epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Мрый

Тварам да вёскі

І
ІІ
ІІІ
IV


З цыкла «Новыя людзі»

 

І

У невялікі пакой зайшоў малады чалавек з партфелем і, усміхнуўшыся, сказаў: «Дзень добры». Потым зрабіў да стала некалькі крокаў і проста пачаў знаёміцца, называючы сваё прозвішча. Яго ніхто не разабраў.

Сядзелі моўчкі й чакалі. Але не адчувалася нялоўкасці. Прышлы зусім вольна й натуральна адчуваў сябе, нешта рыўся ў сваім партфельчыку, неяк радасна й светла ўсміхаўся і глядзеў вакол сябе, чагосьці шукаў...

— Вы, здаецца, інспектар Вавуліч?

— Не, не! Я не інспектар! Я не Вавуліч! Не! І наогул кажучы, я не начальства! Я — «Тварам да вёскі», з Менску.

— А! «Тварам да вёскі», — у адзін голас усклікнулі ўсе і гучна засмяяліся.

Мо першы раз за ўвесь гэты час у сказаных словах не пачулася нейкай нацягнутасці, афіцыяльнасці, фальшывасці. Неяк адразу, як толькі паглядзелі на твар назваўшага сябе «тварам да вёскі», зрабілася радасна, вольна. Адчулі, як быццам яго даўно-даўно ведаюць і ніколі не разлучаліся. Усе наперабой пачалі гаварыць, смешна размахваць рукамі, нават хапалі яго за рукавы, хлопалі па плячох... Ён гаварыў выключна на беларускай мове, і на хвіліну здалося, што гэта сама вёска кажа, вёска новая, светлая, дзе няма гора й тугі.

— Але ж! Я — «Тварам да вёскі»! Я — прадстаўнік Наркамзему. Маё заданне — выявіць гострыя патрэбы вёскі... І ведаеце, я ніколі не думаў, што тут такая беднасць, гора, цемра... Я аб’ехаў усю вашу акругу, і для мяне як быццам адчыніўся цэлы свет, зусім няведамы, зусім недаследаваны... Цэлы край непачатай працы!

— Так! У нас дрэннае жыццё. Вы не першы гэта кажаце. Рэдка наязджаюць да нас, а наедуць — паглядзяць на нас, як на нешта недарэчнае, дагістарычнае, узварухнуць троху, з’явіцца жаданне лепш працаваць і жыць, а паедуць — зноў усё засне... Зноў па-старому.

— Гэта так! Я нідзе не мучыўся так маральна, як у гэтай акрузе... На адных толькі конікаў паглядзіш, дык сэрца зашчэміць. Здаецца, шчаўчком можна забіць! А хаты? А школы?.. Сумна... Да вас у мяне вось якая справа. Я езджу па вёсках, вяду гутаркі, вызнаю патрэбы, настроі... У вас школа. Я хацеў бы пагутарыць з вучнямі. Мяне цікавіць сялянская моладзь, якая ёсць пэўны барометр вёскі...

— Добра. Мы гэта зараз... У нас 5 і 6 лекцыя, мы іх скасуем, загадаем агульны сход вучняў, і вы пагутарыце з імі!

— А ці ёсць у вас пры школе літаратура па сельскай гаспадарцы?

— Якая там літаратура? Нічога няма!

— Дзіўна! А Менск завален. Магазыны перапоўнены — няма надзеі распрадаць. Хацелі нават пусціць на ўпакоўку. Але ж гэта вандалізм... Цяпер вядзецца адбор кніжак, якія, можна лічыць, не будуць куплены, і яны будуць пасунуты на вёску. Каб не забыцца — прышліце да мяне ў «Заезджы дом» вучняў. Я дам вам кніжак. Трох-чатырох чалавек... а то не данясуць.

Не верылі вушам сваім, рагаталі ад радасці, крычалі «гурра».

Потым прыезджы выказаў жаданне паглядзець класы, вучняў, працу іх, каб лепей зразумець, аб чым больш за ўсё трэба гутарыць. Вучні вадзілі яго па класах, паказвалі яму свае малюнкі, калекцыі, газеты, закідвалі яго пытаннямі, хто ён, чаго прыехаў, як жывуць вучні ў Менску, апавядалі яму свае маленькія радасці, сваё гора, свае няўдачы, свае мары аб будучыне... Ён усім цікавіўся: як яны дзень праводзяць, як у іх размяркован час, чым яны асобна цікавяцца.

Вучні са скуры лезлі, а казалі па-свойму, па-мужыцку.

На сходзе, куды сабралася каля 200 вучняў, ён, калі яму прапанавалі слова, некалькі хвілін маўчаў, праводзіў рукамі па валасох, глядзеў у свой блакноцік, потым пачаў:

— Прыгожа жыццё на зямлі. Прыгожа, калі каласіцца жыта і шарасціць ад ветрыку, прыгожа, калі кветкі цвітуць на лугох, калі пахне грэчка, калі цвіце лён. Прыгожа, калі сады цвітуць, пакрываюцца бела-ружовым цветам, а пчолкі радасна гудуць у араматным паветры... Наогул, паглядзеце, колькі прыгажосці ў вашым сялянскім жыцці? А ў горадзе: рух аўтамабіляў, машын, гул фабрык, заводаў, трапятанне аэрапланаў! Усё гэта не толькі карысна, але й прыгожа. І ўсё гэта здабыў геній чалавека. Але чаму ж так многа няшчасных, якія не ведаюць радасці, якім некалі прыкмячаць гэтае прыгажосці жыцця? Таму што не ўсе ўмеюць заваёўваць сваё шчасце, не ўсе вядуць упартую барацьбу за лепшае будучае, не ўсе адчуваюць, што ў барацьбе — шчасце, у барацьбе свядомай, сагрэтай навукай і працай!

Вы, пэўна, чулі ў школе казку пра птушку Фенікса, які з попелу ўваскрасаў... Гэта птушка Фенікс — ваша краіна Беларусь. Яна цяпер уваскрасае, яна моцна цягнецца да лепшага жыцця, да свету, яна ўбачыла бязмежныя прасторы творчай працы й натхнення...

Непрыкметна перайшоў ад паэзіі жыцця да яго прозы. Кажучы аб мерапрыемствах па землебудаўніцтву, землекарыстанню, ён падвёў ідэйны грунт пад гэта, ён нарысаваў захапляючы малюнак будучай «абноўленай зямелькі Беларусі», дзе сонца ясней стала свяціць і кветкі сталі прыгажэй цвісці, дзе грудзям вальней, шырэй стала, дзе думкам адчынілася бязмежная сонечная прастора.

Маладыя вочы як прыкованы былі да прамоўцы. Здавалася, што гэта ёсць ужо, а гэта вось-вось будзе: так бясспрэчна ўсё выходзіла. І калі скончыў ён гаварыць, з усіх грудзей вырваўся нейкі ўздых, як быццам прачнуліся ад сну, ад якога не хацелася прачынацца. Потым воплескі, воплескі, воплескі...

А ён забыўся нават прысесці, усміхнуўся й думаў: «О! Гэтыя цяжкія гады не прайшлі дарма! Як усё ўзрасло, узварушылася, напоўнілася новымі свежымі думкамі! Які агонь гарыць у іх вачох, як моцна іх жаданне ведаць, працаваць, тварыць!»

Глыбока задумаўся і ачнуўся тады, калі як град пасыпаліся запытанні. Яны не былі штучнымі, нават не выплывалі з яго слоў, яны былі пытаннямі маладых душ, маладой спробы жыцця. Ніякай саромлівасці, палахлівасці не было ў гэтых дзяцей вёскі. Кожны пытаў аб тым, што яго цікавіла ў гэтую хвіліну: як трэба падразаць яблыні, як садзіць бульбу, як яе рэзаць і на колькі частак, як рабіць грады, колькі лажыць угнаення і г. д.

У спрэчках выступалі й вучні. Прыезджы радасна глядзеў на іх, на гэтых юных кавалёў жыцця, якія смела падымаліся, смела гаварылі, з жарам абаранялі новыя формы жыцця.

Ён думаў: «Якое шчасце жыць, якое шчасце нават бачыць, як растуць, мацнеюць новыя людзі, як на вачох жыццё змяняецца, асвяжаецца! Не! Не можа быць, каб загінулі гэтыя парывы, ня можа быць, каб змарнелі, заглохлі яны!»

І калі пасля доўгай гутаркі пайшоў ён са сходу, яго праводзіла ўся грамада.

 

ІІ

Мясцовы аграном Касабука, які таксама быў на сходзе, гаварыў прыезджаму:

— Мне здаецца, што вы больш паэта, чымся аграном. Ці ж не гэтак? Вы дужа пекна гаварылі.

— Не! Вы памыліліся! Я — сапраўдны аграном. Але я лічу, што каб перабудаваць усё на новы лад, трэба заахвоціць людзей, трэба закрануць у іх эстэтычную жылку, трэба так паставіць справу, каб з’явілася імкненне да прыгажосці жыцця, каб узмацнілася нянавісць да гразі, бруду, цемры. Дзеля гэтага й трэба, па-мойму, кожнаму аграному быць троху паэтам... Пакажэце селяніну, як можна карысна й прыгожа весці гаспадарку — ён безумоўна захопіцца гэтым. «Прыгожа» — я разумею ў сэнсе «чыста, здарова». Дайце яму прыклады, як жывуць сяляне ў іншых краінах, намалюйце яму новую вёску, а лепш дапамажыце збудаваць яе, з садамі, з брукаванай вуліцай, з тратуарамі... Давядзіце, што гэта не так цяжка, вылічыце ўсё матэматычна, а ў першую чаргу адшукайце прыхільнікаў вашай ідэі, штурхайце іх да новага жыцця — вось, па-мойму, адпаведная роля агранома. Але яму самому трэба верыць і захапляцца. Ён — вока й вушы вёскі!

— Мне было б вельмі цікава паслухаць вас, як вы гаварылі б гэта сялянам. Ого! Яны проста ў трубу загоняць сваімі вечна заблытанымі пытаннямі. Іншы раз яны такога перцу зададуць, што не ведаеш, куды дзецца... Вы думаеце, што я гэтага не гаварыў? Ды якая карысць, калі пасярод вашых захопліваючых планаў, як абух па галаве, чуеш бурчэнне: «Не да танцу абадранцу», «Усуньце кляп у горла сакатуну — няхай ня брэша», «Ат! Лысае ўрадзілася, лысым і здохне»! Гэта агульныя выкрыкі, праўда, шэптам сказаныя, але іх чуеш. А паслухалі б вы іх палітычныя выступленні, калі яны ўпэўняцца, што вы свой чалавек, што вас не трэба баяцца. Яны вам на вашу абарону савецкіх мерапрыемстваў пачнуць вочы калоць і казаць, што «ўлада то й знай жрэць», што на сялян «усё ліха ўссела», што «ўсе пазаскабілі рукі», што ўлада «першым сваім абавязкам лічыць толькі збіранне падаткаў» і г. д., і г. д. да бязмежнасці.

— Што ж, гэта бывае. Але ж ці можна супакоіцца на гэтым, кінуць-рынуць усё ды адбываць па казённаму. А галоўнае: трэба кінуць ролю «правадыра». Вы думаеце, селянін не разбіраецца, што вы яго вучыце, а самі мала ведаеце. Ён інстынктыўна дамагаецца роўнасці, таварыскасці і ўсякага, хто ў чорным, ды яшчэ чытае яму мараль, ён і слухаць не хоча. Я праканаўся, што калі даць магчымасць селяніну суздром выказацца, ён будзе лічыць, што вы не вораг яму. А мы часта вядзём сялянскія сходы, занадта дысцыплінавана, зусім забываем, што селянін яшчэ не можа, яшчэ не прызвычаіўся казаць па сутнасці справы. Дзеля гэтага, калі сход бывае дужа дысцыплінаваны, калі «ёсць парадак», дык на прапанову выказацца ўсе маўчаць як вады ў рот набраўшы, бо ім здаецца, што ад іх дамагаюцца панскае, лагічнае прамовы, а калі ён пачне пра сваё, набалелае, дык зараз крыкнуць: «Досыць! Табе няма слова! Не тое кажаш!..»

— Давайце сёння, калі вы не паедзеце, пойдзем у хату-чытальню, збяром сход. Цікава, які будзе ваш погляд пасля гутаркі з нашымі сялянамі?

— Добра! Пойдзем! Толькі не трэба збіраць сходу.

Хто захоча, няхай прыйдзе. Ведаеце, я ўжо езджу тыдні два і прыкмеціў, што ў вёсцы гэтых сходаў бывае шмат: толькі раздражніваюць сялян, бо трымаюць 3—4 гадзіны, а нічога большаю часткаю не даюць. Хто ні павернецца, падлеткі бегаюць і крычаць: «На агульны сход», — а па якой прычыне, якая абвестка, хто склікае — ніхто не скажа. Йдзі, й толькі, бо ты павінен слухаць, што табе начальства кажа. Прыйдзе селянін і пачуе, што добра б было памагчы Мопру, што будзе Дзень лесу і трэба да яго рыхтавацца, што трэба ўзнесці падатак (хоць ён можа даўно ўжо ўзнёс), ну й злосць яго разбярэ, чаму кожны раз наперад не скажуць, аб чым будуць казаць. А то чакае гадзіны тры, а потым прачытаюць паперу, што плаці страхоўку, й толькі... Мы во як зробім: абвясцім, што хто хоча, у каго ёсць справы, непаразуменні, той можа прыйсці ў хату-чытальню, дзе будзе гутарыць менскі таварыш.

Падышлі да заезджага дому. Каля дому доўга яшчэ гаманілі. Аграном выкладваў душу, смешна размахваў рукамі. Прыезджы пільна сачыў, як змяняўся твар агранома, як нейкае дзіўнае хваляванне перадавалася яму.

Падышоў нейкі шэранькі чалавечак і скорагаворкай кінуў:

— Ты ведаеш, Касабука, у нас сёння ўстаноўчы сход краязнаўчага таварыства. Дальш марудзіць нельга — населі. Ты, як аграном, абавязкова прыйдзі. А 5 гадзіне.

— Добра, прыйду! Абавязкова! Мяне гэта цікавіць!

Шэры чалавечак прыпыніўся, паглядзеў на новага чалавека і пытліва зірнуў на Касабуку.

Той сказаў:

— Гэта з Менску таварыш! «Тварам да вёскі»!

Засмяяліся.

Шэры чалавечак адышоў, зрабіў некалькі крокаў, потым зноў вярнуўся, стукнуўшы сябе па ілбу.

— У мяне геніяльная думка. Ці не маглі б вы прыйсці на наш сход? Ён прайшоў бы жвава, а то мы ўжо абрыдлі адзін аднаму.

— Калі ласка! Я прыйду. Краязнаўства — важная справа, і я, напрыклад, магу што-колечы сказаць аб Інбелкульце.

 

ІІІ

Устаноўчы сход краязнаўчага таварыства адчыніўся. Прысутнічала не больш 15 чалавек, якія нават не ведалі добра, што гэта за таварыства, якія мэты яго, змест працы. Сядзелі насупіўшыся. Упаўнаважаны паведаміў, што хоць вельмі непрыемна брацца за новую працу, але што гэта вымагаецца жыццём, стыхійнымі патрэбамі растучай грамадскасці. Дзеля гэтага прапанаваў абмеркаваць пытанне аб адчыненні бюро, аб статуце, аб узносах, аб сяброўстве.

Менскі таварыш сядзеў і думаў:

— Адчыніцца, будзе існаваць на паперы з год, пакуль жыццё не высуне ўперад ідэйных людзей, якія зразумеюць неабходнасць гэтага. І гэта паўсюды! Паўсюды папяровая дзейнасць!

Узяў слова. Пачаў дужа проста гаварыць, што такое беларуская культура, што такое Інбелкульт, якая яго праца, заданні, мэты, што ён ужо зрабіў.

Сонныя твары ажывіліся. Мімаволі галава праяснілася. Вялізная лабараторыя народнага жыцця адчынілася, і крыўдна зрабілася, што не працуеш у гэтай лабараторыі, не наглядаеш жыцця, не ўспрымаеш яго ва ўсёй непасрэднасці. Гэткія марудныя дробязі, як статыстычныя даныя, збіранне казак, песень, састаўленне слоўніка жывое мовы, рэвалюцыйная народная творчасць — усё гэта выявілася ў іншым асвятленні.

— Трэба ведаць мінулае, трэба збіраць помнікі старасвеччыны, бо, хто ведае мінулае, той зразумее сучаснае. А толькі разумеючы сучаснае, можна падысці да народнае псіхалогіі, дасканальна ўявіць яе сабе, ператварыць, змяніць яе ў пажаданым напрамку. Недарма ж кажуць, што адной з вялікіх навук будучыні будзе псіхатэхніка, поўнае разуменне і ўладанне імпульсамі...

Разварушылася думка. Вельмі ўрачыста падняўся мясцовы эканаміст Бульбачка і дакляраваў, што краязнаўчая праца прынясе вялікую карысць не толькі народам СССР, але і ўсёй сусветнай, асобна эканоміцы, бо ведаць эканамічны стан краіны, яе статыстычныя данныя, гэта азначае ўвачавідкі ўбачыць, правільна ці не эканамічная палітыка, трэба яе змяніць ці не, ёсць прагрэс ці рэгрэс, а можа, застой. Ён казаў, што каб магчыма было даць дасканальнае апісанне з усіх бакоў хоць бы аднаго сельсавету, не кажучы ўжо аб раёне, — гэта б была вялізная праца. Гэта ўсё роўна, як той казаў, што, каб мы ведалі ўсё чыста адносна мураўя, мы б маглі шмат вырашыць сусветных праблем, над вырашэннем якіх пакутуе цяпер чалавечая скрыначка з шэрай матэрыяй.

За эканамістам выступіў рэдактар мясцовай насценнай газеты «Памяло» т. Скібачка, які асабліва напіраў на неабходнасць збірання народнае рэвалюцыйнае творчасці. У прыклад ён браў сябе, які нядаўна на вечарынцы ў вёсцы Грыбы пачуў твор малапісьменнага вясковага хлопца — паэму «Як зямлю білі на клеткі». Па погляду Скібачкі гэты твор варт таго, каб яго не толькі запісалі, але й надрукавалі. Тут вёска як у люстэрку.

Выступіў нават мясцовы Дыаген т. Палачка, які, нягледзячы на свой цынізм, займаў вельмі адпаведную пасаду. Ён таксама агітаваў за планавае збіранне вуснае народнае творчасці, прычым напіраў на збіранне непрыстойных твораў, легенд, жартаў, бо, як ён гаварыў, гэта асвятліць і дапаможа вырашыць планавую праблему. Апрача таго, гэта прыгожа й з мастацкага боку, бо ён сам адзін раз цэлую ноч слухаў шэраг народных легендаў на тэму аб беларускай «вандэцьце». Гэты выбрык Дыагена выклікаў аднадушнае пацісканне плечаў: да чаго іншы раз дагаворыцца чалавек?

Ён недаслухаў іншых выступленняў. Быў час, прызначаны для гутаркі ў хаце-чытальні.

 

IV

Прыйшоў з аграномам Касабукай у хату-чытальню. З сялян-гаспадароў яшчэ нікога не было, хоць паведамленне ўжо было паслана. За сталом на куце сядзеў актыў вясковай моладзі і абгаварваў нейкія справы. Менскі таварыш прысеў збоку, развярнуў блакнот, пачаў пісаць там нешта, потым уцягнуўся ў гутарку з моладдзю. Высветлілася, што сяляне-гаспадары рэдка й неахвотна прыходзяць у хату, бо яна «для моладзі, а старым няма чаго тут рабіць». Уважліва слухаў іх фанабэрыю, ківаў галавою, выказаў свой погляд.

Сяляне прыходзілі невялікімі групамі. Нясмела садзіліся на лавах збоку, пазіралі на прыезджага.

А ён думаў: аб чым гаварыць галоўным чынам, каб зацікавіць іх, каб яго гутарка не была дарэмнай, пустазвонствам. Ён ведаў, што «абы казаць» — на гэта не трэба вялікай здольнасці, а гаварыць так, каб зачапіць, узварушыць чалавека, штурхануць яго на дзейнасць — на гэта патрэбна здольнасць, дасканальнае інтуіцыйнае веданне псіхалогіі масаў. Чым жыве наогул беларуская вёска, і гэта вёска ў прыватнасці — вось пытанне, якое зараз мучыла яго.

Праз некалькі хвілін ён будзе гаварыць з імі, будзе «вучыць» іх, а ён не ведае, што патрэбна ім у даную хвіліну, а выязджаць на агульных фразах аб саюзе сялянства і рабочых — гэта яму не па душы.

Падсеў да нейкага дзеда. Разгаманіліся. Хутка каля іх набралася цэлая грамадка. Кожны ўторкваў сваё слова, кожны высоўваў набалелае пытанне гэтае вёскі — перадзел зямлі. І ясна стала, што вёска хварэе ад няўмелага землебудаўніцтва. Яшчэ гады чатыры назад пабіліся на прыселкі і ўжо карыстаюцца новымі надзеламі, а дагэтуль сядзяць на старых сялібах, узаемна перашкаджаючы адзін аднаму жыць. Пераехаць на новую зямлю нельга, бо план не зацверджан, а не зацверджваюць, бо з кожным годам плату за гэта павялічваюць, набаўляюць, а цяпер ужо й акруга не ведае, колькі «сарваць з іх», хоць яны ўжо пераплацілі гэтулькі, што й лічбу страцілі.

Лёгка яму зрабілася, калі пагаманіў з сялянамі. Цяпер ён ведаў, аб чым казаць, што казаць, як дапамагчы. Пачаў гаварыць. Было ціха. Гаварыў на беларускай мове. Сяляне нават не перашыкваліся, не бурчэлі. Нейкія струны сялянскае душы былі моцна закрануты. Збоку было нават троху жаласліва бачыць паўадчыненыя раты і застыглыя твары.

Ён казаў, як цяпер размяркоўваецца зямля, якія нормы, які парадак надзялення. Усё гэта перасыпаў рэальнымі прыкладамі з жыцця гэтае вёскі. Растлумачыў, чаму гэта вёска ў такім незразумелым становішчы.

І калі ён на хвіліну спыніўся, раптам не стала цішыні. Яе перарваў вядомы ўсёй вёсцы пракуда Сёмка, ці, як яго дражнілі, — Скулка. Часам ён напіваўся «да звярынага аблічча», як казалі пра яго. Як відаць, ён і цяпер быў «усусліўшыся», і ўся сусветная прыстаўлялася яму жартам нейкай злой сілы. Сярод магільнай цішыні ён загрымеў хрыпучым голасам. Менскі таварыш нават не задзівіўся, як быццам ён гэтага чакаў. Зусім сур’ёзна ён сказаў:

— Вы хочаце казаць? Калі ласка.

Скулка гаварыў выключна пра сябе. Даводзіў, што ён чалавек справядлівы, вельмі любіць рэзаць праўду і дзеля гэтага яго словы будуць не ў нос. Успамінаў аб нейкіх 15 пудох снегу, аб «рывалюцыі, сацыялізме і аб трох мерках пазычанага жыта». Сваю прамову закончыў прапановай:

— І прашу таварыша з цэнтру сказаць, чаму я ўвосень аддаваў вам хлеб па 50 кап., а цяпер мне аддаюць гэты самы хлеб па 1 р. 50 к... І прашу яшчэ сказаць таварыша з цэнтру, хто ў гэтым павінен: мы ці піонэры... І гэта прашу мне сказаць... Маё ўсё!

— Не слухайце вы яго, ён вядомы зяўло. Крычыць, халяву сваю распусціўшы! Братцы, угаманеце яго!

Гэтыя словы падлілі масла ў агонь. Усё набалелае, уся бруда жыцця падкацілася да сэрца Сёмкі. Пачаў крыўдзіцца, што людзі зусім збяднеліся, не маюць нават на што газы купіць, а калі й давялося чарвяку на вяку, дык і то вочы колюць.

Пачаўся агульны тлум. Усе спынялі Скулку, адны мякка, другія строга, а ён не супакоіўся.

Ніякага прэзідыуму не было, ніхто не сачыў за парадкам, бо гэтага не хацеў менскі таварыш. Апошні зусім проста папрасіў выказацца, толькі адзін за другім. Гэта падзейнічала.

— Ён зусім не датклівы! Нават Скулцы нічога не кажа, — гаварылі сяляне, і з’явілася ахвота пагаварыць.

Скулка зноў дамагаўся гаварыць.

— Кінь брахаць, а то ад тваёй брахні ў мяне вока забалела!

Урэшце ён супакоіўся. Пачалі выказвацца другія. Больш гадзіны гаварылі сяляне, якія быццам і забыліся, што тут ёсць таварыш з цэнтру. А ён сядзеў за сталом, уважліва прыслухоўваўся да таго, што казалі, шпарка запісваў, і ніхто на гэта не звяртаў увагі. Вочы яго гарэлі здавальненнем, што ўдалося разварушыць спячых, прыцягнуць іх да шчырай бяседы.

З іх заблытаных выступленняў ён вылоўліваў канкрэтнае жыццёвае пытанне і заносіў на паперу.

Сяляне казалі, што яны не лаюць савецкую ўладу, што яны пэўны ў тым, што ў цэнтры іх дабрадзеі, але іх вясковае жыццё не наладжваецца, бо дагэтуль да іх варочаліся не тварам.

І калі прыезджы пачаў адказваць на пытанні, маўчалі ўсе, нават Скулка. Позна ноччу выходзіў ён з хаты-чытальні.

Пелі пеўні, заліваліся сабакі. Ціха гаманілі сяляне. Скулка сказаў на развітанне:

— Я нічога супроць таварыша з цэнтру не маю, бо ён гаварыў з намі як з людзьмі.

І нешта новае, моцнае, свежае, як вясновы вецер, ахапіла іх думку.

— Можна лепей жыць — гэта праўда!

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 188-197
Крыніца: скан