epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

На кірмашы

Абразкі
Астраханскія селядцы
Багамаз
Праца міліцыі і «казіны боб»


Абразкі

Два шчырыя прыяцелі Якуб Пшык і Самусь Гарачы паехалі з мястэчка Круцялёўкі на кірмаш у вялізнае сяло Горы. Там кожны год на Дзесятуху адбываўся кірмаш на ўсю акругу. З’яжджалася шмат народу з вёсак, мястэчак, гарадоў. Нават прадстаўнікі Гомеля, Навазыбкава, Клінцоў заўсёды бывалі тут.

Для вясёласці захапілі з сабой яшчэ настаўніцу Крутарожкаву, якую за вочы звалі «лятаючай настаўніцай», бо ніводнага фэсту, кірмашу яна не прапускала і лічыла, што ў гэтым яе грамадзянская праца.

 

Астраханскія селядцы

Плошчы, вуліцы, завулкі запоўнены народам, вазамі, коньмі, каровамі. Кірмаш адчыніўся, як толькі пачало днець. Пальца нельга праціснуць: усе месцы пазаняты, размяркованы, куплены. Гаршкі, кадкі, бочкі, лыкі, а шапак столькі, што хапіла б на ўсю губерню. Сем кааперацыйных будак. Шмат будачак прыватных гандляроў.

Куліну з яе таварышамі захляснуў людскі натоўп. Ледзьве паспелі прыстроіць кабылу. Натоўп данёс іх да цэнтральнай плошчы. Там адразу кінулася ў вочы невялічкая будачка, дзе прадаваліся «астраханскія селядцы».

Прадаўшчыца тоўстая, гадоў пад сорак, вочы бегаюць па наваколлю. Пот цурком льецца з твару. Прывезла шэсць бочак, але высунула толькі адну, дый то толькі ў дне, астатнія задрапіравала рагожкамі.

Зычна выслаўляе свой тавар. Сваёю прапагандай першая адчыніла кірмаш і з таго часу крычыць без перастану:

— Астраханская рыбка! Залатая рыбка! Купляйце! Заходзьце! Нідзе танней не купіце! Усё ўжо прадана, толькі ў дне засталося, аддаю за нівошта.

Яе голас мімаволі прыцягвае ўвагу кожнага, хто праходзіць. Кожны спыняецца, прыслухоўваецца, смяецца.

— Я не ведаю, чаго больш у гэтым крыку: мастацтва ці прыроды, — кажа Гарачы сваім таварышам, — жыў яшчэ гандляр і яго традыцыі. Давайце, спынімся тут. Гэта цікавы тып мінулага, якое адмірае.

Каля гандляркі сядзіць нібы муж, нібы кампаньён. Ён маўчыць, толькі выконвае загады. А гандлярка ўся перайшла ў крык, размахвае рукамі, хціва ўглядаецца ў кожнага, хто міма ідзе.

Усё яе тлустае тулава захоплена «працай». Валоссе ўскудлычана, дзесяты пот зганяе. Так і напісана на яе твары: «грошы, грошы, грошыкі».

Гэта пакута й радасць яе жыцця.

Падыходзіць селянін, нерашуча слухае зычны голас прапагандысткі, касагурыцца на рыбу.

— Купляй, купляй! Ой, залатая рыбка! Са смакам вады нап’ешся! Во, паглядзі, памацай.

Сама дастае з бочкі рыбу, любоўна гладзіць па бруху, — спачатку рыбу, потым сябе.

— Колькі за яе хочаш?

— Толькі для цябе няхай будзе па сямнаццаць капеек.

— Ачмурэла ты, ці што? У кааператыве па дванаццаць капеек. Каціся ты каўбасою са сваёю рыбаю!

— Што? У кааператыве? Дык ці то рыба? Там жа труха, вантроб’е! Там гомельская паршывая рыба, а гэта з Астрахані! Сама ездзіла!

Астраханскі довад дапамагае. Селянін мяркуе. Прапануе даць цану, якая ў кааператыве.

— Не, не! Ня можна! Каб я выхварала, калі мне самой не даражэй каштуе! Што мне з табой рабіць? Ну, для добрага чалавека... скіну... Адваж яшчэ па тры капейкі на фунт — і рыба будзе твая!

Селянін муліцца і стаіць на сваім. Гандлярка па-свойму ўпаўголаса кажа свайму кампаньёну:

— Крычы, пакрычы на мяне, што я танна прадаю!

Нечакана, як гром, раздаецца абураны голас:

— Адурэла ты, ці што? Што ты робіш? Ты мяне ў трубу загоніш! Халера на цябе, каб ты здохла! Нам самім па шаснаццаць капеек каштуе!

— Ну што ж ты зробіш. Не цэльны ж дзень гараваць нам тут! А добраму чалавеку чаму не ўважыць? Ты думаеш, яму лёгка жыць? З яго таксама жылы цягнуць! Ой, як цягнуць! Няхай хоць нас памінае добрым словам... Ну крычы, мацней лайся на мяне.

На ўсю моц крычыць гандляр, з кулакамі накідваецца на яе:

— Хвароба табе на пуп! Каб цябе чэрві стачылі, каб цябе трасца схапіла! Здохні ты. Тут не толькі твае грошы, але й мае. Я па гэтай цане не аддам!

Селянін упарта стаіць на сваім. Урэшце з выразам жалю і гатоўнасці ўсё аддаць добраму чалавеку, гандлярка згаджаецца. Якуб Пшык умешваецца і нечакана крычыць на кампаньёна:

— Крычы, пакрычы на яе!

Гандлярка абурана кажа кампаньёну:

— Што трэба гэтаму курносаму чорту? Каб яго халера задушыла!

Пшык пытае ветліва:

— Калі ласка, скажэце: у вас часам няма гэраічных селядцоў?

— У нас толькі астраханскія. Гэта самыя лепшыя!

— Надта жаль! Нам патрэбны толькі гэраічныя селядцы.

Гурбою падыходзяць бабы, мацаюць, нюхаюць, аглядаюць рыбу з усіх бакоў. Адна баба неяк сарамліва і нялоўка хавае рыбу за пазуху. Гандлярка ловіць на месцы злачынства.

— Давай сюды рыбу! Заплаці грошы, тады торкай, куды сабе хочаш! Зладзюшка! Свабоду далі! Мне самой яна мазалём дастаецца.

Падыходзіць начміліцыі Дроцікаў, нюхае рыбу.

— Гэта ж тухляціна! Я аддам загад закінуць яе!

— Ой, што вы кажаце, таварыш! Гэтую ж рыбу не ў Гомелі лавілі, а толькі ўчора з Астрахані прывезлі. Яна нічым не пахне, толькі морам. Рыбка. Залатая рыбка. Я сама сёння з’ела цэлых восем штук!

— Пойдзем далей. Гісторыя пачынае паўтарацца! — кажа Гарачы таварышам. Яны ідуць далей.

 

Багамаз

Падыходзяць да балаганчыка па суседству з астраханскімі селядцамі. Тут багамаз з сваімі цацкамі. Панавешаў абразкоў. Алейным голасам пішчыць:

— Праваслаўныя хрысцьяне! Не ўгодна лі купіць Госпада Ісуса Хрыста! Прачыстую Багародзіцу! Святога Юрыя, Міколу-цудатворцу!

Натоўп маўчыць, глядзіць на багамаза, як на цікавы анахранізм.

— Цяпер сваіх прадасі, каб толькі купілі, а не то каб зноў купляць! Прайшоў гэты час!

Падыходзіць нейкі вясковы хлопец, слухае ўважліва багамаза, ветліва пытаецца:

— А ці не можна купіць у вас святога Лынду?

Багамаз прыкідваецца, што не чуе ганебнае прапановы. Дрэнныя справы ў багамаза. Толькі адна баба і купіла двох багоў за чатыры рублі. Паставілі іх каля калёс. Другая шла, ненарокам таўханула.

— Стой, стой, куды разагналася? Маіх багоў паб’еш!

— Я ж такі заплаціла чатыры рублі. Гэта ж не жарты!

Адным бокам глядзіць, ці цэлыя багі, другім углядаецца ў бабу, бача на ёй новую хустку!

— Колькі аддала?

— Тры рублі.

— А мае багі чатыры рублі!

Баба, як відаць, шкадуе, што лепш не купіла хусткі, а немаведама зачым купіла багоў.

 

Праца міліцыі і «казіны боб»

Час клоніцца да вечара. Абрыдла хадзіць.

— Паедзем дамоў. Ужо ўсё пабачылі.

— Што ж, паедзем!

Пачалі збірацца. Убачылі начміла. Нейкі сумны, нібы нешта паганае праглынуў.

— Чаго вы такі сумны? Па жонцы занудзіліся?

— Ведаеце, чаго ён сумны? Таму, што на кірмашы не было для міліцыі працы! Ні мардабойстваў, ні скандалаў. Ніводнага п’янага. Суслікі, як праз зямлю праваліліся. Няма прычэпкі.

— Ха-ха-ха! Праўда. Толькі спаймалі двох гомельскіх жулікаў, якія выдавалі сябе за нямых.

— Ну, паедзем. Толькі перад гэтым нап’емся гарбаты. Кажуць, тут надзвычайная крыніца, куды йшоў ход. Бачылі?

Парашылі для самавара набраць вады з гэтае крыніцы. Але як прынеслі ваду, дык убачылі, што вада нячыстая. Чаго толькі не было ў гэтай надзвычай крынічнай вадзе. Нават «казіны боб».

— Пэўне, ён з’явіўся ў крыніцы мэтамі антырэлігійнай прапаганды! — казалі вандроўнікі, абмяркоўваючы па дарозе таемнае паходжанне «казінага бобу».

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 163-167
Крыніца: скан