epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Хітруха

Баба кажа камару:

— Натаўчы мне маку.

Макавухі навару

Я табе, гуляку.

 

— Макавухі?

— Далібог!

Ну, давай! Чакаю...

Затрубіў камар у рог,

Камароў склікае.

 

Прыляцелі памагчы,

Каля ганка тупат.

Цюку-стуку таўкачы

Ў камарынай ступе.

 

Баба ў печ паклала дроў,

Маку ўсё чакала..

— Ах, вы, шэльмы!

Камароў

Венікам прагнала.

 

А мядзведзю-пчаляру

Баба кажа: — Слухай,

Мёду дай, дык навару

Медавухі, адару

Моцнай медавухай.

 

— Медавухай?

— Далібог!

Згода, Мішка?

— Згода!..

І пайшоў, пад елкай лёг,

Не нясе ён мёду.

 

— А няўжо схлусіў ён мне?

Баба выйшла з хаты.—

Можа, дугі ў лесе гне

Дурань ленаваты?

 

Аддае казлу загад:

— Даглядай капусту!

— Я магу! Я вельмі рад!

Гэта мне па густу...

 

Пераскочыў цераз плот:

— Прапалю я грады!..

Баба выйшла ў агарод,

Дайце ж, людзі, рады!

 

І казу пазваў казёл,

Казлянят прывабіў.

Голы, гол як той сакол

Агародзік бабін.

Свет старой нямілы стаў,

Нібы ён карае...

Шпак на ліпе засвістаў:

— Зразумей, старая,

Таўкачыкі-камары,

Ні мядзведзі-пчаляры,

Ні казёл-рагацік —

Не памогуць у двары,

А таксама ў хаце...

Медавухі навары

Сама сабе, свацця!


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 97-98
Крыніца: скан