epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Дружба

Ключы залатыя дарыла

Высокае сонца вясне.

— Зямлю адмыкай,— гаварыла,—

—Ачысці плугі ў баразне.

 

— Ачышчу! —

вясна адказала.—

Як промні, заззяюць плугі!..

Сырую зямлю адмыкала,

Гукала траву на лугі,

А пчол на вясёлыя краскі,

На пошум калін — салаўя...

 

З вясною і сонейкам ясным

Знітованы дружбаю я.

 

І нельга разбіць перунамі

Сардэчнае дружбы маёй,

Бо гэтак, як дуб каранямі

Зрадніўся з любімай зямлёй,

Знітованы, родныя, з вамі

Маёю любоўю святой.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 44
Крыніца: скан