epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Гарачыя кропкі часу

Допісы

У Калінінскім павеце
Асвета масаў у Краснапольскім раёне
Краснапольскі раён Калінінскай акругі
Культурны рух у Чэрыкаўскім павеце
Фізкультура ў мястэчку Краснаполлі
Ненармальныя адносіны да справы асветы
Настаўніцтва пакрыўджана
Культурная праца школы сярод жыхарства
Статуя Леніна


 

 

У Калінінскім павеце

 

Чэрыкаў і Клімавічы

 

Агульна кажучы, беларускі культурны нацыянальны рух яшчэ не пашырыўся па Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах. Але куды ні сунешся, усюды чуеш гутаркі аб Беларусі. Нават і сяляне пры ўсялякім выпадку пытаюцца аб далучэнні да Беларусі. Спрэчкі аб Беларусі не спыняюцца, і гэта сведчыць аб тым, што гэта пытанне своечасовае і жыццёвае.

Не гледзячы на ўсё гэта, адміністрацыя ніколькі не ўзварушылася, як быццам нічога і не здарылася вялікага, значнага. Яна толькі пацвярджае факт далучэння, не тлумачачы прычын яго. Яскравым прыкладам гэтай халоднасці з’яўляецца ўжо тое, што хоць паветы далучаны прынцыпова яшчэ тры месяцы таму назад — але і дагэтуль нават у сямігодках не выкладаецца беларуская мова і не рыхтуюцца да яе выкладання. Чакаюць указкі. Дзякуючы ўсяму гэтаму праца па ідэйнаму злучэнню з Меншчынай не вядзецца.

Яно і не дзіўна. Нават і дзяржаўныя ўстановы не ведаюць добра, што робіцца ў цэнтры, не выпісваюць газеты «Савецкая Беларусь» і пакуль што пэўне і не думаюць аб гэтым. Нам вядома, што з аб’яднаных Чэрыкаўскага і Клімавіцкага паветаў, здаецца, толькі два мястэчкі карыстаюцца газетай «Савецкая Беларусь». Гэта Краснаполле і Саматэвічы.

Адносна Краснаполля нам вядома і больш. Тут ёсць сур’ёзная праца па пашырэнню беларускай культуры. Існуюць два гурткі: адзін — вучнёўскі з шасцідзесяці чалавек, другі — настаўніцкі з чатырнаццаці чалавек. Дагэтуль паставілі чатыры спектаклі на беларускай мове.

Вучнёўскі гурток працуе добра — тут вучацца пісаць, чытаць, пець і прымаць удзел у спектаклях. Трэба падкрэсліць яшчэ і тое, што ў Краснапольскай воласці ў сучасны момант тры настаўнікі навукова працуюць над беларускай мовай. Прадпасылкі ў іх ёсць: яны маюць беларускі слоўнік Насовіча, творы Карскага, падручнікі, часопісы і прыгожую літаратуру.

А адзін з іх ад самай восені працаваў над пісаннем новай п’есы на беларускай мове. Цяпер яна закончана і праз месяц будзе ў Краснаполлі пастаўлена. П’еса названа «Як згінула апраметная», у чатырох актах з трыццаццю дзеючымі асобамі. Надоечы ўсё Краснапольскае настаўніцтва на прыватным сходзе слухала гэтую п’есу. Не будучы крытыкам, усё-такі адразу зразумееш, што гэта п’еса ёсць твор рэвалюцыйнай сімволікі і сваёй мэтай мае намаляваць у сімвалічных формах гібель і адраджэнне Беларусі. Па зместу, стылю і чыста магілёўскай народнай мове п’еса вельмі цікавая.

Цяпер тут гавораць яшчэ аб раёнаванні Беларусі і шмат гутарак аб праекце раёнавання, па якім Беларусь дзеліцца на кантоны. Гэта прызнаюць правідловым, лічачы дарэмным існаванне губернскіх цэнтраў.

 

1924

 

 

Асвета масаў у Краснапольскім раёне

Краснапольскі раён абымае самы глухі куток Беларусі. Вялікая адлегласць ад чыгуначных шляхоў, ад акружнога цэнтра, дрэнныя зносіны з ім — усё гэта робіць тое, што раён у большасці выпадкаў адданы самаму сабе. Не наязджаюць сюды культурныя сілы цэнтраў, прадстаўнікі вышэйшай народнай улады, якія часта бываюць у іншых раёнах. Яны абмінаюць Краснапольскі раён, бо гэта вельмі кружна.

Нягледзячы на ўсё пералічанае, у раёне за апошні месяц прароблена вялікая праца па асвеце працоўных масаў, вядзецца перш-наперш інтэнсіўная праца па палітычным выхаванні грамадзянства, асабліва моладзі. Тут існуе партшкола, ці палітычныя курсы, якія мелі працягнуцца два-тры месяцы, але, дзякуючы вялікай прыхільнасці, усё нарастаючай зацікаўленасці, курсы дагэтуль працуюць па тры разы ў тыдзень, і гэткім чынам сапраўды зрабілася партшкола.

Потым вельмі часта адбываюцца раённыя беспартыйныя канферэнцыі сялян і моладзі. На іх першае месца займаюць даклады па сельскай гаспадарцы і падатках. Гэткіх канферэнцыяў за апошнія паўтара месяцы адбылося тры. Асабліва цікавай канферэнцыяй была канферэнцыя ў Дзень ураджаю, на якой быў вялікі даклад агранома. Яго сяляне затармашылі, замардавалі сваімі пытаннямі аб паляпшэнні гаспадаркі. Гэты факт паказвае, што ў раёне вельмі цікавяцца сельскагаспадарчай асветай.

Палітычная асвета вядзецца таксама і ў раённай сямігодцы: тры разы ў тыдзень вячэрнія палітычныя заняткі з дакладамі і чыткай газет.

Ёсць вынікі і па прафесійнай асвеце сяброў розных саюзаў. Кожны тыдзень адзін раз збіраюцца на лекцыі па прафесійнаму і работніцкаму руху. Апрача таго, у кожнага калектыва ёсць свой прафдзень, калі абгаворваюць пытанні свайго цэху. Урэшце, два разы ў месяц адбываюцца агульныя сходы сяброў саюзу. На гэтых сходах калі-нікалі робяць свае даклады райвыканком і кааператыў, што цесна злучае ўладу з масамі.

Вядзецца здавальняючая праца і ў антырэлігійным кірунку. Камсамол пры кожным вялікім свяце, хрысціянскім ці жыдоўскім, наладжвае антырэлігійныя вечарыны, лекцыі, а нядаўна школьны савет сямігодкі і камсамол зрабілі грандыёзны грамадзянска-палітычны суд над пяцідзесяццю дзевяццю вучнямі, якія ў свята «Ём Кіпур» не пайшлі ў школу. Нардом быў бітком набіты, прыйшлі бацькі вучняў. Былі выдзелены лепшыя сілы ў якасці пракурораў і абаронцаў. Антырэлігійная прапаганда на практыцы бачна яшчэ з таго, што ў Краснаполлі ўжо даўно не святкуюць нядзелю, а панядзелак. Нават кааператывы, не ў прыклад іншым мясцовасцям Калінінскай акругі, гандлююць па суботах і нядзелях, і гэта ужо гады тры.

Зроблена, хоць і мала, у распаўсюджанні насценных газет.

Шмат робіцца ў арганізацыі спектакляў. Кіруе гэтай справай артыст-прафесіянал Кешаў. Спектаклі адбываюцца ў Нардоме, які тры гады таму назад зрабілі з сінагогі. Тут ставяцца часта беларускія спектаклі (было шэсць); у апошні час яны нешта заглохлі, бо ўжо ўсе падыходзячыя да мясцовых варункаў п’есы адыграны, а іншых няма. Калі падлічыць па раёне, колькі было беларускіх спектакляў, дык не будзе брахня, калі сказаць, што не менш трыццаці спектакляў. Усе гэтыя «Мікітавы лапці», «Саўкі», «Прымакі» валэндаюцца там у вёсках. У саўгасе таксама нядаўна збудавалі сцэну і ўжо быў беларускі спектакль. Кіруе гэтай справай настаўніца Ліранцэвіч.

Беларусізацыя ўжо не здаецца дзікунствам, і цяпер ужо паўсюды можна бачыць беларускую газету, плакаты. Асобна ў гэтым кірунку працуе настаўніцтва, якое павяло з новага году грунтоўную перападрыхтоўку. Адзін раз у тыдзень адбываюцца вечарам заняткі па чатыры гадзіны. Апрацаваны план працы да студзеня, пасля якога намечаны даклады для кожнага настаўніка, і ён павінен рабіць яго абавязкова па-беларуску — даклады па гісторыі, літаратуры, педагогіцы, сацыялістычным руху.

 

1924

 

Краснапольскі раён Калінінскай акругі

Сабралася на канферэнцыю да сямідзесяці настаўнікаў, прыйшло гасцей шмат.

Пытанняў было багата: аб працы настаўніка ў культурна-асветных установах партыі і ўлады, аб працы яго сярод жанчын, аб газеце ў школе, аб комплекснай сістэме выкладання, аб нацыянальнай палітыцы партыі, аб беларусізацыі і гэтак далей.

Трэба было паслухаць, як абгаварваліся гэтыя пытанні, каб усім ворагам савецкай улады і партыі пераканацца, што савецкая ўлада канчаткова перацягнула на свой бок настаўніцтва, што апошняе і цяпер не мысліць сваёй працы без сувязі, цеснай сувязі з партыяй і камсамолам.

Вельмі моцнае ўражанне на настаўнікаў зрабіла прыехаўшая з акружнага жанаддзела т. Пуставалава. Яна нарысавала жудасны малюнак жыцця беларускай жанчыны, яе безвыходнае гора, тугу, бяздолле, тумакі, якія яна атрымлівае ад свайго мужыка, яе маўклівыя, нікому не вядомыя слёзы за печкай, яе вечнае прадзева, яе радзільныя мукі сярод шаптух і гэтак далей.

Калі казала яна аб гэтым, кожны зразумеў, у чым сутнасць працы настаўніцтва сярод бяздольных беларускіх жанчын. І сорамна рабілася, што часамі і не думаў аб гэтым.

Цікава абгаварвалася пытанне аб нацыянальнай палітыцы партыі і аб беларусізацыі.

І ў гэтым пытанні т. Пуставалава накіравала думку настаўнікаў на самы правідловы карацейшы шлях да правядзення беларусізацыі. Па яе прапанове была прынята рэзалюцыя, у якой настаўнікам, ведаючым беларускую мову, прапануецца ў выступах трымацца беларускай мовы. Усім астатнім прапануецца сарганізавацца ў гурткі і паміж сабой, як мага часцей, гутарыць па-беларуску і гэтак далей.

 

1924

 

Культурны рух у Чэрыкаўскім павеце

 

Мястэчка Краснаполле Чэрыкаўскага (Калінінскага) павета да апошняга часу не было зачэплена ўплывам беларусізацыі. Але ўсё ж такі тут былі сябры, якія шчыра цікавіліся пытаннем аб адраджэнні Беларусі і наогул усёй беларускай культурай. Увосень 1923 года ў мясцовую школу другой ступені папала газета «Савецкая Беларусь» і зрабіла дужа моцнае ўражанне сярод настаўніцтва. Стварылася ініцыятыўная група сярод іх, і гэтая група парашыла пашырыць беларускі рух паміж сялянствам. Перш-наперш склаўся невялічкі (каля чатырнаццаці чалавек) гурток, які паставіў сваёй мэтай зацікавіць мясцовую моладзь у гэтым пытанні. Васемнаццатага лістапада мінулага года ўжо былі вынікі працы гуртка. У гэты дзень гурток паставіў у Нардоме «Паўлінку». Трэба было бачыць, як цікава, з шырока адчыненымі вачмі, глядзелі гэту п’есу грамадзяне. П’еса была дужа добра апрацавана, знайшлі нават старадаўнія вопраткі, галаўныя ўборы і гэтак далей, размалявалі новыя дэкарацыі (тут вялізарны, зусім падобны да гарадскога тэатр) — усё гэта, але галоўным чынам жывая беспасрэдная ігра дзеючых асоб, захоплівала гледача. Ува ўсіх вочы разбягаліся, калі сталі на сцэне спяваць і скакаць — гэты жывы малюнак прабудзіў жывое пачуццё свайго роднага, прыгожага. Пасля спектакля гутаркі аб ім не спыняліся.

П’еса была пастаўлена ў другі раз на з’ездзе саветаў воласці і дужа спадабалася сялянам.

Дзякуючы гэтаму поспеху праца сярод гуртка пашырылася. Цяпер гатовы к пастаноўцы: «Модны шляхцюк», «Прымакі», «Саўка», «Па рэвізіі» і інш. Толькі з прычыны адсутнасці апалу ў тэатры немагчыма іх ставіць. Гурток чакае адлігі.

Сярод вучняў школкі таксама кіпіць праца: вечары з дэкламацыяй беларускіх вершаў, чытанне твораў і гэтак далей. Праца ўсё шырыцца. Шмат дапамагае ў працы загадчык Беларускага бюро пры Гомельскай губерні т. Шчарбінскі, які прыслаў, якую мог, літаратуру.

Цяпер пачынаюць арганізоўвацца сярод вучняў (а і іх шмат — каля двухсот пяцідзесяці) беларускія гурткі — драматычны, харавы, літаратурны. Дагэтуль жа працавалі толькі расейскія гурткі.

 

1924

 

 

Фізкультура ў мястэчку Краснаполлі

 

 

Калінінскі павет Гомельскай губерні

 

У мястэчку Краснаполле ў сучасны момант існуе гурток фізкультуры. Ён складаецца з вучняў першай і другой ступеняў, камсамольцаў. Лічыцца ў гуртку каля сарака пяці чалавек. Кіраўніком гуртка з’яўляецца сакратар ячэйкі камсамола с.* Донін. Цяпер праца вядзецца, галоўным чынам, у напрамку сакольскай гімнастыкі. Пашырыць працу ў іншых напрамках да вясны немагчыма. Прылады да гімнастыкі тут ёсць.

23 лютага быў вечар у школе другой ступені, і на гэтым вечары адбылося першае выступленне гуртка, якое зрабіла добрае ўражанне на ўсіх. Цікава і радасна было бачыць, як дысцыплінавана дзяўчынкі і хлопчыкі выраблялі элементарныя прыёмы сакольскай гімнастыкі. Гімнастыка выканана была пад бравурныя гукі раяля. Усё гэта атрымала буру воплескаў. На гэтым жа вечары было выканана восем нумароў беларускіх песень, што таксама ўсім спадабалася.

 

1924

 

 

* Праўдападобна — саколец (рэд.).

Ненармальныя адносіны да справы асветы

 

Мястэчка Краснаполле Калінінскага павета

 

Ужо з 1918 года тут існуе школа другой ступені. Яна ўжо выпусціла чатыры кадры вучняў, не менш ста пяцідзесяці чалавек, а цяпер над ёй раптам стрэслася бяда. Прыкрываючыся тым, што тут павінна быць сямігодка, валасны Выканаўчы камітэт знайшоў, што школа можа абысціся без двух будынкаў і надворных пуняў. Вось і прыйшоў загад у двухдзённы тэрмін ачысціць школьныя будынкі, каб даць месца Валвыканкому, які павінен быць рэарганізаваны ў райвыканком.

Па нашаму погляду, калі для другой ступені нельга абысціся без гэтага, дык для сямігодкі тым болей, бо для першай трэба пяць класаў, для апошняй сем-восем. Апрача таго, у голых, дрэнна абсталяваных класах былога гарадскога вучылішча нямысліма весці ніякай клубнай працы, ніякіх чытак, ніякіх гуртковых заняткаў.

ПАНА* таксама пратэстуе: ёсць і пастанова, але Валвыканком, не чакаючы адказу з Менску, выганяе школу й настаўнікаў і дамагаецца паставіць уладу прад фактам гвалтоўнага высялення школ з займаемых памяшканняў і вадварэння туды Валвыканкома.

Вось якія адносіны да асветы: не абмазгаваўшы, не даследаваўшы, не абгаварыўшы пытання з усіх бакоў, без усякай камісіі — гвалтоўна разбурваць школу.

Звярнеце, ад каго належыць, увагу, бо сістэматычныя прыдзіркі да школы й школьных працаўнікоў яшчэ маюць месца.

 

1924

 

* Павятовы аддзел народнай асветы (рэд.).

Настаўніцтва пакрыўджана

 

Мястэчка Краснаполле Калінінскага павета

Усюды выконваюць дэкрэты, па якіх настаўніцтва ў другую чаргу павінна быць здолена лугам. Але ў Краснаполлі на гэта не звяртаюць увагі. Як паехаў у водпуск старшыня выканкома, дык настаўніцтва, нягледзячы на доўгія клопаты і загады з павета, дагэтуль не надзелена лугам. Такіх настаўнікаў пятнаццаць чалавек. Бліжэйшыя лугі раздалі каму трэба і каму не трэба. А настаўнікаў, каб адкараскацца ад іх, паслалі за сорак вёрст, ды яшчэ далі луг, які заарандаваны сялянамі яшчэ з мінулага года. Зразумела, што сяляне гэту сенажаць скасілі. Настаўнікі толькі страціліся, ездзіўшы туды, бо ні ў воднага з іх няма каня. Мясцком адбіў ногі, валэндаючыся да выканкома. А цяпер кажуць: самі віноўны, трэба было хутчэй касіць (сялянскі луг!). Ды яшчэ супакойваюць: «Пачакайце, мы разбярэм гэту справу. У нас яшчэ ёсць фонд там жа, за сорак вёрст, і калі ў гэтым вы не выйгралі, дык у другім пэўне выйграеце». Вось так забаўляюць.

 

1924

 

Культурная праца школы сярод жыхарства

 

Калінінскі павет

 

12 чэрвеня ў Краснапольскай школе другой ступені адчынілася школьная выстаўка, якая працягвалася аж да 15 чэрвеня і была святам не толькі для вучняў, але і для ўсяго мясцовага і вакольнага жыхарства. У працягу чатырох дзён дзверы выстаўкі не зачыняліся, зацікаўленыя грамадзяне тоўпіліся ў памяшканнях школы ад рання да позняй ночы. Выстаўка яскрава паказала вынікі школьнай працы як у чыста вучэбных адносінах, гэтаксама і ў адносінах школы да жыхарства.

Выстаўка была выканана па-мастацку. Вялікая зала і кабінет былі адведзены для экспанатаў, другая зала для рэфератаў, дакладаў, хору, дэкламацый. Даволі багатыя калекцыі па батаніцы і заалогіі былі зроблены вучнямі. Прыемна было бачыць, з якою любасцю і зграбнасцю зроблены былі экспанаты.

Мастацкі аддзел таксама звяртае на сябе ўвагу: шмат вучняў далі на выстаўку скульптурныя і малюнкавыя экспанаты, напрыклад, ёсць партрэты і скульптура Леніна, Маркса і іншых правадыроў рэвалюцыі.

Ёсць і статыстычны аддзел, які ў лічбах ілюстрыруе вучэбную і эканамічную старонкі школьнага жыцця: тут дыяграмы нацыянальнага складу вучняў, судзімасці, культпрацы і гэтак далей.

Шмат іншых было аддзелаў на выстаўцы, але найбольш цікавым і паказальным быў аддзел мясцовага жыцця. Асобна цікавіў экспанат, зроблены вучнямі восьмай групы. Ён прадстаўляў усю сялібу беларуса Чэрыкаўскага павета з калодзезем каля хаты, з мужыком і бабай на вуліцы. Потым, к гэтаму ж аддзелу адносіцца вучнёўскі часопіс, ахвераваны выстаўцы; у гэтым часопісе большую частку зместу складаюць матэрыялы па краязнаўству: тут ёсць запіс найбольш характэрных для воласці беларускіх песень (каля дваццаці пяці), казак, частушак, і ўсё гэта ілюстравана малюнкамі ў чыста беларускім стылі.

Вечарамі ўсе дні выстаўкі былі даклады, рэфераты, і трэба адмеціць значныя заваёвы ў гэтай галіне.

Пасля рэфератаў звычайна выступаў беларускі хор вучняў. Хор цяпер ужо мае рэпертуар у сорак песень.

Закончыўся вучэбны год і выстаўка пастаноўкай беларускага спектаклю. Ставілі «Маньку»; яна была выканана выключна вучнямі выпускной групы.

 

1924

 

Статуя Леніна

 

м. Краснаполле, Калінінскі павет

 

Грамадская думка мястэчка Краснаполле ў сучасны момант захоплена Леніным як вучоным і чалавекам. З настаўнікаў сваёй прыхільнасцю да ленінізму як жыццёвай дактрыны асобна выдзеліўся настаўнік Грубэ. Ён па адукацыі скульптар і займае месца выкладчыка мастацтваў ІІ ступені. Калі ў Краснаполлі здарыўся бандыцкі налёт, т. Грубэ ледзьве не забілі, ды кончылі тым, што падпалілі яго кватэру, дзе згарэла каля 200 штук вялізных і малых малюнкаў статуй.

Цяпер т. Грубэ не абмяжоўваецца школьнай працай, а вядзе шырокую грамадзянскую працу ў духу ленінізму. Так, дзякуючы яму ўсе мясцовыя клубы, хата-чытальня, тэатр, кааператыў мастацкі абстаўлены. Нардом са сваім тэатрам ёсць у поўнай меры праца яго рук. Ва ўсім павеце няма такога пекнага тэатру, з такімі размаітымі дэкарацыямі, як у Краснаполлі, — і гэта ўсё зрабіў т. Грубэ. У клубах ёсць ленінскія гурткі, вялізныя партрэты і статуі Леніна і Маркса, ды агульна сказаць, — куды ні пасунешся, у якую толькі ўстанову ні зойдзеш у Краснаполлі — усюды бачыш, якім чынам мастацтва дапамагае працоўнаму люду ў яго барацьбе з цемрай.

Т. Грубэ так моцна захапіўся ленінізмам і асобай Леніна, што на працягу апошніх месяцаў працаваў над каласальнай статуяй Леніна. Цяпер яна закончана. Мы пасылаем у рэдакцыю тры фатаграфічныя здымкі статуі ў поўным выглядзе, en face і профіль галавы.

Назоў статуі «Ленін на трыбуне».

Мы павінны напісаць аб гэтым, бо мыслім, што праца т. Грубэ павінна звярнуць на сябе ўвагу вышэйшых устаноў. Мы ўпэўнены, што ў Беларусі такія карысныя, натхнёныя людзі ў галіне мастацтва павінны мець падтрыманне.

У звязку з дэкрэтам аб ленінскіх статуях і партрэтах (аб гэтым надрукавана ў газеце «Савецкая Беларусь») усе работы Грубэ ў гэтай галіне павінны прайсці санкцыю. Мы пасылаем здымкі ў рэдакцыю з шчырай просьбай, ці не зможа паважаная рэдакцыя даць якую-небудзь параду, куды звярнуцца за санкцыяй, бо тут ніхто аб гэтым не ведае, а ехаць у Менск за гэтым нельга, тым болей што статуя мае вагі каля 12 пудоў і зроблена з белай гліны.

 

1924


1924?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 124-134
Крыніца: скан