epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Гарманіст

Пад старою ліпаю

Ён прысеў на лавачку,

А гармонік рыпае,

Ён заве каханачку.

 

— Прыбягай хутчэй! —

Басы

Гучна ўтораць тэнарам.

Адгукнуліся лясы

Шэрымі цяцерамі:

 

— Ты чаму сагнуўся ў крук

Злядашчэлым конікам?

Цецярук ты, цецярук,

Ды яшчэ з гармонікам!

 

Адгукнуўся беразняк

Песняй салаўінаю:

— Не сядзі! Бяжы, дзівак,

Спаткацца з дзяўчынаю.

 

А ўжо выпіла расу

З ліпы сонца яркае.

— Пра-вароніш ты кра-су! —

Воран яму каркае.

 

Гарманіст пабег, прыбег,

Перад ёй укленчыў ён.

Як гавораць, смех і грэх:

Дзеўчына абвенчана!

 

Пад старою ліпаю

Зноў прысеў на лавачку.

Толькі ўжо не рыпае,

Не заве каханачку.

 

Не ляжыць к гармоніку

Сэрца набалелае...

Ах, даелі конікі

Канюшыну спелую!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - c. 31-32
Крыніца: скан