epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Разбудзілі

І


Малюнкі

 

І

Базыль Перапечка быў мясцовым філосафам і карыстаўся вялікай пашанай сярод усіх грамадзян, не выключаючы і адпаведных працаўнікоў. Праўда, ён сядзеў там, у кааператыве (здаецца, зусім не філасофскае праваджэнне часу), і нават кіраваў там нечым незвычайна матэр’яльным, але ён, па агульнаму пагляду, з самых часоў рэвалюцыі быў у цэнтры ўсяго жыцця; ён направа і налева тлумачыў усе падзеі, гаварыў, што бачыў і ведае ўсіх чыста правадыроў рэвалюцыі і творы іх! На ўсіх пасяджэннях (казаў, што нават на зачыненых), сходах, нарадах, канферэнцыях ён заўсёды выступаў і казаў нешта таемнае, хітра падміргваў, усміхаўся і рабіў такое аблічча, як быццам ён нешта ведае, аб чым пакуль што маўчыць!

Яго ўсе ведалі, ды і ён усіх. Як толькі канчаліся яго заняткі, яму не сядзелася ў хаце. Ён апранаў жоўценькі кажушок з апушкай, якая была даражэй кажуха, насоўваў на лоб дзіўнага фасону «кепу» і ішоў.

Сёння ён быў у нейкім асобным уздыме. Як жа? Прыехалі таварышы з Менску, каб прасачыць тут за працай, каб наладзіць яе. У канторы а пятай гадзіне будзе пасяджэнне... Наскокам Базыль з’еў нейкай поліўкі, апрануўся і панёсся туды...

За цэнтральным сталом сядзеў старшыня менскай камісіі, даволі «важкі» чалавек, з скептычным выразам твару.

Заместа прывітання Базыль кінуў:

— Ого, народу, як людзей!

Усе так заюшыліся, што не звярнулі на яго аніякай увагі. Якраз рабіў даклад старшыня кааператыву. Ён пачаў з Адама і казаў, што ў «гады прамінулыя», у часы нэпу кааператыў «дзелаў пайшчыкаў» — гэтак цяжка прыходзілася. Потым паказаў, што паявога капіталу зараз у іх 9600 рублёў, а план збудован на год на 200 000 рублёў. Казаў яшчэ аб накладных выдатках, якія дасягаюць 22 працэнты. Яшчэ шмат чаго казаў дакладчык, але Базыль яго не слухаў. Ён запісаў сабе на паперу два-тры пытанні (каб паказаць, што ўсім цікавіцца, усё прымае да сэрца) і кінуў слухаць: чаго яму тут слухаць — і так усё ведае. Замест гэтага ўтаропіў свае вочы ў старшыню камісіі, вывучаў яго. Для сябе ён ужо склаў яго характарыстыку, а потым падзеліцца з іншымі, і яго прыгавор будзе безапеляцыйным.

— Давайце пытанні! — скончыўшы даклад, прапанаваў старшыня.

— Як гэта вы дзелалі пайшчыкаў? — троху зласліва запытаўся Базыль.

— Якія захады зрабіла кіраўніцтва кааператыву адносна таго япоўца, які ў краме аблаяў селяніна «свінуля»?

— Якую робіць кааператыў культасветную працу?

— Ці ёсць у вас агіткаламажка? Калі не, ці думаеце завесці?

— Што зроблена кааператывам, каб уцягнуць у грамадзянскую працу жанчыну? — з націскам і гучна запыталася жанаддзелка.

Задаваў пытанні і прыехаўшы «важкі» чалавек з Менску. Базыль еў яго вачмі. Пытанні яго былі толькі па сутнасці справы. Базыль з зайздрасцю казаў сваім суседзям:

— Ого, дзяржыся! Як галяр голіць! Пачакайце, ён яшчэ намыліць ім шыю! А што ж ты думаеш? Трэба ўмець кіраваць! Я заўсёды стаю за праўду! А то іш ты! Падумаеш, які юр напаў: яны дзелалі пайшчыкаў?! Вялікая заслуга. Сам не ведаў, што кажа!

Пачаліся спрэчкі. Сакратар, які запісваў пратакол паседжання, маляваў твары нейкіх кірпаносых дзяўчат, нейкіх конікаў, нейкіх адмысловых страшыдлаў. Раптам узняўся гармідар. Старшыня райвыканкому, прысутнічаўшы на пасяджэнні, запратаставаў:

— Прашу запісаць усе спрэчкі літаральна, бо тут шмат хібаў паказваюць, шмат чаго кепскага выкрываюць, а сакратар малюе нешта недарэчнае!

Сакратар палез на сцяну:

— Як так. Я ўсё запішу... І ваш закід я разумею, як недавер да мяне!.. Калі гэтак, я адмаўляюся ад сакратарства. Абірайце каго іншага!

Ён узняўся з месца, пачаў бегаць вакол стала. Зачапіў Базыля, крыху не скінуў яго з зэдліка.

— Чаго ты кідаешся? Глядзі, а то сулдыгі пераламаю!

Цяжка было супакоіць сакратара. Ён усё бегаў, бегаў ды галдзеў. А боты былі на ім новыя, правінцыяльныя, яны страшэнна скрыпелі і пераважалі ўвесь тлум.

— Іш ты! Скроб, скроб, скроб, носіцца, як падмеценая! — сур’ёзна зюкнуў Базыль.

Сакратар сеў.

Узяў слова менскі таварыш:

— Я дзіўлюся, якая ў вас тут самалюбная публіка! Заместа таго каб абмеркаваць пытанне, супакойна, без крыку, тут гэту дробязь вы падымаеце да вышыні палітычнага зладзейства. Падумаеш, што тут проста габінет міністраў... Недавер’е габінету... Не дзіва, што вашыя пасяджэнні заўсёды зацягваюцца!

Інцыдэнт быў уладжан, але Базыль не ўсцярпеў, каб не сказаць, звяртаючыся да сакратара:

— Я табе колькі разоў казаў: затыкні дзірку, калі яна ў цябе ёсць! А цяпер во сядзіш, як умазаўшыся!

Сакратар пачаў шпарка пісаць і толькі агрызнуўся:

— Маўчы і ты! І табе трэба ўтачыць сваё джала?

Спрэчкі былі вострыя. Базыль пасля кожнага выступлення пляскаў. Прадстаўнік лясніцтва Гараш спрачаўся, што кааператыў не павінен прадаваць спекулянтам па пуду газы, няхай дае па паўфунта. Старшыня выканкому казаў, што няма падходу ў працы, што лічба пайшчыкаў дохлая (тысяча), што метад нарыхтовак не мае нічога супольнага з заданнем — прывабіць селяніна ў кааператыў. А калі выступіў менскі таварыш, дык Базыль аж бухнуў сябе па лбу. Таварыш казаў, што збудованы план ёсць гандлёвы план, а не кааперацыйны, што гэты план вельмі рызыкоўны, што кааператыў можа ў нейкі, зусім нечаканы, час разваліцца і «тады прыйдзецца пабрынкаць грыбамі», што накладныя выдаткі дужа вялікія...

— Ой, як гэта яны жывуць пасля гэткае крытыкі? — звярнуўся Базыль да суседа. — Я ім гэта самае казаў. Я казаў: з гэтым планам беражыцеся, ой беражыцеся, войстра ездзіце, каб не абрэзаліся.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 185-187
Крыніца: скан