epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Хачу жыць між людзей

Бывае, бачу я ў туманных марах

Сасну, што вырасла мне на труну.

І я тады прашу сівую хмару:

— Аддай сасну старую перуну;

 

Няхай пярун у хвою гэтак трэсне,

Каб трэскі паляцелі на траву.

Яшчэ не спеў я самай лепшай песні,

Хоць шэрань мне лягла на галаву.

 

Такой бяды! Ну, трошкі пасівелы,

Але яшчэ душою малады.

Я толькі пасталелы, памужнелы,

Дык памужнелі ж і мае гады.

 

А ім за шэсцьдзесят пераваліла,

Яны прайшлі апошнюю вайну...

Няхай бы хмара перуном разбіла

Сасну, што дзесьці спее на труну.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 81
Крыніца: скан