epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

І вечная табе любоў, мой родны край

Краязнаўчыя матэрыялы

Краязнаўчая праца ў раёне
  І. Арганізацыйная праца раённага таварыства краязнаўства
  ІІ. Папулярызацыйная праца раённага таварыства
  ІІІ. Даследчая праца таварыства
Праца таварыства краязнаўства пры Беларускім Дзяржаўным універсітэце ў 1927-1928 годзе
  Першы год арганізаванай працы таварыства
Полацкая акруга
  І. Вульскае раённае таварыства краязнаўства
  ІІ. Ушацкае раённае таварыства
  ІІІ. Лепельскае раённае таварыства
  IV. Полацкае акруговае таварыства краязнаўства
Першая Усебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і зарысовак
Бібліяграфія


 

Краязнаўчая праца ў раёне

На працягу апошніх год ЦБК* мела магчымасць улічыць калектыўны вопыт працы нашых раённых таварыстваў краязнаўства і на падставе вынікаў гэтай працы вызначыць формы і змест краязнаўчай працы ў тым ці іншым раёне. Зразумела, што яшчэ няма ніводнага раённага таварыства краязнаўства, якое ў сваёй працы ва ўсіх напрамках з’яўлялася б узорным. Прычыны гэтага для нас зразумелы: няпоўнае афармленне нашага краязнаўчага руху, слабая падрыхтаванасць нашага масавага краязнаўцы, адсутнасць мінімальнай зацікаўленасці з боку грамадзянства і ўстаноў да гэтай працы, перагружанасць краязнаўцаў іншай грамадскай працай і г. д. Але ў працы паасобных раённых таварыстваў краязнаўства за гэты перыяд выявілася шмат характэрных, карысных, цікавых рысаў, якія далі магчымасць ЦБК аб’яднаць гэты калектыўны вопыт і зрабіць вывады як у арганізацыйным напрамку, так і ў напрамку метадычным і даследчым. У гэтым артыкуле мы хочам паказаць тыя шляхі, якімі развіваецца краязнаўчая праца ў раёне.

 

* Цэнтральнае бюро краязнаўства (рэд. ).

І. Арганізацыйная праца раённага таварыства краязнаўства

Раённае таварыства краязнаўства такая арганізацыя, якая прэтэндуе і павінна прэтэндаваць на планаванне ўсяе краязнаўчае працы ў раёне. Каб гэта планаванне ішло правільным шляхам, каб не было тыповых для нашых умоў «заняпадаў» краязнаўчай працы, неабходна раённаму таварыству ў першую чаргу правесці дасканалы падлік як паасобных краязнаўцаў і культурнікаў, якія могуць прынесці карысць для вывучэння раёну, так і тых гурткоў, дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якія па сутнасці вядуць краязнаўчую працу ці краязнаўчыя доследы. Напрыклад, у розных мясцох раёну існуюць сельскагаспадарчыя гурткі, аб’яднанні паляўнічых, саматужнікаў, розныя стацыянарныя ўстановы ўсіх тыпаў. Усё гэта неабходна ўцягнуць у кола краязнаўчай дзейнасці таварыства, скарыстаць вынікі іх працы, атрымоўваць ад іх матэрыялы, даручаць ім свае заданні.

З другога боку, каб правільна і з поспехам распачаць калектыўнае вывучэнне свайго раёну, неабходна бывае засноўваць самую шчыльную прыяцельскую сувязь з усімі савецкімі, партыйнымі і прафсаюзнымі арганізацыямі, якія існуюць у раёне. Практыка паказвае, што ў тых раённых таварыствах, дзе на чале арганізацыі і ў праўленні таварыства стаяць асобы, якія маюць аўтарытэт у вачах партыйных і савецкіх устаноў раёну, дзе гэтая сувязь таварыства з імі самая шчыльная і сяброўская, там таварыства дабіваецца значных вынікаў у сваёй працы. Там сувязь выяўляецца з боку таварыства ў планавай інфармацыі гэтых устаноў і арганізацый аб мэтах, змесце і выніках краязнаўчай працы ў раёне, з боку ўстаноў — у фактычным удзеле ў краязнаўчай працы кіраўнікоў гэтых устаноў і арганізацый — аграномаў, кааператараў, ляснічых, паляўнічых, загадчыкаў хат-чытальняў, дактароў і, што не меней важна для развіцця краязнаўчай працы, — у падтрыманні таварыстваў матэрыяльнымі сродкамі. Прывядзем некаторыя цікавыя і паказальныя для нас прыклады. Лепельскае раённае таварыства ў мінулым годзе было ўзорным у гэтым напрамку. Дзякуючы падтрыманню з боку ўстаноў і арганізацый, раённае таварыства на працягу двох год зрабілася даведачна-навуковым бюро ў раёне. Часта весткі па розных галінах жыцця раёну можна знайсці толькі ў раённым таварыстве. Тут, дзякуючы шчыльнай сувязі праўлення таварыства з раённымі ўстановамі, паступова канцэнтраваўся ілюстрацыйны, статыстычны, экспазіцыйны матэрыял з жыцця Лепельскага раёну. РВК даў таварыству свае справаздачы за апошнія гады, акты аглядаў сельсаветаў; міліцыя і суд далі статыстычныя лічбы аб правапарушэннях і злачыннасці, дзяржспірт даў матэрыялы аб алкагалізме ў раёне, аграном даў апісанне свайго аграўчастку і г. д. У выніку такой арганізацыйнай чыннасці таварыства РВК даваў і грашовую дапамогу таварыству ў размеры да 100 руб. у год. Грошы вызначаліся як на бягучую краязнаўчую працу ў раёне, так і на абсталяванне краязнаўчага музею і наладжванне краязнаўчай выстаўкі. Аб гэтым мы яшчэ будзем гаварыць. Цяпер толькі важна падкрэсліць, што правільная арганізацыйная сувязь раённага таварыства з мясцовымі ўстановамі і арганізацыямі дае магчымасць знайсці і тыя матэрыяльныя крыніцы, якія канешне неабходны для развіцця краязнаўчай працы ў раёне. Для акруговых таварыстваў краязнаўства пытанне аб матэрыяльных сродках больш-менш вырашана, на чарзе вырашэнне гэтага пытання і для раённых таварыстваў краязнаўства. Але неабходна, каб самі раённыя таварыствы мелі сталую, самую цесную сувязь з раённымі ўстановамі, каб яны на пасяджэннях прэзідыуму РВК, райкомаў, на прафсаюзных сходах знаёмілі ўстановы і арганізацыі з сваімі планамі, зместам і формамі працы і дабіваліся канкрэтных спосабаў падтрымання з боку арганізацый. Без гэтай умовы немагчыма матэрыяльная дапамога краязнаўчым арганізацыям. А практыка паказвае, што савецкія, партыйныя, грамадскія арганізацыі маюць магчымасць дапамагчы таварыствам. Большасць таварыстваў нават не дагадваецца зрабіць неабходныя захады перад РВК, перад культаддзелам, перад кааперацыйнымі ўстановамі аб матэрыяльнай і арганізацыйнай дапамозе таварыствам.

Гаворачы аб уцягненні ў краязнаўчую працу раённага таварыства розных устаноў і арганізацый, неабходна адно з першых месц сярод гэтых арганізацый аддаць камсамольскім і піянерскім арганізацыям, затым хатам-чытальням, нардамом і школам. Час ужо на гэта звярнуць самую пільную ўвагу. Між тым толькі некаторыя нашы раённыя таварыствы практычна праводзяць такую працу. Так, Талачынскае раённае таварыства ў 1927 г. мела на раёне 4 такія гурткі, якія пераважна складаліся з камсамольцаў. Старшыня таварыства (жанчына!) некалькі разоў наведваў гэтыя гурткі, рабіў там даклады, даваў інструкцыі — і вынікі гэтага: гурткі далі хоць і слабыя, але цікавыя апісанні эканамічнага стану некаторых сельсаветаў і вёсак. У Асіповічах існавала звяно «Краявед», якое сабрала некаторыя весткі, выкарыстаныя ў 2 частцы выдання «Асіпавіцкі раён». У Воршы піянеры прымалі актыўны ўдзел у археалагічных і гістарычных доследах Аршанскага Акруговага Таварыства. Мы маглі б прывесці безліч такіх прыкладаў.

Што датычыцца хаты-чытальні, дык, на вялікі жаль, нашым раённым таварыствам не ўдаецца звязацца з ёю і выкарыстаць яе ў краязнаўчым напрамку. Па ўсёй Беларусі мы маем толькі адзін факт існавання краязнаўчага гуртка пры хаце-чытальні. А між тым хата-чытальня — цэнтр культурнага жыцця сялян, месца, дзе можна весці летапіс бягучага жыцця, месца, якое замяняе селяніну школу, клуб, тэатр, музей, месца, дзе шмат ведаў можна ўзяць аб мясцовым краі. Хата-чытальня — мост, дзе савецкія культурнікі спатыкаюцца з сялянствам. Тут перыядычна ўсе працуюць: настаўнікі, клубныя працаўнікі, аграномы, кааператары, партыйцы, камсамольцы, жанаарганізатар, вучні сямігодак. Усе гэтыя працаўнікі — ядро, вакол якога раённае таварыства можа наладзіць краязнаўчую працу, уцягнуць у яе сялянства, вырасціць з шэрагаў яго кадраў свядомых краязнаўцаў.

Аналагічную ўвязку раённае таварыства павінна мець і з нардомам.

Што датычыцца краязнаўчай працы школ, дык тут раённае таварыства павінна правесці вялікую арганізацыйную працу. Нельга ні адну школу-сямігодку заставіць без краязнаўчага гуртка, але неабходна, каб гэтыя гурткі існавалі не на паперы, а сістэматычна, рэгулярна працавалі і ў сваёй чыннасці давалі матэрыялы для краязнаўчай працы таварыства. Для гэтага неабходна, каб вучнёўскі краязнаўчы гурток працаваў па плану таварыства, ад яго атрымоўваў інструкцыі, цікавіўся агульнай працай таварыства, дапамагаў яму ў штодзённай працы і сам ад таварыства атрымоўваў дапамогу. Кіраўнік школьнага гуртка павінен вылучацца райтвам* і быць найбольш актыўным сябрам таварыства, які выконвае важную задачу таварыства — падрыхтоўванне кадраў маладых краязнаўцаў-культурнікаў.

На жаль, у нас вельмі мала краязнаўчых гурткоў пры сямігодках, якія вялі б планавую працу, якія апраўдвалі б свой raizon d’etre. Большасць іх абмяжоўваюцца выпадковымі заданнямі — сабраць фальклор ці словы для раённага Слоўніка. Сабрана ўсё гэта, некуды паслана, нават не прагледжана, не апрацавана, нават не прыведзена ў «чалавечы» выгляд. На гэтым краязнаўчая праца спыняецца. На другі год зноў паўтараецца казка пра белага бычка. Вучні пачынаюць губляць зацікаўленасць да гэтага, і такім чынам краязнаўчая дзейнасць моладзі рашуча і назаўсёды спынена ці падарвана. А між тым нават у гэтыя заданні таварыства можа ўнесці планавасць, каляндарнасць, сістэматычнасць, можна наладзіць вакол сабраных матэрыялаў жывую гутарковую працу, надоўга прабудзіць у вучняў зацікаўленасць да гэтага віду краязнаўчай працы. Як прыклад прывядзем гурток пры Аршанскім рабфаку, які ў 27—28 годзе між іншым збіраў і фальклорны матэрыял. На занятках гуртка сябры яго рабілі даклады. Так адна студэнтка сабрала ў сваёй вёсцы вялікі фальклорны матэрыял і давала аб гэтым свае меркаванні і думкі. Так моладзь прывучаецца да самастойнай даследчай працы, і правільныя арганізацыйныя захады з боку краязнаўчых арганізацый забяспечваюць магчымасць гэтага.

Другі прыклад: гурток пры Лепельскай сямігодцы займаўся вывучэннем прыроды гораду. Таварыства дало правільны кірунак працы гуртку, і апошні вельмі добра працаваў. На выстаўцы была экспанавана фаўна Лепельскага возера. У збіранні экспанатаў для гэтага прыняў удзел увесь гурток.

У сваёй арганізацыйнай чыннасці раённае таварыства краязнаўства павінна звярнуць пільную ўвагу і на студэнцтва, якое перыядычна наязджае ці жыве ў раёне. Як паказвае вопыт краязнаўчай працы студэнцтва нашага БДзУ, роля студэнцтва ў краязнаўчым руху БССР вельмі адказная і вялікая. Раённае таварыства павінна не толькі падлічыць студэнцкія сілы ў раёне, але і шчыльна звязана з імі, даручыць ім у часе вучобы ў горадзе складаць бібліяграфію раёна ці мястэчка, прапанаваць ім браць тэмы для універсітэцкіх прац, звязаныя з раёнам. І гэта прынясе вялікую карысць як раённым таварыствам, так і самім студэнтам, бо замест таго, каб калупацца ў агульных пытаннях гісторыі ці мовы і другіх навук, студэнты будуць вывучаць гісторыю свайго гораду, мястэчка ці раёну, эканоміку іх, будуць вывучаць мастацтва, літаратуру іх і г. д.

Далейшае пашырэнне краязнаўчай працы ў раёне патрабуе арганізацыі краязнаўчых ячэек у розных пунктах раёна. Прымаючы пад увагу, што склад нашых краязнаўчых арганізацый на 70 % запаўняецца настаўнікамі, асветнікамі, і эканомячы культурныя сілы, трэба гэтыя краязнаўчыя ячэйкі засноўваць там, дзе можна разлічаць на ўдзел у іх настаўнікаў, дзе настаўніцкія гурткі разам з педагагічнымі пытаннямі будуць ставіць і пытанні краязнаўства. Сувязь раённага таварыства з гэтымі гурткамі павінна быць самая шчыльная, жывая, рэгулярная, і, каб наладзіць яе, раённаму таварыству ў першую чаргу прыйдзецца заснаваць сувязь з мясцкомам працасветы, пераканаць апошні ў грамадска-карыснай працы краязнаўчых арганізацый і ў неабходнасці гэтую працу залічваць як грамадскую і вызваляць асоб, якія вядуць яе, ад іншай працы, даручаецца ў парадку грамадскасці.

Каб раённае таварыства было арганізацыйна моцным, каб яно заўсёды мела аўтарытэт і дапамогу, неабходна яму заўсёды быць звязаным з акруговым таварыствам і ЦБК. Акруговае таварыства часта мае сродкі, літаратуру, спецыялістаў і так-сяк іншы раз можа дапамагчы раённаму таварыству краязнаўства. Такую дапамогу некаторыя раённыя таварыствы атрымоўвалі ад Аршанскага акруговага таварыства, ад Менскага, ад былога Калінінскага, у апошні момант ад Гомельскага. Мы ўжо не гаворым аб тым, што кожнае акруговае таварыства мае свой выдавецкі план і рэалізаваць яго з поспехам можа і праз раённыя таварыствы. Як мінімум такой сувязі мы прапанавалі б кожнаму раённаму таварыству два разы ў год даваць акруговаму таварыству інфармацыю аб сваёй чыннасці і адзін раз у год паведамляць аб гэтым і ЦБК.

Урэшце, уся праца таварыства толькі тады будзе ісці правільным шляхам, калі ўвесь час раённае таварыства краязнаўства будзе праводзіць такую неабходную працу арганізацыйнага характару, як падлік усёй краязнаўчай працы. Мы гаворым не толькі аб усім вядомых формах падліку, як вядзенне розных пратаколаў, азначэнне ў плане выкананай працы, розныя справаздачы на сходах і канферэнцыях. Мы гаворым яшчэ і аб неабходнасці ўлічваць усё, што зроблена і кім зроблена па вывучэнні данага раёну. Як прыкладную працу ў гэтым напрамку, пакажам на Чэрвеньскае, Лепельскае і Брагінскае таварыства. У першага кожны крок таварыства, кожны матэрыял, які пападае ў таварыства, старанна занатоўваецца, вядзецца свайго роду краязнаўчы дзённік, па якім, як па люстэрку, вы можаце бачыць стан краязнаўчай працы ў раёне. У Лепельскага таварыства, у яго музеі, заведзена кніжка «Лепельшчына» і «Кніжка прапаноў», куды заносіцца ўсё, што даведаліся пра Лепельшчыну, усе падзеі, усе цікавыя думкі, якія з’явіліся ў людзей адносна вывучэння ці паляпшэння жыцця свайго краю.

 

* Раённым таварыствам (рэд.).

ІІ. Папулярызацыйная праца раённага таварыства

Нельга сказаць, што нашы раённыя таварыствы краязнаўства не вядуць папулярызацыйнай працы. Зусім наадварот. За апошнія два-тры гады рэдка адбываецца якая-небудзь настаўніцкая канферэнцыя, каб на ёй, няхай сабе ў бягучых справах, не паставілі даклад аб краязнаўстве. Між тым «воз и ныне там». А часта мы дабіваемся гэтым і зусім адваротных вынікаў: не толькі не выклікаем зацікаўленасці да краязнаўчай працы, але знішчаем і рэшткі тае, якая была. У чым тут прычына? У тым, што час голых слоў даўно прайшоў, аднымі словамі нікога не праймеш, і папулярызацыю краязнаўчых прац трэба праводзіць іншымі шляхамі: менш слоў і больш сапраўднай краязнаўчай працы.

Мы пакажам некаторыя метады гэтай папулярызацыі. Таварыства канешне не можа абысціся без папулярызацыйных дакладаў, якія мелі б мэту ўцягнуць у краязнаўчую працу працоўнае насяленне, але гэтыя даклады павінны быць наскрозь прасякнуты мясцовымі інтарэсамі. Калі гэта будзе справаздача раённага таварыства, трэба паказаць канкрэтна, што зроблена таварыствам, хто зрабіў, як зрабіў; калі гэта будзе план працы таварыства, — трэба паказаць, кім гэты план будзе выкананы, у які тэрмін, як гэты матэрыял будзе рэалізаваны і г. д. Калі гэта будуць даклады на мясцовыя тэмы, трэба найбольшы лік людзей запрасіць на гэтыя даклады. Трэба сказаць, што даклады на мясцовыя тэмы ў недалёкім будучым павінны заняць першае месца ў культурпрацы на раёне. Трэба, каб краязнаўчыя арганізацыі хоць мінімум зрабілі ў гэтым напрамку, бо асноўная задача таварыстваў — не толькі вывучаць, даследаваць свой край, але прапагандаваць веды аб гэтым, пашыраць іх сярод насялення. Хто і якія даклады на мясцовыя тэмы можа прачытаць па даручэнні раённага таварыства? Бярэм такія тэмы, якія ў першую чаргу будуць характарызаваць жыццё раёну. Напрыклад, доктар па просьбе таварыства можа зачытаць даклад аб санітарным стане мястэчка ці якой-небудзь вёскі раёну, аграном аб выніках сельскагаспадарчай выстаўкі ці аб стане калектывізацыі ў раёне, кааператары — аб стане сельскагаспадарчай і спажывецкай кааперацыі, аб цэнах на прадукты, нарсуддзя — аб злачынстве ў раёне і г. д. Важна ўсяму гэтаму даць мясцовую, краязнаўчую афарбоўку, каб лічбы загаварылі, каб чыста мясцовыя патрэбы і праекты былі высунуты на першы план.

Вось яшчэ другія цікавыя мясцовыя тэмы папулярызацыйных дакладаў: 1. Саматужніцтва ў раёне. 2. Гісторыя мястэчка ці вёскі. 3. Фальклор, народная музыка і скокі ў раёне. 4. Народнае мастацтва ў раёне і г. д.

Другім спосабам папулярызаваць краязнаўчую працу ёсць рэалізацыя здабытых краязнаўцамі матэрыялаў альбо ў мясцовым рукапісным, шклапісным часопісе, альбо ў акруговым і цэнтральным друку. Сярод нашых краязнаўчых арганізацый на Беларусі можна налічыць троху больш дзесятка такіх, якія выдавалі ці выдаюць свае краязнаўчыя рукапісныя ці шклапісныя зборнічкі. У Барысаўскім таварыстве выдаецца зборнік «Наш раён» у 50 экз. і распаўсюджваецца сярод настаўнікаў. На выданне яго РВК нават вызначаў сродкі. Барысаўскі часопіс галоўным чынам аддае ўвагу вывучэнню эканомікі раёну. Іншыя часопісы (смілавіцкі) змяшчаюць апрацаваныя матэрыялы па фальклоры раёну, краязнаўчыя зарысоўкі з жыцця раёну, апісанні вёсак, сельсаветаў. Усё гэта мае вялікае значэнне для папулярызацыі ідэй краязнаўства. Зразумела, што яшчэ большае значэнне мае змяшчэнне такіх мясцовых прац у акруговым ці цэнтральным друку. ЦБК на працягу апошніх двох год мае некаторыя дасягненні ў гэтым напрамку. Так нядаўна слуцкая арганізацыя спраўляла 5-гадовы юбілей свайго існавання, і цэнтральныя газеты «Савецкая Беларусь» і «Звязда» значнае месца на сваіх старонках аддалі краязнаўчай працы слуцкіх даследчыкаў. Ці трэба падкрэсліваць, якое моцнае ўражанне зрабіла гэта на слуцкіх працаўнікоў, як узняло іх зацікаўленасць краязнаўчай працай, як падняло аўтарытэт слуцкіх краязнаўцаў сярод савецкіх і прафсаюзных арганізацый. Пабачыўшы вынікі іх працы і спачуванне гэтаму з боку цэнтральнага друку, мясцовыя партыйныя і савецкія працаўнікі, зразумела, яшчэ большую дапамогу будуць рабіць такому актыўнаму таварыству, якім ёсць слуцкае таварыства. Прыклад слуцкага таварыства іншыя раённыя таварыствы павінны выкарыстаць.

Зразумела, што распаўсюджванне сярод насялення краязнаўчай літаратуры і асабліва часопіса «Наш Край» таксама будзе папулярызаваць краязнаўчую працу. Раённыя таварыствы вельмі мала робяць у гэтым напрамку, забываючы, што ад пашырэння падпіскі на «Наш Край» яны будуць мець нават матэрыяльную выгаду, і, апрача таго, кожная цікавая праца мясцовага краязнаўцы заўсёды знойдзе прытулак у «Нашым Краі». Канешне, не трэба забываць і таго, што кожнае раённае таварыства як бліжэйшую задачу павінна ставіць выданне сваіх прац уласнымі сіламі. Арганізацыйна здзейсніць гэта часта не так цяжка, бо каб былі матэрыялы, дык пры энергіі таварыства заўсёды можа знайсці такія крыніцы, усё роўна — ці будуць яны асігнаваннямі савецкіх устаноў, ці будуць ахвяраваннямі, сяброўскімі складкамі, платай за спектакль і г. д.

Не трэба забываць і чыста мастацкія спосабы папулярызацыі краязнаўчай працы. Можна сказаць нават, што гэтыя спосабы часта маюць большы эмацыянальны эфект. Сюды адносіцца наладжванне краязнаўчых вечарын, выставак краязнаўчых матэрыялаў, краязнаўчая газета.

Краязнаўчая вечарына яшчэ мала папулярна на Беларусі. Мы яшчэ не навучыліся наладжваць яе. Магілёўскае акруговае таварыства наладжвала этнаграфічны вечар, Краязнаўчае таварыства пры БДзУ ў мінулым годзе наладзіла такую вечарыну, Слуцкае таварыства ў часе 5-гадовага юбілею наладзіла цікавую і вялікую краязнаўчую вечарыну, Краснапольскае раённае таварыства ў 1926 г. зрабіла гэта і яшчэ некаторыя іншыя зрабілі аналагічную працу. У РСФСР рознымі цэнтральнымі экспедыцыямі, як, напрыклад, фальклорнымі экспедыцыямі братоў Сакаловых, шырока культывуюцца такія вечары і маюць вялікі поспех.

Не прыходзіцца даводзіць значэнне такіх вечарын у нашых умовах. Яны, па-першае, згуртоўваюць, яднаюць краязнаўчы актыў у моцны калектыў, па-другое, мастацкімі сродкамі прыцягваюць увагу да краязнаўства з боку шырокіх колаў насялення. І праўда, краязнаўства ў хаце-чытальні ці нардоме папулярызуецца не толькі шляхам гутарак і дакладаў аб сельскай гаспадарцы ці санітарным стане раёну, але і шляхам паказальных канцэртаў, вечароў народных апавяданняў, інсцэніровак народных казак і шляхам наладжвання народных хораў. На гэтых краязнаўчых вечарынах удзел у ролі выканаўцаў прымаюць не толькі культурныя працаўнікі — інтэлігенцыя, але вельмі важна ў мэтах папулярызацыі краязнаўства, каб удзельнічалі ў гэтым народныя спевакі, спявачкі, апавядальнікі, баечнікі, скакуны, музыкі. У РСФСР гэта шырока ўжываецца, у нас яшчэ не ўмеюць падтрымаць народныя таленты, заахвоціць іх, выклікаць у іх смеласць, штурхануць іх на гэты свайго роду мастацкі спорт. А між іншым, гэта можа ўцягнуць сялян у збіранне, вывучэнне і папулярызацыю нашай народнай творчасці, можа выхаваць кадры свядомых знатакоў і культывізатараў народнай творчасці. У гэтым напрамку неабходна самую сур’ёзную ўвагу звярнуць на існуючыя ў раёне ячэйкі моладзі, іх драматычныя гурткі, іх газетныя, селькораўскія аб’яднанні.

Канешне, краязнаўчыя вечарыны лепш за ўсё злучаць з навукова-асветнымі гутаркамі ці дакладамі аб быце, эканоміцы, мясцовай літаратуры, мастацтве і г. д.

Краязнаўчая вусная газета таксама добры спосаб папулярызаваць працу мясцовых краязнаўцаў. У нас гэта першы раз увяло ў практыку Слуцкае краязнаўчае таварыства ў гэтым годзе. Безумоўна, гэтую практыку трэба шырока скарыстаць. У гэтай газеце былі зачытаны невялікія нарысы з жыцця Слуцка, складзеныя мясцовымі даследчыкамі, вершы мясцовых паэтаў, прысвечаныя Слуцку і Случчыне, паэмы з рэвалюцыйнага жыцця Случчыны і г. д.

Урэшце, выстаўка краязнаўчых матэрыялаў, наладжаная ў самым скромным маштабе ў часе якой-небудзь канферэнцыі ці сходу, лепш за ўсё можа папулярызаваць краязнаўчую працу. Выстаўка фатаграфій, зарысовак, малюнкаў, гербарыяў, слоўнікаў, сшыткаў з фальклорам, каменняў, заалагічных калекцый і г. д. — усё гэта прыцягвае ўвагу, выклікае жаданне самому што-небудзь зрабіць. На Беларусі мала звяртаюць увагу на гэта і часта, маючы прыкметныя дасягненні ў гэтым напрамку, гаворачы аб гэтым, не дадумаюцца наладзіць хоць самую маленькую выстаўку, якая характарызавала б гэтыя дасягненні. А між тым, часта і слоў давялося б траціць менш, бо выстаўка красамоўней сказала б аб гэтым.

 

ІІІ. Даследчая праца таварыства

Гаворачы пра даследчую працу таварыства, трэба заўсёды мець на ўвазе, што на практыцы ніколі не прыйдзецца строга разлучаць арганізацыйную і даследчую працу таварыства, бо і ў даследчай працы таварыства заўсёды ёсць моманты арганізацыйныя, і ў арганізацыйнай могуць быць даследчыя моманты. Трэба сказаць, што першыя ж крокі дзейнасці таварыства нямыслімы без даследчых момантаў, і жывым, актыўным таварыствам будзе тое, якое адразу, побач з арганізацыйнымі крокамі, будзе рабіць і краязнаўчыя доследы, — распачне з першага ж дня свайго існавання вывучэнне краю. Калі мы паасобна гаворым аб даследчай працы таварыства, дык у мэтах падкрэсліць некаторыя моманты ў даследчай працы таварыства, на якіх у большасці выпадкаў нашы арганізацыі не канцэнтруюць увагі. Перш за ўсё, мы хочам падкрэсліць важнасць збіральніцкай працы раённага таварыства краязнаўства як першага этапу даследчай, краязнаўчай працы ў раёне. У гэтым напрамку кожнае раённае таварыства, распачынаючы сваю планавую дзейнасць, павінна высветліць, вывучыць, сабраць весткі, хто, калі, як вывучаў даны раён, якія вынікі гэтага вывучэння, другімі словамі — у першую чаргу скласці бібліяграфію раёну, каб не рабіць працу, якая ўжо зроблена папярэднімі даследчыкамі. Па-другое, раённаму таварыству краязнаўства неабходна збіраць увесь бягучы матэрыял з жыцця раёну і апрацоўваць яго. Правільна рабіла Лепельскае таварыства, якое збірала ўсе справаздачныя даклады раённых устаноў — саветаў, бальніц, хат-чытальняў, актаў абследаванняў, метэаралагічных бюлетэняў. Такім чынам, яно з’яўляецца навукова-даследчым бюро ў раёне, якое больш за ўсіх можа быць кампетэнтным у чыста мясцовых пытаннях. Побач з такой бягучай працай неабходна і такая праца: збіранне кніг, брашур, часопісаў, газет ці выразак, розных нататак, рукапісных зборнікаў, насценных газет, прыватных ці іншых архіваў, лістоў, дзённікаў, мемуараў, фатаграфій, афіш, дыяграм, абвестак — адным словам, усяго таго, што ілюструе жыццё раёну з якога-небудзь боку. Калі за мінулыя гады мала засталося гэтых слядоў матэрыяльнай і духоўнай культуры раёну, дык трэба ў далейшым увесь друк, усю літаратуру аб раёне старанна збіраць ці ў форме кніжак, ці ў форме альбомаў газетных выразак. Ляднянскае раённае таварыства з мінулага году распачало такую працу і цяпер сабрала да 40 нумароў такой бягучай хронікі з жыцця раёну.

Усе гэтыя сабраныя матэрыялы павінны даць пачатак для раённага краёвага музею. Арганізацыя такога музею можа паспяхова злучыць у факце свайго існавання і арганізацыйную, і даследчую, і папулярызацыйную працу таварыства. Музей — гэта фокус, у якім канцэнтруецца самая разнастайная праца таварыства.

Неабходна звярнуць увагу на такую акалічнасць. У апошні момант шмат якія раённыя таварыствы краязнаўства, паведамляючы ЦБК аб асноўных момантах сваёй працы, нібы згаварыўшыся, абмяжоўваюць свае планы вывучэннем некаторых пэўных з’яў у жыцці раёну і свядома пакуль што не зачапляюць іншых больш шырокіх галін мясцовай навукі. Само па сабе такое абмежаванне ёсць свайго роду роздум, імкненне ўзяць працу і па сіле і па магчымасці. Так, Ляднянскае таварыства піша: асноўныя моманты нашай працы: 1) збіранне мясцовага слоўніка, 2) геаграфічнага слоўніка, 3) вывучэнне мясцовай гаворкі.

Талачынскае раённае таварыства: 1) вывучэнне асобных сельсаветаў і вёсак; 2) складанне карты помнікаў раёну; 3) вывучэнне кірмашоў. Раснянскае раённае таварыства: 1) слоўнік жывой мовы раёну; 2) геаграфічны слоўнік раёну; 3) атрутныя і лекавыя расліны раёну; 4) кароткі нарыс аб эканоміцы раёну. Гарадоцкае: 1) феннагляданні, 2) выпраўленне геаграфічнай карты раёну, 3) пашырэнне музею і г. д.

Беручы толькі гэтыя заданні, таварыствы забываюць, што побач з такімі момантамі, якія імі пастаўлены ў асяродак краязнаўчай працы, магчыма і нават неабходна вышэйпералічаная збіральніцкая праца, неабходны яшчэ экскурсійныя і стацыянарныя доследы прыроды, эканомікі і быту раёну, неабходна бягучая чарговая праца па метэаралогіі, па феналогіі, неабходны некаторыя эксперыменты для праверкі вывадаў і абагульненняў, напрыклад біасадзікі, вопытныя ўчасткі і г. д. Неабходна ілюстраванне сваёй працы зарысоўкамі, фатаграфіямі, апісаннямі, картамі, планамі, дыяграмамі. Набыццё ў першую чаргу фотаапарата для таварыства таксама павінна быць важным момантам у працы таварыства.

Асноўным момантам у працы таварыства павінна быць і метадычная падрыхтоўка нашых масавых краязнаўцаў. Нашы раённыя краязнаўчыя таварыствы цяпер маюць зусім выстрачальную краязнаўчую літаратуру, але, нягледзячы на гэта, яна ляжыць мёртвым капіталам, сябры таварыства і нават праўленняў не вывучаюць яе. Неабходна прасунуць гэтую літаратуру ў гурткі, у школы, у грамадскія арганізацыі.

 

1928

 

Праца таварыства краязнаўства пры Беларускім Дзяржаўным універсітэце ў 1927-1928 годзе

Краязнаўчая праца з году ў год пашыраецца.

Краязнаўства захапіла шырокія колы насельніцтва. Краязнаўчыя ячэйкі, гурткі ўзнікаюць амаль што пры кожнай установе, якія праводзяць сваю працу ў кірунку рэальных доследаў тэй ці іншай мясцовасці. Збіраюцца, апісваюцца, даследуюцца і вывучаюцца новыя і новыя матэр’ялы аб сучасным і мінулым Беларусі. Удзельнікі краязнаўчага руху і шырокія колы працоўных узяліся не толькі за савецкае будаўніцтва, будаўніцтва новага жыцця, стварэння новай грамады, але поруч з гэтым за вывучэнне і даследаванне краіны. Ды гэта зусім зразумела, бо будаваць дзяржаву, арганізоўваць эканоміку, будаваць культуру нельга, не вывучыўшы мінулых і сучасных працэсаў гаспадаркі краіны; яе прыродных і грамадскіх асаблівасцяў.

У сённяшні дзень краязнаўства набывае вялікае значэнне яшчэ і таму, што шпаркая пабудова гаспадарчага працэсу на аснове індустрыялізацыі краіны патрабуе безадкладнага вывучэння самых малых куткоў краю, яго вытворчых аб’ектаў.

«Расійская рэвалюцыя высунула пытанне краязнаўства на першае месца; тыя вялізарныя задачы, якія стаяць перад Саюзам Савецкіх Рэспублік у справе гаспадарчага будаўніцтва, не могуць быць выкананы выключна дзяржаўнымі ўстановамі без непасрэднага ўдзелу ў гэтай справе мясцовых краязнаўчых арганізацый».

«Усебаковае вывучэнне мясцовага краю ў нашыя дні вялікага будаўніцтва мае не толькі тэарэтычнае значэнне, але і практычную неабходнасць. Не можа быць ніякае планавае працы, калі не вывучаны да апошняй дробязі тыя ўмовы, у якіх павінна праводзіцца гэтая праца. Мы ўжо не гаворым аб тым, што краязнаўчая праца пашырае разумовы кругазор чалавека, развівае прадпрыемлівасць і з’яўляецца аднэй з спрунжын, якія прыводзяць у дзейнасць грамадскае жыццё. Краязнаўства ў асобе мясцовых дзеячоў даследуе вёскі, збліжае горад з вёскаю, — адукоўвае селяніна, ажыццяўляе гэтым тую змычку горада з вёскай, аб якой гаварыў Ленін і ажыццяўленне якое дамагаецца Савецкая ўлада».

Так піша аб краязнаўстве і яго мэтах вялікі пісьменнік Максім Горкі.

У той час, як працоўныя праводзяць вялікую працу па вывучэнні свайго краю, дык і Беларускі Дзяржаўны універсітэт, будучы дзіцём Кастрычніка, як культурны цэнтр Беларускай Рэспублікі, у мурох якога сабраны дзеці рабочых і сялян, немінуча павінен быў узяцца за тую ж краязнаўчую працу. Яшчэ ў 1925 годзе былы сакратар ЦК КП(б)Б тав. Крыніцкі так ставіў пытанне перад студэнтамі Беларусі: «Неабходна студэнцкім арганізацыям у сваіх шэрагах злучыць тых людзей, якія любяць Беларусь, звязаны з ёю, хочуць і лічаць сваім абавязкам звярнуцца да тых рабочых і да таго сялянства, якія іх выдзелілі на вучобу.

Неабходна ў гэтых арганізацыях высока падняць краязнаўчую працу, якая падрыхтуе людзей, знаёмых з прыродазнаўчымі, гістарычнымі і іншымі ўмовамі Беларусі».

Словы тав. Крыніцкага, якія былі ім сказаны ў 1925 годзе, паслужылі своечасовым напрамкам для належнае ўвагі студэнцкіх арганізацый БДзУ да краязнаўчае працы.

Краязнаўчая праца на Беларусі распачалася з першага году заснавання універсітэту ў 1921 годзе, але яна не мела пэўных арганізацыйных форм для шырокага ўдзелу студэнцтва, а вялася паасобнымі аматарамі краязнаўцамі.

Паступова Беларускі Дзяржаўны універсітэт разгортвае працу па краязнаўству — і пачаткам працы ў гэтым напрамку трэба лічыць момант заснавання універсітэту. Вось як аб гэтым гаворыць заслужаны прафесар, рэктар БДзУ У.І.Пічэта:* «З першых дзён, з першага моманту свайго заснавання Беларусі Дзяржаўны універсітэт павінен быў звярнуць асаблівую ўвагу на вывучэнне беларускай краіны ў яе мінулым і сучасным, і ён у гэтым кірунку праводзіў сваю працу». Гэта зусім праўдзіва, бо там, дзе сканцэнтравана частка людзей, якая ставіць сваёй мэтай падрыхтоўку спецыялістаў для нашых умоў, умоў Беларусі, там, дзе ў наяўнасці ўсе мажлівасці шырока і грунтоўна паставіць пытанні краязнаўства (наяўнасць прылад, лабараторый, навуковых працаўнікоў і жывой сілы студэнцтва), там паступова ўзнікаюць і фармуюцца адпаведныя арганізацыі.

Масавасць краязнаўчай працы, перспектывы падрыхтаваць сябе практычна да самастойнай даследчай працы ў будучыне захапляе студэнтаў Бел. Дзярж. універсітэту. Студэнцтва ў 1922—1923 годзе яшчэ не арганізавана, ёсць толькі некалькі аматараў-краязнаўцаў, якія імкнуцца ўжо нешта рабіць. У 1923—24 годзе ўжо назіраецца момант групавання гэтых аматараў у ячэйкі і гурткі, у іх працы прымаюць удзел і навуковыя працаўнікі універсітэту. Студэнты-краязнаўцы пасіўна слухаюць даклады гэтых навуковых працаўнікоў на краязнаўчыя тэмы. У 1925—26 годзе гурткі афармляюцца і робяцца больш масавымі, у тым жа годзе студэнцкімі арганізацыямі высоўваецца пытанне аб утварэнні сталага таварыства краязнаўства. І толькі ў 1926—27 годзе таварыства арганізацыйна ўжо канчаткова афармляецца, знаходзіць змест працы і выпрацоўвае статут.

Краязнаўчая арганізацыя універсітэту ставіць перад сабою мэты: 1) Вывучэнне Беларусі ў прыродазнаўча-геаграфічным, сацыяльна-эканамічным і культурна-гістарычным кірунках, шляхам збірання краязнаўчага матэр’ялу, як індывідуальна, гэтак і спосабам экспедыцый і экскурсій.

2) Навукова-даследчую распрацоўку ўжо сабраных матэр’ялаў.

3) Метадычна-арганізацыйная падрыхтоўка свядомых кіраўнікоў і арганізатараў краязнаўства з студэнцтва.

4) Папулярызацыя краязнаўчага руху сярод студэнцтва, гэтак і сярод насельніцтва Беларусі.

 

* Часопіс «Наш край», № 10 за 1928 г.

Першы год арганізаванай працы таварыства

Выходзячы з паказаных мэт і статуту, таварыства ўпершыню ў 1926—27 годзе намячае план працы: засноўваюцца секцыі, вызначаюцца галіны працы. Але ўсё ж такі змест працы па секцыях быў вельмі разнастайны, не было пэўнага размежавання ў паасобных галінах працы. Таварыства ахоплівае ўжо досыць значную частку студэнтаў. Сяброў секцый налічваецца 170, сюды ўваходзяць і навуковыя працаўнікі. Удзел навуковых працаўнікоў яшчэ вельмі малы. Магчыма, гэта тлумачылася арганізацыйным перыядам і шуканнем формаў і зместу працы. Былі заснаваны наступныя секцыі: 1. Культурна-гістарычная. 2. Прыродазнаўча-геаграфічная. 3. Метадычная. 4. Сацыяльна-эканамічная і 5. Яўрэйская.

Секцыі Сацыяльна-эканамічная і Яўрэйская вельмі слаба разгарнулі сваю працу. У пераважнай большасці секцыі займаліся арганізацыйна-метадычнымі пытаннямі. Побач з гэтым у працы гэтых секцый назіраецца паступовае ўзмацненне і павелічэнне лёку ўдзельнікаў, выяўленне актыву, ёсць ужо даследчыя работы студэнтаў-краязнаўцаў, якія друкуюцца ў розных часопісах. Такіх даследчых прац за мінулы 26—27 год налічваецца каля 13, (падрабязна глядзі артыкул праф. Пічэты «Наш край» № 10 (25) за 1927 год).

 

1928

 

Полацкая акруга

 

 

І. Вульскае раённае таварыства краязнаўства

Таварыства налічвае 180 сяброў, але ў апошні момант большасць з іх фіктыўныя сябры. Па раёне таварыства заснавана 10 гурткоў, з іх працавала 3—4. Праўленне складаецца з 9 асоб — прадстаўнікоў ад сельсаветаў. Гэта перашкаджае наладзіць рэгулярную працу. Існуе рабочы прэзідыум (старшыня, намеснік і сакратар), але ўсю бягучую працу вядзе старшыня таварыства тав. Палашчанка. Праца таварыства галоўным чынам культурна-гістарычная. Шмат экспанатаў такога характару таварыства пераслала ў Полацкі музей. Таварыства сабрала больш 1000 слоў жывой мовы, апісала некалькі гарадзішчаў, збірае весткі аб «Залатым Шляху» (Лепель, Полацк, Вулла, Віцебск), калекцыі карысных выкапняў. Усё сабранае няма дзе захаваць, і сабранае часта гіне. Перспектыў для адчынення раённага музею няма. Умовы для краязнаўчай працы ў раёне да апошняга часу былі вельмі неспрыяючыя, бо актыўныя працаўнікі (4—5) былі раскіданы па раёне. Цяпер перспектывы больш спрыяючыя: Райком КПБ, да якога звярнуўся прадстаўнік ЦБК, абяцаў звярнуць увагу на пашырэнне краязнаўчае працы ў раёне, на маральную і матэрыяльную дапамогу раённаму таварыству з боку савецкіх, партыйных і прафсаюзных арганізацый.

 

ІІ. Ушацкае раённае таварыства

У Таварыстве 80 сяброў. Праца яго гуртуецца вакол Музею. Пад Музей РВК аддаў старую вуніяцкую царкву з яе архівам. Экспанаты Музею пераважна культурна-гістарычныя: цікавыя каменныя прылады, скамянеласці, старыя кнігі, рукапісныя дакументы, старыя абразы, разьба з дрэва і г. д. Праўленне таварыства складаецца з 5 сяброў. Уся праца праводзіцца фактычна старшынёй тав. Вурбанам (сакратар РВК). РВК дапамагае таварыству і цікавіцца яго працай. Так, напрыклад, старшыня РВК у сваім дакладзе Саўнаркому адзначыў карыснасць працы раённага таварыства і падкрэсліў неабходнасць пасылкі ў гэтым летнім часе археалагічна-гістарычнай экспедыцыі. У сучасны момант таварыства запоўніла каля 10 анкет (манаграфіі паселішч), сабрала каля 2000 слоў, заканчвае рэгістрацыю «валатовак» па раёне, забрала летапісы мясцовай царквы і вывучае іх. У апошніх ёсць цікавыя весткі аб паўстанні 1863 г., статыстыка школ раёну, пачынаючы з 1857 году, і г. д. Таварыства мае і невялікія сродкі, што складаюцца з акуратна паступаючых сяброўскіх складак. Дапамагае сродкамі і РВК. Таварыства мае ў сваім карыстанні і 1½ гектараў саду каля Музею.

22/V Таварыства склікала пры ўдзеле прадстаўніка ЦВК агульны сход для сяброў таварыства і наогул для сяброў саюзаў. Быў заслуханы даклад прадстаўніка ЦВК і намечаны чарговыя заданні ў працы на летні перыяд.

 

ІІІ. Лепельскае раённае таварыства

У склад таварыства ўваходзіць каля 60 сяброў, але актыўна дапамагаюць працы таварыства не больш 10. Нягледзячы на гэта, дзякуючы актыўнай працы Праўлення і асабліва няўтомнай энергіі старшыні яго тав. Гарасімовіча, праца таварыства ў цэлым прымае планавы характар. Таварыства можа быць прыкладам для ўсіх раённых таварыстваў Беларусі. Яно прымае паступова характар даведачна-навуковага бюро. У ім паступова згуртоўваецца, канцэнтруецца ўвесь неабходны ілюстрацыйны, статыстычны, экспазіцыйны матэрыял аб жыцці раёну. Да гэтага часу таварыства сабрала наступныя матэрыялы, якія без каментарыяў характарызуюць напрамак і змест працы таварыства: 1) матэрыялы аб дзейнасці ўстаноў раёну: справаздачы РВК за апошнія гады, акты абгляду сельсаветаў інспектарам Полацкага АВК аб дзейнасці Лепельскага сельскагаспадарчага таварыства; 2) статыстычныя даныя аб Бярэзінскім водным шляху; 3) матэрыялы аб дзейнасці раённай міліцыі і суду; 4) матэрыялы аб алкагалізме ў раёне (весткі дзяржспірту; 5) апісанне Лепельскага Аграўчастка; 6) спіс насялённых пунктаў; 7) гаспадарчы стан раёну перад 10 гадавінай Кастрычнікавай рэвалюцыі; 8) апісанне Зацяклянскага сельскага савету і г. д.

Таварыства карыстаецца фотаапаратам і ўжо мае значны лік фатаграфій.

Праца таварыства мае рэальныя вынікі ў адчыненым у 10-ю гадавіну Кастрычніка музеі. Апошні цяпер налічвае каля 200 экспанатаў і мае добрую экспазіцыю. Яго пачынаюць наведваць — ужо зарэгістравана да 300 асоб-адзіночак. Музей змяшчае цікавыя культурна-гісстарычныя экспанаты, дыяграмы, батанічныя і заалагічныя калекцыі. Заведзена цікавая сваёй ідэяй кніга «Лепельшчына», у якую мясцовыя краязнаўцы заносяць самае цікавае, што даведаліся пра Лепель і яго раён: творчасць мясцовых сялян, цікавыя весткі аб знаходках на раёне, розныя інфармацыі і г. д. Заведзена музеем яшчэ «Кніга прапаноў», у якую заносіцца ўсё, што мае мэту палепшыць жыццё раёну, узняць яго культурны ўзровень. У канцы траўня таварыства пры дапамозе ўсіх школ раёну наладжвае шырокую педагагічную і школьна-краязнаўчую выстаўку, прыстасаваўшы яе да трохдзённай настаўніцкай канферэнцыі. На арганізацыю выстаўкі РВК асігнаваў 50 рублёў. Выстаўка безумоўна значна папоўніць раённы музей.

24—25 траўня пры ўдзеле прадстаўніка ЦБК былі наладжаны ў Лепелі тры краязнаўчыя сходы: сход асветнікаў, сяброў іншых саюзаў і вучняў сямігодкі. Былі разгледжаны пытанні аб спосабах ажыўлення краязнаўчай працы ў Лепельскім раёне.

 

IV. Полацкае акруговае таварыства краязнаўства

Пасля 3-й Акруговай Канферэнцыі па краязнаўству адбылося 3 пасяджэнні Праўлення. Праца вядзецца не ўсімі секцыямі. Больш працуе культурна-гістарычная, менш грамадска-эканамічная. Іншыя не працуюць. У горадзе краязнаўчая праца гуртуецца вакол сямігодак, у якіх заснаваны вучнёўскія гурткі. Уся праца таварыства пачынае гуртавацца вакол музею. Апошні пачынае адыгрываць значную ролю ў культурным жыцці. Яго з кожным днём наведвае ўсё большы лік экскурсантаў. Пры музеі ёсць краязнаўчая бібліятэка.

Пасля канферэнцыі таварыства пачало займацца такой працай: складае падрабязную археалагічную карту акругі; з гэтай мэтай таварыства звязалася з раёнамі, разаслаўшы каля 450 абежнікаў па краязнаўчых арганізацыях і культурных установах з просьбай даць вычэрпваючыя весткі аб помніках старажытнасці і прыроды ў раёне, — частку адказаў таварыства ўжо атрымала.

Другая задача, якую цяпер таварыства вырашае, — складанне брашуры аб культурна-гістарычным значэнні і помніках Полацка. Старшыня АВК тав. Кондраль абяцаў вызначыць мінімальныя сродкі на выданне гэтага свайго роду «экскурсійнага дарадніка» па Полацку.

Таварыства добра звязана з Акруговай Планавай Камісіяй, якая мае каля 2000 руб. на краязнаўчыя доследы. Гэтым летам Камісія мае памер дапамагчы як акруговаму таварыству, так і таварыству краязнаўства пры БДзУ ў іх доследах азёр, расліннасці, карысных выкапняў і наогул вытворчых сіл акругі.

На пасяджэнні Праўлення 19/V пры ўдзеле прадстаўніка ЦБК былі намечаны чарговыя заданні на летні перыяд: 1) правесці перавучот сяброў таварыства і ліквідаваць сяброўскую запазычанасць, 2) наладзіць у мэтах папулярызацыі краязнаўства этнаграфічны вечар, 3) у пачатку чэрвеня склікаць агульнагарадскую краязнаўчую канферэнцыю вучняў, 4) адчыніць пры музеі педагагічны куток, 5) паслаць ад таварыства свайго прадстаўніка ў Бабруйск для азнаямлення з працай краязнаўчага музею, 6) наладзіць у складзе сяброў Праўлення і таварыства невялікую экспедыцыю ў адзін з раёнаў Полаччыны.

 

1928

 

Першая Усебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і зарысовак

Не прыходзіцца даводзіць, якое вялікае значэнне мае картаграфаванне, фатаграфаванне і зарысоўкі ў такой справе, як усебаковае вывучэнне вытворчых сіл і быту вядомай краіны. Можна ўпэўнена сказаць, што стан гэтай справы, яе тэхнічная якасць раўналежна агульнаму стану навукі і культуры ў тэй ці іншай краіне. Чым вышэй краіна ў культурных адносінах, чым вышэй яе тэхнічныя дасягненні, тым большую ролю ў агульнаграмадскім і навуковым жыцці краіны адыгрывае картаграфаванне, фатаграфаванне і зарысоўкі.

Што датычыцца Беларусі, дык вельмі мала зроблена ў гэтай галіне. У мінулым хоць і вывучалася наша краіна ва ўсіх галінах яе прыроды і побыту, але гэтае вывучэнне ў вельмі мізэрных размерах ілюстравалася картамі, дыяграмамі, фатаграфіямі ці замалёўкамі мастакоў альбо аматараў.

З гэтыя прычын трэба шчыра вітаць ініцыятыву ЦБ Краязнаўства і Беларускага Дзяржаўнага Музею па арганізацыі Усебеларускай выстаўкі краязнаўчых фатаграфій і зарысовак. Выстаўка мае зразумелыя мэты: з аднаго боку выявіць, што намі зроблена ў гэтай галіне да цяперашняга часу, а з другога — даць моцны стымул для развіцця гэтае справы на Беларусі, зацікавіць вывучэннем свайго краю шырокія колы савецкага грамадства: прафсаюзнікаў, камсамольскую, вучнёўскую моладзь, студэнцтва, рабочых і сялян.

Мы думаем, што наладжаная выстаўка з’яўляецца вельмі паказальнай у паказальных адносінах і павінна прыцягнуць увагу ў першую чаргу нашых культурных сіл.

Выстаўка ахапляе ўсе галіны жыцця Беларусі і мае такія раздзелы: 1) Краявіды Беларусі; 2) Тыпы насялення Беларусі; 3) Вопратка; 4) Будынкі; 5) Архітэктура; 6) Быт насялення; 7) Начынне, прылады; 8) Жыццё нацменшасцей Беларусі; 9) Рэўрух на Беларусі; 10) Беларускія гарады; 11) Праца насялення Беларусі; 12) Тканіна; 13) Разьба па дрэву; 14) Археалогія Беларусі; 15) Фатаграфіі слуцкіх паясоў; 16) Экспанаты паасобных фатографаў-аматараў.

Як відаць з гэтага пераліку, выстаўка ставіла сабе вельмі шырокія задачы. Наколькі гэтыя задачы выкананы, мы пабачым, разгледзеўшы падрабязна змест выстаўкі.

Першы раздзел «Краявіды Беларусі» досыць багата і разнастайна падзелены. Шмат ёсць мастацкіх фатаграфій і зарысовак, якія адбіваюць прыроднае хараство Беларусі. З такіх экспанатаў неабходна падкрэсліць: 1) мастацкія зарысоўкі алоўкам ракі Дзвіны, зробленыя Саблікавым; 2) прыгожыя мініяцюркі-фатаграфіі краявідаў вёскі Смалярні (Меншчына, фота Каспяровіча); 3) шлях з Новага на стары Быхаў (фота Сербава); 4) жалезна-сярністыя крыніцы ў Вушацкім раёне (фота Фурмана). З шэрагу мастацкіх зарысовак краявідаў Беларусі неабходна адзначыць акварэльныя і пастэльныя эцюды Пархоменкі, Панамарэнкі, Кругера, Тычыны і Астаповіча. Гэтыя працы вабяць вока, прыцягваюць эстэтычную ўвагу гледача, але яны, зразумела, не адэкватны прыродным краявідам Беларусі, у іх, як выказаліся некаторыя экскурсанты — «больш мастацтва, чымся прыроды». Тым не менш яны, мусіць, больш за фатаграфіі даюць нам уяўленне аб характэрных рысах беларускага ландшафту.

Другі раздзел «Тыпы насялення» — самы вялікі на выстаўцы. Прычыны гэтага зразумелыя. Цэнтральнае месца займаюць дасканалыя фатаграфіі тав. Сербава. Некаторыя з іх, як нам здаецца, з’яўляюцца нават унікамі, рарытэтамі і выклікаюць здзіўленне сваімі аб’ектамі. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца фатаграфіі жанчын розных месц Беларусі ў спецыяльных вопратках і галаўных уборах, якіх цяпер ужо «днём з агнём не адшукаеш», фатаграфіі беларусоў Калініншчыны ў стракатых вопратках і асабліва фатаграфія знахаркі Праксэды. Гэты тып выклікае цэлую гаму перажыванняў і пачуццяў і прымушае задумацца.

Цікавымі з’яўляюцца фатаграфіі беларускіх дзяцей, але, на жаль, іх вельмі нязначны лік. Прыцягвае ўвагу жудасная фатаграфія хворага на каўтун (Мазыршчына, фота Сербава). З ліку зарысовак тыпаў насялення падкрэсліць можна дзве зарысоўкі Пархоменкі («Пастушок» і «Бабка з Палыкавіч»), Кругера («Жанчына з Чэрвеншчыны» і «Ляснік з Меншчыны») і Філіповіча («Сялянка з-пад Слуцку»).

Раздзел «Вопратка» хоць невялікі (усяго 31 экспанатаў), але стракаты і б’е ў вочы. Цэнтр увагі — зарысоўкі Філіповіча і фатаграфіі Сербава. З апошніх асабліва цікавымі для даследчыкаў з’яўляюцца фатаграфіі і вопраткі Журавіцкага і Прапойскага раёнаў Магілёўшчыны.

Вельмі разнастайным і адбіваючым характэрныя рысы Беларусі з’яўляецца раздзел «Будынкі». З ліку экспанатаў зварачаюць увагу зарысоўкі экспедыцыі па даследаванні беларускага мастацтва на Меншчыне і Случчыне, фатаграфіі сялянскіх будынкаў на Смаленшчыне (фота Сербава), фатаграфіі Л.Дашкевіча, Юхніна і др. Цікавыя зарысоўкі Жлобіна экспанаваў М.К., а Мазыршчыны — Філіповіч.

Раздзел «Архітэктура» прадстаўлены толькі алоўкавымі зарысоўкамі цэркваў, касцёлаў, сінагог і невялікага ліку іншых будынкаў грамадскага характару.

На жаль, раздзел «Быт насялення», які абяцаў быць шматфарбным, вельмі слаба экспанаваны. Тут зноў прыкметны фатаграфіі Сербава, акварэльныя замалёўкі з жыцця Магілёўшчыны (аўтар невядомы) і фота Юхніна (Слуцак).

«Начынне і прылады»: экспанавана больш як 100 №№ зарысовак Я.Драздовіча. У гэтым раздзеле чамусьці змешчаны і надзвычайна прыгожыя мініяцюры Каганца.

Жыццё нацменшасцей няпоўна адбіта. Зусім няма экспанатаў з жыцця польскае насельнасці. Досыць добра экспанавана яўрэйская архітэктура, арнамент, этнаграфічны тып насялення і быт.

Раздзел «Рэўрух на Беларусі» адбівае толькі маленькі кавалачак Беларусі — Случчыну. Гэты раздзел вельмі паказальны, бо дае, намячае мінімальную праграму таго, што неабходна фатаграфаваць, замалёўваць, картаграфаваць пры вывучэнні рэўруху. І прыходзіцца шкадаваць, што мясцовыя краязнаўчыя арганізацыі не адклікнуліся ў гэтым напрамку, апрача Слуцкага Таварыства, якое прыслала свае матэрыялы: на выстаўцы мы бачым фатаграфіі 10 сялян-рэвалюцыянераў Случчыны, фатаграфіі капыльскіх рэвалюцыянераў, здымкі хат, дзе вялася падпольная рэвалюцыйная праца (напрыклад, фатаграфія хаты бацькоў Ц.Гартнага).

З беларускіх гарадоў на выстаўцы досыць поўна ілюстраваны Менск, часткова Барысаў, Ворша, Магілёў. Іншыя гарады і нават Віцебск не экспанаваны. Гэта тлумачыцца тым, што выставачны Камітэт адбіраў толькі навейшыя фатаграфіі і зарысоўкі, свядома адкідаючы старыя, адбітыя ў друку. Сучасны Менск адлюстраваны фатаграфіямі Сербава, якія даюць уяўленне аб Менску, як вялікім і шматлюдным горадзе, што не зусім справядліва.

«Праца насялення Беларусі» паказана 35 нумарамі, з якіх цікавымі з’яўляюцца здымкі меліярацыйных прац на Беларусі.

Беларуская тканіна і вышыўкі прадстаўлены мастацкімі зарысоўкамі ўзораў на рушнікох тав. Астрэйкі, зарысоўкамі Тычыны, фатаграфіямі Дашкевіча, зарысоўкамі Фурмана (латыска-беларускі арнамент). Асабліва прыгожы зарысоўкі Астрэйкі, якая дала 40 штук.

Разьба па дрэве дадзена зарысоўкамі Пашкевіча — да 25 зарысовак надваконнікаў і брам.

З іншых раздзелаў, якія не ўвайшлі ў пэўны план выстаўкі, адзначым дасканалыя фатаграфіі слуцкіх паясоў, шкла ўрэчаўскай фабрыкі (XVIII ст.), масонскіх старажытнасцей і прац розных мастакоў XVIII—XIX стст. — ураджэнцаў Беларусі (арыгіналы прац вывезены ў Польшчу) — працы Шэмета, Сухадольскага, Чаховіча і інш., усяго 44 адзінкі.

Асобным раздзелам экспанавана «Археалогія Беларусі» — 36 штук, у якіх засняты помнікі старажытнасці Беларусі — курганы, гарадзішчы (Заслаўе, Бердыж, Рослаў)*.

Мы далі самы кароткі агляд выстаўкі, і наш вывад: выстаўка, якая экспанавала каля 2000 адзінак найбольш цікавых фатаграфій і зарысовак, мае значэнне ў выхаванні нашага масавага краязнаўцы і безумоўна заслугоўвае таго, каб яе шырока папулярызавалі, каб наладжвалі для агляду яе масавыя экскурсіі ў Беларускі Дзяржаўны музей, дзе размясцілася выстаўка.

 

1928

 

* Неабходна падкрэсліць і той факт, што самыя выдатныя аматары-фатографы Беларусі прынялі ўдзел у выстаўцы і некаторыя з іх размясцілі свае працы асобнымі вітрынкамі. Адзначым з іх надзвычайна мастацкія працы фатографа Салавейчыка («Крыжы ў Самахвалавіцкім раёне», «Група бярозак», «Дмухаўцы»), Фальковіча («Дудар з Мсціжа», «Стары магільнік», «Бусел», «Старыя елкі» і інш.), Валькоўскі і Сляпян.

Бібліяграфія

А.Шаўковіч і М.Курыловіч. Кароткі нарыс манаграфічнага апісання паўднёва-заходняй часткі Лельчыцкага раёну, Мазырскай акругі; цэнтр — Мілашэвіцкі сельсавет. 30.V.29 вёска Мілашэвічы Лельчыцкага раёну. 176х222 мм., 76 балонак з малюнкамі, табліцамі з укладнымі картамі; пісаны рукой на абодвых бакох балоны.

Мілашэвічы знаходзяцца ў 65 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі і 55 кіламетраў ад параходнай, а таму вельмі прыемна пераканацца, што краязнаўчая праца пачынае ахапляць самыя глухія куткі БССР. Рукапісны зборнік аб Мілашэвіцкім сельсавеце цікавы тым, што адлюстроўвае шчырае імкненне аўтара — сапраўднага краязнаўцы — зразумець асноўныя працэсы прыроднага і эканамічнага жыцця невялікай тэрыторыі, даступнай яго нагляданням. Для складання зборніка затрачана безумоўна вялікая энергія і шмат часу, але думаем, што праца недарэмнай была для аўтара, яна пашырала яго светагляд, яна штурхнула яго зрабіць некаторыя практычныя вывады і прапановы, яна звязала яго з сучаснасцю.

Што мы знаходзім у зборніку аб Мілашэвіцкім сельсавеце? Больш за ўсё мы маем вестак аб прыродных умовах і з’явах гэтай тэрыторыі. Праўда, гэтыя прыродныя з’явы не паданы ў пэўнай сістэме і плане, але для мясцовых працаўнікоў яны не пазбаўлены цікавасці. У першую чаргу даюцца весткі і нагляданні над снегавым насцілам 1928—29 г. Усе нагляданні ілюструюцца належнымі дыяграмамі, лічбамі, але аўтар робіць памылку, калі, характарызуючы зіму 1928—29 г. і раўнаючы яе з зімой 1920—21 г., дае вывад, што такія снегавыя лютыя зімы, якая была ў 1928—29 г. паўтараюцца рэгулярна, прыблізна праз 8 гадоў.

Іншыя прыродныя з’явы, якія зарэгістраваў і абагуліў аўтар, наступныя, нагляданні над тэмпературай паветра (сярэдняя зімы), над ветрам, колькасцю ападкаў, над рэжымам вод і інш. Асабліва шмат нагляданняў падана з галіны феналогіі (кастрычнік — лістапад 1928, люты — май 1929 года, параўнальныя табліцы асноўных фензьяў 1928—29 года), хоць аўтар прызнаецца, што за летні час немагчыма даць феналагічныя весткі, бо ён быў у ад’ездзе. Назіраючы за рэжымам вод, аўтар падкрэслівае заўважаны ім факт, які наносіць значную шкоду мясцовай гаспадарцы. Гэта — забалачванне мясцовых сенажацей у выніку няправільнай пабудовы млына на рацэ Вубарці.

Дае аўтар апісанні глебы сельсавету, праўда, вельмі павярхоўна, і некаторыя археалагічныя весткі. Так, напрыклад, тав. Шаўковіч, відаць, не здагадваецца, што ім адкрыта неалітычная стаянка на паўночным беразе возера Замошша, магчыма досыць багатая. Пра другое возера Прыбалавіцкае ён кажа, што з яго выцягвалі сецямі сярпы, вілы, глякі, але, на жаль, не кажа аб гэтым больш дакладна.

Досыць поўнае даецца аўтарам апісанне лясоў сельсавета, і тут відаць, што лясная праблема вельмі блізка аўтару, бо ён у гэтым раздзеле больш за ўсё дае перспектывы, якія наогул патрэбны ў кожным краязнаўчым доследзе.

Таксама хоць і няпоўныя, але маюць цікавасць падрабязныя весткі аб росце сельскай гаспадаркі і насялення сельсавету, пачынаючы ад 1923 года. Разам з гэтым аўтар робіць і некаторыя заўвагі аб бытавых умовах вядомых яму вёсак. Тут хоць і павярхоўнае этнаграфічнае апісанне, але некаторыя досыць цікавыя вывады і весткі ёсць у аўтара. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца весткі аб сялянскай архітэктуры, у якіх аўтар кажа: «Калі прыйдзеш у хату, дык заўсёды з правага або з левага боку стаіць печ, гледзячы на тое, з якога боку вуліцы хата. Калі з левага, дык і печ ад уваходу з левага боку, і наадварот». Гэта, мусіць, не зусім так. Трэба было б заўважыць, які кірунак вуліцы ў адносінах да частак свету, бо пабудова хат і асабліва печы безумоўна знаходзіцца ў сувязі з надзвычайна старымі міталагічнымі светапоглядамі. Другая цікавая дэталь, якую падае аўтар — гэта вялікае ўжыванне кіслай ежы насяленнем сельсавету. Ці не знаходзіцца гэта ў сувязі з балотнай мясцовасцю?

Урэшце, аўтар піша аб вялікай прыхільнасці насялення да гарэлкі. Падае некаторыя весткі, але безумоўна перавялічвае, калі кажа: «Каханне (?) да піцця гарэлкі даходзіць да таго, што некаторыя сяляне бяруць з кааперацыі гарэлку не літрамі, а цэлымі «чацвярцямі». За студзень месяц 1929 года распрадана сялянам сельскіх саветаў Бараўскага, Мілашэвіцкага і Глушкавіцкага 4000 літраў».

Наогул, праца Шаўковіча вельмі цікавая з краязнаўчага боку. Асноўным недахопам яе, што не дае магчымасці змясціць яе ў друку, — з’яўляецца адсутнасць пэўнага плану і значны памер зборніка, які ахапляе ўсё «патроху». Лепш было б даваць тэматычнае апісанне сельсавету, што і паглыбіла б краязнаўчыя доследы і накіравала б думку аўтара ў пэўны, строга акрэслены бок. У даным зборніку, трэба сказаць, і намячаўся такі ўхіл: метэаралогія, феналогія і лясная гаспадарка сельсавету.

 

1929

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 279-305
Крыніца: скан