epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Ажаніўся марозік

Вавёрка спелыя арэхі

Схавала хітранька ў дупле,

А восень скарбы ўсе пад стрэхі

Паклала ў свірнах у сяле.

 

Яна марозіка гукае:

— Э-гэ-й! Ідзі! Марудзіш ты!

Жаніцьба нашая чакае.

Ідзі са снежнем у сваты.

Згуляем добра мы вяселле...

— Іду!..—

Папстрыкаў на двары.

За стол паселі.

Ім запелі

З бярозы белай снегіры:

— Гуляй, марозік, да прадвесня!

І нам жа восень хлеб дала...

 

Стаяў і слухаў тую песню —

У верш мой песня заплыла.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 29
Крыніца: скан