epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Далёкае-блізкае

Яшчэ зязюля не кувала

Ў бары. Куваць ёй не пара.

А ўжо вясна-красна гукала

На поле плуг і плугара.

 

Выходзіць ён...

Яго загону

Па мерцы світка-шарачок.

Стаіць плугар. Няма разгону.

І плуг — не плуг: стары кручок.

 

І конь — не конь: на бубен скура,

Пад ёй рабрыны палічы;

Хоць ты спраўляй па ім хаўтуры.

Хоць на вяроўках валачы...

 

Бяда, бяда! Няма разгону,

Сышоўся клінам белы свет.

А трактар бег ужо з раёну

У наш Хатлянскі сельсавет.

 

Пачуўшы гул, пабеглі к тракту

Суседніх вёсак плугары.

Стаяць, глядзяць яны на трактар.

Над ім сцяжок — святло зары;

 

Святло сялянскай новай долі,

Жыцця калгаснага святло.

Яно плыло па нашым полі,

У нашы душы заплыло.

 

Сцяжок шуміць пад ветрам веснім,

Трапечацца, як жаўручок.

І жаўруковай шчырай песняй

Ў грудзях трапечацца сцяжок.

 

Па баразне шырокай свежай

Бягу за трактарам услед.

Загоны рэжа,

Кроіць межы

Плугамі трактар.

Ён — паўпрэд

Магутнай гвардыі рабочай,

Ён ад завода пасланец.

Працуе днём, працуе ўночы,

Штурмуе поле, як баец.

 

Ён і адзін у полі воін,

Ваюе з беднасцю людской.

Багацце нашае падвоім

Мы з дапамогай гарадской.

 

Прыслаў нам горад трактарыста,

Свайго тады ў нас не было...

А летам з нівы каласістай

Дабро ў засекі паплыло.

 

Дабра такога аж ад веку

Не сніў, не бачыў наш народ.

Мы вельмі ўдзячны чалавеку,

Якога нам прыслаў завод.

 

Ён адкаваў нам Серп і Молат,

Маторнай сілай дапамог

Скасіць,

Зваліць

Спрадвечны голад,

Скруціць бяду ў барані рог.

 

Цяпер машын у нас нямала,

Сядай за руль,

Вядзі, ары!

І хоць зязюля не кувала,

А ўжо маторы-песняры

У поле хлынулі па тракту,

Ён грае зорку, як гарніст...

З даўніны бачу першы трактар,

У сэрцы першы трактарыст.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 17-19
Крыніца: скан