epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Балтыйскае мора

Спёка! Нават як выжара

Стала і разора.

— Прыгані мне, вецер, хмару

З Балтыйскага мора! —

Просіць жыта маладое...

Вецер хмарку гушкаў.

Ад яе няма надою,

Як ад той цялушкі,

Што сама яшчэ карову

Доіць пад страхою.

А сухмень ідзе ў дуброву:

— Напаі расою!

— Прэч адгэтуль, сухапары,

Да вяршыні горнай!

Я сама чакаю хмары,

Перасохла горла.

 

А развеяў спрэчку вецер,

Цёплы, шматгалосы:

Хмару цёмную пад вечар

Прывалок за косы.

 

Напілося ў полі жыта,

А ў жыце — разора...

Знакаміта,

Грамавіта

Балтыйскае мора!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 45
Крыніца: скан