epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Навалілі

З натуры

 

У вакно хаты застукалі.

— Хто там грукоча? Чаго трэба?

— Адчынеце, калі ласка, справа ёсць!

Гаспадар злез з печкі і, лаючыся, пайшоў адчыняць вароты. Праз некалькі хвілін увайшлі з ім два чалавекі: адзін быў звычайны селянін, другі, яшчэ малады, быў апрануты ў падранае, абсморганае пальто.

— Бачыце, — сказаў гаспадар, — у нас нельга пераначаваць. Каб мы адны былі, я пусціў бы. Ці мне шкода? А то ў мяне кватарант, ды яшчэ хворы!

Селянін паглядзеў на сядзеўшага моўчкі за сталом віднага, здаровага мужчыну і падумаў: «Ого-го-го!»

— Мы, можа, паладзім! Мы не патурбуем хворага, звернемся дзе-небудзь у клубочак дый пераспім! Прасіліся ў шмат каго — ніхто не пускае. Заехалі, папрасіліся ў школу да настаўніка, дык там пуня згарэла! Каня няма дзе паставіць! А нам гэта галоўнае. Дык дазвольце ўжо нам перабыць тут.

Сядзеўшы каля стала зацікаўлена паглядзеў на абсморганае паліто гаварыўшага.

— А вы самі хто? Не настаўнік?

— Але ж! Я настаўнік з Дрындзюлеўкі!

— А! Дзядзька, пусціце іх. Яны нам не перашкодзяць!

Начлежнікі пачалі распранацца. Потым моўчкі селі на лаве, пачалі курыць. Настаўнік прапанаваў запаліць сядзеўшаму каля стала. Той адмоўна пакруціў галавой. Некалькі хвілін цягнулася маўчанка.

— З Клімавіч едзеце?

— Эге! Дрэнная зіма, дрэннае надвор’е, дарога, усё дрэннае! — сказаў, каб толькі загаманіць, прыехаўшы селянін.

Чалавек, які сядзеў за сталом і піў гарбату, звярнуўся да настаўніка і запрасіў:

— Калі ласка, можа, шклянку гарбаты? Пэўна, троху ветрыкам прахапіла. Сёння моцны вецер!

Настаўнік падсеў да стала. На стале ляжала шмат чаго: здобныя булкі, вясла абаранкаў, стаяў поўны гаршчок з цукрам, карабок какао, талерка з мёдам, стаяў кухлік з маслам, на талерцы была нарэзана вянгліна, ляжала цэлая грудка нейкіх сапстрыкаў, якія вабілі вока.

Відны мужчына павольна браў булку, адразаў тонкую скібку, ляніва намазваў яе маслам, тады паліваў зверху крыштальна празрыстым мёдам, потым наліваў з самавара вады, апускаў туды какао, клаў цукру, размешваў і пачынаў павольна сёрбаць. Усю гэту аперацыю ён рабіў, як быццам вырашаў вельмі складаную праблему. Ён прапанаваў тое самае зрабіць і настаўніку.

Разгаманіліся.

— Я вас недзе бачыў! Твар знаёмы!

— Не ведаю! Можа, і так! Я быў у М-скім раёне сакратаром. А цяпер тут палітпрацаўніком у лясніцтве.

— Ага! Я пра вас чуў. Ваша прозвішча Швыдкі?

— Не памыліліся! Як у сук! А што вы чулі пра мяне?

— Што? Чуў, напрыклад, што вы энергічны чалавек...

Настаўнік пачаў дзякаваць за гарбату. Швыдкі прасіў яшчэ частавацца.

— Не, не! Дзякую! Я здзіўляюся вам. Мне нават зайздросна, што вы можаце гэтак адшарахнуць. Прыемна бачыць чалавека, гэткага жыццярадаснага, здаровага, з гэткім апетытам (Швыдкі яшчэ еў і, як відаць, не збіраўся хутка скончыць)... Я зусім страціў апетыт. Я б не ўздолеў столькі з’есці... Ведаеце, так нагрузілі працай, што дамоў толькі перахапіць забягаеш чаго-небудзь ды пераспаць… Есці не хочацца, на ежу і глядзець брыдка...

— Ха-ха-ха! Здаровы чалавек, з гэткім апетытам? Не! Вы вельмі абмыліліся! Я знасілу ем, бо трэба. Гаспадар вам праўду казаў, што тут ёсць хворы! Гэты хворы — я!

— Ну, жартуеце! Паглядзець на вас, дык ого-го! — настаўнік проста ў вочы зарагатаў.

У гутарку ўмяшалася гаспадыня:

— Не! Такі праўда! Ён хворы! Ды і хвароба ў яго нейкая дзіўная. Такой хваробы мы яшчэ не бачылі. Цэльную ночачку не спіць — усё стогне ды вохае. Толькі пад дзень задрыхне.

— Дзіўна! Што ж гэта за хвароба?

— Што гэта за хвароба? Вы вось сказалі, што на вас шмат чаго навалілі, што вы нават апетыт страцілі. Мая хвароба таксама пачалася з гэтага... Бачыце, тут, як кажуць, цэлая трагедыя чалавека, які хоча працаваць, які жыццё без працы не ўяўляе сабе, які гарыць жаданнем творчасці. І раптам — на табе! Дактары кажуць: «Нервы адмовіліся працаваць!»

— Гэта вельмі цікава.

— Цікава жыццё — не хвароба!

На хвіліну Швыдкі зажмурыў вочы, потым раптам падсунуўся бліжэй да настаўніка.

— Я вам усё растлумачу. З першага погляду можа здацца, што чалавек знячывілі дурэе. А тут зусім не тое... Ведаеце вы М-скі раён? Гэта такі раён, што адымае ўсю энергію. Памысліце толькі: адна трэць бюджэту па акрузе ўскладзена на гэты раён. Працы там столькі, што мазгі закруцяцца. А тут яшчэ раёнаванне, перабудова ўсяго апарату. Увесь цяжар лёг на мяне. Я вылічыў матэматычна, колькі я працаваў там. Я выконваў да дваццаці абавязкаў. Ці магчыма ж гэта?

— Няма нічога дзіўнага! Наш сакратар таксама завален. Нічога ніколі не бывае без яго!

— Ну, я ведаю, ён усё-такі не так. У вас, калі параўнаць з М., магіла! Вось я вам пералічу, якія абавязкі былі на мне. Зразумела, што я мог бы большую частку іх толькі на паперы выконваць, але гэта не ў маім звычаі. Дык слухайце!

Швыдкі пачаў адкладваць па пальцах:

— Сакратар, кіраўнік школы палітграматы, старшыня Рабпросу, сябра праўлення кааператыву, сябра канфліктнай камісіі, старшыня праўлення рабочага клубу, сябра раёнавай кантрольнай камісіі, старшыня таварыстваў ОДВФ, МОПР, ОДН, старшыня краязнаўчага таварыства (чаго яны мяне сюды прыплялі — не ведаю!), сакратар партбюро!..

Пальцаў на руках у Швыдкага не хапіла. Ён збіўся і не мог палічыць абавязкі. Настаўнік зарагатаў:

— На руках нічога не выйдзе! Трэба перайсці на ногі!

— Нават смешна сказаць — калі ў нас з’арганізавалася абортная камісія — мяне й туды ўсваталі. Камітэт працы сярод жанчын з’арганізаваўся — мяне й туды ўсупонілі!..

— Дзівак вы! Як жа так? Вы ж маглі большую частку пералічанай працы перакласць на іншых. Я на вашым месцы не глядзеў бы і прымусіў бы! Пры гэтулькіх абавязках нельга працаваць!

— Вы дарэмна кажаце! Але гэта лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць! Паспрабуйце — калі людзей няма, а хоць і ёсць, дык яшчэ няма ў іх звыклівасці, належнага падыходу. Апрача таго, трэба прызнацца, спачатку мяне захапіла гэтая бурлівая, бязмежная дзейнасць, гэты прастор. Як жа? Я — цэнтр усяго, паўсюды мяне высоўваюць, усё мне даручаюць. Пасля й хацеў бы адбрыкнуцца, ды язык не варочаўся.

— Заручылі дзеўку проціў панядзелку, — па нейкай дзіўнай асацыяцыі зюкнуў настаўнік.

Абодва зарагаталі.

— Не ў тым нават справа, што абавязкаў шмат. Дрэнна тое, што кожны дзень не сюды, дык туды! Кожны дзень камісіі, гурткі, школы, пасяджэнні, сходы, нарады, канферэнцыі. Зацягваецца ўсё гэта па шэсць, па сем гадзін. Ходзіш, як ашаламлёны, падаеш цэльны дзень. На пасяджэннях іншы раз прыкархнеш, бо вельмі мы любім гаварыць, вельмі любім жвакі разводзіць, а практычнага мала гаворым. Ды яшчэ гэта праклятая Ліга Часу бяздзейнічае (я таксама арганізатар яе). Назначаюць у пяць гадзін, прыходзяць у шэсць-сем. А часта збяромся ды замест справы толькі пагандзюлім, палаемся, дый кінем пытанне адчыненым. Мне гэта брыдка. Выскачу з кулакамі, ды як пачну пудраваць, як пачну з сябе жылы цягнуць... Потым амяга апануе. Падумаеш мімаволі: «Ат! Кіну-рыну ўсё дый пайду!»

— Ну, гэта маладушнасць!

— Зразумела — гэта часовая маладушнасць, бо, ведаеце, ужо гэтак уцягнуўся ў гэта турботнае жыццё, што без турботы сумна, без працы месца сабе не знойдзеш. Напрыклад, калі, як кажуць, воўк у лесе здохне і я якім-небудзь чынам сяджу дома — дык неяк не па сабе, цягне туды да людзей, да калектыўнага жыцця!..

— Шчырая праўда! І мне вядома гэта салодкая атрута! Я таксама не магу ўжо сядзець дома. Гурткі, пасяджэнні, перападрыхтоўка, лекцыі, усялякія курсы — цяпер запаланілі найбольш актыўных настаўнікаў, асабліва ў самым раёне ці блізка ад яго. Іншы раз нават прыходзіцца з апаскай глядзець на будучыню, бо для школы менш аддаеш часу, увагі, энергіі, ведаў, чымся для грамадзян!

— Слухайце, што далей было! Мяне так затаганілі, так збаламуцілі, што нейкая апантаная ўссела на мяне. Стаў я прыкмячаць, што чым далей, тым больш раблюся я апрыкслівым, датклівым, прыдзірлівым... Мне ўжо й слова не скажы: да ўсяго прычаплюся!.. Есці нічога не магу, па начох не сплю, нейкая брыдота лезе ў галаву. Адзін раз як раззыкаўся я на пасяджэнні, як пачаў лаяць усіх ды пагражаць, дык усе дагадаліся, што са мною нешта робіцца. Схапілі мяне, адвалаклі дамоў, паклікалі дохтара. Загадаў тры дні ляжаць, нікуды не выходзіць, нічога не рабіць...

Настаўнік усміхнуўся.

— Вы думаеце, што тут нейкая буржуазная кволасць? Не! Вось вам прыклад. У Менскі раён цяпер паслалі, можа, вы ведаеце яго — Мармулю. Гэта ж асілак, проста ад сахі, жалезнае здароўе. А паглядзіце на яго цяпер? Крычыць, разараецца, кулакамі пагражае. Таксама хварэў: дахтары забаранілі на тыдзень працаваць. З ім там, кажуць, проста камедыя — у газеты папаў.

— Мармулю я ведаю! Ён жа ў нашым раёне быў. Гэткі дакладны, ветлівы, практычны!

— Ну, вось бачыце? А цяпер пра яго кажуць анекдоты. Так і са мной. Пасля хваробы я яшчэ паспрабаваў працаваць, але ўжо праца валілася з рук. Цягаўся на пасяджэнні, сходы, канферэнцыі, рабіў даклады, вучыў, але што далей, то горш. Інвалід, дый толькі! Паглядзіш на іншых, якія не нагружаны, дык яны ўсё ведаюць. А табе няма часу прасачыць за друкам, іншы раз нават не перагартаеш газету. Адчуваеш сваю адсталасць, коснасць, а паміж іншым трэба гонар трымаць! Павінен усё ведаць, на ўсё адказ даць. Іншы раз урачыста ў калёшу сядзеш... Абрыдла гэта мне. Упаследак не вытрываў, доўга не вавуліў — стаў на камісію. Паслалі ў дом адпачынку. Там мяне цэльны дзень пхалі. Усё гаварылі: ежце, нікому не ўругнецеся, а сваёй кішцэ. Цяпер я, праўда, на погляд раздзелаўся ого-го! Але я яшчэ хворы, часамі некуды дзецца ад пачуцця нейкага незразумелага непакою. Тут працую ў лясніцтве. Праца лёгкая. Толькі я троху абмыліўся. Я тут думаў астраколам адгарадзіцца і аддыхнуць. Не тут-то было! І ў гэтым куточку, у гэтай вёсцы кіпіць праца, і тут ёсць гурткі, пасяджэнні, даклады, лекцыі. Мяне і сюды прысягнулі. Але тут я ўжо паразумнеў і размеркаваў працу... А галоўнае — хаджу са стрэльбай па лесе і ем, ем, ем...

— Выбачайце, вы не жанаты?

— А як жа? Я ўжо, як кажуць, даўно ачалавечыўся. Толькі не хачу, каб жонка сюды прыязджала. Мне цяпер шкодна слухаць бубненне яе. А жонка мая — яруха!

— Гісторыя вашае хваробы вельмі цікавая. Па адзнаках, якія вы намалявалі, можна думаць, што і я хутка захварэю на вашу хваробу. Трэба налегчы на кармленне: яно вам памагло?

— Памагло. Але ж! Вось калі цікавіцеся, паглядзіце, колькі прайшло праз мяне прадуктаў. Вось гэтая паперка. Тут усё зрахована за месяц!

Швыдкі адышоў ад стала, зняў з цвіка паперу і працягнуў настаўніку.

Настаўнік прачытаў: пшанічнае мукі 1 пуд, цукру 10 ф., какао 5 ф., масла 20 ф., курэй 25 шт., вянгліны 15 ф., хлеба 1 пуд, мёду 10 ф., круп рысавых 15 ф., яек 200 шт.

— Ого-го! — зарагатаў настаўнік.

— Але ж! Я ўбахаў на гэта пенсію за два месяцы. Толькі аднаго не ведаю. Можа, вы ведаеце? Майму арганізму патрэбен фосфар. Якое кармленне дае найбольш фосфару?

— Навошта вам гэты фосфар?

— Мне так казалі дактары, што ў мяне мала фосфару.

— Не ведаю добра! Здаецца, раслінная страва больш дае. Ды яго ж даюць і ў якасці лекаў. У аптэцы.

____________________

 

Пачалі лажыцца спаць. У кутку стаяў ложак Швыдкага, які быў завешан саматканай заслонай. Швыдкі пайшоў туды, за заслону, і сказаў гаспадыні:

— Калі ласка, дайце сюды смаркачык! Трэба зрабіць сцюдзёнае абціранне!

Доўга плёскаўся там Швыдкі, вохаў, прыскаўся. Настаўнік прымашчваўся на лаўцы, укладваўся спаць і думаў:

— Хвароба над хваробамі!

 

19259


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - c. 216-221
Крыніца: скан