epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Хітры заяц

Загукала сава,

Пачала хваліцца:

— Уга-га! Я сама

Начная царыца!

Больш такой не знайсці,

Лесу я па густу.

Прыбягайце, зайцы,

На маю капусту!

Кожны тут пад’ясі,

Пахваліш вячэру.

— А маркоўку дасі? —

Запытаўся шэры,

Хітры заяц стары,

Вопытны гуляка.—

Хай самой камары

Ў ступе стаўкуць маку!

Хай капуста жыве,

Капустай не купіш!..

Той зіркатай саве

Паказаў ён кукіш.

 

Паказаў! І папёр,

У хмызняк ускочыў.

Не сава — цёмны бор

Рагатаў уночы:

 

— У савы галава

Поўная мякіны!..

 

Долу ўпала сава

З колкае галіны.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 28
Крыніца: скан