epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Дабрадзей

Пакахаў дзяўчыну ён,

Агарнуў павагай:

Страціў супакой і сон,

Страціў раўнавагу.

 

— Твой увесь я: забяры

З гэтай шапкай, світай!..

— Чаравікі падары,

Серабром прашыты.

 

Аж падскочыў: — Гэта ўраз!

Гэта мне пад сілу!

І дастаў у той жа час

Малаток і шыла,

Ніткі срэбныя дастаў,

Скуру і падкоўкі.

Так шаўцом хлапчына стаў,

Ды яшчэ як лоўка

Чаравікі вышыў ёй.

— Во! Бяры. Гатовы.

— Дзякуй,— кажа,— голуб мой.

А цяпер зімовы

Мне пашыеш палітон

З гарнастаяў белых.

— Гэта ўраз! — і выбег ён.

Праца закіпела.

Шкуркі белыя дастаў,

Ніткі і машыну.

Шые, строчыць...

Хутка стаў

І краўцом хлапчына.

Да дзяўчыны: — Во! Правер:

Шкурка ў шкурку ўліта.

— Дзякуй, мілы. А цяпер

Мне вазок зрабі ты.

А я ўсядуся ў яго:

Гайда ў шлях зімовы!

— Дам вазок! — хлапец бягом

За сяло ў дуброву.

 

З грабу высек палазы

Ды загнуў, як рожкі,

Ды распарыў ён вязы,

Выгабляваў дошкі;

 

Добра, моцна прыхвастаў

Да палоззяў шыны.

І вазок гатоў, і стаў

Сталяром хлапчына.

 

Ды — ў аглоблі. Прывалок:

— Во! Давай садзіцца.

— Дык жа снег растаў — пясок

На шляху пыліцца.

 

Вунь з пупышак беразняк

Расхінае крыльцы.

А табе скажу я так:

Сілу дай касілцы.

 

— Сілу дам! — і ў кузню ён:

Молатам грукоча.

І ляціць кавадла звон

Ад відна да ночы.

 

Дзьме мяхамі на агонь,

Чуцен шоргат пілкі.

Сіла дужых рук яго

Перайшла ў касілку.

 

Фарбы яркае дастаў —

Асвяжыў машыну:

Ёсць касілка! —

Добрым стаў

Кавалём хлапчына.

 

Да дзяўчыны:

— Атрымай!

А ў прыдачу забірай

Сэрца, калі ласка!..

— Ты мне тую рыбку дай,

—Пра якую казка.

 

Ён — у мора:

пад вадой

Ловіць рыбу тую

Ды к дзяўчыне дарагой:

— Во! Бяры жывую!

А дзяўчына:

— Мілы мой,

Дай мне залатую.—

 

І смяецца:

— Галубок,

Дай шапну на вушка:

Хай табе твой акунёк,

Трэба мне —

Жар-птушка.

 

Уздыхнуў ён — ды ў сасняк,

Ды ў глухмень дубровы,

Ды к дзяўчыне, небарак:

— Во! Дарунак новы!..

— Дык жа гэта сіваграк,—

Злосна хмурыць бровы.

 

Загадала: —Забяры

Гэтую варонку.

Салаўя мне падары,

Каб спяваў ён звонка.

 

— Салаўя табе?!

— Ну так,

Салаўя мне з гаю.

Спахмурнеў, стаіць дзівак,

Кажа: —Пашукаю.

 

Павалокся...

У гаі

Свежы дух вясновы.

Аж ракочуць салаўі —

Месяц ім мядовы.

 

Тут любога выбірай

Ды бяжы, шчаслівы...

То ж не гай,

А нейкі рай,

То ж не гай,

А дзіва!

 

Травы, краскі, кожны ліст

На бярозе, клёне —

Салаўіны ловяць свіст,

Скачуць у тым звоне.

 

Бацюхны! Вядзе, вядзе

Пад кроны густыя —

Зачарованы ідзе

Ён праз песні тыя,

Што зіхцяць у кроплях рос

На лістах дубоў, бяроз,—

Гай заплёў у песні лёс,

Шчасце і свабоду...

 

Салаўя ён не прынёс —

Хай пяе народу!


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 99-103
Крыніца: скан