epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Добры лось

Цяля адбілася ад статку,

Бяжыць наўпрост абы-куды.

Пытае лось: — Шукаеш матку?

— Ага!.. Тут лес. Адны хлуды.

 

А лось — адно, другое вуха

Падставіў ветру, доўга слухаў,

Цялушку рогам ён пачухаў,

Сказаў: — Хадзем! Я правяду,

Знайду ў дуброве чараду...

 

Ідзе! Вядзе! Прывёў цялушку

У вербалознік да кароў.

Пытае лось:— Чыя дачушка?

— А не мая! —

Бугай зароў.—

Было вяселле напрадвесні,

А не гуляў тады там я,

Яна — другога бугая...

А лось:— Маўчы! Рагамі трэсну!

Чыя дачка?

— Мая, мая! —

Схавала цёмная дуброва

Дачку. Не выбіцца з лясоў.

А лось сказаў: — Ах ты, карова!

Вучыся шчырасці ў ласёў!

 

Пайшоў назад сваёй сцяжынкай

У лес пад шолахі асін.

Пашана шчырасці ласінай,

Няхай гадуюцца ласі!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 23
Крыніца: скан