epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Арла не народзіць варона

Ідзе пагалоска ў народзе,

Бяжыць ад сяла да сяла:

Варона арла не народзіць,

Баран не народзіць вала.

 

Я так зразумеў:

недарэка,

Гультай, што ў цяньку праляжаў,—

Не стане такім чалавекам,

Якога б народ паважаў.

 

Дабра не народзіць туляга,

З душой сукаватай лайдак.

Яго абмінае павага,

Бяжыць, уцякае ў хмызняк.

 

Лайдак! У сумленні ягоным

Пагаслі жывінкі святла...

Арла не народзіць варона,

Баран не народзіць вала.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 69
Крыніца: скан