epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Асенні роздум

Ляжыць пажоўкласць на траве,

Гарыць асіна, нібы свечка;

Туман над рэчкаю плыве,

Нібыта падпалілі рэчку;

 

Нібыта нейкі чарадзей

Пакурвае хрыпулю-люльку.

У дымнай, белай барадзе

Шукае рэчанька прытулку.

 

Асеннім вее халадком

Ад пацямнелых зябкіх плёсаў;

Зялёны конік малатком

Не клепле ў лузе звонкіх косаў.

 

Пажоўклы сум,

Няўцешны шум

Бяроз і горкае асіны...

Я перадумаў многа дум

Самотнай восеньскай часінай.

 

Пярэсты дзяцел на сасне

Грукоча ў ствол, нібыта ў бубен.

Гады выстуквае ён мне:

— Хаця б не даў ты, братка, дуба.

 

Магчыма, так, як жалуды

З галінаў коцяцца на верас,

Мае пакоцяцца гады

На той апошні сумны бераг?

 

Але я веру

І не веру

Табе, пярэсты, на сасне,

Што ў ствол грукочаш,

як у бубен.

Яшчэ ісці дарогай мне,

Яшчэ пажыць на свеце люба.

 

На дубе новых жалудоў

Убачыць восенню хачу я.

Дык не выстуквай мне гадоў,

Самотны дзяцел. Чуеш?..

Чуе!

Не стукае ў пажоўклы ствол.

У лесе ціхая часіна.

Накрыла пень — сасновы стол —

Чырвоным полымем асіна.

 

Прысядзь на мох ды на стале

Пішы ты зоркаю высокай.

Чаго ж, чаго мне нестае?

Вясны юнацкае, далёкай.

 

А як жа выклікаць вясну?

Вясну ў дуброве пагукаю...

О, не! Душою не засну,

Бо ў ёй нясу вясну-красну,

Пяшчотна сонцам ахінаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с.
Крыніца: скан