epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Працоўны дзень савецкага лекара

І
ІІ
ІІІ


Малюнкі

 

І

Была шостая гадзіна раніцы, але жанчына-ўрач пры М-скай вясковай бальніцы ўжо не спала. З таго часу, як яна пачала жыць не на прыватнай кватэры, а пры бальніцы, ёй, як яна часта казала, было «ліха зрання аж да змяркання». Яе кожную хвіліну тармашылі, кожную хвіліну яна была аддадзена грамадзе. Во й сёння, як і звычайна, там у брудных пакоіках бальніцы ляжалі цяжкія хворыя, за якімі трэба было пільна сачыць кожную хвіліну. Гэту справу нельга было нікому даверыць: кожны верне толькі ў свой бок. Трэба было самой!

Яна хутка апранулася, пырснула на твар сцюдзёнай вадой, у два-тры махі зрабіла простую, гладкую зачоску на галаве і, нічога не перахапіўшы, выйшла на бальнічны дзядзінец, шпарка перабегла яго і ўвайшла ў бальніцу. Гэта было невялічкае памяшканне, у якім было мужчынскае аддзяленне, жаноцкае (тут жа аддзяленне для радзіх) і невялічкая амбулаторыя з шафамі для медыкаментаў. У пярэдняй каморцы стаяў куб з вадой, які заўсёды кіпеў.

Сядзелкі і вартаўнік не вельмі былі здаволены, што «дохтарша», як звалі ўсе лекара, рана ўскруцілася. Як толькі яна пачала жыць пры бальніцы, дык і яны былі ўцягнуты ў гэта ліхаманачнае жыццё, і яны былі захоплены рупнасцю «дохтаршы».

І калі ў гэты дзень на ганку пачуліся шпаркія крокі дохтаршы, усе страпянуліся: вартаўнік пачаў прыбіраць пярэднюю, падкладваць дровы пад куб. А ў пакоях сядзелкі сталі наводзіць чыстату.

— Дзень добры, Сёмка! — кінула дохтарша вартаўніку і прайшла ў пакоі. Яна зірнула на разбітыя шыбы ў вакне, якія былі запхнуты нейкім бальнічным хабоццем. Гэтыя шыбы два дні таму назад памазгатаў хворы хлапец, якому раптам прыспічыла гэта зрабіць. Яго паспелі схапіць і доўга трымалі за рукі лекар, акушэрка і вартаўнік. Потым хворага звязалі і палажылі на ложак.

«Як ён мяне тады не забіў, а нядоўга было!» — падумала яна і клікнула вартаўніка.

— Ну, што адказаў табе шляр, ці прыйдзе ён сёння? — запыталася яна.

— Ён не хоча йсці, кажа, што прыйдзецца вельмі доўга хадзіць за грашыма. Але я яго ўламаў, і пад вечар ён зойдзе...

Яна пачала абходзіць кожны ложак і пільна ўглядвалася ў твары хворых... Во ўжо трэці год ляжыць беспрытульная баба, хворая на рэўматызм. Ніякія спосабы не дапамагаюць, паспрабавалі нават малако ўпрыскваць, але ляжыць, як пласт, рукамі пачала ўладаць, а нагамі — не. Цяпер баба нават патлусцела, пэўна, будзе каля сямі пудоў, а куды ж дзець, не выкінуць жа на вуліцу: тут вылечыць нельга, а на курорт не пасылаюць...

— Ну, як ты, Хадора? — ветліва звярнулася дохтарша да хворай. — Як ты сябе адчуваеш пасля ўколаў? Ці палепшала?

— Дзякую, дзякую, — казала хворая. — Ты, матачка мая, так клапоцішся аба мне, што мне ўжо й жадаць няма чаго! Лепш, лепш мне стала!

— Ну й добра!

На другім ложку ляжаў хлапчук, гадоў шасці, Гараська, у якога была пераломана нага. Усе папярэднія дні ён крычаў, як зарэзаны, асабліва калі знімалі павязку і рабілі новую. Цяпер ён не спаў, а нешта смяяўся і барматаў сабе пад нос. Коўдру ён скінуў к нагам і гладзіў сабе па чэраву і руках. Ён любаваўся новаю чыстаю кашуляю, якую ўчора надзелі на яго. Кашуля была зусім не на яго рост, але яна была бялюсенькая і так спадабалася хлапчуку, што ён адчуваў сябе нейкім новым, надзвычайным стварэннем.

Дохтарша прыпынілася і моўчкі глядзела на хлапчука. Падышла сядзелка і пачала гаварыць:

— Каб вы бачылі, што ён рабіў, як прачнуўся. Зняў з сябе кашулю, расцягнуў яе, а ўсе — гы-гы-гы! Пацеха, дый толькі!

— Як ты, Гараська? Баліць нага?

— Троску баліць, — праз зубы адказаў хлапчук, нездаволены тым, што яго адарвалі ад цікавага занятку.

— Падабаецца табе сарочка?

— Але ж! Дай мне яе ў двору!.. Дай, — пачаў прыставаць як смала хлапчук.

— Добра! Во зараз будзем рабіць табе перавязку, і калі не будзеш галасіць, дык дам!

— Не, не буду! Толькі дай!

Прыйшла акушэрка. З дапамогаю яе дохтарша перамяніла павязку. Хлапчук ані яйкнуў. Усе здзівіліся, ажно ўсё растлумачылася вельмі проста: хлапчук, як перавязвалі, запхнуў сабе рот клокам сарочкі і цярпеў. Хлапчук быў, агульна кажучы, улюбёнцам усяе бальніцы і цяпер, калі каля яго ложка была цэлая грамада, парашыў выкарыстаць момант. момант.} Ён раптам папрасіў:

— Дайце есці! Да чаго-небудзь смашнага!

— Іш ты які! — акрысілася сядзелка. — Толькі шчэлкі пралупіў, а ўжо дай яму есці!

— Матруна! Ты зноў глупства гародзіш! Ён жа дзіцёнак! Хутчэй збегай да мяне, вазьмі там на стале кавалак булкі. Малака таксама вазьмі! — загадала дохтарша.

Яна падышла з акушэркай да ложка цяжкахворай жанчыны, якую толькі ўчора надвячоркам прывезлі ў бальніцу. У яе была вельмі моцнае крывацеча, якую ледзьве затрымалі. Па ўсім было бачна, што гэта была ахвяра «вераценніц», ці мясцовых абортніц. Акушэрка паднясла дохтаршы міску са згусткамі крыві. Уважліва ўгледзеўшыся, дохтарша сказала:

— Бачыце! Белае шлюцце. Злучальная тканка! Зразумела!

Яна падышла да хворай, улажыла пад пахі тэрмометр, даведалася пульсу, выслухала сэрца і пакачала галавой.

«Прыйдзецца рабіць аборты, хоць гэта і вельмі брыдка мне, — падумала яна. — А то гэтыя «вераценніцы» на той свет адпраўляюць. Праўду казаў прадстаўнік з цэнтру, што гэта адзіны пакуль што спосаб барацьбы з кустарніцтвам».

Яе думкі былі перарваны нейкім страшэнным войканнем на вуліцы. Дохтарша выйшла на ганак. Тут да яе кінулася, прычытаючы, уся ў слязах, ужо не маладая сялянка. Яна хапала за рукі дохтаршу.

— Матачка! Дапамажы мне! Адратуй майго мужыка! Умалюшылі зладзеі!

— Дзе ж ён? — запыталася дохтарша і зараз убачыла, як фортка адчынілася і двое мужчын уняслі страшэнна збітага чалавека. Яна загадала ўнясці яго ў бальніцу, сама пайшла ў амбулаторыю. Адчыніла шафу, пачала даставаць чыстую бялізну, бінты і іншыя рэчы. Шафа была паўна-паўнюсенька ўсялякай бялізны, якая была дакладна раскладзена. Гэты запас бялізны яна нарыхтавала яшчэ з першых часоў рэвалюцыі, калі яшчэ тут, у мястэчку, была надзвычайная камісія. Неяк здарылася, што самы галоўны камісар камісіі раптам захварэў. Яго прывязлі да дохтаршы ў становішчы непрытомнасці. Ёй неяк удалося вельмі хутка і добра адратаваць камісара. Апошні не ведаў, як дзякаваць яе, і запытаўся:

— Што вам даць за тое, што вы адратавалі мяне? Як мне дзякаваць? Кажэце! Я ўсё магу зрабіць!

Яна сказала:

— За гэта я нічога не бяру! Вы забываецеся, што я маю пасаду і павінна была гэта зрабіць!

Але камісар хацеў як-небудзь аддзякаваць і ўрэшце сказаў:

— Ну, калі не для вас, дык для бальніцы я б мог што-небудзь зрабіць! Напрыклад, ці трэба вам бялізна!

А ў яе тады ні рушнічка, ні прасцірадлаў, ні сарочак, нічога-нічагусенька не было. Яна згадзілася прыняць.

І вось камісар прыпёр тры вазы бялізны. Цяпер усе, хто з начальства наяжджае да бальніцы, дзівяцца, што тут ёсць бялізна ў той час, як у іншых, дзе нават казна дапамагала і ўсё давала, — няма нічога: усё папаразвалачылі, папагадзілі, папабралі!

Кожны раз, як дохтарша адчыняла шафу, заўсёды, як жывы, у яе ваабражэнні з’яўляўся гэты камісар, які быў простым, але чулым чалавекам. І заўсёды, калі ёй хацелася, сціснуўшы кулакі, лаяць парадкі, — ёй прыпамінаўся гэты камісар, і яна пачынала ўсміхацца.

Дастаўшы ўсе неабходныя рэчы, дохтарша шпарка паняслася ў палатку. Там акушэрка ўжо абмывала раны прывезенага чалавека. Каля ложка моўчкі стаяла кабета з безнадзейным выразам твару. Слёзы, буйныя як боб, каціліся па шчоках. Дохтарша ўважліва абгледзела раны і знайшла іх сур’ёзнымі. Апрача таго, яна канстатавала «fractura clavienlae». Хутка, з натхненнем, умомант налажыла павязкі і толькі тады звярнулася да кабеты:

— Не бойся, баба, твой мужык будзе жыў. Мы адхаем яго. Добра, што ты не замарудзіла!

Баба кінулася да лекара, схапіла за рукі і хацела цалаваць іх, але дохтарша адсунула яе. Баба троху супакоілася і пачала апавядаць сваё гора:

— Казала я яму — кінь ты, якая табе карысць! Нашто табе гэты камітэт, нашто табе вазекацца з чужымі грашмі! Праўду людзі кажуць — не gадзівіце: лепш біць свае вошы, чымся лічыць чужыя грошы!.. Во ён павёз здаваць грамадзянскія грошы, а нейкія зладзеі падсцераглі, грошы забралі, а самаuj крыху зусім не забілі! Ой, гора мне, у дварэ цяпер усё пойдзе прахам!

Дохтарша вытурыла яе:

— Трэба, каб было ціха, хвораму нельга, каб галасілі. Ідзі, ідзі, бабка! Калі што-небудзь трэба будзе, мы паклічам!

Баба выйшла на ганак і крукам прысела на лаўцы.

Была дзевятая гадзіна. У дзевяць пачнецца прыём хворых, а дохтарша яшчэ не снедала, яшчэ не піла гарбаты. Яна пайшла дадому. Тут да яе падышла дзяўчына, пачала нешта шопатам казаць. Яна вельмі саромелася і чырванела. Дохтарша адразу зразумела і павяла яе ў бальніцу. Там абгледзела і сказала:

— Во што, галубачка! Чаму ж ты раней не запыталася? А то як кажуць: тады дзеўка схамянулася, як у пузе страпянулася! Цяпер я табе нічым дапамагчы не магу... Вельмі позна... Прайшоў час. Ён ужо жывы... Я ведаю, што па сацыяльным становішчы табе дазволілі б, але сама бачыш!

Дзяўчына моўчкі заплакала.

— Хто ён, заможны ці не?

— Ой, лепш не пытайце! Я чалядкай у краўца Масея! Ад яго!

— Масея? Ты не хлусіш? Дык яму ж гадоў сорак, дый жонка ёсць! Во халера! Сівізна ў бараду, а чорт у ляшкі! Як жа ты? Здурэла, ці што? На што ж ты спадзявалася?

Дзяўчына ўсё вылажыла.

— Ну, ведаеш што? Шчыра табе скажу, што позна! Ніякі дохтар не зробіць гэта. Але што ж? Сорам адсунь убок! Сведкі ёсць? Дык падавай у суд — цяпер стрыгуць іх добра! Ты не саромся — маткай быць не сорамна!.. Дый жанаддзел табе дапаможа, нават і месца новае адшукае. Я сёння ж, як убачу Скрылькоўскую, скажу ёй!

Дзеўка пайшла. Пачалі на ганак збірацца хворыя да прыёму. Дохтарша паспяшыла на кватэру, але на хвіліну забегла, каб паглядзець на свіранчык, які толькі што прыйшоўшыя рабочыя крылі саломай. Яна пагаманіла з імі.

— Гэта вам выканком пакрывае свіран? Ён будзе плаціць ці вы? — пыталі рабочыя.

— Але ж! Выканком!

— Чаму ж ён вам не дае гонту ці дору?

— Кажа, што й так добра будзе!

— Ого! А ўсім іншым грамадзянам забараняе крыць будынкі саломай. А сам дык нават для бальніцы не разжыўся дору!

— Ну, гэта яго справа! — адказала дохтарша і пайшла піць гарбату.

 

ІІ

Роўна а 9 гадзіне пачаўся прыём. Прыйшлі два фельчары. На ганку і ў пярэдняй таўпілася шмат народу. У амбулаторыі на зэдліку сядзела жанчына-ўрач і кожнага хворага аглядала сама. Тут жа на сталох церлі, круцілі нейкую мазь, скручвалі парашкі, мазалі вочы, пускалі нейкія кроплі, перавязвалі рукі, ногі, усялякія балючкі. Перад лекарам стаяў столік, і на ім яна пісала рэцэпты ці пасведчанні аб калецтвах. Гэтых пасведчанняў ёй шмат прыходзілася рабіць.

Найчасцей прыходзілі бабы, якіх мужыкі, наглыктаўшыся самагонкі, збівалі на горкае яблыка. Часта яна тут жа пагаджала мужыка і жонку. Часта прыходзілася пасвядчаць калецтва за зямлю, якую не падзялілі ці адабралі, за маёмасць, якую браты не ўмелі згодна размеркаваць.

Перад ёю адчыняўся жудасны малюнак народнага гора й цемры. Во і сёння ў яе аж мазгі закруціліся — колькі было гэтых калецтваў, сінякоў, крывападцёкаў, звіхаў. Усё перавязкі, перавязкі — нават бінтоў не хапае. Час ад часу яна адрывалася ад століка і дапамагала фельчарам: працы было шмат — нельга ўправіцца.

Прыкмеціўшы, што фельчар абгаліў у хворага рану, тады адышоў убок і пачаў курыць цыгарку, дохтарша строга сказала:

— Вы кінулі адчыненай рану, а самі курыце! Гэтак нельга! Трэба скончыць, а потым...

Фельчар кінуў цыгарку і сказаў:

— Выбачайце, у мяне галава ходарам ходзіць! Пасля смерці майго Янкі ў мяне ўсё з рук валіцца.

Ёй стала шкада фельчара.

Прыйшлі хворыя на пранцы — чатыры чалавекі. Ім трэба было зрабіць уколы. Загадала другому фельчару.

— У мяне рукі паранены, — адказаў той.

Яна паморшчылася. Зусім не ў гэтым была справа, а ў тым, што ён баяўся дакрануцца да гэтых хворых. Сама зрабіла ўколы і, як пайшлі хворыя, кінула ў бок фельчара:

— Дарэмна баяцца! Тым, што ўколы зробіш, не зачэпіш хваробы!

Падышла жанчына і пачала жаліцца на нястраўнасць.

Дохтарша абмацала яе.

— Табе трэба малошную крупеню... яйкі... кураціну... пшанішную булку...

Жанчына сумна пакачала галавою:

— У нас і хлеба няма, і солі няма, адна бульба. Дзе ўжо там аб гэтым думаць... Хоць бы зелля якога-небудзь далі!

— Дам, дам, але табе патрэбна добрае кармленне. Лажыся ў бальніцу: ты зусім хворая!

— Куды мне лажыцца, самая гарачая пара! Як жа можна кінуць!

Жанчына, згорбіўшыся, пайшла, узяўшы шклянку зелля. Дохтарша нічога не сказала, толькі ыхнула. Ужо шмат разоў, кожны дзень яна чуе гэткія адказы. Што яна можа зрабіць? Часам ёй здаецца, як быццам пачынаецца новае жыццё, як быццам менш гора, тугі, але прыйдзе вось гэткая баба і разаб’е ўсе яе мары, усю яе веру ў жыццё.

Прыйшоў сакратар прафсаюза і кабета жанаддзела. Пачалі закідваць пытаннямі:

— Колькі гадзін вы працуеце? Колькі ў вас сядзелак? Ці ёсць у іх выхадны дзень?

— Мы не можам вылічыць, колькі гадзін працуем. Бачыце, колькі ў нас бывае на прыёме? Штодня не менш ста пяцідзесяці чалавек, а то й больш! І хоць мы павінны прымаць ад дзевяці да трох, але самі ведаеце, што хворых, якія прыпляліся за дзесяць — пятнаццаць вёрст, не папрэш у двор да другога разу... У нас нават і няма выхаднога дня. Хоць і вывесілі абвестку, што па панядзелках прыёму не будзе, але сяляне толькі нядаўна даведаліся аб гэтым, і нават у гэтыя дні бывае дваццаць— трыццаць чалавек. Апрача таго, у панядзелак мы вымушаны рабіць аперацыі, бо іншага дня ў нас няма...

— Так, — прабарматаў сакратар. — Але вы павінны даць выхадны дзень сядзелкам. Аб загадчыках станоў мы не клапоцімся!

— Добра! Я дам ім выхадны дзень, але хто ж будзе іх работу рабіць?

— Дайце ім змену! У вас павінна быць змена!

— Але змены няма! Аддзел нават на тое муліцца, што ў нас дзве сядзелкі, ён хацеў, каб адна была... А чаму вы мне не дасце вольнага дня? Я нават вольнага часу не маю. Але я й не дабівалася! Калі рук не хапае да працы, дык не прыходзіцца разважаць аб ахове сваёй працы!

Гутарка перайшла на іншую тэму. Як сакратар, так і Скрылькоўская, а часта і старшыня выканкому дый сакратар ячэйкі часта наведваліся ў бальніцу. Ім упадабалася гутарка з дохтаршай. Праўда, яна ім часта сыпала прысакам у вочы, часта лаялася, часта гэтак адпальвала, што хоць нос завярні, але ў яе была шчырасць: у гэтым кутку праца кіпела. Яна не памінала пра старое, не раўняла старое «вальготнае» жыццё з новым жабрацкім і часта паўтарала: «Хто старое памяне, таму, распёкшы палец, ды ў вока!»

— Ведаеце, — казаў сакратар, — у нас сёння агульны сход сяброў саюза. Будзе абмяркоўвацца пытанне аб прафесійнай праверцы... Ёсць пастанова, каб не было жаднага сябра непісьменнага ў прафесійным пытанні.

— Што вы кажаце? Мне прыходзіцца вельмі палохацца гэтага, бо я ні ў зуб не кемлю і нават не ведаю, які кангрэс Камінтэрна ці Прафінтэрна ўжо адбыўся. Газеты я чытаю, калі прыйдзецца!

Яна змоўкла і пачала выслухваць нейкага хворага, з жоўтым тварам селяніна, у якога было цяжкае са свістам дыханне.

— Ты значна пахудзеў з таго часу, як быў у мяне, — сказала яна. — Напэўна, ты дрэнна кормішся? Трэба перамагаць сябе, а то дрэнна будзе. Дзяцей заставіш! Трэба есці як можна больш. А лекі мала дапамогуць, бо перш-наперш трэба есці, есці, есці!

Яна загадала фельчару даць хвораму парашкоў і нейкіх пілюлек. Хворы адышоў.

У гэты момант за дзвярмі пачуўся крык стоража: «Куды цябе прэць нячыстая сіла? Трэба пільнаваць чаргу. Бачыш, во чакаюць чаргі».

— Нам трэба! Пусці...

Дзверы раптам расчыніліся. Увайшлі два хлопцы. Дохтарша пазнала іх. Гэта былі камсамольцы. Твары ў іх былі ўстрывожаныя.

— Што здарылася? — запыталася.

— Няшчасце. Наш камсамолец Беленькі, той, што служыць у кааператыве кур’ерам, разбіўся, скінуўся з драбіны. Мы прыйшлі папярэдзіць: яго зараз сюды прывязуць. Але здаецца, не будзе жыў. Ён у непрытомнасці.

Яна замітусілася. Забегала па амбулаторыі, адчыняла то адну скрыначку, то другую. Камсамольцы казалі:

— Беленькі палез на гімнастычную драбіну, ужо далез да верху, але яшчэ хацеў далей узлезці, сарваўся і шмякнуў. Напэўна, адгокаў сабе лёгкія: кроў на вуснах.

— Колькі разоў я казала вам, каб забаранілі гэтае лазанне па драбінах. Ці ж гэта першы выпадак? Кіраўніка фізкультуры няма, а яны так, кустарніцтвам! Куды вы глядзіцё? — накінулася яна на сакратара й камсамольцаў. — Гэтыя драбіны без належнага кіраўніцтва толькі псуюць здароўе. Рыбку помніце, настаўніка? Таксама хацеў паздаравець, пакуль на гэтых драбінах падарваўся і загінуў... Як жа? Наставілі лесвіц, брусоў, бар’ераў, турнікоў, а кіраўніка няма. І вось зрання да змяркання ўся блазнота там, нават хлопчыкі па восем гадоў круцяцца, верцяцца. Я абавязкова дам знаць аб гэтым. Гэтага немагчыма цярпець... Чаму не выпішыце кіраўніка? Я ведаю, што сродкі адшукалі б.

Памаўчаўшы, яна сказала:

— Няшчасная матка гэтага Арона! Гэткая галота, беднасць, што апісаць нельга! Толькі ўсяго месяц, здаецца, як яму далі кур’ера. І на табе!

— Але ж! Сёння ён першы раз надзеў новую фрэнчу і галіфэ: першы заработак! — сумна казалі камсамольцы.

Уняслі разбітага. Садралі ўсю адзежу з кроўю, хутка зрабілі перавязкі. Пераломы былі ў пяці мясцох. Дохтарша, усміхаючыся, сказала:

— Жыў будзе! Нават дзіўна, што з гэткай высачыні, але не зусім разбіўся!

Сакратар і камсамольцы пачалі выходзіць.

— Хоць нам і непрыемна вас турбаваць, але хочам прасіць, каб пасля нашага сходу вы зрабілі нам лекцыю аб пранцах ці аб сухотах!

— Калі ўсё будзе добра — зраблю. Але ўпэўніць вас не магу. Хворага трэба кожную хвіліну сцерагчы.

— Крыху не забыўся, — сказаў сакратар. — Вось вам паперы з павету. Дый шмат.

Дохтарша сунула паперы ў кішэню. Яна яшчэ пагаманіла з Скрылькоўскай аб бабскіх справах, аб абортах, аб пакрыўджанай чалядцы.

Прыём заканчваўся. Камсамолец стагнаў, і дохтарша часта бегала туды паслухаць і паглядзець. Папрасіла фельчара дзве гадзіны павартаваць каля хворага, а сама, зачыніўшы прыём, выйшла на бальнічны дзядзінец, дзе спаткала старшыню выканкому, што прыйшоў паглядзець свіранчык, які пакрывалі саломаю. Пагаманіла з ім.

— Ці не топіцца ў вас сёння лазня, ці не будзе ў вас сёння голы банкет? — троху жартліва запытаўся старшыня.

— Але ж! Сёння субота. Топіцца. Прыходзьце. Сёмка вас паведаміць... А во што я вам хацела сказаць. У нас на выхадзе медыкаменты, няма ўжо перавязачнага матэрыялу, і колькі тэлефанаграм я не біла — маўчаць там як вады ў рот набраўшы... Дапамажыце, а то мы хутка апынемся ў такім становішчы, што прывязуць параненага і нечым будзе адратаваць!

— А ведаеце, што я зраблю?.. Я акышканая птушка. Са мной яны не пажартуюць... Сёння я па тэлефону скажу, што бальніца ўжо тры дні не працуе!

— Як жа так? Гэта ж няпраўда!

— Я напалохаю іх! Пабачыце, як зараз усё будзе!

— Рабіце як ведаеце! Толькі калі ў мяне запытаюцца, скажу, што ёсць!

 

ІІІ

Сербануўшы не вельмі спажыўнай стравы, якую зварыла пяцідзесяцігадовая кабета Агата, дохтарша ўзялася за пошту і пачала праглядаць яе.

Вельмі шмат было паперак службовых як з цэнтру, так і з павета. Чытаючы іх, яна то ўсміхалася, то пільна ўчытвалася, іншыя перачытвала шмат разоў, як быццам не верыла сваім вачам. Асобна яе здзівіла анкета, якую трэба было як мага хутчэй скласці. Трэба было адказаць: які клімат бальнічнага раёну, флора, фаўна, геалагічная будова, глеба, ураджайнасць, крыніцы, нараджальнасць, смяротнасць, колькасць шлюбаў у даваенны час і цяпер, культурны стан да вайны і цяпер, колькасць школаў, забабоннасць, народная медыцына, лекавыя травы і гэтак далей. Адным словам, яна павінна была абхапіць усё жыццё свайго раёну, не кажучы ўжо аб тых пытаннях, на якія яна прымушана была адказаць як медык. Анкета была на шасці аркушах. У яе аж галава закруцілася. Яна адразу зразумела ўсю паважнасць гэтае анкеты для навуковага вырашэння сацыяльных праблем, але яна не ведала, як прыступіць да яе, калі ўрваць час, дзе адшукаць матэрыялы. Трэба адразу быць географам, геолагам, статыстыкам, этнографам! Яна ўсё думала, перачытвала анкету, тады раптам стукнула сябе па ілбу: «Якая я даўбень! Гэта ж не так цяжка!.. Геаграфічныя, кліматычныя, забабонныя і іншыя даныя вазьму ў тутэйшага «беларуса». Ён вельмі з гэтым носіцца! Статыстыку вазьму ў выканкоме ці ў статыстыка, які тут, здаецца, ёсць!»

Яна пачала размяркоўваць пункты, якія трэба аддаць выканкому, статыстыку, беларусу, а на іншыя пачала пісаць адказы. Але не скончыла іх. Трэба было хоць наскокам прагледзець іншыя паперы. У іх таксама было шмат непрыемнага. Ёй загадвалі з акругі, каб яна яшчэ да пачатку вучэбнага года зрабіла агляд усіх калодзежаў па раёну, усіх школаў з санітарнага боку, вымерыла ахоп школьных будынкаў, класаў у кубічных метрах. А калі пачнуцца заняткі, каб зрабіла самы дакладны агляд вучняў, запісала іх вагу, гады, ахоп грудзёў, крывазварот, кармленне, тканіны, мускулы і гэтак далей. Казалі нават, каб яна звярнула ўвагу на постаць вучняў, ці роўна яны сядзяць, ці ўважліва слухаюць, ці добра адзеты, абуты.

— Ці можна гэта выканаць? — падумала яна. — У раёне больш сямідзесяці школаў, і калі я паеду кожную аглядаць, дык у бальніцы дзянькоў з дзесяць будзе халамус. А калі яшчэ запісваць становішча кожнага вучня ды важыць яго, дык жа ў адной толькі сямігодцы каля чатырохсот дзяцей! Трэба даручыць фельчару, а самой, хоць здохні, — нельга!

Кінула паперы, пайшла паглядзець Арона. Ён ляжаў як пласт і цяжка дыхаў. Памерала пульс і на нейкіх адзнаках супакоілася.

Быў надвячорак — васенні. Агата пайшла за каровай, якую трэба было прыгнаць з саўгасу на ноч. Ды нешта замарудзілася: няма ні каровы, ні яе. Агата не была чалядкай, а так, як часта сама дохтарша з усмешкай гаварыла, — «прыхвасцень дробнай буржуазіі». Калісьці яна хворая прывалаклася з нейкіх віроў у бальніцу, паляжала там, а калі выпісалася, ёй некуды было ісці, і дохтарша ўзяла яе да сябе. Сама дохтарша была ўжо немаладая, гадоў сорак пяць, і гэткім чынам удвох жылі яны. Агата карміла, як умела, варыла нейкую страву, кожны дзень тую самую, але за працай дохтарша гэтага не прымячала.

«Пэўна, забралі карову ў шкодзе», — дохтарша толькі падумала, як хвортка адчынілася, увайшла кароўка, за ёю, галосячы, плялася Агата.

— Што з табой? Пабіў цябе хто, ці што?

— Рандар Хаім пагнаўся за нашай кароваю, хацеў загнаць яе ў кашару, а я не даваць, дык ён мяне ціск за руку, дык як мездрануў мяне, як пачаў мяне штурхаць ды круціць руку, аж нешта захрупацела, і цяпер не можна дакрануцца да рукі, не можна парушыць рукою... Але кароўку адбіла — яна ўцякла ў двору...

— Пакажы! Пакажы?!. А-яй-яй! Агатачка, гэта ж ён табе пераламаў руку! Во, халера, жарты гэта?

Павяла Агату ў амбулаторыю, зрабіла павязку.

«Даў бог ляльку, цацкайся з рукою цяпер, — падумала дохтарша. — Не шанцуе! Цяпер трэба самой варыць, карову даіць... Хоць вазьмі ды лопні».

Сядзелка, увазнаўшы гора, прыбегла, падаіла карову, паставіла самавар.

Прыйшоў фельчар, і дохтарша з ім пайшла на вячэрні абход хворых па мястэчку. Потым яны пайшлі ў прафсаюз, і яна там прачытала лекцыю. А калі вярнулася дамоў, там стаяў Хаім і вельмі прасіў Агату, каб яна не скардзілася суду. Убачыўшы дохтаршу, Хаім пачырванеў і сказаў:

— Я не ведаў, што яна жыве ў вас!

— Як так? — загрымела дохтарша. — А калі не ў мяне — дык можна? Яна абавязкова будзе судзіцца, бо за гэткае калецтва не менш трох месяцаў турмы належыць!

Хаім ужахнуўся: «Ой-ой-ой! Я ёй лепш дам тры чырвонцы, толькі няхай не судзіцца!»

Дохтарша вытурыла Хаіма.

— Табе трэба ўзяць тры чырвонцы, — казала яна Агаце. — Якая табе карысць, што яго пасадзяць у турму?

Ужо позна было. Яна яшчэ раз даведалася бальніцы, абышла ўсіх хворых і вярнулася на кватэру, каб лажыцца спаць.

— Нападалася я сёння! Туды шах, сюды шах. За кожным сачы, кожнага даглядай, не на каго паверыць! Во сядзелка ў цмыга, некуды драпанула, а бабу кінула. Вартаўнік таксама некуды пакруціўся, недзе там беляндрасы точыць!.. А тут яшчэ ў самой паненка села на баку, хадзіць цяжка, — гаманіла яна з Агатай, якая вохала і стагнала.

Толькі сабралася яна лажыцца, як раптам пастукалі ў дзверы. Прыйшлі міліцыянеры і прывялі нейкага дзюндзю-інтэлігента, які вельмі ўсусліўся. Папрасілі, каб яна канстатавала нецвярозасць прыведзенага, бо апошні нагла адмаўляў факт!

— Гэтыя п’яныя дасалілі мне. Пачакайце ж, выкіну такую фартэль, што больш гэтых суслікаў не павядзе! Як быццам самі не бачаць.

Яна ўзяла пульс, палічыла і сказала:

— Пульс звычайны!

Потым паставіла тэрмометр і сказала:

— Тэмпература нармальная!

Яна хацела напісаць аб гэтым, але міліцыянер сказаў:

— Але ж у яго з роту смярдзіць самагонкаю, нашто гэты пульс?

— Дык вы і нюхайце, а для мяне досыць ведаць пульс і тэмпературу!

Яны пайшлі. Яна крыху пасмяялася, дапісала анкету, запісала дзённік бальнічны і лягла спаць.

 

1929


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 203-215
Крыніца: скан