epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Ад кастра вяла мяне дарога

Я даўно прапісаны да Мінска,

На праспекце Ленінскім жыву.

А бывае, думкай за вятрыскам

У маё маленства заплыву:

 

Лаўскі лес убачу,

Рэчку Шачу,

У якой купаўся ў санцапёк,

На начлезе бульбу ў прыску пёк;

Пражыў там струкі на добрым жары,

Бубінкамі пырскалі струкі;

Крумкаталі жабіны імшары,

Халадок плыў ноччу ад ракі;

Ахіналі хваляю густою

Багуны...

Маленства адплыло.

Хоць яно было не залатое,

Хоць яно нішчымнае было,

А яно відаць мне здалячыні

І яго вясновая зара.

Павяла дарога

з той лагчыны,

Ад таго начлежнага кастра

У шырокі свет...

Было нямала

У жыцці турботаў і падзей.

Сталасцю маё юнацтва стала,

А маленства кут памаладзеў.

 

Там цяпер на купінах не скача

Пастушок ля «чортавых акон»...

Па табе душа мая не плача,

Камарыны сум далёкіх дзён.

 

Толькі ўсё прыгадваецца тое,

Што ў маё маленства заплыло.

Хоць яно было не залатое,

А прывабнае яно было.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 9-10
Крыніца: скан