epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Прафесар акультных навук

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII


З хронікі павятовага гораду К.

 

І

На станцыі К., у двох вярстох ад павятовага гораду К., шмат народу чакала цягніка.

Гэта было звычайным з’явішчам, бо каля гэтага гораду толькі нядаўна, дзякуючы савецкай уладзе, адчынілі чыгуначны рух. Два разы ў тыдзень цягаліся паязды, і гарадская публіка заўсёды таўпілася на станцыі. Глядзенне на станцыі было амаль што выключнай асалодай жыхароў К. Ды яно й зразумела: тут і «самыя новыя» навіны, плёткі, чуткі пачуеш, а як прыязджае якая-небудзь рэвізія, дык перш-наперш пабачыш яе, а можа, і пагаворыш.

Жыхары К. вялі адпавядачую рэгістрацыю, хто ад’язджае з К. і хто прыязджае. Першым яны выяўлялі сум па прычыне развітання з бацькаўшчынай: апошніх яны дамагаліся зачапіць чым-небудзь, загаманіць, пазюкаць, калі ў прыезджых была на тое ахвота.

Была палова 12-й гадзіны, час, калі абавязкова павінен быў прыйсці поезд. Ды, як відаць, ён затрымаўся. У чакаўшых ужо не хапала ўсцерпу.

— Калі няма ў свой час — значыцца, што-небудзь надзвычайнае прывязе цягнік, — думалі чакаўшыя.

Праз дваццаць мінут раптам паказаўся цягнік з вагонамі. Грукочучы, ён падблізіўся да платформы. З адчыненых ваконцаў вагону раздаўся нейкі вычварны непрыемны голас:

— Насільшчык!..

Усе вочы публікі накіраваліся на гэты вагон, куды кумільгам паляцеў насільшчык. Доўга там была нейкая вазня, крык, сыканне. Урэшце з дзвярэй вагону важна выйшаў чалавек у чырвоным аксамітным фрэнчы. На нагах баўталася нешта даўжэннае, падобнае да штаноў, але яны дужа малое месца займалі, усё роўна як і зусім іх не было.

На хвіліну прыезджы прыпыніўся, нездаволена паглядзеўшы навокала. Абывацелі без усякай цырымоніі абкружылі яго ды пялілі вочы. Яны ўбачылі яшчэ дужа доўгі, як у бусла, нос, рабы твар (як быццам ноччу на ім гарох малацілі) і круглую, зямнога калёру, кепку на галаве.

Падышоў насільшчык з запэцканым чамаданам, за ім плялася худая, замораная кабета. Яна пёрла свой невялічкі багаж.

— Пашукай мне вазніцу ў горад, ды хутчэй, — прыказаў дзікунскім голасам прыезджы. Ад яго галасу стаяўшыя навакол людзі мімаволі шарахнуліся ўбок. Насільшчык панёсся выканаць загад.

— У горад едзеце? — запытаўся барадаты мужчына.

— Вы ж чулі... Чаго ж пытаеце? — адрэзаў фрэнч.

Больш ніхто не пасмеў завесці з ім размову. Праз момант здохлая кляча ўжо вязла чырвоны фрэнч з вакзалу ў горад. Каля яго сядзела замораная кабета, у іх нагах ляжаў запэцканы чамадан.

 

ІІ

У горадзе чалавек знайшоў прыпынак у нумарох Лакшына. Але толькі паспеў прыладзіць чамадан, як зноў выскачыў на вуліцу. Стаў пытацца:

— Дзе тут выканком?

Яму паказалі.

Прыйшоўшы туды, смела ляснуў дзвярмі і ўвайшоў.

Убачыўшы сакратара, ён, зрабіўшы нейкі дзіўны жэст і нахіліўшыся па ўсходняму звычаю, павёў гутарку.

Усе глядзелі на яго знямеўшы.

— Я прыехаў з трушчоб Індыі. Я прафесар акультных навук. Маё імя Віллям Джэпкінг. Усё сваё жыццё (на пагляд яму было пад сорак) я ахвяраваў акультным навукам. Даведаўшыся, што ў Расеі свабоднае жыццё... замілаванне да навук, я.., — засыпаў чырвоны фрэнч, кожную фразу падчыркваючы незразумелымі выкрутасамі, жэстамі і рухамі ўсяго тулава.

Сакратар вытарашчыў вочы. Ён быў уткнуўшыся ў дужа важныя паперы. «На табе! Адкуль гэта? Што ён лапоча?.. Трушчобы Індыі... Прафэсар... Нічога не разумею. Можа, я сню?» — падумаў сакратар і перабіў прафесара.

— Я нічога не разумею. Хто Вы? Па якой справе?.. Толькі кажыце карацей... Мне няма часу...

Фрэнч падскокнуў, выказаў усе адзнакі добрага тону. Твар выявіў сум, што чалавека не разумеюць такія адукаваныя асобы, як сакратар.

— Бачыце, — зазюкаў ён, адразу зрабіўшы іншы тон, — маё імя Віллям Джэпкінг. Я быў прафэсарам акультных навук, у Індыі. Усё жыццё я ахвяраваў вывучэнню чорнай, чырвонай, белай, сіняй магіі... Я прыехаў у Расею... О... Расея — вялізарная старонка, у ёй так многа добрага... Яна цяпер, безумоўна, першая краіна ў сусветнай... Я папаў сюды, як у рай...

Сакратар глядзеў на «прафэсара». «Нейкі вар’ят! Чаго ён тут?.. Усякі лезе са сваім глупствам! Паганю я яго да чортавай мацеры», — развіваў сакратар свае думкі. Але замест такога вырашэння даволі ветліва з выразам мучаніка запытаўся:

— Добра! Дык чаго вам трэба? Спадзяюся, што вы прыйшлі ж па якой-небудзь справе?

Прафэсар зноў зрабіў прысяданне на ўсходні манер.

— О... Перш-наперш, як чужаземец, я лічу сваім абавязкам засведчыць сваю пашану прадстаўнікам народнай улады, каторая вядзе напружную барацьбу з капіталам (сакратар паморшчыўся: яму непрыемна было слухаць аб гэтым з вуснаў чырвонага фрэнчу)... Потым, я жадаў бы пазнаёміць мясцовае жыхарства з маёй навукай, з тымі карыснымі вынікамі, якія прыняслі чалавецтву акультныя навукі — чорная, чырвоная, белая, сіняя магія...

Сакратар папытаў:

— А што гэта за чорная, чырвоная... магія? Гэта вядзьмарства, не гаерства? Калі так — мы не дапусцім...

— О, не! Гэта — магнэтызм, спіратызм, гіпнатызм, фрэналёгія, хірамантыя, тэлепатыя, левітація... — Прафесар, як відаць, яшчэ хацеў страляць незразумелымі словамі, але сакратару зрабілася млосна. Ён зрабіў выраз, як быццам усё зразумеў.

— Ага! Ну?

— Дзеля чаго мне жадалася пазнаёміць тутэйшае жыхарства з маёй навукай. З майго боку тут няма ніякой карысці. Адна мэта: выкласць веды, толькі чыстыя веды... Я звяртаюся да вас, каб вы дапамаглі мне ў гэтым...

— А мы пры чым тут!.. Мы не ведаем магіі.

— Але ж! Толькі ўсё ж такі вы знаёмы з агульнымі падставамі навукі!.. Ад вас... Вам належыць кіраўніцтва ў культурным жыцці гораду... Толькі вы можаце даць дазвол на культурную працу ў горадзе.

— Вам патрэбен дазвол? Дык звяртайцеся да укому! Ён кіруе ўсёй культурна-асветная прапагандай... А выканком — толькі чыста адміністрацыйнымі справамі.

— Але ж! Але! Я, разумеецца, буду і там. Толькі, калі ласка, і вы засведчыце сваю прыхільнасць да навукі. Без гэтага я не маю права працаваць сярод жыхарства. Толькі дазвол выканкому дае мне ўпэўненасць, што ў маёй культурнай справе ніхто не перашкодзіць...

Сакратар стаяў на сваім. Ён ведаў, што фрэнч папаў якраз туды, куды трэба, але сакратару праціўна было вазіцца з «прафэсарам» і ён хацеў «спіхнуць». Аднак прафесар быў упарты. Ён узяў правідловую лінію — мучыць сваімі выкрутасамі быццам чужаземца.

Урэшце сакратар аж успацеў ад размовы з «прафэсарам» і аддаў загад — выдаць чырвонаму фрэнчу пасведчанне, што Выканком з свайго боку не мае перашкод у культурнай працы прафесара акультных навук.

Сакратар так затлуміўся, у яго так моцна забалела галава, што ён нават не папытаў у «прафэсара», якія ён мае дакументы, якім чынам прафесар запрапасціўся ў Расею, адкуль ён ведае (хоць дрэнна) расейскую мову і г. д.

 

ІІІ

Адчыніўшы дзверы укому, «прафэсар» зірнуў па бакох і носам пачуў, хто тут найважнейшы. Ён падблізіўся да яго, зрабіў шырокі рух рукой навакол сябе, нахіліў у левы бок галаву, выставіў уперад адну нагу, тады раптам выпрастаўся, задраў угару галаву і зычным голасам прапяяў:

— Гонар маю рэкамандавацца — прафэсар акультных навук Віллям Джэпкінг.

Ён зноў абвёў рукой навакол сябе, схіліў голаў і шчаўкануў нагамі.

Усе аслупянелі. Нават і смеху не было. Той, якога прафесар палічыў найважнейшым, кіўнуў моўчкі ды глядзеў на «прафэсара», як на восьмы цуд сусветнай. Прафесар зразумеў, што ён зрабіў вельмі моцнае ўражанне, дзеля чаго парашыў выкарыстаць гэты эфект.

— Я быў у Індыі прафэсарам гіпнатызму, спірытызму, белай, чорнай, чырвонай магіі, левітацыі, тэлепатыі, самнамбулізму і іншых навук. У Расею я прыехаў, каб прынесці сваімі ведамі пэўную карысць шматмільённаму народу, каторы выратаваўся ад цемры і гвалтоўя царызму... Я быў ужо ў выканкоме. Там прагледзелі мае дакументы... Вось выдалі мне пасведчанне на права культурнай працы сярод жыхарства К.

«Прафэсар» дастаў з кішэні паперу і палажыў яе на стол.

— Але, — працягнуў ён, — я хацеў бы вас таксама паведаміць аб гэтым... Я ведаю, якое вялізнае значэнне мае уком у культурным жыцці гораду... Я лічу сваім абавязкам рэкамендаваць сабе і прасіць аўтарытэтнай дапамогі з вашага боку... Што я сказаў пра сябе — пасвядчаюць вось гэтыя паперы.

Прафесар выняў туга напханы партфельчык і выкінуў з яго цэлую грудку паперак.

Сядзеўшы за сталом зірнуў на іх, дакрануўся, перагарнуў і пабачыў, што ўсе яны былі нейкія незразумелыя, з нейкімі цікавымі, зусім не падобнымі да нашых, літарамі, закавыкамі. Ён паглядзеў на пасведчанне, выданае выканкомам, прачытаў яго.

— Калі выканком даў пасведчанне, дык чаго ж? Мы тут ні пры чым! Аб якой дапамозе з нашага боку вы гаворыце? Здаецца, вам больш нічога не патрэбна.

— О не, не! Я толькі тады буду супакойна працаваць, калі буду ведаць, што самыя аўтарытэтныя ўстановы спачуваюць мне ў маёй культурна-асветная працы. Мне трэба ўпэўніцца, што і з вашага боку няма перашкод.

— Як? Каб і мы далі вам пасведчанне? У нас гэта не ў звычаі.

— Гэта надзвычайны выпадак... Вы ж, пэўна, ведаеце, якія цяжкія перашкоды могуць быць у такой адпаведнай працы, як мая... Мне неабходна мець ад вас пасведчанне.

На працягу доўгага часу вялася цікавая бойка паміж «прафэсарам» і старшынёй укому. Апошні таксама ўпацеў. Яго й смех браў і злосць. Былі моманты, калі ён ужо працягваў рукі, каб узяць за шкірку «прафэсара» дый вытурыць, але мімаволі выпіраўся нейкі страх перад яго выкрутасамі чужаземца, а калючыя вочы «прафэсара» рабілі старшыню бязвольным.

— Во прыкарасталася халера, каб ён здох! Прафэсар! Магія! Проста ашуканства! — думаў старшыня.

І нічога не зрабілі з нахабай — выдалі яму, «прафэсару», пасведчанне.

 

IV

У нумарох, як толькі прыйшоў туды прафесар, у яго каморку зайшоў гаспадар і нясмела запытаўся:

— У пана трэба атрымаць дакумэнты, каб адаслаць у міліцыю.

— Якія дакумэнты? Мяне тут ведае ўся ўлада! Глупства! Нясеце лепей самавар.

— Я пытаюся, бо гэта мой абавязак. Я ў кожнага павінен трэбаваць. Можа, вас усе ведаюць, але я нічога аб гэтым не ведаю. Пакажыце дакумэнты: без гэтага я не дазволю вам быць тут і зараз зраблю заяву ў міліцыю.

Прафесар толькі наладзіўся гаркнуць, сыкнуць на гаспадара, ужо і рот расчыніў нейкім надзвычайным чынам, але, пачуўшы пра міліцыю, зразумеў, што тут жартаваць не трэба.

— Глумак вы! На, на, во! Бачыш, якія дакумэнты я атрымаў ад выканкому, ад укому. Пакажы міліцыі і больш не разважай. Нясеце хутчэй самавар!

Гаспадар узяў пасведчанні, але, прыкмеціўшы моўчкі сядзеўшую, скруціўшыся ў клубок кабету, сказаў:

— А яны як? З іх таксама трэба ўзяць...

— Буду я валэндацца. Ідзі! — крыкнуў прафесар і так страшэнна лыпнуў вачмі, што гаспадар куляй выкаціўся з пакоя.

Наглуктаўшыся гарбаты, прафесар зноў выйшаў на вуліцу. Хутка яго даўжэнныя ногі счэзлі ў заблытаных правулках гораду. Каля трох гадзін ён не варочаўся дамоў, а калі вярнуўся — вынікам шлындання па горадзе было тое, што ўвесь горад надзвычайна неяк ажывіўся. Нешта дзіўнае зрабілася ў гэтым глухім кутку, у гэтай, як казаў адзін з маскоўскіх камісараў, — «абывацельскай памыйніцы». На ўсіх рагох вуліц, на ўсіх больш-менш відных будынках раптам панаклеілі велізарныя афішы. Нейкія хлопчыкі пачалі насіць па горадзе папяровыя плакаты, на іх таўшчэннымі, што аж лезлі ў вочы, літарамі было надрукована тое самае, што ў афішах. І да самага позняга вечару, куды б ні пайшоў, па якой бы справе ні выйшаў на вуліцу — усюды проста пад нос соваліся хлопчыкі, каторыя крычалі: «Бачце, бачце», а ў вачох рабіла ад афіш на ўсіх сценах.

— Аж абрыдла, — казалі іншыя, каторыя ўсё гатовы ганьбіць і заўсёды нездаволены. Гэткіх людзей асобна злілі хлопчыкі, узяўшыя новую моду: бегаць высалупіўшы язык ды крычаць і паказваць нешта незразумелае.

— І чаго гэтыя вылупкі лётаюць? — бурчэлі старыя непісьменныя. — Не шкадавала б ім лазы! Ой, як сказіўся свет, — жыць не даюць!

Пісьменныя мімаволі затрымліваліся каля афіш і чыталі:

«Прыехаў славуты прафэсар акультных навук — чорнай, белай, чырвонай магіі, гіпнатызёр, факір, франалёг, хірамант! Адгадвае здольнасці, характар і лёс кожнага чалавека! Вылечвае ўсялякія хваробы гіпнозам і тэлепацыяй! Дае раду ва ўсялякіх выпадках жыцця!!!

Спяшыце выкарыстаць прыезд славутнага прафэсара, спяшыце пабачыць апошнія заваёвы навукі. Візытацыя каштуе 30 кап. Памяшканне ў нумарох Лакшына».

Часта можна было бачыць, як каля афіш збіраўся натоўп грамадзян і паміж імі вялася ажыўлёная гутарка.

— Ты не ведаеш, Аўхім, што гэта за прафэсар акультных навук? Не зразумець!

— Ды як жа? А ты няўжо не ведаеш?

— А ты ведаеш?

— Акалякультная навука — ну, гэта ж не трэба і тлумачыць. Акалякультная, ну і ўсё тут. Гэта само сабой зразумела.

— Зразумела? А ты растлумач!

— Культ — рэлігія. Значыцца, каля культу — адносна рэлігіі... Помніш, як нашага папа ў іспалкоме назвалі «наймітам культу».

— Не, гэта не тое! Ты, бачыш, тут не культ, але акульт! Мусіць, нешта іншае...

— Ды гэта тое самае... Цяпер усё скарачаюць.

Грамадзян цікавілі і іншыя незразумелыя словы, як хірамант, тэлепат і гэтак далей. Гэта зрабіла тое, што амаль не ўсе грамадзяне страшэнна зацікавіліся прыездам «славутага прафэсара», іх, як магнэсам, цягнулі незразумелыя таёмныя словы і тытул прафесара «славуты».

 

V

На другі дзень яшчэ раней вызначанага часу каля нумароў ужо быў даўжэнны хвост жадаўшых зрабіць «візытацыю» прафесара. У аддзельнай каморцы іх прымала сакратарка прафесара — тая самая худая кабета, з якою ён прыехаў.

Сакратарка запісвала па чароду грамадзян, брала грошы ды назначала час, у які на другі дзень той ці іншы грамадзянін мог візытаваць «прафэсара».

— Бачыце, — кожнаму казала кабета, — сягоння прыёму не будзе. Прафэсар рыхтуецца да прыёму, устанаўлівае, дапасоўвае ўсялякія прылады, каб лепей было...

Грамадзяне здавальняліся гэткімі адказамі, не толькі не пратэставалі, але яшчэ больш зацікаўленымі рабіліся:

— Відаць, дужа вучоны, не з бах-тарарах, а з падрыхтоўкай, з прыладамі. Цікава, што ён заўтра скажа, — казалі яны адзін аднаму.

А прафесар надвячоркам пазваў гаспадара з нумароў і запытаўся:

— Ці не ведаеце вы якога-небудзь чалавека, які добра б ведаў горад? Які ведае кожнага чалавека, кожны дом?.. Апрача таго, каб быў зух, прайдзісвет? Ці ёсць такі?

— Ага! Ёсць! Гэта — Пракоп Зуй. Яго ўсе ведаюць і ён усіх. Толькі... толькі ён жулік... Яго б даўно трэ было ў турму ўпетаваць. Ды вось не дабяруцца.

— Гэта пустое. Як бы мне пабачыць яго? Знайдзеце яго! Скажыце, што мне ён патрэбен, што недарэмна.

— Мне няма часу. Вы толькі папхніцеся на бульвар і адразу прыкмеціце яго. А хоць у якога хлопчыка папытайце — усякі вам пакажа Пракопа.

— Не! Мне неспадручна... На, во грошы, кінь свае справы, адшукай мне яго!

Грошы зрабілі сваё. Праз хвіліну ў каморку ўваліўся Пракоп. Гэта быў даволі прыгожы мужчына на трыццаць гадоў. Ён быў мешчанчук, але ў гады рэвалюцыі, не ў прыклад іншым, пакаштаваў добрага жыцця. Ён быў авантурнік, спекулянт, прайдоха, распуснік і не ганьбаваў нічым, што давала яму грошы і беспакутнае жыццё.

Пракоп адразу зразумеў прафесара. Пасля некалькіх хвілін ён проста адрэзаў прафесару, што добра ведае, на што ён патрэбен і якой дапамогі чакае прафесар. Доўга між прафесарам і Пракопам вялася таемная гутарка. Перад прафесарам ляжаў ліст паперы, на ёй ён рабіў нейкія адзнакі. Потым яны нават выпівалі.

 

VI

На другі дзень «прафэсар» кожнага чалавека па чарзе шчупаў, мацаў рукамі, абглядаў далоні, нагці, па чэрапе праводзіў нейкія рысы, падводзіў к нейкаму станку, вымяраў лоб, рост, урэшце глядзеў у ляжаўшую на стале вялізную шкляную кулю і потым раптам пачынаў гаварыць аб мінулым, сучасным і будучым гэнага чалавека.

Усе пакідалі «прафэсара» ў незвычайным здзіўленні. Іншыя крыху не страчвалі помаракі: няўжо можа чалавек так адгадваць?

Таўпіліся і новыя людзі, стаяў новы хвост, але прафесар іх не прымаў: яны запісваліся ў сакратара на другі дзень.

Усе толькі й гаварылі, што аб прафесары. Выканком і уком толькі рукамі развадзілі ды злаваліся, што далі дазвол нейкаму падазронаму няпэўнаму чалавеку.

— Разводзіць нейкую чартаўшчыну. Трэба сачыць, а то ён гэтай чартаўшчынай усе грошы з гораду выкачае.

Прафесар адчуваў сябе нядрэнна. Грошы завяліся. У першы дзень было да сотні чалавек, гэта ўжо тры чырвонцы, ды за «Асобную размову» дваццаць капеек. Амаль усе даплачвалі, бо ад размовы чакалі не менш цікаўнага.

Кожны вечар прыходзіў Пракоп, толькі з кожным днём усё больш наглеў. Прафесар ужо не ведаў, як адкараскацца ад Пракопа, бо апошні ўжо дамагаўся львінай часткі, пагражаў чорт ведае чым. Прафесар парашыў нечакана счэзнуць, толькі перад гэтым зрабіць апошні выбух па кішэнях грамадзян.

 

VII

— Яшчэ адзін разок вылезу ў тэатры, а тады пых адсюль! — так канчаткова парашыў «прафэсар». Марудзіць нельга было, бо прычэпкі Пракопа зрабіліся проста немагчымымі.

Даволі вялікая зала Нардому была бітком набіта. Але прадстаўленне нешта не пачыналася. На сцэне чуцен быў тлум, лаянне. Усё гэта зліла публіку. А тут яшчэ прыляцеў Пракоп і пачаў хадзіць па ўсёй зале, то там то сям прыпыняўся, нешта барматаў, баўтаў рукамі ды ўсё паказваў у бок сцэны.

«Прафесар» усё не пачынаў. Публіка ўжо страціла цярплівасць і крычала:

— Прафесар, паварачвайся альбо звяртай грошы!

— Пачынай, — крычала галдарэя, прытопваючы нагамі.

— Жулік! — крычаў Пракоп, а за ім шмат іншых, якіх ён ужо наэлектрызаваў. — Узяў грошы, ды цень наводзіш! Адчыняй заслону, а не — дык за валасы выцягнем!

Міліцыянеры хутка супакоілі публіку, але тлум і неспрыяючы «прафесару» настрой не ўлягліся. Урэшце пры зычным свісце галдарэі заслона адчынілася. На сцэне стаяў у мантыі «прафесар».

— Іш! Вылупіўся, як на багамолле! — гулка, на ўсю залю, крыкнуў нехта.

Публіка зарагатала.

Прафесар пачаў «лекцыю». Але гумарыстычны, а часам злы настрой не супыняўся. Публіка прычэплівалася к кожнаму слову й крыўлянню «прафэсара». Ды ён і барматаў нешта незразумелае.

— Глупства ўсё гэта, — раздалося некалькі галасоў, — нам гэта не цікава. Даеш вопыты!

«Прафэсар» збіўся з панталыку. Ён смешна размахваў рукамі, страціў ці забыў увесь свой «усходні калёрыт» і зрабіўся тыповым мешчанчуком.

— Чучала гарохавае, — крычаў Пракоп, — паглядзеце на яго! Які ён «прафэсар»!

У публіцы пачалася суматоха.

— Таварышы! Так нядобра! Чаго вы так крычыцё? Супакойцеся! — крычаў ва ўсю глотку «прафэсар».

Міліцыя бяздзейнічала. Яна была захоплена настроем таўпы й моўчкі чакала, чым закончыцца гэта здарэнне.

— Убярыце лямпу са сцэны, — кінуў «прафэсар» за кулісы, але яму ніхто не пакараўся. Ён грамчэй крыкнуў — ніхто не варухнуўся. Тады пры страшэнным улюлюканні галдарэі, Пракопа ды яго кампанейцаў «прафэсар» пакінуў сцэну.

Заслона зачынілася. «Прафэсар» адчуваў сябе дрэнна. Ён ужо хацеў «пыхнуць» адсюль, але былі толькі адны дзверы праз фае, дзе хадзіў яго вораг — Пракоп.

«Каб толькі шыю не намылілі», — сумна думаў прафесар, калі заслона зноў адчынілася і пачаліся «вопыты».

На сцэне сядзела замораная кабета (яна ж сакратар і касір). Выйшаў «прафэсар» і апавясціў, што зараз паважаная публіка пабачыць гіпноз. Ён стаў рабіць нейкія кругі, калючымі вачмі глядзеў на кабету й павольна лічыў: «Р-а-а-з, два, тррры!..»

— Вашы вочы адчуваюць цяжар, пры лічбе дзесяць яны зачыняцца, — уладным тонам сказаў ён. — Спіце, — зашыпеў раптам «прафэсар».

Кабета знікла галавой. Твар яе зрабіўся бледным.

— Цяпер можна што ўгодна рабіць ці загадваць ёй! — казаў прафесар. — Напрыклад, я загадаю ёй узняць правую руку, трымаючы яе ў гэткім становішчы паўгадзіны.

Кабета падняла руку ўгару, як палку, і застыла. Усе маўчалі. Урэшце пачуўся голас: «Досыць! Кіньце! Нашто мучыць?!»

«Прафэсар» паказаў іншы вопыт: выйшаў з голымі грудзямі, апавясціўшы, што яго навука дае магчымасць чалавеку не адчуваць ні холаду, ні гарачыні, ні болю. Прафесар узяў дзве дзесяціфунтовыя гіркі, павесіў іх на пачопкі, пачопкі прадзеў праз ангельскія шпількі, каторыя ўторкнуў у грудзі і зашпіліў. Потым з гэтымі вісячымі на голым целе штукамі пайшоў па радох публікі. Пракопка хацеў пацягнуць гірку, каб пераканацца, ці моцна прычэплена, але «прафэсар» прыкмеціў яго рух.

— Не чапайце, можаце глядзець, а чапаць — не!

Вярнуўшыся зноў на сцэну, «прафэсар» прапанаваў публіцы, каб яна давала пытанні, а ён будзе адказваць.

— Якую лічбу я загадала? — пачуўся пісклівы жаночы голас.

— Сем, — адказаў «прафэсар».

— Ай-ай-ай! — прапішчэла жанчына.

— А чаму роўны квадрат сумы дзвюх лічбаў? — запытаўся ўсім вядомы пракуда-інтэлігэнт Базыль Гук.

Прафесар збіўся зноў. Зноў рогат, асобна гам паднялі вучні і камсамольцы.

— Ага! — галдзелі яны. — Не ведаеш, які жа ты «прафэсар»?

«Прафэсар» паспрабаваў выйсці з нялоўкага становішча.

— Вы, калі ласка, хадзеце сюды, на сцэну. Я вам адкажу, — звярнуўся ён да Гука, — на ваша пытанне трэба даць адказ па сакрэту!

Гук павалокся на сцэну, з ім пайшоў яго таварыш.

— Будзьце знаёмы, — казаў таварыш, падводзячы да прафесара Базыля, — гэта Наркамасветы нашай рэспублікі.

— Вельмі, вельмі прыемна! — пачаў круціцца «прафэсар» і брахаць «па сабацы з роту». Але ў гэты момант на сцэну цвёрдымі крокамі выйшаў прадстаўнік ГПУ і ва ўвесь голас адрэзаў:

— Грамадзянін Віллям Джэпкінг, вы зарыштаваны. Прашу ісці за мною!

— Як так? Якое вы маеце права? Я карыстаюся правам экстэрытарыяльнасці.

— Вось ордэр. Прашу не затрымліваць.

Прафесар круціўся, круціўся, брыкаўся, звяртаўся да грамадзян, але нічога не выйшла. Яго прымусілі, як стаяў у мантыі (толькі дазволілі на галаву надзець цыліндар), пайсці пад кіраўніцтвам двох міліцыянераў у Ардом*.

— Во, дастукаўся! Прапаў цяпер я! Засудзяць! Каб ён здох — гэта ўсё Пракопка! — думаў з нудой прафесар, звесіўшы галаву й тупаючы па тратуары, не бачачы, што ўслед ідзе шмат народу. — Хоць бы ж грошы яна схавала, сама б дала драла. Добра, што грошай мала ў кішэні, усяго тры ці чатыры чырвонцы, а то б усе канфіскавалі, — цягнуліся яго думкі. — Ну, але як-небудзь выкараскаюся, абдуру іх — далібог!

«Прафэсар» з пагардай падняў галаву, паглядзеў навокал. Ён зразумеў, што ў такой тэатральнай вопратцы, з цыліндрам на галаве, выглядае калі не вельмі смешным, дык вельмі жалкім. Але ён плюнуў і пагардліва паглядзеў на таўпу, якая ішла за ім.

— Прафэсар! У-лю-лю! — крычалі з таўпы.

— Але ж я прафэсар, а вы — шваль, жывёлы, труха, — кінуў ён ім.

Кінуліся з пагрозамі, але міліцыя адхіліла.

— Лепш маўчыце! — ўпаўголаса казалі міліцыянеры. — А то дрэнна будзе!

У Ардоме арыштаванага сустрэлі гучнымі прывітаннямі, незмаўкаемым гулам «гурра». «Прафэсар» не паспеў прыйсці ў сябе, як яго ўжо падхапілі пад рукі. Пад равучыя гукі «гурра» пачалі «качаць». Прафесар падумаў, што яму зрабілі авацыю, й дзеля гэтага, як цар, ківаў ім галавой і пахмыляўся.

— Братцы! Паўлін прыляцеў! Гурра! — крычалі арыштаваныя, шкамардзячы яго распісную мантыю.

Калі кінулі «качаць», прафесар ледзьве быў жыў. Ён сеў на лаву ды цяжка дыхаў. Палез у кішэню, каб адшукаць там паперу, і не сваім голасам завапіў:

— Грошы ўкралі!.. Сволачы!

Радасны смех і «гурра» было яму адказам. Гэткае «спатканне новага арыштаванага было ў звычаі Ардому.

 

* Арыштанцкі дом (рэд.).

VIII

У Нарсудзе слухаецца справа «прафэсара» акультных навук. Шмат жадаўшых паслухаць, дзеля чаго публічны народны суд пераняслі ў Нардом, проста на тую сцэну, дзе праваліўся «прафэсар».

Калі адчынілася заслона, у цэнтры за сталом, пакрытым чырвоным абрусам, сядзеў склад суда. Направа ад гэтага стала сядзеў пракурор. Яшчэ далей управа сядзела экспертыза з 4 дактароў. Улева ад суддзі стаяў невялічкі столік, і за ім скромна сядзеў малады абаронца-студэнт, а далей стаяла даўжэзная лава. На ёй сядзеў «прафэсар». Мантыі на ім не было, а запэцканы сурдук і парваныя штаны. «Прафэсар» абвінавачваўся па трох пунктах: 1) што ён прысвоіў сабе, не маючы на тое падставы, тытул «прафэсара» акультных навук. 2) Што ён не меў права выступаць з вопытамі гіпнозу, бо ні жаднага вопыту ён не зрабіў навукова. 3) Што сваёй дзейнасцю ён мае шкодны ўплыў на здароўе жыхарства агульна і сваёй таварышкі асобна. Усё гэта па тлумачэнні старшыні суда пагражае карай ад 5 да 6 гадоў прымусовай працы.

Сведкі: таварышка «прафэсара» Куліна Крэндзель, Пракопка Зуй, служачы Земаддзелу Базыль Гуд, гаспадар «гасцініцы» Лакшын, рабочы Змітро Лапундрык.

Перш-наперш пытаюць «прафэсара». Асвятляецца факт, што «прафэсар» Віллям Джэпкінг у рэчавістасці зусім не прафесар, у Індыі ніколі не быў, але ёсць грамадзянін гораду Чартапханску, шлындаў па свеце, быў ужо ў шмат гарадох і ўсюды меў шчыры прыём і пашану.

На запытанне, па якой прычыне ён назваў сябе Віллямам Джэпкінгам ды яшчэ і прафесарам, апошні адказаў:

— Згодна дэкрэту, кожны грамадзянін мае права браць другі назоў, ёсць жа, напрыклад, Райскія, Ленскія, Зорскія і г. д. Чаму ж мне не назвацца Віллямам Джэпкінгам? А «прафэсарам» я лічу сябе па сваіх ведах!..

Сведкі мала даюць матар’ялу. Пракопка аддзелываецца агульнай заявай, што «прафэсар» — жулік, а пра самую соль маўчыць, бо знаходзіць, што гэта і для яго не карысна. Базыль Гук пацвярджае, што прафесар — шарлатан, бо не змог адказаць яму на пытанне, чаму роўны квадрат сумы двох лічбаў.

Слова даецца экспертызе. Яна адзінадушна пацвярджае, што вопыты «прафэсара» зусім не гіпноз. Ён не гіпнатызёр, а тыя вопыты, якія ён рабіў, шкодны для здароўя чалавека, прыкладам чаму з’яўляецца замораная кабета.

Абаронца пытае экспертызу:

— Калі не памыляюся — медыцына карыстаецца гіпнозам для лячэння хвароб?

— Але, але! — аўтарытэтна заяўляе яна.

— Але гіпноз шкодзен? — пытае абаронца.

— Безумоўна шкодзен!

— Дык як жа? І шкодзен для здароўя, і карыстаюцца ім для лячэння?

— І шкодзен, і карыстаюцца! — кажа экспертыза. Абаронца смяецца.

Слова даецца пракурору. Ён кажа, што суд павінен поўнасцю прызнаць пункты абвінавачвання, бо яшчэ ў рэспубліцы ёсць людзі, якія злосна спекулююць цемрай народнай, прысвайваюць сабе ганаровы тытул прафесара, а робяць тое самае, што вясковыя варажбіткі або цыганкі, — абманваюць народ рознымі жульніцкімі фокусамі дзеля сваёй нажывы.

Пасля доўгіх спрэчак суд прыгаварыў «прафэсара» на год турмы. Арышт лічыць умоўным, а на далей забараніць «прафэсару» рабіць сеансы па гарадох нашай Савецкай Рэспублікі.

 

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 170-184
Крыніца: скан