не трэба савецкаму чытачу?

Я губляю арыентацыю ў сваёй працы. Раман здаецца мне непатрэбным крокам у жыцці, цяжкаю памылкаю. Я перастаў працаваць над ім.

І калі мяне арыштавалі ў 1934 г. у Мінску, я спачатку думаў, што прычына арышту — гэты злашчасны раман. Аднак у часе следства мне ні слова не сказалі пра раман, пра маю літаратурную працу, хоць пры вобыску была ўзята ўся мая літаратурная прадукцыя. Следства запатрабавала, каб я прызнаўся ў прыналежнасці да нацыянал-фашысцкай арганізацыі. Неабходна адкрыта сказаць, што я ганебна вёў сябе на следстве. Спачатку мяне папярэдне належна апрацавалі ў камеры «раззброеных», пасля адкрыта сказалі, што «ўсё маё кодла контррэвалюцыйнае», што паводле сваёй адукацыі і выхавання (я з семінарыстаў) я не магу не быць контррэвалюцыянерам, што ў выпадку непрызнання маю сям’ю чакае самая сумная доля...

Я зусім разгубіўся. Як мне выявіць сваё савецкае аблічча? Што я магу сказаць у сваё апраўданне? У мяне за плячыма два мінусы — семінарская адукацыя і гэты аплёваны крытыкамі раман «Самсон Самасуй». І брат мой — драматург Шашалевіч В.А. — таксама з семінарыстаў, хоць мы дзеці дробнага службоўца. Бацька быў з мяшчан, памёр у 1902 г. Я вучыўся на стыпендыі для лепшых вучняў са «свецкіх». Другі мінус: я — былы прапаршчык, у 1918 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, у якой прабыў да 1921 года з перапынкамі (хварэў на тыф і рэўматызм). У мяне няма заслуг.

Я перажываю глыбокі маральны крах. Хочучы ўратаваць сям’ю, я выказаў гатоўнасць прызнаць усё, што мне інкрымінавалі, хацеў поўнасцю раззброіцца.

Але следства чакала чагосьці незвычайнага. Следчы хацеў і саграшыць і нявіннасць захаваць. Ён вымагаў, каб я «пісаў, пісаў і пісаў». Але пра што пісаць, як пісаць? З дапамогаю натхняльнікаў з камеры я пісаў, мая бязглуздзіца паставіла следства ў тупік. Тым не менш праз месяц мая справа была тэрмінова аформлена, і я Тройкаю АДПУ быў асуджаны на 5 гадоў і накіраваны ў ППЛ…

Толькі ў лагеры я высветліў сутнасць свае справы. Я быў прыцягнуты па справе настаўнікаў Краснапольскага раёна БССР (дзе я з 1921 —1926 г. быў настаўнікам у школе ІІ ст.) згодна з паказаннем настаўніка Сакалова.

У лагеры да мяне вярнулася развага, пачуццё жыцця і праўды. Я напісаў заяву ў Пракуратуру СССР і шчыра выклаў усю праўду свайго жыцця.

Я не прасіў апраўдання, я прызнаваў сябе вінаватым у маладушнасці, баязлівасці, у тым, што я напісаў шкодны раман. Я прасіў даць мне мажлівасць жыць з сям’ёй і падтрымліваць яе, бо жонка мая пасля арышту асталася з 3-ма малымі дзецьмі і не магла мець самастойнага заробку.

Мая справа была перагледжана. Мяне з лагера вызвалілі, і 2 гады я пражыў у адміністрацыйнай высылцы ў Валагодскай вобласці. Там я працаваў бухгалтарам леспрамгаса Масгарпаліва. Мяне лічылі добрым, акуратным працаўніком. Пасля тэрміну пакарання ў пачатку 1937 года мне выдалі савецкі пашпарт.

Але нават атрымаўшы савецкі пашпарт, я лічыў сябе непаўнацэнным чалавекам. Я не спакусіўся перспектываю «ехаць куды хочаш» і астаўся працаваць у леспрамгасе. Я быў надзвычайна ўсцешаны, што мне далі права жыць і працаваць. Цэлы год пасля высылкі я прарабіў у леспрамгасе, меў самыя добрыя водгукі аб сваёй працы ад партыйных і прафсаюзных органаў. Вайсковы Камісарыят прапанаваў мне падаць заяву аб аднаўленні ў правах камандзіра запасу.

Але ў канцы 1937 г. мяне без усялякай матывіроўкі знялі з работы. Я не пратэставаў. Я бачыў, што груз мінулага перацягнуў і мяне зноў выкідваюць з жыцця.

Я пайшоў у НКУС і, паведаміўшы, што мяне знялі з работы, спытаўся, ці ёсць у НКУС перашкоды для майго выезду, бо я павінен шукаць працу.

Мне далі адказ, што я магу ехаць куды хачу.

І вось пачаліся мае нягоды. Я нідзе нічога не ўтойваў, і ўсюды, як толькі даведваліся пра маю высылку, мне адмаўлялі ў працы. Я гатовы быў ехаць абы-куды, у самыя непрыступныя, неабжытыя месцы, каб толькі працаваць і жыць.

І толькі на прыбярэжжы ў Мурманскай вобласці мне далі працу бухгалтара-работніка вытворчасці ў Тэрыберскім рыбкаапе. Праца была карпатлівая і адказная. Дні і ночы праседжваў я, вывяраючы дакументы растрат і крадзяжу, складаючы акты на раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці і афармляючы перадачу дакументаў у суд. У гэтай працы я кіраваўся ўказаннямі мясцовага НКУС.

Але каюся, мяне ніколі не пакідала думка пра літаратуру. Увесь час працягваўся літаратурны сверб. За час з 1934 года я напісаў шмат навел, аповесцяў і раман з лагернага жыцця «Жывы дом». Мяне цікавіла таксама пытанне рэвалюцыйнай савецкай мовы. Я вывучаў мову Леніна. Яшчэ да арышту нават напісаў працу пра мову Леніна. Яна была ўхвалена да друку.

У канцы 1938 года мая сям’я пераехала ў Колу Мурм. вобл., дзе жонка атрымала працу настаўніцы. Калі я прыехаў да сям’і, мне прапанавалі працу бухгалтара ў Кольскай сярэдняй школе, а ў 1939 г. з-за вострай нястачы настаўнікаў для сярэдніх школ Мурманскай вобласці мне прапанавалі працу выкладчыка літаратуры ў Кольскай сярэдняй школе.

Я адмовіўся, бо яшчэ ў час высылкі НКУС папярэдзіў мяне, што мне лепей не шукаць працы па культасветнай лініі. Гэтым я і матываваў сваё адмаўленне на такую спакуслівую прапанову. Аднак пытанне было ўзгоднена з адпаведнымі органамі, і мяне прызначылі выкладчыкам літаратуры ў гэтую школу.

Мае ўрокі часта наведвала інспектура, на іспытах па літаратуры ў старэйшых класах прысутнічалі прадстаўнікі райкома, выканкома і камсамола. Вынікі працы былі прызнаны добрымі.

У мяне было пачуццё, што Савецкая ўлада ўсё мне даравала і аднавіла мяне ў правах чалавека і грамадзяніна.

Толькі адно цяжкае перажыванне асталося ў жыцці. Гэта — доля майго брата — беларускага драматурга Шашалевіча В.А. Ён у канцы 1936 г. быў арыштаваны па справе зусім незнаёмых яму журналістаў і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. На судзе ўсе, што абвінавачвалі яго, адмовіліся ад сваіх паказанняў і проста прызналіся ў паклёпе. Нягледзячы на гэта, старшыня суда, які пазней аказаўся значным трацкістам (прозвішча не помню), прыгаварыў брата да 10 гадоў лагераў.

Цяпер гэты прыгавор адменены (яшчэ ў 1940 г.).

Іншага выніку я і не чакаў. Я заўсёды верыў, што Савецкае правасуддзе высветліць праўду. Таму, хоць нашу сям’ю гнялі нягоды, я бадзёра глядзеў на жыццё і будучыню свае сям’і.

Аднак няшчасці зноў наведалі мой дом. У пачатку чэрвеня 1940 г. я быў арыштаваны Мурманскім Абл. Аддз. НКУС.

Два месяцы цягнулася следства, 3 разы выклікалі мяне на допыт і аформілі справу. Маскоўская Спецыяльная Нарада 13/VIII-40 прыгаварыла мяне да 5 гадоў лагераў «за ўдзел у антысавецкай арганізацыі».

У канцы следства мне паказалі 4 дакументы, што абвінавачвалі мяне. Выяўляецца, калі я адбываў яшчэ высылку — у канцы 1936 г. з’явіўся адзін дакумент, у канцы 1937 — другі дакумент і ў пачатку 1938 г. яшчэ два дакументы супроць мяне. Аднак ні ў 1936 г., ні пасля мяне не арыштавалі, не прыцягвалі да следства, хоць, калі верыць «пастанове аб мерах стрымання», асобы, якія далі на мяне абвінаваўчы матэрыял, прынамсі, некаторыя з іх былі прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання. Мяне не арыштоўвалі, хоць маё месцазнаходжанне органам НКУС вядома і я ніколі не спрабаваў замаскіраваць.

Такім чынам, 4 гады Органы дзяржаўнай бяспекі не прад’яўлялі мне новых абвінавачванняў, нават выдалі мне савецкі пашпарт, нягледзячы на тое, што абвінаваўчы матэрыял, на першы погляд жахлівы матэрыял, існаваў. Нягледзячы на гэты матэрыял, мне далі дазвол на вольны выезд з месца высылкі.

Сапраўды, гэты жахлівы матэрыял існаваў, але не меў, па сутнасці, ніякай каштоўнасці, ніякай юрыдычнай моцы.

Матэрыял вельмі лаканічны. Ад яго не вее духам жыцця, ён кажа пра мае абстрактныя злачынствы.

Вось сутнасць новых абвінавачванняў супроць мяне, што выкладзены ў 1—2 радках кожнага з 4-х дакументаў. У кастрычніку 1936 года б. беларускі фельетаніст Анатоль Вольны, які некалі не даваў мне спакою за Самсона Самасуя, але зусім незнаёмы са мною ў бытавым і грамадскім жыцці, быў арыштаваны і прызнаўся, што ён узначальваў контррэвалюцыйную арганізацыю. Вольны пералічыў членаў гэтай арганізацыі і ў самым хвасце яе прышпіліў прозвішча Шашалевіча.

Зразумела, што падобнае галаслоўнае сцвярджэнне таксама цяжка абвергнуць, як і даказаць, тым больш што ні імя, ні імя па бацьку члена злачыннай арганізацыі Шашалевіча не адзначана. Няўжо гэтым рэестрам членаў хеўры Вольнага мая прыналежнасць да контррэвалюцыйнай арганізацыі даказана? Ніхто ж з членаў арганізацыі, арыштаваных разам з Вольным, не падцвердзіў майго ўдзелу ў арганізацыі. Людзям, якія добра ведаюць літаратурнае жыццё БССР таго часу, павінна быць відочнай недарэчнасць уключэння мяне ў контррэвалюцыйную арганізацыю на чале з Вольным. З «маладнякоўцамі» ў мяне ніколі не было нічога агульнага. Я трымаўся ў баку ад іх, яны не давалі мне спакою, інтрыгамі Вольнага і Дудара я выкраслены быў са спісу грамадска карысных пісьменнікаў. Яны публічна здзекаваліся з рамана. І раптам я апынуўся членам іх хеўры?! Магу спаслацца на цяперашніх пісьменнікаў-ардэнаносцаў у Беларусі — Коласа, Бядулю, Крапіву. Яны цудоўна ведаюць пісьменнікаў БССР і іх узаемаадносіны, трохі ведаюць і мяне. Думаю — яны кампетэнтныя ў гэтым пытанні — наколькі верагодная сувязь між мною і хеўрай Вольнага.

Другое паказанне супроць мяне належыць Казаку, былому старшыні Цэнтр. Бюро Краязнаўства БССР. Я працаваў інструктарам ЦБ Краязнаўства з 1926—1930 г. і, вядома, знаў Казака. Гэта былы сельскі настаўнік, камуніст з 1917 г., вельмі абмежаваны, бяздарны і самазадаволены чалавек. Тыповыя рысы Самасуя (камфанабэрыя, зазнайства, безапеляцыйнасць, самалюбства) спісаны з Казака. У Самасую ўсе пазнавалі Казака і часта смяяліся з яго партрэта. Нават называлі Самасуем, бо роля Старшыні ЦБ Краязнаўства да Казака стасавалася як анекдот.

Гэты Казак у пачатку 1938 г. даў такое паказанне супроць мяне: ён, Казак, уваходзіў у кіраўніцтва Падпольнага Цэнтра, а два інструктары ЦБ Краязнаўства Шашалевіч і Жураўскі даводзілі рашэнні Падпольнага Цэнтра да нізоў. Следства і Маскоўская Спец. нарада не звярнулі ўвагі на мае пярэчанні па сутнасці гэтага паказання, а іменна, што нават па форме гэтае паказанне — не што іншае, як паклёпніцкі штамп, бюракратычная фраза без канкрэтнага зместу, падобная да тых фраз, якія былі высмеяны Вамі ў справаздачных паведамленнях работнікаў з месцаў. Ні слова няма ў паказанні, якія якраз рашэнні Падпольнага Цэнтра даводзіў я да нізоў. Да якіх нізоў? Краязнаўчых жа арганізацый было шмат, чаму ж не адзначана ні адна арганізацыя, якой было даведзена хоць бы адно рашэнне Падпольнага Цэнтра? Сказана чорным па белым, што я даводзіў да нізоў рашэнні Падпольнага Цэнтра — значыць, кончана. Такім жа простым спосабам можна прыпісаць мне любую сатанінскую, пачварную і чалавеканенавісніцкую арганізацыю. І я нічым не магу выкрыць Казака. «Пастанова аб мерах стрымання» адзначае, што ён быў прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання. Мёртвыя сораму не маюць, а калі ён быў жывы і даваў гэтае паказанне, мяне не прыцягнулі да адказнасці — я ж не быў на ўцёках, мяне тэрмінова можна было прыцягнуць. І я лічу, што не прыцягвалі мяне да следства па гэтым паказанні таму, што паказанне ўяўлялася недарэчным, заснаваным на жаданні як мага больш людзей заблытаць у брудную справу.

Калі б следства ў той момант прыдавала якое-небудзь значэнне паказанню Казака супроць мяне, то як усякае следства, пабудаванае на навуковых асновах, яно патрабавала б ад Казака вычарпальнага ілюстрацыйнага матэрыялу, які пацвердзіў бы маю прыналежнасць да злачыннай арганізацыі.

Другі інструктар ЦБ Краязнаўства Жураўскі, на якога Казак таксама паказаў як на правадніка рашэнняў Падпольнага Цэнтра, быў арыштаваны ў пачатку 1938 г. і даў зусім невыразнае паказанне. Ні слова не кажучы пра мой удзел у працы Падпольнага Цэнтра, Жураўскі пацвердзіў сваю прысутнасць на нейкім «зборышчы» ў 1928 г. у сакратара ЦВК. У ліку прысутных на «зборышчы» ён адзначыў і мяне.

Я следству пярэчыў, што паказанне Жураўскага не мае крымінальнай каштоўнасці, што ў ім нічога не сказана пра характар гэтага «зборышча», нічога не адзначана, што рабілася ці казалася на «зборышчы» і якую ролю ва ўсім гэтым ён адводзіць мне. Я падцвердзіў, што ў 1928 г. я сапраўды адзін раз быў на імянінах у сакратара ЦВК. Гэта быў звычайны сямейны вечар, які нічога не меў супольнага з антыдзяржаўным зборышчам. На вечары прысутнічалі Янка Купала, Бядуля, Крапіва, здаецца, Колас і многія іншыя пісьменнікі, якія нічым сябе не заплямілі. Былі нават тосты за ўмацаванне Савецкай улады. Гэта я добра памятаю і ані не магу назваць гэты вечар «зборышчам».

Нарэшце, апошняе паказанне супроць мяне належыць нейкаму Пузянкову, які працаваў у кааператыўнай арганізацыі Краснапольскага раёна БССР, дзе я з 1921 г. па 1926 г. быў настаўнікам у школе ІІ ступені.

Пузянкоў паведаміў, што хоць мала ведаў мяне і «не сутыкаўся» са мною, тым не менш я ў 1923 г. сам прыйшоў да яго і завербаваў яго для шпіёнскай працы на карысць польскай дэфензівы. Я нібыта даручыў яму збіраць звесткі пра колькасць савецкіх устаноў і прадпрыемстваў раёна (тады 2 млыны), пра колькасць школ, настаўнікаў, пра якасць школьнай работы. Пузянкоў адзін раз нібыта нават уручыў мне такія звесткі. У 1924 годзе сувязь між ім і мною парвалася, бо, паводле яго слоў, я невядома куды знік. А ў 1930 г. да яго з’явіўся невядомы суб’ект і прапанаваў зноў збіраць звесткі (ад майго імя), што Пузянкоў і рабіў да 1934 г.

У канцы следства я выказаў абурэнне гэтым вульгарным абвінавачаннем у шпіянажы. Я адзначыў, што Пузянкоў зусім не знае мяне як канкрэтнага чалавека. Паводле яго слоў, я знік з Краснаполля ў 1924 г., а між тым усе старажылы Краснаполля пацвердзяць, што я, вярнуўшыся з Арміі Чырвонай у 1921 годзе, з 1921 па 1926 г. жыў бязвыездна ў Краснаполлі і нікуды не адлучаўся нават у канікулярны час. У 1926 г. я разам з сям’ёй выехаў з Краснаполля. Я адзначаў следству ўсю недарэчнасць зместу шпіёнскай працы, якую навязваў мне Пузянкоў, хадульнасць гісторыі пра з’яўленне таямнічага суб’екта, але мяне выслухалі, і толькі.

Такім чынам, у выніку гэтых паказанняў я асуджаны на 5 гадоў лагераў «за ўдзел у антысавецкай арганізацыі»! За ўдзел у якой іменна антысавецкай арганізацыі? Згодна з паказаннем Вольнага, я належаў да пісьменніцкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, згодна з бюракратычнай рэзалюцыяй Казака — я ўдзельнічаў у працы Падпольнага Цэнтра, згодна са словамі Пузянкова — кіраваў шпіёнскаю арганізацыяй, а паводле слоў Жураўскага — прысутнічаў на нейкім «зборышчы», значыць, належаў яшчэ да новай, мала высветленай контррэвалюцыйнай фармацыі!

Выходзіць як у байцы: наш пострел всюду поспел! А дакладней: совсем без драки попал в большие забияки! І я, заўсёды сціплы, забіты, прыціснуты жыццём і хваробамі чалавек, раптам аказаўся такім буйным зверам! Дзе ж чулае, уважлівае стаўленне да чалавека?

У маім жыцці і працы былі блытаніна і памылкі. Я не лічыў сябе бязгрэшным. Я любіў літаратурную працу, але ж гэтая праца — справа вельмі тонкая, якая вымагае да сябе асцярожнага, уважлівага стаўлення. У гэтым кірунку шмат было зроблена памылак. У час арышту ў Мурманску была затрымана вялікая колькасць маіх літаратурных прац. Іх можна было б дасканала, па костачках, разабраць, каб высветліць маё сапраўднае аблічча. Следства і не заікнулася аб гэтым. Яно абыякава навязвала мне адзначаныя ўяўныя злачынствы і патрабавала аднаго адказу: так ці не, усё іншае лічылася ад нячысціка. Я ў час апошняга следства нават хацеў, каб да мяне былі ўжыты самыя рэпрэсіўныя меры ўздзеяння. Я думаў, што мне ўдалося б пераканаць і даказаць сваю непрыналежнасць да контррэвалюцыйных арганізацый. Я гатовы быў праз слёзы крычаць аб сваёй невінаватасці, клясціся вялікім ценем Леніна і Вашым вялікім імем тым, што, можа, у маіх роспачных словах адчуюць праўду.

Здарылася інакш. Такая жахлівая справа, як удзел у некалькіх контррэвалюцыйных арганізацыях, была вырашана за тры прыёмы, усяго каля 7—8 гадзін.

Прашу Вас звярнуць увагу на маю справу. Для мяне прыгавор гэты цяжкае пакутлівае гора. Я ж ніколі не быў членам якой-небудзь контррэвалюцыйнай арганізацыі ці групоўкі!

 

А.Шашалевіч


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 17-26
Крыніца: скан