epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Цыферблат зямлі

Уздоўж дарогі вецер гоніць

Азяблай восені кусты;

Яны бягуць...

Шумяць і звоняць

Іх сухаватыя лісты.

 

А я праз шолах невясёлы

Іду дарогай палявой...

Сумуе стог на лузе голым,

Абняты восеньскай смугой.

 

На стог прысеў каршун зіркаты,

Стажар трымае ў кіпцюрах.

І нават небу сумнавата

Без жаўрука, без песняра.

 

Туман палотнамі развешан

На вербах, на галлі сасны.

Маркота... Толькі тым уцешан,

Што песня новае вясны

Закутак гэты атакуе,

Абудзіць пад бяростай сок;

На такавішчы затакуе

Глушэц — шыкоўны жанішок.

 

І коцікі вярбы ў зацішку

Такімі стануць, як чмялі;

І зварухне сухую шышку

Травінка першая;

з раллі

 

Радочкі выскачаць авёсу,

Пакажа вусікі ячмень;

І хмару чорную за косы

Ухопяць вецер і сухмень.

 

І хлыне лівень белы, сіні,

Напоіць смагу цёплых ніў...

Глядзіш: над рэчкай дакасілі

А ты і час жніва прысніў.

Пакліча ён сталёвых коней

Жытнёвым шолахам густым...

 

Кусты асенні вецер гоніць,

Бягуць азяблыя кусты.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 12-13
Крыніца: скан