epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Быліна пра волата

З гаю выскачыў тады,

У вясну далёкую,

Калі быў ён малады,

Калі ўслед галёкалі

Дубы пасівелыя:

— Ты куды, сынок?

— Туды,

Да бярозы белае!

 

І пабег, пабег, пабег

На гульню з бярозаю...

Наляцеў зімою снег

З лютымі марозамі.

 

Хоць мароз траскучы пёк,

А не ўцёк

У гай дубок,

Сваёй сіле верыў ён;

Пад страхой сівых аблок,

Ля рачнога берага,

Учапіўся за зямлю

Каранямі-лапамі...

— Я бярозаньку люблю,

За сябе пасватаю!..

 

Любаваўся юны дуб

Маладой каханачкай.

Ён таксама быў ёй люб:

Стройны стан,

вясёлы чуб

Цешылі бяляначку.

— А чаму ж? Ён хоць куды

Сарамліва змоўкнула...

Беглі хуценька гады,

Дуб асейваў жалуды

На траву пажоўклую.

 

Заспяваў дубовы гай

Каля рэчкі светлае.

Слухае птушыны грай

І бяроза ветлая.

 

І сама пяе, пяе,

Паміж гаю люба ёй,

Атуляюць жа яе

Ўсе сыночкі дубавы.

 

І ён восеньскай парой

Кронаю, як золата,

Дасць суцішак пад слатой,

Цёплы, добры супакой

Пад крылом у волата.

 

Не баіцца буры ён,

Ні зімы з марозамі;

Як з нявестай, заручон

З белаю бярозаю.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 45-46
Крыніца: скан