epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Чалавек

Памяці Кузьмы Чорнага

 

Прайшлі мы з ім дарог нямала

І да вайны, і на вайне,

А сёння памяць прыгадала,

Як гаварыў, бывала, мне:

 

— Прыкуй мяне ты ланцугамі

Ў палацы: згасну ад тугі.

Сваімі ўласнымі рукамі

Парву я тыя ланцугі,

Збягу з раскошнага палаца

Да баразён, лясоў і рэк,

Я — чалавек! Мне трэба праца,

Без працы я —

не чалавек.

 

Ары, касі, пілуй, нябожа,

Шклюдуй,

Габлюй,

Пішы як след.

Работа добрая ўпрыгожыць

Душу. Яна — шырокі свет,

Калі ў дрымоце не завяла,

Калі ў ёй промень не пагас,

Калі ў сябе яна ўвабрала

Далёкі час ды блізкі час,

Ды радасці і смуткаванні

Далёкіх дзён і нашых дзён,

Змярканні,

Свежыя світанні,

Красу зямлі, жытнёвы звон...

З таго апошняга спаткання

У думках ён, у сэрцы ён,

Як песня, што шугае ў неба

Ад родных ніў, ад светлых рэк...

Я — чалавек! Мне праца трэба,

Без працы я — не чалавек.

 

Ніколі з памяці не зможа

Ягоны выйсці запавет:

— Работа добрая ўпрыгожыць

Душу. Яна — шырокі свет.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 59-60
Крыніца: скан