epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Чорны конь

Я прысніў каня,

а ён, як хмара,

Чорны ды з маланкамі ў вачах.

Кажа мне: — Ляцім, таварыш!..

Капытамі конь дарогу ўдарыў —

Перуны ў ягоных капытах.

 

Страсянуў ён грывай —

іскраў лівень;

Ноздры разадзьмуў —

туманы з іх.

І панёс, панёс мяне над нівай,

Над чубамі вербаў лугавых.

 

У прагалках неба, як у бубен,

Стукнуў конь у поўню капытом.

Цішыня. Не клічуць мяне трубы

Спавядацца богу...

Пад замком,

Над хмарынай богава кантора,

І даўно на пенсіі ён сам...

Як арэхаў спелых, з неба зорак

Адшчыкнуў: сябрам іх перадам.

 

І не трэба мне інакшай долі,

Буду ёю жыць да схілу дзён...

 

Чорны конь, як хмара, плыў над полем,

Грывай чорнаю акрыліў сон.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 37
Крыніца: скан