epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Боль i песня

Памяці Героя Савецкага Саюза

Міхася Сільніцкага

 

І цяпер, і сягоння

З тых пакутлівых дзён

Бачу воблік ягоны,

А прываблівы ён:

Яснавокі, русявы,

Рослы, стройны хлапец.

Быў увенчаны славай

Партызанскі баец.

 

Яго помста вадзіла

Па сцяжынах на бой.

У сырую магілу

Ён забраў за сабой

Чужаніцаў нямала,

Іх цягнік не адзін...

Штось мяне пагукала

Да зарослых сцяжын,

Што ягоныя боты

Пратапталі ў вайну...

Ахінае журбота

І мяне,

і сасну,

Пад якою сухарык

Хрумстаў ён, партызан;

Пра той час добры марыў,

Калі ў цёмны будан

Прыйдзе нашае свята

Перамог і вясны...

Смуткаваннем працяты

Нават шолах лясны.

Памяць сэрца ніколі

Не закрэсляць гады;

Пры бярэзніку ў полі

Ён упаў, малады.

 

Бачыў ён яшчэ просінь

Праз галіны бяроз.

— Просім,— шасталі,— просім,

Падымайся...

Прырос

Да зялёнай, умытай

Першай траўкі. Ляжыць.

— А няўжо нежывы ты? —

Усім голлем дрыжыць

Маладая бярозка

Ад журбы, ад бяды.—

Падымайся.

Вунь вёска.

Пойдзем разам туды...

 

Не ступіла ні кроку

Ад яго, без яго.

Зорка, яснае вока,

Падміргнула: — Чаго

Ты ляжыш, небарача?

Уставай, пасвячу.

 

Каб сцяжыначку ўбачыў,

Каб, хлапчына, пачуў,

Як туман сіні ліжа

На палетках снягі;

За алешнікам рыжым

Ужо чутна: кі-гі...

 

Бачыў ён яшчэ просінь

Праз галіны бяроз...

Думы. Мроі. Ён косіць,

Гоніць, сцеле пракос...

 

Ціха вецер зашастаў,

Па пракосе прабег...

О, юнацтва, юнацтва —

Незабыўнасць уцех!

 

Ты яго акрыліла

На высокі палёт.

Ты на подзвіг натхніла,

На бяссмерце ў той год.

 

Перайшоў з дамавіны

У легенды юнак.

Дык не плачце, рабіны,

Не сумуй, беразняк.

 

Перайшоў ён у песні,

Камсамолец. Герой...

А чаму сэрцу цесна?

Сэрца сцята журбой.

 

Боль сціскае мне грудзі,

Боль, як горкая соль...

Людзі! Ведайце, людзі:

Ён, Сільніцкі,— мой боль.

 

Ён — і нашая сіла,

Песня сцежак лясных.

Не забраў у магілу

Маладое вясны;

 

Не забраў шматгалосся

Салаўіных бяроз...

Зноў красой налілося

Там жыццё, дзе ён рос;

Дзе варожыя каскі

Паржавелі ў траве...

Ён, як дабрая казка,

Ён, як песня, жыве.

 

І цяпер, і сягоння

З тых пакутлівых дзён

Бачу воблік ягоны,

А прываблівы ён:

Ружашчокавы трошкі,

Стан узяў у бяроз.

Вочы? Вочы — валошкі

Чуб — даспелы авёс...

 

Да магілы сцяжына

Між рабін і калін.

Перайшоў у быліны

Русі Белае сын.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 93-96
Крыніца: скан