epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

А чаму зраслася кладка?

І не роўна, і не гладка

Іх дарожка павяла.

Як гавораць, тая кладка

Ўжо надломлена была

Цераз рэчаньку на бераг,

На зялёны муражок.

Ён ёй верыў і не верыў:

Ці не стаў ёй кавалерам

Яго даўнішні дружок?

 

— Ну, бывай!

Пайду, другога,

Маладога ўжо бяры.

— Мне не трэба маладога,

Сам яшчэ ты не стары.

 

Гаварыла жонка мужу,

Гладзіла яго руку...

— А чаму ж? Яшчэ я дужы!

Хочаш — дроў прывалаку.

 

Прывалок, угнуўшы плечы,

Распаліў у печы сам.

На патэльні скваркі ў печы,

А таксама кілбаса

Засквірчэлі.

Зружавелі

На патэльнях ім бліны.

— Сядзем?

— Сядзем!..

Дружна селі

За гасцінны стол яны.

— Вып’еш чарку?

— Вып’ю чарку!..

Зашумела ў ёй віно.

Ён сказаў: — Утопім сварку!

І ўтапілі! І даўно

Не жыве ў іх доме звадка,

Д’яблу спрэчку аддала.

І зраслася тая кладка,

Што надломленай была.

 

Цераз рэчаньку на бераг

Пераводзіць кладка зноў.

І не ў чарачку я веру,

А ў сардэчную любоў.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 14-15
Крыніца: скан