Над гонар і славу, над чары кахання -
Народную справу і перакананне,
Што розум дыктуе, заўсёды я волю -
Не здраджу ніколі.
Хай хмара навісне над соннай зямлёю,
Хай гора прыцісне жалезнай рукою,
Я роднае мовы не кіну ў нядолі -
Не здраджу ніколі.
Бушуе хай бура, віхор хай злуецца,
Хай вецер панура завые на рэчцы,
Я роднага краю, што рвецца да волі,
Не здраджу ніколі.
Хай гром з перунамі грыміць і страляе,
Маланка агнямі хай бліскае, ззяе,
Свайго я народу без хлеба і волі -
Не здраджу ніколі.
Хай срэбра, дукаты мне сыплюць пад ногі
І скажуць: багаты будзь, кінь род убогі,
Я плюну з пагардай, народу ж і волі -
Не здраджу ніколі.
Да самага скону, усякім прымусам
І сіле прыгону скажу: Беларусам
Навек застануся, сваёй ўласнай волі -
Не здраджу ніколі.