epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

А ў полі сасна

Зажурылася ў полі сасна.

Разумею нуду сіраціны:

Салаўёў не прыслала вясна

На старыя, крывыя галіны.

 

Ёй зязюля не скажа:

— Ку-ку.

Не клякоча ёй бусел цыбаты.

Чорны воран прысеў на суку,

Закартавіў, зіркаты, хрыпата:

 

— Не заві, не чакай салаўя,

Салавей падружыўся з вярбою.

Не гаруй! Буду пець табе я.

— Захлыніся ты песняй сваёю!

 

Ад цябе б уцякла ў саснякі,

Хвоя кожная ў лесе гукае,

Толькі тут мне пяюць жаўрукі,

Толькі поле мяне не пускае.

 

— А навошта ты полю? Скажы!..

Адказалі галіны, галінкі:

— Пад сасной, на зялёнай мяжы,

Заспяваюць зажынкі, дажынкі.

 

Будуць слухаць і поле, і гай,

І ў бары меднастволыя сосны...

Закартавіў зноў воран: — Тр-ры-вай!..

У кару стукнуў дзюбаю злосна.

 

Зашумеў, паляцеў ад сасны

У кусты, у лясныя зацішкі.

А сасна да зімы ад вясны

Для вавёрак даспельвае шышкі.

 

Яна дзятла за стол пазаве:

— Пакарміся і ты, вострадзюбы!..

Так у полі сасна і жыве,

І шануюць яе лесарубы.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 26-27
Крыніца: скан