epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Хай бы явай стаў сон

На світанку я чую

Салаўя на вярбе.

А дзе сонца начуе,

Дзе хавае сябе?

 

Пад бярэзінай роснай,

Можа, спіць у капе?

Бег туды, недарослік,

Слухаў: можа, сапе?

 

Не сапло яно ў сене,

Там яго не было.

Ад капы, з прыгумення,

Я пабег за сяло.

 

— Пакажыся! —

Гукаю,—

Мне прамень падары!..

А яно ўжо над гаем,

А яно на двары...

 

— Я таго абдымаю,

Хто ўстае на зары! —

Шчыра сонца сказала

Ля капы, на гумне;

Абняло, цалавала,

Несла ў неба мяне.

 

Ад вярбы кучаравай —

Вецер мне наўздагон...

А няхай бы стаў явай

Недаросліка сон!

На даліны, на ўзгоркі,

На сады, гарады —

Промні сонца і зоркі

Асыпаў бы тады,

Каб жыццё абнялося

Шчыра з лёсам сваім.

Салавей мой і ўвосень

Пеў бы ў сэрцы маім.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 12-13
Крыніца: скан